Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Роля фестываляў мастацкай творчасці ў працэсе сацыяльна – псіхалагічнай рэабілітацыі дзяцей – інвалідаў




С.Б.Майсяйчук

Сучасны медыка – дэмаграфічны стан грамадства, сацыяльна-культурная сітуацыя ў дзяржаве рэзка абвастраюць цікавасць і ўвагу да праблем дзяцінства, пытанняў здароў’я, адукацыі, выхавання, духоўнага развіцця падрастаючага пакалення. У гэтай сувязі надзвычай актуальнымі ўяўляюцца разважанні вядомага вучонага А.І.Арнольдава аб тым, што “там, дзе грамадства імкнецца ўлічыць чалавечую прыроду, развіваць магчымасці чалавека, усвядоміць яго як нейкую цэласнасць забяспечыць камфортнасць існавання, няўхільна забяспечваюцца стабільнасць і ўстойлівасць” [1, с. 50 ].

Навуковое даследаванне праблем дзіцяці і маладога чалавека ўжо выйшла за мяжы цікавасці толькі прадстаўнікоў псіхолага-педагагічных навук і набыло комплексны характар. На нашых вачах разгортваецца працэсс супрацоўніцтва спецыялістаў такіх галіновых ведаў, як культуралогія, філасофія, сацыялогія, медыцына, сацыяльная і спецыяльная педагогіка. Не абыякавыя да гэтых працэсаў і спецыялісты сацыяльна-культурнай сферы.

Аднак патрэбна адзначыць, што сёння, побач са здаровымі дзецьмі, у нашай краіне жывуць і рыхтуюцца да дарослага жыцця больш за 240 тысяч дзяцей, якія маюць пэўныя асаблівасці псіхафізічнага развіцця, з іх больш за 29 тысяч – дзеці-інваліды.

Псіхолага-педагагічная практыка сведчыць, што шмат дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ад прыроды валодаюць творчымі задаткамі, якія маюць патрэбу ў карэктнай дыягностыцы і максімальна спрыяльных умовах іх рэалізацыі. У сувязі з гэтым патрэбна падкрэсліць, што творчасць уяўляе сабой найбольш эфектыўны спосаб не толькі іх самасцвярджэння ў навакольным мікра- і макраасяроддзі, але і садзейнічае самаразвіццю, самавыяўленню, узбагачэнню ўнутранага свету дзяцей.

Мастацка-творчая дзейнасць для іх, хутчэй за ўсё, адзіна магчымая сфера разумення і ўсведамлення сваёй самакаштоўнасці і самазначнасці, істотны фактар у працэсе сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі. Гэты фактар комплекса ўздзейнічае на асобу, яе эмацыянальна-валявую, пачуццёвую, маральна-псіхалагічную сферы, а таксама на сацыяльнае фарміраванне і культурную адаптацыю.

Надзённасць праблемы выхавання праз творчасць, на думку беларускага філосафа і культуролага В.У.Пазнякова, патрэбна разглядаць у наступных аспектах:

– экзістэнцыяльным як самавыяўленне індывідуальнасці ў творчасці і ўсведамленне чалавекам унікальнасці свайго знаходжання ў свеце;

– асабістафарміруючым, паколькі развітыя віды актыўных адносін чалавека да сябе, навакольнай сацыяльнай і прыроднай рэчаіснасці ўяўляюць пункты асабістага росту і самаактуалізацыі асабы ў культуры;

– у пазнавальных і эмацыянальных адносінах выхаванне ў творчасці знаходзіцца ў непарыўным адзінстве з “выхаваннем пачуццяў”, таму што індывідуальнасць, здольная глыбока і тонка адчуваць, дыялогава і суперажывальна расчынена свету і іншаму;

– сацыякультурным, таму што запатрабаванасць творчай асобы паўстае як фактар развіцця грамадства, узбагачэння яго культурным, г.зн. чалавека-творчым зместам [ 3, с. 59 ].

Такім чынам, даследчык раскрывае сутнасць феномену выхавання ў творчасці, развіццё праз творчую дзейнасць, калі ў выніку творчага засваення навакольнага свету і культурных каштоўнасцей адбываецца ўсведамленне асобы як “самасці”.

