Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Агульная характарыстыка 1 страница




Мемуарная лiтаратура

Пад мемуарнай лiтаратурай[lxxvii] разумеюць творы, у цэнтры якiх знаходзiцца асоба аўтара. Грамадскiя падзеi ў iх паказаны не ўвогуле, а ў сувязi з гэтай асобай, праз яе суб'ектыўнае ўспрыманне. Трэба мець на ўвазе, што тэрмiн «мемуары»(ад франц. memories або лац. memoriale) ужываецца i ў шырокiм сэнсе, у якасцi вызначэння цэлай групы крынiц, заснаваных на памяцi, i ў вузкім для вызначэння асобнага iх вiду – успамiнаў.

У дачыненнi да класiфiкацыi мемуараў адзiнага погляду не iснуе. Пераважная частка даследчыкаў падзяляе iх у адпаведнасцi з формай фiксацыi iнфармацыi на наступныя чатыры вiды:

1. Успамiны – калi аўтар праз нейкi час пасля пэўных падзей расказвае аб iх цi аб усiм сваiм мiнулым жыццi (сюды ж можна далучыць аўтабiяграфii, жыццеапiсаннi). Успамiны пiшуцца самiм мемуарыстам i такi вiд мемуараў найбольш распаўсюджаны.

2. Літаратурны запіс успамінаў – узнікае тады, калі мемуарыст звяртаецца да дапамогі літаратара і апошні надае ўспамінам літаратурную форму, нічога не скажаючы ў тэксце і не ўносячы ў яго нейкіх «упрыгожанняў». Тым не менш літаратар усё ж пакідае сваё «я» ў мемуарах і, вывучаючы літаратурныя запісы ўспамінаў, заўсёды неабходна ўдакладняць ступень яго ўмяшання.

3. Калі вуснае апавяданне мемуарыста аб мінулым стэнаграфуецца (ці пратакаліруецца), то твор набывае форму стэнаграфічнага (пратакольнага) запісу ўспамінаў. Яны звычайна ствараюцца па ініцыятыве архіваў, інстытутаў, камісій і музеяў, якія зацікаўлены ў зборы і захаванні мемуарных крыніц. Пры вучэнні гэтага віду мемуарнай літаратуры трэба мець ва ўвазе, што, па-першае, пры стэнаграфаванні ўспамінаў на мемуарыста пэўным чынам уплывае асоба, якая вядзе гаворку. Па-другое, успаміны прымаюць форму мемуараў толькі пасля расшыфроўкі, выпраўлення і падпісання іх аўтарам. І па-трэцяе, па сваім стылі стэнаграмы ўспамінаў захоўваюць асаблівасці размоўнай мовы (шурпатасці мовы, непаслядоўнасць выкладання і г. д.).

4. Дзённікі як від мемуарнай літаратуры ўзнікаюць тады, калі сучаснік апавядае аб падзеях, людзях, пачуццях і г. д. дзень за днём, на працягу ўсяго свайго жыцця або нейкага яго перыяду. Звычайна дзённікі ствараюцца па асабістай ініцыятыве аўтара, і аўтары іх апавядаюць аб перажытым з пазіцыі таго ж часу.

Такім чынам, усе мемуары з’яўляюцца запіскамі сучаснікаў аб мінулым, але кожны від па-свойму даносіць гэтае мінулае да ведама наступных пакаленняў.

Найбольш распаўсюджаныя віды мемуараў – дзённікі і ўспаміны. Дзённікі пішуцца пад пэўным эмацыянальным уздзеяннем ад падзеі, мемуарыст яшчэ не можа ўзняцца да асэнсавання яе ў цэлым, адлюстроўвае толькі асобныя бакі рэчаіснасці. Успамінам уласцівы рэтраспектыўны погляд на падзеі, што дае падставу для іх глыбейшага асэнсавання. Апавядальная плынь ачышчаецца ад усяго дробязнага, неістотнага. Але адначасова губляюцца дэталі, знікаюць нюансы. Крыніца становіцца менш дакладнай, аўтарытэтнай. Найбольш ідэальнымі ў мемуарнай літаратуры з’яўляюцца творы, у якіх дзённікавая дакладнасць спалучаецца з сінтэтычнасцю, уласцівай успамінам (калі аўтар пры складанні апошніх карыстаўся сваімі ранейшымі дзённікавымі нататкамі).

Адзначанае спалучэнне даволі часта сустракаецца ў запісках падарожнікаў, якую вызначаюць даволі часта як асобны жанр гісторыка-літаратурных апавяданняў. Сапраўды, літаратуры падарожжаў заўсёды належала істотная роля ў працэсе знаёмства аднаго народа з другім. Назіранні падарожніка – гэта, як правіла, свежы погляд прадстаўніка іншай культуры, іншых традыцый і каштоўнасцей. Існуе характэрная рыса, якая дазваляе аднесці сведчанні падарожнiкаў да мемуарнай літаратуры, паколькі яны таксама заснаваны на памяці і фіксаваліся пераважна ў выглядзе дзённікавых запісаў ці ўспамінаў (а таксама іх спалучэння).

