Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Знешняя палітыка Ф. Франка. Мадрыдскі пакт




З пачаткам "халоднай вайны" знешнепалітычнае становішча франкісцкай Іспаніі палепшылася. Заходнія дзяржавы былі зацікаўленыя ў выкарыстанні антыкамунізму рэжыму Ф.Франка і выгоднага геапалітычнага становішча яго краіны ў сваіх інтарэсах. Ужо на працягу 1949 г. ЗША, Францыя і Вялікабрытанія аднавілі дыпламатычныя адносіны з Іспаніяй. У 1950 г. Генеральная Асамблея ААН скасавала сваю рэзалюцыю 1946 г., тым самым даючы дазвол на прызнанне франкісцкай Іспаніі. Знешнепалітычная ізаляцыя краіны была прарваная. У 1953 г. былі падпісаныя іспана-амерыканскія двухбаковыя пагадненні аб абароне, эканамічнай дапамозе і садзейнічанні ў мэтах узаемнай бяспекі – г.зв. Мадрыдскі пакт. У выніку на трох ваенна паветраных базах Іспаніі былі размешчаныя амерыканскія стратэгічныя ядзерныя бамбардзіроўшчыкі з ядзернай зброяй, а на ваенна-марской базе – падводныя лодкі з ядзернымі ракетамі. Не з'яўляючыся членам НАТО, Іспанія стала важнейшым элементам сістэмы паўночнаатлантычнай салідарнасці. Вялікае значэнне для далейшага паляпшэння знешнепалітычнага становішча краіны стаў візіт амерыканскага прэзідэнта Д. Эйзенхаўэра ў Мадрыд (1959). У 1955 г. Іспанія стала членам ААН, а з 1958 г. стала супрацоўнічаць з Сусветным банкам. Важнае значэнне для Іспаніі мела падпісанне канкардату з Ватыканам (1953).

Напрыканцы 1960-х гг. габралтарскае пытанне прывяло да абвастрэння іспана-брытанскіх адносінаў. З 1704 г., з часоў вайны з Іспанскую спадчыну, Гібралтар – самы паўднёвы ўскраек Пірэнейскага паўвострава плошчай каля 7 кв.км. – знаходзіўся ў руках Вялікабрытаніі. Любыя прэтэнзіі Іспаніі на аднаўленне суверэнітэту над стратэгічна важнай кропкай на выйсці з Міжземнага мора ў Атлантычны акіян натыкаліся на рашучы адпор брытанцаў. У 1967 г. у Гібралтары быў праведзены рэферэндум, на якім жыхары прагаласавалі за тое, каб і надалей заставацца падданымі Злучанага каралеўства. На знак прынцыповай нязгоды з гэтым рашэннем Іспанія зачыніла мяжу з Гібралтарам.

Прагматызм і агульнае аздараўленне абстаноўкі ў свеце дазволілі Іспаніі з канца 1960-х гг. развіваць гандлёвыя адносіны з сацыялістычнымі краінамі, яна падпісала з некаторымі з іх консульскія і гандлёвыя пагадненні. Нягледзячы на прыярытэтнасць іспана-амерыканскіх адносін, Іспанія захоўвала актыўныя гандлёвыя сувязі з сацыялістычнай Кубай. Для Ф. Франка кубінскі лідар Ф. Кастра найперш быў этнічным іспанцам і дыктатарам, а не камуністам. Не дзіва, што самыя сардэчныя адносіны ў Лацінскай Амерыцы франкісцкі рэжым падтрымліваў з дыктатарскімі рэжымамі – А. Стрэснэра ў Парагваі, А. Самосы ў Нікарагуа і А. Піначэта ў Чылі. У 1973 г. Іспанія ўсталявала дыпламатычныя адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай і прызнала ГДР.