Натуральна, што без тэарэтыка-метадалагічнага асэнсавання працэсу выхавання ў творчасці, якое ажыццяўляецца многімі даследчыкамі, у прыватнасці Ю.А.Гусевым, В.У.Пазняковым, Л.Е.Раманенка, С.А.Валахановіч і іншымі, не ўяўляецца магчымым сканструяваць інструментарый для вырашэння практычных задач у галіне крэатыўна-развіваючай дзейнасці. Інакш кажучы, выбраць найбольш мэтазгодныя спосабы арганізацыі творчага працэсу і забеспячэння яго сацыяльна-выхаваўчай эфектыўнасці.

Абапіраючыся на канцэптуальна-тэарэтычныя падыходы да разумення сацыяльна-культурнай значнасці творчасці ў вырашэнні задач выхавання і ў працэсе сацыялізацыі асобы, а таксама на наш асабісты вопыт работы ў гэтым кірунку мы сканструявалі мадэль фестывалю мастацкай творчасці дзяцей – інвалідаў.

Зыходзячы з вышэйпазначаных тэарэтыка-метадалагічных асноў працэсу выхавання ў творчасці, мы ўнеслі сутнасныя карэктывы ў абазначэнне прыярытэтных мэт і задач і выяўленне крытэрыяў ацэнкі выступленняў удзельнікаў фестывалю.

Дзякуючы гэтаму на першым Міжнародным фестывалі творчасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які аб’яднаў на пяць дзён у Белавежскай пушчы звыш 500 чалавек з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы мы змаглі ажыццявіць на практыцы мадэль фестывалю-свята, у процівагу ўкаранёнай традыцыі правядзення фестываляў-конкурсаў.

Арганізацыя і правядзенне фестываляў мастацкай творчасці трывала ўвайшлі ў работу Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (БелАДДІ і МІ) як адзін з асноўных напрамкаў яе дзейнасці з 1994 года, калі ў Палацы тэхнічнай творчасці прайшоў першы, гарадскі фестываль. І гэта не выпадкова. Удзел у фестывалях дапамагае дзецям з абмежаванымі магчымасцямі не толькі прадэманстраваць вынікі сваёй творчай дзейнасці, але і рэалізаваць адвечнае імкненне чалавека ўведаць сябе праз іншых і іншых праз сябе, знайсці гармонію паміж сабой і светам.

У гэтай сувязі цяжка не пагадзіцца са словамі В.У.Пазнякова аб тым, што “ па-за творчасцю чалавек застаецца непазнаным перш за ўсё для самога сябе” [3, с.60 ]. Таму і дэвізы ў гэтых фестываляў наступныя: “ Творчасць – шлях да сябе”, “ Глядзі на мяне, як на роўню”, “ Запалі сваю зорку”.

Кожны чалавек, что прыходзіць у гэты свет, імкнецца быць пачутым. І няхай цела зламана хваробай, але душа светлая і хоча спатоліць смагу творчасці. Хворыя дзеці маюць права на ўсе каштоўнасці, якія шчодра дарыць жыццё. Магчымасць творчай самаактуалізацыі і чалавечай самарэалізацыі даюць фестывалі мастацкай творчасці. Удзел у гэтых акцыях дазваляе дзіцяці з асаблівасцямі ў развіцці адтрымаць станоўчую інфармацыю аб сваіх сацыяльных магчымасцях, убачыць свой дэфект у параўнанні са станам іншых дзяцей-інвалідаў, пазначыць і сцвердзіцца на шляхах перабудовы свайго жыцця. Таму перад арганізатарамі падобных фестываляў паўстаюць новыя задачы, якія патрабуюць новага сацыякультурнага і сацыяпедагагічнага напаўнення.

