Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Асноўныя накірункі знешняй палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага




Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы фарміравання Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Канцэпцыі этнічнага паходжання дзяржавы. Федэратыўны прынцып пабудовы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага

У ХІІІ – ХVІ стст. краіны Заходняй і Усходняй Еўропы ўступілі ў стадыю феадалізма, для развіцця якога былі характэрнымі наступныя акалічнасці: аснову эканомікі складала сельская гаспадарка, у якой усталяваліся феадальныя адносіны; таварна-грашовые адносіны былі слабымі, але з цягам часу з пашырэннем ролі гарадоў, развіццём рамёстваў і гандлю яны сталі больш развітымі. Асабліва гэта было характэрна для краін, якія былі звязаны з морам – Італіі, Англі і інш.

Жыццё ўсяго грамадства знаходзілася пад моцным уплывам царквы. Хрысціянская ідэалогія была пакладзена ў аснову светапогляду насельніцтва.

Ішоў працэсс фарміравання нацыянальных дзяржаў, якія ўтвараліся ў форме манархій, як саслоўна-прадстаўнічых, так і абсалютных. Так, саслоўна-прадстаўнічая манархія пачала стварацца ў Англіі: з 1265 года тут пачаў дзейнічаць парламент. У ХІІІ стагоддзі адбылося аб’яднанне Францыі пад уладай дынастыі Капетынгаў. Германія з цягам часу ў выніку міжусобнай барацьбы ўвайшла ў XIV стагоддзі ў стадыю феадальнай раздробленнасці. Польшча ў пачатку ХІІІ стагоддзя таксама была раздроблена і адчувала небяспеку з боку нямецкіх феадалаў, утварыўшых у Прыбалтыцы ў 1237 года Тэўтонскі ордэн. З узмацненнем знешней пагрозы нямецкіх з боку крыжаносцаў з 1320 года князь Уладзіслаў Лакетка актывізіраваў у Польшчы аб’яднальную палітыку. Найбольшай магутнасці каралеўская ўлада ў гэтай дзяржаве набыла пры Казіміры ІІІ Вялікім (1337 – 1370 гг.). У гады яго кіравання выдадзены зводы судовых законаў (Вісліцкі, Петрыкоўскі статуты), умацаваны апарат кіравання. Але з цягам часу Польшча ператварылася ў саслоўна – прадстаўнічую манархію, дзе перавагу ў кіраванні набыло феадальна – шляхецкае саслоўе.

На ўсходе паступова ўзмацнялася Маскоўская дзяржава. Пачатак яе ўзвышэння пакладзены пры Іване І Каліце (1325 – 1340 гг.), затым пры яго яго ўнуку Дзмітрыі Іванавічу, у далейшым названым Данскім (1350 – 1389 гг.).

У гэтых абставінах паступова ўзнікла і пачало развівацца Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (далей ВКЛ).

Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя прадумовы фарміравання ВКЛ былі наступнымі.

1. Развіцце сельскагаспадарчай вытворчасці, рамяства, гандлю, рост гарадоў і іх размяшчэнне на важных гандлёвых шляхах.

2. Паглыбленне сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства, сацыяльных супярэчнасцей паміж саслоўямі.

3. Неабходнасць барацьбы са знешняй небяспекай, якая была адным з асноўных фактараў для ўтварэння дзяржавы.

Стварэнне Вялікага княства Літоўскага – складаная палітычная праблема, ад вырашэння якой залежыць і характарыстыка этнічнай дзяржаўнасці. У гістарычнай навуцы існуюць розныя тэарэтычныя падыходы да гэтай праблемы, якія ў значнай ступені залежаць ад палітычных прыхільнасцей навукоўцаў і кан’юнктуры, а больш за ўсё ад геапалітычных рэалій. Разгледзім некаторыя з іх.

