Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 7. Змены ва ўрадавай палітыцы ў апошняй чвэрці ХІХ ст




 

Умацаванне “традыцыяналісцкіх” пачаткаў ва ўрадавай палітыцы Беларусі. Пасля забойства нарадавольцамі Аляксандра ІІ на прастол уступіў яго другі сын Аляксандр ІІІ (1881–1894 гг.). Забойства бацькі пакінула глыбокі след у душы новага імператара і стала прычынай поўнага змянення курса ўрадавай палітыцы як у Расіі ў цэлым, так і ў Беларусі. Урад, сфарміраваны пры ўдзеле обер-пракурора св. Сінода К. Пабеданосцава, расцаніў дзеянні нарадавольцаў як праяўленне “заходніх тэндэнцый” і сканцэнтраваў сваю ўвагу на ўзмацненні “традыцыяналісцкіх” пачаткаў у палітыцы, эканоміцы і культуры. У 80-х – пачатку 90-х гг. з’явіўся шэраг заканадаўчых актаў, якія ацэньваюцца як “контррэформы”, так як яны мелі на мэце абмежаваць характар і дзеянне рэформ 60–70-х гадоў. Адначасова былі зроблены захады, накіраваныя на развіццё эканомікі дзяржавы, узмацненне фінансаў і правядзенне ваенных пераўтварэнняў, вырашэнне аграрна-сялянскага і нацыянальна-рэлігійнага пытанняў. У пэўным сэнсе гэта быў працяг палітыкі Мікалая І, якая абапіралася на ідэалогію афіцыйнай народнасці, асноўнымі прынцыпамі якой з’яўляліся: “самадзяржаўе, праваслаўе і народнасць”.

Насельніцтва Беларусі ўпершыню ў поўным складзе было прыведзена да прысягі імператару Аляксандру ІІІ. Асаблівую ўвагу пры гэтым мясцовыя ўлады звярталі на сялянства, сярод якога пашырыліся чуткі аб тым, што прысяга арганізоўваецца, каб вярнуць ранейшае прыгоннае становішча і 25‑гадовы тэрмін ваеннай службы. Каб папярэдзіць сялянскія хваляванні, Мінскі губернатар прапанаваў праводзіць прысягу для сялян разам з іншымі саслоўямі. У выпадку адмовы сялян-католікаў ад прысягання “в установленном порядке” рэкамендавалася “поступать … снисходительным и осторожным образом, наблюдая …, чтобы присяга была принесена по христианскому обряду, … не принуждая, … и вообще не влияя на них в духе, могущем раздражить их религиозные верования”.

Урадавая палітыка ў Беларусі, перш за ўсё, дыктавалася непажаданасцю “насильственной ломки исторически сложившегося строя жизни” мясцовага насельніцтва, “насильственного искоренения языков” і імкненнем да таго, каб “иноплеменники сделались современными сынами, а не оставались вечными приемышами страны”. Тым не менш, менавіта ў гэты час агульнаімперскае заканадаўства, адміністрацыйна-палітычнае кіраванне, сістэма адукацыі былі распаўсюджаны на усе “ускраіны” Расіі, без уліку іх нацыянальных асаблівасцей. У гэтым заключалася сутнасць палітыкі русіфікацыі, якая выражалася таксама у павышэнні статуса і аўтарытэту праваслаўнай царквы.

Асаблівасці эканамічнай і саслоўнай палітыкі ў Беларусі. Асновай усёй урадавай дзейнасці Аляксандра ІІІ з’яўлялася ярка выяўленая саслоўная палітыка. Усведамляючы, што ва ўмовах новага буржуазнага ладу, які знаходзіўся ў стадыі развіцця, вярнуць дваранству цалкам яго папярэдняе становішча немагчыма, урад распачаў шэраг мерапрыемстваў, мэтай якіх было падтрыманне яго эканамічнага і палітычнага статусу. Гэтай мэце служыла заснаванне ў 1885 г. Дваранскага пазямельнага банка. У Беларусі ён даваў права “рускім землеўладальнікам” (у тым ліку праваслаўным памешчыкам Беларусі) карыстацца крэдытам пад залог іх зямель на ільготных умовах. У інтарэсах дваран-землеўладальнікаў 12 чэрвеня 1886 г. было выдадзена “Палажэнне аб найме на сельскія працы ”. Яно пашырала права наймальніка-землеўладальніка, які мог патрабаваць звароту рабочых, якія пакінулі працу да сканчэння тэрміну, рабіць вылікі з іх заработнай платы не толькі за ўчынены гаспадару матэрыяльны ўрон, але і “за грубасць”, “непадпарадкаванне” і інш., падвяргаць арышту і цялеснаму пакаранню. У мэтах забеспячэння памешчыкаў працоўнай сілай закон 13 чэрвеня 1889 г. істотна абмежаваў перасяленне сялян. “ Самавольнага” перасяленца мясцовая адміністрацыя павінна была выслаць па этапу на ранейшае месца жыхарства. Акрамя гэтага, Аляксандр ІІІ працягваў палітыку імператара Аляксандра ІІ па ўкараненню рускага землеўладання.

