Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Стварэнне часовага ўрада на чале з Я. Кадарам, яго палітыка. Абвяшчэнне перамогі сацыялістычных вытворчых адносін у эканоміцы




Пераход да дыктатуры пралетарыяту і пачатак будаўніцтва сацыялізму савецкага тыпу. Канстытуцыя 1949 г. Першая пяцігодка і яе вынікі. Усталяванне таталітарнага рэжыму ў Венгрыі. Культ асобы М. Ракашы. Палітычныя рэпрэсіі.

Першыя пасляваенныя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні. Мірны дагавор з Венгрыяй. Узмацненне палітычнай барацьбы. Парламенцкія выбары 1947 г. Становішча канфесій у першыя пасляваенныя гады.

Вызваленне Венгрыі ад фашысцкай акупацыі. Стварэнне Венгерскага нацыянальнага фронту незалежнасці і скліканне Часовага нацыянальнага сходу. Першыя агульнанацыянальныя выбары. Абвяшчэнне рэспублікі.

Тэма 18. Венгрыя ў 1945-2010-я гг.

 

У траўні 1944 г. быў створаны антыфашысцкі Венгерскі фронт (ВФ), куды спачатку ўвайшлі Венгерская камуністычная партыя (ВКП), Сацыял-дэмакратычная партыя (СДП), Партыя дробных сельскіх гаспадароў (ПДСГ) і нават група легітымістаў (падтрымлівала вяртанне на венгерскі прастол дынастыі Габсбургаў), а восенню 1944 г. да іх далучылася і Нацыянальная сялянская партыя (НСП).

З набліжэннем непазбежнай развязкі вайны шматгадовы дыктатар Міклаш Хорці спрабаваў дамовіцца аб перамір’і з дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі (не толькі з заходнімі саюзнікамі, але і з СССР), а напярэдадні ўступлення Савецкай Арміі на венгерскую зямлю (15 кастрычніка) нават абвясціў аб перамір’і. Важнейшае стратэгічнае значэнне Венгрыі для нацысцкай Германіі абумовіла рашучыя дзеянні Гітлера ў адказ: Хорці быў скінуты і ўсталяваны нацысцкі рэжым Ферэнца Салашы і яго Партыі скрыжаваных стрэлаў ("нілашыстаў"). Тым не менш лёс вайны ўжо не выклікаў аніякіх сумненняў. У перыяд з кастрычніка 1944 г. па 4 красавіка 1945 г. уся тэрыторыя Венгрыі была вызвалена ад войск гітлераўцаў і іх венгерскіх памагатых і занята Савецкай Арміяй.

Удзел у вайне і гаспадаранне ў краіне гітлераўскіх акупантаў дорага абышліся народу Венгрыі. Вайна забрала жыцці каля 600 тыс. чалавек, прычым амаль палова з іх – ахвяры сярод мірнага насельніцтва.

2 снежня 1944 г. на вызваленай Савецкай Арміяй венгерскай тэрыторыі (г. Сегед) замест ВФ быў створаны Венгерскі нацыянальны фронт незалежнасці (ВНФН), у які ўвайшлі ВКП, СДП, ПДСГ, НСП, Буржуазна-дэмакратычная партыя і прафсаюзы. Яго ўзначаліў лідар ПДСГ Золтан Цілдзі. Створаны 22 снежня Часовы нацыянальны сход (ЧНС) абвясціў вайну Германіі і забараніў фашысцкія арганізацыі. У кароткі тэрмін быў ліквідаваны стары фашысцкі дзяржаўны апарат. Новая ўлада прыступіла да правядзення прагрэсіўных дэмакратычных пераўтварэнняў. Пытанне формы праўлення пакуль не вырашалася – Венгрыя па-ранейшаму заставалася манархіяй. 20 студзеня 1945 г. Венгрыя падпісала перамір’е з дзяржавамі Антыгітлераўскай кааліцыі.

Першыя пасляваенныя выбары (муніцыпальныя) адбыліся ў Будапешце ў кастрычніку 1945 г. Перамогу на іх атрымала Партыя дробных сельскіх гаспадароў, якая набрала 50,5% галасоў, выступаўшыя адзіным блокам камуністы і сацыял-дэмакраты – толькі 42,8%.

4 лістапада 1945 г. у Венгрыі былі праведзены агульнанацыянальныя парламенцкія выбары. (Наступных дэмакратычных выбараў прыйшлося чакаць больш за 40 гадоў!) Нягледзячы на адкрытую савецкую дапамогу ВКП здолела атрымаць толькі 17% галасоў, нават менш за былых саюзнікаў на муніцыпальных выбарах сацыял-дэмакратаў (17,4%). Перамогу пад лозунгам "Бог, Айчына і прыватная ўласнасць" ізноў святкавала ПДСГ – 57%. Левых выратавала толькі тое, што яшчэ да выбараў партыі-удзельніцы ВНФН дамовіліся аб захаванні кааліцыйнага ўраду. На яго фармаванне магутны ўплыў зрабіла Саюзніцкая Кантрольная Камісія (СКК) на чале з маршалам К.Я. Варашылавым, якая дазволіла пераможцам заняць палову месцаў у кабінеце міністраў, але ключавыя пасады, напрыклад, пост міністра унутраных спраў, замацавала за камуністамі. Кіраўніком урада застаўся З. Цілдзі.

1 лютага 1946 г. было канчаткова вырашана пытанне формы праўлення – Венгрыя была абвешчана рэспублікай, а З. Цілдзі быў абраны яе прэзідэнтам. Вакантнае месца прэм’ер-міністра дасталася яго паплечніку па партыі Ферэнцу Надзю. З арганізацыяй новых органаў дзяржаўнай улады на базе народнага волевыяўлення пачынаецца працэс прызнання ўраду Венгрыі дзяржавамі Еўропы і ЗША.

Нягледзячы на захаванне фармальнага адзінства ў кааліцыі антыфашысцкіх сіл нарасталі рознагалоссі. Выразнай праявай гэтай тэндэнцыі стала ўтварэнне ў сакавіку 1946 г. Левага блоку ў складзе ВКП, СДП, НКП і прафсаюзаў. Па меры нарастання супярэчнасцяў у лагеры былых партнёраў па Антыгітлераўскай кааліцыі – заходніх дзяржаў і Савецкага Саюза – палітычная барацьба ў Венгрыі таксама абвастраецца.

