Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Барацьба супраць нацысцкай Германіі на акупіраванай тэрыторыі




З першых дзён вайны на акупіраванай тэрыторыі разгарнулася масавая антыфашысцкая барацьба. Найбольш яркімі яе праявамі сталі партызанскі і падпольны рух.

СССР уступіў у вайну непадрыхтаваным да такого роду дзеянняў. Не было ні распрацаванай загадзя тэорыі партызанскай барацьбы, ні загадзя прадуманых арганізацыйных формаў, пэўных кадраў. Праўда, да сярэдзіны 30-х гадоў у краіне праводзілася сур'ёзная праца па падрыхтоўцы да выкарыстання партызанскіх фарміраванняў у будучай вайне. Тады вышэйшае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва не адхіляла магчымасці ўварвання ворага на савецкую зямлю, і ў прадбачанні такога ходу падзей у шматлікіх прыгранічных раёнах рыхтаваліся базы для развіцця партызанскага руху, вывучаўся і абагульняўся вопыт партызанскіх дзеянняў у мінулых войнах, навучаліся людзі, здольныя групамі і паасобку дзейнічаць у тыле ворага, закладваліся схованкі з харчам, зброяй, боепрыпасамі, распрацоўвалася адмысловая мінна-падрыўная тэхніка.

На манёўрах і ваенных вучэннях адпрацоўваліся пытанні ўзаемадзеяння рэгулярных войскаў з партызанамі.

На жаль, пазней у СССР узяла верх устаноўка, што ў выпадку вайны агрэсар будзе разгромлены на яго ўласнай тэрыторыі, і перамогу можна будзе атрымаць «малой крывёй», а тэорыя выкарыстання партызанскіх сіл была прызнана нядзейснай. Таму шматлікія арганізацыйныя пытанні разгортвання партызанскага руху прыйшлося вырашаць ужо ва ўмовах цяжкага адступлення Чырвонай Арміі.

Савецкае камандаванне і партыйнае кіраўніцтва ўжо ў пачатку вайны ўзялі пад свой кантроль стварэнне партызанскіх атрадаў і падпольных груп. Так, 29 чэрвеня 1941 года СНК СССР і ЦК УКП(б) выдалі сакрэтную дырэктыву «Партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей», дзе даваліся ўказанні па пакіданню ў тыле ворага партыйных і савецкіх працаўнікоў, забеспячэнню іх неабходнымі сродкамі і матэрыяламі для вядзення антыфашысцкай барацьбы. 3 ліпеня ў звароце да народа па радыё І. Сталін заклікаў ствараць на акупіраваных землях партызанскія атрады. Гэты ж заклік утрымліваўся і ў выдадзенай 15 ліпеня 1941 года лістоўцы ГПУ Чырвонай Арміі «Да вайскоўцаў, якія змагаюцца ў тыле ворага». Нарэшце, 18 ліпеня 1941 года ЦК УКП(б) выдаў пастанову «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войскаў»,.дзе абагульняліся і ўдакладняліся пытанні арганізацыі антыфашысцкай барацьбы.

Мясцовае беларускае кіраўніцтва, што выконвала дадзеныя ўказанні, таксама выдала шэраг дырэктыў і правяло серыю адпаведных мерапрыемстваў. 30 чэрвеня 1941 года ЦК КП(б)Б распаўсюдзіў дырэктыву № 1 «Аб пераходзе на падпольную працу партарганізацый раёнаў, занятых ворагам», 1 ліпеня – дырэктыву № 2 «Аб разгортванні партызанскай барацьбы ў тыле ворага». У гэты ж дзень, 1 ліпеня, у Магілёве была праведзена нарада з працаўнікамі, якія накіроўваліся ў тыл ворага.

