Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Складванне асноў новай дзяржаўнасці. Цяжкасці на шляху рыначных рэформ і дэмакратызацыі. Канстытуцыя 1991 г. Унутрыпалітычнае жыццё і знешняя палітыка Румыніі ў 1990-2000-я гг




Зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, абвастрэнне сацыяльных і нацыянальных праблем. Эканамічны і палітычны крызіс у Румыніі. Падзеі ў Брашаве (1987 г.). Дэмакратычная рэвалюцыя снежня 1989 г. Звяржэнне дыктатуры Н. Чаўшэску і прыход да ўлады Фронту нацыянальнага выратавання.

Палітычны крызіс у лістападзе 1947 г. Разгром буржуазных партый. і ліквідацыя манархіі. Абвяшчэнне Румынскай народнай рэспублікі. Аб’яднанне камуністычнай і сацыял-дэмакратычнай партыяў Румынскую рабочую партыю. Канстытуцыя 1948 г. і пераход да дыктатуры пралетарыяту. Будаўніцтва савецкай мадэлі сацыялізму. Палітычныя рэпрэсіі. Першая і другая пяцігодкі. Абвяшчэнне перамогі сацыялістычных вытворчых адносін.

1947 г. быў вырашальным для лёсу Румыніі. Увесну 1947 г. па краіне пракацілася хваля запужвальных начных арыштаў апанентаў камуністаў. У ліпені пры спробе ўцячы за мяжу быў затрыманы цэлы шэраг лідэраў НЦП. Іх абвінавацілі ў антырумынскай дзейнасці і на гэтай падставе забаранілі дзейнасць самой партыі. Восенню яе лідэры Юліу Маніу і Іон Міхалаке паўсталі перад паказальным судом і былі асуджаны да пажыццёвага зняволення ў адзіночцы.

У лістападзе выбухнуў урадавы крызіс – з ураду былі выкінутыя былыя лібералы на чале з Г. Татарэску. На іх месца прыйшлі т.зв. "маскалі" – камуністы, якія пасля доўгага выгнання прыехалі на радзіму з СССР. Камуністы з адданымі саюзнікамі цалкам апанавалі ўрадам.

А ў перадапошні дзень году, 30 снежня 1947 г., скончылася анамальнае караляванне Міхая І. Неўзабаве пасля вяртання з Вялікабрытаніі, дзе ён прысутнічаў на шлюбнай цырымоніі брытанскай прынцэсы Лізаветы (з 1952 г. яна – каралева Лізавета ІІ) і абвясціў аб заручынах з прынцэсай Ганнай Бурбон-Пармскай, яго вымусілі вырачыся пасаду. Манархія была ліквідавана. Напачатку 1948 г. былі распушчаныя і канчаткова спынілі існаванне "гістарычныя партыі".

Цяпер Румынія дэ-факта стала рэспублікай. Юрыдычнае афармленне гэтага статусу адбылося амаль імгненна – яшчэ 30 снежня 1947 г., калі дэпутаты парламента адзінагалосна (апазіцыі там ужо і быць не магло) за скасаванне манархіі і абвяшчэнне Румыніі народнай рэспублікай.

8 сакавіка 1948 г. прайшлі выбары ў Вялікі нацыянальны сход (ВНС), вышэйшы орган дзяржаўнай улады. Перамог Фронт народнай дэмакратыі (ФНД), куды ўваходзілі Румынская рабочая партыя (РРП, утварылася на аб'яднаўчым сходзе КПР і СДП (люты 1948 г.)) і яе сатэліты. Выбары праходзілі пад дыктоўку камуністаў і завяршыліся прадказальна. Як паведамілі, 93% выбаршчыкаў прагаласавала за ФНД.

13 красавіка 1948 г. ВНС прыняў першую Канстытуцыю Румынскай Народнай Рэспублікі. Дэклараваліся дэмакратычныя правы і свабоды (цана падобных абяцанкаў была вядомая), а эксплуататарскія і варожыя элементы пазбаўляліся выбарчага права. Канстытуцыя канстатавала наяўнасць у эканоміцы Румыніі трох сектараў: дзяржаўнага, дробнатаварнага і прыватнакапіталістычнага. Разам з тым у Канстытуцыі ўказвалася, што дзяржава падтрымлівае толькі такое прыватнае прадпрымальніцтва, якое пастаўлена "на службы грамадству". У яго інтарэсах буйная прыватная ўласнасць можа быць перададзена дзяржаве. Нетры зямлі, воды, крыніцы энергіі, шляхі зносінаў, Нацыянальны банк станавіліся дзяржаўнай уласнасцю.

Палажэнні Канстытуцыі 1948 г. паслужыла прававой асновай для нацыяналізацыі, якая збольшага завяршылася ў чэрвені 1948 г. А ў 1949 г. на базе канфіскаванай у памешчыкаў і кулакоў зямлі пачалася калектывізацыя (да 1962 г.). У тым жа годзе пачынаецца эканамічнае планаванне. Прымаліся планы рознай працягласці, але, звычайна, пяцігадовыя. Усе планы давалі прыярытэт індустрыялізацыі з акцэнтам на развіццё цяжкой прамысловасці.

Адной з асаблівасцяў унутрыпалітычнага становішча РРП у першыя пасляваенныя гады з'яўлялася адсутнасць трывалага кіруючага ядра і агульнапрызнанага лідэра, якім, напрыклад, быў для балгарскіх камуністаў Г. Дзімітраў.Камуністычнае ядро РРП (пра сацыял-дэмакратычны "баласт" – гаворка асаблівая) складвалася на базе дзвюх груповак, адну з якіх прадстаўлялі камуністы, што знаходзіліся падчас вайны ў турмах або падполлі (напрыклад, Г. Георгіу-Дэж і Н. Чаўшэску), а іншую – тыя, хто знаходзіўся ў савецкай палітычнай эміграцыі – "маскалі".

У 1951 г. паміж Г. Георгіу-Дэжам і Ганнай Паўкер ("маскалька") узніклі разыходжанні па некаторых пытаннях, у т.л. па праблеме калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Хаця звычайна І.В. Сталін падтрымліваў усходнееўрапейскіх камуністаў, якія былі добра вядомыя па працы ў СССР, тут ён узяў бок Георгіу-Дэжа. Лёс Г. Паўкер і яе "каманды" быў прадвызначаны. "Антыўрадавая група Паўкер-Лýкі" была выкрыта, а "маскальскае" крыло разгромлена. Менавіта пад час гэтай чысткі здолеў высунуцца на высокія пазіцыі ў РРП Н. Чаўшэску. Неўзабаве ён стаў кандыдатам у члены Палітбюро і сакратаром ЦК РРП. З іншадумствам і ў краіне і ў партыі было скончана.