Аналіз публікацый у расійскіх і беларускіх выданнях, а таксама ўключанае і неўключанае назіранне за практыкай правядзення фестываляў творчасці дзяцей-інвалідаў на працягу больш дзесяці год прадставіла магчымасць выявіць і абгрунтаваць наступныя неадпаведнасці:

а) паміж традыцыйным падыходам да арганізацыі фестываляў мастацкай творчасці і спецыфічнымі задачамі, якія павінны ставіцца і вырашацца ў працэсе іх арганізацыі сярод дзяцей-інвалідаў;

б) паміж мастацкімі крытэрыямі ацэнкі выступленняў і сацыякультурнымі аспектамі дзейнасці ўдзельнікаў фестывалю;

в) паміж патрэбнасцю ўдзельнікаў фестывалю ў шырокіх творчых зносінах са спецыялістамі розных відаў мастацкай творчасці і рэгламентам правядзення гэтых акцый;

г) паміж укаранёнай практыкай фарміравання саставу журы фестываляў мастацкай творчасці і неабходнасцю даваць кваліфікаваную ацэнку менавіта сацыякультурнага патэнцыялу ўдзельнікаў фестывалю.

Спынімся падрабязней на змястоўным боку пазначаных неадпаведнасцей.

У тэорыі сацыяльна-культурнай дзейнасці фестывалі разглядаюцца як складаная, комплексная форма дасугавай праграмы, як “буйнае, самастойнае завершанае сацыяльна-педагагічнае, сацыяльна-культурнае дзеянне, якое абумоўлена сацыяльным заказам, адлюстроўвае сацыяльную рэчаіснасць і адначасова ў пэўнай ступені ўздзейнічае на яе,... прадугледжвае вырашэнне самастойных педагагічных задач і выкарыстанне адпаведных спосабаў арганізацыі дзейнасці людзей (масавай, групавой ці індывідуальнай)” [2, с.104].

Асаблівасць фестываляў мастацкай творчасці дзяцей-інвалідаў заключаецца ў тым, на наш погляд, што гэта – культурная акцыя, якая дазваляе не толькі прадэманстраваць шырокі ўдзел такіх дзяцей у творчасці, але і прыцягнуць увагу дзяржаўных і грамадскіх арганізацый да іх шматлікіх праблем.

Вырашэнне гэтай праблемы дазволіць стварыць умовы для самарэалізацыі дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. Такія фестывалі вельмі спецыфічныя, паколькі арыентаваны на асобы склад удзельнікаў, якія часта маюць несувымяральныя і несупараўнальныя абмежаванні і магчымасці ў залежнасці ад характару асноўнага дэфекту, ступені яго выяўленасці, а таксама прычын і віда інваліднасці.

Гэта спецыфічная асаблівасць вызначыла нашы падыходы пры вылучэнні мэты фестывалю – прадэманстраваць невычэрпныя магчымасці розных відаў мастацкай творчасці як сродка сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей-інвалідаў. Прынцыповае метадалагічнае значэнне для ўсіх арганізатараў фестывалю набыла паслядоўная і свядомая трансфармацыя мастацка-творчых задач у сацыяльна-педагагічныя.

Сукупнасць вылучаных пазіцый непасрэдна адбілася і на вызначэнні асноўных задач, якія ўтварылі сэнсавае ядро “Палажэння аб правядзенні Міжнароднага фестывалю творчасці дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці”. З аднаго боку ў ім гаворка вядзецца аб выяўленні таленавітых дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці і далучэнні новых юных талентаў да заняткаў у розных відах і жанрах мастацкай творчасці, гэта значыць аб фестывалі-конкурсе, дзе галоўнае – прадстаўленне і ацэнка вынікаў мастацка – творчай дзейнасці, арыгінальных творчых рашэнняў і ўзораў.

Інакш кажучы, мастацка-творчая дзейнасць дзяцей-інвалідаў і яе вынікі разглядаюцца як асобы пласт культуры грамадства, які адлюстроўвае магчымасці юнага пакалення ва ўзбагачэнні культуры, прычым магчымасці нямногіх, найбольш адораных дзяцей.

Гэта задача рэалізуецца шляхам падтрымкі найбольш таленавітых і творча адораных дзяцей, удасканалення іх выканаўчага майстэрства праз далучэнне вядучых дзеячоў культуры, педагогаў і псіхолагаў для работы з імі, а таксама аказання ім адраснай матэрыяльнай і іншай падтрымкі.

