Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Навуковая рэвалюцыя пачатку ХХ стагоддзя: распрацоўка асноў квантавай фізікі




Такім чынам, паводле агульнапрынятага меркавання тэарэтычны падмурак, на якім паўстала сучасная касмалогія, утварае рэлятывісцкая фізіка (усеагульная тэорыя адноснасці). Адпаведныя тэарэтычныя і эмпірычныя даследаванні прывялі да перамогі нестацыянарнай мадэлі ўніверсуму ці, дакладней, мадэляў, бо сучасны стан ведаў не дазваляе зрабіць адназначны выбар паміж рознымі тэарэтычнымі сцэнарыямі разгортвання касмічных падзей. Хоць развіццё сучаснай касмалогіі адбываецца найперш на грунце ўсеагульнай тэорыі адноснасці, тым не менш некаторыя даследчыкі спрабавалі мадыфікаваць яе ў касмалагічным кантэксце і нават распрацаваць альтэрнатыўную ёй тэарэтычную аснову для касмалагічных даследаванняў.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Якія высновы можна зрабіць, на Вашу думку, з гісторыі касмалагічных пошукаў А.Эйнштэйна?

2. На думку шмат каго з даследчыкаў, да істотных пераваг рэлятывісцкай тэорыі гравітацыі перад яе папярэдніцай належыць той момант, што пагрунтаваныя на ўсеагульнай тэорыі адноснасці “эвалюцыйныя мадэлі космасу ствараюць аснову для вырашэння н’ютанаўскага гравітацыйнага парадокса (і парадокса Ольберса)” [34, т.2, c.869]. Растлумачце, чаму рэлятывісцкія дынамічныя касмалагічныя праекты адкрываюць такія магчымасці.

3. У філасофскай літаратуры выказваецца меркаванне, згодна з якім рэлятывісцкае мысленне выступае як аднаўленне лейбніцыянскай манадалагічнай традыцыі [70,.120]. Прааналізуйце дадзенае меркаванне ў касмалагічным кантэксце.

4. У “Парсіфалі” Р.Вагнера ёсць эпізод, дзе ствараецца вобраз часу, які спараджае прастору [77, c.213]. Падумайце, з якім аспектам рэлятывісцкай касмалогіі дадзены вобраз арганічна стасуецца.

5. Якія высновы ў кантэксце метатэарэтычнага апісання суадносінаў тэарэтычнага і эмпірычнага ўзроўняў навуковага пазнання дазваляе зрабіць гісторыя станаўлення рэлятывісцкай касмалогіі?

Прапанаваная М.Планкам у 1900 г. тэорыя выпраменьвання была першым крокам да стварэння квантавай фізікі. Квантавая фізіка фактычна паўстала ўжо, яна прамовіла свае першыя – надзвычай важныя – словы (хоць гэта быў у параўнанні з выспелай квантавай механікай дзіцячы лепет [18, c.25]). Непасрэдным наступнікам М.Планка ў кантэксце рапрацоўкі квантавых уяўленняў быў А.Эйнштэйн, які выкарыстаў іх для тлумачэння з’явы фотаэфекту – вылучэння электронаў з атамаў ці малекул пад уздзеяннем электрамагнітнага выпраменьвання[93]. Электроны выбіваюцца з металічнай пласцінкі, напрыклад, квантамі святла (пазней – у 1926 г. – яны атрымалі назву фатонаў) дастаткова высокай энергіі. У 1912 г. Эйнштэйн выказаў яшчэ больш смелую “некласічную” ідэю, згодна з якой квантаванне характарызуе не толькі абмен энергіяй паміж выпраменьваннем і рэчывам, але і належыць да самой існасці электрамагнітнага поля [26, c.622]. (Такім чынам, вобраз святла ў фізіцы зведаў новую метамарфозу: адбылося своеасаблівае вяртанне да н’ютанаўскай карпускулярысцкай парадыгмы. Як піша Р.Фейнман, Н’ютан меў рацыю ў сваіх высновах, хоць ягоныя разважанні, якія вялі да іх, былі памылковымі [36, c.14].)

