Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Стварэнне адзінага рабочага і шырокага Народнага фронту. Палітыка ўраду Народнага фронту




Пагроза дыктатуры садзейнічала кансалідацыі ўсіх антыфашысцкіх сіл. Гэтаму спрыяла фактычная адмова ФКП ад былой сектанцкай тактыкі "клас супраць класу". Новае цэнтрысцкае кіраўніцтва партыі на чале з Марысам Тарэзам і Жакам Дзюкло ўзяло курс на пашырэнне сацыяльнай базы ФКП, уключылася працэс стварэння міжнароднага грамадскага руху "Амстэрдам-Пляель". Актывізаваліся кантакты з сацыялістамі.

У чэрвені 1934 г. ФКП і СФІО падпісалі Пакт аб адзінстве дзеянняў, якое азначала імкненне да аб’яднання намаганняў у барацьбе супраць мілітарызму, фашызму, у абароне дэмакратычных свабод і канстытуцыйнага ладу. У 1935 г. у святле змены тактычнай лініі Камінтэрну камуністы выступілі з лозунгам "народнага фронту". На гэтай базе антыфашысцкія сілы і згуртаваліся напярэдадні парламенцкіх выбараў 1936 г.

Гэтак пад час сумеснай падрыхтоўкі да святкавання 14 ліпеня, "Дня ўзяцця Бастыліі", ФКП і СФІО заключылі пагадненне аб сумесных дзеяннях з партыяй радыкалаў і радыкал-сацыялістаў. Важным крокам да адзінства антыфашысцкіх сіл стала аб’яднанне прафсаюзных арганізацый камуністаў і сацыялістаў – УКП і УУКП. Напачатку 1936 г. была распрацавана праграма Народнага фронту.

Сутнасць яе зводзілася да наступнага. У палітычнай сферы прадугледжвалася рэалізацыя антыфашысцкай агульнадэмакратычнай праграмы: абарона палітычных свабод, барацьба з фашызмам і тэрарызмам, дэмакратызацыя сістэмы адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі, абарона міру і барацьба за раззбраенне. Сярод эканамічных мэтаў былі: скарачэнне беспрацоўя, падтрымка сельскай гаспадаркі, захады па фінансаваму аздараўленню. Планы нацыяналізацыі важнейшых прадпрыемстваў і банкаў, планавасць развіцця эканомікі, дзяржаўны кантроль над фінансавымі аперацыямі, актыўная інвестыцыйная палітыка дзяржавы і ўзмацненне рэгулявання працоўных адносін, сведчылі аб выпрацоўцы сацыял-рэфармісцкага варыянта палітыкі дырыжызму.

На красавіцкіх выбарах 1936 г. партыі Народнага фронту атрымалі 375 месцаў з 610, у т.л. 146- сацыялісты, 116 – радыкалы, 72 – камуністы (найлепшы вынік у іх нядоўгай гісторыі). Асаблівасць новай урадавай кааліцыі заключалася ў тым, што ФКП адмовілася ад непасрэднага ўдзелу ва ўрадзе, а абмежавалася яго парламенцкай і пазапарламенцкай падтрымкай. Ужо гэта, безумоўна, сведчыла пра недастатковую трываласць блоку антыфашысцкіх сіл.

Першы ўрад Народнага фронту на чале з лідэрам сацыялістаў Леонам Блюмам ужо за лета 1936 г. правёў праз парламент больш за 130 законаў, пераважна сацыяльнай скіраванасці. У прыватнасці, быў уведзены 40-гадзінны працоўны тыдзень, аплатныя адпачынкі для рабочых і служачых, абавязковымі сталі калектыўныя пагадненні паміж прафсаюзамі і прадпрымальнікамі, падвышэнне заробкаў. Таксама да 14 гадоў было падоўжана абавязковая школьная адукацыя, створана Міністэрства спорту і культуры і г.д.

У сферы эканамічнага рэгулявання ўрад Л. Блюма ажыццявіў прагрэсіўную падатковую рэформу, палепшыў умовы крэдытавання дробных гандляроў і рамеснікаў, для беспрацоўных ствараліся грамадскія работы. Рэарганізацыю зазнаў Нацыянальны банк, а кіраванне ім перайшло ў рукі дзяржаўных чыноўнікаў. Часткова нацыяналізаваны быў ваенны сектар прамысловасці. Спецыяльна створанае Збожжавае бюро занялася стабілізацыяй харчовага рынку.

