Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Самавызначэнне Беларусі на савецкай аснове. Утварэнне ССРБ і ЛітБел




10 снежня 1918 года, пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі і дэнансацыі Брэсцкага дагавора германскія войскі пакінулі Мінск, які быў хутка заняты Чырвонай Арміяй. Але Савецкі ўрад не спяшаўся абвясціць Беларускую рэспубліку. Адмоўныя адносіны да беларускай дзяржаўнасці ў гэты час былі характэрнымі як для Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта РСФСР, так і для мясцовага бальшавіцкага кіраўніцтва.

Такая пазіцыя выклікала недавер і занепакоенасць з боку Беларускіх секцый РКП(б)[1] і Белнацкама[2].

21 – 23 снежня 1918 года ў Маскве адбылася канферэнцыя Беларускіх секцый РКП(б), якая прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, выбрала Цэнтральнае бюро Беларускіх секцый РКП(б) на чале з Жылуновічам. Канферэнцыя прапанавала ідэю “стварэння Беларускай савецкай рэспублікі як фарпоста расійскай сацыяльнай рэвалюцыі”. Цэнтральнаму бюро было даручана пасля прызначанай на канец 1918 года VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б) склікаць Усебеларускі з’езд камуністаў і стварыць нацыянальны цэнтр, які ўзяў бы пад свой кантроль не толькі секцыі, але і мясцовыя арганізацыі, у тым ліку тыя, што дзейнічалі раней у падполлі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі.

Прынятыя канферэнцыяй пастановы паставілі ЦК РКП(б) перад неабходнасцю тэрмінова вырашыць праблему беларускай дзяржаўнасці, што і было зроблена на Пленуме ЦК.

25 снежня 1918 года адбылося экстранае пасяджэнне членаў калегіі Белнацкама, прадстаўнікоў Цэнтральнага бюро Беларускіх камуністычных секцый і камітэта Маскоўскай Беларускай секцыі РКП(б). З. Жылуновіч, старшыня пасяджэння, паведаміў прысутным аб перамовах І. Сталіна з супрацоўнікамі Белнацкама, што адбыліся раніцай таго ж дня. Па сведчанню З.Жылуновіча, у выніку гэтых перамоў было вызначана, што “з нагоды сучасных міжнародных адносін і ў мэтах умацавання і пашырэння заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі ў сусветным масштабе, у сучасны момант зусім наспела неабходнасць абвяшчэння Беларусі, як самастойнай ва ўсіх адносінах нацыі, незалежнай сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай”.

На гэтым жа пасяджэнні, згодна з даручэннем І. Сталіна, быў вызначаны спіс кандыдатаў з 15 чалавек у склад Рабоча-Сялянскага Урада Беларусі.

30 снежня 1918 года ў Смаленску адкрылася VI Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя. Дэлегаты аднагалосна выказаліся за абвяшчэнне ССРБ. Канферэнцыя вызначыла межы рэспублікі і па дакладу камісіі, утворанай для вывучэння гэтага пытання, прыйшла да высновы, што ў склад рэспублікі павінны ўвайсці Мінская, Магілёўская, Гродзенская губерні поўнасцю, Віцебская губерня без Дзвінскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветаў, а таксама частка тэрыторыі Смаленскай губерні, населенай пераважна беларусамі.

Канферэнцыя абвясціла сябе І з’ездам Кампартыі бальшавікоў Беларусі. Быў створаны кіруючы орган КП(б)Б – Цэнтральнае бюро КП(б)Б на чале з А. Мясніковым.

31 снежня 1918 года ЦБ КП(б)Б абмеркавала пытанне аб складзе Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада ССРБ. Было вырашана, што ва ўрад увойдуць прадстаўнікі ад Белнацкама, Паўночна-Заходняга камітэта РКП(б) і Аблвыкамзаха. Старшынёй урада быў абраны З. Жылуновіч.

1 студзеня 1919 года Часовы ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест у сувязі з утварэннем ССРБ. Уся ўлада ў Беларусі, адзначалася ў Маніфесце, належыць Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Зямля з жывым і мёртвым інвентаром, лясы, воды і нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі і заводы, банкі становяцца ўласнасцю народа. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей на тэрыторыі Беларусі, адмяніў усе загады і распараджэнні акупацыйных уладаў, аб’явіў па-за законам Беларускую раду.