Высветлены фізікай пры канцы ХІХ ст. факт, што атам не з’яўляецца непадзельнай часцінкай, паставіў перад навукоўцамі пытанне пра яго будову. У 1902 г. амерыканскі навуковец Г. Льюіс распрацаваў кубічную мадэль згаданай будовы, у рамках якой электроны былі размешчаныя ў вяршынях куба. У 1903 г. першаадкрывальнік электрона Д.Томсан выказаў ідэю, што атам уяўляе сабой дадатна зараджаную сферу, унутры якой хаатычна раскіданыя адмоўна зараджаныя электроны (нібы рызынкі ў булцы). Японскі фізік Х.Нагаока (1865-1960) адхіліў дадзеную мадэль на падставе ўзаемнай непранікальнасці супрацьлеглых зарадаў. Ён прапанаваў першы, ранні варыянт т. зв. планетарнай мадэлі[94], у якой адмоўна зараджаныя электроны рухаюцца вакол дадатна зараджанага цэнтра (ядра) атама. Навуковец бачыў атам падобным да Сатурна: надзвычай масіўнае ядро адпавядала самой планеце, а электроны – яе кольцам. У 1911 годзе выдатны англійскі фізік Э.Рэзерфорд эксперыментальным шляхам выявіў, што найбольш адэкватнай рэальнаму стану рэчаў з’яўляецца менавіта планетарная мадэль: асноўная частка атамнай масы і дадатны зарад часцінкі сапраўды сканцэнтраваныя ў яго цэнтральнай частцы (ядры), вакол якой рухаюцца адмоўна зараджаныя электроны.

Гэтыя эксперыментальныя вынікі, аднак, сутыкнуліся з класічнымі тэарэтычнымі ўяўленнямі, спарадзіўшы істотныя праблемы. Справа ў тым, што ўладкаваны згаданым вышэй чынам атам мусіў быць нестабільным: рухаючыся вакол ядра, электроны павінны бесперапынна выпраменьваць энергію, губляць яе і ў канчатковым выніку падаць на яго. Насуперак гэтаму сцэнарыю, аднак, эмпірычныя даследаванні сведчылі на карысць стабільнасці атама.

У такіх умовах Н.Бор зрабіў выснову, што “атамныя з’явы знаходзяцца па-за межамі класічнай фізікі” [46, т.7, с.1786]. Для тлумачэння згаданых з’яў ён звярнуўся да планкавай тэорыі выпраменьвання, спалучыўшы эксперыментальна выяўленую і абгрунтаваную мадэль атама з квантавай гіпотэзай у адзінай тэарэтычнай схеме. Бор дапусціў, што электроны рухаюцца вакол ядра толькі па пэўных “стацыянарных” арбітах, якія знаходзяцца на пэўнай адлегласці ад ядра і характарызуюцца пэўным значэннем энергіі. Класічныя ўяўленні не дапускалі такога абмежавання, яны “дазвалялі” электрону рухацца па любой арбіце. Пры гэтым, паводле тэорыі Бора, электроны не выпраменьваюць энергіі, што зноў-такі супярэчыла класічным уяўленням. Калі атам атрымлівае энергію (напрыклад, у выпадку ўздзеяння на яго электрамагнітнага выпраменьвання ці яго награвання), дадзеная энергія ўспрымаецца пэўным электронам ці размяркоўваецца паміж некалькімі часціцамі. Пры гэтым адпаведныя электроны робяць скачок на іншую дазволеную арбіту, больш аддаленую ад ядра. Яны не затрымліваюцца, аднак, на новай “радзіме” і хутка – зноў-такі скачкападобным чынам – вяртаюцца назад, што правакуе электрамагнітнае выпраменьванне пэўнай частаты. Дадзеная частата залежыць ад колькасці арбіт, якія пераскоквае электрон і ад іх аддаленасці ад ядра [78, c.647].

Адыход ад класічных уяўленняў не азначаў, аднак, у Бора поўнага разрыву з імі. Ужо ў гэтай ранняй сваёй тэорыі ён кіраваўся фактычна прынцыпам адпаведнасці (гл. 2.1), выразна сфармуляваным ім і названым так пазней (у 1923 г.). У дадзеным выпадку гэты прынцып патрабаваў разглядаць класічныя законы як эфектыўнае набліжэнне квантавых законаў, калі гаворка ідзе пра арбіты дастаткова вялікага радыўсу і дастаткова значнай энергіі.