Радыкальныя змены ва ўсіх сферах жыцця краіны знайшлі сваё ўвасабленне у новай Канстытуцыі, прынятай 27 верасня 1952 г. Канстытуцыя заканадаўча замацавала кіраўніцтва Румынскай рабочай партыі ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Таксама ў ёй указвалася на вядучую ролю сацыялістычнага сектара ў эканоміцы краіны. На базе новага Асноўнага закону напрыканцы таго ж года прайшлі выбары ў ВНС. Як таго і трэба было чакаць, ФНД атрымаў 99% галасоў.

У пасляваенны гады адбыліся значныя зрухі ў эканамічным становішчы Румыніі. З адсталай і аграрнай яна пераўтварылася ў індустрыяльна-аграрную краіну. Была створана, па сутнасці, новая матэрыяльна-тэхнічная база, ядром якой стала цяжкая індустрыя і ў першую чаргу такія галіны, як металургія, энергетыка, машынабудаванне, хімія. Ужо ў 1965 г. даваенны ўзровень вытворчасці быў перавышаны амаль у 10 разоў.

У вёсцы пасля завяршэння калектывізацыі былі створаны дзяржаўны сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і вытворчыя кааператывы, уводзілася комплексная механізацыя. Узрасла ураджайнасць. Тым не менш, калектыўная гаспадарка і тут не вытрымлівала канкурэнцыі з боку аднаасобнай гаспадаркі.

Г. Георгіу-Дэж і "нацыянальная рэвалюцыя зверху". Дэкларацыя РРП па пытаннях міжнароднага камуністычнага руху 1964 г. Фармаванне "асобага курсу" РКП і пачатак яго рэалізацыі. Пераход да ўлады групоўкі Н. Чаўшэску. Усталяванне дыктатуры клана Чаўшэску. Культ асобы Н. Чаўшэску. Дзейнасць "Секурытатэ". Умацаванне "асаблівай" пазіцыі Румыніі ў сацыялістычным лагеры.

Вядучыя румынскія палітыкі неадназначна паставіліся да крытыкі на ХХ з'ездзе КПСС культу асобы Сталіна. Г. Георгіу-Дэж непакоіўся, як бы ўсталяванне больш дэмакратычных нормаў партыйнага жыцця, развіццё дэмакратызацыі румынскага грамадства і рэабілітацыя асуджаных не выклікала непажаданыя для яго наступствы. Румынскі правадыр пралетарыяту і яго каманда (у т.л. Н. Чаўшэску) засталіся верныя сталінізму. А тых партыйцаў, што спрабавалі выступіць з асуджэннем культу асобы ў Румыніі, чакала палітычная смерць.

Умацаванне Г. Георгіу-Дэжа у якасці галоўнага палітычнага кіраўніка у выніку прывяло да таго, што асноўным крытэрыям кадравай палітыкі стаў прынцып даўніх сувязяў па падполлі і асабістай адданасці правадыру. Гэта яшчэ больш узмацніла пазіцыі Н. Чаўшэску ў партыі.

З пачатку 1950-х гг. пачынаецца "нацыянальная рэвалюцыя зверху" – сярод кіраўніцтва РРП узмацняюцца нацыяналістычныя і нават антысеміцкія і шавіністычныя настроі. Гэта, напрыклад, праявілася ва ўнутрыпартыйных рэпрэсіях 1952 г.: сярод "маскалёў" было нямала яўрэяў. На гэтай глебе мацнее антысаветызм. Галоўным чынам гэта праяўлялася ў імкненні пазбавіцца ад сумесных савецка-румынскіх акцыянерных прадпрыемстваў, ад размешчаных на тэрыторыі краіны савецкіх войск, у незадаволенасці памерамі рэпарацыйных выплатаў, а таксама ў выказваннях на карысць аднаўлення традыцыйных сувязяў з краінамі Захаду (сацыяльна-эканамічны і грамадска-палітычны лад Румыніі гэтая дзіўная пазіцыя аніяк не закранала).

У перыяд 1958-1962 гг. адбываецца працэс кансалідацыі ядра нацыяналістычна настроеных дзеячаў у румынскім кіраўніцтве і фармаванне "асобага курсу" РРП. Упершыню гэты курс знайшоў сваё адлюстраванне ў рашэннях лістападаўскага (1958 г.) пленума ЦК РРП, які ўхваліў палітыку фарсіраванай індустрыялізацыі краіны і рэзкага пашырэння яе эканамічных сувязяў з вядучымі капіталістычнымі краінамі. Падобная лініі была прынята пасля таго, як пры дапамозе СССР у Румыніі была створана дастаткова трывалая эканамічная база, канчаткова замацавалася пры ўладзе РРП, а савецкія войскі былі выведзены з яе тэрыторыі (восень 1958 г.).

Разам з пачаткам крытыкі савецкага кіраўніцтва лідэры РРП разгарнулі шавіністычную ў сваёй агрэсіўнасці кампанію па усхваленні "тысячагадовых традыцый румынскага народа", барацьбы за нацыянальную незалежнасць ад пасяганняў Турцыі, Расіі, Аўстра-Венгрыі (румынская прапаганда дакучліва падводзіла да працягу гэтага ланцужку – СССР). Становішча этнічных меншасцяў унутры краіны, асабліва венграў, моцна пагоршылася.

У красавіку 1964 г. кіраўніцтва РРП адкрыта выклала свой "асаблівы курс" у заяве пленума ЦК РРП “Аб пазіцыі РРП па пытаннях міжнароднага камуністычнага руху”. Савецкі Саюз у рэзкай форме абвінавачваўся ва ўзмацненні ціску на Румынію і іншыя краіны сацыялістычнай садружнасці, ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы Румыніі, у яе эксплуатацыі, пасяганні на тэрытарыяльную цэласнасць. Сувязі Румыніі з СССР сталі скарачацца. Пачалася "дэрусіфікацыя" сістэмы народнай адукацыі. На Захадзе "Румынскае нацыянальнае адраджэнне" натуральна віталі.

