Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 2. Паўстанне 1863–1864 ГГ. У польшчы, Літве і Беларусі

 

 

Прычыны паўстання. Палітычныя плыні ў паўстанні 1863–1864 гг. У шматнацыянальных заходніх губернях Расійскай імперыі амаль што самым вострым было польскае пытанне. З часоў падзелу Рэчы Паспалітай польскі патрыятычны рух не даваў спакою расійскім уладам, якія то бізуном, то пернікам спрабавалі зняць напал супраціўлення. Польскі патрыятычны лагер падзяляўся на дэмакратаў, якія выступалі за паўстанне, і лібералаў – прыхільнікаў мірных сродкаў барацьбы. Тыя, хто быў за паўстанне, атрымалі назву “ чырвоныя ”. Фактычна яны ўяўлялі сабой шырокі і разнастайны дэмакратычны блок, у які ўваходзілі дробная і беззямельная шляхта, афіцэры, дробная гарадская буржуазія, інтэлігенцыя, студэнцтва. Сярод “чырвоных” не было адзінства наконт метадаў дасягнення сваіх мэтаў. Яны падзяляліся на правых – памяркоўных і левых – прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычных колаў. Праціўнікаў паўстання называлі “ белымі ”. Гэта былі пераважна памешчыкі, сярэдняя буржуазія, частка інтэлігенцыі (гл. табліцу).

 

Палітычныя плыні ў паўстанні 1863–1864 гг.

“Чырвоныя” – прыхільнікі паўстання – дробная і беззямельная шляхта, афіцэры, дробная гарадская буржуазія, інтэлігенцыя, студэнцтва “Белыя” – праціўнікі паўстання – памешчыкі, сярэдняя буржуазія, частка інтэлігенцыі
Левыя – рэвалюцыйныя дэмакраты – разлічвалі на сялянскую рэвалюцыю. Поспех паўстання, на іх думку, быў гарантаваны толькі ў саюзе і адзінстве дзеянняў з рускімі рэвалю-цыянерамі. Прызнавалі пра-ва на нацыянальнае сама-вызначэнне літоўцаў, укра-інцаў і беларусаў. Аграрнае пытанне планавалі выра-шыць шляхам ліквідацыі памешчыцкага землеўладання Правыя – памяркоўныя – рабілі стаўку на шляхту і асцерагаліся шырокага ся-лянскага руху. Прызнавалі роўнасць нацыянальных правоў беларусаў, літоўцаў, украінцаў з палякамі, але выступалі за адзіную неза-лежную Польшчу ў межах 1772 г. Прадугледжвалі надзяленне сялян зямлей за кошт яе частковай канфіс-кацыі ў памешчыкаў пры абавязковай грашовай кампенсацыі Не жадалі ніякіх сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, катэгарычна адмаўлялі права на нацыянальна-палітычнае самавызначэнне літоўцаў, ук-раінцаў і беларусаў. Дабіцца аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г. хацелі выкарыстоў-ваючы націск заходнееўрапей-скіх краін на расійскія ўлады
     

 

Падобныя палітычныя плыні сфарміраваліся і існавалі не толькі ў Польшчы, але і на тэрыторыі Беларусі і Літвы.

Восенню 1861 г. у Варшаве з разнастайных рэвалюцыйных груповак быў арганізаваны паўстанцкі Гарадскі камітэт, перайменаваны ў 1862 г. у Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). Камітэт здолеў наладзіць шырока разгалінаваную агульнапольскую арганізацыю. Рэвалюцыйныя сілы сталіцы ўзначаліў прадстаўнік левага крыла “чырвоных” Яраслаў Дамброўскі. З мэтай падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і ў Літве ўлетку 1862 г. у Вільні быў створаны Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), які падначальваўся ЦНК. У яго ўвайшлі спачатку “чырвоныя”, а потым і “белыя”.

