Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Знешняя палітыка Румыніі ў перыяд стабілізацыі




Знешнепалітычны курс Румыніі на забеспячэнне сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці і стабільнасці ў Еўропе быў працягнуты. У 1924 г. Румыніяй былі зроблены спробы нармалізаваць адносіны з Савецкім Саюзам і дамагчыся прызнання ім новай мяжы паміж дзяржавамі. Аднак кампраміс так і не быў знойдзены. Пасля Татарбунарскага паўстання (верасень 1924 г.) у Бесарабіі, адказнасць за якое румынскія ўлады ўсклалі на савецкі бок, яго крывавага падаўлення сіламі рэгулярных войск і жорсткага судовага пераследавання ўдзельнікаў ("працэс 500") перагаворы канчаткова зайшлі ў тупік і амаль цэлае дзесяцігоддзе не ўзнаўляліся.

У 1926 г. быў заключаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве з Італіяй. Рабіліся спробы заключэння маштабнага пагаднення з Францыяй. Румынія падтрымала міжнародныя міралюбівыя ініцыятывы: у 1928 г. яна далучылася да пакта Брыяна-Кэлага і ў наступным годзе падпісала Маскоўскі пратакол аб датэрміновым увядзенні гэтага пакта ў дзеянне.

Румынія ў перыяд сусветнага эканамічнага крызісу. Узрастанне залежнасці эканомікі ад замежнага капіталу. Крызіс парламентарызму. "Жалезная гвардыя". Усталяванне каралеўскай дыктатуры і стварэнне Фронту нацыянальнага адраджэння.

Першыя крызісныя з'явы праявіліся ў некаторых сферах румынскай эканомікі яшчэ ў 1928 г. З канца 1929 г. яны перараслі ў магутны эканамічны крызіс. Свайго апагею ён дасягнуў у 1932 г., калі прамысловая вытворчасць упала адносна дакрызіснага ўзроўню ажно на 57,7%. Спыніліся сотні прадпрыемстваў здабываючай, апрацоўваючай, лёгкай прамысловасці, згарнулася вытворчасць буйных металургічных заводаў. Толькі па два-тры дні ў тыдзень працавалі прадпрыемствы харчовай, тэкстыльнай, гарбарнай ды іншых традыцыйных галін румынскай прамысловасці. Згортванне прамысловай вытворчасці суправаджалася масавымі звальненнем працоўных. У 1932 г. армія беспрацоўных і занятых няпоўны рабочы тыдзень узрасла да 600 тыс. чалавек.

Асаблівае становішча ў гады крызісу склалася ў нафтаздабываючай галіне. Здабыча "чорнага золата" за кошт зніжэння яе сабекошту (праз скарачэнне заробкаў нафтавікоў) і драпежніцкай эксплуатацыі радовішчаў замежнымі кампаніямі ўзрасла з 4,8 да 7,3 млн. т.

Катастрафічным сусветны эканамічны крызіс аказаўся для румынскай вёскі. Абвал коштаў на сельскагаспадарчую прадукцыю і скарачэнне пасяўных плошчаў, невыносны падатковы цяжар і узрастанне запазычанасці сялянскіх гаспадарак узмацнялі расслаенне румынскай вёскі і пашыралі і без таго немалую бяднейшую яе праслойку. Цяжкія матэрыяльныя ўмовы вяскоўцаў і практычна поўная адсутнасць нармальнай медыцынскай дапамогі вялі да таго, што смяротнасць дзяцей да аднаго года дасягала 90%!

Нацыянал-цэранісцкія ўрады спрабавалі знайсці выйсце з крызісу праз рэалізацыю палітыкі "адчыненых дзвярэй". Аднак атрыманне замежных крэдытаў на кабальных умовах, выдача замежным кампаніям шчодрых канцэсіяў на распрацоўку нетраў краіны і г.д. найбольш спрыяла ўзбагачэнню эканамічнай і палітычнай эліты Румыніі, а не аздараўленню эканомікі ў цэлым.