Дзеля захавання буйнога латыфундыяльнага землеўладання ў Беларусі і папярэджвання канкурэнцыі з боку іншаземцаў з мая 1887 г. урад забараніў германскім падданым, якія скуплялі землі ў польскіх памешчыкаў у пагранічнай паласе, набываць нерухомасць і арэндаваць землі па-за гарадамі і мястэчкамі, за выключэннем Магілёўскай губерні. Меры, якія замацоўвалі статус дваранства, спрыялі зліццю прывілеяванага саслоўя Беларусі з прывілеяваным саслоўем Расійскай імперыі.

Для палітыкі ўрада ў адносінах да сялянства было характэрна спалучэнне кансерватыўных мер з дзеяннямі па ўмацаванню яго эканамічнага становішча. Гэтым мэтам служыла заканадаўства, якое было накіравана на захаванне разбураных пад націскам капіталізму патрыярхальных устояў у вёсцы, у першую чаргу, патрыярхальнай сялянскай сям’і і абшчыны. Гэтым жа мэтам служыла: зніжэнне выкупных плацяжоў, заснаванне у 1882 г. Сялянскага пазямельнага банка (у Мінску яго аддзяленні былі адчынены ў 1886 г.), які выдаваў пазыкі на пакупку зямлі, як асобным домаўладальнікам, так і сельскім таварыствам. Праз яго пасрэдніцтва прадаваліся і памешчыцкія землі, вялікія плошчы зямлі сталі паступова пераходзіць да сялян. Гэтымі мерамі заходні край цясней збліжаўся з іншымі губернямі Расіі.

Аднак, прававое становішча сялян зведала істотныя абмежаванні. 12 ліпеня 1889 г. было выдадзена “Палажэнне аб земскіх начальніках”. У Беларусі гэты закон быў уведзены ў чэрвені 1900 г. і толькі ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях. У кіраванні сялянскімі справамі на месцах з’явілася новая асоба – земскі начальнік, паўнамоцны распарадчык жыцця вёскі і нават ў пэўнай ступені і асобы селяніна. Дзейнасць сялянскага схода ставілася ў поўную залежнасць ад земскага начальніка. Валасны міравы суд, да таго часу незалежны ад адміністрацыі, скасоўваўся. Земскім начальнікам было дадзена права накладваць штрафы і падвяргаць арышту сваіх падапечных да трох дзён.

11 чэрвеня 1892 г. было зацверджана новае “Гарадское палажэнне ”, якое рэзка павышала маёмасны цэнз пры выбарах органаў гарадскога самакіравання і ўзмацняла кантроль над ім з боку ўрадавай адміністрацыі. Права ўдзелу ў выбарах гарадской думы пазбаўляліся не толькі немаёмныя слаі гарадскога насельніцтва, але і дробная буржуазія – дробныя гандляры, прыказчыкі і інш. Перавага аддавалася дваранам-домаўладальнікам, буйнай гандлёвай, прамысловай і фінансавай буржуазіі, вынікам чаго стала рэзкае скарачэнне колькасці выбаршчыкаў. Напрыклад, у Мінску ў 1893 г. яны склалі ўсяго 1% насельніцтва горада (памяншэнне ў 14 разоў у параўнанні з выбарамі паводле закону 1870 г.).