5 студзеня 1919 года Часовы рэвалюцыйна-сялянскі ўрад ССРБ, ЦБ КП(б)Б пераехалі ў Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай Савецкай Беларусі.

Звернем увагу, што Маніфест ад 1 студзеня 1919 года абвяшчаў Беларусь незалежнай сацыялістычнай рэспублікай. Такому нечаканаму “падарунку” ад маскоўскіх улад можа быць наступнае тлумачэнне.

ССРБ стваралася на падставе агульнага рашэння ЦК РКП(б) аб аддзяленні Савецкай Расіі ад капіталістычнага свету ланцугом савецкіх рэспублік. Гэта значыць, маладой беларускай дзяржаве была наканавана роля буфера, якую магла выканаць толькі незалежная рэспубліка.

Так складана і супярэчліва ішоў працэс падрыхтоўкі і абвяшчэння Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). Значную ролю ў ім адыгралі прадстаўнікі Белнацкама і Беларускіх секцый РКП(б). Яны распрацавалі ўласную канцэпцыю вырашэння нацыянальнага пытання, сутнасць якой была ў прызнанні неабходным нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі як састаўной часткі савецкай федэрацыі, і прыклалі шмат намаганняў, каб яе ажыццявіць. Беларускія нацыянал-камуністы шчыра верылі, што з дапамогай Савецкай Расіі і на аснове камуністычнай дактрыны можна будзе адрадзіць беларускую дзяржаўнасць хутчэй і лепш, чым на аснове іншых палітычных канцэпцый. Як сведчаць факты, менавіта прыхільнікі Белнацкама і Беларускіх секцый РКП(б) былі ініцыятарамі абвяшчэння ССРБ і яе першымі будаўнікамі.

Сваю дзейнасць урад ССРБ пачаў у вельмі цяжкіх палітычных і эканамічных умовах. На вызваленай ад нямецкіх акупантаў беларускай зямлі панавалі разруха, голад і галеча. Складанымі былі знешнепалітычныя абставіны. У пачатку 1919 года кіраўнікі Польшчы пачалі ўзмоцненую падрыхтоўку да вайны з Савецкай Расіяй, асноўнай мэтай якой было аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года. Улічваючы прэтэнзіі Польшчы на землі Беларусі і Літвы, ЦК РКП(б) 16 студзеня 1919 года прыняў рашэнне, у якім прапаноўвалася Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай губерням выйсці са складу ССРБ, а Мінскай і Гродзенскай губерням аб’яднацца з Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Галоўным матывам (аб якім адкрыта не гаварылася) гэтага рашэння было стварэнне Літоўска-Беларускай дзяржавы, якая павінна была стаць буферам паміж Расіяй і Польшчай.

З пастановай ЦК РКП(б) ад 16 студзеня не пагадзілася большая частка ўрада ССРБ. З. Жылуновіч і яго аднадумцы лічылі, што падзел рэспублікі немэтазгодны. Яны неаднаразова звярталіся ў ЦК РКП(б) з прапановай адмяніць гэта рашэнне, але безвынікова. У канцы студзеня ў знак пратэсту ўрад ССРБ пакінулі тры наркамы – Ф. Шантыр, У. Фальскі і Я. Дыла.

2 – 3 лютага 1919 года ў Мінску ў памяшканні гарадскога тэатра адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, які прыняў наступныя Дэкларацыі: да ўсіх народаў і іх урадаў, дзе заклікалася прызнаць незалежнасць ССРБ і ўстанавіць з ёю дыпламатычныя адносіны; аб устанаўленні федэратыўных сувязяў з РСФСР; аб аб’яднанні савецкіх сацыялістычных рэспублік Беларусі і Літвы ў адзіную дзяржаву. 3 лютага з’езд прыняў першую Канстытуцыю ССРБ, зацвердзіў герб і сцяг рэспублікі.

У склад Цэнтральнага выканаўчага камітэта (ЦВК), абранага на І Усебеларускім з’ездзе Саветаў, увайшло 50 чалавек (старшыня А. Мяснікоў). Функцыі пастаяннага ўрада ССРБ павінен быў выконваць Вялікі Прэзідыум ЦВК, у якім белнацкамаўцы і члены былых беларускіх камуністычных секцый – члены ранейшага Часовага ўрада ССРБ, былі пазбаўлены пасад наркамаў.