Наступленне сусветнага эканамічнага крызісу ўвогуле канчаткова прадэманстравала немагчымасць рэалізацыі перадвыбарчых абяцанняў НЦП. Гэтаму перашкаджала і нестабільнасць нацыянал-цэрансцкіх урадаў – за перыяд з 1928 па 1933 гг. змянілася 9 кабінетаў. Аслабленне іх пазіцыяў было таксама звязана з нарастаннем прынцыповага палітычнага канфлікту паміж іх лідэрам і прэм'ер-міністрам краіны Юліу Маніу і новым каралём Каралям ІІ (1930-1940), які скарыстаўшыся наступленнем крызісу са згоды ўраду вярнуўся ў краіну і змясціў з трону свайго 8-гадовага сына. Першы выступаў у падтрымку захавання існуючай буржуазна-дэмакратычнай парламенцкай мадэлі пад кантролем канстытуцыйнай манархіі, другі – за ўсталяванне аўтарытарнай сістэмы праўлення, пры якой манарх станавіўся б вырашальным фактарам палітычнага жыцця і ініцыятарам усіх палітычных дзеянняў. Разрыў з Каралям ІІ і адстаўка Ю. Маніу ў кастрычніку 1930 г. з пасады галавы ўраду можна лічыць заканчэннем дэмакратычнага эксперыменту ў Румыніі.

Акрамя таго, сусветны эканамічны крызіс і нарастанне палітычнай нестабільнасці праяўлялася таксама ў далейшым аслабленні і фрагментацыі партыйнай сістэмы Румыніі. Калі, напрыклад, у 1928 г. дзейнічала 7 значных буржуазных партыяў, то ў 1932 г. праз шматлікія расколы на палітычнай арэне дзейнічала ўжо 17 партыяў і груповак.

Яшчэ адным яркім сведчаннем агульнага крызісу буржуазна-парламенцкага ладу ў Румыніі напачатку 1930 - х гг. стала актывізацыя і рост папулярнасці скрайне правых палітычных сіл. Яшчэ ў першыя пасляваенныя гады ў Румыніі з'явіўся цэлы шэраг фашысцкіх арганізацый, створаных па італьянскім узоры. У 1927 г. быў заснаваны ультранацыяналістычны, антыліберальны і антыкамуністычны, антысеміцкі і фашысцкі па свайму характару "Легіён Міхаіла Архангела". У 1930 г. было заснавана яго ваенізаванае палітычнае крыло – "Жалезная гвардыя".

Сярод падобных арганізацый і рухаў тагачаснай Еўропы "Легіён Міхаіла Архангела"/"Жалезная гвардыя" найперш вылучаліся сваёй адкрытай рэлігійнасцю ў форме праваслаўя. Сімвалам барацьбы "легіянераў" ("зялёных кашуляў") супраць усялякай "зямной нечысці" быў абраны архангел Міхаіл, архістратыг нябеснага Боскага ваярства, якое супрацьстаіць цёмным д'ябальскім сілам. Лідэр і заснавальнік, ідэолаг арганізацыі – Карнэліу Зэля Кадрану (сапраўднае прозвішча – Зялінскі; яго бацька меў польска-украінскае паходжанне, а маці была немкай) – быў рэлігійным містыкам, які праваслаўную дактрыну неверагодным чынам спалучаў з апраўданнем крывавых тэрарыстычных акцыяў, быццам бы скіраваных на духоўнае адраджэнне нацыі.

Калі "Жалезнай гвардыі" стала пагражаць не толькі грамадскаму спакою, але й існуючым палітычным парадкам у краіне, улады паспрабавалі забараніць яе. Новапрызначаны прэм'ер-міністр ліберал Іон Георге Дука напачатку снежня 1933 г. распусціў гэтую арганізацыю. У адказ напрыканцы таго ж месяцу легіянеры забілі кіраўніка ўраду.

У час дзейнасці ўраду яшчэ аднаго ліберала, Георге Татарэску (1934-1937), сітуацыя ў краіне некалькі стабілізавалася. Галоўнай інтрыгай парламенцкіх выбараў 1937 г. стала супрацьборства НЛП, аслабленых партыйным расколам, і НЦП. Упершыню ў гісторыі краіны ў выбарчай кампаніі было выкарыстана радыё: прэм'ер-міністр Г. Татарэску заклікаў выбаршчыкаў падтрымаць правячую партыю, а апазіцыянерам з НЦП у праве на выступ у эфіры адмовілі. НЛП хаця і засталася партыяй нумар адзін у краіне, аднак не здолела пераадолець 40% рубеж (набрала толькі 35,9%) і атрымаць гэтак неабходны "выбарчы бонус", а таму страціла абсалютную парламенцкую большасць. ("Лібералы-раскольнікі" на чале з Георге Брэціану набралі 20%.) Трэцяе месца на выбарах (15,5% галасоў выбаршчыкаў) заваявалі легіянеры (у 1935 г. "Легіён Міхаіла Архангела" атрымаў новую назву – "Усё дзеля Бацькаўшчыны").

