Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Вялікім княстве Літоўскім. 1 страница




ТЭМА 2. Развіццё культуры беларускага народа і яе вядучая роля ў

План.

1. Вядучая роля беларускай культуры ў Вялікім княстве Літоўскім.

2. Адраджэнне і Рэфармацыя на Беларусі, іх асаблівасці.

3. Прававая і палітычная культура беларускага народа. Фарміраванне “шляхецкай” дэмакратыі.

4. Пачатак беларускага кнігадрукавання. Грамадская думка, асвета, адукацыя.

Ž З часоў узнікнення Вялікага княства Літоўскага (першая палова ХІІІ ст.) уваходзячыя ў яго склад землі знаходзіліся на розных узроўнях эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця. ВКЛ было поліэтнічнай дзяржавай, у якой побач з продкамі сённяшніх беларусаў пражывала шмат іншых этнасаў – аўкштайты, валыняне, жамойты, латыголы, севяране, яцвягі, з канца ХІV стагоддзя – татары, яўрэі і інш.

На культуру нашых продкаў пэўны ўплыў аказвала культура гэтых этнасаў.

Значнае ўздзеянне аказвала культура балцкіх плямёнаў. Пацверджанні таму захаваліся ў беларускім фальклоры, у прозвішчах, імёнах, назвах мясцін, у рэчах хатняга і гаспадарчага ўжытку, якія знаходзілі пры археалагічных раскопках.

Яўрэйская культура таксама ўплывала на беларускую, асабліва ў гарадах, дзе з ХV стагоддзя тут пражывала ад двух да дзесяці працэнтаў яўрэяў. Яны займаліся гандлярствам, ліхвярствам, ювелірнай справай і інш.

Культура татарскага народа. Каля 40 тысяч татар з´явілася тут напрыканцы ХIV ст., а ў XVI ст. – іх ужо было звыш 200 тысяч. Яны былі добрымі воямі, каняводамі, рамеснікамі і сваім майстэрствам дзяліліся з беларусамі.

Культура народаў былога старажытнарускага дзяржаўнага аб´яднання з цэнтрам у Кіеве (продкаў сённяшніх украінцаў), далучаных да ВКЛ пасля перамогі над татарамі ў другой палове XIV ст.

Уплыў культуры палякаў і маскоўцаў у XIV- XV ст. ст. быў яшчэ нязначным, ніякага ўздзеяння на нашых продкаў не аказваў.

Трэба адзначыць, што хаця ўздзеянне вышэйпазначаных народаў на беларусаў і мела месца, але рашуча паўплываць на самабытную, нацыянальную культуру нашых продкаў было няздольным. Нашчадкі крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў не растварыліся сярод іншых этнасаў, а на працягу XIV – XV ст.ст. стварылі беларускую народнасць, якая захавала сваю багатую і разнастайную культуру. Яна заставалася непаўторнай, адметнай і займала вядучую ролю сярод культур іншых этнасаў на працягу некалькіх стагоддзяў існавання ВКЛ. Аб гэтым сведчаць наступныя факты.

1.Старабеларуская мова ў ВКЛ мела статусдзяржаўнай. Разам з умацаваннем і пашырэннем межаў ВКЛ ішло фарміраванне беларускай мовы з ярка выражанымі арфаграфічнымі і гукавымі асаблівасцямі, якіх не было ў мове суседніх народаў – палякаў і маскоўцаў (аканне, дзэканне, цэканне, цвёрдае “р”, кароткае “ў” фрыкатыўнае “г” і інш.) Яна была асноўнай літаратурна–пісьмовай мовай усёй дзяржавы, рабочай мовай Вялікага сойма. На ёй вялося справаводства, адукацыя, асвета і інш. На ёй напісаны важнейшыя юрыдычныя дакументы – Прывілеі, Судзебнік, Статуты ВКЛ. Па –за межамі краіны мову называлі літоўскай. (Дарэчы, ў жамойтаў, продкаў сённяшніх літоўцаў, аж да XVI ст. сваёй пісьмовай мовы яшчэ не было.). Пісьмо да рускага цара Аляксея Міхайлавіча ў сярэдзіне XVIІ ст. Багдан Хмяльніцкі пісаў беларускім пісьмом, бо сваёй, украінскай канцэлярскай мовы таксама не існавала. Гісторыя захавала яшчэ адзін факт, засведчаны рускім вучоным С.Салаўёвым у “Истории российской с древнейших времён”, дзе маскоўскія паслы выказвалі незадавальненне сваім калегам з Рэчы Паспалітай у 1646 годзе: “Издавна повелось, что грамоты королевские к великаму государю пишутся белорусским письмом, и теперь, мимо прежних обычаев, по – польски писать не годится...”

Як вядома, дзяржаўнасць беларускай мовы была скасавана Пастановай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 годзе.