Аб цяжкой хваробе лідэра румынскіх камуністаў Г. Георгіу-Дэжа было вядома яшчэ з 1961 г. Менавіта тады і пачалася барацьба за месца яго пераемніка. Н. Чаўшэску здолеў паспяхова выкарыстаць сваё становішча сакратара ЦК па арганізацыйных пытаннях для таго, каб расставіць сваіх прыхільнікаў у партыйным і дзяржаўным апараце, а потым заручыцца падтрымкай "старой гвардыі". Закулісная дзейнасць Н. Чаўшэску дазволіла яму пасля смерці Г. Георгіу-Дэжа (1965 г.) абрацца на сакавіцкім (1965 г.) пленуме ЦК РРП на пасаду першага сакратара партыі. Так пачалася новая эпоха ў гісторыі Румыніі – эпоха Нікалаэ Чаўшэску.

У сакавіку 1965 г. Н. Чаўшэску быў абраны на пасаду першага сакратара РРП. А ў ліпені 1965 г. адбыўся ІХ з'езд РРП. Румынская рабочая партыя была перайменавана ў Румынскую камуністычную партыю (РКП).

Пасля з'езда пачалі ўзмацняцца палітычныя пазіцыі кіруючага ядра, што групавалася вакол Н. Чаўшэску. На ключавыя пасады ў партыі і дзяржаве прыйшлі асобы, блізкія да новага партыйнага лідэра. Адначасова з гэтым намецілася тэндэнцыя да паслаблення пазіцыяў прадстаўнікоў старэйшага пакалення, якія карысталіся вялікай павагай і ўплывам пры Г. Георгіу-Дэжы.

У мэтах павышэння папулярнасці і аўтарытэта Г. Чаўшэску – яго стыль работы прапаганда супрацьпастаўляла нягодным метадам Дэжа – былі выкарыстаны, у прыватнасці, захады па рэабілітацыі раней пацярпелых ад рэпрэсіяў грамадзян. І калі ў 1961 г. Н. Чаўшэску у сваім шавіністычным запале заяўляў пра тое, што, ў адрозненне ад СССР і іншых краін сацыялістычнага лагеру, у Румыніі не было масавых рэпрэсіяў, то цяпер адказнасць за шматлікія беззаконні была ўскладзена выключна на Г. Георгіу-Дэжа і яго "старую гвардыю" (ды яшчэ на СССР). У 1967-1968 гг. значная частка прадстаўнікоў старога пакалення страцілі свае высокія пасады.

Рэабілітацыя была частковай. Яна ўвогуле не закранула людзей, якія былі абвінавачаны ў прасавецкіх сімпатыях і г.зв. "патуранні каланіялісцкай палітыцы СССР". Гэта азначала б прызнанне неправамернасці той нацыяналістычнай палітычнай лініі, якой апантана працягваў рухацца сам першы сакратар.

На нацыянальнай канферэнцыі РКП (снежань 1967 г.) было прызнана мэтазгодным спалучэнне ў адных руках партыйных і дзяржаўных пасадаў. Ужо не сціпла "першы", а Генеральны сакратар ЦК РКП Чаўшэску быў абраны і старшынёй Дзяржаўнай Рады рэспублікі. Адначасова замацоўваўся прынцып падвойнага падпарадкавання мясцовых органаў дзяржаўнай адміністрацыі: першыя сакратары павятовых камітэтаў РКП станавіліся і старшынямі павятовых народных саветаў. Усе грамадскія арганізацыі былі аб'яднаныя у Фронт сацыялістычнага адзінства (пазней перйменаваны ў Фронт дэмакратыі і сацыялістычнага адзінства) на чале ізноў жа з Н. Чаўшэску.

Лінія Чаўшэску на паступовае забеспячэнне сабе выключнага становішча ў партыі і дзяржаве выпукла праявілася на Х з'ездзе РКП (1969 г.). У Статут партыі была ўнесена змена, у адпаведнасці з якой Генеральны сакратар РКП абіраўся не пленумам ЦК, а непасрэдна з'ездам партыі. Тым самым падкрэслівалася яго непадсправаздачнасць не толькі Пастаяннаму прэзідыуму і Выканкаму, але й Цэнтральнаму Камітэту.

Адначасова з гэтым для ліквідацыі магчымай апазіцыі ў Палітбюро і Выканкаме Н. Чаўшэску правёў там чыстку сярод рэшткаў "старой гвардыі". Дваіх палітыкаў абвінавацілі ў амаральных паводзінах (таемная паліцыя – "Секурытатэ" здабыла фотаздымкі і гуказапісы, якія, нібыта, сведчылі аб іх маральным разлажэнні). Для забеспячэння лаяльнасці партыйцаў па загаду Н. Чаўшэску былі падрыхтаваныя тысячы дасье з "кампраматам".

Каб не дапусціць заняцця кім-небудзь апрача яго ўплывовага становішча ў партыі, Н. Чаўшэску высунуў прынцып ратацыі кадраў. Так, з 21 члена выканкама ЦК, абранага на Х з'ездзе РКП, да наступнага з'езда практычна ніводны не застаўся на сваёй пасадзе. Ліквідаваўшы Пастаянны прэзідыум ЦК, Чаўшэску дамогся яшчэ большага зніжэння ролі і значэння іншых кіруючых дзеячаў РКП. Паступова усе партыйныя і дзяржаўныя інстытуты пераўтварыліся ў пакорлівыя і маўклівыя (калі толькі справа не даходзіла да славаслоўя на адрас Чаўшэску) прыдворныя рады, праца якіх зводзілася да фармальнага ўхвалення прапаноў і ўказанняў правадыра без іх сапраўднага глыбокага абмеркавання.

З мэтаю падаўлення незадавальнення сярод кіруючага звяна партыі Н. Чаўшэску праводзіў частыя чысткі, перастаноўкі, структурныя рэарганізацыі, накіраваныя на ўзмацненне цэнтралізацыі ўлады і амаль вайсковай дысцыпліны. Былі ўведзены ўсялякія прысягі на адданасць як па партыйнай, гэтак і па дзяржаўных лініях, прыняты шматлікія законы і адміністрацыйныя захады па забеспячэнні дзяржаўнай бяспекі, сакрэтнасці, абмежавання кантактаў з іншаземцамі. Да лагічнага завяршэння канцэнтрацыя ўсёй улады ў партыі і дзяржаве была даведзена Н. Чаўшэску ў 1974 г., калі ён быў абраны прэзідэнтам рэспублікі з сапраўды каралеўскімі паўнамоцтвамі.