27 лютага 1919 года ў Вільні адбылося аб’яднанае пасяджэнне ЦВК Літоўскай і Беларускай Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, якое прыняло рашэнне аб стварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Літвы і Беларусі (ЛітБел). Аб’яднаны ЦВК ЛітБел узначаліў К.Г. Цыхоўскі, а СНК – В.С. Міцкявічус-Капсукас. У склад ЛітБел увайшлі тэрыторыі Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалкаўскай губерняў з больш як чатырохмільённым насельніцтвам. Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні па рашэнні І Усебеларускага з’езда адышлі да РСФСР.

Кіруючыя органы ЛітБел правялі шэраг мерапрыемстваў у галіне дзяржаўнага будаўніцтва. Былі прыняты інструкцыі аб валасных, гарадскіх і павятовых Саветах, дэкрэты аб арганізацыі савецкай міліцыі і суда, раўнапраўі ўсіх мясцовых моў, ураўнаванні жанчын у правах з мужчынамі, скасаванні саслоўяў і тытулаў. Вядучай партыяй у рэспубліцы была КП(б)ЛіБ, утвораная шляхам аб’яднання КП(б)Б і КП(б)Л у пачатку сакавіка 1919 года. Мерапрыемствы ў эканамічнай і сацыяльнай сферах праводзіліся ў рамках палітыкі “ваеннага камунізму”. Зямельны фонд, лясы, нетры, воды былі абвешчаны агульнадзяржаўнай уласнасцю. 16 лютага 1919 года СНК прыняў пастанову аб нацыяналізацыі прамысловых прадпрыемстваў. Прамысловыя і харчовыя тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме. Прыватны гандаль хлебам і хлебапрадуктамі забараняўся. Заможныя сяляне абавязаны былі здаваць лішкі прадукцыі дзяржаве. Збор прадуктаў ажыццяўляўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Дзеянні харчатрадаў, якія нярэдка адбіралі ў сялян насенны фонд і прадукты, неабходныя для харчавання, сталі адной з важнейшых прычын антысавецкіх выступленняў у Слуцкім, Мазырскім, Нясвіжскім і іншых паветах. Урад ЛітБел адмовіўся ад перадачы сялянам канфіскаваных зямель і імкнуўся на базе былых памешчыцкіх маёнткаў ствараць саўгасы, камуны і сельгасарцелі. Такая палітыка пазбаўляла рэспубліканскія ўлады сялянскай падтрымкі.

28 лютага 1919 года ЦВК ЛітБел прыняў Дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літоўска-Беларускую ССР і ўступіць з ёй у зносіны, дэклараваў гатоўнасць “вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва”.

У лютым – сакавіку 1919 года улады ЛітБел імкнуліся прадухіліць магчымасць вайны з Польшчай. Аднак Польшча і вядучыя дзяржавы Захаду не прызналі Літоўска-Беларускую ССР як суб’ект міжнароднага права.

 

8.4. Савецка-польская вайна і праблемы беларускай дзяржаўнасці. Другое абвяшчэнне ССРБ. Рыжскі мірны дагавор (сакавік 1921 г.)

У лістападзе 1918 года адрадзілася польская дзяржава. Яе кіраўнік Ю. Пілсудскі аб’явіў аб аднаўленні Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Атрымаўшы вялікую дапамогу ўзбраеннем і харчаваннем ад Злучаных Штатаў, Францыі і Англіі, Польшча пачала рыхтавацца да захопу беларускіх і ўкраінскіх зямель. У Варшаве быў створаны Камітэт абароны крэсаў, пад непасрэдным кіраўніцтвам якога праходзіла фарміраванне так званай Літоўска-беларускай дывізіі. На тэрыторыі Беларусі фарміраваліся атрады “мясцовай абароны” з польскіх памешчыкаў і шляхцічаў, якія пасля адступлення нямецкіх войскаў павінны былі ўзяць уладу ў свае рукі. У канцы снежня польскія легіянеры занялі Дзярэчын, Ружаны, Пружаны. У лютым – сакавіку 1919 года імі былі заняты Брэст, Кобрын, Беласток, Ваўкавыск, Слонім, Пінск. У красавіку 1919 года польскія войскі захапілі Ліду і Вільню. Урад ЛітБел пераехаў у Мінск. У мэтах канцэнтрацыі сіл і ўзмацнення абароны 1 чэрвеня 1919 года быў прыняты дэкрэт Усерасійскага ЦВК “Аб аб’яднанні Савецкай рэспублікі Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам”. Уводзілася агульнае камандаванне. Літоўска-беларуская армія была перайменавана ў 16-ю армію. Тым не менш польскае наступленне працягвалася. Савецкія войскі пакінулі Мінск, Слуцк, Барысаў, Бабруйск, Жлобін, Рагачоў, Рэчыцу. Восенню 1919 года фронт стабілізаваўся па лініі Полацк, р.Бярэзіна і Днепр, на якой трымаўся да вясны 1920 года.

