Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Гістарычнае станаўленне біялогіі сучаснага тыпу




Такім чынам, хімія сучаснага тыпу паўстала не на пустым месцы, яе перадумовы выспявалі ў працэсе разгортвання як алхімічных, так і рамесніцкіх практык. Істотнае значэнне ў дадзенай сувязі мела таксама антычная натурфіласофская традыцыя, якой сучасная хімія шмат чым абавязаная ў плане самога стылю свайго мыслення і маўлення. Першая грунтоўная спроба рацыяналізацыі алхіміі была зробленая ў рамках арабскай навукі. Увага засяроджвалася ў ёй найперш на доследах і іх выніках, на іх дакладным апісанні, на іх рацыянальнай інтэрпрэтацыі, на пошуку шляхоў іх практычнага выкарыстання. У заходняй культуры аналагічныя тэндэнцыі назіраюцца ў эпоху Рэнесансу. Іх выяўленню істотным чынам паспрыялі развіццё хімічнай вытворчасці і вынаходства кнігадрукавання, якое ўмацоўвала небяспечную для традыцыйнай алхіміі атмасферу публічнасці ў навуковым пазнанні. Грунтоўнае месца ў канцэптуальным падмурку хіміі XVII cт. заняла канцэпцыя флагістону, у якой для тлумачэння рэакцый гарэння ўводзілася спецыяльная матэрыяльная субстанцыя. Гэта дазволіла стварыць адзіную і звязную тлумачальную і аперацыянальную схему вывучэння разнастайных прыродных з’яў. Далейшыя эмпірычныя і тэарэтычныя пошукі, аднак, прывялі да ўсталявання новага падыходу, у рамках якога шматлікія хімічныя рэакцыі тлумачыліся на аснове двух эмпірычна дэтэктаваных матэрыяльных пачаткаў (кіслароду і вадароду) без звароту да няўлоўнага “прынцыпу агню” (флагістону). Яскравай адзнакай глыбіні рэвалюцыйных пераўтварэнняў хімічных ведаў на мяжы XVIIІ і ХІХ стст. з’яўляецца стварэнне новай яе мовы, у якой хімічныя рэчывы атрымалі назвы, што адлюстроўвалі іх унутраную структуру.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Якія ідэі антычнай натурфіласофіі з’яўляюцца асабліва блізкімі хімічнай навуцы?

2. Як тлумачыцца, на Вашу думку, факт шырокай распаўсюджанасці алхімічнай традыцыі, факт яе прысутнасці ў розных культурах?

3. Паспрабуйце сістэматызаваць аргументы, што сведчаць пра момант пераемнасці ў гістарычным развіцці хіміі.

4. Якое значэнне для ацэнкі алхіміі і яе ролі ва ўзнікненні навукі сучаснага тыпу мае, на Ваш погляд, тая акалічнасць, што І.Н’ютан быў зацятым, перакананым алхімікам?

5. Паспрабуйце даказаць, што падзеі, якія адбыліся ў галіне хімічнага пазнання напрыканцы XVII ст., з’яўляюцца навуковай рэвалюцыяй.

Першапачатковыя веды пра жывёлаў і пра расліны былі назапашаны ўжо ў першабытным грамадстве. Яны мелі істотнае значэнне для выжывання чалавека ва ўмовах, калі ён мусіў карыстацца прымітыўнымі прыладамі працы, якая доўгі час заставалася неэфектыўнай і ледзь задавальняла мінімум яго патрэбаў. Магутны штуршок паглыбленню і пашырэнню згаданых ведаў дала неалітычная рэвалюцыя, узнікненне жывёлагадоўлі і земляробства. Неабходна адзначыць таксама грунтоўную ролю медыцыны (патрэбаў медычнай практыкі, першых спроб яе тэарэтычнай апрацоўкі) ва ўзнікненні і разгортванні біялагічнага пазнання. Гэта датычыць і першабытнай эпохі, і старажытнаўсходніх цывілізацый (ды і далейшага развіцця біялогіі ўвогуле).

Канцэптуальныя асновы для разгортвання біялагічнага пазнання ў эпоху Антычнасці ствараліся ў абсягу філасофскага мыслення. Як указвалася вышэй, філасофія і біялогія ўвогуле шчыльна звязаныя паміж сабой. Да канкрэтных праяў гэтай узаемасувязі належыць той момант, што ў праблемным полі першых натурфіласофскіх праектаў істотным чынам прадстаўленыя і пытанні, што датычаць жыцця і жывога. Больш за тое, дадзеныя пытанні і развагі, што выклікаліся імі, мелі грунтоўнае значэнне для распрацоўкі філасофскіх ідэй. Пра гэта яскрава сведчыць, напрыклад, філасофская спадчына Фалеса. Так, яго выснова, згодна з якой першаасновай усяго існага з’яўляецца вада, магла, на думку Арыстоцеля, паўстаць найперш з меркаванняў біялагічнага характару. Як даводзіць Стагірыт, Фалес бачыў, “што ежа ўсіх істотаў вільготная” і “што насенне ўсяго па прыродзе вільготнае, а аснова прыроды вільготнага – вада” [2, c.71]. Атрыманыя ад Арыстоцеля звесткі пра погляды пачынальніка антычнай філасофіі даюць таксама падставы весці гаворку пра гілазаістычны іх характар: уся рэчіснасць адухатвораная і прасякнутая жыццём. Фалес мог грунтавацца пры гэтым на ўяўленні пра жывую, напоўненую сілай змянення і руху натуру вады як першаэлемента ўсяго існага, у тым ліку і жывых істотаў.