Пачварныя формы набыў культ асобы Н. Чаўшэску, "самага ўлюбёнага сына румынскага народа", "дунайскага генія", "генія з геніяў" "бацькі румын" і г.д. Любыя мерапрыемствы звязваліся ўгодлівай прапагандай не з дзейнасцю народа, або партыі, а з асобай дыктатара. Чаўшэску нагэтулькі прызвычаіўся да славаслоўя і ліслівасці, што на пытанне амерыканскага карэспандэнта, як ён ставіцца да культу сваёй асобы, адказаў: " У кожнай краіне ёсць дзеячы, якія сваімі справамі дзеля народа заслужылі ўсеагульную павагу! "

У апошнія гады існавання рэжыму стаў квітнець і культ асобы ягонай жонкі - Алены Чаўшэску. Яе называлі "выбітным навукоўцам з сусветным імем", "буйным дзеячам камуністычнага руху". На мітынгах і дэманстрацыях партрэтаў жонкі правадыра бывала столькі ж, колькі і "абразоў" самога Н. Чаўшэску.

Аб тым наколькі чуйная была гэтая пара да сваёй "выключнасці" і не цярпела канкурэнцыі гаворыць выпадак з румынскім касманаўтам Думітру Прунарыу. Пасля палёту ў космас (1981 г.) яму прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Вымушаны быў паследаваць традыцыі, прынятай у краінах сацыялістычнай садружнасці, і Чаўшэску – Д. Прунарыу прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Рэспублікі Румыніі. Аднак паколькі дагэтуль у Румыніі быў толькі адзін герой (сам Чаўшэску), касманаўту "параілі" не афішаваць свае зоркі героя. А ў поўную няміласць Д. Прунарыу трапіў, калі, да жаху арганізатараў аднаго ўрачыстага сходу, у сваім выступленні запамятаў адзначыць выбітны ўнёсак у развіццё навукі Алены Чаўшэску, не аддзячыў яе за дапамогу касманаўтам. У выніку на яго надоўга забыліся, не ўзгадвалі ў друку, не давалі чарговае званне.

Захапіўшы ў свае рукі камандныя пасады ў партыі і дзяржаве, Чаўшэску болей давяраў і абапіраўся на сваіх блізкіх і далёкіх сваякоў. Яны занялі высокія пасты ў партыі, войску, МУС, прафсаюзах, маладзёжнай камуністычнай арганізацыі, дзяржплане, сродках інфармацыі.

Галоўным і адзіным дарадцам Чаўшэску была яго жонка. Чэрствая і малаадукаваная (4 класы і "па блату" экстэрнам інстытут), але надзвычай славалюбівая жанчына, узначаліла цэнтральны інстытут хімічных даследаванняў, а потым была абраная акадэмікам. Для гэтага, праўда, прыйшлося зрабіць прадугледжанае статутам таемнае галасаванне адкрытым.

У пераемнікі Н. Чаўшэску рыхтавалі яго малодшага сына Ніку, празванага ў народзе "прынцам". Распуснік, шырока вядомы сваімі скандальнымі гулянкамі, п'янымі оргіямі і дарожнымі здарэннямі, Ніку Чаўшэску стаў першым сакратаром ЦК Саюза камуністычнай моладзі, затым кандыдатам у члены Палітвыканкама ЦК і г.д.

На ключавых пасадах знаходзіліся браты Н. Чаўшэску – Іліе быў намеснікам міністра абароны і сакратара палітсавета арміі, Андруцэ-Нікалаэ – начальнікам вышэйшай школы МУС, Іон – першым намеснікам старшыні дзяржплану, Флора – рэдактарам аддзела вядучай газеты краіны "Скынтэйя" ("Іскра"). Муж сястры дыктатара стаў сакратаром ЦК РКП, брат Алены – кіраўніком партыйнай арганізацыі Бухарэста.

Непераўзыйдзены дэмагог і крывадушнік Чаўшэску заклікаў народ берагчы народную ўласнасць, а сам меў 21 шыкоўны палац, 41 рэзідэнцыю, 20 паляўнічых домікаў і г.д. А ў швейцарскіх банках на яго рахунках ляжалі некалькі соцень мільёнаў долараў.

Для абароны свайго рэжыму Чаўшэску стварыў магутны апарат рэпрэсіяў і ўсеабдымнага кантролю за думкамі і паўсядзённымі дзеяннямі людзей. Усялякія праявы апазіцыйных настрояў, непажаданага вальнадумства душыліся ў зародку. Апарат дзяржбяспекі – "Секурытатэ" – павялічваўся з кожным годам, узрастала колькасць таемных агентаў і "стукачоў" ва ўстановах і на прадпрыемствах. Былі створаны цэнтры па праслухванні тэлефонных размоў, перлюстрацыі пошты. Вялася сочка за ўсімі членамі Палітвыканкама ЦК, іх жонкамі. Асаблівыя захады перасцярогі рабіліся для аховы дыктатара, яго жонкі ды іншых членаў клана.

Лінія на канфрантацыю з кіраўніцтвам іншых сацыялістычных дзяржаў і, асабліва, СССР была працягнута. У 1965 г. румынская дэлегацыя адмовілася ад удзелу ў нарадзе 19 камуністычных партый у Маскве і Карлаварскай нарадзе камуністычных і рабочых партый Еўропы (1967 г.), у 1968 г. румынская дэлегацыя дэманстратыўна пакінула кансультацыйную сустрэчу ў Будапешце.

Гуляючы на нацыянальных пачуццях румын, Чаўшэску заклікаў стварыць квітнеючую дзяржаву, незалежную на знешнепалітычнай арэне ад СССР і здольную абараніцца ад магчымага савецкага ўмяшання у свае ўнутраныя справы. Апошняе мела асабліва актуальны сэнс пасля чэхаславацкіх падзеяў 1968 г.

Нягледзячы на усталяванне таталітарнага, блізкага да сталінскага рэжыму, на Захадзе Н. Чаўшэску і Румынія знаходзілі станоўчыя ацэнкі. Дыктатару ладзілі пышныя прыёмы ў Лондане, Парыжы, Вашынгтоне (сустракаўся з Ніксанам, Фордам, Картэрам), там ён зарабіў рэпутацыю выдатнага палітыка. Румыніі даваліся вялікія крэдыты, а ЗША далі Румыніі статус найбольшага спрыяння.