З другога боку, у Палажэнні аб правядзенні фестывалю мастацкай творчасці была пастаўлена задача дэманстрацыі шырокага ўдзелу дзяцей-інвалідаў у мастацка-творчай дзейнасці як найбольш даступнай сферы самарэалізацыі і сацыялізацыі асобы. У гэтым сэнсе гаворка вядзецца аб фестывалі-свяце, дзе конкурсная і спаборніцкая састаўляючыя займаюць падпарадкаванае месца, а на першы план вылучаецца задача стварэння ўмоў для самавыяўлення і самаактуалізацыі асобы дзіцяці з псіхафізічнымі асаблівасцямі ў развіцці. Гаворка ідзе аб стымуляванні актыўнасці ў мастацка-творчай дзейнасці, пашырэнні і паглыбленні творчых і асабістых кантактаў з іншымі ўдзельнікамі фестывалю.

Аднак мэты і задачы фестывалю-свята па шырокаму далучэнні дзяцей-інвалідаў да мастацкай творчасці павінны быць таксама падмацаваны адпаведнымі крытэрыямі ацэнкі выступленняў. Наогул, пытанне аб крытэрыях ацэнкі экспанатаў і нумароў не аднойчы востра ўздымалася на пасяджэннях аргкамітэта фестывалю.

І гэта не выпадкова, паколькі ўстаноўка многіх членаў аргкамітэта на правядзенне менавіта фестывалю – конкурсу дыктавала прыярытэт мастацкіх крытэрыяў, такіх як арыгінальнасць выступленняў; узровень выканаўчага майстэрства; самабытнасць мастацка-вобразнага вырашэння; узровень мастацкага густу; эмацыянальнасць і артыстызм.

Нам удалося пераканаць членаў аргкамітэта і журы фестывалю ў неабходнасці першачарговай ацэнкі сацыяльных аспектаў мастацка-творчай дзейнасці дзяцей – інвалідаў. Гэта дазволіла ўключыць у Палажэнне сацыякультурны крытэрый, які мае роўны статус з мастацкімі крытэрыямі, а дакладна “ступень і характар інваліднасці дзіцяці, яго імкненне да самавыяўлення і самарэалізацыі сродкамі мастацкай творчасці”.

Наша ўпэўненасць у неабходнасці ўключэння сацыяльна-культурнага крытэрыя ацэнкі грунтуецца на наступным. Арганізатарам падобных мерапрыемстваў немагчыма не прымаць да ўвагі тое, што за кожным творчым дасягненнем дзіцяці-інваліда крыецца не заўсёды заўважная ў выступленнях ці пры паказе іх твораў на выстаўках штодзённая і вельмі цяжкая праца самога хворага дзіцяці, яго сям’і і блізкіх па пераадольванні разнастайных творчых, бытавых і псіхафізічных праблем.

Таму ў якасці адной з вядучых і прэстыжных намінацый павінна прысутнічаць і такая, як “Пераадоленне”, якая адлюстроўвае ўсю ступень складанасці дасягнення любых вынікаў мастацка-творчай дзейнасці і ацэньвае не столькі творчыя, колькі чалавечыя намаганні хворага дзіцяці на шляху самарэалізацыі і адчування каштоўнасці і значнасці свайго іставання ў свеце.

Паміж дзвюма вылучаннымі групамі крытэрыяў, пры ўсім іх адрозненні, няма супярэчнасцей, паколькі яны, як правіла, суправаджаюць адзін аднаго, выступаючы ў тых ці іншых суадносінах і ўзаемасувязі. Вылучэнне вядучага крытэрыя, ці то мастацка-выканальніцкага, ці то сацыякультурнага, вызначае тып фестывалю – фестываль-спаборніцтва ці фестываль-свята і ўздзейнічае на пастаноўку асноўных мэт і задач, праграму і рэгламент правядзення, іншыя арганізацыйна-творчыя пытанні.

Наступная праблема, з якой мы сутыкнуліся ў працэсе арганізацыі фестывалю, – неабходнасць далучэння шырокага кола спецыялістаў дзеля аказання творчай, метадычнай і псіхолага-педагагічнай дапамогі яго ўдзельнікам, а таксама для экспертнай ацэнкі выступленняў. Вырашэнне гэтай праблемы абумоўлена шэрагам патрэбнасцяў.