2. Высокага ўзроўню развіцця ў ВКЛ дасягнула прававаяіпалітычная культура, дзяржаўнае будаўніцтва. На змену звычаёваму праву, якое рэгулявала ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці нашых продкаў, з ХІV ст. пачынаюць выдавацца законы ў форме Прывілеяў (грамат), дзе юрыдычна пацвярджаліся правы і льготы феадалаў, афармлялася прававое становішча шляхты і іншых слаёў грамадства. Першымі такімі агульнадзяржаўнымі (земскімі) дакументамі лічыліся тры Прывілеі, выдадзеныя ў 1387 годзе Вялікім князем Ягайлам пасля заключэння Крэўскай уніі з Польшчай. Хоць гэтыя прывілеі і былі найперш накіраваны на распаўсюджванне тут каталіцызму, на пашырэнне правоў каталіцкай шляхты, але таксама закраналі інтарэсы ўсяго народа, юрыдычна замацоўвалі дзяржаўную адасобленасць ВКЛ ад Польшчы.

Значнае месца сярод крыніц дзяржаўнага права мелі Прывілеі Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта, прынятыя ў 1432 і 1434 гадах. Дзеля захавання адзінства і згоды ў дзяржаве, цэласнасці яе зямель, прывілеі ўраўноўвалі ў правах праваслаўных феадалаў з каталіцкімі, забяспечвалі ім асабістую свабоду і недатыкальнасць. Такім чынам, гэтыя граматы стварылі прававыя ўмовы для згуртавання ўсяго вышэйшага саслоўя, незалежна ад веравызнання.

Важным крокам наперад у развіцці заканадаўства наогул, і дзяржаўнага права ў прыватнасці, быў так званы Земскі Прывілей Казіміра І Ягайлавіча, прыняты ў 1447 годзе. Па свайму зместу нагадваў Вялікую хартыю вольнасці Англіі. У ім больш грунтоўна выкладзены правы асобы і маёмасныя правы не толькі феадалаў, служылай шляхты, але таксама і простых людзей, асабліва гараджан (месцічаў або мяшчан), гарантавалася іх недатыкальнасць. Змешчаны некаторыя прынцыпы крымінальнага, цывільнага і дзяржаўнага права. Так, за праступства мужа ці бацькі не неслі адказнасць іншыя члены сям´і. Гарантавалася ўсім права свабоднага выезду з краіны і вяртання назад. Цікавасць выклікаюць артыкулы, у якіх ураду забаранялася раздаваць дзяржаўныя пасады і маёмасць іншаземцам. Такім шляхам Прывілей абараняў Беларусь і Літву ад палітычных і эканамічных памкненняў Польшчы пасля Крэўскай уніі ў1385 годзе.

За часы паўвяковага княжання Казіміра Ягайлавіча ў 1468 годзе быў зацверджаны другі дзяржаўны акт, вядомы пад назвай Судзебніка, альбо Статута. Ён складаўся з 25 артыкулаў і уключаў нормы дзяржаўнага, крымінальнага, грамадзянскага і прыродаахоўчага права. Гэта быў падручнік для дзяржаўных суддзяў па судовай практыцы. Ён увёў з´езды суддзяў, на якіх вырашаліся найбольш заблытаныя і незразумелыя судовыя пытанні. Судзебнік абавязваў усіх грамадзян клапаціцца аб захаванні лесу, падтрымліваць у належным парадку дарогі і масты. Судзебнік 1468 года паклаў пачатак новаму этапу развіцця права і заканадаўчай дзейнасці дзяржаўных органаў, які завяршыўся стварэннем трох Статутаў ВКЛ у ХVІ ст. Аб іх размова пойдзе ніжэй. У галіне прававой культуры наша дзяржава апярэдзіла сваіх суседзяў. Судзебнік маскоўскага князя Івана ІІІ, прыняты на 30 год пазней, па зместу і тэрміналогіі нагадваў беларускі: складальнікі маскоўскага зводу законаў карысталіся нашым і многа з яго запазычылі. Бо маскоўская дзяржава і яе заканадаўства амаль 300 год знаходзілася пад уплывам татара-мангольскага звычаёвага права.

Дух свабоды здаўна быў уласцівы беларусам. У складзе ВКЛ яны стварылі адно з самых дэмакратычных гаспадарстваў свету. Праявай гэтага было так званае Магдэбургскае права гарадоў. Яно ўпершыню было прадастаўлена нямецкаму гораду Магдэбургу ў канцы ХІІІ ст. і з´явілася юрыдычным замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Гэтае права з канца ХІV ст. атрымалі шэраг гарадоў Беларусі - Вільня (1387 г.), Бярэсце (1390 г.), Гародня (1391 г.). На працягу ХV - ХVІ ст. яно было нададзена ўсім буйным беларускім гарадам – Полацку, Навагрудку, Слуцку, Пінску, Мінску, Магілёву і інш. Яго распаўсюджванню спрыяла вылучэнне гараджан у асобнае мяшчанскае саслоўе і пашырэнне іх правоў.