Атамная мадэль Бора гарманічна стасавалася з пэўнымі эмпірычнымі знаходкамі, зробленымі фізікамі на той час (1913 г.), і тлумачыла іх (найперш адкрыты ў 1885г. швейцарскім матэматыкам і фізікам І.Бальмерам (1825-1698) спектр атама вадароду, які да бораўскай тэорыі заставаўся эмпірычнай канстатацыяй). Яна добра ўпісвалася таксама ў новы тэарэтычны кантэкст, звязаны з узнікненнем і развіццём квантавых уяўленняў (інакш і быць не магло, таму што Бор абапіраўся на іх і ў выніку самым істотным чынам паспрыяў іх развіццю).

Разам з тым прапанаваная маладым навукоўцам тэорыя паспяхова мадэлявала толькі працэсы і з’явы, звязаныя з атамам вадарода (найпрасцейшым па сваёй структуры). Яна ні ў якім разе не магла прэтэндаваць на статус грунтоўнай, што цудоўна разумеў і сам Бор [70, c.165]. Яе нельга, аднак, недаацэньваць: ёй належыць істотнае значэнне ў тым плане, што яна была новым крокам наперад у сцвярджэнні ў навуцы квантавых уяўленняў, што яна падтрымала адпаведную традыцыю і, як было падкрэслена крыху вышэй, надала моцны імпульс яе далейшаму разгортванню.

Сапраўды, пасля з’яўлення бораўскай тэорыі квантавая фізіка развівалася на шматлікіх кірунках. Так, “паводле метаду Бора была здзейсненая значная праца па аналізе эксперыментальна выяўленых атамных спектраў” [70, c.166], была ўдасканаленая сама ягоная тэорыя (пры гэтым А.Розенфельд (1868-1951), якому належыць заслуга згаданага ўдасканалення, абапіраўся на рэлятывісцкія ўяўленні, што несла ў сабе ідэю сувымяральнасці новай канцэпцыі прасторы-часу і квантавай фізікі [26, c.785]). Паспяхова разгортваліся таксама даследаванні структуры атама і атамнага ядра, паводзінаў мікрачасцінак, узаемадзеяння выпраменьвання і матэрыі. (У дадзенай сувязі неабходна адзначыць адкрытую ў 1922 г. амерыканскім фізікам А.Комптанам (1892-1962) з’яву, сутнасць якой – у змяненні частаты і энергіі фатонаў пры іх рассейванні на свабодных электронах. Дадзены феномен – эфект Комптана – разглядаецца як грунтоўны аргумент на карысць уяўлення пра квантавы характар электрамагнітнага выпраменьвання.) Надзвычай важна таксама, што ў гэтай галіне працаваў цэлы шэраг у найвышэйшай ступені таленавітых фізікаў і што шмат каго з іх звязвалі адносіны сяброўства, узаемнай павагі і супрацоўніцтва. Гэта не выключае, натуральна, наяўнасці разнагалосіц і дыскусій паміж імі, у працэсе якіх іх “галоўныя дзейныя асобы не заўжды былі ветлівымі ў дачыненні адзін да аднаго” (такога кшталту негатыўныя моманты мелі месца, напрыклад, ва ўзаемаадносінах В.Гейзенберга і Э.Шродзінгера) [63, c.763]. Інтэнсіўнымі творчымі намаганнямі гэтай плеяды навукоўцаў і былі створаныя асновы квантавай тэорыі ў выспелай яе форме.

Асноўныя падзеі ў плане згаданага стварэння разгарнуліся ў сярэдзіне 20-х гг. ХХ ст. У 1924 г. французскі фізік Л.дэ Бройль (1892-1987) абагульніў квантава-хвалевы дуалізм электрамагнітнага выпраменьвання, распаўсюдзіўшы яго на матэрыю, на аб’екты мікрасвету. Гэтыя аб’екты мусяць увасабляць у сабе і карпускулярныя, і хвалевыя ўласцівасці: ва ўраўненні дэ Бройля іх імпульс (характарыстыка карпускулярнага парадку) увязваецца з даўжынёй хвалі, што адпавядае кожнаму з іх.