Праблема ўзнікнення жыцця і жывога займае важнае месца ў творчасці Анаксімандра. Трэба адзначыць, што ў гэтым пытанні ён салідарызаваўся са сваім старэйшым сябрам (як салідарызуецца з ім і шмат хто з сучасных тэарэтыкаў), бо лічыў, што жыццё паўстала ў вільготным асяроддзі пад уздзеяннем сонечнага цяпла. Першыя жывыя істоты зарадзіліся ў вадзе. Людзі таксама ўзніклі ў вадзе. Паколькі чалавек увогуле адносна доўга пасля нараджэння мае патрэбу ў клопаце і наглядзе, дык Анаксімандр меркаваў, што першыя людзі выношваліся рыбамі ці падобнымі да рыб істотамі да таго часу, пакуль яны не былі ў стане самастойна падрымліваць сваё існаванне на сушы. Тут праглядваюцца ўжо пэўныя элементы эвалюцыйнага вучэння (паслядоўнае ўзнікненне ўсё больш складаных істотаў, што адбываецца пад уздзеяннем натуральных прычын) і запачаткоўваецца, такім чынам, надзвычай важная і плённая традыцыя, што знайшла свой працяг у сучаснай біялогіі.

Антычныя атамісты растлумачвалі феномен жыцця ў рамках чыста фізічнага падыходу (сёння мы завём яго фізікалісцкім). Душа, на думку Дэмакрыта, (як і агонь) складаецца са спецыфічных – сферычных і надзвычай хуткіх – атамаў. Яе функцыя – даваць целу цяпло і надаваць яму здольнасць рухацца. Смерць наступае тады, калі яна адасабляецца ад цела, і дадзенае адасабленне доўжыцца пэўны час, гэта не імгненны акт. Працэс дэзінтэграцыі не спыняецца на ім, распадаецца само цела і распадаецца таксама душа, атамы якой рассейваюцца ў пустаце. [78, c.117]. Дадзеная канцэпцыя мае відавочна матэрыялістычны характар. Яна выступае як гістарычная папярэдніца шырока прадстаўленых у будучым развіцці біялогіі і яе філасофскіх падстаў вучэнняў, прадстаўнікі якіх імкнуліся растлумачыць феномен жывога на аснове ўзаемадзеянняў фізічнага і хімічнага парадку паміж матэрыяльнамі кампанентамі жывых сістэм. Нельга не адзначыць, аднак, што, падкрэсліваючы спецыфіку атамнай структуры душы, Дэмакрыт падкрэслівае разам з тым у пэўнай ступені і спецыфіку жывога. Таму цалкам правамерна весці гаворку пра наяўнасць антырэдукцыянісцкага моманту ў ягонай пазіцыі. Дадзеная тэза мае, зрэшты, моц і ў дачыненні да інтэлектуальных нашчадкаў Дэмакрыта – эпікурэйцаў, “радыкальны матэрыялізм якіх не азначаў, што забывалася рознасць паміж фізічнай (corpus) і духоўнай (anima i animus Лукрэцыя) матэрыяй” [34, т.3, c.290].

Канцэптуальныя падваліны супрацьлеглай тэарэтычнай традыцыі, у абсягу якой падкрэслівалася, што грунтоўная адметнасць жывога звязаная з дамінаваннем у ім нематэрыяльных, духоўных па сваёй сутнасці сіл, праглядаюцца ў выніках творчых пошукаў Платона і Арыстоцеля. Значэнне даследаванняў апошняга, аднак, мае ў кантэксце гістарычнага развіцця біялогіі ўніверсальны характар і выходзіць далёка за межы пэўных кірункаў і падыходаў. Як даводзіць К.Кёхі, ён выступае як пачынальнік біялагічнай навукі, пачынальнік у падвойным сэнсе: яе падмурак быў закладзены ім, па-першае, праз ягоную онталагічна-тэарэтычную канцэпцыю, а па-другое, – праз эмпірычную практыку ў розных галінах заалогіі [56, c.29]. Як указвалася вышэй (2.2), біялагічныя даследаванні Арыстоцеля самым істотным чынам паўплывалі на яго філасофскія пошукі (ягоны падыход да праблемы развіцця, напрыклад, арыентуецца на сутнасныя характарыстыкі біялагічных працэсаў). У выніку філосаф не толькі па-новаму абгрунтаваў цэнтральныя онталагічныя катэгорыі, але і прапанаваў гістарычна першае тэарэтычнае абгрунтаванне біялогіі [56, c.31].

Існасць жывога, на думку Арыстоцеля, звязана з прысутнасцю ў ім душы. Менавіта дзякуючы гэтай прысутнасці яно “актуалізуецца”, гэта значыць пераходзіць з магчымасці ў сапраўднае быццё. Узровень складанасці душы, якая можа спалучаць у сабе тры розныя іпастасі (вегетатыўную, адчувальную і разумную [2, с.397]) і розную іх колькасць (усе тры ўласцівыя чалавеку), вызначае, як лічыў філосаф, месца жывога ўтварэння, якое валодае ёю, у іерархічным уладкаванні прыроды. На аснове гэтага меркавання ён зрабіў спробу апісання дадзенага ўладкавання. І хоць атрыманая ім схема мела статычны, далёкі ад эвалюцыйнага прынцыпу характар, хоць адпаведная класіфікацыя грунтавалася на крытэрыях, не надта прымальных для будучых пакаленняў біёлагаў, тым не менш гісторыкі навукі ацэньваюць яе як значнае дасягненне, бо ў ёй запачаткоўваецца новы, плённы і важны напрамак тэарэтычных даследаванняў у сферы біялогіі [78, c.149].