Адным з першых на тэрыторыі Беларусі пачаў дзейнічаць Пінскі партызанскі атрад пад кіраўніцтвам У.3. Каржа. На тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Палескай вобласці дзейнічаў атрад «Чырвоны Кастрычнік», якім кіравалі Ц. Бумажкоў і Ф. Паўлоўскі. Ужо 6 жніўня 1941 года ім былі прысвоены званні Герояў Савецкага Саюза – першым сярод партызан! На тэрыторыі Суражскага раёна Віцебскай вобласці ў першыя тыдні вайны пачаў дзейнічаць партызанскі атрад, створаны М. Шмыровым.

Усяго ў ліпені – кастрычніку 1941 года на тэрыторыі Беларусі было створана звыш 430 атрадаў колькасцю каля 8300 чалавек. У цэлым, у СССР да канца 1941 года дзейнічалі каля 2000 партызанскіх атрадаў і груп. Аднак значная частка гэтых партызанскіх фарміраванняў была нежыццяздольнай, яны альбо былі знішчаныя, альбо распаліся да зімы 1941/42 г. Так, на тэрыторыі БССР у канцы 1941 г. дзейнічалі толькі 99 атрадаў.

У пачатковы перыяд вайны партызанскія групы складаліся ў асноўным з камуністаў і камсамольцаў, партыйных дзеячаў, наўмысна пакінутых для арганізацыі барацьбы, а таксама з чырвонаармейцаў, якія апынуліся ў акружэнні. Невялікую частку складалі атрады супрацоўнікаў НКУС і НКДБ (у Беларусі было 14 такіх атрадаў, якія налічвалі 1162 чалавека). Барацьба партызан да вясны 1942 года насіла абасоблены характар, кожная група дзейнічала на свой страх і рызыку. Практычна адсутнічалі сродкі сувязі, не хапала ўзрыўчаткі, узбраення і медыкаментаў, самых неабходных рэчаў. У такіх умовах складана было праводзіць шырокамаштабныя аперацыі, таму партызанам прыходзілася здавольвацца невялікімі дыверсіямі. Яны паступова набывалі вопыт партызанскай барацьбы, наладжвалі сувязі паміж сабой і з насельніцтвам.

Тым не менш, нягледзячы на складанасці арганізацыйнага перыяду, за верасень-снежань 1941 года, па няпоўных звестках, партызаны Беларусі падарвалі каля 80 эшалонаў, знішчылі 10 тыс. салдат і афіцэраў ворага, 33 самалёта, 78 танкаў і бронемашын, 973 аўтамашыны, 137 матацыклаў, разбурылі 155 мастоў, разграмілі 9 ваенных штабоў, спалілі 63 склады з боепрыпасамі і гаручым.

Вясной 1942 года сітуацыя стала змяняцца. Нямецкія войскі атрымалі жорсткі адпор пад Масквой, Чырвоная Армія нават паспрабавала перайсці ў контрнаступленне. На акупіраваных тэрыторыях ужо ва ўсёй «прыгажосці» выявіўся нацысцкі рэжым тэрору, рабавання і гвалту. Пачынаўся прымусовы вываз насельніцтва ў Германію. Усё гэта прывяло да масавага прытоку мясцовых жыхароў у партызанскія атрады. Толькі ў Беларусі да жніўня 1942 года яны папоўніліся 23 тысячамі новых байцоў. Да пачатку 1943 года ў шэрагах беларускіх партызан налічвалася каля 56 тыс. чалавек. Адыходзілі ў партызаны не толькі асобныя грамадзяне, але і цэлыя вёскі, як гэта было, напрыклад, у вёсках Міхедавічы Петрыкаўскага раёна, Калінаўка і Кузьмічы Любанскага раёна і інш.