А як вядома з гісторыі, яшчэ старажытную Беларусь іншаземцы называлі краінай гарадоў. Але найбольш інтэнсіўна горадабудаўніцтва пачало развівацца ў ХІV - ХV ст.ст. Крыніцы згадваюць, што ў ХVІ ст. на Беларусі ўжо налічвалася 350 гарадскіх пасяленняў з колькасцю жыхароў ад 1,5 да 3 тысяч. Былі і буйныя – ад 6 – 8 да 10 тысяч чалавек.

Па Магдэбургскаму праву жыхары горада выходзілі з-пад юрысдыкцыі феадалаў – землеўласнікаў, вызваляліся ад шэрагу феадальных павіннасцей, выбіралі гарадскія органы ўлады (раду, магістрат, суд). Адказнасць за ўсе праступствы ў горадзе і за яго межамі мяшчане неслі толькі перад судом свайго горада і вызваляліся з –пад улады і суда ваяводаў, паноў, старастаў і іншых службовых асоб агульнага кіравання ВКЛ. Ажыццяўленне і ахова іх правоў уваходзілі ў абавязкі гарадской рады. Граматы на самастойнасць змяшчалі агульныя для многіх беларускіх гарадоў нормы мясцовага права. Яны былі скіраваны на захаванне ільгот і правоў гараджан, на стварэнне ўмоў для росквіту і ўмацавання горада, яго эканомікі і культуры.

Цікавасць выклікае той факт, што граматы беларускім гарадам гавораць аб увядзенні нямецкага права, але не змяшчаюць ніводнай яго нормы, не называюць ніводнага нямецкага кодэкса, якім трэба карыстацца, а ўтрымліваюць нормы мясцовага звычаёвага права і новыя нормы, выпрацаваныя беларусамі ў працэсе вылучэння гараджан у асобнае саслоўе тагачаснага феадальнага грамадства. Усё гэта дае падставу называць гэтае права не нямецкім, а гарадскім (мяшчанскім) правам Беларусі. Сказанае вышэй станоўча адбівалася на характары гараджан, спрыяла выхаванню ў іх пэўнай незалежнасці і пачуцця асабістай чалавечай годнасці, павагі да сябе і іншых.

3. У часы ВКЛ інтэнсіўна развівалася і матэрыяльная культура беларускага народа, дэкаратыўна-прыкладноемастацтва.У ХІV - ХV ст.ст. працягвае існаваць і развівацца феадальны спосаб вытворчасці, паскоранымі тэмпамі ідзе працэс аддзялення рамяства і гандлю ад сельскай гаспадаркі. У гэты час узнікаюць і пашыраюцца новыя формы і спосабы арганізацыі земляробства, апрацоўкі глебы. Двухпольны севазварот змяняўся трохпольным, што спрыяла павышэнню ўрадлівасці і давала магчымасць буйным феадальным гаспадаркам вырошчваць збожжа на продаж. Дзякуючы развіццю рамёстваў, з´яўляліся новыя прылады працы, новыя тэхналогіі апрацоўкі зямлі, розных матэрыялаў.

На Беларусі здаўна амаль кожны сялянскі двор выступаў як самастойны вытворчы калектыў. Усе неабходныя рэчы, прылады працы і хатняга ўжытку рабіліся на месцы майстрамі–ўмельцамі. Беларусы займаліся кавальскай справай, ганчарствам, дрэваапрацоўчымі рамёствамі, ткацтвам, кравецтвам і інш. З ХІV ст. цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады і буйныя мястэчкі. Разам з вышэйазначанымі рамёствамі тут выкарыстоўвалася апрацоўка каменю для будаўніцтва дамоў і прылад працы, медніцтва, апрацоўка скур, выраб з іх абутку, адзення, рэчаў гаспадарчага і хатняга ўжытку, з ХVІ ст. распаўсюджваецца выраб шкла і паперы. Таксама далейшае развіццё атрымала дэкаратыўна – прыкладное мастацтва: ювелірная справа, разьба па косці, каменю і дрэву, закладваліся асновы нацыянальнага беларускага ткацтва. З ХІV ст. з´яўляецца мастацкая апрацоўка металу, чаканка, таракотавая і паліваная кераміка і кафля, паліхромная і рэльефная кафля з рознымі кампазіцыямі, аздабленне зброі каштоўнымі металамі. Ужо дзейнічаюць цэхі ювеліраў, разьбяроў па косці і каменю, гутнікаў (высокамастацкія вырабы са шкла – кубкі, бакалы, бутэлькі і інш).