З сярэдзіны 1950-х гг. пад націскам нацыянальна-вызваленчых рухаў франкізм стаў праводзіць больш гнуткую палітыку ў сваё каланіяльнай імперыі. У 1956 г. Іспанія пагадзілася на ліквідацыю пратэктарату ў Паўночным Марока (за выключэннем гарадоў Сеўта і Мелілья, якія ёй належаць дагэтуль) і перадачу гэтай тэрыторыі незалежнаму Марока. А ў лістападзе 1975 г. Іспанія падпісала з Марока і Маўрытаніяй Мадрыдскія пагадненні па далейшым лёсе Іспанскай Сахары. Іспанцы пакідалі тэрыторыю сваёй былой калоніі, а вызваленыя землі падлягалі падзелу паміж дзвюма названымі афрыканскімі дзяржавамі.

Тэма 14. Іспанія ў другой палове 1970‑х – пачатку 2010‑х гг.

Ліквідацыя франкісцкага рэжыму. Пачатак пераходу да дэмакратыі. Усеагульныя парламенцкія выбары 1977 г. "Пакты Манклоа". Канстытуцыя 1978 г. Дзейнасць ураду А. Суарэса.

20 лістападу 1975 г. памёр Ф. Франка. Ужо праз два дні 37-гадовы Хуан Карлас дэ Бурбон быў каранаваны, стаўшы Хуанам Карласам І і галавой дзяржавы. У вышэйшых колах палітычнай улады разгарнулася змаганне за палітычную спадчыну памерлага дыктатара. Галоўная барацьба разгортвалася паміж франкісцкім "бункерам", які імкнуўся захаваць статус-кво, з аднаго боку, і мадэрнізатарскімі групоўкамі лібералаў і тэхнакратаў, якія арыентаваліся на рэформы і еўрапейскую інтэграцыю, з другога.

У ліпені 1976 г. прыхільнікі пераменаў атрымалі перамогу і атрымалі магчымасць сфармаваць урад. Новым прэм'ер-міністрам Іспаніі стаў вядомы адвакат і палітычны дзеяч генеральны сакратар Нацыянальнага руху (кіраўнік франкісцкай партыі) Адольфа Суарэс (1976-1981). Новы лідэр, нягледзячы на сваю партыйную прыналежнасць, здолеў у дастаткова сціслыя тэрміны ліквідаваць асновы франкізму і забяспечыць пачатак усталявання нормаў і прынцыпаў буржуазнай дэмакратыі. Ужо ў ліпені 1976 г. была абвешчаная частковая амністыя палітычным зняволеным.

Прававой базай для пераходу да дэмакратыі стаў законапраект "Аб палітычнай рэформе", прызнаваўшы, у прыватнасці, суверэнітэт народу і непахіснасць правоў чалавека. Гэтым дакументам прапаноўвалася ўсталяваць двухпалатныя картэсы, дэпутаты якіх абіраліся ўсеагульным, прамым і тайным галасаваннем (за выключэннем 20% сенатараў, якія прызначаліся непасрэдна каралём). Картэсы надзяляліся правам уносіць змены у "Асноўныя законы" перыяду Ф. Франка альбо наогул скасоўваць іх. Франкісцкія картэсы ухвалілі гэты законапраект, пасля чаго ён быў вынесены на агульнанацыянальны рэферэндум. 15 снежня 1976 г. законапраект быў падтрыманы падаўляючай большасцю ўдзельнікаў рэферэндуму (94,2%) і набыў моц закону.

Вынікі рэферэндуму сталі па-сутнасці вотумам народнага даверу рэфарматарскаму курсу А. Суарэса. Выконваючы ўзятыя на сябе абавязкі, ўрад скасаваў сумна вядомыя Трыбуналы грамадскага парадку, даў амністыю новым катэгорыям палітычных вязняў. Акрамя таго, былі ўнесеныя змены ў выбарчую сістэму: замацоўвалася прапарцыйнае прадстаўніцтва на выбарах у заканадаўчыя органы ўлады. На базе папраўкі да Закона аб праве на фармаванне палітычных асацыяцыяў былі легалізаваныя раней забароненыя палітычныя партыі, уключна з Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыяй (ІСРП) і Камуністычнай партыяй Іспаніі (КПІ). Адначасова распускаўся Нацыянальны рух і пацвярджалася свабода на ўтварэнне незалежных прафсаюзных і прадпрымальніцкіх арганізацыяў.