У 1925 г. малады нямецкі фізік В.Гейзенберг здолеў сфармуляваць асновы слушнай фармальнай, матэматычнай мадэлі квантава-механічных працэсаў. Яго поспех грунтаваўся на крытычным пераасэнсаванні інтэлектуальных практык, што мелі месца ў атамнай фізіцы да гэтага часу. Ён прыйшоў да высновы пра іх істотную непаслядоўнасць: новыя, квантавыя падыходы спалучаліся ў іх з традыцыйнымі, класічнымі ўяўленнямі, якім бракавала эмпірычнага абгрунтавання і апраўдання. Нават Н.Бор выкарыстоўваў яшчэ ў сваёй тэорыі такія паняцці, як “становішча” ці “перыяд абарачэння” ў дачыненні да электрона, хоць яны не могуць назірацца. Як піша сам В.Гейзенберг, навукоўцы неяк прызвычаіліся да гэтай няпэўнай сітуацыі, у якой “паняцці і ўяўленні, перанесеныя з папярэдняй фізікі ў сферу атамаў, выступаюць там як напалову праўдзівыя і напалову памылковыя” [44, c.85]. Менавіта таму ён звярнуўся да велічыняў, што могуць быць прадметам назіранняў (напрыклад, частотаў святла, што выпраменьваецца атамам), і да распрацоўкі новага матэматычнага фармалізму.

Згаданы фармалізм грунтаваўся на законах матрычнага злічэння. Ён меў у найвышэйшай ступені абстрактны характар, “пазбаўлены ўсялякай сувязі з геаметрычнай інтуіцыяй” [70, c.169]. Тым не менш, як і ў выпадку іншых рэвалюцыйных фізічных тэорый гэтага часу, матэматычны фармалізм матрычнай механікі не быў аддзелены безданню ад класічнай фізікі. У рэтраспектыўным аналізе працэсу ягонай распрацоўкі В.Гейзенберг робіць у дадзенай сувязі цікавую заўвагу, указваючы, што гаворка для яго не ішла пра тое, каб з класічных прынцыпаў вывесці новыя “матэматычныя дачыненні, але каб адгадаць іх праз падабенства з формуламі класічнай фізікі” [44, c.86].

У 1926 г. Э.Шродзінгер стварыў іншую ўдалую матэматычную версію квантавай механікі. Як было падкрэслена вышэй (2.3), цэнтральнае месца ў яго даследаваннях і развагах займала праблема суадносінаў бесперапыннага і дыскрэтнага ў структуры рэальнасці. Ён імкнуўся даказаць, што карпускулярны аспект згаданай структуры вынікае з яе хвалевага аспекта, аддаючы, такім чынам, перавагу прынцыпу бесперапыннасці. Тым не менш навуковец указваў, што на эмпірычным ўзроўні дамінуе момант дыскрэтнасці: працэс вымярэння мусіць мець завершаны характар [81, c.19-21]. Прынцып бесперапыннасці павінен быць звязаны, значыцца, з тэарэтычным пазнаннем, дзе ён найбольш яскрава выяўляецца ў матэматычных функцыянальных сувязях [81, c.21].

Ягоная тэорыя якраз і дазваляла перадаць функцыянальную залежнасць каардынат мікрачасціцы ад часу. Яна абапіралася на два важныя дапушчэнні, згодна з якімі, па-першае, ігнараваліся працэсы анігіляцыі і ўтварэння часціц, г. зн. іх колькасць павінна была заставацца канстантнай; па-другое, дапускалася, што іх хуткасць заставалася малой у параўнанні з хуткасцю святла, г. зн. яна мела нерэлятывісцкі характар[95] Ядро дадзенай тэорыі – знакамітае ўраўненне Шродзінгера – дапускае шэраг рашэнняў, якія ўяўляюць сабой розныя хвалевыя функцыі. Квадраты гэтых функцый выяўляюць імавернасць знаходжання часцінкі ў прасторавым аб’ёме, што акаляе пэўны яго пункт [46, т.12, c.402; 70, c.203].

