Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лістападаўская рэвалюцыя 1918 г. Заканчэнне рэвалюцыі, яе характар і значэнне




Аднак пакуль рыхтавалася ахвяра і адшукваліся шляхі да выгоднага манеўру ў вайне, адбылося непапраўнае – пачалася рэвалюцыя. Масы не заўважылі дрэнна разрэкламаваныя кастрычніцкія рэформы ўраду, што па-сутнасці пераўтваралі Германію ў канстытуцыйную манархію, а некалі магутныя кайзер і генералітэт сітуацыяй ужо не валодалі.

Спачатку выбухнуў імперскі флот. 28 кастрычніка 1918 г. адбыліся першыя хваляванні ў Вільгельмсхафэне і Кілі. Кайзер абачліва пакінуў сталіцу. 3 лістапада выступленні маракоў у Кілі, актыўна падтрыманыя рабочымі, перарастаюць у сапраўднае паўстанне. У горадзе ствараюцца саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 6 лістапада рэвалюцыя перакінулася на былыя ганзейскія гарады – Гамбург, Брэмен і Любек, а 7 лістапада – на Баварыю, адразу ж абвешчаную рэспублікай. Берлінская агульная забастоўка 9 лістапада сталі апошняй кропляй – манархія спыніла сваё існаванне. Макс Бадэнскі абвясціў аб вырачэнні кайзера і сам пайшоў у адстаўку. У той жа дзень была абвешчана Германская рэспубліка.

Ва ўмовах рэвалюцыі палітычныя эліты Германіі прыйшлі да яснага разумення неабходнасці абаперціся на папулярных у народзе памяркоўных левых. Узначаліць урад запрасілі сацыял-дэмакратаў. Новым канцлерам стаў лідар СДПГ Фрыдрых Эберт. Яго партыя заручылася падтрымкай Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (НСДПГ) і разам з ёй стварыла кааліцыйны пераходны ўрад.

Тым не менш, як і ў Расіі, у Германіі адразу намецілася "двоеўладдзе". Па-рэвалюцыйнаму легітымны кааліцыйны ўрад СДПГ-НСДПГ некаторы час суіснаваў з яшчэ адной магутнай сілай у краіне – Саветамі. Пры гэтым першы не супрацьпастаўляў сябе другім: урад атрымаў назву Савет народных упаўнаважаных (СНУ), а яго міністры самі бралі ўдзел у дзейнасці савецкіх органаў.

Важнейшымі задачамі СНУ сталі: заключэнне перамір'я, а затым міру з Антантай, правядзенне сацыяльных і палітычных рэформаў для нармалізацыі становішча ў краіне. На шчасце Ф. Эберта і яго ўраду, іх падтрымаў германскі эстэблішмент. Пераемнік Людэндорфа на пасадзе кіраўніка Генеральнага штабу, генерал Гронэр, запэўніў канцлера ў падтрымцы войска (10 лістапада), а прадстаўнікі прадпрымальнікаў і прафсаюзаў падпісалі буйнамаштабнае пагадненне, т.зв. Пакт Сцінеса-Легіена (15 лістапада), якім бакі гарантавалі ураду стабільнасць у прамысловасці. А, самае галоўнае, новае кіраўніцтва Германіі было падтрымана асноўнай масай нямецкіх рабочых, якія сталі паціху адыходзіць ад рэвалюцыі.

Пасля бурлівай першай лістападаўскай дэкады большасць нямецкіх сацыял-дэмакратаў палічыла, што яе праграмныя ўстаноўкі ўжо рэалізаваныя, і замест паглыблення сацыяльна-эканамічнага і палітычнага зместу рэвалюцыі прапаноўвала перайсці да замацавання яе агульнадэмакратычных заваёў. Лідары СДПГ і НСДПГ схіляліся да найхутчэйшага склікання Устаноўчага сходу. За ўладу Саветаў выказвалася толькі невялікая група радыкалаў з НСДПГ. 11 лістапада яна канстытуіравалася ў "Саюз Спартака" – ядро будучай камуністычнай партыі – са сваімі ЦК і друкаваным органам.