За гады вайны Венгрыя страціла каля 40% нацыянальнага багацця. Цалкам або часткова былі разбураны 90% усіх фабрык і заводаў. (Восенню 1944 г. – летам 1945 г. савецкая ваенная адміністрацыя ў лік рэпарацыяў праводзіла дэмантаж абсталявання, вываз прадуктаў харчавання, маёмасці, вайсковай тэхнікі.) Аб’ём прамысловай вытворчасці ў 1945 г. ледзьве дасягаў 35% ад даваеннага ўзроўню. У выніку цяжкіх метэаралагічных умоў ураджай 1945 г. не дасягнуў і паловы ўзроўню даваенных гадоў.

Адной з найбольш вострых і застарэлых праблем Венгрыі заставалася адсталасць аграрнага сектару эканомікі (перанаселенасць вёскі, малазямелле і беззямелле асноўнай масы яе жыхароў і наяўнасць буйных памешчыцкіх уладанняў). Яшчэ да канчатковага разгрому нацыстаў у сакавіку 1945 г. кабінет міністраў пасля настойлівых патрабаванняў камуністаў зацвердзіў праект урадавага дэкрэта аб ліквідацыі буйнога землеўладання і надзялення сялян зямлёй. 5 верасня 1945 г. дэкрэт набыў статус закона. Аграрная рэформа прадугледжвала канфіскацыю зямель кіраўнікоў фашысцкіх арганізацый і ваенных злачынцаў, маёнткі буйнейшых землеўладальнікаў. Астатнія буйныя уладанні (звыш вызначанага максімуму) пераходзілі ў рукі дзяржавы за пэўны выкуп. Атрыманыя землі перадаваліся сялянам ў прыватную ўласнасць. У прывілеяваным становішчы апынуліся актыўныя ўдзельнікі Супраціўлення, актыўныя змагары з нямецкімі акупантамі, для якіх усталёўваўся высокі максімальны памер зямельнага ўладання. У снежні 1945 г. быў прыняты закон аб нацыяналізацыі вугальнай прамысловасці.

Надзвычай сур’ёзна стаяла праблема інфляцыі. Са жніўня 1945 г. па ліпень 1946 г. сярэднемесячны тэмп росту цэн складаў 19 800%. Нават сумна знакамітая германская інфляцыя 1922-1923 гг. была меншай у многія дзесяткі разоў. Апошняя дарэформенная банкнота мела вартасць адзін квадрыльён пенгё (адзінка з дваццаццю чатырма нулямі). У жніўні 1946 г. была ўведзена новая забяспечаная золатам валюта – форынт (на 1 форынт мянялі 400 000 квадрыльёнаў пенгё!)

Рэалізацыя іншых мерапрыемстваў пэўны час была немагчымая з-за дыяметральна супрацьлеглых уяўленняў вядучых палітычных сіл Венгрыі на перспектывы сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны. ПДСГ і буржуазныя партыі выступалі за захаванне капіталістычнай эканомікі і рынку, палітычнай дэмакратыі і парламентарызму, а камуністы з саюзнікамі патрабавалі складвання базы для пачатку пабудовы сацыялізму і ўсталявання ўлады працоўнага народу.

10 лютага 1947 г. Венгрыя падпісала Парыжскі мірны дагавор. У адпаведнасці з яго палажэннямі рашэнні Венскіх арбітражаў 1938 і 1940 гг. абвяшчаліся несапраўднымі. Дзяржаўныя межы Венгрыі з Аўстрыяй, Румыніяй і Югаславіяй вызначаліся па стану на 1 студзеня 1938 г. Акрамя таго, частка тэрыторыі ў раёне Браціславы перадавалася Чэхаславакіі. У палітычнай сферы прадугледжваўся роспуск фашысцкіх арганізацый, затрыманне і выдача суду асобаў, якія здзейснілі ваенныя злачынствы і злачынствы супраць міру і чалавечнасці, абмежаванне узброеных сіл і ваеннай вытворчасці, аднаўленне грамадзянскіх свабодаў і дэмакратыі. Быў вызначаны аб’ём рэпарацый для СССР ($200 млн.), Чэхаславакіі і Югаславіі (па $100 млн.), прызнана права Савецкага Саюзу на ўсе германскія актывы ў Венгрыі (ад часткі кампенсацыяў СССР потым адмовіўся). СССР было дазволена пакінуць на венгерскай тэрыторыі свае ўзброеныя сілы. (Знаходжанне Савецкай Арміі ў Венгрыі спачатку ўвязвалася з патрэбамі вонкавага кантролю над тэрыторыяй таксама занятай Аўстрыі, а з утварэннем у 1955 г. Арганізацыі Варшаўскага Дагавору тлумачылася саюзніцкімі адносінамі).

Нарастанне напружання ў адносінах паміж СССР і краінамі Захаду вяло да канчатковага размежавання іх сфер уплыву ў Еўропе. Пасля заключэння мірнага дагавору для Венгрыі прыйшла пара вырашальных падзеяў.

Сапраўдныя баталіі разгарнуліся ў венгерскім парламенце вакол прапанаванага камуністамі 3-гадовага эканамічнага плана. Ён прадугледжваў аднаўленне гаспадаркі на новай сацыяльна-эканамічнай базе, у падмурку якой ляжалі дзяржаўны і кааператыўны сектар. Інвестыцыі для эканамічнага прарыву камуністы збіраліся чэрпаць з даходаў дзяржаўнага сектара эканомікі і прагрэсіўнай падатковай сістэмы. (Безумоўна, вялікія спадзяванні таксама ўскладаліся і на дапамогу СССР.) На думку лідэраў ПДСГ эканамічная мадэрнізацыя краіны была магчымая толькі пры фінансавай падтрымцы заходніх дзяржаў. Вострая барацьба разгарнулася таксама вакол нацыяналізацыі банкаў, таксама прапанаванай ВКП.

Вырашыць палітычную спрэчку на сваю карысць парламенцкімі сродкамі ВКП не магла, таму, выкарыстоўваючы кантроль над сілавымі органамі, савецкую падтрымку і іншыя рычагі дзяржаўнай улады, камуністы імкнуліся дыскрэдытаваць і аслабіць палітычных апанентаў. У лютым 1947 г. камуністы заявілі пра выкрыццё антырэспубліканскай змовы, мэтай якой, нібыта, з’яўлялася гвалтоўнае звяржэнне народна-дэмакратычнага ладу шляхам вайсковага путчу. Абвінавачанні ў гэтым цяжкім дзяржаўным злачынстве былі скіраваны і супраць цэлага шэрагу вядучых палітыкаў краіны, у тым ліку лідэраў ПДСГ. Пачаліся арышты. Шытыя белымі ніткамі доказы вінаватасці не пераканалі парламент, які адмовіўся пазбавіць мандата недатыкальнасці генеральнага сакратара ПДСГ Бэлу Ковача. Тады 25 лютага 1947 г. яго як арганізатара тэрарыстычных груп (!), што ажыццяўлялі напады на савецкіх афіцэраў, арыштавалі акупацыйныя савецкія ўлады.

