Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Метатэрэтычны ўзровень навуковага пазнання




Метатэарэтычны ўзровень навуковага пазнання – гэта ўзровень светапоглядных і метадалагічных яго асноў. На ім адбываецца інтэнсіўнае ўзаемадзеянне навукі з іншымі духоўнымі формамі і найперш з філасофіяй. Дадзенае ўзаемадзеянне з’яўляецца надзвычай шматпланавым і рознабаковым. У кантэксце ўзаемадачыненняў філасофіі і навукі надзвычай важным падаецца той момант, што істотны іх сегмент мае дысцыплінарна арганізаваны характар. Адпаведная дысцыпліна – філасофія навукі – засяроджваецца на пытаннях пра існасць, асаблівасці і мэты навуковага пазнання. Да найважнейшых яе задач якраз і належыць высвятленне метадалагічных асноў навукі. Даследаванні, што вяліся і вядуцца на дадзеным кірунку, як гэта і мае быць у выпадку філасофскіх пошукаў, спарадзілі цэлы шэраг (мета)тэарэтычных праектаў, якія прэтэндавалі і прэтэндуюць таксама і на нарматыўны статус. Такога кшталту праекты даў кожны гістарычны перыяд у развіцці стасункаў паміж філасофіяй і навукай, і кожны перыяд меў сярод іх сваіх фаварытаў і лідараў.

Яскравы прыклад (на сённяшні дзень, аднак, ужо хутчэй гістарычнага парадку) скіраваных да навукі паспяховых і ўплывовых філасофскіх канцэпцый уяўляе сабой крытычны апрыярызм І.Канта. Кант прызнаваў наяўнасць у свядомасці суб’екта першасных, дадзеных да ўсякага досведу формаў сузірання, катэгорый, прынцыпаў, якія выступаюць як падстава для тэарэтычнага сінтэзу разнастайнага матэрыялу, атрыманага на пачуццёвым узроўні. У гэтай пазіцыі выявіўся кантаўскі падыход да згаданай вышэй праблемы індукцыі. Філосаф ні на ёту не сумняваўся ў праўдзівасці н’ютанаўскіх законаў, гэта значыць ён лічыў навуку здольнай узняцца да ўсеагульных і неабходных па сваёй існасці ведаў. Разам з тым ён усведамляў, што такія веды не могуць быць набытыя індуктыўным шляхам: досвед мае адкрыты характар, яго сведчанняў недастаткова для ўсеагульных і неабходных высноў. Таму Кант і шукаў падставы для такіх высноў у самім суб’екце, засяроджваючыся пры гэтым на глыбокіх, сутнасных яго характарыстыках, уласцівых яму як разумнай істоце, г. зн. інтэрсуб’ектыўных па сваім статусе і значэнні. Увогуле, такая пазіцыя падаецца цалкам натуральнай для філосафа, у творчасці якога, як правіла, бачыцца крытычная ратыфікацыя “сістэматычнай формы, успрынятай матэматычнай фізікай на працягу васемнаццатага стагоддзя” [75, c. 110].

Аб’ектывізм і арыентацыя на досвед характарызуюць таксама пазітывісцкі метадалагічны праект. У ім адсутнічае, аднак, у адрозненне ад кантаўскай пазіцыі апрыярыстычны кампанент. Тэрмін “пазітывізм” узыходзіць да слова “пазітыўны”, узятага як абазначэнне фактычнага, наяўнага, дадзенага (а не ў апазіцыі да “негатыўнага”) [40, c.267]. Прадстаўнікі пазітывісцкай традыцыі падкрэсліваюць глыбокую ўзаемасувязь тэорыі і досведу. Тэарэтычныя палажэнні разглядаюцца імі як бяссэнсавыя, калі яны не дапускаюць эмпірычную праверку, здольную пацвердзіць іх – верыфікацыю (ад лац. veritas – праўда). У дадзенай сувязі, аднак, зноў заяўляе пра сябе праблема індукцыі: верыфікацыя мае індуктыўны характар і таму не можа быць поўнай. Як растлумачыць у такім выпадку той факт, што ў навуцы фармулююцца палажэнні, у якіх фіксуюцца законы прыроды?