У дадзенай сувязі досыць дзіўнай выглядае ацэнка, якую дае хвалевай механіцы Д.Параш’я, разглядаючы яе як “у найвышэйшай ступені класічны праект”, што здзяйсняўся ў квантавай фізіцы (у адрозненне ад радыкальных у сваёй рэвалюцыйнасці поглядаў Н.Бора і В.Гейзенберга) [70, c.193]. З такім меркаваннем наўрад ці можна пагадзіцца, бо, па-першае, як паказаў сам Э.Шродзінгер, яго тэорыя з’яўляецца эквівалентнай матрычнай механіцы, распрацаванай В.Гейзенбергам[96] (таму кожная з іх не можа значна саступаць іншай у сваім рэвалюцыйным патэнцыяле). Па-другое, як паказана вышэй, яна атрымала некласічную статыстычную інтэрпрэтацыю[97] (Д.Параш’я, зрэшты, гэта цудоўна ведаў). Як бы ні ставіўся да такой інтэрпрэтацыі сам Э.Шродзінгер, факт яе з’яўлення сведчыць пра здольнасць хвалевай механікі набыць адпаведную форму, пра яе значны патэнцыял у гэтым плане. Разам з тым варта зазначыць, што навуковец не адчуваў асаблівага піетэту перад класічным разуменнем прынцыпу дэтэрмінізму (гл. прадмову). Гэта, безумоўна, зусім не азначае, што ён адмаўляў пэўную сувязь сваёй тэорыі з класічнымі ўяўленнямі (як не адмаўлялі яе, зрэшты, і Н.Бор з В.Гейзенбергам). Э.Шродзінгер, як і Л.дэ Бройль, лічыў, што распрацаваная імі хвалевая тэорыя з’яўляецца абагульненнем класічнай механікі аналагічна таму, як хвалевая (фізічная) оптыка з’яўляецца абагульненнем оптыкі геаметрычнай [3, c.388; 46, т.12, c.401]. Хоць Шродзінгер хутчэй за ўсё сапраўды не быў настолькі радыкальным і паслядоўным у пераадоленні класічных уяўленняў, як Бор і Гейзенберг, тым не менш ягоную хвалевую механіку наўрад ці дапушчальна характарызаваць як “у найвышэйшай ступені класічны праект”.

У 1927 г. у абсягу квантавай тэорыі былі зробленыя надзвычай важныя абагульненні, вакол якіх і да сённяшняга дня не сціхаюць філасофскія і навуковыя дыскусіі. Гаворка ідзе пра сфармуляваную В.Гейзенбергам тэзу пра дачыненне няпэўнасці і выпрацаваны Н.Борам прынцып дапаўняльнасці. Дачыненне няпэўнасці азначае немагчымасць адначасова з поўнай і аднолькавай дакладнасцю вызначыць шчыльна звязаныя паміж сабой велічыні, што характарызуюць рух мікрааб’ектаў (каардынаты часціцы і яе імпульс, час і энергію), бо чым больш дакладна вызначаецца адна велічыня, тым больш няпэўнай робіцца другая. Калі, напрыклад, мы адназначна выявім хуткасць (імпульс) электрона, любыя каардынаты (любое месцазнаходжанне) зробяцца для яго аднолькава імавернымі. Такім чынам, В.Гейзенберг надзвычай рашуча і радыкальна ўвёў у тэарэтычную фізіку ў якасці неад’емнага, неабходнага элемента спасціжэння і апісання характэрных для мікрасвету працэсаў момант няпэўнасці, імавернасці, выпадковасці. Больш за тое, на яго думку, у сваім найглыбейшым сэнсе дачыненне няпэўнасці яскрава выяўляе выразна ўсвядомленую ім раней немагчымасць ужывання класічных уяўленняў, ідэй і паняццяў пры апісанні мікрасвету без іх кардынальнай трансфармацыі.

Разам з тым, аднак, на пэўным узроўні квантава-механічнага дыскурсу без згаданых уяўленняў, ідэй і паняццяў абысціся нельга. Да такой высновы прыйшоў Н.Бор, грунтуючыся на сфармуляваным ім прынцыпе дапаўняльнасці. (Дадзены прынцып, на думку яго першаадкрывальніка, увогулесягае за межы фізікі і мае філасофскае значэнне [46, т.4, c.933].) Катэгорыя “дапаўняльнасць” паўстала з неабходнасці адэкватнага тэарэтычнага апісання феноменаў, характар і асаблівасці якіх не могуць быць перададзеныя пры дапамозе аднаго ўяўлення, аднаго вобразу, адной карціны. Таму для раскрыцця іх характэрных рыс, іх адметнасці, іх дынамікі даследчык мусіць звяртацца да паняццяў і ідэй, што ўзаемна выключаюць адно аднаго, і патрапляе, такім чынам, ва ўзаемавыключальныя (і ўзаемадапаўняльныя) пазнавальныя сітуацыі [34, т.2, c.847; 44, c.147; 46, т.4, c.1093]. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што дапаўняльныя паняцці, выступаючы як неабходныя для адэкватнага апісання рэчаіснасці, не могуць адначасова ўжывацца з усёй строгасцю і дакладнасцю. Гэта яскрава выяўляецца і ў палажэнні пра карпускулярна-хвалевы дуалізм мікрааб’ектаў, і ў дачыненні няпэўнасці (часціца і хваля ў першым выпадку, месца і імпульс у другім выступаюць менавіта як такога кшталту паняцці) [88, c.132].

