Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Навука як від пазнання і як феномен культуры




УВОДЗІНЫ

Ужо ў эпоху Антычнасці чалавецтва выпрацавала ідэал абгрунтаваных і сістэматычных ведаў, які мaе істотнае значэнне для разумення існасці навукі. Праўда, гэты ідэал характэрны і для філасофіі. Але праз рэфлексіўную натуру апошняй ў яе тэарэтычных пабудовах ахопліваецца і аб’ектыўнае, і суб’ектыўнае, быццё разглядаецца ў непарыўным адзінстве з мысленнем, рэчаіснасць – у сувязі з магчымасцю яе змянення, пераўтварэння, удасканалення. Таму для філасофскай думкі ўласцівая большая ступень свабоды і творчай актыўнасці ў дачыненні да досведу, чым для тэарэтычнага навуковага пошуку. Навука, аднак, праз сваю прадметную скіраванасць і праз трывалую сувязь з досведам, з назіраннямі і эксперыментамі мае ў сваім метадычным арсенале дзейсныя сродкі эмпірычнай праверкі, а значыцца і абгрунтавання, выпрацаваных у яе абсягу тэарэтычных палажэнняў. Так, ад навуковых тэорый патрабуецца здольнасць рабіць прадказанні адносна будучага досведу, якія могуць быць гэтым досведам абвергнутыя. У тым выпадку, аднак, калі такія прадказанні спраўджваюцца, статус і аўтарытэт адпаведных тэорый істотна павышаецца, што не аднойчы назіралася ў гісторыі навуковага пазнання[3].

Грунтоўны пазнавальны патэнцыял навукі выяўляецца ў яе здольнасці адкрываць і апісваць істотныя і неабходныя – заканамерныя – сувязі паміж рэальнымі з’явамі і працэсамі. Пазнанне законаў рэчаіснага свету, з аднаго боку, робіць магчымым рацыянальнае тлумачэнне тых падзей, што ў ім адбываюцца, а з іншага, – дазваляе маніпуляваць імі, ствараць умовы, пры якіх яны разгортваюцца пэўным – зручным і карысным для людзей – чынам. Рацыянальна-пазнавальны і прагматычны пачаткі з неабходнасцю выяўляюцца ў культуры, асабліва ў культуры сучаснага, дынамічнага, тэхнагеннага грамадства, і забяспечваецца іх выяўленне ў культурным жыцці у першую чаргу навукай.

Такім чынам, навука выступае як неабходны сегмент культурнай прасторы, выконвае істотную ролю ў ёй, пры гэтым яна інтэнсіўна ўзаемадзейнічае з іншымі культурнымі феноменамі. Згаданае ўзаемадзеянне мае няпросты, супярэчлівы характар, у пэўныя перыяды яго гістарычнага разгортвання назіраліся поўныя драматызму і нават трагізму калізіі – найперш ва ўзаемадачыненнях навукі і рэлігіі. Тым не менш цалкам правамерна сцвярджаць, што ўзаемны ўплыў навуковага пазнання і іншых духоўных формаў з’яўляецца плённым і дабратворным як для культуры ў цэлым, так і для паасобных яе структурных кампанентаў. Асабліва выразна гэта выяўляецца ў пераломныя перыяды культуратворчасці, перадрэвалюцыйныя часы і ў эпохі вялікіх духоўных рэвалюцый. (У дадзенай сувязі варта ўзгадаць інтэнсіўнае ўзаемадзеянне філасофіі і навукі ва ўмовах крызісных пазнавальных сітуацый, у найвышэйшай ступені спрыяльнае для іх абедзвюх.)

Значыцца, навуковы пошук адбываецца ў пэўным культурным і светапоглядным рэчышчы, сутнасць і характар якога не заўсёды ўсведамляецца самімі дзеячамі навукі. Гэта дазваляе весці гаворку пра культурна-гістарычны і псіхалагічны, асобасны аспекты навуковых ведаў, пра іх скрытае, прыхаванае ў глыбінях суб’ектыўнай духоўнасці вымярэнне. Але наяўнасць эфектыўных механізмаў праверкі і абгрунтавання вынікаў навуковага пазнання[4], а таксама яго здольнасць да выяўлення законаў рэчаіснага свету дае яму магчымасць прэтэндаваць на аб’ектыўнасць дасягнутых ім ведаў (як бы апошняя ні разумелася: як незалежнасць ад паасобных індывідаў, іх суб’ектыўных меркаванняў, фантазій, забабонаў і ад чалавецтва ў цэлым ці як інтэрсуб’ектыўнасць, усеагульная значнасць). Паўстае крыху пікантная сітуацыя: навука, на сцягу якой прынцып забароны супярэчнасці запісаны як асноватворны, спалучае ў сабе супрацьлеглыя па сваёй сутнасці моманты[5]. Але прысутнасць супрацьлеглых характарыстык у сістэме яе вызначэнняў ні ў якім разе не паралізуе навуковы пошук; зусім наадварот, дзякуючы ёй, дзякуючы таму, што суб’ектыўны і аб’ектыўны бакі згаданай супрацьлегласці ўзаемадзейнічаюць адзін з адным, дапаўняюць адзін аднаго, навука выступае як жывы, здольны да руху і развіцця феномен.