У траўні 1947 г. СССР зрабіў заяву аб тым, што на допытах Б. Ковача высветлілася вінаватасць у змове супраць рэспублікі самога Ф. Надзя, які ў той час знаходзіўся на адпачынку ў Швейцарыі. Аказваючы на прэм’ер-міністра псіхалагічны ціск – быў выкрадзены яго 4-гадовы сын, новыя гаспадары Венгрыі здолелі дамагчыся ад яго "добраахвотнай адстаўкі". Ф. Надзь быў вымушаны пражыць рэшту свайго жыцця на чужыне.

Следам пайшлі чысткі партыяў правячай кааліцыі – ПДСГ, СДП і НКП – ад правых элементаў. Фармальна быў захаваны шматпартыйны ўрад, прэм’ерскае крэсла засталося за новым лідарам ПДСГ Лаяшам Дзіньешам, але адзінай рэальнай сілай у ім аказаліся камуністы. Таксама была праведзена чыстка дзяржаўнага апарату ад "варожых элементаў".

У выніку быў паспяхова зацверджаны 3-гадовы план, а партыі Левага блоку паставілі ў парламенце пытанне аб адпаведнасці рэальнага ўплыву ПДСГ яе месцу і ролі ў органах дзяржаўнай улады ды ініцыявалі правядзенне новых парламенцкіх выбараў.

Афармленне новага раскладу палітычных сіл у Венгрыі, а дакладней усталяванне камуністычнай дыктатуры, магло адбыцца ўжо пасля парламенцкіх выбараў 31 жніўня 1947 г. Аднак, бясспрэчна, менш дэмакратычныя за папярэднія, гэтыя выбары аказаліся больш спаборніцкімі і свабоднымі ў параўнанні з выбарамі балканскіх суседак Венгрыі. Камуністы нягледзячы на запужванні на адрас праціўнікаў і падтасоўкі здолелі атрымаць толькі 22,3% галасоў. Абяскроўленая рэпрэсіямі і расколамі ПДСГ набрала толькі 15,4%. Немалую падтрымку знайшлі чатыры новыя партыі (склаліся на базе выгнаных з урадавых партыяў груповак), што прадстаўлялі сябе як апазіцыя ВНФН. Напрыклад, нацыянал-кансерватыўная Партыя венгерскай незалежнасці (ПВН) атрымала 13,4%, а больш цэнтрысцкая каталіцкая Дэмакратычная народная партыя (ДНП) – 16,4%. Вынікі выбараў сведчылі пра тое, што і ў новых умовах народ яшчэ не быў запужаны, а камуністы не мелі істотнай падтрымкі грамадства і дэмакратычным шляхам усталяваць уладу былі няздольныя. Тым не менш партыі кааліцыі атрымалі каля 60% галасоў і сфармавалі новы ўрад.

На гэты час Венгрыя, як і пасляваенная Польшча, з этнанацыянальнага пункту гледжання стала амаль цалкам аднароднай краінай. Але ў адрозненне ад сваёй суседкі, яна была больш стракатай канфесійна. Дзве трэці яе насельніцтва складалі каталікі, чвэрць – кальвіністы і вельмі нязначную лютэране і іўдзеі.

Каталіцкі касцёл у асобе кардынала Міндсенці выступаў з патрабаваннем рэстаўрацыі Габсбургаў і пратэставаў супраць пасляваеннай зямельнай рэформы (каталіцкі касцёл заставаўся буйным землеўладальнікам). Кальвінісцкае святарства, наадварот, падтрымала рэспубліку і вітала зямельную рэформу, як неабходны і нават запознены крок.

У сферы культуры і педагогікі абедзве царквы ўступілі ў пасляваенны перыяд усё яшчэ маючы шырокія грамадскія функцыі. Дзве трэці пачатковых школаў, напрыклад, былі канфесійнымі, а выкладанне рэлігіі ў школе было абавязковым нават у дзяржаўных свецкіх школах. Першыя пасляваенныя ўрады занялі даволі асцярожную пазіцыю ў дачыненні рэлігіі. Пры ўдзеле дзяржавы аднаўляліся разбураныя і пашкоджаныя храмы. Але калі ў 1947 г. дзяржаўныя школы ўвялі новыя падручнікі па свецкіх дысцыплінах – гэтыя падручнікі былі ўзятыя на ўзбраенне і кальвінісцкімі школамі – кардынал Міндсенці забараніў іх выкарыстанне ў каталіцкіх школах. У чэрвені 1948 г. уся школьная сістэма была абвешчана свецкай (рэлігійнае навучанне пры гэтым захоўвалася), кардынал адлучыў ад царквы ўрадавых чыноўнікаў-каталікоў, якія падтрымалі гэты закон, і загадаў святарам-настаўнікам і манашкам зысці са школаў. У канцы 1948 г. кааліцыйны ўрад навязаў кальвіністам і лютэранам пагадненне, згодна з якім духоўныя асобы абавязваліся падтрымліваць народна-дэмакратычны лад. Каталіцкі касцёл адказаў катэгарычнай адмовай. Хаця апазіцыя Міндсенці ўзрастальна камуністычнай ўладзе можа сёння падацца донкіхоцтвам, у вачах народу ён паўставаў героем-барацьбітом за справядлівасць.

Пазіцыі кааліцыйнага, але па факту камуністычнага ўраду ўзмацняюцца пасля ліквідацыі адкрыта апазіцыйных партый. Напрыклад, "за падман і падтасоўкі ў ходзе выбараў" дэпутацкіх мандатаў пазбавілі прадстаўнікоў ВПН. Пад лозунгам пераадолення расколу рабочага класу ў чэрвені 1948 г. адбылося зліццё ВКП і СДП. Новаўтвораная партыя атрымала назву – Венгерская партыя працоўных (ВПП). Старшынёй партыі быў абраны Арпад Сакашыч, а генеральным сакратаром Мацяш Ракашы. У ходзе перарэгістрацыі членаў партыі было выключана з яе шэрагаў 190 тыс. чалавек. Пасля чысткі ў НСП і ПДСГ на чале гэтых партый канчаткова сталі прыхільнікі пабудовы ў Венгрыі сацыялізму. Быў абвінавачаны ў шпіянажы на карысць імперыялістаў, здрадзе Венгерскай Рэспубліцы і валютных спекуляцыях (!) і асуджаны кардынал Міндсенці. Напачатку 1949 г., пасля вымушанай эміграцыі на Захад сваіх лідэраў спыніла існаванне буйнейшая на той час апазіцыйная партыя – ДНП.

