Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Вучэнне пра самаарганізацыю




Такім чынам, пазнавальнае дачыненне ў галіне біялогіі мае спецыфічны, у пэўным сэнсе суб’ект-суб’ектны характар і выяўляе іманентнае этычнае вымярэнне. У 60-х – 70-х гадах ХХ ст. звязаныя з біялагічнымі даследаваннямі маральныя праблемы набылі асаблівую актуальнасць, што абумовіла ў выніку з’яўленне біяэтыкі як міждысцыплінарнага кірунку навуковых даследаванняў. Каласальная складанасць біяэтычных праблем паспрыяла распрацоўцы розных даследчых стратэгій, падыходаў і поглядаў, выклікала да жыцця вострыя дыскусіі і запатрабавала разам з тым грамадскай згоды, артыкуляванага выяўлення аб’яднальных прынцыпаў, на ролю якіх могуць прэтэндаваць міжнародныя дакументы ў галіне правоў чалавека.

Наяўныя ў абсягу біяэтыкі парадыгматычныя падыходы (антрапацэнтрычны, патацэнтрычны, біяцэнтрычны і фізіяцэнтрычны) цесна звязаныя паміж сабой. Галоўная роля належыць пры гэтым антрапацэнтрычнаму падыходу. Грунтоўныя біяэтычныя праблемы групуюцца ў тры асноўныя комплексы: па-першае, маральныя праблемы, звязаныя з прагрэсам медыцыны, істотным кампанентам якіх з’яўляюцца этычныя калізіі, выкліканыя да жыцця інтэнсіўным развіццём біятэхналогій; па-другое, праблемы маральнага парадку, што паўстаюць у кантэксце дачыненняў паміж чалавекам і жывёламі; па-трэцяе, праблемы, што датычаць этычных аспектаў узаемадзеяння чалавека і навакольнага свету. Хоць адпаведныя пытанні востра дыскутуюцца ў грамадстве, адназначных агульнапрымальных адказаў яны не знайшлі, што ўказвае на неабходнасць інтэнсіфікацыі біяэтычных пошукаў.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. У тэксце параграфа пастаўлена шмат пытанняў. Паспрабуйце выпрацаваць уласныя аргументаваныя адказы на іх.

2. Паспрабуйце спрагназаваць развіццё стасункаў біяэтыкі і біялогіі ў бліжэйшай і больш аддаленай будучыні. Якія тэндэнцыі ў іх Вы лічыце найбольш пажаданымі і якія працэсы будуць, на Ваша меркаванне, дамінаваць у сапраўднасці?

3. Наколькі правамерна, на Вашу думку, пашыраць дзеянне маральных прынцыпаў на жывёл, жывое ўвогуле і нават па-за яго межы – на нежывую прыроду?

4. Як Вы мяркуеце, што стаіць за выразамі “дабраахвотная эўтаназія” і “недабраахвотная эўтаназія”?

Самаарганізацыя – гэта працэс, у выніку якога павышаецца ўзровень арганізаванасці, упарадкаванасці адпаведнай сістэмы. Пры вывучэнні такіх працэсаў увага навукоўцаў засяроджваецца найперш на механізмах і характары структураўтварэння ў залежнасці ад пачатковых умоў, на законах, што выяўляюцца пры ўпарадкаванні матэрыяльных сістэм, пры пераадоленні пэўнымі сегментамі матэрыі ўласцівага ім хаатычнага стану.

Філасофскія падставы для аналізу працэсаў самаарганізацыі распрацоўваліся найперш ва ўсходнім мысленні. Аднак і заходння філасофская традыцыя сказала тут сваё слова. У першую чаргу ў нямецкім класічным ідэалізме былі выказаныя ідэі, надзвычай важныя і плённыя ў гэтым кантэксце. Так, Шэлінг у сваёй натурфіласофскай канцэпцыі разглядае прыроду як цэлае, якому найістотнейшым чынам уласцівая самаарганізацыя, якая выклікаецца “барацьбой” дзвюх яе супрацьлеглых тэндэнцый – скіраванасцю ў бясконцае і супрацьдзеяннем ёй, якое імкнецца павярнуць прыроду і яе прычыннасць да самой сябе [46, т.9, c.510].