Высокі духоўны патэнцыял навуковага пазнання, яго жыццяздольнасць і дынамізм выяўляюцца, з аднаго боку, у паглыбленні навуковых ведаў, а з іншага,- ва ўзмацненні ролі, значэння і аўтарытэту навукі ў грамадстве. Пераход ад традыцыйнага да сучаснага тыпу цывілізацыйнага ўладкавання суправаджаецца яе інстытуцыяналізацыяй: утвараюцца даследчыя ўстановы, паміж якімі ўсталёўваюцца рэгулярныя кантакты; узнікае навуковая супольнасць, унутры якой пачынаюць дзейнічаць спецыфічныя рэгулятывы; паўстае сістэма знешніх стасункаў навукова-даследчых устаноў з іншымі сацыяльнымі арганізацыямі і г. д. Няўхільна ўзрастае ўвага грамадства да навукі, узмацняецца яе духоўная і матэрыяльная падтрымка. У ХХ ст. распачынаецца сталае дзяржаўнае фінансаванне навуковых даследаванняў, і адпаведныя артыкулы набываюць усё большую ўдзельную вагу ў дзяржаўных бюджэтах. Паколькі згаданыя даследаванні патрабуюць у сучасных умовах значных выдаткаў, у пэўных выпадках непасільных для паасобных дзяржаў, павялічваецца колькасць міжнародных, міждзяржаных праектаў (увядзенне ў дзеянне Вялікага адроннага калайдэра – надзвычай яскравы прыклад такой інтэрнацыянальнай кааперацыі ў сферы навуковага пазнання).

Неабходна адзначыць разам з тым, што выкліканая ў грамадстве ўзнікненнем навукі сучаснага тыпу духоўная рэакцыя мае дастаткова неадназначны характар. Надзвычай яскрава гэта выяўяецца ў філасофіі. З аднаго боку, у яе абсягу з’явіліся ўплывовыя кірункі (пазітывізм, структуралізм), прадстаўнікі якіх арыентуюцца на навуку, разглядаюць яе як адзіную форму пазнавальнай дзейнасці, што можа прынесці сапраўдныя веды, бачаць у ёй найбольш дзейсны сродак для рашэння ўсіх грамадскіх праблем. З іншага боку, узнікаюць і такія духоўныя плыні, для якіх характэрна крытычнае і больш за тое – варожае стаўленне да навуковага пазнання (экзістэнцыялізм; яно назіраецца нават у абсягу постпазітывіскай філасофіі – у творчасці П.Феерабенда). І хоць у культуры тэхнагеннага грамадства дамінуе станоўчае яго бачанне, тым не менш уплыў антысцыентысцкіх (варожых да навукі) канцэпцый выяўляе тэндэнцыю да ўзмацнення. Справа ў тым, што антысцыентызм мае ў рамках гэтай культуры пэўныя падставы і пэўнае прызначэнне, сутнасць якога ў тым, каб паказаць, што навуковае пазнанне не з’яўляецца найвышэйшым тыпам пазнавальнай дзейнасці і што грамадскія супярэчнасці не могуць не закрануць яго праз ягоную сацыякультурную натуру. І сапраўды, выкарыстанне навуковых ведаў у грамадстве мае неадназначны характар, цягне за сабой і станоўчыя, і адмоўныя наступствы, прычым маштаб і тых, і другіх з разгортваннем навуковых даследаванняў павялічваецца.

Аднак паколькі супярэчлівая форма, у якой ужываюцца дасягненні сучаснай навукі, абумоўленая супярэчлівасцю мадэрнавай дынамічнай цывілізацыі, дык наўрад ці правамерна ўскладаць на навуку як такую адказнасць за нарастанне крызісных з’яў у функцыянаванні гэтай цывілізацыі (магчымасць самазнішчэння чалавецтва праз ужыванне атамнай зброі, пагроза экалагічнай катастрофы і г. д.). Праблема гуманізацыі грамадскага выкарыстання навуковых ведаў зводзіцца, такім чынам, да праблемы гуманізацыі ўсёй сістэмы грамадскіх дачыненняў.

Разам з тым неабходна адзначыць у найвышэйшай ступені няпросты характар духоўнай сітуацыі, у якой знаходзіцца сучасная навука. Пра гэта найяскравейшым чынам сведчыць наяўнасць у яе абсягу не толькі грунтоўных маральных калізій, але і праблем палітычна-прававога кшталту, так што яе рэгуляванне не можа заставацца справай суб’ектыўнага самавольства. Дадзенае палажэнне мае моц у першую чаргу ў дачыненні да біялагічных навук. Справа ў тым, што сучасныя біялагічныя даследаванні асабліва блізка падышлі да той мяжы, дзе прынцып свабоды мыслення, прынцып свабоды навуковай творчасці, які мае статус грунтоўнага ў сучаснай культуры, сутыкаецца з не менш грунтоўнымі маральнымі нормамі, выпакутаванымі чалавецтвам у працэсе яго шматвекавога самаразвіцця.

Несумненна, што для вырашэння адпаведных праблем неабходна задзейнічаць духоўны патэнцыял усяго чалавецтва, неабходная шырокая грамадская дыскусія, у якой павінен узяць удзел кожны неабыякавы чалавек і голас кожнага ўдзельніка павінен быць пачуты. Аднак на абыякавасць у дадзеным выпадку не мае права ніхто. Каб узяць чынны ўдзел у згаданай дыскусіі, каб мець магчымасць паўплываць на прыняцце палітычных рашэнняў і стварэнне прававога поля ў дадзенай сферы, неабходна валодаць грунтоўнымі ведамі ў галіне гуманітарыстыкі і глыбокімі прыродазнаўчымі, у прыватнасці біялагічнымі, ведамі (надзвычай важны аргумент на карысць сур’ёзнага вывучэння асноў сучаснага прыродазнаўства!).




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 401; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.012 сек.