Лістападаўская рэвалюцыя дала магутны штуршок партыяўтваральным працэсам у краіне. Старая партыйная сістэма і большасць дарэвалюцыйных партыяў ужо не вытрымлівалі патрабаванняў часу. У лістападзе-снежні 1918 г. цэнтрысты-каталікі з Паўночнага-Захаду Германіі стварылі Хрысціянска-дэмакратычную партыю, прагрэсісты і памяркоўнае крыло нацыянал-лібералаў ўтварылі Нямецкую дэмакратычную партыю (НДП), а правае крыло лібералаў заснавала Нямецкую народную партыю (ННП). Былая партыя кансерватараў стала Нямецкай нацыянальнай народнай партыяй (НННП). Нарэшце, на рубяжы 1918 і 1919 гг. з'явіцца і Камуністычная партыя Германіі (КПГ). Спакойна перажыць вайну і рэвалюцыю здолелі толькі сацыл-дэмакраты і каталіцкая Партыя Цэнтру.

Падобная актыўнасць палітычнай эліты была невыпадковай – набліжаліся выбары ў Нацыянальны ўстаноўчы сход. Саветы паступова ператвараюцца ў другарадныя рабочыя арганізацыі, далёкія ад эфектыўных рычагоў дзяржаўнага кіравання.

Страта Саветамі ініцыятывы была яшчэ раз прадэманстравана І Усегерманскім з'ездам Саветаў (16-21 снежня 1918 г.). Яго рэфармісцкая большасць рашуча выказалася супраць неадкладнага абагульнення ўласнасці (344 галасы супраць 98), за перадачу усёй заканадаўчай і выканаўчай улады ў краіне СНУ, а таксама за найхутчэйшае правядзенне выбараў у Нацыянальны ўстаноўчы сход (400 супраць 50 галасоў).

"Саюз Спартака" не пагадзіўся з гэтай здрадай сацыялістычнай рэвалюцыі і на сваёй канферэнцыі, якая адбылася 30 снежня 1918 г. - 1 студзеня 1919 г., стварыў асобную, праўдзіва рэвалюцыйную – КПГ. Разам з актывістамі левага крыла НСДПГ "спартакаўцы" ўзнялі антыўрадавае паўстанне (5-11 студзеня). Яно скончылася поўным разгромам. Спробы радыкальна настроенага пралетарыяту Берліна, Брэмена (тут з 10 студзеня да 4 лютага існавала Брэменская савецкая рэспубліка), Гале, Гамбурга і некаторых іншых гарадоў Германіі скіраваць краіну па расійска-бальшавіцкаму шляху былі задушаныя супольнымі сіламі правых сацыял-дэмакратаў і вайсковага кіраўніцтва. Пасля забойства 15 студзеня 1919 г. лідараў германскіх камуністаў, Карла Лібкнехта і Розы Люксембург, і прыходу да ўлады больш асцярожнага кіраўніцтва актыўнасць камуністаў на пэўны час затухае.

Апошнім уздымам рэвалюцыйнай хвалі стала абвяшчэнне 7 красавіка 1919 г. Баварскай Савецкай Рэспублікі. Але праіснавала яна толькі да 1 траўня, калі была разгромлена ўрадавымі сіламі.

Лістападаўская рэвалюцыя 1918 г. у Германіі стала важнай вяхой у гісторыі краіны. Гэта была сапраўды народная, дэмакратычная і антымілітарысцкая рэвалюцыя. Актыўны ўдзел у ёй бралі шырокія масы рабочых, сялян, інтэлігенцыі і прагрэсіўных колаў буржуазіі. Яна паклала канец бессэнсоўнай крывавай бойні на франтах сусветнай вайны, прывяла да злому старой імперскай Германіі і абвяшчэння рэспублікі, адкрыла перад краінай шырокія магчымасці беспрэцэдэнтнага у яе гісторыі дэмакратычнага будаўніцтва.

Тым не менш, далейшая гісторыя Германіі яскрава прадэманстравала незавершанасць буржуазна-дэмакратычных пераўтварэнняў рэвалюцыі і хісткасць грамадска-палітычнай канструкцыі Веймарскай рэспублікі, якая паўстала на руінах імперыі.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 714; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.013 сек.