Узмацнілася і ўвага вышэйшага кіраўніцтва СССР да партызанскага і падпольнага руху. Для аказання дапамогі і падрыхтоўкі спецыялістаў у савецкім тыле былі створаны спецшколы: тры ў Маскве ў студзені 1942 года, «Асобы беларускі збор» у г. Мураме ў красавіку гэтага жа года (там было падрыхтавана да верасня 1942 года 15 атрадаў і каля 100 арганізацыйных груп колькасцю 2378 чалавек), Беларуская школа падрыхтоўкі партызанскіх кадраў – у снежні 1942 года (да восені 1943 г. у ёй было падрыхтавана 940 спецыялістаў). Усяго ж за гады вайны ў рознага рода навучальных цэнтрах было падрыхтавана 529 арганізатараў падполля, 265 чалавек каманднага складу, 1146 інструктараў мінна-падрыўной справы, каля 15 тыс. падрыўнікоў, 457 радыстаў, 252 разведчыка, 52 паліграфіста, 12 рэдактараў газет, 23 хімінструктараў, 11 вадалазаў.

Адпраўка неабходных спецыялістаў праз лінію фронту ажыццяўлялася як паветраным шляхам, так і цераз «Суражскія (Віцебскія) вароты». Так зваўся 40-кіламетровы прарыў у лініі нямецкай абароны на стыку груп армій «Поўнач» і «Цэнтр», які кантраляваўся партызанамі з атрада «бацькі Міная» – М.П. Шмырова і дзейнічаў на працягу лютага – верасня 1942 года. Праз яго ў зону акупацыі было перапраўлена 20 партызанскіх атрадаў, 102 арганізатарскія групы, 62 дыверсійныя групы – усяго больш 3 тыс. чалавек, а таксама 5 тыс. адзінак зброі, боепрыпасы, медыкаменты, абмундзіраванне.

Велізарнае значэнне для кансалідацыі і ўзмацнення партызанскага руху мела стварэнне кіруючага цэнтра. 30 мая 1942 года па ўказанню Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў арганізаваны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР). Яго ўзначаліў першы сакратар Кампартыі Беларусі П.К. Панамарэнка. 9 верасня 1942 года ствараецца Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) пад кіраўніцтвам другога сакратара ЦК КП(б)Б П. Калініна. У верасні 1942 года І. Сталін выдаў загад «Аб задачах партызанскага руху», дзе давалася ўказанне аб актывізацыі дзейнасці патрыётаў на акупіраваных тэрыторыях і аб неабходнасці іх цеснай каардынацыі з дзеяннямі Чырвонай Арміі.

З ростам колькасці партызанскіх атрадаў і паляпшэннем іх кіраўніцтва пашыраліся і маштабы дзейнасці. Калі ў студзені – лютым 1942 года партызаны Беларусі здзейснілі 11 дыверсій на чыгуначных мастах, то ў ліпені гэтага года ўжо звыш 304. Брыгада «За савецкую Беларусь» 4 жніўня 1942 года падарвала мост на р. Дрыса, што спыніла рух нямецкіх эшалонаў на 16 сутак! З удзелам 1300 народных мсціўцаў у лістападзе гэтага жа года праведзена аперацыя «Рэха Палесся», у выніку якой быў спынены рух цягнікоў праз р. Пціч на 18 сутак. Акрамя дыверсій на чыгунцы, патрыёты прабівалі паравозныя катлы з супрацьтанкавых стрэльбаў (у 1942 годзе да партызанаў паступіла 1400 адзінак гэтай зброі). Не забывалі яны
і аб нанясенні ўдараў па гарнізонах ворага: у 1942 годзе ў Беларусі быў зроблены напад партызан на 500 апорных пунктаў акупантаў, а цалкам разгромлена 123.

У 1943 годзе ў сувязі з разгромам германскіх войск пад Сталінградам і на Курскай дузе і з прычыны карэннага пералому ў вайне партызанская барацьба яшчэ больш пашыраецца. Да канца 1943 года ў беларускіхатрадахнародных мсціўцаў налічвалася каля 212 тыс. чалавек. Невялікія калісьці атрады пераўтварыліся ў сапраўдныя ваенныя часткі – палкі, брыгады і злучэнні. Ўсяго за гады вайны ў Беларусі дзейнічала 199 брыгад і 14 палкоў. Камандзірам партызанскіх атрадаў прысвойваліся воінскія званні ад лейтэнантаў да палкоўнікаў, а 10 чалавек атрымалі званні генерал-маёраў.