Парламенцкія выбары, якія адбыліся ў чэрвені 1977 г. (першыя свабодныя выбары з 1936 г.), былі адзначаныя высокай актыўнасцю выбаршчыкаў (яўка склала 78%) і палітычных партыяў (да ўдзелу былі дапушчаныя 156 партыяў). Яны прынеслі пераканаўчую перамогу цэнтрысцкай праўрадавай партыі Саюз дэмакратычнага цэнтру (СДЦ), якая атрымала 34,7%. Пасля дзесяцігоддзяў, праведзеных у падполлі і на эміграцыі, таксама выдатна выступілі сацыялісты, ўзначаленыя маладым, энергічным лідэрам Філіпэ Гансалесам – 29,2%. Іншыя партыі значна адсталі: камуністы набралі 9,3%, а правакансерватыўны Нацыянальны альянс (НА) – галоўны спадкаемца "Нацыянальнага руху" – 8,2%.

Мірнаму пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратычнай мадэлі развіцця ў Іспаніі ў значнай ступені пасадзейнічалі г.зв. "Пакты Манклоа" (у літаратуры таксама выкарыстоўваецца назва "Пакт Манклоа"). 8-9 кастрычніка 1977 г. ва ўрадавай рэзідэнцыі Манклоа быў скліканы круглы стол прадстаўнікоў палітычных партыяў і прафсаюзаў для дасягнення кансенсусу па важнейшых пытаннях нацыянальнай палітыкі. Выпрацаваныя прапановы былі разгледжаныя і дапоўненыя ў спецыяльных камісіях картэсаў. 25 кастрычніка 1977 г. прадстаўнікі асноўных палітычных сілаў Іспаніі (за выключэннем НА) падпісалі пагадненне, якое было прадстаўлена ў картэсы і хутка ўхвалена і аформлена ўрадам у выглядзе заканадаўчага акту. У палітычнай частцы дакументу прадугледжваліся: усталяванне парламенцкага кантролю над СМІ; перагляд крымінальнага і вайсковага кодэксаў у бок іх змякчэння; дэмакратызацыю закону аб грамадскім парадку і г.д.

"Пакты Манклоа" з'явіліся кампрамісам. Кожны з бакоў пагадзіўся на пэўныя саступкі дзеля дасягнення агульнай мэты – стабілізацыі рэжыму прадстаўнічай дэмакратыі, які нараджаўся. Іх падпісанне дазволіла стварыць атмасферу "цывілізаванага суіснавання" асноўных палітычных сіл краіны і неўзабаве замацаваць парламенцкую дэмакратыю заходнееўрапейскага тыпу.

Восенню 1978 г. завяршылася напружаная праца над праектам новай канстытуцыі краіны. 6 снежня 1978 г. ён быў вынесены на рэферэндум і атрымаў ухваленне большасці грамадзян. За новую канстытуцыю прагаласавала 15,7 млн. іспанцаў, што склала 87,7% ад колькасці галасаваўшых і 58,9% ад тых, хто меў права голасу. Напрыканцы снежня 1977 г. канстытуцыя была падпісаная каралём і набыла моц.

Канстытуцыя 1978 г. вызначала форму кіравання іспанскай дзяржавы як парламенцкую манархію і абвяшчала Іспанію "сацыяльнай, прававой і дэмакратычнай дзяржавай, вышэйшымі каштоўнасцямі якой з'яўляюцца свабоды, справядлівасць, роўнасць і палітычны плюралізм". Кароль лічыцца галавой іспанскай дзяржавы і сімвалам яе еднасці, ён жа з'яўляецца галоўнакамандуючым. Яго палітычная ініцыятыва галоўным чынам абмяжоўваецца высоўваннем кандыдатуры Старшыні ўраду (прэм'ер-міністра). Картэсы (двухпалатны парламент) вырашае пытанні заканадаўства, бюджэту і спадкавання прастолу. Выканаўчая ўлада належыць ураду, яму падпарадкаваны ўвесь дзяржаўны апарат, у тым ліку органы бяспекі. Урад вызначае асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі, валодае правам заканадаўчай ініцыятывы і г.д.