Самым істотным чынам паўплываў на далейшае вывучэнне жыцця і жывога і задзейнічаны ў арыстоцелеўскіх біялагічных штудыях тэлеалагічны прынцып. У сувязі з гэтым узнікла, аднак, падстава для вострых атак супраць арыстоцелеўскага падыходу, які з’яўляецца рэалістычным, онталагічным (у адрозненне ад эўрыстычнага падыходу, прапанаванага ў Новы час, пра што даводзілася вышэй (2.3)). Таму досыць распаўсюджанымі зрабіліся сцверджанні, нібыта распрацаваная Арыстоцелем карціна свету мае татальна тэлеалагічны характар і біялагічныя працэсы ў яе рамках растлумачваюцца на аснове фінальных прычын (прычын, якія вызначаюцца як мэты), што дазваляе весці гаворку пра віталістычны[53] (ад лац. vita - жыццё) характар поглядаў філосафа. Пры ўважлівым разглядзе арыстоцелеўскіх поглядаў, аднак, выяўляецца поўная неправамернасць згаданых папрокаў, бо выкарыстанне Стагірытам тэрміна τέλος (мэта) у яго біялагічных даследаваннях звязана з субтыльнымі нюансамі, з тонкімі катэгарыяльнымі адрозненнямі. У поўным сэнсе мэтазгоднай, на яго думку, з’яўляецца толькі арганізацыя паасобных жывых істотаў. У выпадку ўзаемадачыненняў паміж імі ці прыроды ў цэлым паняцце мэтазгоднасці павінна ўжывацца з істотнымі абмежаваннямі [56, c.32-33]. Але як бы мы ні трактавалі арыстоцелеўскую тэлеалогію, відавочна, што ў ёй запачаткоўваецца надзвычай важны кірунак біялагічнага і біяфіласофскага аналізу, які і ў сучасных умовах выклікае дыскусіі спецыялістаў [56, c.32].

Што да эмпірычных практык Арыстоцеля пры вывучэнні жывога, дык неабходна адзначыць іх грунтоўны, карпатлівы і таму выніковы характар. Увогуле, ён вельмі асцярожна ставіўся да расповедаў падарожнікаў (напрыклад, пра дзівосных істотаў) і давяраў толькі назіранням і эксперыментам. Некаторыя з дасягнутых ім эмпірычных вынікаў значна апярэдзілі свой час і знайшлі пацвярджэнне і прызнанне толькі ў ХІХ ці нават ХХ стагоддзі [78, c.147-148].

Калі Арыстоцель дасягнуў істотных даследчых поспехаў у галіне заалогіі, дык працы яго вучня Тэафраста (каля 371-287 да н. э.) доўгі час (у эпоху позняй Антычнасці і Сярэднявечча) былі вызначальнымі для развіцця батанікі. Гісторыкі навукі адзначаюць таксама чынны ўдзел гэтага філосафа і навукоўца ў стварэнні біялагічнай тэрміналогіі [78, c.152-153].

Што да анатоміі і фізіялогіі, дык да пачатку Новага часу ў іх дамінавалі погляды познеантычнага медыка, біёлага і філосафа Галена (129-210). Гален, аднак, у сваю чаргу, зведаў магутны ўплыў біялогіі Арыстоцеля. Неабходна адзначыць, што ён прыняў тэлеалогію як адзіны падыход, што гарантуе плённае тэарэтычнае і практычнае засваенне рэчаіснасці. Але яго сімпатыі належалі хутчэй платонаўскай версіі гэтага падыходу: Гален аддаваў перавагу тэалагічнай, знешняй мэтазгоднасці прыродных феноменаў (што можа разглядацца як фактар выспявання сярэднявечнай інтэлектуальнай традыцыі) і таму ўнутраная мэтазгоднасць прыроды, падкрэсленая Арыстоцелем, не задавальняла яго. Антытэлеалагічную пазіцыю атамістаў ён тым больш не мог прыняць – акрамя ўсяго іншага і на той падставе, што дадзеная пазіцыя, як ён лічыў, робіць навуку безабароннай перад знішчальнымі атакамі скептыцызму.

Калі ў згаданым выпадку Гален настойваў на слушнасці тэлеалагічнага пункту гледжання і крытыкаваў супрацьлеглы спосаб светабачання, дык у іншым, запачаткаваным у абсягу александрыйскай медыцыны, інтэлектуальным супрацьстаянні – у дыскусіях паміж так званымі “дагматыкамі” і “эмпірыкамі” – яго пазіцыя вызначалася памкненнем сінтэзаваць крайнія падыходы. Дагматыкі даводзілі пра прыярытэтнае становішча анатамічнай і фізіялагічнай тэорыі ў дачыненні да медычнай практыкі, эмпірыкі ўказвалі на прымат практыкі, досведу, уважлівага вывучэння сімптомаў хвароб, а Гален, разумеючы грунтоўнае значэнне і таго, і другога, цалкам слушна падкрэсліваў іх узаемасувязь. Усведамленне глыбокай узаемасувязі розуму і досведу акрэслілася ў яго даследчай і практычнай дзейнасці як яе метадалагічны падмурак: з аднаго боку, ён актыўна практыкуе дысекцыі і вівісекцыі, назіранні і эксперыменты (застаючыся пры гэтым надзвычай паспяховым доктарам), а з іншага, – актыўна ўжывае дасягненні логікі пры сістэматызацыі вынікаў сваіх практычна-эмпірычных пазнавальных намаганняў.