З прынцыпу дапаўняльнасці вынікае, што эксперыменты, здзейсненыя ва ўзаемнадапаўняльных пазнавальных сітуацыях, прыводзяць да ўзаемадапаўняльных вынікаў. І гэта не выпадкова: узаемадзеянне эксперыментальных і вымяральных прыстасаванняў з аб’ектамі мікрасвету выступае як неад’емны інтэгральны кампанент той рэальнасці, што павінна даследавацца і апісвацца квантавай фізікай. Розныя фізічныя інструменты, задзейнічаныя ў адпаведных эксперыментах, выклікаюць, такім чынам, розныя формы паводзінаў мікрааб’ектаў. Гаворачы словамі Н.Бора, у такіх умовах дапаўняльнасць выступае як грунтоўная характарыстыка тых адказаў, што прырода дае на пастаўленыя ёй нашымі эксперыментамі пытанні [34, т.2, c.848].

Прынцып дапаўняльнасці выступае як ядро капенгагенскай інтэрпрэтацыі квантавай механікі. У адпаведнасці з ёй незалежнае ад назіральніка і ад умоў назірання апісанне падзей у мікрасвеце немагчымае. Аб’ектывацыя выказванняў (суаднясенне з прадметнай сферай, якое надае ім агульназначны, інтэрсуб’ектыўны характар) пра згаданыя падзеі можа і павінна здзяйсняцца толькі з выразнай спасылкай на пазіцыю даследчыка, на адпаведную перспектыву, бо з яе змяненнем мусіць змяніцца і характар іх апісання. Згаданая аб’ектывацыя, аднак, ні ў якім разе не можа быць забяспечаная без звароту да класічных паняццяў. Гэта звязана з тым, што фізічныя прыстасаванні, задзейнічаныя ў даследаванні мікрааб’ектаў, належаць да макрасвету і падпарадкоўваюцца яго законам, г. зн. законам класічнай фізікі.

Неабходна адзначыць, што шмат хто з тэарэтыкаў навуказнаўства, а таксама навукоўцы, прыхільнікі квантавай механікі і яе капенгагенскай інтэрпрэтацыі, але разам з тым нярэдка і непрыхільнікі, энергічна даводзяць пра яе выключную паспяховасць ва ўсіх адносінах. Сучасны французскі навуказнавец Ж.-М.Леві-Леблонд указвае, напрыклад, на яе плённасць у даследаванні самых розных сфер рэчаіснасці (ад падзей, што адбываюцца ўнутры ядра, да працэсаў, што маюць месца ўнутры зорак). Ён падкрэслівае таксама яе практычную эфектыўнасць (яна паспяхова ўжываецца ў абсягу тэхнікі – лазернай, звышправадніковай і г. д.) [26, c.785]. К.Ф.фон Вайцзэкер звяртае ўвагу на іншы момант – на надзвычай высокі ўзровень яе эмпірычнага пацвярджэння. Ён піша ў дадзенай сувязі, што сёння можна прывесці ці не мільрд паасобных фактаў, якія падпарадкоўваюцца квантавай тэорыі, у той час як не знойдзена ніводнага, які выразна супярэчыў бы ёй [88, c.93].

Разам з тым шэраг філосафаў і навукоўцаў успрыняў яе досыць крытычна. К.Попер, напрыклад, лічыў, што момант няпэўнасці ў спасціжэнні мікрасвету, які сцвярджаецца як прынцыповы аспект капенгагенскай інтэрпрэтацыі, павінен разглядацца на самай справе як змушаны і паліятыўны (у падабенстве са статыстычна-механічным абгрунтаваннем класічнай тэрмадынамікі). Адпаведныя фізічныя велічыні маюць у сапраўднасці дакладныя значэнні, толькі мы не можам іх дакладна вымераць [46, т.11, c.262].