Па падліках гісторыкаў, у гарадах Беларусі налічвалася ад 50 да 80 рамесніцкіх прафесій, а колькасць саміх рамеснікаў вагалася ад 20 да 50% ад усіх мяшчан. У крыніцах ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. упамінаецца ўжо каля 200 рамесніцкіх прафесій і спецыяльнасцей. Так, здабыча і апрацоўка розных металаў налічвала каля 40 прафесій, дрэваапрацоўка – 27, гарбарная і футравая вытворчасць – звыш 25. Не менш разнастайнай была вытворчасць валакністай сыравіны і адзення (26 прафесій), прадуктаў харчавання і напояў (21), апрацоўка мінеральнай сыравіны – 12 прафесій (гл. Гісторыя Беларусі, ч.І. Мн, 2000, стр.372). А іменна колькасць рамеснікаў, рамесніцкіх прафесій і спецыяльнасцей з´яўлялася важнейшым паказчыкам высокай ступені развіцця горада, яго матэрыяльнай культуры.

У гарадах і мястэчках Беларусі развіваліся таксама промыслы- цагельні, млыны, рудні, цукроўніцы, вінніцы, піваварні і інш. Рост рамёстваў і промыслаў садзейнічаў развіццю гандлёвай дзейнасці, крэдытнай справы і ліхвярства. Для некаторых гараджан, асабліва купцоў, ліхвярства станавілася прафесіяй. Атрымліваючы высокія працэнты з даўжнікоў, яны хутка багацелі.

4. Значныя дасягненні беларускага народа ў ХІV – ХVІ ст.ст. меліся ў галіне архітэктуры, выяўленчагамастацтва.Для гэтага часу характэрны культавыя пабудовы, абарончыя комплексы, крэпасныя збудаванні, пазней - палаца-замкавыя ансамблі. У развіцці беларускага дойлідства спалучаліся нацыянальныя і заходнееўрапейскія традыцыі. Творча перапрацаваўшы і пераасэнсаваўшы заходнія стылі (раманскі, гатычны і барочны), беларускія майстры стварылі самабытныя, арыгінальныя і непаўторныя помнікі драўлянай і мураванай архітэктуры. На змену магутным канструкцыям раманскага стылю з тоўстымі сценамі, рэдкімі праёмамі вузкіх вокнаў і магутнымі вежамі прыйшла готыка – з лёгкімі канструкцыямі, стрэльчатымі аркамі, высокім дахам, вялізнымі шматкаляровымі вокнамі-вітражамі. У гэтым стылі пабудаваны такія шэдэўры архітэктуры, як Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь на Брэстчыне, Усялюбскі – на Гродзеншчыне, Фарны – у Навагрудку, Петрапаўлаўскі касцёл у Іўі і іншыя.

Высокі мастацкі ўзровень быў дасягнуты ў стварэнні новага стылю – беларускай готыкі, узорамі якой сталі цэрквы абарончага характару ў Сынкавічах, Маламажэйкаве, Супраслі. Тут з вялікім мастацкім густам арганічана злучаны мясцовыя архітэктурныя формы з гатычнымі і раманскімі рысамі. Блізкія па агульнаму тыпу і ў той жа час вельмі індывідуальныя, яны сведчаць аб высокім майстэрстве беларускіх дойлідаў і ўяўляюць сабой значную з´яву ў еўрапейскай архітэктуры позняга сярэдневечча.

На працягу ХІV - ХV ст.ст. у сувязі з пастаяннай знешняй небяспекай, у свецкай архітэктуры Беларусі з´явіўся новы невядомы раней тып збудаванняў – манументальныя мураваныя замкі – крэпасці. Шэраг такіх замкаў узнік уздоўж паўночна – заходняй мяжы ВКЛ, каб ратавацца ад крыжацкай пагрозы. У гэты ж час перабудоўваюцца драўляныя замкі ў мураваныя (Навагародскі, Стары Замак у Гародні і інш.)

Адным з першых моцных абарончых збудаванняў стаў Лідскі замак, узведзены ў 20-я гады ХІV ст. У яго канструкцыі і кампазіцыі адчуваўся ўплыў раманскага стылю і готыкі. Другім, найбольш раннім помнікам крэпасной архітэктуры лічыцца Крэўскі замак, пабудаваны ў мястэчку Крэва на Гродзеншчыне ў 30-я гады ХІV ст. Замкі будаваліся з цэглы і каменю на прыродных ці штучных узгорках разнастайнай формы ў выглядзе квадрата, прамавугольніка ці трапецыі (як Лідскі і Крэўскі), з тоўстымі і высокімі сценамі, з байніцамі на выгібах, з дзвюма, чатырма альбо пяццю бакавымі вежамі. Яны выконвалі функцыю агульнагарадской крэпасці і княжацкага дому, былі непрыступнымі для непрыяцеля. У выпадку знешняй пагрозы тут хаваліся і абараняліся ад ворагаў не толькі княжацкія сем´і, але і мясцовае насельніцтва. Крэпасныя комплексы ў Лідзе і Крэве заклалі аснову развіцця замкавай і палаца – замкавай архітэктуры наступных стагоддзяў.