Паколькі рымскія законы (прыкладна ад 150 года н. э.) забаранялі праводзіць дысекцыю людзей, Гален праводзіў яе (як і вівісекцыю) на малпах і свіннях, сістэма ворганаў якіх вельмі блізкая да людской. Тым не менш, стварыць надзейны эмпірычны грунт для тэарэтычных абагульненняў у такіх умовах было немагчыма. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што навуковая супольнасць з цягам часу адмовілася ад большасці канцэптульных палажэнняў Галена. Перыяд іх дамінавання, аднак, вымяраецца стагоддзямі: у галіне анатоміі і фізіялогіі яны былі пераадолены ў эпоху Рэнесансу і ранняга Новага часу, а ў галіне медыцыны (гумаральная тэорыя хвароб, г. зн. тэорыя, што звязвае здаровы ці хворы стан чалавека з балансам ці дысбалансам наяўных у яго целе вадкасцяў, якія, у сваю чаргу, звязаныя з пэўнымі тыпамі тэмпераменту) – увогуле толькі ў ХІХ стагоддзі.

Біялагічнае мысленне Сярэднявечча, аднак, знаходзілася яшчэ пад моцным уплывам Арыстоцеля і Галена, прычым гэты ўплыў адчула і ўсходняя, і заходняя навука. І на Усходзе, і на Захадзе сярэднявечныя тэарэтыкі бачылі жывую прыроду (як, зрэшты, і нежывую) іерархічна ўладкаванай, і строга падпарадкаванай мэце, прадвызначанай творчай воляй Бога. Разам з тым трэба адзначыць, што ў тэорыях, распрацаваных усходнімі біёлагамі ў перыяд, які завецца “залатым векам ісламскай навукі” (VIII-XIII стст.), праглядаюцца ідэі, што выступаюць як грунтоўныя ў біялогіі сучаснага тыпу, – ідэя эвалюцыі жывой прыроды, тэза пра наяўныя ў ёй селектыўныя механізмы – механізмы натуральнага і штучнага адбору і да т.п.

Паўнамаштабныя рэвалюцыйныя пераўтварэнні біялагічнага мыслення пачынаюцца, аднак, у эпоху Рэнесансу на заходнім культурным абшары. Хоць і нельга сцвярджаць, што біялагічны кірунак меў прыярытэтнае значэнне ў рамках Вялікай навуковай рэвалюцыі (прыярытэтнае месца займала ў ёй механіка, “нябесная” і “зямная”), тым не менш духоўная атмасфера дадзенай эпохі – атмасфера пошуку, запытвання, творчасці, а таксама характэрная для яе засяроджанасць духоўнага жыцця на чалавеку стварылі спрыяльныя ўмовы для таго, каб распачаўся працэс кардынальнай перабудовы біялагічных ведаў. Cутнасць гэтай перабудовы – у пераарыентацыі пазнавальнай дзейнасці з адцягненых разваг, грунтам для якіх служылі светапоглядныя догмы і сведчанні высокіх аўтарытэтаў, на назіранні і эксперыменты, на самы строгі іх улік пры распрацоўцы біялагічных тэорый. Дадзеная пераарыентацыя запачаткоўваецца і замацоўваецца ва ўмовах плённага ўзаемадзеяння біялогіі з іншымі навукамі, а таксама пазанавуковымі духоўнымі формамі – і ў першую чаргу з мастацтвам.

У гэтым плане неабходна вылучыць найперш рэнесансавае выяўленчае мастацтва, прадстаўнікі якога самым грунтоўным чынам вывучалі знешні выгляд і ўнутраную будову жывых істотаў (пры гэтым яны нярэдка непасрэдна супрацоўнічалі з навукоўцамі). Такая сітуацыя, улічваючы рэалістычны характар іх эстэтычных поглядаў, выглядае цалкам натуральнай: каб дакладна адлюстроўваць у сваіх творах жывое, патрэбна ведаць яго. У выніку і даследчая праца, і творы Л.да Вінчы, А.Дзюрэра, С.Батычэлі, а таксама іншых дзеячоў рэнесенсавага мастацтва істотным чынам паспрыялі рэвалюцыйнай перабудове біялогіі (як і навукі ў цэлым).

Увогуле, супрацоўніцтва мастакоў і біёлагаў у эпоху Адраджэння мела грунтоўны, рэгулярны і плённы характар. Не ў апошнюю чаргу гэтаму паспрыяла вынаходства і пашырэнне кнігадрукавання. Нярэдка кніжкі, у якіх фіксаваліся вынікі біялагічных даследаванняў, былі багата ілюстраванымі, што, безумоўна, патрабавала жывых, інтэнсіўных кантактаў паміж біёлагамі і мастакамі (у рэшце рэшт адпаведныя ілюстрацыі мусілі адпавядаць і крытэрыю навуковасці, і эстэтычным крытэрыям).