2.2. Этапы развіцця мемуарнай літаратуры на Беларусі

Як і іншыя віды апавядальных крыніц, мемуарныя творы маюць сваю ўласную гісторыю. У яе развіцці можна адзначыць наступныя этапы:

Першы этап акрэсліваецца ў другой палове XVI ст., калі летапісцы аддаюць перавагу сюжэту апавядання, мясцовым падзеям, гісторыі жыцця асобных сем’яў ці дзеячаў. З’яўляюцца творы, якія знаходзяцца на мяжы паміж летапісам і мемуарамі (напрыклад, Баркалабаўскі летапіс). Напачатку аўтар застаецца як бы староннім назіральнікам тых ці іншых падзей, апавядае аб сабе ў трэцяй асобе або ўвогуле не акрэслівае сваё існаванне («Дзённікі паходаў Стэфана Баторыя» і інш.). Але нават у тых творах, дзе асоба аўтара выразна прысутнічае, адзначаецца найбольш істотная, характэрная рыса развіцця мемуарнага жанру другой паловы XVI – XVII ст. – пільная ўвага да грамадскіх падзей у краіне. Уражанні аб убачаным, пачутым і перажытым былі настолькі моцнымі, што прымушалі сведкаў весці запісы, каб пакінуць гэтыя падзеі для гісторыі. Стваральнікамі твораў гісторыка-мемуарнай прозы былі ў асноўным прадстаўнікі шляхецкага саслоўя. У той час немагчыма было знайсці такой шляхецкай сям’і, дзе б ні вяліся дзённікі, і не толькі аб гаспадарчым і асабістым жыцці, але і аб найбольш важных палітычных падзеях, якія адбываліся ў краіне. Таму даследчыкі акрэсліваюць творы гэтага часу як гісторыка-мемуарную літаратуру.

Другі этап у развіцці мемуарнага жанру ў асноўным супадае з
XVIII ст. Калі раней, у XVII ст. дыярыушы пераважна бясстрасна фіксавалі падзеі, то цяпер у дзённіках і ўспамінах з’яўляецца суб’ектыўнае «я» аўтара, адлюстроўваюцца яго думкі і пачуцці (эгацэнтрычнасць). Мемуарыстыка ўзбагачаецца ў жанравых адносінах, набліжаецца да мастацкай прозы – прыгодніцкага рамана (І. Турчыноўскі, С. П. Пільштынова), сентыментальнай аповесці-споведзі (Ф. Карпінскі). У мемуарах гэтага часу прыметны традыцыі «жыцейскай», бытавой літаратуры, выкладанне матэрыялаў у форме дзённікавых запісаў, «раманаў у пісьмах». Усе гэтыя змены тлумачацца ўнутранымі зменамі ў тагачасным чалавеку, які ўсё больш усведамляў сябе асобай, індывідуальнасцю. У мемуарнай літаратуры XVIII ст., як і папярэдняй, разам з тым шмат велізарных прагалаў – слаба паказана жыццё вёскі, амаль адсутнічае горад. Гэта патрабуе супастаўлення і дапаўнення мемуарных твораў іншымі крыніцамі.

Трэці этап акрэсліваецца на пачатку ХІХ ст. і ахоплівае перыяд прыкладна да 1920-х гг. Паступова павялічваецца колькасць твораў мемуарнай літаратуры, заўважны яе паварот да народнага, сялянскага жыцця. Узрастае палітызаванасць, інфармацыйная насычанасць крыніц, аўтары якіх былі ў цэнтры найбольш значных падзей свайго часу. Такая тэндэнцыя асабліва акрэсліваецца з канца 50 – 60-х гг. ХІХ ст. Пашыраецца кола аўтараў, сярод якіх – значная колькасць разначынцаў: чыноўнікаў, служачых, інтэлігентаў, а крыху пазней – купецтва, сялян і рабочых. У іх творах шырока адлюстроўваецца дзейнасць цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі, прадстаўнікоў народнай адукацыі, духавенства, жыццё сялянства і розных слаёў гарадскога насельніцтва, становішча арміі і г. д. У гэтых мемуарах асоба ўсведамляецца не сама па сабе, а ва ўзаемасувязі з рознымі грамадскімі групамі. Больш дакладна вызначаюцца грамадска-палітычныя погляды аўтараў. Узмацняецца публіцыстычная накіраванасць, мемуарныя творы набываюць грамадскае гучанне. Павялічваецца ўвага аўтараў да мастацкіх вартасцей мемуараў, яны часцей звяртаюцца да дакументаў і дапаможных матэрыялаў, каб падкрэсліць дакладнасць сваіх слоў. Асаблівасцю мемуарнай літаратуры канца ХІХ – пачатку ХХ ст. становіцца дакладнае вызначэнне аўтарамі сваёй сацыяльнай ці нацыянальнай прыналежнасці, грамадска-палітычных і ідэйных пазіцый.