Да самых упартых і паслядоўных апанентаў квантавай тэорыі належаў і А.Эйнштэйн (што выглядае крыху парадаксальным, улічваючы ягоны чынны ўдзел у стварэнні згаданай тэорыі). Не адмаўляючы квантаваму фармалізму і квантавым прынцыпам у праве на існаванне, ён тым не менш лічыў іх паліятыўным рашэннем звязаных з апісаннем мікрасвету праблем. Вялікі фізік не мог прымірыцца з імаверным, статыстычным характарам квантава-механічных уяўленняў, не мог адмовіцца ад класічнага ідэалу адназначнай прычыннасці. “Бог не гуляе ў косці,” – даводзіў ён з гэтай нагоды і нястомна шукаў тэарэтычную альтэрнатыву імавернаму апісанню атамных і субатамных працэсаў у квантавай тэорыі. У сувязі з гэтым паміж ім і Борам разгарэліся надзвычай інтэнсіўныя дыскусіі (якім часам надаецца эпітэт “гамерычныя” [18, c.139]), што далі магутны штуршок далейшаму высвятленню канцэптуальных асноў сучаснай фізікі.

Неабходна адзначыць, што і прыхільнікі, і апаненты капенгагенскай інтэрпрэтацыі квантавай механікі нярэдка бачылі ў ёй падставу для эпістэмалагічнага песімізму, мяркуючы, нібыта яна фіксуе неадольныя межы ў нашым пазнанні прыроды і пасуе перад імі. Такога кшталту песімістычныя высновы аспрэчваюцца і адпрэчваюцца, аднак, – найперш і з асаблівай энергіяй і паслядоўнасцю філосафамі і навукоўцамі з марксісцкімі поглядамі ці блізкімі да іх. Так, П.Ланжэвен (1872-1946) падкрэcліваў, што дачыненне няпэўнасці выяўляе не неадольны бар’ер для навуковага пазнання, а межы дзейснасці і значнасці паняццяў і ўяўленняў класічнай фізікі, указваючы на патрэбу ў новым матэматычным фармалізме для квантавых велічыняў [26, c.787]. Пры гэтым тэарэтыкі, якія належаць да марксісцкага кірунку, мяркуюць, што эфектыўнасць характэрнай для квантавай тэорыі статыстычнай пазнавальнай стратэгіі абумоўленая яе адпаведнасцю аб’ектыўным уласцівасцям самой рэальнасці [34, т.3, c.982].

Ж.-М.Леві-Леблонд, з сімпатыяй згадваючы пазіцыю П.Ланжэвена, указвае на адмысловае значэнне адэкватнага матэматычнага фармалізму ў абсягу квантавай фізікі. Сфармуляваная пры дапамозе адэкватных матэматычных сродкаў, яна губляе парадаксальны выгляд і з усёй яскравасцю дэманструе сваю пазнавальную магутнасць [26, c.787]. Разам з тым ён ацэньвае капенгагенскую інтэрпрэтацыю квантавай тэорыі хутчэй негатыўна (ён даводзіць у дачыненні да яе пра “праблематычную фармулёўку” [26, c.787]). Мяркуючы па ўсім, Ж.-М.Леві-Леблонда турбуюць найперш тэндэнцыі да яе дагматызацыі: асвечаная паспяховасцю сваіх імаверных прагнозаў у практыцы навуковых даследаванняў, яна не спрыяла аналізу фізікамі звязаных з развіццём квантавых уяўленняў праблем грунтоўнага парадку (у першую чаргу пытання пра іх суадносіны з класічнымі паняццямі і ідэямі) [26, c.788]. Аднак і ён сам, і іншыя навукоўцы [18, c.123-124; 26, c.788-789] даводзяць пра тое, што згаданыя дагматычныя тэндэнцыі не здолелі перамагчы і прыпыніць прысвечаныя канцэптуальным пытанням квантавай фізікі інтэнсіўныя дыскусіі філосафаў і навукоўцаў (пра якія гаворка пойдзе ніжэй).




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 443; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.01 сек.