К. Каліноўскі і яго дзейнасць. “Мужыцкая праўда”. Левых у Беларусі ўзначальваў Канстанцін Каліноўскі (1838–1864 гг.). Ён паходзіў з сям’і збяднелага шляхціца Гродзенскай губерні, скончыў Пецярбургскі універсітэт, актыўна ўдзельнічаў у тайным гуртку польскага рэвалюцыянера З. Серакоўскага. Вярнуўшыся ў 1861 г. на радзіму, К. Каліноўскі разам з В. Урублеўскім стварыў у Гродне нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю з разначыннай інтэлігенцыі, якая мела сувязі з арганізацыямі Вільні, Масквы, Пецярбурга. У 1862–1863 гг. ён разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім выдаваў падпольную рэвалюцыйную газету на беларускай мове “Мужыцкая праўда” (друкавалася лацінкай). Газета была прасякнута рэвалюцыйна-дэмакратычнымі ідэямі, яна выкрывала прыгонніцкі характар рэформы 1861 г., заклікала беларускі народ да ўзброенай барацьбы супраць самадзяржаўя і паноў, ідэалізавала мінулае беларускага народа, паказвала агульнае ў жыцці і марах беларускага і польскага сялянства, заклікала беларускіх сялян падтрымаць польскі нацыянальна-вызваленчы рух. “Мужыцкая праўда” брала пад абарону уніяцкую царкву і заклікала да барацьбы з праваслаўем.

Пачынаючы выданне “Мужыцкай праўды”, К.Каліноўскі і яго сябры, выхаваныя на ідэях Герцэна, Дабралюбава і Чарнышэўскага, мелі на мэце перш за ўсё прыцягненне да паўстання сялян, якіх яны лічылі галоўнай рэвалюцыйнай сілай. Для таго, каб сяляне лепш зразумелі іх, і была выкарыстана беларуская мова. Аднак нельга перабольшваць уплыў гэтай газеты. За год выйшла ўсяго 7 нумароў (апошні ўжо ў час паўстання), тыраж якіх быў недастатковы, каб ахапіць значную колькасць беларускага сялянства.

Пачатак паўстання. Падрыхтоўка да паўстання яшчэ не была завершана, калі ў канцы 1862 г. стала вядома аб намеры расійскага ўрада правесці ў Польшчы масавы рэкруцкі набор. Набору падлягалі якраз тыя групы насельніцтва, з якіх вербаваліся члены будучых паўстанцкіх атрадаў. Гэта паведамленне прымусіла ЦНК прызначыць паўстанне на студзень 1863 г.

22 студзеня 1863 г. ЦНК абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам і заклікаў паўстанцкія атрады да нападзення на рускія войскі ў правінцыяльных гарнізонах. У маніфесце і двух аграрных дэкрэтах Часовага нацыянальнага ўрада была выкладзена праграма паўстання: Польшча абвяшчалася незалежнай краінай з роўнымі правамі ўсіх яе грамадзян перад законам; дазвалялася уніяцкае веравызнанне; планавалася перадаць сялянам іх зямельныя надзелы ў поўнае ўладанне, а памешчыкам выплаціць кампенсацыю з дзяржаўнай казны; пасля перамогі было паабяцана надзяліць зямлёй беззямельных удзельнікаў паўстання. Спецыяльны зварот да насельніцтва Беларусі і Літвы заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы, але ў ім нічога не гаварылася аб нацыянальна-палітычным самавызначэнні гэтых тэрыторый.

ЛПК не быў папярэджаны аб пачатку паўстання, але вырашыў падтрымаць польскіх патрыётаў. Перайменаваны ў Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з К.Каліноўскім, ён 1 лютага 1863 г. звярнуўся да насельніцтва Беларусі і Літвы з маніфестам, у якім заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы. Каб не парушаць адзінства дзеянняў, ЛПК вымушаны быў адобрыць у сваім маніфесце і праграму паўстання, прынятую ў Варшаве.

Арганізацыя паўстанцкіх атрадаў і іх дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. У студзені – лютым 1863 г. у Беларусі з’явіліся першыя паўстанцкія атрады, якія прыйшлі з Польшчы. Мясцовыя атрады пачалі дзейнічаць у сакавіку – красавіку і былі падначалены Вільні. Яны складаліся з дробнай шляхты, афіцэраў, рамеснікаў, студэнтаў, гімназістаў старэйшых класаў, сялян. Адзінага плана баявых дзеянняў у паўстанцаў не было. Асобныя спробы ўзаемадзеяння паўстанцкіх атрадаў заканчваліся беспаспяхова. Многія з атрадаў былі разбіты ў самым пачатку фарміравання. Паўстанцам не ўдалося авалодаць якімі-небудзь, значнымі стратэгічнымі пунктамі. Толькі атрад Л. Звяждоўскага пры падтрымцы студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў красавіку 1863 г. на кароткі тэрмін здолеў захапіць павятовы г. Горкі (Магілёўская губ.). Найбольш актыўна паўстанцы дзейнічалі ў Гродзенскай губерні, дзе ваяводскім камісарам быў К.Каліноўскі.