Працэс разбурэння сіл арганізаванай апазіцыі стаў вынікам мэтанакіраванай палітыкі камуністаў. М. Ракашы назваў яе "тактыкай наразання салямі": ад апазіцыі "адразаўся" кавалак за кавалкам (яе левая частка праглыналася пракамуністычнай кааліцыяй, а правая – выдалялася з палітычнай арэны) да тых пор, пакуль не засталіся адны лаяльныя рэжыму палітыкі і арганізацыі.

Напрыканцы 1947 г. былі нацыяналізаваныя буйнейшыя банкі краіны, а таксама фабрыкі і заводы, якія належалі ім. Вясной 1948 г. былі нацыяналізаваныя ўсе прамысловыя прадпрыемствы, дзе працавала звыш 100 чалавек. У руках дзяржавы апынулася 4/5 буйной і сярэдняй прамысловасці і 2/3 аб’ёму знешняга гандлю.

Гэткім чынам да сярэдзіны 1948 г. у цэлым ажыццяўляецца пераход да дыктатуры пралетарыяту і будаўніцтва сацыялізму савецкага тыпу ў Венгрыі. Новы рэжым абапіраўся на моцную падтрымку СССР, з якім яшчэ ў лютым 1948 г. быў падпісаны разлічаны на 20 гадоў дагавор аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе.

У лютым 1949 г. адбылася рэарганізацыя правячага блоку – Венгерскі нацыянальны фронт незалежнасці быў перайменаваны ў Венгерскі народны фронт незалежнасці. Па прапанове камуністаў былі абвешчаны новыя парламенцкія выбары. Іх вынікі не прынеслі нечаканасцяў: спіс ВНФН атрымаў амаль 96%, а камуністы заваявалі ў Дзяржаўным сходзе (парламенце) – 71% месцаў. Упершыню ў венгерскай гісторыі ў парламенце не было ніводнага памешчыка, банкіра ці прадстаўніка буйнога гандлю.

18 жніўня 1949 г. Дзяржаўны сход абвясціў Канстытуцыю Венгерскай Народнай Рэспублікі (ВНР). Венгрыя абвяшчалася дзяржавай рабочых і працоўных сялян, улада ў якой належала народу. Вызначалася мэта – пабудова сацыялістычнага грамадства.

Пасля датэрміновага выканання 3-гадовага плана, а таксама ў сувязі з пачаткам вайны ў Карэі у 1951 г. былі зацверджаныя новыя скрайне завышаныя паказчыкі 1-ай пяцігодкі (па некаторых пазіцыях яны былі павялічаныя ў некалькі разоў). Вялікімі намаганнямі і пры аграмаднай дапамозе СССР за гады пяцігодкі былі пабудаваныя 65 новых прамысловых аб’ектаў, узніклі цэлыя новыя галіны прамысловасці, з’явіліся новыя дарогі, каналы і цэлыя гарады (напрыклад, Сталінвараш). Аднак эканамічныя праблемы ў сувязі з курсам на фарсіраванае стварэнне цяжкой прамысловасці і каапераваннем сельскай гаспадаркі толькі нарасталі: павялічваўся сабекошт прадукцыі, транспарт не даваў рады перавозкам, раслі цэны і зніжалася рэальная плата, падала сельскагаспадарчая вытворчасць, скарачаліся пасяўныя плошчы, узнік дэфіцыт прадуктаў харчавання. У Венгрыі складвалася ўсеабдымная адміністрацыйная сістэма кіравання эканомікай, настолькі магутная, што не ішла ні ў якое параўнанне з суседнімі – польскай альбо югаслаўскай.

Генеральны сакратар ВПП М. Ракашы быў прызнаным лідэрам камуністаў. Ужо ў 27-гадовым узросце ён займаў адказныя пасады (у т.л. галоўнакамандуючага Чырвонай гвардыі) у венгерскім савецкім ўрадзе Бэлы Куна. Затым на эміграцыі ў Маскве М. Ракашы кіраваў замежным бюро ВКП. Па меры авалодання камуністамі ўсёй паўнаты ўлады ў краіне ён пераўтвараецца ў сапраўднага дыктатара. "Лепшы вучань Сталіна ў Венгрыі", як ён называў самога сябе, дзейнічаў у лепшых традыцыях настаўніка. Рэпрэсіі ладзіліся як супраць адкрытых палітычных праціўнікаў, гэтак і ўнутры партыі. Праводзілася інтэрніраванне (высяленне) людзей па сацыяльнай прыкмеце з гарадоў. Пазбавіўшыся антыкамуністычнай апазіцыі, М. Ракашы таксама жорстка расправіўся з цэлым шэрагам сваіх бліжэйшых паплечнікаў. Асабліва паказальны лёс аднаго з партыйных лідэраў Ласла Райка, стваральніка Ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі (УДБ, венгерскага аналагу савецкіх НКУС-МДБ-КДБ) і міністра замежных спраў. Ён быў абвінавачаны ў "цітаізму" і шпіянажы на карысць Югаславіі, а ў 1949 г. "паказальным" працэсам асуджаны на смяротную кару. У 1952 г. М. Ракашы таксама заняў пасаду прэм’ер-міністра, тым самым фармальна-юрыдычным чынам замацаваўшы дыктатарскія паўнамоцтвы. Культ асобы правадыра венгерскага пралетарыяту дасягнуў свайго росквіту.

Курс М. Ракашы ў сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай сферах, які характарызаваўся выкарыстаннем сталінскіх метадаў дзяржаўнага і партыйнага кіравання, сляпым капіраваннем савецкага вопыту і ігнараваннем нацыянальных асаблівасцяў і традыцый, правядзеннем рэпрэсіўнай палітыкі ў дачыненні ўласнага народа непазбежна вялі да сістэмнага крызісу таталітарнага рэжыму ў Венгрыі.

Групоўка І. Надзя. Палітычная барацьба ў 1954-1955 гг. Абвастрэнне палітычнай сітуацыі летам 1956 г. Падзеі кастрычніка‑лістападу 1956 г., іх характар, асноўныя этапы і вынікі.