Захопленая тэрыторыя Беларусі была названа акупантамі ўсходняй вобласцю Польшчы (“Усходнімі крэсамі”). Для кіравання ёю быў створаны Дэпартамент па справах польскіх усходніх зямель на чале з Ежы Асмалоўскім. Акупіраваныя тэрыторыі былі падзелены на тры акругі – Віленскую, Брэсцкую і Мінскую, якія, у сваю чаргу, дзяліліся на паветы. Польскія ўлады ліквідавалі органы мясцовага самакіравання, як бальшавіцкія, так і тыя, што былі створаны Радай БНР, а іх актывістаў жорстка праследвалі. Былі забаронены прафсаюзы і іншыя рабочыя арганізацыі, аб’яўлены незаконнымі ўсе аграрныя пераўтварэнні. Аднаўлялася памешчыцкае землеўладанне. Польская армія праводзіла непамерныя рэквізіцыі, паўсюдна ўчыняла рабаўніцтва і гвалт.

Зыходзячы з ідэі выканання Польшчай “асобай місіі” на ўсходзе Еўропы, Ю. Пілсудскі прапанаваў ідэю стварэння ў гэтым рэгіёне максімальна шырокай федэрацыі дзяржаў пад гегемоніяй Польшчы. У 1919 годзе ён фактычна меў два планы. У першым, “большым”, прадугледжваўся антыбальшавіцкі саюз усіх нацыянальнасцяў заходніх акраін былой царскай імперыі з перспектывай свабоднага самавызначэння кожнай з іх пасля заканчэння вайны. У другім, “меншым”, меркаваўся падзел спрэчных зямель паміж Польшчай і Расіяй на аснове плебесцыту, які б быў праведзены пад міжнародным кантролем. У “большым” плане беларусам даваўся шанс на самавызначэнне, незалежна ад скептытызму, з якім Ю. Пілсудскі ставіўся да іх дзяржаўных здольнасцяў. У “малым” лічылася вартым падтрыманне беларускай ідэі, але толькі на тэрыторыі Міншчыны, як процівагу расійскаму ўплыву. Каб падтрымаць федэралісцкія ілюзіі сярод часткі беларускага грамадства, Пілсудскі ў красавіку, а затым ў жніўні 1919 года выступіў з адозвамі да жыхароў Вялікага княства Літоўскага. У іх ён абяцаў даць магчымасць беларусам і літоўцам самім вырашаць канфесіянальныя і нацыянальныя пытанні.

На самой справе на акупіраваных палякамі землях праводзілася палітыка паланізацыі. Была зачынена Браслаўская беларуская гімназія, адабраны будынкі ў Мінскага педінстытута, Гродзенскай беларускай прагімназіі, прыпынілі дзейнасць Нясвіжская і Барысаўская настаўніцкія семінарыі. Са 150 беларускіх школ, якія дзейнічалі ва ўмовах нямецкай акупацыі, к восені 1919 года захавалася не больш 20. Многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху, настаўнікі беларускіх школ былі арыштаваны. З дзяржаўных устаноў, фабрык і заводаў звальняліся асобы беларускага паходжання, людзі праваслаўнага веравызнання.

Палітыка польскіх улад выклікала рашучае супраціўленне беларускага насельніцтва. Барацьбу ўзначалілі камуністы і беларускія эсэры. ЦК КП(б) ЛіБ стварыў спецыяльнае бюро нелегальнай работы (В. Міцкявічус-Капсукас, В. Кнорын, В. Багуцкі). Пачаўся масавы партызанскі рух, ядром якога стала беларускае працоўнае сялянства. Партызанскія атрады, значная частка якіх фарміравалася ў прыфрантавой зоне, цесна ўзаемадзейнічалі з чырвонаармейскімі часткамі Заходняга фронту. Штаб фронту каардынаваў іх дзеянні, дапамагаў набываць узбраенне, распрацоўваць планы баявых аперацый.