Што да ўзаемадзеяння навукі пра жывое і іншых сфер навуковага пазнання, якое мела месца ў дадзеную эпоху, дык яно згадвалася і ў пэўнай ступені аналізавалася вышэй, пры разглядзе светапоглядных і навуковых пошукаў Парацэльса і іх значэння для развіцця хімічных ведаў. Як было пры гэтым адзначана, Парацэльс бачыў сябе рэвалюцыянерам і рэфарматарам у навуцы. Яго філасофская і навуковая пазіцыя мела яскравы антысхаластычны характар: ён заклікаў навукоўцаў зыходзіць не з кніжных аўтарытэтаў, а з самога жыцця, з фактаў, атрыманых на аснове назіранняў і эксперыментаў. Дадзеную пазіцыю ён адстойваў з каласальнай энергіяй, адкрыта лаючы Арыстоцеля і Галена, звяртаючыся часам да такіх акцый, як спальванне кніжак прызнаных навуковых аўтарытэтаў.

Як было паказана вышэй, Парацэльс імкнуўся ўсталяваць медыцыну на новым – хімічным – падмурку, заклікаючы дактароў да сур’ёзнага вывучэння хіміі і падмацоўваючы згаданыя заклікі ўласным прыкладам. Ім была зробленая спроба пераадолець гумаральную тэорыю хвароб, кожная з якіх мае, як ён лічыў, спецыфічны характар. Істотнае значэнне могуць мець пры гэтым знешнія фактары (звычайныя мінералы ці “астральныя яды”, што перадаюцца праз паветра). Зыходным пунктам яго медычнай практыкі было перакананне ў існаванні строгай адпаведнасці паміж хваробай і сродкамі супраць яе. Цяжка сказаць, аднак, ці была згаданая практыка надта паспяховай.

Калі Парацэльс быў перапоўнены рэвалюцыйнай энергіяй і самасвядомасцю навуковага рэфарматара, дык у фламандскага медыка і анатама А.Везалія (1514-1564) адчуваўся хутчэй яе недахоп. Ён з сапраўдным піетэтам ставіўся да антычнай традыцыі, што ў ягоным выпадку таксама не спрыяла давядзенню да лагічнага завяршэння рэвалюцыйных па сваёй сутнасці праектаў і навацый у галіне біялагічнага пазнання (так лічаць, прынамсі, некаторыя гісторыкі навукі [24, c.182]). Пры ўсёй сваёй павазе да антычнай інтэлектуальнай спадчыны, аднак, Везалій зыходзіў у сваіх даследаваннях з неабходнасці грунтаваць анатамічныя высновы і практыку лекавання перш за ўсё на дысекцыях. Ён у найвышэйшай ступені паслядоўна ажыццяўляў дадзены прынцып, выкарыстоўваў кожную магчымасць для іх правядзення і ў выніку высветліў, што галенаўская анатомія шмат у чым недакладная. Везалій публічна заявіў пра гэта (у 1539 г.) і абавязаўся сістэматычна выкласці вынікі сваіх даследаванняў. Ён стрымаў слова і напісаў грунтоўную, глыбокую працу (яе назва – “De humani corpori fabrica librі septem”(“Пра будову чалавечага цела ў сямі кніжках”)), што належыць да найлепшых навуковых твораў у гісторыі чалавецтва.

Выхад у свет дадзенай кніжкі зрабіўся падзеяй. Пададзеныя ў ёй высновы выклікалі хвалю вострай крытыкі з боку прыхільнікаў традыцыйных поглядаў. Менавіта ў гэты важны і адказны момант, аднак, Везалій вырашыў заняцца практычнай медыцынай і фактычна адышоў ад актыўнай навукова-даследчай дзейнасці. “Для навукі гэта была вялікая страта” [78, c.402], гэтаксама як і для яго самога: ён спыніўся на паўдарозе, праверка і пераадоленне галенаўскіх догмаў не былі завершаныя (усё яшчэ мела моц распрацаваная Галенам тэорыя кровазвароту).

Тым не менш пачатак перабудовы біялагічнага пазнання быў зроблены, традыцыйныя ўяўленні перасталі ўспрымацца як штосьці святое. Не толькі ў анатоміі, але і на іншых кірунках біялагічных даследаванняў – найперш у рэнесансавай батаніцы – вялалася інтэнсіўная падрыхтоўка біялогіі сучаснага тыпу. Гэта яскрава выяўлялася ў падыходах да шматлікіх канкрэтных пытанняў (датычных, напрыклад, “марфалогіі, прыроды жывога рэчыва, абмену рэчываў, сілкавання і фармавання раслінаў” [46, т.5, с.99]), але найперш у характэрным для рэнесансавай эпохі бачанні мэтаў і метаду даследчай дзейнасці.

У адрозненне ад мэтаў і метадалогіі біялагічнага пазнання выпрацаваная Арыстоцелем канцэптуальная аснова даследавання жыцця і жывога заставалася ў эпоху Адраджэння прадметам навуковага кансэнсусу і ў асноўным не выступала як прадмет запытвання, аналізу і пошуку. Сітуацыя кардынальна змянілася ў XVII стагоддзі. Прыярытэтнае становішча механікі ў нованароджанай навуцы сучаснага тыпу, амаль усеагульнае прызнанне яе ўзорнага статусу ў навуковым пазнанні падштурхоўвала тэарэтыкаў біялогіі да распрацоўкі пагрунтаванага на механістычных прынцыпах разумення існасці жыцця.