У цэлым эфектыўны і своечасовы сацыял-рэфармісцкі курс ураду Л. Блюма выклікаў супрацьдзеянне манапалістычных і фінансавых колаў. У 1936-1937 гг. у выніку "уцёкаў капіталу" ў замежныя банкі было пераведзена каля 100 млрд. франкаў. Фінансавыя праблемы тлумачыліся таксама і рэзкім пашырэннем сацыяльнага заканадаўства: дзяржаўны доўг толькі за першы год дзейнасці ўраду Народнага фронту вырас на 16 млрд. франкаў, змяншаўся залаты запас Францыі. Урад быў вымушаны пайсці на 30% дэвальвацыю. Да разбуральных наступстваў фінансавага крызісу далучыліся праблемы ад новай хвалі эканамічнага крызісу ў 1937 г. Узровень вытворчасці упаў да 70% ад дакрызіснага 1929 г., аднавіўся рост беспрацоўя і інфляцыі. Не атрымаўшы дадатковых паўнамоцтваў, Л. Блюм дэманстратыўна падаў у адстаўку.

Новы кіраўнік ураду Народнага фронту К. Шатан паспрабаваў вярнуцца да палітыкі жорсткай эканоміі. Аднак значнае павышэнне ўскосных падаткаў і новая дэвальвацыя франку, рэвізія сацыяльнага заканадаўства папярэдняга ўраду не толькі не дазволілі палепшыць эканамічную сітуацыю ў краіне, але заканамерна выклікалі разлад і крызіс у самім Народным фронце.

Адстаўка К. Шатана (студзень 1938 г.) вярнула прэм’ерства Л. Блюму. Аднак яго план стабілізацыі правячай кааліцыі галоўным чынам прадугледжваў палітычна-арганізацыйныя мерапрыемствы, напрыклад, пашырэнне кааліцыйнага ўраду за кошт і камуністаў, з левага флангу, і за кошт Дэмакратычнага альянсу – з правага. Не сустрэўшы падтрымкі ні адных, ні другіх, і не маючы магчымасці ў бягучых абставінах забяспечыць прыняцце неабходных радыкальных фінансавых і эканамічных мерапрыемстваў, Л. Блюм не бачыў іншага выйсця акрамя, як у атрыманні надзвычайных паўнамоцтваў для ўраду. Чарговы правал гэтых планаў ізноў каштаваў яму пасады.

Прызначэнне ў красавіку 1938 г. на пасаду прэм’ер-міністра лідэра радыкалаў Э. Далад’е (красавік 1938 – сакавік 1940 гг.) фактычна азначаў палітычную смерць Народнага фронту. Яго фармальнае існаванне працягвалася, але новы кіраўнік ураду абвясціў аб пачатку правядзення "нацыянальнага курсу" і адмовіўся да выканання праграмы кааліцыі, прынятай у 1936 г.

Крызіс і крах Народнага фронту ў Францыі тлумачыўся перадусім адсутнасцю адзінства як паміж партыямі кааліцыі, гэтак і паміж фракцыямі гэтых партый. Глыбокія ідэалагічныя рознагалоссі не дазвалялі яго ўрадам праводзіць паслядоўную ўнутраную палітыку – хістанні ад папулісцкіх маштабных сацыяльных пераўтварэнняў да рэжыму жорсткай эканоміі яшчэ больш паглыблялі бездань паміж намінальнымі саюзнікамі і, самае галоўнае, адмоўна адбіваліся на эканоміцы краіны. Бязвольны знешнепалітычны курс яшчэ больш выразна прадэманстраваў той палітычны тупік, у якім апынуўся Народны фронт.

Э. Далад’е запрасіў да супрацоўніцтва ўсе парламенцкія партыі, абвясціў аб стварэнні шырокага "ураду нацыянальнай абароны" і дзякуючы гэтаму здолеў дамагчыся надзвычайных паўнамоцтваў. Пачаўся рэзкі адыход ад сацыяльна арыентаванай палітыкі Народнага фронту: зніжаліся падаткі на буйны капітал, у інтарэсах вытворцаў была праведзена новая дэвальвацыя франку, павышаліся тарыфы і практычна скасаваны 40-гадзінны працоўны тыдзень. Восенню 1938 г. урад пайшоў на новыя жорсткія захады і СФІО і ФКП перайшлі ў адкрытую апазіцыю да ўраду.

У выніку ўрадавай палітыкі былі акумуліраваныя значныя сродкі неабходныя для разгортвання буйнамаштабнага вайсковага будаўніцтва. У 1938 г. нарэшце пачалі рэалізацыю “праграмы даўзбраенняў”, прынятую яшчэ ў 1936 г. Гэта ўзмацніла дзяржаўнае рэгуляванне эканамічнага развіцця. Дзякуючы жорсткаму дырыжызму Э. Далад’е, удалося прыкметна ўмацаваць абароназдольнасць краіны і забяспечыць хуткі эканамічны рост. Аднак адсутнасць трывалага палітычнага адзінства і фатальныя знешнепалітычныя пралікі пераважылі гэтыя дасягненні. Рэжым Трэцяй рэспублікі ў Францыі дажываў апошнія месяцы.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 565; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.009 сек.