Канцэпцыя “літоўскага заваявання”, ў адпаведнасці з якой заходнія землі старажытнай Русі былі захоплены літоўскімі князямі падчас аслаблення Русі міжусобіцамі і татара-мангольскімі заваяваннямі. Узнікшая ў ХVІІ ст., яна абгрунтоўвала неабходнасць “вызвалення спрадвечна рускіх зямель” Масковіяй, а потым Расіяй ад літоўскіх і польскіх заваёўнікаў. Гэтая канцэпцыя засталася пануючай у савецкія часы, яна падтрымліваецца літоўскімі навукоўцамі.

Канцэпцыя “Літоўска-рускай дзяржавы” не выключала літоўцаў з працэсу ўтварэння і развіцця ВКЛ, але, па сутнасці, ігнаравала наяўнасць ў складзе ВКЛ беларускага этнасу і ролю яго продкаў ва утварэнні дзяржавы.

Канцэпцыя “Беларуска-літоўскай дзяржавы” абгрунтавана ў 20-я гады ХХ стагоддзя У. Ігнатоўскім. Беларускі ўплыў, па гэтай канцэпцыі, пераважаў па тэрыторыі, насельніцтву, узроўню эканамічнага і культурнага развіцця беларускіх зямель, праяўляўся ў афіцыйным статусе старажытнай беларускай мовы. Літоўскі ўплыў пераважаў у палітычным жыцці (літоўская княжацкая дынастыя).

Канцэпцыя “беларускай дзяржавы” сцвярджае, што з самага пачатку ВКЛ фарміравалася як дзяржава продкаў беларусаў, якія ў той час называліся ліцвінамі. (Прыхільнікі яе В. Ластоўскі, М. Доўнар-Запольскі). Найбольш поўна яе абгрунтаваў М. Ермаловіч. На яго думку, значнай перашкодай для аб’ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння ВКЛ з’яўляецца атаясамляванне сучаснай тэрыторыі Літвы з летапіснай Літвой, якая знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі паміж Слонімам, Мінскам і Маладзечна і была часткай тэрыторыі, на якой фарміраваўся беларускі этнас.

Прыхільнікі канцэпцыі “поліэтнічнай дзяржавы” імкнуцца пераадолець крайнасці іншых тэорый. Але і сёння ў дыскусіі па праблемах утварэння і этнічнай прыналежнасці ВКЛ апошняя кропка яшчэ не пастаўлена.

Працэс станаўленя Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і іншых зямель быў працяглым і складаным. Кіеўская Русь, у склад якой уваходзілі раней і старажытнабеларускія землі, праіснавала два с паловай стагоддзі. Пасля доўгага перыяду феадальнай раздробленасці і міжусобных войн яна стала здабычай татара-мангольскіх орд, якія давяршылі знішчэнне былога палітычнага арганізма. У далейшым пастаянная агрэсія з усхода качэўнікаў – татара-манголаў, а з захаду – германскіх крыжакоў падштурхнулі ўсходніх славян да стварэння цэнтралізаванай дзяржавы. Ва ўсходніх землях цэнтрам аб’яднання стала тэрыторыя, дзе спачатку было ўтворана Уладзіміра-Суздальскае княства, потым пачала ўзвышацца Маскоўская Русь, будучая Расійская дзяржава.

