Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Умовы і фактары развіцця культуры, яе важнейшыя дасягненні 2 страница




Вялікі ўплыў на архітэктуру Беларусі, як і іншых усходнеславянскіх зямель, аказала хрысціянства, устанаўленне сувязей з Візантыяй. Візантыйскія майстры прынеслі шмат новага ў развіцце архітэктуры, галоўным чынам культавай, царкоўнай. Аднак у цэлым архітэктура развівалася ў рэчышчы славянскіх традыцый, а вопыт, які быў назапашаны ў дахрысціянскі перыяд, выкарыстоўваўся мясцовывымі майстрамі як пры ўзвядзенні, так і пры афармленні будынкаў.

Аб’ектамі будаўніцтва ў той перыяд былі самыя разнастайныя збудаванні, але найбольш высокага ўзроўню развіцця архітэктура дасягнула пры ўзвядзенні культавых будынкаў – цэркваў, сабораў, манастыроў. Такія будынкі па меры распаўсюджвання хрысціянства сталі з’яўляцца перш за ўсе ў гарадах.

Першыя культавыя збудаванні на тэрыторыі Беларусі, як лічаць гісторыкі архітэктуры, з’явіліся на тэрыторыі Беларусі ў ХІ ст., і самым старажытным з іх была царква святой Багародзіцы ў Полацку. Яна ўпамінаецца ў Цверскім летапісе пад 1001 г., а ў “Аповесці мінулых гадоў” – пад 1007 г. [57,с.88]. Тут жа, у Полацку, быў узведзены і такі выдатны помнік манументальнага дойлідства, як Сафійскі сабор. Гэта была трэцяя, пасля Кіева і Ноўгарада, Сафія на Русі, г.зн. пабудова падобнага тыпу. Мяркуюць, што Сафійскі сабор залажыў полацкі князь Ізяслаў, але тады ен быў драўляны. Пры князі Усяславе, дзесьці паміж 1044 і 1066 гг., яго перабудавалі як мураваны храм. Расійскі гісторык Л.Аляксееў лічыць, што яго будавалі пасля 1060 г. і адбывалася гэта ў 1062 – 1066 гг. На яго думку, будавала Полацкі Сафійскі сабор арцель візантыйскіх зодчых з удзелам майстроў з іншых гарадоў Русі [58,с.75-76, 78]. Аб Полацкім Сафійскім саборы есць звесткі ў шэрагу крыніц. Так, ен упамінаецца ў “Слове о палку Ігореве”, дзе звязваецца з іменем Усяслава, у некаторых летапісах. У Васкрасенскім летапісе пад 1156 г. запісана: “Полтеск на Двине и на Полоте деревлян, святая София о седьми версях”. Аб Полацкай Сафіі ўпамінаецца ў вядомым “Списке городов дальних и ближних” (XIV ст.).

Аднак аб першапаатковым выглядзе гэтага сабора маюцца супярэчлівыя звесткі. У адных крыніцах ен названы як сямікупалавы, у іншых як пяцікупалавы. У выніку неаднаразовых перабудоў (а іх было 6) архітэктурнае аблічча Полацкага Сафійскага сабора цалкам змянілася. Апошні раз яго перабудавалі ў 1750 г., пасля чаго ен набыў выгляд 2-вежавай уніяцкай царквы ў стыле барока, які быў характэрны для XVIII ст. Ад старажытнага сабора захаваліся толькі асобныя часткі фундамента і фрагменты ўсходняга фасада.

Варта зазначыць, што Полацкая Сафія была не толькі цэнтрам рэлігійнага жыцця, галоўным праваслаўным храмам горада і ўсей зямлі. У ей вырашаліся і дзяржаўныя справы, пытанні палітыкі, культуры. Гісторыкі адзначаюць, што само будаўніцтва мела на ўвазе палітычныя мэты: Сафійскі сабор павінен быў сімвалізаваць палітычную роўнасць з Кіевам і Ноўгарадам, дзе гэтыя храмы былі ўжо пабудаваныя [59].

Наступным па старажытнасці культавым збудаваннем, якое з’явілася на тэрыторыі Беларусі, была царква Благавешчання ў Віцебску. Яна была пабудавана ў пачатку ХІІ ст. і захавалася амаль да нашага часу, толькі ў 1961 г. яе разбурылі.