З памкнення вырашыць супярэчнасць паміж прэтэнзіямі і магчымасцямі пагрунтаванай на прынцыпе верыфікацыі індуктывісцкай праграмы, прапанаванай ў рамках пазітывізму, паўстаў фальсіфікацыянісцкі праект (ад лац. falsus – памылковы). Ён быў распрацаваны К.Поперам, які зыходзіў з фундаментальнай асіметрыі паміж станоўчымі і адмоўнымі вынікамі эмпірычнай праверкі пэўных тэарэтычных утварэнняў: станоўчыя вынікі, колькі б іх ні было, не азначаюць поўнага і канчатковага пацвярджэння тэорыі, у той час як дастаткова толькі аднаго адмоўнага, каб яе абвергнуць. Здольнасці тэарэтычнага ўтварэння быць абвергнутым назіраннямі і эксперыментамі ўвогуле надаецца тут крытэрыяльны статус: менавіта гэтай здольнасцю навуковыя веды адрозніваюцца ад ненавуковых. Таму найлепшы лёс, на які можа разлічваць навуковая тэарэтычная пабудова, – гэта статус неабвержанай на дадзены момант гіпотэзы (пра што гаворка ўжо ішла крыху вышэй).

Фальсіфікацыянізм арыентуе навукоўцаў на строга крытычнае стаўленне да ўсіх без выняткаў навуковых канструкцый (таму тэарэтычны кірунак, ля вытокаў якога стаіць К.Попер і атрымаў назву “крытычны рацыяналізм”). І калі тэорыя не вытрымлівае працэдуру строгай крытычнай праверкі, якая мае, зрэшты, дэдуктыўны характар, ад яе неабходна адмовіцца. Такая мадэль паводзінаў павінна быць у найвышэйшай ступені прыцягальнай для навукоўцаў: яна звязаная з новымі пошукамі, а значыцца і адкрыццямі. Сапраўды, няўдача дзейнай тэорыі з усёй відавочнасцю паказвае, што свет уладкаваны больш складана і цікава, чым мы меркавалі дагэтуль.

У навукоўцаў ёсць, аднак, іншае выйсце: паспрабаваць выратаваць яе пры дапамозе дадатковых тэарэтычных дапушчэнняў, якія ўводзяцца спецыяльна дзеля таго, каб пераадолець супярэчнасці, з якімі яна сутыкнулася (яны атрымалі назву ad hoc[6] гіпотэз). Крытыкі Попера даводзяць, што ў рэальнай даследчай практыцы найперш абіраецца менавіта гэты другі шлях. Яго праект выглядае ў іх вачах наіўна-рамантычным, прасякнутым духам нарматыўнасці і надта далёкім ад рэальнасці. У якасці яе рэалістычнай, памяркоўнай альтэрнатывы, таксама фальсіфікацыянісцкай па сваёй сутнасці, была прапанавана метадалогія даследчых праграм (І.Лакатас (1922-1974)). Ніхто не адмаўляецца (і не павінен адмаўляцца) ад тэорыі (дакладней ад сукупнасці тэарэтычных пабудоў, эксперыментальных тэхнік і г. д., аб’яднаных у даследчыя праграмы) пры з’яўленні першай яе супярэчнасці з вынікамі эксперыментаў і назіранняў. Толькі ў тым выпадку, калі супярэчнасці памнажаюцца і пагражаюць самому ядру даследчай праграмы, калі яна абрастае тлустым шыхтом ad hoс гіпотэз і, значыцца, дэгенеруе, яна павінна разглядацца як сфальсіфікаваная. У такіх умовах перамагае якаясьці яе канкурэнтка, бо супярэчнасці і цяжкасці, прысутныя ў наяўным складзе ведаў, выклікаюць да жыцця розныя, альтэрнатыўныя навукова-даследчыя праграмы, навуковыя тэорыі, стратэгіі творчага пошуку, якія спаборнічаюць паміж сабой.