У старажытнабеларускіх землях цэнтрам аб’яднання стала Верхняе Панямонне з цэнтрам у Навагародку (цяперашні Навагрудак). Першае паведамленне аб Навагародку ў летапісу адносіцца да 1252 г., а пад 1253 г. названа яго “зямля”. На гэтай тэрыторыі пражывалі сумесна славянскія і балцкія плямёны. У пісьмовых крыніцах пачатку ХІ стагодзя (1009 год) упамінаецца і Літва. Адкуль паходзіць гэтая назва, канчаткова яшчэ не высвятлена. Няма нават адзінай думкі сярод даследчыкаў аб тэрыторыі, якую займала тады Літва. Адны лічаць, што гэтая зямля размяшчалася ва ўсходняй частцы сучаснай Літоўскай Рэспублікі, якая завецца сёння Літва, другія прытрымліваюцца думкі, што яна была на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (паміж Мінскам, Навагрудкам і Слонімам), трэція сцвярджаюць, што летапісная Літва займала значную плошчу на тэррыторыі сучаснай Літвы і тэрыторыі сучаснай Беларусі. У старажытных крыніцах гаворыцца пра Літву, якая разам з Латгаліяй, Земгаліяй і зямлёй куршаў, якія пражываюць сёння на тэррыторыі сучаснай Латвійскай Рэспублікі, плацілі даніну суседнім усходнеславянскім княствам. Ёсць звесткі аб ваенных паходах старажытнарускіх і польскіх князёў на Літву. Магчыма, Літва ўяўляла сабой сукупнасць некалькіх этнічнароднасных плямён – дзяволтву, нальшаны, ўпіту, жэмайтаў, аўкштайтаў і інш. Гэтыя балцкія плямёны жылі ў частковым асяроддзі славянскіх плямён, трымаючыся язычніцкай веры і патрыярхальнага ладу жыцця. На чале іх стаялі племянныя князі (кунігасы). У час ваенных паходаў яны стваралі паміж сабой саюзы – канфэдэрацыі. Пра гэта ўспамінаецца ў летапіснным паведамленні аб заключэнні літоўскімі князямі ў 1219 г. пагаднення з Валынскім княствам. Яго падпісалі некалькі груп князёў: “старэйшыя,” у тым ліку Міндоўг (“Мендог”), Рушкавічы, Булевічы і іншыя. Пазней пад 1235 г. летапіс прыгадвае “Літву Мендога”. Міндоўг, напэўна, да гэтага часу змог выйсці на першае месца сярод сваіх суродзічаў у агульналітоўскім палітычным саюзе – канфедэрацыі. Як паведамляе Іпацьеўскі летапіс, Міндоўг адных сваіх сапернікаў забіў, другіх выгнаў з Літвы “ і нача княжыці адзін во всей земле літовской”. Неўзабаве ён са сваёй дружынай накіраваўся ў Навагарадак, дзе прыняў праваслаўе. Гэтая акалічнасць дае падставу меркаваць, што ў гэтым рэгіёне пражывала большасць славянскага праваслаўнага насельніцтва. Яшчэ ёсць меркаванне, што Міндоўг увайшоў у горад не сілай, а са згоды мясцовых жыхароў. Неўзабаве Міндоўг захапіў землі ў Верхнім Панямонні, далучыўшы іх да Навагарадка. Ён стаў, такім чынам, першым вялікім князем дзяржавы, якая пачалася фактычна з навагарадскай зямлі, і яе першай сталіцай стаў Навагародак з усходнім славянскім насельніцтвам і культурай.

Перыяд з’яўлення на палітычнай арэне новай дзяржавы быў вельмі цяжкім. У першай палове ХІІІ стагоддзя з-за Урала ў Еўропу ўварвалася вялікая армія манголаў. У дадатак да гэтага на захадзе ўзмацніўся Тэўтонскі ордэн. Крыжаносцы агнём і мячом пачынаюць ахрышчваць язычнікаў. Паступова межы ордэна набліжаюцца да Нёмана. З поўдня пагражалі галіцка-валынскія князі, якія патрабавалі даніну з Навагарадка, Бярэсця і Пінска.

Міндоўг паступова ўсталяваў кантроль над суседнімі землямі – Літвой, Берасцейшчынай, Жмуддзю і інш. Імкнучыся пашырыць тэрыторыю сваёй зямлі, ён ідзе на пагадненне з Тэўтонскім ордэнам, прымае ў 1251 годзе каталіцкую веру, а ў 1253 г. карануецца каралеўскай каронай, прысланай ад імя Папы Рымскага Інакенція ІV (Міндоўг – адзіны кароль ВКЛ). Аднак паколькі саюз з Рымам быў нетрывалым, Міндоўг у 1261 годзе адмовіўся ад хрысціянства, пасля чаго яго ўлада была прызнана язычніцкай Жамойціяй.