Адной са старажытных і вельмі арыгінальных па афармленню з’яўляецца таксама Барысаглебская ці Каложская царква ў Гродна, якая пабудавана ў ХІІ ст.

Да сярэдзіны ХІІІ ст. культавыя пабудовы з’явіліся ва ўсіх гарадах Беларусі. Але колькі іх было тады, дакладных дадзеных няма. У гістарычнай літаратуры па гэтаму пытанню падаюцца розныя лічбы. Так, па падліках гісторыка П.Рапапорта з 202-х помнікаў манументальнага дойлідства Кіеўскай Русі (а гэта былі менавіта культавыя пабудовы), 21 знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Па гарадах яны размяркоўваліся наступным чынам: у Полацку – 11, Ноўгарадзе (22), Смаленску (25), Гродна – 5, Мінску, Віцебску, Тураве, Навагародку, Ваўкавыску – па аднаму [60].

Сярод архітэктурных помнікаў культавага характару неабходна вылучыць манастыры – больш складаныя збудаванні, якія ўключалі ў сябе некалькі пабудоў і не толькі рэлігійнага прызначэння. Адным з першых на тэрыторыі Беларусі быў заснаваны манастыр князеўнаю Рагнедай у Заслаўлі, куды яна была выслана Уладзімірам, потым з’явіліся і іншыя манастыры. Так, у ХІІ ст. толькі каля Полацка па ініцыятыве Ефрасінні былі закладзены і пабудаваны 2 манастыры: жаночы, вядомы як Спаса-Ефрасіннеўскі (на паўночнай ускраіне Полацка) і мужчынскі Бельчыцкі манастыр, які знаходзіўся каля рэзідэнцыі полацкіх князёў у паўдневым прадмесці Полацка – Бельчыцах, адсюль і яго назва. У літаратуры сустракаецца і яшчэ адна назва – Барысаглебскі. Гэта былі буйныя збудаванні, цэлыя комплексы. Бельчыцкі манастыр, напрыклад, быў абнесены, як лічаць некаторыя даследчыкі, мураванай сцяною з вежамі, і на яго тэрыторыі ў ХІІ – ХІІІ стст. дзейнічалі 4 цэрквы, у ліку якіх спецыялісты асабліва вылучаюць Барысаглебскую царкву, пабудаваную дойлідам Іаанам (гэта адзіны архітэктар з Полацку, імя якога захавалі крыніцы).

У жаночым манастыры па сваім архітэктурна-мастацкім якасцям вылучаецца Спаская царква, таксама пабудаваная таленавітым зодчым Іаанам. Гісторык Л.Аляксееў назваў гэту царкву “вершиной архитектурной мысли Полоцкой земли”, адным з цудоўных помнікаў архітэктуры дамангольскай Русі. Дарэчы, гэта адзіны помнік ХІІ ст. у Беларусі, які захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе [61,с.74-97].

Культавыя збудаванні, як адзначалася вышэй, гэта – найбольш распаўсюджаныя і шматлікія помнікі архітэктуры эпохі ранняга сярэднявечча. Аднак развіцце архітэктуры Беларусі вызначалася не толькі гэтымі пабудовамі. Яно было звязана і з грамадзянскім будаўніцтвам. У гарадах Беларусі ўводзіліся і жылыя дамы, і гаспадарчыя будынкі, і палацы знаці, і абарончыя збудаванні. Падчас такія збудаванні (мюцца на ўвазе абарончыя збудаванні) размяшчаліся асобна, мелі самастойнае абарончае значэнне. Яскравым прыкладам можа служыць славутая Камянецкая або Белая вежа, якая знаходзіцца недалека ад г.п. Камянец Брэсцкай вобласці. Праўда, пабудавана яна ў другой палове ХІІІ ст., г.зн. выходзіць за храналагічныя рамкі разглядаемага намі перыяду. Але мясцовыя майстры ўжо мелі вопыт мураванага абарончага дойлідства, назапашаны раней і такія вежы (у навуковай літаратуры іх называюць “вежамі валынскага тыпу”, ці “вежамі - данжонамі”) будаваліся ў розных месцах. Вежы – “стаўпы” (паводле тагачаснай тэрміналогіі) прыгадваюцца ў Гродна, Брэсце, а паводле археалагічных дадзеных яны меліся і ў Тураве, і Навагародку [62,с.349-361]. Камянецкая вежа ўяўляе сабою магутнае мураванае збудаванне вышынею каля 30 м. (29,4 м.) з таўшчынею сцен у 2,5 м. Унутры яна падзяляецца на 5 ярусаў (этажоў), якія былі злучаны лесвіцамі. На кожным ярусе ў сцяне меліся спецыяльныя адтуліны – байніцы. Верх завяршаецца зубцовым поясам з баявымі праходамі. Гэта значыць, перад намі збудаванне абарончага характару [63,с. 28-29].