Неабходна адзначыць, што сярод філасофска-метадалагічных канцэпцый сустракаюцца і праекты, якія ў філасофскай і навуказнаўчай літаратуры спалучаюцца з эпітэтам “радыкальныя” [40, c.238]. Да іх належыць, напрыклад, аперацыяналізм. Згодна з патрабаваннямі дадзенай канцэпцыі навуковыя паняцці павінны фармулявацца выключна ў кантэксце аперацый і працэдур, што здзяйсняюцца з імі (у паняцці даўжыні, напрыклад, фіксуецца клас усіх эквівалентных яе вымярэнняў [40, c.237]). У іншым выпадку яны (і утвораныя на іх аснове выказванні) абвяшчаюцца пазбаўленымі сэнсу. Такога кшталту радыкальныя метадалагічныя канцэпцыі выяўляюцца, аднак, як аднабаковыя і занадта рэстрыктыўныя для таго, каб перамагчы ў барацьбе ідэй і знайсці поўнае ўвасабленне ў практыцы навуковых даследаванняў. Дадзеная практыка – багатая, супярэчлівая і жывая – перапрацоўвае, трансфармуе і ўлучае ў свой жывы кантэкст пурыстычныя праекты, скіраваныя на яе дыстыляцыю. Так, тэарэтычная фізіка дапускае і павінна дапускаць разам з вызначанымі аперацыянальна такія паняцці, для якіх непасрэдныя аперацыянальныя дэфініцыі немагчымыя [40, c.238; 46, т.6, c.1217]. Разам з тым – згодна з гістарычнымі фактамі – “яна, як і іншыя прыродазнаўчыя навукі, настолькі далёка ішла насустрач аперацыяналісцкім патрабаванням, што прынцыповая аперацыяналізацыя прыродазнаўчых тэорый была заўжды забяспечаная” [40, c.238].

Сярод сучасных метадалагічных праектаў варта адзначыць таксама канструктывізм, прадстаўнікі якога імкнуцца да праўдзівага, пэўнага і трывалага абгрунтавання навуковых ведаў. Такое абгрунтаванне лічыцца імі як удалае ў тым выпадку, калі яе зыходныя тэзы будуць прынятыя кожным кампетэнтным удзельнікам прысвечанага ёй непрадузятага дыскурсу. Далейшая яе распрацоўка павінна ажыццяўляцца на грунце згаданых тэзаў пры дапамозе сродкаў, узятых з данавуковай практыкі і ёю абгрунтаваных. Данавуковыя моўныя і практычныя працэдуры атрымліваюць у канструктывізме, такім чынам, статус базісу, на якім мусіць быць ўсталявана навуковае пазнанне.

Сам факт пошукаў трывалага падмурку для навуковых ведаў пасярод хутчэй скептычнага стаўлення да падобнага кшталту намаганняў, якое дамінуе ў сучаснай заходняй філасофіі, выглядае досыць прывабна. Перспектыўнай падаецца і істотным чынам практычная арыентацыя згаданых пошукаў, хоць пры гэтым наўрад ці правамерна ігнараваць уплыў навукі на паўсядзённы практычны досвед, зварот да якога, значыцца, не можа быць гарантам выключэння “заганнага кола” пры адпаведным абгрунтаванні тэарэтычных навуковых пабудоў. Акрамя таго, крытыкі канструктывізму ўказваюць на яго напружаныя стасункі з пэўнымі навуковымі тэорыямі. Так, яго прадстаўнікі сутыкнуліся з сур’ёзнымі цяжкасцямі пры спробах абгрунтавання рэлятывісцкай фізікі, якая звяртаецца да далёкай ад паўсядзённых уяўленняў неэўклідавай геаметрыі. Таму вынікі іх пошукаў нельга ахарактарызаваць як надта пераканаўчыя.

