Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у 15 – першай палове 16 стст




У выніку Востраўскага пагаднення пачынаецца праўленне ў ВКЛ Вітаўта (1392–1430). Афіцыйна тытул вялікага князя ёе атрымаў у 1401 г. пры захаванні ўмоўнай васальнай залежнасці ад польскага караля.

Ва ўнутранай палітыцы Вітаўтам праводзілася цэнтралізацыя дзяржавы: была ліквідавана большасць удзельных княстваў (у тым ліку Полацкае), а на іх месцы ўтвараліся ваяводствы і намесніцтвы на чале з прызначанымі вялікім князем ваяводамі і намеснікамі. Пасля канчатковага далучэння да ВКЛ Жамойці ў 1411 г. на чале яе адміністрацыйнага апарату быў пастаўлены прызначаны вялікім князем стараста і стаў ажыццяўляцца масавы прымусовы перавод мясцовага язычніцкага насельніцтва ў каталіцызм. Гэта выклікала паўстанне жамойтаў у 1418 г., якое было жорстка падаўлена войскамі Вітаўта.

Палітыка цэнтралізацыі, праводзімая Вітаўтам, выклікалі незадаволенасць княскай арыстакратыі, нашчадкаў Рырукавічаў і Гедымінавічаў. Гэта выкарыстоўвалі канкурэнты Вітаўта ў прэтэнзіях на пасаду вялікага князя, найбольш значным сярод якіх быў малодшы сын Альгерда Свідрыгайла. У барацьбе з імі Вітаўт абапіраўся перадусім на сярэдняе баярства, асабліва каталіцкага веравызнання. Паводле Гарадзельскага прывілею 1413 г. пацвярджаліся ўсе іх грамадзянскія прывілеі, а таксама ўказвалася выключнае права каталіцкіх князёў і баяр займаць вышэйшыя пасады ў сістэме дзяржаўнага кіравання.

У адносінах з Польшчай Вітаўт імкнуўся да максімальнай самастойнасці ВКЛ. Аднак па ўнутры- і знешнепалітычных прычынах працягваў прызнаваць афіцыйную васальную залежнасць ад Польшчы, пацвярджэннем чаго былі Віленска-Радамская і Гарадзельская уніі ў 1401 і 1413 гг. Гарадзельская ўнія стварала гербовае брацтва і замацоўвала перадачу 47 польскіх гербоў 47 шляхецкім родам ВКЛ. Паводле яе, абвяшчалася неадходнасць агульнай згоды прадстаўнікоў Польшчы і ВКЛ на абранне чарговага манарха. Спрабуючы цалкам аднавіць незалежнасць краіны ў 1430 г. Вітаўт паспрабаваў каранавацца як кароль ВКЛ, аднак карону перахапілі ў Польшчы, а сам Вітаўт нечакана памёр.

Знешняя палітыка ВКЛ падчас праўлення Вітаўта ўключала наступныя накірункі:

1) Барацьба з крыжакамі: Напрыканцы 14 ст. націск крыжакоў Тэўтонскага ордэна на ВКЛ узмацняўся. Паводле пагадненняў 1398 і 1404 гг. ВКЛ прызнавала ўладу Ордэна ў Жамойці. У 1409-1411гг. адбываецца “Вялікая вайна” паміж ВКЛ і Польшчай, з аднаго боку, і Ордэнам, з другога. Яе кульмінацыяй стала Грунвальдская бітва 15 ліпеня 1410 г. (буйнейшая па колькасці ўдзельнікаў бітва Сярэднявечча), падчас якой ордэнскае войска было ўшчэнт разгромлена (загінула каля 18 тыс. крыжакоў і ўсё кіраўніцтва Ордэна). Пасля гэтага на працягу двух месяцаў праводзілася аблога сталіцы ордэна – Мальбарка, але Вітаўт, які апасаўся празмернага ўзмацнення Польшчы адвеў войскі. Паводле Торуньскага міру 1411 г. тэрыторыя Жамойці і Занёманскай Літвы адыходзіла да ВКЛ, што канчаткова замацаваў Мельнскі мір 1422 г. У выніку вайны Тэўтонскі ордэн спыніў агрэсію на усход і пераўтварыўся ў другарадную дзяржаву ў рэгіёне.