За кожным атрадам была замацавана зона баявых дзеянняў. У шматлікіх раёнах акупанты былі цалкам выцеснены і там была адноўлена савецкая ўлада. Такія рэгіёны называліся партызанскімі зонамі. Да канца 1943 года пад кантролем партызан знаходзілася больш 60% тэрыторыі Беларусі плошчай 108 тыс. кв. км., а на ўсёй акупіраванай тэрыторыі СССР пад партызанскай уладай апынулася больш за 200 тыс. кв. км. Немцы адчувалі сябе ў адноснай бяспецы толькі ў буйных гарадах з моцнымі гарнізонамі. У тыле ворага партызаны здзяйснялі перыядычныя рэйды, што мела не толькі ваеннае, але і велізарнае прапагандысцкае значэнне.

З ваеннага пункта погляду найбольшае значэнне мела правядзенне партызанамі так званай «рэйкавай вайны» – маштабнай аперацыі па парушэнню камунікацый ворага ў перыяд буйных ваенных акцый Чырвонай Арміі. Першы этап «рэйкавай вайны» праходзіў з 3 жніўня па 15 верасня 1943 года і быў прымеркаваны да Курскай бітвы, другі («Канцэрт») – з 19 верасня па 1 лістапада 1943 года і супаў з наступленнем савецкіх войск і бітвай за Днепр, трэці пачаўся ў чэрвені 1944 года, у перыяд аперацыі «Баграціён». Патрыёты, акрамя разбурэння чыгуначных пуцей, пусцілі пад адхон 2171 цягнік, 6 бронецягнікоў, знішчылі 295 чыгуначных мастоў.

Да канца акупацыі ў партызанскіх атрадах у Беларусі налічвалася 374 тыс. чалавек, а яшчэ звыш 400 тыс. лічыліся ў партызанскіх рэзервах. У СССР са зброяй у руках супраць захопнікаў ваявала больш 1 млн. жыхароў, а з партызанскімі рэзервамі – 2,8 млн. Страты немцаў ад рук партызан склалі 1 млн. чалавек (звыш 500 тыс. – у Беларусі), больш 4 тыс. танкаў (1355 – у Беларусі), 65 тыс. аўтамабіляў (18700 – у БССР), 1100 самалётаў, каля 20 тыс. эшалонаў (звыш 11 тыс. – у Беларусі). Ні карныя акцыі (а толькі ў Беларусі іх было праведзена не меней 140), ні спробы дыскрэдытацыі шляхам стварэння «ягд-каманд» – ілжывых партызанскіх атрадаў з немцаў і калабарантаў, забіваўшых мірных жыхароў, не змаглі зламаць народнага супраціву. Дзейнасць партызан засталася яркай старонкай у барацьбе з акупантамі. 88 чалавек з ліку партызан сталі Героямі Савецкага Саюза, 140 тыс. былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Акрамя партызанскага руху, істотную ролю ў барацьбе з нацыстамі на акупіраваных тэрыторыях адыграла савецкае падполле. Спецыфіка падпольнага руху праяўлялася ў тым, што патрыётам прыходзілася дзейнічаць ва ўмовах вялікай канспірацыі і пад пастаяннай пагрозай быць схопленымі ворагам. У сілу гэтага галоўнымі мэтамі, якія ставіліся перад падполлем, быў збор разведдадзеных і перадача іх у цэнтр, правядзенне дыверсій, арганізацыя сабатажу, вядзенне актыўнай прапаганды з мэтай разлажэння нямецкіх і калабарацыйных частак і падтрымкі баявога духу ў насельніцтва.