Аб'ёмісты раздзел канстытуцыі прысвечаны правам і свабодам грамадзян. Усе іспанцы роўныя перад законам і кожны мае права на жыццё, асабістую свабоду і недатыкальнасць, на выбар месцажыхарства і свабоду перасоўвання, на палітычныя свабоды, прамое выбарчае права з 18 гадоў і г.д. Акрамя таго, шэрагам сваіх палажэнняў канстытуцыя замацоўвала этнарэгіянальную асіметрычнасць уладкавання Іспаніі: прызнаваліся пэўныя перавагі г.зв. "гістарычных нацыянальнасцяў альбо правінцыяў" – Краіны Баскаў, Каталоніі і Галісіі. У адрозненне ад эпохі франкізму Канстытуцыя 1978 г. уключыла палажэнне аб адасабленні касцёлу ад дзяржавы.

Прыняцце канстытуцыі стала важнейшым крокам на шляху дэмакратызацыі краіны. Аднак прапісаныя дэмакратычныя прынцыпы шмат у чым разыходзіліся з постфранкісцкімі рэаліямі. Вырашыць мноства праблемаў, якія назапашваліся дзесяцігоддзямі адным махам было нерэальна. Востра паўстала пытанне практычнай перабудовы органаў улады і дзяржаўнага апарату. Станавілася ясна, што ўрад А. Суарэса і яго ўрадавая партыя СДЦ няздольныя даць новы імпульс рэфарматарскім пераўтварэнням. У гэткай абстаноўцы галава кабінету прыняў рашэнне аб правядзенні датэрміновых парламенцкіх выбараў і муніцыпальных выбараў.

Сакавіцкія парламенцкія выбары не выявілі істотных зрухаў у палітычных перавагах іспанцаў. СДЦ атрымаў 34,9% галасоў, ІСРП – 30%, а КПІ – 10,7%. Здала пазіцыі правакансерватыўная кааліцыя "Дэмакратычная каардынацыя" (пераемніца НА) – толькі 5,9%. Падобны расклад сіл быў зафіксаваны і на муніцыпальных выбарах. Гэткім чынам, дэмакратычная Канстытуцыя 1978 г., парламенцкія і муніцыпальныя выбары 1979 г. канчаткова пахавалі франкізм як палітычную сістэму.

Напрыканцы 1970-х гг. дасягнуты на базе "Пактаў Манклоа" палітычны кансенсус стаў паціху губляць сваю сілу. Ва ўмовах захавання эканамічных цяжкасцяў паглыбляўся раскол паміж СДЦ і левымі партыямі. Выяўляліся ўзрастальныя рознагалоссі паміж палітычнымі плынямі цэнтрысцкага і правацэнтрысцкага кшталту. Нягледзячы на гэта, СДЦ і левым партыя удалося дасягнуць паразумення ў пытанні зацвярджэння картэсамі Аўтаномных статутаў Каталоніі і Краіны Баскаў (1979), якія пашырылі правы гэтых рэгіёнаў з моцнай этнакультурнай спецыфікай. Аднак далейшая палярызацыя палітычных сіл краіны і шэраг няўдач (напрыклад, правал законапраекту аб аўтаноміі ўніверсітэтаў) выканаўчай улады прывялі да адстаўкі А. Суарэса. У лютым 1981 г. новым старшынёй ураду стаў яшчэ адзін прадстаўнік СДЦ Леапольда Кальва Сатэла (1981-1982).

Сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў другой палове 1970‑х-2010-х гг. Значэнне "Пактаў Манклоа". Перабудова прамысловасці. Эканамічныя вынікі уваходжання Іспаніі ў ЕЭС. Хуткі эканамічны рост пачатку ХХІ ст. і надыход крызісу.

Сусветны эканамічны крызіс 1974-1975 гг. вельмі негатыўна адбіўся на іспанскай эканоміцы. Прычыны гэтага хаваліся ў арыентацыі прамысловасці Іспаніі на экспартныя галіны, рэзкім скарачэнні дзяржаўных інвестыцый у вытворчасць, хуткім росце заробкаў і г.д. Скрайне адмоўна для Іспаніі як нафтаімпартуючай краіны складвалася кан'юнктура на міжнародных энергетычных рынках. У другой палове 1970-х гг. сярэднегадавы рост ВУП складаў толькі 1,9%, назіраўся рост цэн і паскарэнне інфляцыйных працэсаў. У перыяд з 1975 па 1985 гг. колькасць беспрацоўных у Іспаніі павялічылася на 1 млн. чалавек.

У краіне ўпалі тэмпы росту вытворчасці, у крытычным становішчы апынулася фінансавая сістэма краіны. Імкліва павялічвалася знешняя запазычанасць: з $1,7 млрд. у 1974 г. да $27,4 млрд. у 1982 г. Яшчэ адной праблемай стала ўзмацненне дыспрапорцыяў у развіцці рэгіёнаў Іспаніі. У 1981 г. больш за палову ўсяго нацыянальнага даходу канцэнтравалася ў 8 (з 50) правінцыяў краіны, што займалі толькі 12% яе тэрыторыі – у Мадрыдзе, Барселоне, Валенсіі, Аўеда і некаторых іншых. Даход на аднаго занятага ў найбольш эканамічна развітых правінцыях Іспаніі у 2-3 разы быў вышэйшым, чым у менш развітых.

Вялікае значэнне для адноснай стабілізацыі эканамічнага становішча краіны стала рэалізацыя рашэнняў, зафіксаваных ў "Пакце Манклоа". Левыя сілы пагадзіліся з абмежаваннем росту заробкаў, а правыя – з правядзеннем прагрэсіўнай падатковай рэформы. Былі ўзгодненыя захады, якія дазвалялі кампаніям дастаткова свабодна звальняць сваіх рабочых. Тым самым разбураўся "сацыяльны пакт" франкісцкіх часоў, калі рабочыя вымушана падтрымлівалі палітычны спакой наўзамен на гарантыі супраць звальнення. Са свайго боку, урад абавязваўся палепшыць дзяржаўную сістэму забеспячэння і ўвесці ў дзеянне прафсаюзныя правы і свабоды ў адпаведнасці са стандартамі Міжнароднай арганізацыі працы. Падпісанне "Пакту" дазволіла пазбегнуць калапсу іспанскай эканомікі на ключавым этапе пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі і стварыць трывалую базу для антыкрызісных захадаў.

У 1982 г. з прыходам да ўлады ІСРП на чале з Ф. Гансалесам быў узяты курс на рэструктурызацыю прамысловасці, павелічэнне інвестыцый у прамысловасць, мадэрнізацыю рынкаў фінансаў і капіталу, прыватызацыю шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў і падрыхтоўку да ўступлення Іспаніі ў ЕЭС. У 1984 г. урад сацыялістаў прыняў нацыянальны план па электроніцы і інфарматыцы. Пры дапамозе амерыканскіх, заходнегерманскіх і японскіх тэхналогіяў іспанскія ўлады разлічвалі зрабіць якасны скачок на шляху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі і зрабіць іспанскую прамысловую прадукцыю боль канкурэнтаздольнай на знешнім рынку. Перадавы вопыт і тэхналогіі японскіх кампаніяў меркавалася выкарыстаць для мадэрнізацыі адсталых суднабудавання і чорнай металургіі. З гэтай жа мэтай "Фольксвагену" быў прададзены кантрольны пакет акцыяў вядучай дзяржаўнай аўтамабілебудаўнічай кампаніі СЕАТ. Акрамя таго, ўрад сацыялістаў заахвочваў транснацыянальныя кампаніі (ТНК) ствараць на тэрыторыі Іспаніі свае прадпрыемствы-філіялы. У краіне пачалі дзейнічаць заводы "Джэнерал мотарс", "Нісан", "Соні" і многіх іншых сусветных галіновых лідараў. Да 1987 г. аб'ём прадукцыі ў большасці важнейшых галінаў рэзка вырас, і каля 30% занятых у найменш канкурэнтаздольных галінах прамысловасці (каля 250 тыс. чалавек) перайшлі ў ў іншыя галіны.