2) Барацьба супраць Залатой Арды: ВКЛ актыўна падтрымлівае прэтэндэнтаў на ханскі трон ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ў Залатой Ардзе. У 1399 г. аб’яднаныя сілы ВКЛ і татарскага войска былога хана Тахтамыша пацярпелі паражэнне ад войскаў Залатой Арды і саюзнага ім цэнтральнаазіяцкага правіцеля Цімура (Тамерлана) на р. Ворскла. У гэтай бітве загінула больш 50 князёў, у т.л. Андрэй Полацкі. Вітаўт запрасіў татараў Тахтамыша ў ВКЛ на правах паселенага войска і дараваў ім правы, аналагічныя шляхецкім, акрамя права валодаць хрысціянамі. Выкарыстоўваючы міжусобіцы ў Залатой Ардзе ў 1420-я гг., ВКЛ атрымала Таўрыду і выхад да Чорнага мора.

3) Усходняя палітыка: У 1404 г. было канчаткова далучана да ВКЛ Смаленскае княства. Палітычная актыўнасць Вітаўта ў 1424 – 1427 гг. прывяла да таго, што васальную залежнасць ад ВКЛ фактычна прызналі Маскоўскае, Разанскае, Пераяслаўскае і шэраг іншых княстваў, а ў 1428 г. пасля кароткачасоай вайны быў узяты выкуп з Наўгародскай рэспублікі.

4) Еўрапейская палітыка: У кантэксце супрацьстаяння Свяшчэннай Рымскай імперыі, якой падпарадкоўваўся Тэўтонскі Ордэн і якому яна аказвала істотную матэрыяльную падтрымку, Вітаўт даслаўвыступіў у падтрымку паўстання чэшскіх гусітаў (прадстаўнікоў антыкаталіцкага рэлігійнага руху) 1419 – 1434 гг., накіраванага супраць Свяшчэннай Рымскай імперыі і каталіцкай царквы. Вітаўт быў абвешчаны паўстанцамі каралём Чэхіі і даслаў на дапамогу ім у 1422 г. 5-тысячнае войска на чале са сваім намеснікам Жыгімонтам Карыбутавічам. Аднак, дасягнуўшы кампрамісу з імперыяй, у 1423 г. Вітаўт адмовіўся ад чэшскай кароны на карысць іншага Гедымінавіча – Жыгімонта Карыбутавіча, а ў 1424 г. вывеў войска ВКЛ з Чэхіі.

Пасля смерці Вітаўта, у 1430 г. вялікім князем літоўскім становіцца Свідрыгайла. Была скасавана унія з Польшчай і пачаўся ўзброены канфлікт з Польшчай з-за спрэчных тэрыторый на Валыні і Падоллі, для чаго былі заключаны саюзніцкія пагадненні з Ноўгарадам і Лівонскім Ордэнам.

У кастрычніку 1432 г. пры падтрымцы Ягайлы групоўка арыстакратыі, якая абапіралася на саюз з Польшчай, ажыццявіла дзяржаўны пераварот, абвясціла вялікім князем Жыгімонта Кейстутавіча (малодшага брата Вітаўта) (1432 – 1440), а таксама аднаўленне уніі з Польшчай. У выніку адбыўся раскол дзяржавы: заходняя частка краіны прызнавала ўладу Жыгімонта Кейстутавіча; усходняя (Полацк, Віцебск, Кіеў) – Свідрыгайлы. Паміж абовума бакамі пачалася грамадзянская вайна 1432-1439 гг. Па сутнасці вайна стала адлюстраваннем канфлікту паміж дзвюма групоўкамі арыстакратыі: пераважна каталіцкай, якая набыла пануючы статус падчас праўлення Ягайлы і Вітаўта, і праваслаўнай, якая абапіралася на праўленне Свідрыгайлы.