Важнай перадумовай інтэнсіўнага і паспяховага даследавання працэсаў самаарганізацыі з’явілася таксама развіццё сістэмнага мыслення, сістэмнай філасофіі ў навуцы ХХ ст. Распрацаваная пасля другой сусветнай вайны ўсеагульная тэорыя сістэм мела на мэце выяўленне ўіверсальных характарыстык фізічных, хімічных, біялагічных і грамадскіх сістэмных утварэнняў. Істотнае значэнне ў гэтым плане мелі даследаванні аўстрыйскага біёлага Л.фон Берталанфі (1901-1972), які яшчэ ў 30-х гг. зрабіў першыя крокі да яе распрацоўкі. Берталанфі ўзняўся да разумення жывой істоты як адкрытай сістэмы, адкрытай для інтэнсіўнага ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем. Для адэкватнага апісання такога кшталту ўтварэнняў істотнае значэнне мусіць мець паняцце дынамічнай, зменлівай раўнавагі (яшчэ да Берталанфі яно выкарыстоўвалася В.Оствальдам) [46, т.10, c.860].

У адкрытых сістэмах асаблівае значэнне набываюць механізмы рэгулявання тых працэсаў, што ў іх адбываюцца. З неабходнасці тэарэтычнага апісання дадзеных механізмаў паўстала кібернетыка (якую можна вызначыць як фармальную тэорыю рэгулявання дынамічных сістэм [40, c.183]) з яе грунтоўнай ідэяй, ідэяй зваротнай сувязі. Праўда, пагрунтаваная на прынцыпах кібернетыкі тэорыя сістэм мела на мэце найперш вывучэнне працэсаў, скіраваных на захаванне існай структуры праз перапрацоўку знешніх уздзеянняў, і таму знайшла найбольш эфектыўны ўжытак у сферы тэхнікі. Тым не менш яна грунтоўным чынам паспрыяла выяўленню спецыфікі адкрытых складаных сістэм, якім уласцівая самарэгуляцыя і яскравым прыкладам якіх з’яўляюцца жывыя істоты [46, т.10, c.860].

У навуковай літаратуры вылучаюцца два тыпы працэсаў самаарганізацыі: кансерватыўны і дысіпатыўны [40, c.335; 46, т.9, c.510]. Кансерватыўная самаарганізацыя мае месца ў тым выпадку, калі задзейнічаная ў яе рамках дынаміка скіраваная на ўтварэнне раўнаважных структур. Прыкладамі такіх працэсаў з’яўляецца ўтварэнне ядраў атамаў (праз задзейнічанне моцных узаемадзеянняў), малекул (праз электрамагнітныя ўзаемадзеянні), галактык (праз сілы гравітацыі). Сістэмы, якім уласцівая кансерватыўная самаарганізацыя, характарызуюцца, значыцца, скіраванасцю на захаванне сваёй структуры. А вось калі сістэмы эвалюцыянуюць, г. зн. калі ў іх адбываецца няспыннае структураўтварэнне, дык у такім выпадку назіраецца дысіпатыўны яе тып. У якасці прыкладаў такіх сістэм могуць фігураваць далёкія ад раўнавагі фізічна-хімічныя сістэмы, жывыя істоты (якраз у дачыненні да іх тэрмін “самаарганізацыя” быў, мяркуючы па ўсім, упершыню ўжыты ў філасофскім кантэксце [46, т.9, c.510]), сацыякультурныя ўтварэнні.