Адсутнасць дамінуючай сілы ў парламенце падрывала і без таго ўжо не надта трывалую базу парламенцкай дэмакратыі Румыніі і ўзмацняла аўтарытарныя тэндэнцыі ў палітычным жыцці краіны. Караль ІІ прызначыў на пасаду галавы ўраду лідэра малапапулярнай (набрала крыху больш за 9% галасоў) праварадыкальнай Нацыянал-хрысціянскай партыі Актавіяна Гогу (снежань 1937 - люты 1938). Урад А. Гогі пратрываў нядоўга, але запомніўся пачаткам афіцыйнай антысеміцкай кампаніі (яўрэяў пазбавілі грамадзянскіх правоў) і рэзкага знешнепалітычнага развароту ў бок гітлераўскай Германіі.

Пад прыкрыццем слабага ўраду на чале з маргінальным палітыкам Кароль ІІ імкнуўся ўсталяваць каралеўскую дыктатуру. 10 лютага 1938 г. Караль ІІ заявіў аб неабходнасці стварэння ўраду нацыянальнага адзінства, праз дзень адправіў у адстаўку А. Гогу, а 12 лютага прызначыў новы кабінет міністраў на чале з праваслаўным патрыярхам Міронам Крысцям. Следам за гэтым надзвычайным урадавым дэкрэтам было ўведзена становішча аблогі, узмоцнена цэнзура, прыпынена дзейнасць палітычных партыяў, было забаронена правядзенне новых выбараў.

20 лютага 1938 г. была апублікаваная новая канстытуцыя. Літаральна праз чатыры дні яна была вынесена на плебісцыт. Аднак, ён стаў толькі пародыяй на народнае волевыяўленне, бо грамадзяне мусілі ўголас выказацца – "так" ці "не" ва – адносна прапанаванага праекту перад спецыяльнай выбарчай камісіяй. Як на тое і разлічвалі ўлады, антыдэмакратычнасць працэдуры забяспечыла плебісцыту ашаламляльны поспех: супраць новай канстытуцыі выказалася толькі 0,13% грамадзян (4583 чалавек). Новы асноўны закон надаў замацаваў каралеўскі дзяржаўны пераварот, ліквідаваў падзел улады і скасаваў шэраг грамадзянскіх правоў і свабодаў.

Для ўмацавання рэжыму каралеўскай дыктатуры была праведзена рэформа адміністрацыйнага ўладкавання. Некалькі паветаў былі аб'яднаныя ў цынуты (усяго 10), на чале якіх стаялі прызначаныя каралём намеснікі. У лістападзе 1938 г. дыктатар-манарх расправіўся з праварадыкальнай апазіцыяй – "Жалезнай гвардыяй", у якой бачылі найбольш рэальную пагрозу каралеўскай дыктатуры. Іх лідэр К. Кадрану быў расстраляны.

Знешняя палітыка Румыніі ў 1930‑я гг. Усталяванне ваеннай дыктатуры І Антанеску.

Нарастанне супярэчнасцяў у міжнароднай палітыцы пасля пачатку сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. патрабаваў ад Румыніі яшчэ большых намаганняў па захаванні і сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці і падтрыманні міру ў Еўропе. У 1933 г. яна падпісала Лонданскую канвенцыю аб вызначэнні агрэсара. У наступным годзе ў Афінах разам з Грэцыяй, Югаславіяй і Турцыяй Румынія ўтварыла т.зв. Балканскую Антанту. Краіны-ўдзельніцы ўзаемна гарантавалі недатыкальнасць межаў і дамаўляліся ўзгоднена выступаць на міжнароднай арэне.

У 1934 г. былі размарожаныя актыўныя двухбаковыя кантакты Румыніі з СССР. Урады двух краін узаемна праз абмен дыпламатычнымі нотамі гарантавалі суверэнітэт і абавязаліся ўстрымлівацца ад умяшання ва ўнутраныя справы. У 1935-1936 гг. вяліся перагаворы па падрыхтоўцы грунтоўнага румына-савецкага дагавора, але скончыліся яны безвынікова.

Нягледзячы на пачатак знешнепалітычнай пераарыентацыі Румыніі на Германію, з 1938 г. становішча Румыніі стала сур'ёзна пагаршацца. Усё мацней гучалі тэрытарыяльныя прэтэнзіі яе суседзяў. Хаця румынскі бок працягваў выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі, яму прыйшлося ў сакавіку 1939 г. заключыць з Германіяй эканамічнае пагадненне. Пасля пачатку другой сусветнай вайны Румынія абвясціла аб сваім нейтралітэце, аднак поспехі нацыстаў, асабліва капітуляцыя Францыі (22 чэрвеня 1940 г.), пакінулі яе ў практычна поўнай знешнепалітычнай ізаляцыі.