Сетка падпольных структур стала ўзнікаць у гарадах і сёлах з першых дзён акупацыі. Яе асновай спачатку быў партыйны і савецкі актыў, пакінуты для гэтых мэтаў. У наступным падполле пашыралася, да яго далучаліся мясцовыя жыхары. Аднак часта падпольныя групы дзейнічалі паасобку, не маючы сувязяў з іншымі патрыятычнымі арганізацыямі, што вяло да паніжэння маштабаў і эфектыўнасці іх дзейнасці.

Адным з найбольш масавых стала Мінскае падполле, у яго дзейнасці за перыяд вайны прыняло ўдзел больш за 9 тыс. чалавек: камуністы, партыйныя работнікі, выкладчыкі ВНУ, лекары, вайскоўцы, працоўныя мінскіх прадпрыемстваў. Ужо да канца 1941 года ў Мінску і наваколлі дзейнічала 50 не звязаных паміж сабой груп колькасцю да 2 тыс. членаў. У лістападзе 1941 года для каардынацыі і аб’яднання іх дзеянняў ствараецца агульнагарадскі кіруючыпартыйны цэнтр, на чале якога сталі І. Кавалёў, І. Казінец, У. Жудро, З. Заяц, У. Нічыпараў, Г. Сямёнаў. Мінскае падполле вяло актыўную разведвальна-дыверсійную дзейнасць, членамі арганізацыі было здзейснена звыш 1500 дыверсій. Вялікае значэнне мела знішчэнне фашысцкага кіраўнічага апарата і калабарацыйнага актыву, у тым ліку найболей вядомыя акцыі: забойства патрыёткамі Восіпавай, Мазанік і Траян у верасні 1943 года генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ, знішчэнне рэдактара калабарацыйнай газеты Казлоўскага і шэраг іншых. Важным з’яўлялася і вядзенне агітацыйна-прапагандысцкай дзейнасці, выданне ў акупіраваным Мінску газеты «Звязда», распаўсюджванне лістовак і зводак Саўінфармбюро.

На жаль, адсутнасць вопыту падпольнай барацьбы і канспірацыі прыводзіла да частых правалаў. Мінскае падполле тройчы падвяргалася жорсткаму разгрому з боку акупантаў: увосень 1941 года, вясной і восенню 1942 года. Толькі ў сакавіку 1942 года былі арыштаваны 404 члена падполля, 28 з іх былі пасля жорсткіх катаванняў павешаны, 251 расстраляны. Германскай разведцы ўдалося на доўгія гады запляміць і зганьбіць імя аднаго з першых кіраўнікоў Мінскага падполля І. Кавалёва. Толькі ў апошнія гады даследчыкам удалося зняць з яго абвінавачванні ў здрадзе.

За актыўную падпольную дзейнасць у гады акупацыі ў 1966 годзе Мінск быў узнагароджаны ордэнам Леніна, а ў 1974 годзе яму было прысвоена званне «Горад-герой».

Падпольныя групы дзейнічалі і ў іншых гарадах і населеных пунктах Беларусі. Так, у Брэсце ў складзе падполля знаходзілася каля 150 чалавек. У Гродна дзейнічала 6 груп (больш 60 чалавек), а ў Гродзенскай вобласці каля30 (агульнай колькасцю звыш 300 чалавек). Аднак у Заходняй Беларусі ў сувязі з хуткім наступленнем ворага арганізацыя падполля насіла хаатычны характар,членамі антыфашысцкіх груп станавіліся ў асноўным былыя члены КПЗБ і КСМЗБ, якія мелі вопыт нелегальнай барацьбы яшчэ з часоў польскага панавання. Мясцовае насельніцтва не заўсёды падтрымлівала патрыётаў, частка праявіла лаяльнасць да акупантаў, паколькі гэтыя тэрыторыі ўвайшлі ў склад БССР толькі ў 1939 годзе і тут не было адназначнага стаўлення да савецкай улады.