Н. Чаўшэску марыў, каб Румынія стала цэнтрам сусветнай палітыкі. Асабіста сябе ён бачыў галоўнай постаццю і лідарам Руху недалучанасці. Ён спрабаваў выступаць пасярэднікам у канфліктах, імкнуўся лавіраваць паміж вялікімі дзяржавамі. Амаль за чвэрць стагоддзя пры ўладзе дыктатар зрабіў каля 250 візітаў у замежныя краіны і прыняў у Румыніі больш за 300 лідараў дзяржаў свету.

Але з пачаткам перабудовы папулярнасць Н. Чаўшэску на Захадзе катастрафічна ўпала. Адмаўленне ад рэформаў (па словах дыктатара, яго краіна не мела ў гэтым патрэбы) прывяло да амаль поўнай палітычнай ізаляцыі рэжыму.

У адрозненне ад іншых краін Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы, Румынія не пазбавілася ад папярэдняй сталінскай стратэгіі развіцця. Дадзеная арыентацыя праявілася і ў заданні і рэалізацыі пятай пяцігодкі (1971-1975). Быў узяты курс на рост тэмпаў эканамічнага развіцця ў параўнанні з эканомікай іншых сацыялістычных краін амаль у два разы. У прыватнасці прадугледжвалася правядзенне фарсіраванай індустрыялізацыі. Праводзілася яна за кошт заходніх крэдытаў і, асабліва, за кошт стрымлівання росту жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Гэта прыводзіла да незадавальнення працоўных, якое часта прымала і адкрытыя формы.

Былі і забастоўкі на шэрагу прадпрыемстваў, і беспарадкі ў шахцёрскіх пасёлках. Першае масавае рабочае выступленне ў сацыялістычнай Румыніі адбылося ў 1977 г. у г. Лупені. Каля 35 тыс. шахцёраў пратэставалі супраць павышэння пенсійнага ў зросту і скасавання пенсіі па інваліднасці. Уціхамірваць народ прыехаў сам Н. Чаўшэску. Пасля ўрэгулявання канфлікту (улада пайшла на пэўныя ўступкі) ад пераследу "Секурытатэ" пацярпела каля 4000 чалавек.

Па асноўных паказчыках узроўню сацыяльнага і матэрыяльнага жыцця румыны займалі апошнія месцы ў Еўропе (звычайна апярэджваючы толькі Албанію). Пры гэтым партыя і яе правадыр спачатку заявілі аб перамозе сацыялізму, а потым – аб пачатку пабудовы развітога сацыялістычнага грамадства. У сельскай гаспадарцы было не менш праблемаў. Нягледзячы на тое, што аднаасобныя гаспадаркі захаваліся галоўным чынам толькі ў горных і не самых прыдатных раёнах і займалі каля 12% ворыўнай зямлі, яны давалі 40% гародніны, 50% - садавіны, 48% - мяса, 60% - малака.

На працягу 1980-х гг. эканоміка краіны знаходзілася ў стане стагнацыі. Амбітныя праграмы мадэрнізацыі і інтэнсіфікацыі вытворчасці, павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі праваліліся. Пакутуючы на гігантаманію, Чаўшэску любымі сродкамі імкнуўся ўвесці Румынію ў лік перадавых індустрыяльных дзяржаў. Гэта прывяло да стварэння прамысловага патэнцыялу, які рэальна перавышаў фізічныя магчымасці краіны. Былі пабудаваныя многія нерэнтабельныя індустрыяльныя гіганты, не забяспечаныя рэсурсамі і сыравінай. Недагрузка вытворчых магутнасцяў складала каля 30%.

Дзякуючы вялікаму імпарту сучасных тэхналогій у 1970-х Румынія па асартыментнай дыверсіфікацыі прадукцыі машынабудавання амаль дагнала Францыю, але машыны не вытрымлівалі аніякай канкурэнцыі. Для рэалізацыі пражэктаў свайго лідэра Румынія імпартавала жалезную руду, кокс з Бразілія і Індыі, а потым і яшчэ з больш далёкай Аўстраліі. Але сабекошт прадукцыі рабіў саму вытворчасць стратнай.

Адчувальная залежнасць Румыніі ад заходніх рынкаў прывяла да таго, што напачатку 1980-х гг. знешняя запазычанасць Захаду дасягнула $10,2 млрд. Атрыманыя крэдыты выкарыстоўваліся абсалютна бяздарна, выплата па пазыках ажыццяўлялася шляхам скарачэння імпарту пры адначасовым павелічэнні экспарту (не куплялі (напрыклад, медыкаменты) і прадавалі за мяжу (напрыклад, прадукты харчавання), тое у чым мелі пільную патрэбу). Нездавальняючая плацежаздольнасць краіны вымусіла ўлады ў 1983 г. цалкам адмовіцца ад замежных крэдытаў. У сакавіку 1989 г. Чаўшэску ўрачыста абвясціў, што знешняя запазычанасць пагашана датэрмінова і Румынія, такім чынам, "з'яўляецца адзінай краінай у свеце, якая цалкам сплаціла свой знешні доўг". Усяго замежным крэдыторам з 1975-1989 г. было выплачана каля $22 млрд., у тым ліку звыш $7 млрд. працэнтаў.

Пры гэтым жытло грамадзян амаль ніколі не ацяплялася, газ і гарачую ваду падавалі лічаныя гадзіны на дзень, вуліцы гарадоў начамі не асвятляліся, а магазіны з-за адсутнасці электрычнасці працавалі толькі ў светлы час сутак. Назіраліся вялікія перабоі ў забеспячэнні прадуктамі харчавання. Пакуль што маўклівае незадавальненне ў краіне рэжымам Н. Чаўшэску нарастала.

Цярпенне народу стала канчацца. Восенню 1987 г. адбыліся сур’ёзныя хваляванні сярод рабочых у Брашаве. Дайшло да таго, што рабочыя штурмам авалодалі будынкамі павятовага камітэта партыі і мэрыі. У ходзе падаўлення хваляванняў службамі бяспекі былі забітыя сем і арыштаваныя больш за дзвесце чалавек. Але гэты выбух незадавальнення народа не меў працягу і новых выступленняў прыйшлося чакаць каля двух гадоў.