Чацвёрты этап, як і папярэднія, не мае дакладнай храналагічнай мяжы. Ён акрэсліваецца з пачаткам паступовага ўстанаўлення Савецкай улады на тэрыторыі Беларусі. Мемуары гэтага часу ўсё больш вызначаюцца ў якасці зброі ідэалагічнай і палітычнай барацьбы. Актыўна збіраюцца і публікуюцца ўспаміны ўдзельнікаў рэвалюцыйных падзей другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., Кастрычніцкага перавароту (ці, як пазней яго называлі, – рэвалюцыі), грамадзянскай вайны (1920 –
1930-е гг.). Мемуарысты адшукваюць тыповыя сітуацыі, тыповыя вобразы, прыходзяць да разумення тыповасці сваёй індывідуальнасці
(«я» – як і «ўсе»), дэманструюць непарыўнасць свайго лёсу з лёсам краіны, народа. Новым штуршком развіцця мемуарнай літаратуры стала барацьба з фашызмам у 1941 – 1945 гг. Узрастае колькасць мемуараў, а таксама з’яўляюцца новыя іх разнавіднасці: успаміны-анкеты, стэнаграфічныя і літаратурныя запісы ўспамінаў. Мемуары часам набываюць навуковую вартасць не толькі як крыніца, але і даследаванне (успаміны кіраўнікоў партызанскага руху П. К. Панамарэнкі,
П. З. Калініна і інш.).

З пачатку 1960-х гг. з’яўляюцца таксама ўспаміны дзеячаў культуры (З. Азгура, П. Мядзёлкі, А. Карпюка і інш.), савецкіх і партыйных кіраўнікоў, якія не ўдзельнічалі ў партызанскім і падпольным руху
(К. Кавалёва).

Апошні, пяты, этап яшчэ толькі акрэсліўся з канца 1980-х гг. Яго характэрнымі рысамі, у адрозненне ад папярэдняга, сталі меншая ступень заідэалагізаванасці твораў, публікацыя тых з іх, што не маглі ўбачыць свет (успаміны рэпрэсiраваных, дзеячаў беларускай эміграцыі), імкненне выказаць тое, што не змаглі раней (у гэтым сэнсе асабліва паказальныя ўспаміны А. Карпюка «Развітанне з ілюзіямі»). Жыццё працягваецца, а значыць, працягваецца і гісторыя мемуарнага жанру.

2.3. Гісторыка-мемуарная літаратура

другой паловы XVI – XVIІ ст. як крыніца па гісторыі Беларусі

Праблема вызначэння мемуараў XVI – XVIІ ст. з’яўляецца для крыніцазнаўцаў найбольш складанай, паколькі мемуарную літаратуру гэтага перыяду вельмі складана аддзяліць ад публіцыстыкі, эпісталярных твораў, а часам нават ад летапісу. Аб гэтым сведчаць спрэчкі наконт Баркалабаўскага летапісу, а таксама такой цікавай крынiцай, як «Дзённікі паходаў Стэфана Баторыя на Расію».

«Дзённікі…» складзены ў выглядзе пісьмаў, аднак апавядаюць не аб прыватных падзеях, а з’яўляюцца лаканічнымі запісамі ходу баявых дзеянняў. Так, дзённік апошняга паходу Стэфана Баторыя на Расію (асада Пскова) складзены ў перыяд з ліпеня 1581 па 1582 г. адным з сакратароў каралеўскай канцылярыі ксяндзом Станіславам Піятроўскім па даручэннi кароннага гетмана Андрэя Апалінскага. У арыгінале рукапісу ёсць шматлікія памылкі і пропускі. Але вінаваты ў гэтым не перапісчыкі. Справа ў тым, што пераважная частка пісьмаў пісалася ў спешцы, у палатках, напярэдадні бою і гэта безумоўна адбілася на якасці тэкстаў. Аўтары у значнай ступені імкнуліся (як і папярэднікі-летапісцы) бясстрасна дзень за днём паведамляць пра ход ваенных дзеянняў. Апошняе і складае асноўны змест гэтых твораў. Аднак часам аўтары робяць эмацыянальныя адступленні («гледзячы на гэта, і мы праслязіліся»), паведамляюць пра перамовы з Маскоўскай дзяржавай, пра місію А. Пасевіно аб дзейнасці езуітаў у Полацку, змяшчаюць апісанні дыпламатычных прыёмаў, правілаў ваеннага паходу і г. д.