Аналіз помнікаў, якія захаваліся, паказвае, што архітэктура Беларусі ранняга сярэднявечча развівалася ў агульным рэчышчы ўсходнеславянскіх, старажытнарускіх традыцый, адчуваючы моцны ўплыў візантыйскіх. Але ў ей ужо тады выявіліся і свае асаблівасці, якія праслежваюцца і ў спосабах кладкі плінфы, і ў афармленні будынкаў, і ў іх кампазіцыі. Можна гаварыць нават аб існаванні ўжо ў той час мясцовых архітэктурных школ – Полацкай і Гродзенскай. Гісторыкі М.Каргар, М.Рапапорт, М.Варонін, Г.Штыхаў, некаторыя іншыя адзначаюць, што ў архітэктуры беларускіх гарадоў і, у прыватнасці, Полацка, нарадзіліся многія прагрэсіўныя ідэі, якіх не ведалі дойліды паўночных і цэнтральных раенаў Кіеўскай Русі. Так, у Полацку дойлідам Іаанам была рэалізавана ідэя будаўніцтва крыжова-купальнага храма з высока ўзнятым барабанам, якія да гэтага не будаваліся на землях Старажытнай Русі. Тут жа ўпершыню з’явіліся і т.зв. “кокошники”, якія затым сталі сімвалам усходнеславянскай архітэктуры. Характарызуючы полацкае дойлідства ХІ – ХІІ стст., М.Варонін пісаў, што кожная тутэйшая побудова “играет значительную роль в общей истории древнерусской архитектуры” [64,с.102].

Майстры гродзенскай архітэктурнай школы пры апрацоўцы фасадаў царкоўных будынкаў шырока выкарыстоўвалі валунныя камяні з натуральнай і адшліфаванай паверхняй, а таксама керамічныя пліткі, пакрытыя зяленай і карычневай палівай. Напрыклад, пры ўпрыгожванні падлогі і фасада Каложскай царквы было выкарыстана 16 форм керамічнай пліткі. У сцены і скляпенне будынка, акрамя таго, былі ўмураваны керамічныя пасудзіны – рэзанатары ці галаснікі, якія паляпшалі акустыку. Значны ўклад у развіцце гродзенскай архітэктурнай школы ХІІ ст. унес дойлід Петр Міланега, імя якога названа ў летапісе. Пры гэтым ен ахарактарызаваны не толькі як майстар, але і як мастак (“ходожник”) і нават параўноўваецца з біблейскім дойлідам Веселіілам. Факт унікальны. Аналізуючы творчы почырк Пятра Міланегі, расійскі гісторык П.Рапапорт адзначаў, што створаныя ім “здания решительно порывают со старой Киевской традицией, которая прослеживается в памятниках, возведенных в 80-е годы XII в. совсем незадолго до начала деятельности Меланеги” [65,с.85-86].