Смерць Сталіна моцна паўплывала на венгерскую палітычную сітуацыю. У выніку ціску новага савецкага кіраўніцтва чэрвеньскі Пленум Цэнтральнага Кіраўніцтва (ЦК) ВПП 1953 г. раскрытыкаваў цвёрдага сталініста М. Ракашы і змясціў яго з прэм’ерскай пасады (пры гэтым ён здолеў захаваць лідэрства ў партыі, хаця ужо на пасадзе не "генеральнага", а "першага сакратара"). Кіраўніком ураду становіцца Імрэ Надзь. Разам з паплечнікамі, праціўнікамі сталінскіх метадаў пабудовы сацыялізму, І. Надзь правёў амністыю, спыніў інтэрніраванне, адмовіўся ад будаўніцтва мноства буйных прамысловых аб’ектаў, а асноўныя капіталаўкладанні скіраваў на развіццё "родных" для краіны лёгкай і харчовай прамысловасці. Галоўнай мэтай стала павышэнне дабрабыту венграў за кошт тавараў народнага ўжытку. Быў паслаблены ціск на сельскую гаспадарку (у выніку каля паловы сялян выйшла з кааператываў), дробныя гарадскія вытворцы атрымалі магчымасць набыць ліцэнзію для занятку сваім промыслам, былі зніжаныя цэны на прадукты і тарыфы для насельніцтва.

Згортванне індустрыялізацыі і кааперавання ў сельскай гаспадарцы выклікалі рэзкую крытыку І. Надзя з боку М. Ракашы і яго прыхільнікаў. Страта Р.М. Малянковым (таксама выступаў за прыярытэтнае развіццё лёгкай прамысловасці) пасады галавы ўраду ў СССР паклала пачатак рашучаму наступу на пазіцыі І. Надзя ў Венгрыі. Яго палітыку асудзілі і пазбавілі прэм’ерскага крэсла, пасадаў у ЦК і Палітбюро ВПП (т. зв. "сакавіцкі паварот" 1955 г.). У партыі і ва ўрадзе былыя пазіцыі аднавіў М. Ракашы.

"Сталінісцкі рэнесанс" аказаўся нядоўгім. Выкрыццё культу асобы Сталіна ў СССР і рост незадаволенасці венгерскага грамадства палітыкай венгерскіх сталіністаў вялі да імклівага падзення папулярнасці ВПП. У ліпні 1956 г. страціў партыйнае лідэрства М. Ракашы. На вызваленую ім пасаду быў прызначаны былы міністр дзяржаўнай бяспекі Эрнё Гера (рус. - Эрнё Герё). Але яго нерашучасць і разгубленасць сведчылі аб надыходзе перамен. Актывізуецца ўнутрыпартыйная групоўка антысталіністаў, аб’яднаных вакол І. Надзя. Магчымасці для дзейнасці дэмакратычнага крыла правячай партыі ва ўмовах таталітарнага рэжыму былі абмежаваныя: публікацыя крытычных артыкулаў, дыскусіі, тлумачальная работа сярод насельніцтва. Мэтай групоўкі была дэмакратызацыя грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця краіны, рэфармаванне і дэмакратызацыя сацыялістычнага ладу, абнаўленне ВПП і ўсяго камуністычнага руху.

Унутраныя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя супярэчнасці, умяшанне ў венгерскія справы знешніх сіл (у т.л. падтрымка заходнімі спецслужбамі антыкамуністычных элементаў) вялі таталітарны рэжым да глыбокага крызісу. Трагічная развязка прыйшла восенню 1956 г. У савецкай гістарыяграфіі гэтыя падзеі атрымалі назву "Венгерскі мяцеж 1956 г." (часам нават з азначэннем "фашысцкі"), а ў замежных крыніцах, асабліва венгерскіх – "Венгерская рэвалюцыя 1956 г." ці “"Венгерскае паўстанне 1956 г." У айчыннай гістарычнай літаратуры таксама выкарыстоўваецца больш нейтральная назва – "Будапешцкая восень 1956 г." (па аналогіі з "Пражскай вясной 1968 г.").

Іскрай, з якой разгарэлася полымя стала дэманстрацыя ў Будапешце 23 кастрычніка 1956 г. Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і студэнцкая моладзь, натхнёныя працэсам дэсталінізацыі ў суседняй Польшчы выступілі са стрыманымі патрабаваннямі да ўлады. Але па меры разрастання маштабаў акцыі за кошт прытоку шырокіх мас гараджан (сярод іх, безумоўна, былі і спецыяльна падрыхтаваныя праціўнікамі існаваўшага ладу людзі) сталі агучвацца ўсё больш і больш радыкальныя лозунгі.

Мірная дэманстрацыя скончылася штурмам Дома Радыё. У сутыкненнях паміж дэманстрантамі і аддзеламі УДБ пралілася кроў – былі забітыя і параненыя. Урадавыя сілы раскалоліся. На бок народа перайшлі частка сталічных вайскоўцаў. Начальнік гарадской паліцыі даў загад не ўмешвацца у дзеянні паўстанцаў, а потым выканаў іх патрабаванні (вызваленне вязняў). Кіраўніцтва ВПП прыняло рашэнне прызначыць прэм’ер-міністрам прыхільніка рэформаў і папулярнага ў народзе Імрэ Надзя.

Не застаўся ў баку ад палітычнага канфлікту і Савецкі Саюз. На падставе рашэння Прэзідыума ЦК КПСС начальнік Генштаба маршал В.Д. Сакалоўскі позна вечарам 23 лістападу аддаў загад часткам савецкага вайсковага кантынгенту накіравацца ў Будапешт для аказання дапамогі венгерскім войскам "у аднаўленні парадку і забеспячэнні ўмоў для мірнай стваральнай працы". Раніцай 24 кастрычніка савецкія войскі (6000 ваеннаслужачых, 290 танкаў, 120 БТР і г.д.) ўступілі ў баі з паўстанцамі.

Нягледзячы на гэта, а таксама на прыезд у Будапешт членаў Прэзідыума ЦК КПСС А.І. Мікаяна і М.А. Суслава, старшыні КДБ І.А. Сярова, першапачаткова савецкі бок заняў чакальную пазіцыю. (Адно з нешматлікіх выключэнняў – інцыдэнт на мітынгу ля будынку парламенту, калі следам за гібеллю савецкага афіцэра і падпалам танка быў адкрыты агонь па маніфестантах. З абодвух бакоў загінуў 61 чалавек і 284 былі паранены.)