У лістападзе – снежні 1432 г. войска Свідрыгайлы ажыццявіла паход на Вільню, але ў бітве пад Ашмянамі (студзень 1433 г.) пацярпела паражэнне ад войскаў Жыгімонта. Кульмінацыйнай падзеяй у вайне стала бітва пад Вількамірам 1435 г., у якой перамогу атрымалі войскі Жыгімонта. Перамога Жыгімонта ў значнай ступені была абумоўлена пераходам на яго бок часткі праваслайнай знаці ў выніку прыняцця прывілеяў 1432 і 1434 гг., якія гарантавалі праваслаўнай шляхце роўныя грамадзянскія правы з каталіцкай (акрамя права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў вялікакняскай радзе). Адыгралі сваю ролю таксама суб’ектыўныя якасці Свідрыгайлы, які быў вельмі нястрыманым чалавекам, у 1435 г. па падазрэнні ў здрадзе спаліў у Віцебску праваслаўнага мітрапаліта Герасіма. У 1436 г. Полацк і Віцебск, а ў 1439 г. Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта Кейстутавіча – вайна такім чынам скончылася. Грамадзянская вайна прывяла да гібелі і заняпаду многіх арыстакратычных родаў, перадзелу ўласнасці. У той жа час яна садзейнічала ўзвышэнню сацыяльна-палітычнага значэння сярэдняга баярства.

Падчас свайго праўлення Жыгімонт Кейстутавіч уваходзіць у канфлікт з арыстакратычнымі коламі, праводзячы рэпрэсіўную ўнутраную палітыку. У выніку змовы знаці, Жыгімонт Кейстутавіч быў забіты, а вялікім князем быў абвешчаны малодшы сын Ягайлы Казімір Ягайлавіч (1440–1492).

У 1447 г. Казімір Ягайлавіч стаў адначасова польскім каралём, што азначала пацвярджэнне персанальнай ўніі ВКЛ і Польскага каралеўства, але саступіў просьбам палякаў. Перад сваім ад’ездам на каранацыю ў Кракаў Казімір стварыў рэгенцкую раду з магнатаў, якая пачала кіраваць ВКЛ у адсутнасць вялікага князя. Падчас праўлення Казіміра Ягайлавіча адбываецца ўзвышэнне новай арыстакратыі (фарміруецца часткова за кошт былых удзельных князёў, часткова за кошт баярства), цэнтрам якой становіцца дарадчы орган улады – Паны Рада. Паводле прывілею 1447 г. пацвярджаліся гарантыі асабістай свабоды і недатыкальнасці шляхты, права на свабодны выезд за мяжу, продаж, абмен і перадачу па спадчыне маёнткаў, суд над падданымі сялянамі, абвяшчалася вызваленне шляхецкіх уладанняў ад дзяржаўных павіннасцей і г.д. Частка княскай арыстакратыі была незадаволена спробамі працягу цэнтралізацыі (пераўтварэнне Кіеўскага княства ў намесніцтва ў 1471 г.), падтрымкай пераважна каталіцкай знаці і каталіцкай царквы. У яе колах быў падрыхтаваны няўдалы замах на жыццё Казіміра ў 1481 г. (М.Алелькавіч, І. Гальшанскі, Ф.Бельскі)

У знешняй палітыцы Казімір арыентаваўся на мірныя ўзаемаадносіны з суседнімі дзяржавамі, буйнейшымі сярод якіх сталі ў гэты час Маскоўскае княства і Крымскае ханства (утворанае у выніку распаду Залатой Арды).

У 1470-1480-я гг. Маскоўскае княства падпарадкавала сабе Наўгародскую рэспубліку, Цвярское княства і шэраг больш дробных княстваў ва Ўсходняй Еўропе фактычна без супрацьдзеяння ВКЛ. Ад ВКЛ да Масковіі перайшлі Вярхоўскія княствы. У выніку геапалітычная ініцыятыва ва Ўсходняй Еўропе пераходзіць да Маскоўскага княства. З 1470-х гг. крымскія татары, аб’яднаныя пад уладай дынастыі Гірэяў, пачалі рэгулярна ажыццяўляць рабаўнічыя набегі на землі ВКЛ, нават спалілі Кіеў.

Галоўную ўвагу Казімір надаваў польскаму накірунку знешняй палітыкі. У выніку яго дыпламатычных намаганняў прадстаўнікі Ягелонаў сталі венгерскімі (1440-1457, 1490-1526) і чэшскімі (1453–1457, 1471–1526) каралямі. Пасля вайны ў 1453 – 1466 г. у васальную залежнасць ад Польшчы патрапіў Тэўтонскі Ордэн.