Становішча маладой дзяржавы было даволі хісткім ў акружэнні Галіцка-Валынскай зямлі і Тэўтонскага ордэна. У 1263 годзе Міндоўг памірае не сваёй смерцю. Верагодна, гэта смерць была санкцыяніравана ордэнам і выканана рукамі мясцовых літоўскіх феадалаў, ў якіх быў яшчэ моцны сепаратысцкі настрой.

Цэлае стагоддзе, нават крыху больш, Літоўская дзяржава станавілася Вялікім княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і іншых зямель. У тэрытарыяльным збіранні пазней вылучыўся князь Віцень (каля 1295 – 1316 гг.). Да Літоўскай дзяржавы былі далучаны Гродзенская, Пінская, Полацкая землі. Пры Віцені быў зацверджаны герб “Пагоня”.

У далейшым роль кансалідатараў старажытнабеларускіх зямель узяліся выконваць князі з роду Гедымінавічаў Гедымін (1316 – 1341 гг.) рашуча ўсталяваў сваю ўладу па ўсёй Літве, да якой адносілася таксама і тэрыторыя верхняга і сярэдняга Панямоння. Пры ім былі далучаны Мінскае, Віцебскае і Тураўскае княствы. землі Падзвіння. У 1323 г. Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню.

Пераемнік Гедыміна – яго сын, князь Альгерд (1345 – 1377 гг.) далучыў да Вялікага княства ўсходнія землі Беларусі з гарадамі Орша, Мсціслаў, Прапойск. Рагачоў, Гомель, Чарнігаўскую, Северскую землі, Кіеўскае княства, Падолле, устанавіў кантроль над Смаленскім княствам, Жамойцкімі землямі. Пры ім адбыўся падзел дзяржавы на дзве часткі. Альгерд правіў ва ўсходняй палове з цэнтрам у Вільні. Яго суправіцелем быў брат Кейстут. Цэнтрам уладання Кейстута сталі Трокі (сучасны Тракай). Пры гэтым Альгерд быў вярхоўным князем. У далейшым працяг пашырэння ВКЛ быў здзейснены Вялікім князем Вітаўтам (1392 – 1430 гг.). У 1406 г. ён замацаваў сваю ўладу ў Смаленску, а ў 1414 годзе пераможна ўехаў вярхом на кані ў воды Чорнага мора, сімвалізуючы гэтым веліч сваёй дзяржавы.

З другой паловы ХІV стагодзя Вялікае Княства Літоўскае з двухэтнічнага беларуска-літоўскага ператвараецца ў шматэтнічную дзяржаву, у межах якой пражывалі 4 асноўныя этнасы – беларусы, маларусы (украінцы), рускія і літоўцы, прычым этнічныя літоўцы былі у меньшасці (каля 10% насельніцтва), а большасць насельніцтва складаў славянскія этнасы.

Шматэтнічны характар ВКЛ абумовіў і палітычнае ўладкаванне дзяржавы. Яна паўстала ў форме своеасаблівай федэрацыі зямель “Літвы” і “Русі”, у межах якой захоўвалася аўтаномія асобных княстваў – зямель. Так, аўтаноміяй ва ўнутраных справах карысталіся Полацк і Віцебск, Мсціслаўскае, Клецкае, Кобрынскае, Слуцкае княствы. Вітаўт паспрабаваў правесці адміністрацыйную рэформу і ўмацаваць цэнтральную ўладу, стварыўшы ўнітарную дзяржаву. Ён пачаў скасоўваць аўтаномныя княствы і ўводзіць намесніцтвы на чале са сваімі намеснікамі. Але супрацьстаянне князёў з цэнтральнай уладай прымусіла яго пайсці на замірэнне і выдаць устаўныя граматы, сутнасць якіх заключалася ў прынцыпе “старыны не рушым, навіны не ўводзім”.