Акрэсліваючы «пераходны» характар Баркалабаўскага летапісу, «Дзённікаў паходаў Стэфана Баторыя» і Люблінскага сойму, большасць гісторыкаў лічыць самым раннім мемуарным помнікам з вядомых у сучасны момант «Гістарычныя запіскі» Фёдара Еўлашоўскага, напісаныя на беларускай мове ў 1603 – 1604 гг. У іх аснову, відаць, ляглі дзённікавыя запісы аўтара за папярэднія 40 гадоў. Ф. Еўлашоўскі – ураджэнец Брэстчыны (1546 – 1619), дробнапамесны шляхціц, адукаваны чалавек і здольны юрыст, беларускі мемуарыст. Ён доўгі час служыў падсудкам (судовым абвінаваўцам, памочнікам суддзі) Навагрудскага павятовага суда, неаднаразова выбіраўся дэпутатам сейма Рэчы Паспалітай. Яму даводзілася весці справы высокапастаўленых асоб у судах розных інстанцый, што было звязана з частымі паездкамі па беларускіх і польскіх гарадах і давала багаты матэрыял для назіранняў.
Ф. Еўлашоўскі быў доўгі час у блізкіх адносінах з Крыштафам Радзівілам Сіроткам, меў даволі блізкія адносіны са Стэфанам Баторыем, з’яўляўся сведкам заключэння Люблінскай уніі, членам камісіі па складанні «Трыбунала Вялікага княства Літоўскага» – статута вышэйшага дзяржаўнага суда. Таму ў дзённіку, побач з адлюстраваннем свайго ўласнага жыцця, змяшчаецца багаты матэрыял для вывучэння палітычнай гісторыі, культуры Беларусі XVI ст., светапогляду, побыту, адносін да падзей прадстаўнікоў розных класаў, найперш шляхты.

Арыгінал мемуараў захаваўся ў няпоўным аб’еме. Адсутнічае ўступная частка; не выключана, што запісы вяліся і пасля 1604 г., якім абрываюцца мемуары. Першая публікацыя крыніцы была ажыццёўлена
Ф. Любамірскім з польскага перакладу. Крыху пазней, у 1886 г., твор Еўлашоўскага апублікаваў па львоўскай копіі ўкраінскі гісторык
У. Антановіч (назваўшы аўтара Ф. Еўлашэўскім).

Пэўную цікавасць як крыніца аб польска-літоўскай інтэрвенцыі ў Маскоўскую дзяржаву ўяўляе «Дыярыуш» Самуіла Маскевіча – непасрэднага ўдзельніка падзей. Галоўная ўвага ў ім нададзена ваенным падзеям. «Дыярыуш» С. Маскевіча не з’яўляецца дзённікам у поўным сэнсе гэтага слова. Толькі яго кароткія пачатковыя запісы (з 1594 па
1604 г.) сапраўды маюць характар дыярыуша. Пасля ж запісаў аб 1604 г. летапісная манера выкладання змяняецца. На змену сухой канстатацыі фактаў прыходзіць разгорнутае, эмацыянальна насычанае сюжэтнае апавяданне. Апісанне падзей і фактаў становіцца больш дэтальным; аўтар то забягае наперад, то вяртаецца да мінулага, істотна парушаючы храналагічную паслядоўнасць выкладання. Гэта сведчыць пра тое, што «Дыярыуш» С. Маскевіча ствараўся не па свежых слядах падзей, а па ўспамінах аб мінулых часах. Таму і назва «дыярыуш» з’яўляецца ўмоўнай.

У сваім творы С. Маскевіч імкнецца аддаць належнае гераізму і сяброў, і ворагаў (дарэчы, такая ж рыса характэрна і аўтарам «Дзённікаў» паходаў С. Баторыя). Аўтар паказвае Міхаіла Шэйна, арганізатара абароны Смаленска, як мужнага воіна і вопытнага палкаводца і адначасова бяздарнасць Дзмітрыя Шуйскага, які ўцёк з поля бою і даў магчымасць каралеўскім войскам бесперашкодна ўвайсці ў Маскву. Аўтар захапляецца прыгажосцю Масквы, якая, па яго словах, сапраўды нагадвала «Трэці Рым». Працяглае знаходжанне ў Маскве, частае наведванне баяр у якасці ганаровага госця ці сябра дало магчымасць С. Маскевічу пазнаёміцца з іх бытам і звычаямі. Асабліва яго ўражвалі адсутнасць у маскавітаў еўрапейскай адукацыі, іх адносіны да жанчын, музыкі, танцаў, Кітай-горад, зброя. Значнае месца ў «Дыярыушы» займае паказ некаторых рыс жыцця рускага сялянства і яго адносіны да інтэрвентаў. Ён справядліва падкрэсліваў, што інтэрвенцыя ўздымала просты люд на барацьбу. Народная помста ў адлюстраванні С. Маскевіча хоць і страшны, але заканамерны вынік вайны.

С. Маскевіч імкнуўся крытычна адносіцца не толькі да сваіх сяброў і ворагаў, але і да сябе. Вобраз самога мемуарыста займае ў творы значнае месца. Гэты небагаты шляхціц яшчэ ў маладыя гады паступіў на воінскую службу ў спадзяванні выбіцца ў людзі, забяспечыць свой матэрыяльны дабрабыт. Праслужыўшы каля 20 год, аб'ездзіўшы ўсю Прыбалтыку, Масковію і Украіну, ён звольніўся ў чыне палкоўніка. Нягледзячы на сваю сціплую адукацыю, С. Маскевіч з’яўляўся інтэлігентным чалавекам і ўмеў прыстасоўвацца да розных умоў. Адвага і разважлівасць, вясёлы нораў і сяброўская прыязнасць да іншых садзейнічалі яго аўтарытэту не толькі сярод шляхты, але і магнатаў. С. Маскевіч быў чалавекам верацярпімым, якога не хвалявала рэлігія, а вырашэнне палітычных пытанняў ён лічыў прэрагатывай магнатаў. Магчыма, гэтым і можна растлумачыць тую палітычную непрадузятасць, якая выяўляецца ў яго «Дыярыушы».