У той жа час частка беларускіх нацыянальных дзеячаў пад уплывам дэкларацыйных заяў Ю. Пілсудскага пайшла на супрацоўніцтва з польскімі акупацыйнымі ўладамі. Калі 18 верасня 1919 года ў Мінск прыехаў Ю. Пілсудскі, то яго віталі прадстаўнікі ўсіх беларускіх палітычных партый, апроч БПС-Р. Старшыня Рады БНР Я. Лёсік і яго намеснік А. Смоліч, іншыя дзеячы Рады БНР накіравалі Пілсудскаму ліст, у якім прасілі згоды на аднаўленне працы БНР, паступовую перадачу цывільнай улады ўраду БНР і арганізацыю беларускага войска.

12 снежня 1919 года з дазволу польскага ўрада ў Мінску была склікана Рада БНР. Акупанты разлічвалі, што яна падтрымае далучэнне Беларусі да Польшчы. Але фракцыя БПС-Р дабілася перавыбараў прэзідыума Рады, замены склада Савета Міністраў (А. Луцкевічу быў выказаны недавер, як і старшыні Рады Я. Лёсіку). На чале Савета міністраў быў пастаўлены В. Ластоўскі. Абноўленая Рада БНР, пацвердзіўшы прыхільнасць трэцяй Устаўной грамаце ад 25 сакавіка 1918 года, выказала пратэст супраць гаспадарання палякаў у Беларусі.

У пачатку сакавіка 1920 года польскія войскі прадоўжылі наступленне і ў красавіку занялі Кіеў, а ў Беларусі – Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. Каб дапамагчы Паўднёва-Заходняму фронту, Заходні фронт (камандуючы М. Тухачэўскі) 14 мая перайшоў у наступленне, якое было няўдалым. Пасля гэтага Заходні фронт, атрымаўшы ў падмацаванне 170 тысяч чырвонаармейцаў, у сярэдзіне чэрвеня зноў пачаў наступленне. 11 ліпеня быў вызвалены Мінск, 14 ліпеня – Вільня, 19 ліпеня – Гродна. Да жніўня 1920 года Беларусь была ўся вызвалена.

12 ліпеня 1920 года прадстаўнікі РСФСР у Маскве падпісалі мірны дагавор з прадстаўнікамі літоўскага ўрада, якім прызнавалася незалежнасць Літвы ў этнаграфічных межах. Бяз згоды беларусаў і іх прадстаўнікоў літоўскімі аб’яўляліся не толькі былыя Ковенская і Сувалкаўская, але і ўся Віленская і Гродзенская губерні з гарадамі Вільня, Гродна, Шчучын, Смаргонь, Ашмяны.

Падпісанне Савецкім урадам дагавора з Літвой азначала спыненне існавання ЛітБел. Спачатку ЦК РКП(б) пайшоў на стварэнне Мінскага губрэўкама ў складзе А. Чарвякова, А. Адамовіча, А. Вайнштэйна і У. Ігнатоўскага, а 31 ліпеня 1920 года ў Мінску адбылося паўторнае абвяшчэнне незалежнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі.

Такім чынам, этнічная тэрыторыя беларускай нацыі аказалася падзеленай на тры часткі. Як суверэнная дзяржава ССРБ існавала пасля другога абвяшчэння ў межах шасці паветаў (Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, часткова Мінскі і Слуцкі) былой Мінскай губерні. Яе плошча складала 52,3 тыс.кв.км, а насельніцтва 1 544 000 чалавек.

З пераносам баявых дзеянняў на тэрыторыю Польшчы з абарончай з боку Савецкага ўрада вайна ператварылася ў сродак экспарту сусветнай пралетарскай рэвалюцыі. 30 ліпеня 1920 года ў Беластоку быў створаны Часовы рэвалюцыйны камітэт Польшчы (Польрэўкам).

Аднак разлік на падтрымку польскага пралетарыяту, на ўздым рэвалюцыйнай хвалі ў Польшчы не апраўдаўся. Наадварот, адказам на наступленне Чырвонай Арміі быў магутны нацыянальна-патрыятычны ўздым польскага народа. Армія М. Тухачэўскага сустрэла ўпартае супраціўленне праціўніка, які 16 жніўня перайшоў у контрнаступленне. Чырвоная Армія адкацілася ад Варшавы да Мінска, але ні Польшча, ні Савецкая Расія не мелі магчымасці працягваць вайну. 12 кастрычніка 1920 года былі заключаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР і Украінай з аднаго боку і Польшчай – з другога, згодна з якімі ваенныя дзеянні спыняліся.