Унутрыпалітычная стабільнасць і адзінства поліэтнічнага дзяржаўнага аб’яднання, якім з’яўлялася ВКЛ, залежыла ад палітычнага напрамку, якога прытрымліваліся вялікія князі Літоўскія. Пачынаючы збіранне Вялікага княства Літоўскага (з далучэннем Русі княства атрымала назву Вялікае княства Літоўскае і Рускае) вялікі князь Альгерд прыняў праваслаўе. У сваёй знешнепалітычнай дзейнасці ён ажыццяўляў так званую “агульнарускую” праграму – межы сваёй дзяржавы пашырыў далёка на ўсход і поўдзень.

Утварыўшы моцную дзяржаву, Альгерд звярнуўся да Канстанцінопальскага патрыярха з просьбай заснаваць у Навагародку праваслаўную мітраполію. Трэба адзначыць, што з такой жа просьбай у Канстанцінопаль звярнуўся і князь Маскоўскі. Канстанцінопальскі патрыярх задаволіў і той, і другі бок, пасля чаго пачалося доўгае спаборніцтва паміж Літвой і Масквой за рэлігійную і палітычную ўладу ва Усходняй Еўропе.

Пасля смерці Альгерда па спадчыне ўлада ў ВКЛ перайшла да яго старэйшага сына ад другой жонкі Ульяны Цвярской – Ягайлы (1377 – 1392 гады). Ён не стаў пераемнікам у ажыццяўленні праграмы збірання ўсіх рускіх зямель вакол Вільні. Зацвярджэнне сваёй улады ён пачаў з барацьбы супраць брата Альгерда Кейстута, які быў суправіцелем Альгерда ў свой час. Пасля знішчэння Кейстута і яго сям’і барацьбу супраць Ягайлы пачаў сын Кейстута Вітаўт. Склаўшаяся сітуацыя ўнутры княства была абцяжарана захопніцкай палітыкай Лівонскага ордэна. Да таго ж набіраючы моц Маскоўскі князь робіць спробу далучыць да сваёй дзяржавы шэраг зямель былой стражытнай Русі, якія ў той час знаходзіліся ў межах ВКЛ. У выніку гэтых абставін Ягайла змяніў знешнюю палітыку ВКЛ у напрамку збліжэння з Польскім Каралеўствам. У 1385 годзе паміж ВКЛ і Польшчай была заключана Крэўская ўнія, паводле якой Ягайла, уступіўшы ў шлюб з польскай каралевай Ядвігай, пераходзіць у каталіцкую веру і становіцца адначасова Вялікім князем ВКЛ і Польскім каралём. З 1387 года ён, прыняўшы каталіцтва, стаў Уладзіславам і, як адзначаюць даследчыкі, гэты год можна лічыць годам змянення сацыяльна-прававога становішча беларускіх зямель у Вялікім княстве. Паводле граматы ад 20 лютага 1387 года феадальная знаць каталіцкага веравызнання, якая была ў большасці літоўскага паходжання, атрымлівала неабмежаваныя правы валодання і распараджэння сваімі вотчынамі, а таксама вызвалялася ад выканання шэрагу дзяржаўных павіннасцей. На праваслаўных феадалаў, што вялі свой радавод з беларускіх, украінскіх, рускіх зямель, гэты прывілей не распаўсюджваўся.. Гэты дыскрымінацыйны для знаці ўсходнеславянскага паходжання закон выклікаў ў іх асяродзі рэзкае нездавальненне палітыкай вярхоўнай улады Вялікага княства, нарадзіў сепаратысцкія “антылітоўскія” настроі. Першым, хто выступіў супраць палітыкі Ягайлы, стаў Вітаўт, які ў 90-х гадах ХІV стагоддзя прапанаваў праграму стварэння самастойнага “Руска-Літоўскага” каралеўства, якое супрацьстаяла б, з аднаго боку, Польшчы, з другога – Маскве. У сваіх намаганнях Вітаўт абапіраўся ўнутры дзяржавы на праваслаўную знаць, за межамі ў саюзнікі ўзяў нават ордэн. Баючыся вайны паміж Польшчай і Літвой, Ягайла прызнаў Вітаўта Вялікім князем Літоўскім. Востраўскае пагадненне 1392 года ўзаконіла Вітаўта як главу Вялікага княства Літоўскага.