Карыстаючыся спрыяльнай міжнародна-палітычнай абстаноўкай і дамоўленасцямі з Германіяй (пакт Молатава-Рыбентропа), 26 чэрвеня 1940 г. СССР ультыматыўна запатрабаваў ад румынскага ўраду неадкладнай эвакуацыі Бесарабіі і паўночнай часткі Букавіны. Нацысцкае кіраўніцтва адкрыта параіла Румыніі пагадзіцца з савецкімі патрабаваннямі, каб не парушаць мір на Балканах. Італія, Грэцыя і Югаславія таксама адмовілі ёй у падтрымцы. Вайна з заведама мацнейшым праціўнікам не пакідала аніякіх шанцаў на поспех і паражэнне немінуча скончылася б падзелам краіны паміж СССР, Венгрыяй, Балгарыяй і нават Германіяй. У выніку, каб захаваць саму дзяржаўнасць Румыніі, яе ўлады змірыліся з савецкім дыктатам і саступілі тэрыторыю плошчай звыш 50 тыс. км.2 з насельніцтвам больш за 3,7 млн. чалавек.

Ва ўмовах, што склаліся, адзіным рэальным гарантам румынскага суверэнітэту магла быць толькі Германія, таму прагерманскія сілы ў краіне ператварыліся ў магутнейшую сілу. У створаны напачатку ліпеня 1940 г. новы урад увайшлі і тры легіянеры. Узмацнілася афіцыйная антысеміцкая кампанія, разлічаная, паміж іншым, і на ўхвальную рэакцыю Берліну. У прыватнасці, былі забаронены шлюбы паміж румынамі і яўрэямі.

Аднак спадзяванням на стабілізацыю знешнепалітычнага становішча не было наканавана спраўдзіцца. Пазіцыя Савецкага Саюзу, Германіі і нават Вялікабрытаніі вымусіла Румынію дамаўляцца з Балгарыяй аб перадачы апошняй паўднёвай часткі Дабруджы. Паколькі падобнага ўрэгулявання румына-венгерскіх тэрытарыяльных спрэчак дасягнуць не ўдалося, 30 жніўня Германія і Італія вырашылі спрэчку метадам дыктату (2-гі Венскі арбітраж): частка Трансільваніі плошчай ў 43 тыс. км.2 перадавалася Венгрыі. Берлін і Рым свядома пераўтваралі трансільванскае пытанне ў пастаянны ачаг напружанасці ў рэгіёне і, правакуючы канкурэнцыю паміж Румыніяй і Венгрыяй, маглі разлічваць на пакорлівасць Бухарэста і Будапешта наўзамен за спрыянне ў канчатковым яго вырашэнні.

Катастрафічныя тэрытарыяльныя страты канчаткова падарвалі легітымнасць Караля ІІ. 6 верасня 1940 г. манарх выракся прастолу на карысць свайго 19-гадовага сына Міхая. Аднак рэальная ўлада дасталася кіраўніку ўраду генералу Іону Антанеску, які ў духу часу атрымаў афіцыйнае званне "кандукэтóрул статулýй" – правадыр дзяржавы. Дзеянне канстытуцыі было прыпынена, парламент – распушчаны. Паколькі адзіным арганізаваным палітычным саюзнікам І. Антанеску сталі легіянеры, Румынія была абвешчана нацыянал-легіянерскай дзяржавай. Неўзабаве адбылося канчатковае збліжэнне з нацысцкай Германіяй. Напачатку кастрычніка 1940 г. на румынскую тэрыторыю былі дапушчаны германскія войскі, а ў лістападзе 1940 г. (праз тры дні пасля Венгрыі) Румынія далучылася да Траістага пакту.

Непрыхаванае імкненне легіянераў да аднаасобнай дыктатуры, якое суправаджалася тэрорам і палітычнымі забойствамі, дыскрэдытавалі легіянерскі рух. Таму ў студзені 1941 г. І. Антанеску пры падтрымцы А. Гітлера, зацікаўленага ў захаванні палітычнай стабільнасці ў Румыніі і прадказальнасці яе ўладаў, расправіўся з легіянерамі. Была ўсталявана ваенная дыктатура І. Антанеску – "кандукэторул" набыў практычна неабмежаваныя дыктатарскія паўнамоцтвы. 22 чэрвеня 1941 г. удзел у нападзе на СССР адкрыў новую, трагічную для Румыніі старонку яе гісторыі – другую сусветную вайну.

 

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 426; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.024 сек.