У цеснай сувязі з архітэктурай развівалася і выяўленчае мастацтва. Гаворка ідзе аб фрэскавым жывапісу. Фрэскамі былі распісаны ўсе цэрквы і саборы, пабудаваныя на тэрыторыі Беларусі. Найбольш даследаваны фрэскавы жывапіс на матэрыялах Полацкай архітэктуры. Вынікі гэтага даследавання выкладзены ў шэрагу прац, у ліку якіх трэба вылучыць кнігу А.Сяліцкага “Живопись Полоцкой земли ХІ – ХІІ вв..”. (Мн., 1992). Матэрыялы па дадзенай праблематыцы прадстаўлены і ў шматтомнай “Гісторыі беларускага мастацтва” (Т.1., Мн., 1992 г.), манаграфіі В. Церашчатавай “Старажытнабеларускі манументальны жывапіс ХІ – XVIII стст..” (Мн., 1986 г.), іншых публікацыях. Якая выснова зроблена вучонымі? Перш за ўсе падкрэсліваецца высокі ўзровень развіцця фрэскавага жывапісу на Беларусі. Вось як характарызуе яго А.Сяліцкі: “Фресковая живопись древней полоцкой земли – шедевр славянской художественной культуры, бесценная документальная повесть, которая языком зрительных образов рассказывает нам о истории белорусского народа, известной взаимосвязи и взаимообогащениі славянского мира” [66,с.3].

Адзначаецца таксама, што фрэскавы жывапіс, як і мастацтва ў цэлым, развіваўся ў рэчышчы ўсходнеславянскіх традыцый. Прычым ранейшыя помнікі гэтага жывапісу (Сафійскі сабор у Полацку) больш звязаны з візантыйска-кіеўскімі мастацкімі традыцыямі, а фрэскі пазнейшага часу (Спаская царква Ефрасіннеўскага манастыра) выяўляюць шэраг арыгінальных рыс. Напрыклад, тут не толькі шырока прадстаўлены жаночыя вобразы, але яны і вельмі індывідуалізаваныя і маюць рысы рэальных жаночых асоб. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў асобных фрагментах адлюстроўваецца вобраз самой Ефрасінні Полацкай [67,с.31]. На думку Г. Штыхава, В. Церашчатавай, у Полацку існавала самастойная школа мастацтваў, якая знаходзілася на вельмі высокім узроўні [68,с.48]. Але гэту думку падзяляюць не ўсе даследчыкі.

Трэба заўважыць, што распісваліся ў той час не толькі царкоўныя пабудовы, але і дамы, само жыллё. Рэшткі такога роспісу былі знойдзены ў 1960 – 1961 гг. у Навагрудку.

Як ужо гаварылася вышэй, фрэскавы жывапіс развіваўся ў цеснай сувязі з архітэктурай культавых, царкоўных збудаванняў. На такой жа, г.зн. рэлігійнай аснове, узнік і другі від выяўленчага мастацтва – іконапіс ці іканаграфія. Самым раннім узорам іканаграфічнага мастацтва на беларускіх і ўвогуле на ўсходнеславянскіх землях лічыцца абраз Боскай маці, вядомы пад назваю Адзігітрыя Полацкая (Адзігітрыя ў перакладзе з грэчаскай мовы - Пуцяводная). Гэта жывапісны твор ХІІ ст. У “Жыцціі” Ефрасінні Полацкай апавядаецца, што абраз Багародзіцы (адзін з трох абразоў) напісаны, паводле хрысціянскага падання, яшчэ пры жыцці дзевы Марыі яе першым іканапісцам апосталам Лукой, знаходзіўся ў Эфесе (два другіх у Іерусаліме і Царградзе). Па просьбе Ефрасінні Полацкай ён быў пасланы ёй візантыйскім імператарам Мануілам Комніным з ведама і благаслаўлення патрыярха Хрысаверга і змешчаны ў Спаскай царкве (цяпер ён захоўваецца ў фондах Рускага музея ў Санкт-Пецярбурге). Але беларускі даследчык В. Шматаў дапускае, што Полацкая Адзігітрыя магла быць створана не ў Візантыі, а ў Полацку паводле прысланага імператарам Мануілам грэчаскага ўзору, які да нашых дзён не захаваўся. Пэўныя падставы да такой высновы дае стылёвае падабенства Полацкай маці боскай з манументальным жывапісам Спаскай царквы [69,с.19].

З развіццем пісьменнасці ўзнік і такі від мастацтва, як кніжная графіка. Колькасць кніг таго часу, якія дайшлі да нас, невялікая, але і тое што маецца, сведчыць аб мастацкім іх афармленні. Пры гэтым выкарыстоўваліся нескладаныя геаметрычныя, раслінныя і тераталагічныя элементы, розныя мініяцюры. Яны праслежваюцца ў Тураўскім, Аршанскім евангеллях ХІ – ХІІІ стст., а таксама ў іншых помніках пісьменнасці старажытнарускага паходжання. Даследчыкі адзначаюць, што ў рукапісных кнігах Старажытнай Русі выкарыстаны грэчаскія і балгарскія традыцыі [70,с.92].