Але на гэтым супрацьстаўленне феадалаў каталіцкага веравызнання “рускім”–праваслаўным не скончылася: па Гарадзельскай уніі 1413 года праваслаўная знаць княства ставілася практычна ў дыскрымінацыйнае становішча. Так, трэці параграф Гарадзельскай пастановы устанаўліваў, што толькі “католікі рымскай царкве падуладныя” могуць карыстацца эканамічнымі і палітычнымі прывілегіямі. Так быў зроблены яшчэ адзін крок у напрамку змянення сацыяльна-прававога становішча беларускіх зямель у ВКЛ.

Сваю роль тут адыграла палітыка Рыма. Дзеля аслаблення Вялікага княства Літоўскага Ватыкан пачаў націск на яго з захаду: актывізіравалася захопніцкая палітыка Лівонскага ордэна.

Пасля смерці Вітаўта ў ВКЛ пачалася грамадзянская вайна – барацьба праваслаўных феадалаў за ўраўнанне правоў з католікамі. Да ўлады прыйшоў прадстаўнік “праваслаўнай партыі” Свідрыгайла (1430 – 1432 гг.). Але ў выніку змовы з боку “каталіцкай партыі” ён у 1432 годзе быў пазбаўлены ўлады і на чале дзяржавы стаў Жыгімонт Кейстутавіч (1432 – 1440 гг.) – малодшы брат Вітаўта. Частка ВКЛ прызнала яго ўладу, частка захавала вернасць Свідрыгайле. Гэта прывяло да грамадзянскай вайны (1432 – 1436 гг.), расколу ВКЛ і ўтварэння Вялікага Княства Рускага. Жыгімонт вымушаны быў падпісаць у 1434 годзе прывілей аб ураўнанні ў эканамічных правах баяр-католікаў з праваслаўнымі. Атрымаўшы перамогу над Свідрыгайлам, Жыгімонт пазбавіўся ад залежнасці з боку Польшчы. Пасля яго смерці на трон быў абраны Казімір Ягайлавіч (1440 – 1442 гг.). Пасля гібелі караля Польшчы Казімір быў абраны таксама і польскім каралём. Пасля смерці Казіміра вялікім князем стаў яго сын Аляксандр (1492 – 1506 гг.). У час яго княжання пачало абмежаванне вялікакняжацкай улады з боку паноў-рады. Дзейнасць далейшых князёў ВКЛ – Жыгімонта І Старога (1506 – 1548 гг.). Жыгімонта ІІ Аўгуста (1548 – 1572 гг.) была звязана з бясконцымі войнамі з Маскоўскім княствам, што прывяло да страты часткі земляў ВКЛ.

Знешнепалітычнае становішча ВКЛ было даволі складаным. З канца ХІІІ стагодзя па 1410 год крыжаносцы больш 140 разоў здзяйснялі набегі на Літву і Беларусь, руйнуючы землі Панямоння і Падзвіння. За няпоўныя сто гадоў беларуска-літоўскія палкі здейснілі каля 60 паходаў у адказ. Значную пагрозу стваралі крымскія татары. Татарскія напады адбыліся ў 1275, 1277, 1287, 1315, 1325, 1338 гадах. У 1362 годзе у бітве на рацэ Сінія Воды, левым прытоку паўднёвага Буга, войскі вялікага князя Альгерда атрымалі над татарамі перамогу, у выніку чаго да Вялікага княства Літоўскага былі далучаны землі Кіеўшчыны і Падолля. Паводле летапісных звестак, у Кулікоўскай бітве 1380 года прыняў удзел князь Андрэй Полацкі, які прывёў на поле Кулікова “войска вялікае” і камандаваў ў бітве з Мамаем “палком правай рукі”.