У той жа час на ўсходзе рэспублікі дзейнасць падпольшчыкаў набыла значные маштабы. У Віцебскай вобласці дзейнічала звыш 200 арганізацый і груп, у тым ліку найбольш вядомая – група К. Заслонава на чыгуначным вузле ў Оршы, якая толькі з снежня 1941 года па люты 1942 года падарвала 6 эшалонаў, 170 паравозаў, некалькі складаў з боепрыпасамі, знішчыла больш 400 немцаў. Падпольшчыкі выкарыстоўвалі міны, замаскіраваныя пад вугальныя брыкеты. У наступным на базе гэтай групы быў створаны партызанскі атрад. У г. п. Обаль дзейнічала група пад кіраўніцтвам Е. Зеньковай і 3. Партновай. У Віцебску арганізацыяй барацьбы супраць акупантаў займалася В. Харужая, схопленая затым нацыстамі і пасля катаванняў па-зверску забітая імі. Пасмяротна В.З. Харужай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У Гомелі былі арганізаваны 142 падпольныя группы. Адзін з арганізатараў Гомельскага падполля Т. Барадзін працаваў у друкарні і друкаваў там лістоўкі. Патрыёты ўзарвалі афіцэрскую сталовую, пры гэтым загінуў нямецкі генерал.

У Магілёве пад кіраўніцтвам К. Мэттэ дзейнічаў «Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі», які налічваў да 400 членаў. У Бабруйску і Бабруйскім раёне налічвалася больш 500 падпольшчыкаў.

На станцыі Асіповічы падпольшчыку Ф. Крыловічу ўдалося ажыццявіць найбуйнейшую дыверсію другой сусветнай вайны. У ноч з 29 на 30 ліпеня 1943 года з дапамогай усяго двух магнітных мін было знішчана 4 эшалона з гаручым (31 цыстэрна), боепрыпасамі (63 вагоны) і найноўшымі нямецкімі танкамі «Тыгр». Пажар на станцыі доўжыўся 10 гадзін, аб гэтай дыверсіі давялі да ведама асабіста Гітлера.

Усяго жа на тэрыторыі Беларусі ў сетцы падполля знаходзілася больш 70 тыс. чалавек, а ў цэлым па СССР – 220 тыс. Іх уклад у перамогу над нацызмам цяжка пераацаніць.

Акрамя савецкіх партызан, на тэрыторыі БССР, акупіраванай немцамі, разгарнулі дзейнасць фарміраванні польскай Арміі Краёвай і украінскай арганізацыі АУН-УПА (Арганізацыя украінскіх нацыяналістаў – Украінская паўстанцкая армія).

Армія Краёва была створана 14 лютага 1942 года на базе Саюза ўзброенай барацьбы, што дзейнічаў са студзеня 1940 года. Гэтая арганізацыя падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду Сікорскага ў Лондане. Да лета 1941 года польскія атрады прытрымліваліся стратэгіі «двух ворагаў» і адначасова вялі барацьбу як з Германіяй, так і з Савецкім Саюзам, спрабуючы сарваць у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне мерапрыемствы новай улады. У 1939 – 1940 гг. органы НКУС і НКДБ раскрылі дзейнасць 109 польскіх падпольных груп і выслалі з Заходняй Беларусі каля 120 тыс. жыхароў па падазрэнню ў сувязях з імі.

Аднак пасля нападу Германіі на СССР сітуацыя змянілася і 14 жніўня 1941 года была падпісана савецка-польская ваенная дамова аб сумесных дзеяннях супраць немцаў. Армія Краёва была строга заканспірыраванай арганізацыяй, якая складалася выключна з палякаў. У цэлым яна налічвала каля 250 – 300 тыс. чалавек. У Беларусі да 1944 года яе атрады дзейнічалі на Навагрудчыне (23 тыс.), у Віленскай акрузе (9 тыс.), Палескай акрузе (4 тыс.), а таксама на Валыні, куды адносіўся раён Брэста.