28 кастрычніка І. Надзь асудзіў паўстанцаў, абвясціў аб спыненні агню і пачатку перамоў з СССР наконт вываду савецкіх войск з Венгрыі. Аднак, нягледзячы на адыход "рускіх" са сталіцы да месцаў дыслакацыі (29-30 кастрычніка), палітычнае становішча стала яшчэ больш напружаным. Урад цалкам страціў кантроль над сітуацыяй: краіна пагрузілася ў рэвалюцыйны хаос, бязладдзе і вулічны тэрор. Удзельнікі паўстання забівалі камуністаў, супрацоўнікаў УДБ і МУС (жорсткасць праціўнікаў камуністычнага рэжыму часам нагадвала самыя лютыя эксцэсы часоў Французскай рэвалюцыі XVIII ст.), абстрэльвалі савецкія ваенныя гарадкі.

30 кастрычніка ўрад І. Надзя абвясціў аб аднаўленні шматпартыйнай сістэмы і стварэнні кааліцыйнага ўраду з прадстаўнікоў ВПП, Незалежнай партыі сельскіх гаспадароў, НСП і адроджанай СДП. Венгерская партыя працоўных была распушчана, а замест яе створана Венгерская сацыялістычная рабочая партыя (ВСРП). Яе лідэрам стаў яшчэ адзін папулярны камуніст, у нядаўнім мінулым таксама ахвяра рэпрэсіяў Янаш Кадар. Было абвешчана аб правядзенні свабодных выбараў.

Бурныя падзеі ў Венгрыі супалі па часе з Суэцкім крызісам, а таму захаванне Венгрыі на савецкай палітычнай арбіце набывала асабліва прынцыповае значэнне ў блокавым процістаянні "халоднай вайны". (М.С. Хрушчоў сфармуляваў гэта наступным чынам: "Калі мы зыдзем з Венгрыі, гэта падбадзёрыць амерыканцаў, англічан і французаў. Яны зразумеюць нашу слабасць і будуць наступаць".)

Савецкае кіраўніцтва вырашыла стварыць для Венгрыі рабоча-сялянскі ўрад на чале з Я. Кадарам і правесці вайсковую аперацыю з мэтай ліквідацыі мяцяжу і звяржэння ўраду І. Надзя. План аперацыі – кодавая назва "Вихрь" – быў распрацаваны, а потым рэалізаваны пад непасрэдным кіраўніцтвам міністра абароны СССР Г.К. Жукава.

Тым часам 1 лістапада 1956 г. венгерскі ўрад прыняў рашэнне аб выхадзе краіны з Арганізацыі Варшаўскага Дагавору і звярнуўся да ААН з просьбай аб абароне свайго нейтралітэту. Былі зроблены захады па абароне Будапешта ад "магчымага знешняга нападу".

Аперацыя “Вихрь” пачалася 4 лістапада 1956 г. У той жа дзень савецкімі войскамі былі захопленыя важнейшыя аб'екты ў Будапешце. Супраціўленне аддзелаў рэгулярнай венгерскай арміі і цывільных венгерскіх паўстанцаў было адчайным, але малапаспяховым: цяжка было нешта супрацьпаставіць масіраваным артылерыйскім абстрэлам і танкам. 10 лістапада паўстанцы звярнуліся да свецкага камандавання з просьбай аб спыненні агню і склалі зброю.

Венгерскае паўстанне пацярпела паражэнне і спадзяванне значнай часткі насельніцтва Венгрыі на спыненне камуністычнага эксперымента і вызвалення з-пад савецкай апекі рухнулі. Актыўныя ўдзельнікі падзей зазналі рэпрэсіі. Імрэ Надзь па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе быў асуджаны на смяротную кару. Усяго пакарана смерцю было каля 350 чалавек, яшчэ 26 тыс. чалавек паўстала перад судом і 13 тыс. з іх зведала турэмнае зняволенне. З 23 кастрычніка, калі пралілася першая кроў, і да канца 1956 г. з венгерскага боку загінула 2625 чалавек і амаль 20 тыс. былі параненыя. З савецкага боку страты, па афіцыйных дадзеных, склалі 669 забітых, 51 прапаўшых без вестак і звыш 1,5 тыс. параненых.

Пасля канчатковага распаду ўраду І. Надзя 4 лістападу 1956 г. быў сфармаваны падтрыманы Савецкім Саюзам рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад на чале з Я. Кадарам. Пасля паражэння Венгерскай рэвалюцыі рабіліся энергічныя захады па аднаўленню сацыяльна-эканамічнай і палітычнай базы рэжыму народнай дэмакратыі.

Была адноўлена дзейнасць дзяржаўнага апарату і адміністратыўных органаў па ўсёй краіне. У правячай ВСРП прайшла чыстка шэрагаў. Асаблівая ўвага надавалася ўзброеным сілам. Ствараліся спецыяльныя рэгулярныя вайсковыя часткі па ахове грамадскага парадку ў краіне, а таксама добраахвотная ўзброеная рабочая ахова. Для разгляду спраў галоўных вінаватых падзей канца кастрычніка – пачатку лістапада былі арганізаваныя спецыяльныя ваенна-палявыя суды.

Разам з тым новае палітычнае кіраўніцтва партыі і дзяржавы не дапусціла разрастання рэпрэсій у духу перыяду лідарства М. Ракашы, а дзейнічала ў духу "хто не супраць нас, той з намі". Акрамя таго, яно заяўляла пра рашучасць ліквідаваць усе праявы сталінізму і дамагчыся больш збалансаванага развіцця Венгрыі.

Кансалідацыі рэжыму народнай дэмакратыі спрыяла амністыя асуджаных за ўдзел у падзеях 1956 г., распачатая ў 1961 г. (у 1963 г., праўда, гэты працэс завяршыўся). У 1966 г. быў прыняты новы, нашмат больш дэмакратычны закон аб выбарах. Замест ранейшай сістэмы, калі дэпутаты абіраліся спісамі па абласцях, уводзіліся індывідуальныя дэпутацкія (аднамандатныя) выбарчыя акругі. Прадугледжвалася магчымасць выбараў на альтэрнатыўнай аснове. Не дзіўна, што кадараўская ВНР была адзінай сацыялістычнай краінай, да якой Захад не меў асаблівых прэтэнзіяў па частцы правоў чалавека.