Н. Чаўшэску ж не збіраўся "рушыць даўніны". " Хутчэй Дунай пацячэ ў адваротны бок, чым адбудзецца "перабудова" ў Румыніі ", - заявіў ён у жніўні 1989 г. На XIV з’ездзе партыі румынскі лідэр назваў перабудову "шкодніцтвам справе сацыялізму" і "пасобніцтвам імперыялізму". Пад час аднаго з выступленняў на з’ездзе зала 62 разы апладысментамі стоячы перарывала выступленне Н. Чаўшэску.

Штуршок Румынскай рэвалюцыі 1989 г. далі падзеі ў Цімішаары. Канфлікт паміж уладамі і кальвінісцкім святаром, венграм па нацыянальнасці, 16 снежня перарос у масавыя апазіцыйныя акцыі ў горадзе. 21 снежня 1989 г. у Бухарэсце па загаду Н. Чаўшэску быў скліканы 100-тысячны мітынг. Выступленне дыктатара народ сустракаў з непрыхаваным недаверам – ужо на восьмай хвіліне выступу з натоўпы раздаліся крыкі: "Цімішаара! Цімішаара!" А калі пачуліся гукі падобныя на выбух ці на страляніну, пачалася паніка. Раздаліся крыкі "Далоў тырана!", "Далоў камунізм!" Пад вечар у цэнтры Бухарэста з’явіліся сілы органаў дзяржбяспекі, армейскія аддзелы і танкі. Аднак аднавіць парадак і яны не здолелі. 22 снежня Н. Чаўшэску з жонкай пакінуў сталіцу на верталёце і схаваўся ў адной з рэзідэнцыяў. Армія стала пераходзіць на бок паўстаўшага народа.

Неўзабаве Н. Чаўшэску быў арыштаваны, а 25 снежня 1989 г. ваенны трыбунал – паспешлівае закрытае судзілішча, арганізаванае былымі паплечнікамі дыктатара, прызнаў яго і яго жонку вінаватымі ў генацыдзе, узброеным выступленні супраць дзяржавы і народу, разбурэнні дзяржаўных інстытутаў падрыве дзяржаўнай эканомікі. Смяротны прысуд быў неадкладна выкананы.

Напрыканцы 1989 г. камуністычны рэжым, якія яшчэ зусім нядаўна выглядаў непахісным, пацярпеў поўны крах. Уладу ў дзяржаве ў свае рукі ўзяў Фронт нацыянальнага выратавання (ФНВ), які першапачаткова аб'ядноўваў дысідэнтаў з партыйным мінулым і некаторых пазапартыйных апанентаў рэжыму. Неўзабаве ў пануючую арганізацыю ўліваецца нямала былых партыйных функцыянераў. Выконваючым абавязкі прэзідэнта быў абвешчаны былы буйны партыйны дзеяч (першы сакратар ЦК Саюзу камуністычнай моладзі і член ЦК), які потым страціў ласку дыктатара, Іон Іліеску, а прэм'ер-міністрам 43-гадовы вучоны Петрэ Роман.

Рэвалюцыя 1989 г. ліквідавала манаполію камуністычнай партыі на ўладу. Адраджаюцца палітычныя партыі, існаваўшыя да ўсталявання камуністычнай дыктатуры. У снежні 1989 г. была створана Хрысціянска-дэмакратычная нацыянал-цэранісцкая партыя (ХДНЦП; пераемніца Нацыянал-цэранісцкай партыі) – першая афіцыйна зарэгістраваная партыя новай Румыніі. Былі адноўлены старэйшая палітычная партыя краіны (заснавана ў 1875 г.) Нацыянал-ліберальная партыя (НЛП) і Румынская сацыял-дэмакратычная партыя (РСДП). Да траўня 1990 г. у краіне з'явілася яшчэ больш за 80 палітычных партыі – ад скрайне левых да скрайне правых.

28 студзеня 1990 г. абвясціў пра сваё пераўтварэнне ў палітычную партыю і Фронт нацыянальнага выратавання. Але вядучыя палітычныя партыі выступілі з рашучым пратэстам, паколькі ФНВ сам пазіцыянаваў сябе як часовую ўладу, што была заклікана забяспечыць умовы для пачатку дэмакратычнай трансфармацыі палітычнага рэжыму ў Румыніі, і абяцаў не выстаўляць сваіх кандыдатаў на выбарах, якія будзе ладзіць. На іх думку апазіцыі, новы статус Фронту пры захаванні яго ўладных функцый прывядзе да стварэння новай партыі ўлады і новай палітычнай манаполіі і стане перашкодай для дэмакратычных працэсаў. На магчымасць падобнага сцэнарыю ўказвала і партыйнае мінулае лідараў ФНВ, напрыклад, І. Іліеску.

У сталіцы і некаторых іншых гарадах краіны пачаліся масавыя антыўрадавыя акцыі пратэсту пад лозунгамі "Нам не патрэбны неакамунізм" і "Учора Чаўшэску, сёння Іліеску". Маніфестанты патрабавалі забараніць былым членам РКП браць удзел у выбарах, вярнуць канфіскаваныя камуністычнымі ўладамі землі, дамы ды іншую маёмасць, расследаваць падзеі снежня 1989 г. І. Іліеску назваў удзельнікаў антыўрадавых акцыяў пратэсту golani – " хуліганамі", "жулікамі", "гультаямі". Гэтая абразлівая мянушка дала назву ўсім акцыям грамадзянскага непадпарадкавання "галаніяда".

ФНВ у адказ арганізоўваў праўрадавыя маніфестацыі рабочых і шахцёраў, узброеных дубінкамі ламамі арматурай – г.зв. "мінерыяды" (рум. Mineriadă ад minerul – шахцёр). Яны выкарыстоўваліся для "аднаўлення парадку" у гарадах, для запужвання апанентаў, а ў дадатак да гэтага і для стварэння партыі іміджу сапраўдных абаронцаў інтарэсаў простага працоўнага люду. На падобных акцыях часта гучалі лозунгі накшталт "Смерць інтэлігенцыі" і выкарыстоўваліся агенты спецслужбаў, якія ладзілі правакацыі, а часам проста апускаліся да крыміналу (у 1994 г. двое былых афіцэраў былі асуджаныя за тое, што падчас мінерыяды ўчынілі пагром у доме аднаго з лідараў апазіцыі і злачынна завалодалі $100 тыс.).