Асноўнае месца ў спробах задзейнічаць такога кшталту пераарыентацыю біялагічнага пазнання належыць ідэям Р.Дэкарта. Картэзіянская філасофія мае дуалістычны характар: духоўная рэчаіснасць адасабляецца ў ёй ад рэчаіснасці матэрыяльнай. У згодзе з гэтым і цела чалавека (ці жывёлы) павінна разглядацца ў яго адасобленасці ад душы. У механістычнай версіі тэарэтычнага бачання жыцця губляецца, такім чынам, іх арганічная повязь (пра якую даводзіў Арыстоцель) і адкрываецца шлях да разумення чалавечага ці жывёльнага арганізму як машыны, як механічнага прыстасавання. Іх рознасць выглядае ў рамках дадзенай канцэпцыі непрынцыповай: яны адрозніваюцца паміж сабой толькі ступенню сваёй складанасці.

Картэзіянскі – механістычны і тэхнаморфны – падыход да жывога знайшоў значны водгук сярод біёлагаў (асабліва сярод фізіёлагаў). Пасля завяршэння распрацоўкі тэарэтычных асноў класічнай механікі І.Н’ютанам механістычнае бачанне жыцця ўвогуле пачало дамінаваць у біялагічным пазнанні. Яго прыхільнікі разглядалі сілу прыцягнення як грунтоўную для ўсіх прыродных працэсаў і меркавалі, што на яе аснове можна адэкватна апісаць разнастайныя прыродныя феномены, у тым ліку і жывыя. Як даводзіць Д.Лекур, яны імкнуліся “растлумачыць істотныя рысы жывога – арганізацыю, развіццё, рэпрадуктаванне і спадчыннасць – зыходзячы з аналагічнай (у дачыненні да гравітацыйных узаемадзеянняў – А.Б.) структуры жывой матэрыі: “арганічных малекул”, жывых часцінак, змадэляваных паводле “атамаў” і звязаных н’ютанаўскімі сіламі” [26, c.987].

Дадзены падыход знайшоў сваё яскравае ўвасабленне ў канкрэтнай навуковай тэорыі, якую гісторыкі навукі ацэньваюць надзвычай высока, не сумняючыся ў яе рэвалюцыйным характары. Гаворка ідзе пра распрацаваную напачатку ХVII cтагоддзя англійскім навукоўцам У.Гарвеем (1578-1657) тэорыю кровазвароту Акрамя таго, што дадзеная тэорыя грунтавалася на інтэнсіўнай эмпірычнай працы, на працяглай серыі назіранняў, яна распрацоўвалася таксама пры актыўным і дзейсным ужыванні колькасных метадаў, дакладных вымярэнняў [78, c.531]. Яна знаходзілася, такім чынам, цалкам і поўнасцю ў рэчышчы тых пераўтварэнняў, што адбываліся на той час у навуцы ўвогуле. (Таму ацэнка гэтай тэорыі як рэвалюцыйнай падаецца правамернай і адэкватнай: ёсць усе падставы сцвярджаць, што праз даследаванні У.Гарвея Вялікая навуковая рэвалюцыя ўвайшла ў біялогію. У выніку яна спарадзіла, аднак, толькі лакальную перабудову біялагічнага пазнання. Для маштабных пераўтварэнняў умовы тут на дадзены момант яшчэ не выспелі.)

Тым не менш перавага механістычнай канцэпцыі ў структуры асноў біялагічнага пазнання ў гэты час не была і не магла быць абсалютнай. Складанасць жыцця і яго праяў супраціўлялася іх тэарэтычнай “механізацыі”. Так, на грунце механістычнага прынцыпу нельга было слушна растлумачыць узаемасувязь душы і цела, а таксама спасцігнуць нараджэнне, развіццё і размнажэнне арганізмаў [46, т.5, c.100]. Таму ў гэты час былі запатрабаваныя і натурфіласофскія канцэпцыі, якія грунтаваліся на ўяўленні пра спецыфічны характар жыцця.

У рэчышчы такога – антымеханістычнага – біялагічнага мыслення на працягу ХVІІІ ст. з’явіліся тэорыі, у якіх пастулявалася наяўнасць адмысловай, нязводнай да матэрыяльных феноменаў “жыццёвай сілы”, што ўяўляе сабой метафізічную падставу і існасць жыцця. Падобнага кшталту канцэпцыі атрымалі назву віталісцкіх, якая затым была распаўсюджаная на ўсе і ўсякія тэорыі, якія так або інакш адыходзілі ад механіцызму і фізікалізму ў тлумачэнні біялагічных з’яў. Барацьба віталізму і фізікалізму не сціхала практычна на працягу ўсёй гісторыі сучаснага біялагічнага мыслення, пакуль – у другой палове ХХ ст. – не завяршылася перамогай фізікалісцкага падыходу (праўда, як будзе падкрэслена ніжэй (4.11), часам выказваецца меркаванне, што іх змаганне зусім не закончылася і што ў сучаснай навуцы выспяваюць перадумовы для сапраўднага пераадолення іх супрацьстаяння).