У ХV – ХVІ ст.ст. абарончыя прыстасаванні мелі не толькі палацы – замкі, дамы – крэпасці, але і дзяржаўныя збудаванні – гарадскія ратушы (Нясвіжская, Віцебская), магістраты. Элементы абарончага характару набывалі нават культавыя будынкі: манастыры, цэрквы, касцёлы, сінагогі. Так, на пачатку ХVІ ст. у Храм–Замак быў перабудаваны Полацкі Сафійскі сабор.

З другой паловы ХVІ ст. у беларускай архітэктуры адбываюцца значныя змяненні: хоць яшчэ па–ранейшаму будуюць храмы ў гатычным стылі, але ўжо паступова адбываецца яго спалучэнне з рэнесансавым, які азначае ўраўнаважанасць, гармонію канструкцыйнасці, функцыянальнасці і дэкору. Гэта фарны касцёл у Клецку, кальвінісцкі збор у Смаргоні, Спаса – Прэабражэнская царква ў Заслаўі.

У свецкім будаўніцтве замест ранейшых замкаў–крэпасцяў пачалі ўзводзіцца прыватнаўласніцкія палацы беларускіх магнатаў. Іх асаблівасцю з´яўляецца спалучэнне ў адным комплексе чыста абарончых умацаванняў (земляных валаў, ірвоў і каменных сцен з вежамі) з жылым палацам, які звычайна будаваўся ў рэнесансавым стылі. Тыповым прыкладам такой архітэктуры з’яўляецца замак магнатаў Ільінічаў, а пазней – Радзівілаў у Міры – жамчужына беларускага каменнага дойлідства ХVІ ст. Гэты комплекс меў 5 магутных вежаў з вялікай колькасцю байніц, за якімі знаходзіўся гарадскі вал. Кожная вежа пры блізкасці стылю і канструкцыі мае сваё асабістае аблічча. Іх прыгажосць і велічнасць як бы адводзяць магутнасць сцен на другі план, ствараючы разам з імі адзіны вобраз непаўторнага збудавання. Унутры замкавага двара прыбудаваны да паўночнай і ўсходняй сцен замка трохпавярховы палац.

Цікавасць у нашчадкаў выклікае Нясвіжскі палаца – паркавы комплекс, пабудаваны ў барочна – рэнесансавым стылі, гэты беларускі Сан – Сусі над Ушою. Спачатку гэта быў драўляны палац, а з 1583 г. італьянскі дойлід Джоні Марыя Бернардоні пачаў узводзіць каменны замак–крэпасць. Ён меў прамавугольную форму, быў акружаны азёрамі, каналамі, абарончымі валамі вышынёй да 20-25 метраў, але з цягам часу набыў рысы свецкага палаца – паркавага комплексу і стаў цэнтрам беларускай культуры на некалькі стагоддзяў. Уладальнікі комплекса Радзівілы любілі падражніць суседзяў, дэманструючы сваё багацце. Палац і яго ўбранне, і парк, і друкарня, і шаўковыя мануфактуры, і тэатры, і святы з тэатралізаванымі дзеяннямі, і калекцыі карцін, посуду, зброі – усё павінна было быць найлепшым. Сабраная многімі пакаленнямі Радзівілаў бібліятэка налічвала больш за 20 тысяч тамоў кніг, у тым ліку старадрукаў, захоўвала рэдкія рукапісы і гістарычныя акты, летапісы, граматы, лісты, у тым ліку Людовіка VІ, Карла ХІІ, Б.Хмяльніцкага, Пятра І. На жаль, войны, рэвалюцыі, пераходныя перыяды, адметныя частым заняпадам і застоем у культурнай сферы, нанеслі вялікі ўрон палаца – паркаваму комплексу Нясвіжа.

З канца ХVІ ст. пачынаецца працэс фарміравання і станаўлення новага мастацкага стылю – барока, які характарызуецца пышнасцю, дынамікай кампазіцыі, ускладнёнасцю архітэктурных формаў, светлаценевымі кантрастамі, багатай пластыкай і дэкорам. Гэты стыль, таксама, як і гатычны, быў перапрацаваны ў адпаведнасці з мясцовымі дойлідскімі традыцыямі, што прывяло да стварэння новай архітэктурнай сістэмы – беларускага барока, якое захоўвала і развівала традыцыі народнай культуры, удасканальвала нацыянальнае будаўнічае майстэрства. Найбольш характэрным для архітэктуры беларускага барока з´яўляецца храм з двухвежавым галоўным фасадам.

Першымі помнікамі беларускага барока з´яўляюцца езуіцкі і бернардзінскі касцёлы ў Нясвіжы (1584-1593 г.г.), Мікалаеўскі касцёл у Міры і інш. Гэты стыль з канца ХVІ ст. становіцца пануючым на Беларусі.