Развітанне з эпохай франкізму ў гаспадарчай вобласці азначала далейшую лібералізацыю і дэмакратызацыю іспанскай эканомікі. Аднак з 1989 па 1993 гг. прамысловасць Іспаніі аказалася ў стане дэпрэсіі, якая характарызавалася штогадовым зніжэннем прамысловай вытворчасці. На вельмі высокім узроўні, парадку 20%, трымалася беспрацоўе. З 1994 г. пачынаецца новы індустрыяльны рывок. Гэтаму спрыяла падвышэнне ўнутранага і знешняга попыту на прадукцыю іспанскіх вытворцаў, зніжэнне курсу іспанскай песеты адносна амерыканскага долара і нямецкай маркі і некаторыя іншыя фактары. Важнае значэнне мела паляпшэнне агульнага клімату для прадпрымальніцкай дзейнасці. У прыватнасці ажыццяўляліся арганізацыйныя захады, накіраваныя на стымуляванне эфектыўнасці работы нацыянальнай прамысловасці і механізмаў кіравання ёй, актывізацыя працэсу прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, правядзенне канверсіі і рэструктурызацыі абарончага сектару краіны. Да канца 1990-х гг. Іспанія дасягнула значных поспехаў і па асноўных макраэканамічных паказчыках і па ўзроўні матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва. Асабліва вялікі крок у эканамічным развіцці быў зроблены ў 1998-2007 гг., калі Іспанія ўдвая павялічыла аб'ём сваёй эканомікі, а яе ВУП перавысіў €1 трлн. У 2000-2007 гг. тэмпы росту іспанскага ВУП былі найбольшымі сярод усіх вядучых эканомік свету. Краіна без асаблівых цяжкасцяў адмовілася ад нацыянальнай валюты (песеты) і з 1 студзеня 2002 г. перайшла на еўра.

Эканамічны рывок, які зрабіла Іспанія быў вынікам спалучэння ўнутраных і знешніх фактараў росту. Да першых трэба, найперш, аднесці будаўнічы бум. На долю будаўнічай галіны прыпадала 15-17% ВУП (у 3-4 разы болей, чым у іншых развітых краінах). Важным рэсурсам эканамічных поспехаў стаў наплыў таннай працоўнай сілы з-за мяжы – колькасць імігрантаў дасягнула 4 млн. чалавек, што ўжо складала каля 10% насельніцтва краіны.

Іспанская эканоміка пераўтварылася ў сучасную постіндустрыяльную эканоміку са значнай перавагай у яе структуры сферы паслуг, дзе ствараецца 70% ВУП і занята каля 72% усёй працоўнай сілы Іспаніі. Важнейшым сегментам гэтай сферы стаў турыстычны бізнес. Нягледзячы на тое, што на працягу апошняга дзесяцігоддзя ўязны турызм у Іспанію стаў змяншацца (з 62 млн. у 1997 г. да 52 млн. у 2009 г.), ён па-ранейшаму прыносіць краіне вялікія грошы, напрыклад, у 2009 г. – $53 млрд.