Рэвалюцыянеры ўсіх краін сачылі за барацьбой палякаў з глыбокім спачуваннем. Рэвалюцыйныя дэмакраты ў Расіі, прадстаўнікі расійскай палітычнай эміграцыі лічылі справу Польшчы сваёй кроўнай справай. У абарону паўстанцаў выступіў “Колокол” А. Герцэна. М. Бакунін апублікаваў адозву “Да рускага, польскага і да ўсіх славянскіх народаў”, дзе заклікаў падтрымаць польскіх патрыётаў. У заходнееўрапейскай прэсе распаўсюджва-лася інфармацыя аб ходзе паўстання, сабіралася і накіроўвалася ў Польшчу зброя, з эмігрантаў вербаваліся добраахвотнікі. З дапамогай цэнтра “Маладая Еўропа” і асабіста Д. Гарыбальдзі рыхтаваліся палітычныя і ваенныя кіраўнікі паўстанцаў. Пры непасрэдным удзеле К. Маркса і Ф. Энгельса, якія лічылі польскае пытанне важнай састаўной часткай еўрапейскай рэвалюцыі, арганізоўваліся акцыі салідарнасці заходнееўрапейскіх рабочых з польскім народам.

Паўстанне 1863–1864 гг. адбывалася ва ўмовах правядзення аграрнай рэформы у Расіі. Самыя радыкальныя з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў – В. Урублеўскі, Ф. Ражанскі, М. Чарняк, З. Серакоўскі, А. Мацкявічус, А. Трусаў, Л. Звяждоўскі – спадзяваліся на незадаволенасць сялян умовамі рэформы і імкнуліся прыцягнуць да ўдзелу ў паўстанні як мага больш сялян. Левыя “чырвоныя” ў ЛПК, асабліва К.Каліноўскі, планавалі пашырыць паўстанне на прыбалтыйскія і рускія губерні. Але планы рэвалюцыянераў не ажыццявіліся. Сялян сярод паўстанцаў было няшмат, асабліва ва ўсходніх губернях Беларусі: у Віцебскай – 7%, Магілёўскай – 13%, Мінскай – 20%. Толькі ў Віленскай і Гродзенскай губернях сяляне складалі больш за чвэрць паўстанцаў – адпаведна 27% і 33%. Для сялян Беларусі былі незразумелыя лозунгі Варшаўскага ЦНК аб адраджэнні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Не магла іх задаволіць і вельмі абмежаваная аграрная праграма паўстанцаў.

Тактыка “белых”. Значнай перашкодай пашырэнню паўстання з’явілася далучэнне да паўстанцаў “белых”. Больш таго, паступова яны ўзялі кіраўніцтва паўстаннем у свае рукі. Спадзеючыся на англа-французскае выступленне супраць Расіі, “белыя” жадалі толькі пратрымацца некаторы час і ўсяляк перашкаджалі перарастанню баявых дзеянняў асобных паўстанцкіх атрадаў у народную сялянскую вайну. У сакавіку 1863 г. па загаду Часовага нацыянальнага ўрада ў Варшаве Віленскі часовы ўрад Літвы і Беларусі быў распушчаны і створаны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, у які ўвайшлі “белыя”. Аддзел узначаліў ковенскі памешчык Якуб Гейштар. К.Каліноўскі спрабаваў супраціўляцца, але, каб не ўносіць раскол у рады паўстанцаў, вымушаны быў падпарадкавацца.

Спадзяванні “белых” на падтрымку Англіі і Францыі не спраўдзіліся. Гэтыя дзяржавы не жадалі, ды і не мелі неабходных сіл, каб ваяваць з Расіяй з‑за Польшчы, а іх дыпламатычныя захады Пецярбург рашуча адхіліў. Ужо ў маі 1863 г. паўстанне ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях было падаўлена, а летам рускае камандаванне накіравала буйныя вайсковыя сілы ў Польшчу.