Цікавым помнікам, які адлюстраваў падзеі нацыянальна-вызваленчай вайны пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, з’яўляецца «Дыярыуш» Багуслава Маскевіча, сына Самуіла Маскевіча. Б. Маскевіч з’яўляўся ўдзельнікам карных экспедыцый напачатку у войску Іерэміі Вішнявецкага на Украіне, а пасля ў войску Януша Радзівіла на Беларусі. «Дыярыуш» пачынаецца з кароткіх аўтабіяграфічных запісаў за 1643 г. і абрываецца на звестках за 1649 г. (заключная частка твора ў рукапісе не захавалася). Значнае месца ў «Дыярыушы» Б. Маскевіча займаюць апісанне падзей, якія папярэднічалі паўстанню Б. Хмяльніцкага, адлюстраванне жыцця магнацкага двара Іерэміі Вішнявецкага, але гэта з’яўляецца толькі пралогам да той асноўнай часткі твора, дзе распавядаецца аб нацыянальна-вызваленчай барацьбе на Украіне і антыфеадальнай вайне на Беларусі. У спадчыну ад бацькі Багуслаў узяў уменне не толькі назіраць, але дакладна і вобразна адлюстроўваць убачанае, пачутае і перажытае. Сведчаннем таму ў «Дыярыушы» з’яўляецца апісанне Запарожскай Сечы, украінскага стэпу, задушэнне паўстання ў Мазыры
і г. д. У яго «Дыярыушы» ёсць шмат выдатна выпісаных батальных сцэн, партрэтных і пейзажных замалёвак, тонкіх назіранняў. Аўтар паказвае вайну з усёй яе жорсткасцю, разбурэннямі і шматлікімі ахвярамі. Асабліва вобразна апісана пакаранне паўстанцаў у Мазыры, Бабруйску, Рэчыцы. Аднак сімпатыі Б. Маскевіча не на баку ўдзельнікаў паўстання, паколькі апошнія, па меркаваннi мемуарыста, падрывалі адзінства Рэчы Паспалітай.

Вялікую гісторыка-пазнавальную цікавасць уяўляе «Дыярыуш» беларускага шляхціца Адама Каменскага-Длужыка, які трапіў у канцы 1687 г. у маскоўскі палон і вымераў сваімі крокамі ўсю Маскоўскую дзяржаву на доўгім шляху ў далёкі Якуцк, а адтуль у Запаляр’е і Прымор’е ў якасці зборшчыка ясаку (падатку). А. Каменскі-Длужык цікавіўся літаральна ўсім: адлегласцю паміж гарадамі і населенымі пунктамі, іх эканамічным становішчам і геаграфічным размяшчэннем, навакольнай флорай і фаунай, жыццём, бытам і звычаямі мясцовых жыхароў і г. д. Ён сімпатызуе абарыгенам, нягледзячы на іх язычніцкі вобраз жыцця і нізкі культурны ўзровень. «Дыярыуш» А. Каменскага-Длужыка з’яўляецца, бадай, самым першым з усіх вядомых помнікаў пра Сібір. «Дыярыуш» напісаны на польскай мове, але апошняя не адрозніваецца ў Каменскага чысцінёй. У ёй даволі выразна выяўляюцца як русізмы, так і беларусізмы, выкарыстанне якіх ніколі б не дазволіў сабе карэнны паляк. Можна меркаваць, што А. Каменскі-Длужык паходзіў з асяроддзя спаланізаванай шляхты, якая пераважала ў заходняй частцы Беларусі. Мемуарыст не называе месца свайго нараджэння, нават тады, калі гэта выклікалася ходам апавядання. Ён толькі адзначае, што быў рэпатрыіраваны з Масквы і дастаўлены ў сваю «пажаданую айчызну» – Беларусь, дзе ў хуткім часе, 27 студзеня 1667 г. ён памёр і быў пахаваны ў Нясвіжы.

У сярэдзіне XVII ст. у развіцці мемуарнай літаратуры акрэсліваюцца пэўныя змены. Шматлікія войны, спусташэнні, голад і звязаныя з імі песімізм, апатыя, апалітычнасць акрэсліваюць паступовую і своеасаблівую пераацэнку каштоўнасцей мемуарыстамі. На першы план паступова выходзіць апісанне ўласнага жыцця, а не грамадска-палітычных падзей. Такі паварот у бок эгацэнтрызму (што так ярка выявіўся ў мемуарнай літаратуры наступнага, XVIII ст.) відаць ужо ў «Хроніцы» Яна Цадроўскага. Гэта – сямейная хроніка, якая па форме (асабліва сваім пачаткам) нагадвае аўтабіяграфію. Я. Цадроўскі ў 1637 г. у свіце Багуслава Радзівіла наведаў Галандыю, Францыю, Англію, затым у 1641 г. ажыццявіў паўторнае, поўнае няўдач і прыгод падарожжа ў Галандыю. Так ці інакш гэтыя звесткі знайшлі сваё адлюстраванне ва ўспамінах. Дарэчы, як і апавяданне аб тым, як інертны ў палітычных адносінах Я. Цадроўскі быў уцягнуты ў шляхецкую змову ў Мінску супраць маскоўскага войска. Праўдзіва і вобразна апісаны ім пагром езуітамі пратэстанцкай абшчыны ў Вільні. Не ў меншай ступені адлюстраваны і старонкі сямейнага жыцця: смерць бацькі, нараджэнне дзяцей, уласнае вяселле і г. д. Мемуарыст сам дакладна акрэслівае эгацэнтрызм свайго апавядання, вызначаючы мэту ўспамінаў: «Каб дзеткі мае ведалі, як служыў я майму ваяводству і мілай айчыне».