Палякі спрабавалі заняць пасты ў мясцовай адміністрацыі і паліцыі, ішлі на супрацоўніцтва з немцамі, выцясняючы пры гэтым беларускіх нацыянальных дзеячаў. Беларускае насельніцтва не падтрымлівала акаўцаў, бо тыя часта звярталіся да тэрору супраць беларусаў, амаль не аказваючы супраціву немцам.

26 красавіка 1943 года у сувязі з «Катынскай справай» Польшча разарвала дыпламатычныя адносіны з СССР і Армія Краёва стала на шлях прамой канфрантацыі з савецкім патрыятычным антыфашысцкім рухам. З восені 1943 года да лета 1944 года толькі ў Навагрудскай акрузе АК правяла 81 аперацыю супраць савецкіх партызан. Часам гэтыя акцыі былі арганізаваны сумесна з нямецкімі карнікамі.

У момант наступлення Чырвонай Арміі на Украіну і Беларусь Армія Краёва спрабавала ажыццявіць «Вялікі план» (план «Бура») – арганізаваць польскае паўстанне і да прыходу савецкіх войскаў абвясціць у Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі ўзнаўленне польскай дзяржавы. Адным з элементаў гэтага плану была аперацыя «Вострая брама» па захопе Вільнюса, аднак ажыццявіць гэтыя планы не атрымалася.

Афіцыйна Армія Краёва была распушчана 19 студзеня 1945 года, аднак яе асобныя фарміраванні працягвалі сваю дыверсійную дзейнасць на тэрыторыі СССР да 1953 г.

Арганізацыя украінскіх нацыяналістаў была створана яшчэ ў 1929 годзе ў Заходняй Украіне, дзе на чале са сваім лідэрам С. Бандэрай змагалася за аддзяленне ад Польшчы. З пачаткам вайны кіраўніцтва АУН наладзіла сувязі з нямецкімі спецслужбамі. 30 чэрвеня 1941 года АУН абвясціла ў Львове аб стварэнні «Украінскай самастойнай саборнай дзяржавы», аднак германскія ўлады ліквідзіравалі гэтую псеўдадзяржаву і пачалі рэпрэсіі супраць украінскіх нацыяналістаў. У выніку АУН раскалолася: частка нацыяналістаў (пад кіраўніцтвам А. Мельніка) перайшла на бок немцаў, частка (пад кіраўніцтвам С. Бандэры) заняла антыфашысцкую пазіцыю. Аднак і тыя і іншыя адмоўна адносіліся да савецкай улады і вялі бесперапынную барацьбу з савецкімі партызанамі. У 1943 годзе была створана УПА – Украінская паўстанцкая армія, якая сваім галоўным ворагам лічыла СССР. Таксама ворагам для ўкраінскіх нацыяналістаў з’яўлялася Армія Краёва.

У Беларусі складаны вузел супярэчнасцяў завязаўся на Палессі, перададзеным у склад рэйхскамісарыята «Украіна». Тут адначасова дзейнічалі і ўкраінскія нацыяналісты, і Армія Краёва, і савецкія партызаны. Як і Армія Краёва, аунаўцы ажыццяўлялі тэрор супраць мірнага беларускага насельніцтва. Ён не скончыўся і пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў. У 1944 – 1946 гг. украінскія нацыяналісты ажыццявілі ў Беларусі 2384 дыверсіі і тэрактаў, забілі 1012 чалавек. Толькі ў 1946 годзе органы НКУС ліквідзіравалі апошнія банды.

Такім чынам, барацьба з нацызмам, якая з першых дзён вайны разгарнулася на тэрыторыі СССР і Беларусі, з'яўлялася складанай з’явай. Аднак патрыятычныя сілы атрымалі пераканаўчую перамогу.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-01-03; Просмотров: 1038; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.038 сек.