Развіццё прамысловасці, становішча якой значна умацавалася ў апошняй трэці ХІХ ст., паставіла на чаргу рабочае пытанне. В 1882 г. быў выдадзены закон, які забараняў начную працу на фабрыках дзецям да 12‑гадовага ўзросту.У тым жа годзе быў прыняты закон аб увядзенні фабрычнай інспекцыі для нагляду за выкананнем фабрычнага заканадаўства. За ім паследаваў закон 12 чэрвеня 1884 г. аб школьным навучанні малалетніх, працуючых на фабрыках. 3 чэрвеня 1885 г. быў выдадзены закон аб забароне начной працы падлеткам і жанчынам. Пачаткам яго рэалізацыі была распрацоўка рабочага заканадаўства, якое вызначала умовы працы рабочых і абмяжоўвала самавольства “наймальнікаў”, а таксама з’яўленне інстытута фабрычнай інспекцыі.

Змены ва ўрадавай палітыцы ў Беларусі па нацыянальнаму і рэлігійнаму пытаннях. Становішча ў Беларусі ўскладнялася рознымі абмежаваннямі ў дачыненні да польскага (каталіцкага) і яўрэйскага насельніцтва. У сувязі з паўстаннем 1863–1864 гг. палякам з 1865 г. забаранялася набываць маёнткі інакш як па спадчыне. Польскія памешчыкі былі пазбаўлены магчымасці карыстацца льготнымі пазыкамі Дваранскага банка. Беларускія сяляне-католікі маглі набываць не больш 60 дзесяцін зямлі на сям’ю. У 1882 г. яўрэям было забаронена сяліцца за межамі гарадоў і мястэчак, арэндаваць і купляць зямлю. У пачатку 90-х гадоў у беларускія губерні была выселена значная колькасць яўрэяў з гарадоў Цэнтральнай Расіі, у выніку чаго стварылася перанаселенасць беларускіх гарадоў. Яўрэяў не прымалі на работу ў дзяржаўныя ўстановы, паліцыю, на афіцэрскія пасады ў арміі, на чыгуначны транспарт. Існавала працэнтная норма прыёму яўрэяў у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Цэнзура і асвета. У 1882 г. быў устаноўлены строгі адміністрацыйны нагляд за газетамі і часопісамі. Іх рэдакцыі павінны былі па першым патрабаванні Міністэрства ўнутраных спраў называць імёны аўтараў, якія друкаваліся пад псеўданімамі. Узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыйных выданняў, многія з якіх былі зачынены зусім.

У 80-я гады ўрад прыняў шэраг пастаноў, якія ўводзілі шмат абмежаванняў у сістэму адукацыі. Так, Палажэнне аб царкоўнапрыходскіх школах, якое было выдадзена ў 1884 г., падкрэслівала рэлігійную аснову пачатковага навучэння (у царкоўнапрыходскіх школах вучыліся ў першую чаргу дзеці сялян). Узмацніўся кантроль за кантынгентам навучэнцаў сярэдняй школы. У 1887 г. міністр народнай адукацыі выдаў цыркуляр, які забараняў прымаць у гімназіі дзяцей ніжэйшых саслоўяў гарадскога насельніцтва. У гэты ж час рэальныя вучылішчы былі пераўтвораны ў тэхнічныя вучылішчы, заканчэнне якіх не давала права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Вышэйшая адукацыя таксама была пастаўлена пад больш жорсткі кантроль з боку ўрадавай адміністрацыі. Універсітэцкі статут 1884 г. фактычна ліквідаваў аўтаномію універсітэтаў у кіраванні. Каб паступіць ва універсітэт, трэба было прадставіць характарыстыку аб “добранадзейнасці”, а плата за год навучання павялічвалася з 10 да 50 рублёў. Каб атрымаць вышэйшую адукацыю, трэба было ехаць у Пецярбург, Маскву ці Кіеў.

Такім чынам, эпоха Аляксандра ІІІ у сацыяльна-эканамічным, палітычным і культурным развіцці Беларусі адзначаецца сваёй супярэчлівасцю. З аднаго боку, гэта час эканамічнай стабілізацыі грамадства, павелічэння насельніцтва Беларусі. З другога боку, поўнае непаразуменне асаблівасцей гістарычнага і нацыянальнага развіцця, якое праявілася ў палітыцы русіфікацыі, спрыяла зараджэнню і актыўнаму праяўленню нацыянальнага руху.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-13; Просмотров: 696; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.006 сек.