2.4. Мемуарная лiтаратура XVIII ст. [lxxviii]

2.5. Літаратура падарожжаў як гістарычная крыніца.

Запіскі замежных дыпламатаў і падарожнікаў

аб Беларусі XVI – XVIII ст.

Літаратуры падарожжаў заўсёды належала істотная роля ў працэсе знаёмства розных народаў. Безумоўна, падарожнікі за кароткі час маглі скласці толькі павярхоўнае ўражанне аб убачаным. Даволі часта яны свядома скажалі рэчаіснасць, рабілі вывады з выпадковых з'яў. Да чужынцаў у эпоху сярэднявечча не толькі ў Маскоўскай дзяржаве ставіліся з недаверам, не спяшаліся ім раскрываць душу. І ўсё ж запіскі падарожнікаў змяшчаюць свежы погляд прадстаўніка іншай культуры, іншых традыцый і каштоўнасцей.

Аналізуючы запіскі падарожнікаў, неабходна не толькі вывучаць асо-бу падарожніка, але і мэту падарожжа, тыя задачы, якія ставіліся перад ім.

У дачыненні да гэтага можна заўважыць, што ў XVI ст. праз Беларусь праязджалі тыя, каго не столькі жаданне, колькі справа (дыпламатычная і інш.) вымушала падарожнічаць. Бо XVI ст. – гэта новы этап узаемаадносін Усходу і Захаду. Краіны Паўночнай і Заходняй Еўропы, якія ўступілі на шлях развіцця капіталізму, мелі патрэбу ў новых крыніцах узбагачэння і рынках збыту. Яны ўсё часцей звярталі ўвагу на дзяржавы Усходняй Еўропы і Азіі. Былі і іншыя прычыны для пільнай увагі да ўсходніх суседзяў, найперш Маскоўскай дзяржавы: турэцкая агрэсія вымушала шукаць новых саюзнікаў, а рэфармацыйныя рухі спарадзілі цікавасць новых сучаснікаў да навакольнага свету, найперш да суседніх народаў і краін. На хвалі гэтых розных і супярэчлівых інтарэсаў праз Беларусь, на Усход рушылі замежныя прадпрымальнікі, дыпламаты, гандляры, навукоўцы.

Адны з іх аб Беларусі пакінулі звестак няшмат. Яны былі захоплены сабой і сваімі ўласнымі справамі. Да ліку такіх можна аднесці
Дж. Гарсея – тыповага прадстаўніка англійскіх дзелавых колаў XVI ст. Ён пакінуў аж тры самастойных творы аб Расіі, але Беларусь, княства Літоўскае цікавіла яго толькі як шлях да Масквы, дзе ён знаходзіўся амаль два дзесяцігоддзі. Дарэчы, у Маскоўскай дзяржаве яго ахрысцілі Ерамеем, а ад Уільма – прозвішча Ульянаў – хто яго ведае, можа і пакінуў ён на маскоўскай зямлі сваіх нашчадкаў. Ён апавядае толькі пра ўрачыстыя сустрэчы яго пры двары караля Рэчы Паспалітай, апісвае багацці літоўскіх магнатаў, найперш Радзівілаў, і iх гасціннасць. Яго «Запіскі» аб Расіі
XVI – пачатку XVII ст. істотнага значэння для вывучэння гісторыі Беларусі, такім чынам, не маюць.

Як супрацьлегласць яму Рэйнгольд Гейдэнштэйн. Сакратар прускага князя, адукаванейшы чалавек – ён з 1582 г. на працягу 30 гадоў знаходзіўся на службе пры двары каралёў Рэчы Паспалітай С. Баторыя і Жыгімонта ІІІ Вазы. Невыпадкова, што яго праца «Запіскі пра Маскоўскую вайну» заснавана не толькі на ўласных назіраннях, але і на дакументах, якія Р. Гейдэнштэйн трымаў у руках. Да таго ж у яе рэдагаванні (а магчыма, і ў напісанні) прымалі ўдзел С. Баторый і
Я. Замойскі. Зразумела, што ў сваім апісанні Р. Гейдэнштэйн абараняў іх палітыку і ставіўся да азначаных асоб з яўнай сімпатыяй. У пэўнай ступені – гэта праца не падарожніка, а пастаяннага жыхара Рэчы Паспалітай, толькі іншаземнага паходжання.