У цеснай сувязі з архітэктурай развівалася і выяўленчае мастацтва, прадстаўленае фрэскавым роспісам, іканапісам, дэкаратыўнай скульптурай храмаў і палацаў, а таксама партрэтам. З гісторыі вядома, што многія культавыя пабудовы і княжацкія палацы былі ўпрыгожаны манументальнымі роспісамі – гэта палацы ў Віцебску, Вільні, Гародні, Полацку, касцёл у Ішкалдзі, Маламажэйкаўская і Сынкавіцкая цэрквы, а таксама знакамітыя фрэскі ў храмах Беластока, Любліна, Супрасля і Сандаміра, выдатна выкананыя беларускімі майстрамі.

Жывапіс Беларусі ХІV - ХVІ ст.ст. – даволі арыгінальная з´ява ў еўрапейскім мастацтве. Асаблівае месца ў ім належыць іканапісу, у якім традыцыі візантыйскага і усходнеславянскага мастацтва арганічна злучаны са стылістычнымі асаблівасцямі заходнееўрапейскага рэнесансу і барока. Станаўленне беларускай іканапіснай школы належыць да ХV - ХVІ ст.ст. Менавіта ў гэты перыяд мясцовыя ізографы, засвоіўшы еўрапейскую тэхналогію пісьма і традыцый, набылі свой нацыянальны, адметны почарк напісання абразоў. Пад уплывам рэнесансавых ідэй у беларускім іканапісе назіраюцца пэўныя зрухі: на змену вытачаных і умоўных вобразаў, адарваных ад рэальнасці, прыходзіць канкрэтнасць, гармонія, дасканаласць прапорцый, пластычнасць. Біблейска - іканаграфічная аснова спалучаецца з рэальнасцю вобразаў, іх прастанароднасцю, этнаграфічнымі элементамі. Самымі раннімі сярод знойдзеных на Беларусі мясцовых тыпаў абразоў з´яўляюцца – Маці Боская “Замілаванне” з Маларыты (ХІV ст.), “Маці Боская Ерусалімская” з пінскай Варварынскай царквы (ХV ст.), а таксама з рысамі Адраджэння “Маці Боская Смаленская” з Дубінца (канец ХV ст.), “Нараджэнне Багародзіцы” з Ляхаўцаў, “Пакланенне вешчуноў” з Дрысвят, “Параскева Пятніца” са Случчыны і інш.

Пісаліся абразы на сасновых, ліпавых альбо дубовых высушаных дошках таўшчынёю ад 2 да 3 см, падклееных льняной ці пяньковай тканінай. Для беларускіх абразоў разглядаемага часу адметным з´яўляецца шырокае выкарыстанне дэкаратыўна – пластычных сродкаў – разьбы, лепкі, афарбоўкі фону, разнастайных накладных элементаў, пакрыцця жывапіснай паверхні ахоўным лакам з яечнага бялку альбо смалы.

У адрозненне ад станковага жывапісу іканаграфія арганічна ўваходзіла ў адзіны ідэйна –мастацкі комплекс з архітэктурай, дэкаратыўна – прыкладным мастацтвам і выконвалася звычайна для канкрэтнага месца – ансамбля іканастаса ў праваслаўных і каталіцкіх храмах.

У ХV ст. узнікае і свецкі жывапіс: модным становіцца маляванне партрэтаў князёў, магнатаў, шляхты, гістарычных дзеячаў – віцебскай княжны Пракседы, магната Хадкевіча, слуцкага князя Алелькавіча, вялікага князя ВКЛ Альгерда, княгіні Ганны Радзівіл. З канца ХVІ ст. акрамя партрэтнага, у жывапісе ўзнікаюць гістарычны, батальны і іншыя жанры.

У скульптуры разглядаемага часу, таксама як і ў архітэктуры, мела месца існаванне розных еўрапейскіх мастацкіх стыляў і сваіх нацыянальных адметнасцей. Самы ранні помнік, што захаваўся на нашай зямлі, гэта “Распяцце” (ХІV ст.), з рысамі раманскага стылю, знойдзенае ў вёсцы Галубічы Віцебскай вобласці. У храмах ХV - пачатку ХVІ ст.ст. з´яўляюцца алтары са складанымі скульптурна –жывапіснымі комплексамі, у якіх ужо адчуваецца ўплыў гатычнага стылю. Значную цікавасць сярод іх выклікаюць скульптуры Марыі Магдаліны і Яна Багаслова (ХV ст.) з Мсцібава (Ваўкавыскі раён). Традыцыі Адраджэння назіраюцца ў скульптурах “Кацярына Александрыйская”, “Лізавета Венгерская” (г.п. Шарашова Пружанскага раёна). Жыццёвая напоўненасць вобразаў, сцвярджэнне зямной прыгажосці маці і дзіцяці вызначаюць кампазіцыю “Марыя з дзіцем” (Нясвіж). Актыўнаму засваенню стылю Рэнесансу спрыялі італьянскія майстры, якія працавалі ў ВКЛ.