На думку В.С.Сцёпіна, навуказнаўчыя працы якога з’яўляюцца надзвычай уплывовымі на постсавецкай філасофскай прасторы, акрамя філасофскіх асноў навуковага пазнання (ядро якіх якраз і ўтвараюць філасофска-метадалагічныя канцэпцыі) да яго метатэарэтычнага ўзроўню належаць таксама іэалы і нормы навуковых доследаў і навуковая карціна свету (рэальнасці). Ідэалы і нормы даследавання ён падзяляе на тры групы: ідэлы і нормы абгрунтавання і апісання; ідэалы даказанасці і абгрунтаванасці ведаў; ідэалы іх будовы (арганізацыі) [85, c.705]. Іх неабходна разглядаць як адносна самастойныя формы нарматыўна-метадалагічнага забеспячэння навуковага пазнання. Узятыя ў абумоўленым іх шчыльнымі ўзаемасувязямі адзінстве, яны задаюць абагульненую схему пазнавальнай дзейнасці, “якая робіць магчымым даследаванне аб’ектаў пэўнай сістэмнай арганізацыі” [85, c.706].

В.С.Сцёпін падкрэслівае таксама шматузроўневы характар ідэалаў і нормаў навуковых доследаў з пункту гледжання “структуры іх зместу”. Пры гэтым ён вылучае, па-першае, агульнанавуковы ўзровень, узровень, які адрознівае навуку ад іншых формаў пазнавальнай дзейнасці, па-другое, – узровень, на якім агульнанавуковыя нормы і прынцыпы канкрэтызуюцца, фігуруючы як “ідэалы і нарматывы, што характарызуюць навуку пэўнай гістарычнай эпохі”, і, па-трэцяе, – ідэалы і нормы пэўнай галіны навуковага пазнання, якія выступаюць як канкрэтызацыя папярэдняга структурнага ўзроўню [85, c.707].

Навуковая карціна свету выступае як сістэма грунтоўных уяўленняў пра рэчаіснасць (пра элементарныя аб’екты, пра тыпы аб’ектаў і іх узаемадзеянняў, пра прастору і час), выпрацаваных у працэсе гістарычнага развіцця навуковага пазнання. Яна з’яўляецца сінтэзам дасягненняў розных навук і фігуруе ў гэтым плане як агульнанавуковая. Сістэма грунтоўных уяўленняў пра прыроду ўтварае прыродазнаўчую карціну свету, якая ўяўляе сабой адносна самастойную духоўную форму, адрозную ад той, што сінтэзуе веды, набытыя ў галіне грамадазнаўства. І, нарэшце, пэўныя асаблівасці светабачання, уласцівыя кожнай канкрэтнай навуковай дысцыпліне, дазваляюць весці гаворку пра тое, што і на іх узроўні сінтэзуюцца адмысловыя – лакальныя, ці спецыяльныя, – карціны свету [85, c.703-704].

Неабходна адзначыць, што эмпірычныя, тэарэтычныя і метатэарэтычныя кампаненты навуковага пазнання знаходзяцца ў шчыльным узаемадзеянні паміж сабой. Згаданае ўзаемадзеянне мае няпросты, супярэчлівы характар, і на пэўных – крызісных – этапах развіцця навукі назіраюцца вострыя калізіі, што патрабуюць радыкальных трансфармацый сістэмы навуковых ведаў. Для апісання ўзаемадачыненняў паміж узроўнямі навуковага пазнання можна выкарыстаць (дастаткова гіпатэтычную) схему, што грунтуецца на аналогіі з тэарэтычнай канструкцыяй, на аснове якой здзяйсняўся марксісцкі аналіз гістарычнага развіцця грамадства. Эмпірычнае пазнанне выступае як найбольш дынамічны кампанент навукі. Тэарэтычныя пабудовы ствараюць рамкі для яго разгортвання і накіроўваюць яго ў пэўнае рэчышча. Аднак аднойчы надыходзіць момант, калі згаданыя рамкі ператвараюцца ў перашкоду для далейшага развіцця эмпірычных даследаванняў і назіраецца, такім чынам, крызісная пазнавальная сітуацыя. У яе варунках асаблівае значэнне набываюць феномены метатэарэтычнага ўзроўню (своеасаблівая “надбудова” ў сістэме навукі).




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 481; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.012 сек.