Вырашальныя падзеі ў кантэксце сцвярджэння ідэі самаарганізацыі ў сучаснай навуцы адбыліся ў 60-х гг. ХХ ст. менавіта дзякуючы вывучэнню дысіпатыўных працэсаў. Грунтоўнае значэнне мелі пры гэтым даследаванні І.Прыгожына і яго супрацоўнікаў (“Брусельская школа”), а таксама працы нямецкага фізіка Г.Хакена. У цэнтры ўвагі прадстаўнікоў Брусельскай школы знаходзіліся працэсы самаарганізацыі ў адкрытых сістэмах, далёкіх ад тэрмадынамічнай раўнавагі. І.Прыгожын прыйшоў да высновы, што ў паводзінах такіх сістэм і ў такіх умовах найгрунтоўнейшая роля належыць флуктуацыям (адхіленням ад пэўнага “сярэдняга” стану). Цалкам магчыма, што некаторыя з іх узмацняцца і “ахопяць усю сістэму, змушаючы яе эвалюцыянаваць да новага рэжыму, зусім далёкага ад стацыянарных станаў, якія адпавядаюць мінімальнаму прадуктаванню энтрапіі” [75, c.140-141].

Той момант, што вырашальнае значэнне для будучыні адкрытай і далёкай ад раўнаважнага стану сістэмы набываюць менавіта флуктуацыі (пэўныя з іх), а не сярэднія значэнні яе параметраў, найяскравейшым чынам выяўляецца ў яе паводзінах, калі яна знаходзіцца паблізу кропкі біфуркацыі. Справа ў тым, што ў “біфуркацыйных” варунках перад сістэмай адкрываюцца розныя магчымасці для далейшай эвалюцыі [75, c.169-170]. Які з магчымых шляхоў будзе ёй абраны, папярэдне вызначыць немагчыма, бо тут якраз і выконвае пэўная з выпадковых флуктуацый сваю грунтоўную ўпарадкавальную місію (“парадак праз флуктуацыю” – так быў названы І.Прыгожыным прынцып падобнага структураўтварэння) [75, c.177]. Відавочна, такім чынам, што эвалюцыя адпаведных сістэм мае нелінейны, адкрыты і незваротны характар (абагульнена яго можна назваць “біфуркацыйным”). У сувязі з гэтым найістотнейшае значэнне пры іх апісанні набывае тэмпаральны аспект (адбываецца, калі выкарыстаць выраз І.Прыгожына, “пераадкрыццё часу” [11; 75, с.XXVIII]).

Важнае месца ў вывучэнні працэсаў самаарганізацыі і самаўпарадкавання займаюць, як указвалася вышэй, і даследаванні Г.Хакена. У 1969 г. ім быў уведзены тэрмін “сінергетыка” [110] (ад старажытнагр. συνέργεια – супольная дзейнасць), што меў на мэце абазначыць міждысцыплінарны кірунак навуковых пошукаў, засяроджаных на паводзінах складаных, адкрытых сістэм, у якіх адбываюцца згаданыя працэсы. Зыходным пунктам для распрацоўкі сінергетычнага вучэння паслужыла даследаванне фазавых пераходаў, што адбываюцца ў складзеных з мноства часцінак фізічных сістэмах як вынік кааператыўных паводзінаў іх шматлікіх складнікаў. Пры гэтым кааператыўныя паводзіны кампанентаў адпаведнай сістэмы разглядаюцца як абумоўленыя яе нестабільным станам. У якасці істотных характарыстык сінергетычных працэсаў падаюцца таксама наяўнасць упарадкавальнага параметра і падпарадкаванне пэўнай групай элементаў сістэмы яе іншых складовых частак (“прынцып заняволення”) [34, т.4, c.253].