Паколькі ў руках ФНВ знаходзіліся ўсе важнейшыя ўладныя рычагі, у тым ліку і большасць сродкаў масавай інфармацыі, а сама партыя асацыявалася часткай насельніцтва, не гатовага да рэзкага разрыву з сацыялістычным мінулым, з дарэвалюцыйнай Румыніяй, насельніцтва падтрымала яго на першых дэмакратычных выбарах у траўні 1990 г. Большая частка румынаў была моцна напужаная магчымасцю "капіталістычнай рэстаўрацыі", "вяртання буржуяў і памешчыкаў", "паляваннем на камуністаў" у выпадку прыходу да ўлады цэраністаў і лібералаў.

Першым усенароднаабраным прэзідэнтам Румыніі стаў І. Іліеску (1990-1996), які набраў больш за 85% галасоў. На парламенцкіх выбарах яго партыя таксама перамагла: у Сенаце ФНВ заваявала 3/4 месцаў,а ў Палаце дэпутатаў – 2/3. Прэм'ер-міністрам застаўся П. Роман. Другое і трэцяе месцы занялі Дэмакратычны саюз венграў Румыніі (ДСВР) (партыя ніколі не была зарэгістраваная ў традыцыйным сэнсе гэтага слова, але дзейнічае на законных падставах як арганізацыя, што рэпрэзентуе нацыянальную меншасць) і НЛП.

Далейшае пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, асабліва ва ўмовах пачатку канчатковага распаду сацыялістычнай садружнасці, патрабавала рашучых рыначных пераўтварэнняў. З ініцыятывы ўраду П. Романа былі прынятыя больш за 100 законаў, у тым ліку закон пра пераўтварэнне дзяржаўных прадпрыемстваў у кампаніі, пра прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, пра лібералізацыю цэн і тарыфаў, пра замежныя інвестыцыі, пра аграрную рэформу (была адноўлена прыватная ўласнасць на 82% усёй плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў) і г.д. Былі ўсталяваныя трывалыя адносіны з міжнароднымі эканамічнымі і фінансавымі структурамі. Рыначныя рэформы выклікалі супраціўленне часткі насельніцтва. У верасні 1991 г. шахцёры ізноў вярнуліся ў Бухарэст – гэтым разам па ўласнай волі, каб запатрабаваць падвышэння заробкаў і паляпшэння ўмоў працы – і дабіліся адстаўкі ўраду.

Вялікія спадзяванні ўскладаліся на прыняцце новай дэмакратычнай канстытуцыі. У снежні 1991 г. яна была ўхвалена ў ходзе нацыянальнага рэферэндуму. Згодна з Канстытуцыяй 1991 г., Румынія абвяшчалася ўнітарнай дзяржавай з рэспубліканскай формай праўлення. Галавой дзяржавы з'яўляецца прэзідэнт, які абіраецца на 4 гады ўсенародным галасаваннем.

Ужо на базе новых канстытуцыйных патрабаванняў у верасні 1992 г. адбыліся новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Прэзідэнтам быў пераабраны І. Іліеску, але гэтым разам для перамогі яму спатрэбіўся 2-гі тур. Не аказалася дамінуючай сілы і на парламенцкіх выбарах. У сакавіку 1992 г. у ФНВ адбыўся раскол: Дэмакратычны фронт нацыянальнага выратавання (ДФНВ; з 1993 г. – Сацыял-дэмакратычная партыя Румыніі, СДПР) на чале з І. Іліеску пакінуў партыю, дзе засталіся больш схільныя да рэформаў палітыкі на чале з П. Романам (пазней ФНВ атрымаў назву Дэмакратычная партыя, ДП). Перамога ДФНВ была адноснай – партыя набрала толькі 28%. Другое месца заняў Румынскі дэмакратычны саюз (РДС) – выбарчы альянс ХДНЦП, НЛП і шэрагу іншых партый, якія выступалі супраць абсалютнага дамінавання "партыі былых камуністаў сярэдняга звяна" - ДФНВ. Яго лідар Эміль Канстанцінэску – у 2-м туры прэзідэнцкіх выбараў за яго галасавала больш за трэць выбаршчыкаў – пераўтвараецца ў найбольш яркага канкурэнта дзеючага прэзідэнта.

Новы ўрад ДФНВ на чале з Нікалаэ Вэкэрою, былым супрацоўнікам Дзяржплана эпохі Н. Чаўшэску, зрабіў некалькі сціплых захадаў па лібералізацыі рынку, распачаў праграму ваўчарнай прыватызацыі і паспрабаваў наладзіць адносіны з заходнімі структурамі (ЕЭС/ЕС і НАТО). Аднак сацыяльна-эканамічнае становішча працягвала пагаршацца. Напрыклад, у 1994 г. здарыўся самы гучны ў найноўшай гісторыі краіны фінансавы скандал: развалілася фінансавая піраміда "Карытас", куды многія мільёны даверлівых грамадзян (па некаторых ацэнках пацярпела кожная трэцяя румынская сям'я) ўклалі па розных ацэнках ад 1 млрд. да 5 млрд. долараў.

Адсутнасць пазітыўных зрухаў у эканоміцы, асабліва на фоне поспехаў большасці іншых дзяржаў рэгіёну – Чэхіі, Польшчы, Венгрыі, Славеніі, Славакіі, падрывалі давер да правячай партыі ды яе лідара. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах да ўлады прыйшла апазіцыя. Новым прэзідэнтам быў абраны Э. Канстанцінэску, які ў 2-м туры ўзяў рэванш у І. Іліеску. На парламенцкіх выбарах перамогу атрымаў РДС (30%), які разам з Сацыял-дэмакратычным саюзам (СДС) і ДСВР стварыў кааліцыйны ўрад. Прэм'ерская пасада дасталася аднаму з лідараў нацыянал-цэраністаў мэру Бухарэста Віктару Чорбя.