Па-першае, далучэнне спецыялістаў з сферы мастацкай дзейнасці дазваляе арганізаваць у рамках фестывалю работу сваеасаблівых творчых лабараторый. Такі падыход садзейнічае таму, што ўсе дзеці, што прыехалі на заключныя мерапрыемствы, маюць магчымасць выступіць калі не на гала-канцэрце, то ў дні так званых прэзентацый сваіх лабараторый ці вечароў-справаздач. У нашым выпадку працавалі наступныя лабараторыі: па выяўленчаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацству; паэтычнаму мастацству; музыкальнаму мастацтву, а таксама па тэатральнай творчасці.

Па-другое, мы ставілі задачу даць магчымасць дзецям не толькі ўдасканальвацца ў тых відах творчасці, якімі яны займаюцца ў штодзённым жыцці, але і авалодаць тэхналогіямі іншых відаў мастацка-творчай дзейнасці. Правамоцнасць пастаноўкі такой задачы таксама пацверджана вынікамі работы творчых лабараторый.

Па-трэцяе, мы зыходзілі з неабходнасці вырашыць шэраг псіхолага-педагагічных задач. Як мы адзначалі раней, публічная дэманстрацыя творчых дасягненняў з’яўляецца для дзіцяці з абмежаванымі магчымасцямі дзейсным сродкам яго самасцвярджэння. Аднак і сімптомы “зоркавай хваробы” у такіх дзяцей узнікаюць найбольш хутка і выразна. Адна з галоўных прычын гэтага, на наш погляд, – незадаволеныя амбіцыі іх бацькоў.

Таму, вельмі важна дасягнуць узаемаразумення з імі, сумесна выпрацаваць тактыку паводзін. У саміх жа дзяцей з першых крокаў у мастацтве патрэбна выхоўваць звычкі адэкватнай самаацэнкі, развіваць здольнасць да эмпатыі, эмацыянальнага суперажывання, якія дазваляюць радавацца чужым поспехам, а таксама мець моц перажываць асабістыя няўдачы – творчыя і жыццёвыя.

Усё вышэйпазначанае ўзняло перад кіраўнікамі творчых лабараторый складаную задачу – не толькі пазаймацца з дзецьмі, адабраць і адрэпеціраваць нумары для заключнага гала-канцэрта, але і падрыхтаваць канцэрт-справаздачу, які б з’явіўся кульмінацыяй чарговага дня фестывалю. Вялікай гібкасці і педагагічнага такту патрабавала як арганізацыя заняткаў, так і зносіны з бацькамі, якія суправаджалі цяжкахворых дзяцей і лічылі сваім абавязкам умешывацца ў творчы працэс.

Гэтыя фактары мы ўлічвалі, калі фарміравалі склад кіраўнікоў лабараторый з шырокага колу спецыялістаў сацыяльна-культурнай і псіхолага-педагагічнай сфер, якія таксама ўвайшлі і ў склад журы фестывалю. Гэта дазволіла ацаніць удзельнікаў па сацыякультурнаму крытэрыю, прааналізаваць іх творчую і рэабілітацыйную дынаміку на падставе наступнай інфармацыі: узрост удзельніка фестывалю, тып інваліднасці і характар дэфекта, творчая актыўнасць у паўсядзённым жыцці, ступень пераадолення хваробы праз самасцвярджэнне і самарэалізацыю ў творчай дзейнасці.

У працэсе адработкі асноўных тэхналагічных прынцыпаў і прыёмаў па ўкараненню мадэлі фестывалю творчасці дзяцей з асаблівасцям псіхафізічнага развіцця патрабавалі свайго вырашэння пытанні арганізацыі відовішчнага боку заключнага гала-канцэрта, перш за ўсё – сцэнарныя і рэжысёрска-пастанавочныя.