Пасля смерці Казіміра вялікім князем становіцца яго сын Аляксандр Казіміравіч (1492–1506), з 1501 г. з’яўлялўся таксама польскім каралём. Ва ўнутрыпалітычнай сферы падчас яго праўлення адбываецца працэс паслаблення ўлады манарха і ўзмацнення дзяржаўна-палітычнага значэння арыстакратыі – Паноў Рады. Пры абвяшчэнні Аляксандра вялікім князем у 1492 г. адбыўся першы агульны з’езд шляхты ВКЛ (вальны сойм). У спецыяльным прывілеі 1492 г. вялікі князь абяцаў не прымаць рашэнняў па важных унутрыпалітычных пытаннях без згоды Паноў Рады.

Падчас уваходжання Аляксандра на польскі трон была заключана Мельніцкая унія 1501 г. з Польшчай, якая прадугледжвала аб’яднанне ВКЛ і Польшчы ў адну дзяржаву. Аднак яна не была падтрымана палітычнымі элітамі абедзьвюх краін і не набыла моцы.

У знешняй палітыцы адбываеца абвастрэнне адносін з Маскоўскім княствам і Крымскім ханствам. У выніку войнаў 1492–1494 гг. і 1500–1503 гг. з Маскоўскай дзяржавай ад ВКЛ адыйшлі Чарнігаўская, Ноўгарад-Северская, Бранская і Гомельская землі на карысць Масковіі. На мяжы 15 – 16 стст. катастрафічныя вынікі набываюць набегі крымскіх татараў, якія даходзілі да цэнтральных тэрыторый ВКЛ (Менск, Слуцк, Новагародак). Часовае прыпыненне татарскіх набегаў наступіла пасля перамогі войскаў ВКЛ на чале з М. Глінскім у бітве пад Клецкам ў 1506 г.

Наступным вялікім князем становіцца брат Аляксандра Жыгімонт Стары (1506–1548). Жыгімонт Стары ўвесь час свайго праўлення з’яўляўся адначасова польскім каралём. Тым самым умацоўвалася персанальная унія ВКЛ і Польшчы, заснаваная на прынцыпе адзінага манарха.

На пачатку праўлення Жыгімонта Старога частка арыстакратыі на чале з Міхалам Глінскім у 1508 г. узняла мяцеж. Але ён не атрымаў шырокай падтрымкі і быў падаўлены. М. Глінскі і яго прыхільнікі ўцяклі ў Маскву.

У наступныя гады кіравання Жыгімонта Старога ўмацоўвалася роля арыстакратыі (Паноў Рады) ў кіраванні дзяржавай. Праводзілася палітыка рэлігійнай цярпімасці ў яе дачыненні. Праваслаўны магнат Канстанцін Астрожскі насуперак Гарадзельскаму прывілею заняў пасаду віленскага кашталяна (1511) і троцкага ваяводы (1522). Адбывалася кансалідацыя княска-магнацкай эліты як пануючай сацыяльнай групы. У 1540-я гг. пачынаецца фарміраванне руху сярэдняй і дробнай шляхты, які ставіў сваёй мэтай абмежаванне ўсеўладдзя арыстакратыі і саўдзел шляхты ў кіраванні дзяржавай.

У знешняй палітыцы ВКЛ падчас праўлення Жыгімонта Старога найбольш востры характар мелі адносіны з Маскоўскай дзяржавай. З гэтай краінай адбываліся войны 1507–1508, 1512–1522, 1534–1537 гг. Іх вынікам стаў адыход да Масковіі Смаленска, Себежа, Ноўгарад-Северскай зямлі. У той жа час да ВКЛ быў вернуты Гомель. Буйнейшай падзеяй падчас войнаў з Масковіяй была бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г., калі маскоўскія войскі пасля захопу Смаленска спрабавалі ажыццявіць рэйд углыб тэрыторыі ВКЛ, аднак былі ўшчэнт разбіты 20-тысячным войскам пад кіраўніцтвам гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага (у маскоўскім войску налічвалася 80 тыс. чалавек).