Зыход выбараў 1996 г. сталі сведчаннем поспеху працэсу дэмакратызацыі Румыніі. Упершыню пасля падзення камунізму ў 1989 г. ФНВ/ДФНВ/СДПР была адпраўлена ў апазіцыю – улада ў краіне змянілася электаральным шляхам. Аднак посткамуністычная трансфармацыя ў эканамічнай сферы была яшчэ далёкая ад заканчэння. Новы ўрад правёў некалькі важных рыначных пераўтварэнняў, у тым ліку прапанаваў дастаткова жорсткую праграму эканамічнага аздараўлення – г.зв. "Кантракт з Румыніяй". Рэформы даваліся з вялікай цяжкасцю. Ажыццяўляць раздзяржаўленне прамысловасці і падтрымліваць сацыяльны спакой, неабходны для ўступлення ў НАТО, было вельмі цяжка. Карэнныя кадравыя змены ў міністэрствах выклікалі абвінавачванні на адрас ураду ў правядзенні "палітычных чыстак". Ва ўрадавай кааліцыі нарасталі рознагалоссі: памяркоўным правым з РДС было цяжка ўжывацца з левацэнтрысцкім СДС. Напрыканцы 1998 г. яны скончыліся ўрадавым крызісам і адстаўкай В. Чорбя.

Два наступныя ўрады кааліцыі спрабавалі працягнуць рыначныя рэформы, але спрэчкі ва ўрадзе (да старых рознагалоссяў дадалося ультыматыўнае патрабаванне ДСВР адкрыць дзяржаўны венгерскі ўніверсітэт), нарастанне шырокага грамадскага незадавальнення (зарылася новая "мінерыяда") і падтрымка ўрадам вайны НАТО супраць Югаславіі прывялі да канчатковага разладу былых саюзнікаў. Акрамя таго, напрыканцы 1999 г. стала стала ясна што дажывае апошнія месяцы асноватворная сіла кааліцыі РДС. Тым не менш, нават абмежаваныя рыначныя пераўтварэнні далі эфект: на мяжы ХХ і ХХІ стст. у эканоміцы Румыніі нарэшце намеціліся пазітыўныя зрухі.

Прэзідэнцкія і парламенцкія выбары 2000 г. прынеслі нямала сюрпрызаў. Удала выступілі СДПР і ультранацыяналістычная партыя "Вялікая Румынія", якая выступалі з антывенгерскімі, антыцыганскімі ды антысеміцкімі лозунгамі, а таксама патрабавала вяртання да межаў 1940 г. На прэзідэнцкіх выбарах лідары гэтых партыяў – адпаведна І. Іліеску і Карнэліу Вадзім Тудар – выйшлі ў 2-гі тур, дзе перамог больш вопытны і аўтарытэтны палітык (67% супраць 33%). І. Іліеску (2000-2004) быў абраны прэзідэнтам Румыніі ў другі раз.

Пратэстны электарат расчараваны больш чым дзесяцігоддзям "рынку і свабоды" аддаў свае галасы "Вялікай Румыніі" і на парламенцкіх выбарах: партыя заняла другое месца (20%) следам за СДПР (37%). Ліберальна-дэмакратычныя сілы – НЛП і ДП – выступілі няўдала набраўшы толькі па 7% галасоў, толькі нямногім болей за партыю венгерскай меншасці. Новым прэм'ер-міністрам стаў былы камуніст і камсамольскі функцыянер Адрыян Нэстасе (2000-2004).

Нягледзячы на ўсплёск радыкалізму на выбарах 2000 г., наступныя чатыры гады аказаліся самымі спакойнымі і ў посткамуністычнай гісторыі Румыніі. Захоўвалася палітычная стабільнасць, наступіў працяглы эканамічны рост, знешняя палітыка набывае падкрэслена празаходнюю арыентацыю. Румынія ўступіла ў блок НАТО (2004), паспяхова скончыла перамовы аб уступленні ў ЕС, намечаным на 2007-2008 гг. (для гэтага прыйшлося пайсці на цэлы шэраг сур'ёзных рэформ), і аб зняцці перашкод для румынаў, якія падарожнічаюць па тэрыторыі краін Шэнгенскай зоны. Пры гэтым заставалася нямала нявырашаных праблем: усё яшчэ 42% эканамічна актыўнага насельніцтва працавала ў сельскагаспадарчым сектары (у Польшчы толькі 19%), розныя сацыяльныя слаі па-рознаму адчувалі эфект ад эканамічнага росту – адсотак насельніцтва, якое пражывала ніжэй за узровень беднасці заставаўся вельмі высокім, асабліва ў аграрных раёнах. У 2003 г. былі прынятыя канстытуцыйныя папраўкі: прэзідэнцкі тэрмін павялічваўся да 5 гадоў.

Выбары 2004 г. для правячай партыі склаліся вельмі няўдала. На прэзідэнцкіх выбарах дастаткова папулярнага прэм'ер-міністра А. Нэстасэ ў 2-м туры на 1,5% апярэдзіў лідар новага выбарчага альянсу "Праўда і Справядлівасць" (ПС; увайшлі НЛП і ДП) Траян Бэсэску (2004 –). На парламенцкіх выбарах перамога дасталася блоку СДПР-РГП (Румынская гуманістычная партыя; з 2005 г. выступае пад назвай Кансерватыўная партыя, КП), які набраў 37% галасоў. Тым не менш, для фармавання большасці гэтага было недастаткова. Пачаліся перагаворы пра стварэнне ўраду з удзелам СДПР, РГП, ДСВР і шэрагам дробных партый. Але нечакана галоўныя саюзнікі сацыял-дэмакратаў – РГП – далучылася да альянсу "Праўда і справядлівасць" і разам з ім і партыяй венгерскай меншасці стварылі іншы кааліцыйны ўрад. СДПР была вымушана зысці ў апазіцыю.

Нягледзячы на стабілізацыю румынскай эканомікі і далучэнне да ЕС (2007), палітычнае жыццё краіны заставалася не зусім стабільным. У красавіку 2007 г парламент узбудзіў імпічмент супраць Т. Басэску і прагаласаваў "за" (дзеючага прэзідэнта рашуча падтрымала толькі яго Дэмакратычная партыя). Яго паўнамоцтвы былі прыпынены, але паводле канстытуцыі канчатковы вердыкт у дачыненні лёсу прэзідэнта павінны быў народ на рэферэндуме. У траўні 2007 г. румыны прагаласавалі ў падтрымку Т. Басэску. А ў 2009 г. дзеючы прэзідэнт быў пераабраны на новы 5-гадовы тэрмін. Яго галоўнай задачай, як і важнейшай справай ураду, становіцца пераадоленне наступстваў сусветнага фінансавага крызісу 2008-2009 гг.

 

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 482; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.145 сек.