У гэтым сэнсе большым іншаземцам з'яўляўся С. Герберштэйн. Пасольства на чале з С. Герберштэйнам 2 разы (у 1516 і 1526 г.) праязджала праз тэрыторыю Беларусі, накіроўваючыся да маскоўскага цара ад аўстрыйскага імператара Максіміліяна. Па дарозе С. Герберштэйн вёў дзённік, які, вярнуўшыся на радзіму, апрацаваў і апублікаваў у 1549 г. пад назваю «Запіскі аб маскавіцкіх справах». Але, акрамя «маскавіцкіх спраў» тут шмат звестак аб Беларусі і ВКЛ увогуле.

Даволі падрабязныя звесткі аб беларускіх землях ёсць у запісках венецыянскага пасла Фаскарыно, які быў у Беларусі ў 1537 г., англічаніна Флетчэра (1584 г.), немца Петрэя, што пражыў у Расіі 4 гады (1616 –
1620 гг.), аўстрыйскага пасла Меерберга (1661 г.), чэха Танера (1678 г.), сакратара аўстрыйскага пасольства Корба (1698, 1699 гг.) і многіх іншых.

Аналізуючы запіскі замежных дыпламатаў і падарожнікаў, неабходна імкнуцца аддзяліць убачанае і апісанае непасрэдна імі ад звестак з іншых рук, іх абагульненняў. Так, А. Пасевіна карыстаўся звесткамі вядомага купца Дж. Тэдальдзі (ён як спрактыкаваны дыпламат вывучаў звесткі аб краінах, куды ён павінен быў накіроўвацца). Пры гэтым істотнае значэнне мае вывучэнне факта аб тым, цi валодаў той ці іншы аўтар мовай тых народаў, тэрыторыю якіх ён праязджаў. Можна заўважыць, што мэты і задачы падарожнікаў шмат у чым вызначалі змест назіранняў.

На што ж найперш звярталі ўвагу іншаземцы, праязджаючы праз Беларусь? Па-першае, яны пакінулі шмат звестак аб геаграфічных і прыродных умовах, аб межах Беларусі (многія з іх даволі дакладна вызначалі этнічныя межы Беларусі: заходнюю – Брэст, Гродна, паўночную – Друя, Віцебск, Полацк, паўднёвую – Прыпяць, усходнюю – Днепр). Шмат каго ўжо ў XVI ст. цікавіла сама назва Белая Русь. Пры гэтым нараджаліся самыя неверагодныя версіі. Так, паводле меркавання немца Петрэя, назва «Белая» паходзіць ад таго, што мужчыны ў летні час носяць белыя шапкі, а жанчыны набельваюць твар.

Па-другое, вельмі шмат звестак аб прыродзе Беларусі. Безумоўна, што на характарыстыку апошняй істотна ўплываў пэўны сезон, калі іншаземец праязджаў праз Беларусь. Летам гэта былі «прыгожыя даліны», вясной і восенню – балоты, гразь. Побач з летапісамі, запіскі іншаземцаў з'яўляюцца цікавай крыніцай для вывучэння клімату Беларусі пэўнага часу.

Падарожнікі адзначаюць суровыя, але ўсё ж спрыяльныя для гаспадаркі прыродна-геаграфічныя ўмовы (асабліва для жывёлагадоўлі, рыбнай лоўлі, палявання, бортніцтва). З культур, што вырошчвалі, упамiнаюць збажыну, проса, грэчку, лён. У лясах вадзіліся туры і зубры. С. Герберштэйн іх адрозніваў і нават пакінуў замалёўкі.

Пераважная частка падарожнікаў пакінула звесткі аб шляхах зносін. Можна заўважыць, што яны праязджалі ў кірунку Вільня, Полацк, Ноўгарад, але часцей – праз Вільню ці Брэст і далей праз Мінск, Барысаў, Оршу. Зімою выкарыстоўвалі «рускія сані», летам – лёгкія фурманкі. Не самыя лепшыя эпітэты можна знайсці ў запісках падарожнікаў аб беларускіх дарогах.

Пытанні эканамічнага жыцця гарадоў і мястэчак Беларусі асвятляліся павярхоўна, няпоўна ці зусім не асвятляліся. Больш падрабязна – геаграфічнае становішча гарадоў, знешні выгляд, абарончыя збудаванні, прыводзіліся звесткі аб колькасці цэркваў.

2.6. Мемуарная лiтаратура XIX – пачатку XX ст.