Дыскусіі паміж прыхільнікамі механістычнай і антымеханістычнай біялагічных канцэпцый дапаўнялася ў гэты час гарачым абмеркаваннем сутнасці і характару развіцця арганізмаў. У яго рамках таксама паўсталі два альтэрнатыўныя падыходы: прэфармізм (ад лац. prae – да, перад і formatio – утварэнне) і эпігенетызм (ад старажытнагр. ἐπί – пасля, γένεσιϛ – узнікненне). Прэфармісты сцвярджалі, што ў сперму ці яйцаклеткі ўлучаныя характэрныя рысы і структура будучых арганізмаў і што з узнікннем зародка робіцца наяўным ў мінімізаваных памерах увесь арганізм [46, т.7, с.1233]. Прадстаўнікі эпігенетычных поглядаў даводзілі, што структураванне і развіццё арганізма ніякім чынам не прадвызначана, што яго форма не знаходзіцца адпачаткова ў эмбрыёне, а паўстае як новае ўтварэнне ў працэсе яго развіцця [46, т.2, c.580]. Аналізуючы адпаведныя дыскусіі і іх гістарычныя перспектывы, тэарэтыкі сучаснага навуказнаўства адзначаюць, што “хоць, пачынаючы з позняга XVIII cт. перамог эпігенетычны пункт гледжання, які вызнае ў якасці перадумовы сапраўднае развіццё, на наступных стадыях гісторыі біялогіі, аднак, зноў і зноў выяўляецца падобны антаганізм” [34, т.1, с.952]. Такім чынам, дыскусіі паміж прыхільнікамі прэфармізму і эпігенетызму ўзбагацілі біялагічнае мысленне (ды і для філасофскай рэфлексіі яны не прайшлі бясследна [46, т.2, c.580-581]).

Уздзеянне фізікі на біялогію выявілася ў гэты час і ў тым плане, што яна істотным чынам паспрыяла ўзбагачэнню тэхнічнага інструментарыя біялагічнага пазнання, узброіўшы яе мікраскопам. Дзякуючы мікраскапічным даследаванням быў адкрыты невядомы раней сегмент жывой прыроды. У працэсе згаданых даследаванняў паўстала надзвычай важнае ў сучасным даследчым кантэксце паняцце клеткі. Упершыню яно было ўжыта англійскім навукоўцам Р.Гукам (1635-1703). Аднак асаблівых поспехаў у мікраскапічным даследаванні жывога дасягнуў у гэты час галандскі натураліст А.Ван Левенгук (1632-1723). Ён здолеў удасканаліць досыць просты мікраскоп да такога ўзроўню, які дазволіў яму правесці надзвычай плённыя назіранні адкрытых ім аднаклетачных істотаў і клетак жывых арганізмаў увогуле.

Патрэба ў класіфікацыі жывых істотаў адчувалася ў біялогіі ад часоў Арыстоцеля, і ад часоў Арыстоцеля рабіліся спробы яе задавальнення. У ХVІІ і ХVІІІ cтагоддзях гэты тып біялагічных даследаванняў набывае асаблівую актуальнасць і значэнне, бо наяўны эмпірычны матэрыял узбагаціўся і пашырыўся дзякуючы інтэнсіўным назіранням, якім спрыяў дух новай навукі, што народжвалася ў гэты час. Вяршыняй адпаведных намаганняў у дадзеную эпоху з’яўляюцца пошукі і знаходкі знакамітага шведскага навукоўца К.Лінея (1707-1778). Вылучыўшы спосаб размнажэння як аснову ўпарадкавання арганізмаў, ён размеркаваў іх па царствах, класах, атрадах, родах і відах. Ліней быў перакананы, што ў выніку ён не проста здолеў “распрацаваць зручны спосаб класіфікацыі, але выявіў сам парадак прыроды, патаемныя планы Творцы” [26, c.990]. Віды жывых істотаў трактаваліся ім пры гэтым як нязменныя, адкуль вынікала дыскрэтная, “атамістычная” карціна жывога, якая цалкам стасавалася з біблейскім расповедам пра стварэнне свету.

Першым, хто кінуў выклік згаданаму падыходу, быў выбітны французскі натураліст Ж.Бюфон (1707-1788). Ён “адстойваў “кантынуісцкую” канцэпцыю прыроды”, у якой адмаўляліся неадольныя межы паміж біялагічнымі відамі [26, c.990]. У гэтай пазіцыі адчуваліся ўжо эвалюцыянісцкія матывы, як адчуваліся яны і ў творах англійскага натураліста, медыка і паэта Э.Дарвіна[54] (1731-1802). Э.Дарвін зыходзіў з таго, што магчымасці жывых істотаў знаходзяцца ў функцыянальнай залежнасці ад іх структурнай арганізацыі, звязанай у сваю чаргу з навакольным асяроддзем. Праз змяненне асяроддзя змяняецца і іх структура. Структурныя змены такога кшталту, як лічыў навуковец, перадаюцца наступнаму пакаленню жывых істотаў [78, c.546-547].