Новыя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця Венгрыі былі вызначаныя VII з'ездам ВСРП (1959 г.). Курс на працяг сацыялістычнага будаўніцтва, узяты Я. Кадарам, прадугледжваў прыпыненне паскоранага развіцця цяжкой індустрыі. Прыярытэт надаваўся развіццю сельскагаспадарчай вытворчасці. На вёсцы пачалося аднаўленне вытворчых кааператываў, якія ў час паўстання амаль паўсюдна спынілі сваё існаванне. У перыяд з канца 1959 г. і да пачатку 1962 г. сацыялістычнае каапераванне сельскай гаспадаркі было скончана. Прычым улады імкнуліся пазбягаць прымусу, а заахвочвалі сялян умацаваннем матэрыяльна-эканамічнай базы кааператываў, іх ільготным крэдытаванне, адмовай ад практыкі абавязковых дзяржаўных паставак і г.д.

Пасля заканчэння кааперавання сельскай гаспадаркі ў Венгрыі канчаткова ўсталявалася панаванне сацыялістычных вытворчых адносін: сацыялістычны сектар эканомікі даваў 96% нацыянальнага даходу, 98% прамысловай прадукцыі, сельгаскааператывы і дзяржгасы апрацоўвалі 96% усёй ворыўнай зямлі. У выніку на VIII з’ездзе ВСРП (1962 г.) было абвешчана аб пабудове асновы сацыялізму і аб пераходзе краіны да будаўніцтва развітога сацыялістычнага грамадства.

Эканамічнае развіццё ВНР у канцы 1960-х – першай палове 1970-х гг. Гаспадарчая рэформа і яе вынікі. Пагаршэнне ўнутраных і знешніх умоў развіцця венгерскай эканомікі ў другой палове 1970‑х гг. Змены ў палітычным жыцці ВНР у 1970-я гг.

Група венгерскіх эканамістаў на чале з Рэжа Н'ершам (рус. – Режё Ньерш) выступіла за рэфармаванне эканомікі краіны шляхам яе абмежаванай лібералізацыі. Рашэнне аб пачатку эканамічнай рэформы было канчаткова вырашана ў 1966-1967 гг. Прадугледжвалася спыненне дырэктыўнага планавання (абавязковага для выканання), пашырэнне самастойнасці прадпрыемстваў, у распараджэнні якіх цяпер пакідаліся значныя сродкі, заахвочвалася іх спаборніцтва на рынку, рэфармаванне сістэмы цэнаў. У перыяд падрыхтоўкі рэформы прапанавалася паступовае стварэнне рынку не толькі тавараў, але таксама нават рынку капіталаў і працоўнай сілы. З 1 студзеня 1968 г. пачалася рэалізацыя рэформы.

Паколькі ў гэты час СССР таксама перажываў эканамічнае абнаўленне ("касыгінская рэформа"), савецкае кіраўніцтва спакойна паставілася да венгерскага эксперыменту. Аднак пасля падзеяў "Пражскай вясны" 1968 г. прыхільнікам эканамічнай лібералізацыі прыйшлося нямала змагацца і з савецкімі, і з венгерскімі кансерватарамі абараняючы неабходнасць распачатых пераўтварэнняў. Яны настойвалі на тым, што сацыялізм – таксама грамадства таварнай вытворчасці, а таму не можа адвольна абмяжоўваць дзеянне закона вартасці.

Цэнтралізаванае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне збольшага саступіла месца гуртавому гандлю. Планаванне набывала індыкатыўны характар, г.зн. урад толькі вызначаў асноўныя прапорцыі ў народнай гаспадарцы і задаваў тэмпы росту жыццёвага ўзроўню, а прадпрыемствы атрымалі магчымасць самастойна прымаць рашэнні адносна структуры і аб’ёмаў выпуску прадукцыі. (Нешта падобнае было і ў некаторых заходніх краінах з даўнімі дырыжысцкімі традыцыямі, напрыклад, у Францыі.) У мэтах росту даходнасці вытворчасці і павышэння прадукцыйнасці працы ствараліся разнастайныя матэрыяльныя стымулы. Многія прадпрыемствы атрымалі адносную свабоду ўсталявання цэнаў на сваю прадукцыю (у вобласці рознічных цэнаў падобная свабода засталася мінімальнай). У сельскагаспадарчым сектары поруч з дамінаваўшымі буйнымі кааператыўнымі гаспадаркамі з’яўляецца дробная вытворчасць. На хвалі палітыкі разрадкі пашыраюцца эканамічныя адносіны з краінамі Захаду. З 1972 г. стала магчымым нават стварэнне сумесных прадпрыемстваў з удзелам заходняга бізнесу.

З пачатку 1970-х гг. на базе ўстойлівага росту дабрабыту насельніцтва у Венгрыі пачаў складвацца т.зв. "гуляшны сацыялізм" (г.зн. "сыты" сацыялізм; гуляш - венгерская нацыянальная страва). Паколькі венгерская эканоміка была пераарыентаваная з назапашвання, на павелічэнне спажывання, у Венгрыі здолелі ліквідаваць перадумовы для вельмі характэрнай для савецкай эканамічнай мадэлі з’явы – дэфіцыту. Нездарма на Захадзе рэжым Я. Кадара характарызавалі як "самы шчаслівы шлюб у лагеры" (тут "шлюб" – адносіны паміж уладай і народам, а "лагер" – сацыялістычны блок). Рэформы далі моцны штуршок для стабільнага эканамічнага росту на наступныя 6-8 гадоў. У перыяд з 1968 па 1975 г. ВУП Венгрыі павялічваўся на 5,4% у год.

Поспехі рэформаў не маглі зняць немалыя ўнутраныя супярэчнасці палітыкі Я. Кадара. Сярод унутраных праблемаў адной з важнейшых была палавінчатая, дзяржаўна-рыначная, сістэма цэнаўтварэння. З пачаткам у сярэдзіне 1970-х гг. сусветнага энергетычнага крызісу рэзка падскочыла цана на нафту. Гэта ўзняло сабекошт прадукцыі, а гэта ў сваю чаргу выклікала яшчэ большыя выдаткі дзяржавы на выроўніванне цэнаў. Рэформы сталі прабуксоўваць, а палітыкі, якія стаялі за імі, страцілі камандныя пазіцыі (як, напрыклад, Р. Ньерш). Сталі прыкметна падаць тэмпы эканамічнага росту. За 1976-1982 гг. ВУП павялічваўся толькі на 2,6% у год. Дзяржава спрабавала змякчыць фінансавыя праблемы за кошт замежных займаў, але ўжо ў 1977 г. знешняя запазычанасць Венгрыі стала выглядаць застрашальнай. Напрыканцы 1970-х гг. сістэма цэнаўтварэння зазнала далейшую лібералізацыю.