Меры ўрадавай адміністрацыі ў сувязі з паўстаннем. М. Мураўёў. Поспеху ў барацьбе з паўстаннем расійскія ўлады дасягнулі не толькі дзякуючы вайсковай сіле. У маі 1863 г. віленскім генерал-губернатарам быў назначаны М.М. Мураўёў. Гэта быў энергічны дзяржаўны дзеяч, які з веданнем справы рабіў тое, да чаго быў закліканы. У Вільню ён прыехаў з планам дзеянняў і з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Галоўную ўвагу ён звярнуў на цывільнае кіраванне, маючы на мэце знайсці ў краі тыя элементы, на якія рускія ўлады маглі б абаперціся. Перш за ўсё гэта было беларускае сялянства. М.М. Мураўёў дабіўся, каб у краі не толькі выконваліся нормы “Палажэнняў” 1861 г., але і значнага іх паслаблення: было ліквідавана часоваабавязанае становішча сялян і уведзены абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў, у поўным аб’ёме вярталася зямля, адабраная з 1857 г. (“адрэзкі”), на 20% зменшаны выкупныя плацяжы, беззямельныя сяляне надзяляліся трыма дзесяцінамі зямлі. Больш таго, сялянам перадавалася зямля ўдзельнікаў паўстання. М.М. Мураўёў абавязаў сельскія таварыствы наглядаць за мясцовай шляхтай, арганізаваў спецыяльныя сялянскія каравулы, якія павінны былі весці барацьбу з паўстанцамі; разгарнулася шырокая антыпаўстанцкая і антыпольская агітацыя. Усе гэтыя меры звужвалі раёны дзеянняў паўстанцаў і адхілялі ад іх сялян.

М.М. Мураўёў таксама зрабіў захады для замены польскіх чыноўнікаў рускімі (праваслаўнымі), зачыняў каталіцкія кляштары і касцёлы, спрабаваў узмацніць значэнне праваслаўнага духавенства і падняць яго матэрыяльны дабрабыт. У навучальных і грамадскіх установах была ўведзена руская мова як абавязковая, забаронена выкладанне польскай мовы ў сельскіх школах, зачыняліся польскія бібліятэкі.

Спад паўстанцкага руху. Падаўленне паўстання. Прадчуваючы хуткае паражэнне паўстання, “белыя” пачалі пакідаць свае пасады ў кіраўніцтве. Кіраваць паўстаннем зноў сталі “чырвоныя”. У чэрвені 1863 г. ў Вільню вярнуўся К. Каліноўскі, у ліпені ён стаў старшынёй Віленскага аддзела. Да канца лета ў руках К. Каліноўскага было сканцэнтравана ўсё кіраўніцтва паўстанцкімі атрадамі на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Аднак выратаваць паўстанне было ўжо немагчыма. Мясцовыя памешчыкі канчаткова адышлі ад паўстанцаў.

28 жніўня 1863 г. Польскі нацыянальны ўрад загадаў спыніць ваенныя дзеянні. У верасні 1863 г. узброеныя паўстанцкія атрады ў заходніх губернях Беларусі і ў Літве былі разбіты, а летам 1864 г. ліквідавана апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце. У Польшчы некаторыя паўстанцкія атрады дзейнічалі яшчэ да восені 1864 г., але таксама былі разбіты. К.Каліноўскі быў арыштаваны ў студзені 1864 г. і 22 сакавіка таго ж года павешаны ў Вільні. Увогуле за ўдзел у паўстанні 128 чалавек былі пакараны смерцю, 853 сасланы на катаргу, каля 12,5 тыс. выселены, у тым ліку 504 – у Сібір.

Характар і вынікі паўстання. Паўстанне 1863–1864 гг. па сваіх мэтах было польскай шляхецкай нацыянальнай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй, накіраванай супраць самадзяржаўя, саслоўнай і нацыянальнай няроўнасці. Пад націскам паўстання ўлады былі вымушаны пайсці на значнае паслабленне ўмоў сялянскай рэформы 1861 г. у беларускіх і літоўскіх губернях. Сяляне Беларусі апынуліся ў больш выгадным эканамічным і прававым становішчы, чым сяляне іншых губерняў Расіі. Паўстанне дало штуршок развіццю беларускага нацыянальнага руху.

Разам з тым паўстанне мела і адмоўныя вынікі. Перш за ўсё гэта тычыцца буржуазных рэформ 60–70-х гадоў, якія ў Беларусі ці не праводзіліся ўвогуле (як земская), ці ажыццяўляліся са значным спазненнем і істотнымі адступленнямі ад агульнарасійскіх прынцыпаў (як судовая і гарадская). Да канца 60-х гадоў у краі захоўвалася ваеннае становішча.

 

 

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Лекцыя 1. Адмена прыгоннага права | Лекцыя 3. Буржуазныя рэформы 60–70-х гг
Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-13; Просмотров: 1348; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.022 сек.