Да канца 1520-х гг. адбываюцца частыя набегі крымскіх татараў, якія заходзілі ўглыб тэрыторыі ВКЛ. Для барацьбы з імі выкарыстоўвалася фартыфікацыйная дзейнасць магнатаў, уладанні якіх знаходзіліся ва Ўкраіне, Вішнявецкіх, Астрожскіх, Чартарыйскіх, а таксама стварэнне пастаяннага войска з ліку казакаў – узброеных атрадаў, што дзейнічалі ў стэпавай паласе паміж ВКЛ і Крымскім ханствам, якія сталі выконваць ролю памежнай аховы. У адказ на набегі татараў казакі ажыццяўляюць набегі на Крым. У 1527 г. войска ВКЛ і казакаў атрымала буйную перамогу на р. Альшаніцы, што прывяло да спынення масавых татарскіх набегаў.

У якасці польскага караля самым значным знешнепалітычным поспехам Жыгімонта Старога стала пераўтварэнне Прусіі (былога Тэўтонскага Ордэна) ў 1525 г. у свецкага васала Польскага каралеўства.

Падчас праўлення Жыгімонта Аўгуста (1548–1572), сына Жыгімонта Старога, які з’яўляўся адначасова польскім каралём, адбываецца актывізацыя руху шляхты за ўраўнаванне ў палітычных правах з арыстакратыяй і саўдзел у дзяржаўным кіраванні на ўзор шляхецкай дэмакратыі ў Польшчы. Вялікі князь і паны-рада ажыццявілі шэраг саступак шляхецкаму руху, вынікам чаго сталі дзяржаўныя рэформы 1560-х гг.:

Віленскі прывілей 1563 г., паводле якога праводзілася ўраўнаванне ў палітычных правах шляхты ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў;

Бельскі прывілей 1564 г., які санкцыяніраваў стварэнне выбарных шляхецкіх земскіх судоў, абвяшчэнне роўнасці ўсёй шляхты перад законам;

Віленскі прывілей 1565 г., паводле якога ствараліся органы шдяхецкага мясцовага самакіравання – соймікі;

– рэформа сойма паводле Статута 1566 г.

У знешняй палітыцы галоўным вынікам праўлення Жыгімонта Аўгуста стала далучэнне да ВКЛ Інфлянтаў (Лівоніі) у 1559 – 1561 гг. Да сярэдзіны 16 ст. Лівонская канфедэрацыя канчаткова пераўтварылася ў слабую дзяржаву і стала прадметам супрацьборства суседніх дзяржаў. У 1558-1559 гг. большая частка яе тэрыторыі была захоплена маскоўскімі войскамі; частку занялі Швецыя і Данія. У 1559 г. Лівонская канфедэрацыя пераходзіць пад пратэктарат ВКЛ. У 1561 г. большая яе частка далучана непасрэдна да ВКЛ; на тэрыторыі заходняй Латвіі ўтворана залежнае ад ВКЛ Курляндскае герцагства. Гэтыя падзеі паклалі пачатак вайны ВКЛ з Масковіяй і Швецыяй у 1561 г., якія таксама прэтэндавалі на землі Лівоніі.

У 1562 г. маскоўскія войскі пераносяць ваенныя дзеянні на тэрыторыю ВКЛ. 15 лютага 1563 г. маскоўскія войскі захапілі Полацк. Войскам ВКЛ удалося разбіць праціўніка пад Улай (студзень 1564) і Оршай (люты 1564). Да 1570 г. працягвалася пазіцыйная вайна на тэрыторыі Падзвіння.

Такім чынам, у 15 – першай палове 16 стст. Вялікае княства Літоўскае знаходзіцца ў межах дзяржаўна-палітычнага саюзу з Польскім каралеўствам, але пры гэтым захоўвае па сутнасці дзяржаўную самастойнасць. Ва ўнутрыпалітычным жыцці адбываецца паступовае ўзмацненне ролі княска-магнацкай арыстакратыі. У знешняй палітыцы на пачатку 15 ст. былі аслаблены ранейшыя галоўныя праціўнікі ВКЛ – крыжакі і Залатая Арда, з кнца 15 ст. галоўную ролю набывае супрацьстаянне з Маскоўскай дзяржавай і Крымскім ханствам. Знешнепалітычная напружанасць у сярэдзіне 16 ст. выклікала неабходнасць умацавання дзяржаўнага саюзу ВКЛ з Польшчай.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-20; Просмотров: 2507; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.012 сек.