Такім чынам, архітэктура і выяўленчае мастацтва ХІV-ХVІ ст. ст. спалучалі ў сабе ўсе асноўныя стылі заходнееўрапейскай культуры, і ў той жа час захоўвалі беларускія нацыянальныя традыцыі, іх самабытнасць і адметнасць.

5. Найбольшага росквіту на беларускіх землях у часы ВКЛ дасягнулі літаратура, адукацыя, кнігадрукаванне.Як вядома з папярэдняй тэмы, літаратура Беларусі - адна з самых старажытных у Еўропе. Яе ўзнікненне і распаўсюджванне звязваецца з прыняццем хрысціянства напрыканцы Х ст. Аднак станаўленне ўласна беларускай літаратуры адбываецца ў ХІV- ХV ст. ст. Па-ранейшаму з´яўляюцца творы царкоўна-рэлігійнага зместу. Гэта “Сказанне аб літоўскіх (віленскіх) пакутніках” (ХІV ст.), так званыя “Хаджэнні” – Аграфенія (ХІV ст.), Варсанофія (ХV ст.) на Блізкі Ўсход, у Палесціну, хаджэнне ў Царград і Ерусалім Ігнація Смаляніна. Гэтыя творы з´яўляюцца арыгінальнымі помнікамі беларускай літаратуры ХІV ст., якія мелі вялікую папулярнасць не толькі ў беларускіх чытачоў, але і ўсяго ўсходнеславянскага свету. Ствараюцца таксама і арыгінальныя свецкія творы – гісторыка–літаратурныя летапісы. Адным з першых і найбольш выдатных твораў уласна беларускай літаратуры, сваеасаблівай энцыклапедыяй гісторыі ведаў эпохі сярэдневечча прынята лічыць рукапісную кнігу “Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх”, створаную ў 20-я гады ХV ст., а таксама беларуска-літоўскі летапіс 1446 года, “Хроніка Быхаўца” і інш. Напісаныя на старажытнабеларускай мове, яны сталі пачаткам нацыянальнай літаратуры, люстэркам грамадска- палітычнага жыцця таго часу, культурнага і гістарычнага патэнцыялу нашых продкаў, іх мастацкага густу. Беларускія летапісы не толькі адлюстроўваюць гістарычнае мінулае свайго народа, роднага краю, паказваюць дзейнасць і ўслаўляюць гістарычныя асобы і іх ратныя подзвігі (“Пахвала Вітаўту”, “Жыццё і смерць Кейстута”), але і ўтрымліваюць легенды і паданні, прыказкі і выслоўі, арыгінальныя свецкія і воінскія аповесці, апавяданні і навэлы. Аўтары летапісаў былі не толькі гісторыкамі, але і пісьменнікамі – мастакамі з добрым эстэтычным густам і творчай фантазіяй. Таму яны здабылі славу адукаваных літаратараў і таленавітых апавядальнікаў, якія адкрылі новую старонку ў гісторыі нацыянальнай прозы. Менавіта з ХV ст. пачалася актыўная распрацоўка мясцовымі сіламі гісторыі беларускага краю. Пра развіццё літаратуры, адукацыі і кнігадрукаванне ХVІ ст. размова пойдзе ніжэй.

6. Духоўная культура беларускага народа знайшла сваё адлюстраванне ў фальклоры, песенным, харэаграфічнымі музычным мастацтве. Значны ўклад ў сусветную скарбніцу народнай мудрасці ўнёс беларускі фальклор – багаты, разнастайны, шматгранны і самабытны, які ствараўся на працягу нашай тысячагадовой гісторыі, але найбольшага росквіту ён дасягнуў у разглядаемы перыяд.

Мудрасць народа, яго працавітасць, жыццёвы і гаспадарчы вопыт паказаны ў вуснай народнай прозе, якая прадстаўлена шматлікімі жанрамі - гэта казкі, міфы, легенды, паданні, сказы, апавяданні, бываліцы, прыказкі, прымаўкі, загадкі, анекдоты, жарты, гумарэскі і інш.

Вельмі багатая ў беларусаў і вусная народная паэзія, якая захавалася і дайшла да нашых дзён у асноўным у выглядзе народнай песні. Як пісаў выдатны збіральнік беларускай песні Рыгор Шырма, па народнай песні можна пазнаць цэлую нацыю, яе характар і душу. У гэтым сэнсе багацце беларускай народнай песні бязмернае: вяселле ці пахаванне, хрэсьбіны ці заручыны, кожнае свята ці абрад, кожная пара года – не абыходзяцца без сваіх адметных спеваў. Беларуская народная песня заўсёды ясная, пластычная, часцей засмучаная, чым рэзвая і гуллівая. З боку настрояў, мелодыі і рытмаў яна вельмі самабытная: у музычных адносінах адрозніваецца мяккасцю, цеплынёй, шчырасцю. Народныя песні падзяляюцца на абрадавыя і пазаабрадавыя – гістарычныя, антыпрыгонніцкія, сямейна-бытавыя і інш.