Зразумела, што падобны паспяховы мадэрнізацыйны праект быў бы немагчымы без прыярытэтнага развіцця прамысловасці. Вялікага поспеху дасягнула, напрыклад, аўтамабілебудаванне. Па вытворчасці аўтамашын Іспанія ўвайшла ў першую еўрапейскую тройку і займала 7-е месца ў свеце (па 3 млн. штук у 2003 і 2004 г.) Таксама выдатна спрацавала крэдытна-фінансавая сістэма Іспаніі з яе высокім узроўнем канцэнтрацыі капіталу, наяўнасцю буйных ашчадных кас і зусім нязначным замежным удзелам.

Да важнейшых знешніх фактараў эканамічнага росту у першую чаргу неабходна аднесці падключэнне да еўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў. Далучэнне да ЕЭС (1986) і актыўны ўдзел у будаўніцтве аб'яднанай Еўропы прынесла Іспаніі важкія фінансавыя і эканамічныя дывідэнды. Доўгія гады краіна заставалася галоўным атрымальнікам субсідый Супольнасцяў. У перыяд з 1987-2007 гг. іх сума склала €186 млрд. Важна і тое, што іспанцы здолелі рацыянальна распарадзіцца гэтымі сродкамі, у прыватнасці, зрабіўшы інвестыцыі ў стварэнне сучаснай транспартнай інфраструктуры.

Пры тым, што Іспанія бедная зямельнымі рэсурсамі – толькі 10% яе плошчы займаюць зручныя, пладародныя землі – сельская гаспадарка займае асаблівае месца ў структуры іспанскай эканомікі. Яна дае 3,4% ВУП краіны і ў ёй занята 4,2% працаздольнага насельніцтва краіны (дадзеныя на 2009 г.; доля занятых у аграрным сектары ў 1960-х гг. складала каля 40%). Традыцыйна вядучай галіной сельскай гаспадаркі з'яўлялася вырошчванне збожжавых культур. І сёння каля 20% пасяўных плошчаў адведзена пад вытворчасць пшаніцы. Іспанія можа пахваліцца самай высокай урадлівасцю ў свеце ў вырошчванні рысу. З 1970-х гг. рэзка вырас аб'ём вытворчасці садавіны і фруктаў. Ужо ў 1992 г. аб'ём вырашчаных пладоў перасягнуў у вагавым выражэнні ураджай збожжа. Многія віды садавіны і гародніны вырошчваюцца на экспарт, галоўным чынам у краіны ЕС, і краіна атрымлівае вялікія прыбыткі ад гандлю гэтай прадукцыяй. Напрыклад, Іспанія займае 3-е месца ў свеце па вытворчасці віна, 4-е – па вырошчванні цытрусавых, а таксама забяспечвае значную частку сусветнай вытворчасці алівак і алею. Немалое значэнне для эканомікі краіны мае рыбалоўства. Іспаніі належыць адзін з буйнейшых у Еўропе рыбалоўны флот. Па здабычы і перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў Іспанія ўваходзіць у дваццатку сусветных лідараў.

Да 2008 г. эканоміка краіны лічылася адной з найбольш паспяховых і дынамічных сярод краін Еўрапейскага саюзу. Тым не менш, ужо да гэтага часу сталі выяўляцца праблемы, напрыклад, рост знешнегандлёвага дэфіцыту, аслабленне канкурэнтаздольнасці на сусветных рынках і высокі ўзровень інфляцыі. У 2008 г. эканамічны рост практычна спыніўся, а з пачатку 2009 г. Іспанія ўступіла ў паласу крызісу. Адбылося падзенне прамысловай вытворчасці (аўтамабіляў у 2009 г. выраблялася ўжо толькі 2,2 млн.). Высокага ўзроўню дасягнула беспрацоўе (звыш 20% напачатку 2011 г.), вялікі дзяржаўны доўг (больш за 50% ВУП) узмацніў галасы скептыкаў, якія прадракаюць Іспаніі дэфолт.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 369; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.025 сек.