Натуральна, што ў пастаноўцы дзіцячага свята ёсць свае, агульныя законы мастацкага дзейства. У свяце для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці прысутнічаюць яшчэ і спецыфічныя рысы, якія ўлічваюць як псіхалогію ўспрымання драматургічнага дзеяння гэтай катэгорыі дзяцей і іх бацькоў, так і асобы погляд на змест асноўных эпізодаў. Нам, як галоўным сцэнарыстам і пастаноўшчыкам заключнага гала-канцэрта, хацелася не толькі захаваць святочны настрой у душах дзяцей, але і паказаць сілу духа кожнага дзіцяці, напоўніць высокім гуманістычным і аптымістычным зместам усе заключныя мерапрыемствы фестывалю, прымусіць гледачоў суперажываць юным талентам.

Улічываючы ўзрост дзяцей – удзельнікаў фестывалю, мы зыходзілі з таго, што гэтыя задачы дастаткова можа вырашыць выбраны намі сюжэтны ход па матывах апавядання Антуана дэ Сэнта Экзюперы “Маленькі прынц”. Галоўнай ідэяй свята былі наступныя словы: “ Самага галоўнага вачыма не ўбачыш – бачыць адно толькі сэрца”.

Такім чынам, рэабілітацыйныя мэты фестывалю-свята, а таксама абагульненне практыкі падобных акцый у нашай краіне і іншых дзяржавах СНД і Балтыкі дазваляе сцвярджаць, што без каардынацыі і ўзаемадзеяння работы арганізацый і ўстаноў сацыяльнай абароны, сферы адукацыі і культуры, а таксама спецыялізаваных адаптацыйных і рэабілітацыйных цэнтраў, грамадскіх арганізацый інвалідаў узвысіць рэабілітацыйны патэнцыял мастацка-творчай дзейнасці дзяцей-інвалідаў у сучасных сацыяльна-культурных умовах не ўяўляецца магчымым.

У практыцы правядзення фестываляў творчасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця павінны знайсці сваё ўвасабленне наступныя арганізацыйна-метадычныя падыходы:

– на этапе арганізацыі неабходна актыўна праводзіць работу па прапагандзе мэтаў і задач фестывалю ў рэгіёнах, выкарыстоўваючы ўсе формы – сустрэчы, канцэрты, тэматычныя вечары, дабрачынныя акцыі;

– улічываючы псіхафізічныя магчымасці дзяцей-інвалідаў, патрэбна шырэй выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі (відэаматэрыялы, камп’ютэрны банк дадзеных па адораных дзецях-інвалідаў);

– па выніках рэгіянальных мерапрыемстваў фестывалю мэтазгодна фарміраваць спецыяльныя фонды відэаматэрыялаў з канцэртных нумароў, асобных выступленняў, прэзентацый творчасці дзяцей;

– неабходна захоўваць станоўчы вопыт работы тых творчых лабараторый на фестывалі, якія дазваляюць правесці ўвесь комплекс творчай і рэабілітацыйнай работы з адоранымі дзецьмі-інвалідамі. Захаванне і асэнсаванне набытага вопыту дазволіць, у сваю чаргу, вылучыць найбольш дзейсны метадычны інструментарый і, адпаведна, нарошчваць рэабілітацыйны патэнцыял розных відаў і жанраў мастацкай творчасці;

– сацыяльна-педагагічныя магчымасці фестываляў у рэалізацыі рэабілітацыйных задач значна ўзрастаюць пры павелічэнні колькаці калектыўных форм, уключаных у іх праграму. Таму сярод мерапрыемстваў фестывалю патрэбна прадугледзіць як мага больш сумесных творчых спраў, якія забяспечаць калектыўную творчасць.

Крыніцы:

1. Арнольдов А.И. Живой мир социальной педагогики: (В поддержку актуальной науки) / Ин-т пед.- соц. работы. – М., 1999.

2. Киселева Т.Г., Красильников Ю.Д. Основы социально-культурной деятельности: Учеб. пособие. – М.: МГУК, 1995.

3. Позняков В.В. Воспитание в творчестве // Адукацыя і выхаванне. –2001. – № 8. – С.59 – 65.

 

А.А.Чэркас




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-12-25; Просмотров: 771; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.03 сек.