У 1410 годзе супраць крыжаносцаў аб’ядналіся войскі, у якія ўваходзілі палякі, беларусы, украінцы, рускія, чэхі і татары. Пад кіраўніцтвам Ягайлы і Вітаўта быў дадзены рашучы бой пад Грунвальдам. Удар для тэўтонцаў быў настолькі ашаламляльны, што землі ўсходніх славян пяць стагоддзяў пасля гэтага не зведалі германскай агрэсіі.

Канец ХV – пачатак ХVІ стагоддзяў азнаменаваўся абвастрэннем адносін паміж Вільняй і Масквой. Паступова ВКЛ аказалася канкурэнтам усходнерускай Маскоўскай дзяржавы ў барацьбе за ўплыў у Усходняй Еўропе. І Вільня, і Масква лічылі сябе спадчыннікамі Кіеўскай Русі – дзяржавы Рурыкавічаў. Гэтая канкурэнцыя хутка перарасла ў канфрантацыю і працяглыя войны. Сумежныя тэррыторыі, Смаленск, Бранск, пачаргова захопліваліся то Маскоўскай дзяржавай, то ВКЛ. Сваю пазіцыю ў дачыненні да названых зямель Маскоўскія кіраўнікі сфармуліравалі наступным чынам: “ото одно наша отчина, кои города и волосці и ныне за нами; и вся руская земля, Киев и Смоленск и иные города… З божьею волею, из старины. От наших прородителей наши отчины”. Канфрантацыя паміж Масквой і Вільняй прыняла абвостраны характар пасля таго, як вялікі князь Маскоўскі Іван III аб’явіў сябе “государем всея Руси”, гэта значыць, адкрыта заявіў аб прэтэнзіях на ўсе землі старажытнай Кіеўскай Русі, ў тым ліку беларускія і ўкраінскія. Агрэсія ўсходняга суседа ішла пад лозунгам далучэння праваслаўнага насельніцтва ВКЛ да адзінаверцаў, вяртання былога адзінства Кіеўскай Русі. У выніку вайны з Масковіяй 1500 – 1503 гг. ВКЛ страціла 19 гарадоў (Чарнігаў, Гомель і інш.)

У 1512 годзе па ініцыятыве Масквы пачалася чарговая вайна. У 1513 годзе войска Васілія ІІІ, авалодаўшы Смаленскам, рушыла ў глыб княства ў напрамку Друцка і Оршы. Спыніць 80-тысячнае рускае войска Булгакава-Галіцы ды баярына Івана Чалядніна змагло толькі 30-тысячнае вялікакняжацкае войска на чале з Канстанцінам Астрожскім. Сутычка паміж імі адбылася 8 верасня 1514 года пад Оршай. Тонкі тактычны разлік гетмана Астрожскага, добрая ўзброенасць гарматамі войска ВКЛ, мужнасць воінаў дазволілі вялікакняжацкаму войску разбіць праціўніка і тым самым на пэўны час спыніць памкненні Масквы авалодаць суседнімі ліцвінскімі землямі.

Саперніцтву двух дзяржаў спрыялі палітычныя праблемы ВКЛ. У пануючым классе ВКЛ дамініравалі дзве княжацкія галіны – Гедымінавічы і Рурыкавічы, іх мірнае суіснаванне ў адной дзяржаве не выключала і ўзаемных спрэчак, падазронасці і нават канфрантацыі, бывалі выпадкі, калі беларускія князі апеліравалі да сваіх суродзічаў – князёў Рурыкавічоў з маскоўскай дынастыі. Гедымінавічы з іх прыхільнікамі ў саперніцтве арыентаваліся на палякаў.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-01-03; Просмотров: 1033; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.03 сек.