На ІІ Усебеларускім з’ездзе Саветаў, які адбыўся 13 – 17 снежня 1920 года ў Мінску, былі прыняты дапаўненні да Канстытуцыі ССРБ, у якіх вышэйшымі органамі ўлады абвяшчаліся з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі – ЦВК ССРБ, выканаўчым органам – СНК ССРБ. Старшынёй ЦВК і СНК ССРБ быў абраны А. Чарвякоў. З’езд устанавіў дзяржаўную манаполію на асноўныя віды прадукцыі, вызначыў задачы Саўнаргаса ССРБ у аднаўленні прамысловасці і транспарта, зацвердзіў “Тэзісы аб аграрным пытанні”, у якіх прадугледжваў надзяленне зямлёй беззямельных і малазямельных сялян, стварэнне саўгасаў. З’езд ратыфікаваў прэлімінарны дагавор з Польшчай ад 12 кастрычніка 1920 года і пацвердзіў мандат ВРК ССРБ ураду РСФСР на права заключэння міру ад імя ССРБ.

18 сакавіка 1921 года ў Рызе быў падпісаны “канчатковы, моцны, пачэсны і заснаваны на ўзаемнай згодзе”, як падкрэслівалася ў прэамбуле, мірны дагавор. Заходняя граніца ССРБ з Польшчай па дамоўленнасці абодвух бакоў праходзіла з поўначы на поўдзень: з паўднёвага боку населенага пункта Ушачы, на ўсход ад Пасвілля на Докшыцы, каля Радашковіч, Нясвіжа, Старобіна, на ўсход ад Мікашэвіч, каля Турава. Такім чынам, да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тыс. кв. км з насельніцтвам 4,6 млн. чалавек. Паводле дагавору, Польшча абавязвалася даць беларусам, рускім і украінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Бакі ўзаемна адмаўляліся ад патрабаванняў вярнуць расходы і страты, панесеныя ў час вайны. Польшча вызвалялася ад адказнасці за даўгі і іншыя абавязацельствы былой Расійскай імперыі. Расія павінна была выплаціць Польшчы 30 млн. рублёў золатам за ўклад апошняй у гаспадарчае жыццё царскай Расіі.

Нацыянальна-дэмакратычныя сілы, якія аб’ядналіся вакол БНР, не прызналі Рыжскі мірны дагавор. 26 – 30 верасня 1921 года ў Празе адбылася канферэнцыя беларускіх партый і арганізацый, якая адказнасць за разрыў Беларусі ўсклала ў першую чаргу на польскія ўлады. Пацвярджалася Устаўная грамата ад 25 сакавіка 1918 года. Адзначалася, што Ліга Нацый без дастатковых падстаў палічыла беларусаў Віленшчыны этнаграфічнай меншасцю і вырашыла перадаць гэты край Літве. Канферэнцыя на некаторы час аб’яднала беларускія нацыянальна-дэмакратычныя сілы на аснове формулы “ні з панамі, ні з камісарамі, а з беларускім народам”.

У той жа час, нягледзячы на тэрытарыяльныя страты ў гады грамадзянскай вайны і знешняй інтэрвенцыі, была ўтворана і прызнана “дэ-юрэ” беларуская нацыянальная дзяржаўнасць. На тэрыторыі Савецкай Беларусі ў лістападзе – снежні 1920 года прайшлі выбары ў сельскія, валасныя, павятовыя і гарадскія Саветы. Рэўкамы былі скасаваны. У склад Саветаў увайшлі ў асноўным бальшавікі. ІІ Усебеларускі з’езд Саветаў звярнуўся да насельніцтва Беларусі з заклікам накіраваць усе сілы на аднаўленне народнай гаспадаркі рэспублікі.


 

Глава 9
БССР У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД (1921 – 1939 гг.)

9.1. БССР ў гады новай эканамічнай палітыкі

9.2. Палітыка беларусізацыі, яе асноўныя напрамкі і вынікі

9.3. Асаблівасці правядзення індустрыялізацыі і калектывізацыі ў БССР

9.4. Усталяванне камандна-адміністратыўнай сістэмы ў СССР, у тым ліку і ў БССР




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-01-03; Просмотров: 1082; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.032 сек.