У 1972 г. былі прынятыя папраўкі да Канстытуцыі ВНР 1949 г. У новай рэдакцыі Асноўнага закону было запісана, што Венгрыя стала сацыялістычнай дзяржавай, у якім уся ўлада належыць народу, а марксісцка-ленінская партыя з’яўляецца вядучай сілай грамадства.

Пачатак сістэмнага крызісу ў сярэдзіне 1980-х гг. Пачатак радыкальных рэформаў у грамадстве. Пераход да шматпартыйнасці. Надзвычайны з’езд ВСРП (кастрычнік 1989 г.) і стварэнне Венгерскай сацыялістычнай партыі. Абвяшчэнне Венгерскай Рэспублікі. Перамога "аксамітнай рэвалюцыі" ў Венгрыі.

Далейшая карэкціроўка эканамічнага курса была працягнутая і на рубяжы 1970-1980-х гг. Паколькі праца ў сельскіх падсобных гаспадарках і ў сферы ценявога рынку ахоплівала, па некаторых падліках, да 3/4 эканамічна актыўнага насельніцтва краіны, пачалася легалізацыя прыватнага сектару. З 1982 г. прыватныя прадпрыемствы атрымалі права працаваць амаль паўсюль за выключэннем шэрагу "недатыкальных" сфераў (банкаўская дзейнасць і горназдабыча). У перыяд з 1981 па 1984 гг. Венгрыя нават здолела скараціць сваю знешнюю запазычанасць.

Аднак на сярэдзіну 1980-х гг. практычна ўсе ўнутраныя рэсурсы адносна ліберальнай эканомікі "рэальнага сацыялізму" у Венгрыі былі вычарпаныя. (Як адзначаў адказны за эканоміку сакратар ЦК ВСРП Міклаш Немет: "За выключэннем 1956 г., наша пасляваенная эканамічная гісторыя не ведала настолькі цяжкіх гадоў, як 1985-1986…") Сярэднегадавыя тэмпы росту ВУП у 1983-1989 гг. знізіліся да 1,2%. Працягвала ўзрастаць знешняя запазычанасць: з 1984 па 1990 гг. яна патроілася.

Пытанне выжывання краіны і пачатак гарбачоўскіх пераўтварэнняў падштурхнулі да новага этапу эканамічных рэформаў. На змену паступовых зменаў прыходзіць радыкальная трансфармацыя ўсёй эканамічнай сістэмы ў бок рынку. У 1988 г. па лепшых заходніх узорах была праведзена падатковая рэформа. З’явіўся закон аб банкруцтве, прыняты адносна ліберальны закон аб замежных інвестыцыях. Прадпрыемствы атрымалі права знешнегандлёвай дзейнасці, а дэвальвацыя форынта зрабіла венгерскую прадукцыю больш канкурэнтаздольнай. Напрыканцы 1980-х гг. дробныя прыватныя гаспадаркі давалі каля 10% усяго нацыянальнага даходу.

Нягледзячы на маштабныя пераўтварэнні ў кадараўскай Венгрыі, заставаліся і зусім не закранутыя рэформамі сферы. Ужо з 1972 г. з’явілася магчымасць ствараць сумесныя прадпрыемствы, а з 1987 г. – акцыянерныя таварыствы і таварыствы з абмежаванай адказнасцю. Аднак пра прыватызацыю гаворка доўгі час нават не заходзіла – уласнасць на ўсіх асноўных прадпрыемствах краіны заставалася дзяржаўнай. Першыя праграмы прыватызацыі былі агучаныя вельмі позна – толькі ў 1989-1990 гг. Заставалася адноснай самастойнасць прадпрыемстваў у сферы цэнаўтварэння, выкарыстання рэсурсаў, размеркаванні атрыманага даходу. Прызначэнне на кіруючыя пасады ў народнай гаспадарцы па-ранейшаму заставалася выключнай прэрагатывай партыі і дзяржавы.

Па меры нарастання крызісу сістэмы "гуляшнага сацыялізму" ў Венгрыі, узмацнялася размежаванне ўнутры ВСРП. У 1985-1989 гг. сапернічалі тры групоўкі: цвёрдыя сацыялісты на чале з самім Я. Кадарам, камуністы-рэфарматары на чале з Караям Гросам і рэфарматары-сацыялісты, лідэрамі якіх былі Рэжа Ньерш і Імрэ Пожгаі.

Пачынаецца згуртаванне апазіцыйных сіл. У 1987 г. пераважна сіламі творчай інтэлігенцыі быў створаны Венгерскі дэмакратычны форум (ВДФ). У 1988 г. рух аформіўся ў аднайменную нацыянал-кансерватыўную палітычную партыю. У тым жа годзе група маладых юрыстаў стварыла радыкальна-ліберальны, антыкамуністычны Альянс маладых дэмакратаў (АМД альбо "Фідэс"), а прадстаўнікі сталічнай інтэлігенцыі – Саюз свабодных дэмакратаў (ССД). Як правапераемніца ПДСГ была адноўлена Незалежная партыя дробных гаспадароў (НПДГ).

У траўні 1989 г. пакінуў пасаду старшыні партыі Я. Кадар і яго месца заняў прыхільнік самых глыбокіх пераўтварэнняў Р. Ньерш. 18 верасня 1989 г. на перамовах у рамках "круглага стала" паміж правячай ВСРП і апазіцыяй было прынята рашэнне аб увядзенні ў Венгрыі шматпартыйнай сістэмы. А роўна праз месяц (18 кастрычніка) фармальна камуністычны парламент прыняў каля 100 канстытуцыйных паправак, якія забяспечвалі пераход да парламенцкай дэмакратыі. На сваім XIV з’ездзе (каб падкрэсліць разрыў з мінулым ён нават называўся проста "З’езд 89") ВСРП адмовілася ад ідэалогіі марксізму-ленінізму і перайшла на пазіцыі сацыял-дэмакратыі і атрымала новую назву Венгерская сацыялістычная партыя (ВСП).

23 кастрычніка 1989 г. (сімвалічна што для гэтага быў абраны дзень чарговай гадавіны пачатку рэвалюцыі 1956 г.) краіна змяніла сваю афіцыйную назву і стала Венгерскай Рэспублікай – свабоднай, дэмакратычнай, прававой дзяржавай. "Аксамітная рэвалюцыя" ў Венгрыі, мірная і бяскроўная, канчаткова перамагла.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 669; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.051 сек.