Як і Э.Дарвін, Ж.-Б.Ламарк (1744-1829), які стварыў першую выразна артыкуляваную тэорыю эвалюцыі, лічыў, што трансфармацыя арганізмаў адбываецца праз уплыў на іх знешняга асяроддзя. Жывыя істоты імкнуцца адаптавацца да яго і да зменаў, што маюць месца ў ім. У працэсе дадзенай адаптацыі іх ворганы трансфармуюцца – праз іх актыўнае, прадвызначанае наяўнымі ўмовамі ўжыванне або, наадварот, зноў-такі абумоўленае характарам асяроддзя ўстрыманне ад іх задзейнічання. Гэтыя трансфармацыі, на думку Ламарка (як і на думку Э.Дарвіна), успадкоўваюцца наступнымі пакаленнямі, выяўляючыся з кожным разам усё больш яскрава. Праз пэўны час згаданае выяўленне дасягае такой ступені, якая дазваляе весці гаворку пра новы від. Эвалюцыйны працэс тлумачыцца тут, значыцца, успадкоўваннем набытых прыкмет.

Увогуле, ламаркізм выступае як лагічнае завяршэнне эвалюцыянісцкіх тэндэнцый, што назіраліся ў біялагічным пазнанні другой паловы XVІІІ ст. Грунтам для ўзнікнення згаданых тэндэнцый былі згаданыя крыху вышэй спробы выявіць (у форме класіфікацый) унутраную арганізацыю, “прасторавы парадак” жывога, у рамках якога з цягам часу ўсё больш выразна выяўлялася істотная блізкасць пэўных сегментаў. Гэта выклікала ў навукоўцаў сумненні ў фіксаваным характары біялагічных відаў, і дыскрэтны прасторавы парадак пачаў перарастаць у бесперапынны часавы [34, т.1, с.952].

Неабходна адзначыць, што адносна месца, ролі і значэння ламаркізму ў працэсе ўсталявання ў біялагічнай навуцы эвалюцыйных ідэй выказваюцца розныя меркаванні. У гэтай сувязі некаторыя тэарэтыкі навуказнаўства і гісторыкі навукіз жалем канстатуюць, што “адмысловай заслузе ламаркісцкай тэорыі, якая задоўга да Дарвіна дапусціла скачкападобнае развіццё, сёння не надаецца належная ўвага” [34, т.1, с.952]. І пра гэта сапраўды варта пашкадаваць, бо “з пункту гледжання эвалюцыянізму Ламарк меў вялікае значэнне” [78, c.548]. Ламаркісцкая тэорыя эвалюцыі рыхтавала глебу для новага, значна лепш абгрунтаванага і таму паспяховага тэарэтычнага праекта, яна прабівала дарогу для яго. У такой сітуацыі (тым больш у дачыненні да такой няпростай ва ўсіх адносінах праблематыкі) моцны непасрэдны ўплыў на мысленне навукоўцаў і на настрой думак дылетантаў (г. зн. поспех і папулярнасць) быў наўрад ці магчымы[55].

Біёлаг, чый уплыў, мяркуючы па ўсім, быў найбольш моцным напрыканцы ХVІІI стагоддзя і ў першыя дзесяцігоддзі ХІX, – гэта Ж.Кюв’е (1769-1832), пачынальнік параўнальнай анатоміі і пелеанталогіі. (Яго аўтарытэт, уплыў і рэпутацыя адлюстраваліся ў ягонай мянушцы – “дыктатар натуральнай гісторыі” [78, c.549]. Аналізуючы рэшткі жывёлаў, якія жылі ў мінулым, ён прыйшоў да высновы пра іх прынцыповае непадабенства да сучасных жывых істотаў. Як найбольш натуральнае тлумачэнне дадзенага факта напрошваўся эвалюцыйны прынцып. Тым не менш Кюв’е, які быў перакананым прыхільнікам ідэі нязменнасці біялагічных відаў, аддаў перавагу іншаму падыходу. На яго думку гісторыя Зямлі зведала шэраг катастроф, кожная з якіх выклікала знікненне шмат якіх жывых істотаў і ўсталёўвала панаванне на планеце новых арганізмаў. Мяркуючы па ўсім, ён схіляўся да думкі, што рэзервуар арганічных формаў, створаны адпачаткова Богам, быў настолькі багаты і разнастайны, што не мог быць знішчаны згаданымі катастрофамі [26, c.138]. Так ім вытлумачваўся факт бесперапыннасці жыцця на Зямлі (які ў дадзеных умовах найперш патрабаваў тлумачэння).

Выклік тэорыі катастроф быў кінуты Ч.Лaeлам (1797-1875), знакамітым англійскім геолагам, які моцна паўплываў на Ч.Дарвіна [59, с.14]. Лаел меркаваў, што развіццё і ў арганічным, і ў неарганічным свеце мае паступовы, рэгулярны і сталы характар. У выніку гэтай барацьбы ідэй шмат хто з навукоўцаў зрабіў выснову пра глыбокую ўзаемасувязь эвалюцыянізму і ідэі паступовага характару рэальнага развіцця, з аднаго боку, і адмаўлення зменлівасці біялагічных відаў і катастрафізму, з іншага (хоць у сучасных умовах ставіцца пытанне пра абгрунтаванасць згаданых карэляцый і супрацьпастаўленняў: як і ў шматлікіх іншых падобных выпадках адчуваецца патрэба навуковага сінтэзу) [26, c.138]. Дадзены момант меў істотнае значэнне падчас дарвінаўскай рэвалюцыі ў біялогіі, перадумовы якой няўхільна выспявалі ў гэты час.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 512; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.044 сек.