Канец XVIII – першая палова XIX ст. характарызуюцца своеасаблiвай модай на мемуарную лiтаратуру. У гэты час была створана вялiкая колькасць успамiнаў, дзённiкаў, нататак i хранографаў-дыярыушаў. Вельмі цiкавыя старонкi мемуарнай лiтаратуры гэтага перыяду складаюць i запiскi пада-рожнiкаў. Уключэнне Беларусi ў склад Расiйскай iмперыi выклiкала з’яўленне вялiкай колькасцi запiсак рускiх падарожнiкаў. Апошнiя адкрывалi для сябе гэты край, якi ў афiцыйнай прапагандзе акрэслiваўся як «искони русский», а ў свядомасцi рускага грамадства вызначаўся рознымi тэрмiнамi: «беларускi», «лiтоўскi», «польскi». На самым пачатку XIX ст. у «присоединенные провинции» накiроўвалiся па справах свецкiя i духоўныя асобы[lxxix]. З 1812 г. свае запiскi аб падзеях на тэрыторыi сучаснай Беларусi (яны ўжо называюць яе «айчынай») пакiдаюць рускiя афiцэры (у прыватнасцi, вядомы i зараз пiсьменнiк I. I. Лажэчнiкаў[lxxx]). Пасля ж паўстання 1830 – 1831 гг. Беларусь, такая знаёмая i незнаёмая, вабiла рускiх лiтаратараў, мастакоў, увогуле людзей творчых прафесiй. Гэта адбiлася i на змесце лiтаратуры падарожжаў. Здзiўленне ад не падобнай на рускую мовы i звестак аб добрых дарогах змяняецца захапленнем беларускай прыродай, гiсторыяй беларускiх гарадоў i храмаў, вывучэннем традыцый i святаў мясцовага насельнiцтва[lxxxi].

Мода на дарожныя нататкi прадвызначыла з’яўленне i твораў прадстаўнiкоў мясцовай, беларускай, iнтэлiгенцыi, якiя iмкнулiся пазнаёмiць суседзяў з гiсторыяй i традыцыямi свайго народа, не менш цiкавымi (па iх меркаванні), чым гiсторыя старажытных грэкаў i рымлянаў. Найбольш яркай старонкай азначанай творчасцi з’явiлася серыя нарысаў «Падарожжы па Палессі і беларускім краі», што была апублiкавана ў «Современнике» ў 1853 – 1855 гг. (у 1992 г. «Падарожжы...» былі перавыдадзены ў Мiнску з прадмовай
С. А. Кузняевай). Аўтарам iх быў Павел Шпiлеўскi, якi нарадзiўся ў
1823 г. у в. Шыпiлавiчы Бабруйскага павета Мiнскай губернi ў сям’i праваслаўнага святара, закончыў Мiнскую семiнарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмiю, але адмовiўся ад царкоўнай кар’еры. «Путешествия...» сталі вiзiтнай карткай вядомага публiцыста i лiтаратара. Асаблiва каштоўныя тыя старонкi гэтага патрыятычнага твора, дзе аўтар пiсаў аб тым, што добра ведаў i бачыў уласнымi вачыма. Гэта звесткi аб кiрмашах, аб беларускiх гарадах i мястэчках, iх насельнiцтве, аб жыццi простага селянiна i памешчыкаў. П. Шпiлеўскi не пакiнуў па-за ўвагай таксама татар i яўрэяў, якiя здаўна пражывалi на Беларусi.

У XIX ст. не толькi павялiчваецца колькасць мемуарнай лiтаратуры, але i адбываюцца пэўныя змены ў складзе яе аўтараў. З’яўляецца ўсё больш мемуарных твораў прадстаўнiкоў мяшчан, духавенства, студэнцтва. На змену апалiтычнасцi i абыякавасцi да лёсаў Айчыны прыходзiць патрыятызм, iмкненне да вызначэння свайго месца ў агульным працэсе нацыянальнага вызвалення. Гэта можна заўважыць ужо на прыкладзе ўспамiнаў Адама Чартарыйскага, якi займаў высокiя пасады ў гады царавання Аляксандра I i быў iнiцыятарам шматлiкiх лiберальных праектаў тых часоў (яны былi закончаны праз шмат гадоў, у эмiграцыi).

Яшчэ ў большай ступенi публiцыстычная накiраванасць характэрная для мемуарных твораў дзеячаў тайных таварыстваў. Вядома, што з Беларуссю звязаны лес многiх дзекабрыстаў. Тыя з iх, хто жыў тут, праязджаў праз Беларусь (А. I. Адоеўскi, А. А. Бястужаў (Марлiнскi),
У. Ф. Раеўскi, А. Я. Розен, У. I. Штэйнгель), пакiнулi свае ўражаннi аб беларускiх гарадах i мястэчках, побыце шляхты, становiшчы сялян, назiраннi над прыродай краю[lxxxii]. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што значная частка мемуараў стваралася (i публiкавалася[lxxxiii]) праз пэўны час, за якi асобныя з аўтараў эвалюцыянiравалi да лiбералiзму i iмкнулiся апраўдаць сябе ў вачах урада i дваранства. Мемуарная лiтаратура ў гэты час з’яўлялася водгукам на ўсе значныя падзеi ў грамадска-палiтычным жыццi краю. У прыватнасцi, падзеi, звязаныя са скасаваннем унii, знайшлi адлюстраванне ў «Запiсках» I. С. Жыркевiча, Я. А. Чабадзько, М. Маркса i iнш., частка якiх апублiкавана[lxxxiv] або знаходзіцца ў архiвасховiшчах Львова, Масквы, Мiнска.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-12-29; Просмотров: 1738; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.039 сек.