На постсавецкай прасторы ідэя самаарганізацыі выступіла як аснова для канцэпцыі глабальнага (ці ўніверсальнага) эвалюцыянізму (М.М.Маісееў, В.С.Сцёпін). Найгрунтоўнейшае значэнне ў дадзенай канцэпцыі мае сістэмны падыход, уяўленне пра свет як пра глабальную сістэму (“гіпотэза пра суперсістэму”) [8, c.5]. Згаданае ўяўленне, а таксама той момант, што складаныя сістэмы значна больш уразлівыя, чым простыя і прымітыўныя, набылі ў ёй статус рэгулятыўнага прынцыпу. Паколькі Сусвет уяўляе сабой цэласнае ўтварэнне, падсістэмы якога шчыльна звязаныя паміж сабой, чалавек і чалавецтва як надзвычай актыўны, уплывовы і дынамічны фактар яго эвалюцыі мусіць усвядоміць сваю адказнасць за яго лёс (а таму і за сваю ўласную прышласць). Найперш людзі павінны адказна паставіцца да іх стасункаў з біясферай і не дапусціць яе татальнай дэстабілізацыі. Справа ў тым, што ў такім стане ў яе абсягу будуць з неабходнасцю задзейнічаныя біфуркацыйныя эвалюцыйныя механізмы, у выніку чаго біясфера можа рэарганізавацца самым нечаканым чынам. Цалкам магчыма, што ў гэтым новым яе стане месца для чалавека ў ёй ужо не будзе [8, c.8]. Адсюль вынікае неабходнасць кааператыўных паводзінаў людзей, здольных гарманізаваць іх узаемадзеянне з навакольным асяроддзем [8, c.12] і іх вывядзення на новы – сапраўды наасферны – узровень [8, c.17-18]. Гэта, безумоўна, грунтоўна складаная і важная задача, і той момант, што яна ставіцца перад чалавецтвам, належыць да самых важкіх заслуг канцэпцыі ўніверсальнага эвалюцыянізму.

Такім чынам, сутнасцю працэсаў самаарганізацыі з’яўляецца павышэнне ўзроўню ўпарадканасці тых сістэм, у якіх яны адбываюцца. Важнай перадумовай інтэнсіўнага і паспяховага даследавання працэсаў самаарганізацыі з’явілася развіццё сістэмнага мыслення ў навуцы ХХ ст. У гэтым плане неабходна найперш адзначыць распрацоўку ўсеагульнай тэорыі сістэм і кібернетыкі. У навуковай літаратуры вылучаюцца два тыпы працэсаў самаарганізацыі: кансерватыўны (у выніку ўтвараюцца раўнаважныя, стабільныя структуры) і дысіпатыўны (адпаведныя сістэмы няспынна эвалюцыянуюць, знаходзяцца ў стане інтэнсіўнага структураўтварэння). У 60-х гг. ХХ ст. дзякуючы вывучэнню дысіпатыўных працэсаў ідэя самаарганізацыі трывала замацавалася ў абсягу сучаснай навукі. Істотнае значэнне мелі пры гэтым працы прадстаўнікоў Брусельскай школы, засяроджаных на вывучэнні далёкіх ад тэрмадынамічнай раўнавагі адкрытых сістэм і даследаванні нямецкага фізіка Г.Хакена, прысвечаных самаарганізацыі ў складзеных з мноства часцінак фізічных сістэмах у выніку кааператыўных паводзінаў іх элементаў. На постсавецкай прасторы ідэя самаарганізацыі выступіла як аснова для канцэпцыі глабальнага (універсальнага) эвалюцыянізму. Грунтоўнае значэнне дадзенай канцэпцыі – у тым, што яна заклікае чалавецтва да адказных, узважаных, разумных паводзінаў у цэласным, сістэмна арганізаваным Сусвеце.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Якое месца ў Сусвеце, на Вашу думку, займаюць дысіпатыўная і кансерватыўная самаарганізацыя? Як яны суадносяцца паміж сабой?

2. Наколькі слушным з’яўляецца, на Ваша меркаванне, разгляд прапанаванай Т.Кунам тэарэтычнай рэканструкцыі развіцця навуковага пазнання (гл. 2.1) у кантэксце вучэння пра самаарганізацыю? З якім тыпам самарганізацыі можна суаднесці перыяд нармальнай навукі і з якім –крызісную сітуацыю ў ёй і яе рэвалюцыйныя пераўтварэнні?

3. Як Вы растлумачыце той момант, што вучэнне пра самаарганізацыю набыло міждысцыплінарны характар?

4. У параграфе 1.2 даводзіцца, што вучэнне пра самаарганізацыю спрыяе распрацоўцы новага вобразу прыроды, здольнага паслужыць грунтам для адухатвораных стасункаў паміж чалавекам і прыродай. Прааналізуйце гэтыя сцверджанні на аснове матэрылу, пададзенага ў параграфе 4.17.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 467; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.021 сек.