З народнай песняй цесна звязана народная музыка, якая ахоплівала ўсе бакі жыцця чалавека – абрадавыя дзействы, калядаванне і шчадраванне, хаджэнні валачобнікаў на Вялікдзень, купальскія карагоды – заўсёды суправаджалі музыкі. Яны выкарыстоўвалі розныя тыпы музычнах народных інструментаў – гуслі, цымбалы, ліру, дудку, мандаліну, трубу, гармонік і іншыя.

Народны танец, як і народная песня і музыка, адлюстроўваў жыццё, побыт і працоўную дзейнасць чалавека, увасабляў яго нацыянальны характар, але ўжо ў пластычнай, харэаграфічнай форме. Танцы ў беларусаў пераважна парнамасавыя – Лявоніха, Мікіта, Млынок, Жабка, Таўкачыкі і інш. Беларускі фальклор настолькі багаты, што спатрэбілася б не адна кніга, каб яго апісаць.

Абагульняючы вышэйсказанае, можна прыйсці да высновы, што беларуская культура ў ВКЛ сапраўды займала вядучую ролю.

 З канца ХУ – пачатку ХУ1 ст. у большасці еўрапейскіх краін пачалася новая эпоха ў развіцці грамадства, якую назвалі Адраджэннем, альбо Рэнесансам. Яе феномен заключаўся ў тым, што ў параўнанні з сярэдневеччам і антычным часам у палітыцы, эканоміцы, ідэалогіі, асабліва культуры ўсёй Еўропы, адбыліся надзвычай вялікія, часам рэвалюцыйныя, змяненні, выкліканыя зараджэннем новых буржуазных адносін, новага капіталістычнага ладу, які паступова ішоў на змену феадальнаму грамадству. А паколькі Вялікае княства Літоўскае было еўрапейскай дзяржавай, то ўсе гэтыя працэсы, вядома ж, мелі месца і ў яго межах. Адраджэнне стала вялікім прагрэсіўным пераваротам у гісторыі чалавецтва, маючым свае характэрныя рысы, свае асаблівасці.

1. Зварот да антычных традыцый, антычнай культуры, антычнай філасофіі, іх адраджэнне і далейшае развіццё. Па сутнасці, гэты працэс датычыўся толькі Італіі, дзе старажытная культура дасягнула высокага ўзроўню. Нездарма Адраджэнне і распачалося ў Паўночнай і Сярэдняй Італіі яшчэ ў Х1У ст. Праводзіліся археалагічныя раскопкі па пошуку і аднаўленню рымскіх і грэчаскіх статуй, ішла рэстаўрацыя антычнай архітэктуры, рабіліся пераклады твораў Платона. Арыстоцеля, Цыцэрона, стоікаў, эпікурэйцаў, пры тым мела месца свабоднае асэнсаванне тэкстаў.

Ва усіх іншых краінах Еўропы ішло зараджэнне, узнікненне новай, пераважна свецкай, культуры, новага светапогляду. Але Адраджэнне азначала не толькі паўтарэнне антычнасці. Гэта быў вялікі крок наперад ва ўсіх сферах жыццядзейнасці чалавека.

2. Гуманізм эпохі Адраджэння, яе антрапацэнтрызм (ад лац. humanus - чалавечнасць, ад грэц. anthropos – чалавек). Гэта сістэма светапогляду, кірунак грамадскай думкі, ідэалагічная аснова прагрэсіўнай культуры, вядучая ідэйная плынь, якая аформілася ў той час. Усё гэта азначала, што цэнтрам сусвету, новага светапогляду станавіўся не Бог, як у Сярэдневеччы, а чалавек – свабодная творчая істота з неабмежаванымі магчымасцямі, чалавек – асоба, прыгожая маральна і фізічна, поўная ўласнай годнасці, якая валодала рознабаковымі ведамі і асабістымі здольнасцямі.

Эпоха гуманізма стварыла новую сістэму каштоўнасцей, якая абараняла ідэалы дабра, справядлівасці, шчасця, радасці зямнога жыцця, зямной славы і дабрабыту чалавека, незалежна ад яго сацыяльнага паходжання і заслуг перад царквою.

3. Росквіт прыродазнаўчых і гуманітарных навук, навуковых адкрыццяў і тэхнічных дасягненняў. Яны ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё людзей, аказалі істотны ўплыў на іх светапогляд, змянілі іх лад жыцця. Так, выкарыстанне сілы ветра замест мускульнай энергіі чалавека, вынаходніцтва навігацыйных прыбораў прывялі да караблебудаўніцтва, засваення мораў і акеанаў, кругасветных падарожжаў, новых геаграфічных адкрыццяў, новых гандлёвых шляхоў, а ў далейшым – з’яўлення новага саслоўя – гандляроў.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 931; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.032 сек.