На новы ўзровень развіцця ўзнялося дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Гэта важная сфера народнай творчасці. У вырабах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гарманічна спалучаліся ўталітарныя, практычна-бытавыя функцыі з мастацкімі задачамі, дзякуючы умеламу выкарыстанню дэкаратыўных магчымасцей матэрыяла (металу, дрэва і г.д.) і майстэрству, і разнастайнасці прыемаў яго апрацоўкі. У гэтых вырабах заўседы свабодна і непасрэдна адлюстроўваліся прадстаўленні простага чалавека аб прыгажосці, яго эстэтычныя густы. Найбольш прыкметны яны ў ювелірных вырабах, што выкарыстоўваліся як жаночыя ўпрыгожванні. Дарэчы, такія вырабы выконвалі не толькі чыста дэкаратыўную, але і магічную ролю, павінны былі аберагаць ад дурнога вока, злых духаў і г.д. Увогуле, прыкладное мастацтва знаходзілася пад моцным уплывам язычніцкіх вераванняў. Гэты ўплыў адлюстроўвалі многія арнаментальныя матывы, звязаныя са старажытнай сімволікай. Напрыклад, пашыраным элементам арнаменту таго часу з’яўляўся крыж, які вядзе, аднак, сваё паходжанне не ад хрысціянскай сімволікі. Крыж быў магічным сімвалам прылады для здабывання агню. Пазней ён стаў эмблемай «агню нябеснага», г. зн. сонца, уваскрасення і бессмяротнасці. «Нябеснымі» сіламі ў славян былі круг, кола, разетка і іх камбінацыі, яны дайшлі і да нашых дзён у народнай драўлянай разьбе, вышыўках і г. д.

Аналіз археалагічных матэрыялаў, некаторых звестак з пісьмовых крыніц Х – ХІІІ стст.. дазваляе вылучыць у дэкаратыўна-прыкладном мастацтве некалькі асноўных яго галін. Перш за ўсе трэба назваць мастацкую апроцоўку розных металаў (галоўным чынам золата, срэбра, медзі, бронзы), якой займаліся ювеліры. Есць падставы сцвярджаць, што ювелірная справа існавала на усіх землях Старажытнай Русі, у тым ліку і на беларускіх. На гэта ўказваюць не толькі знаходкі ювелірных вырабаў, але прылады і сродкі працы мастакоў-ювеліраў. У Полацку, напрыклад, знойдзена 21 сланцавая ліцейная форма (цалкам ці ў фрагментах), у такіх формах адлівалі трохбусіныя падвескі, крыжыкі, фібулы, пярсценкі, іншыя вырабы. Як адзачае Г. Штыхаў “некаторые формы выполнены с такой тщательностью, что сами по себе являются замечательными образцами прикладного искусства” [71,с.10]. Аб дзейнасці мясцовых ювеліраў сведчаць розныя прадметы, вырабы, рэшткі майстэрняў, знойдзеныя ў Мінску, Друцку, Віцебску, Наваргудке, Гродна, Клецку, іншых гарадах. Пры гэтым мясцовыя майстры добра ведалі такія прыемы апрацоўкі метала, як штампоўка, цісненне, валачэнне, пляценне, зернь, скань, перагародчатая эмаль, гравіроўка і г.д.

Развіццё дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва было звязана таксама і з дзейнасцю старажытных кастарэзаў, вытворчасцю дэкаратыўнай керамікі, мастацкай апрацоўкай каменю. Так, вельмі цікавым відам каменнай пластыкі ХІІ – ХІІІ стст.. з’яўляюцца абразкі. Іх выраблялі на ўсей тэрыторыі Старажытнай Русі (знойдзена каля 380-ці прадметаў). Прычым даследчыкі (Т. Мікалаева, А. Лявонава) несумняваюцца ў факце існавання ўласнай вытворчасці каменных абразкоў на беларускіх землях у ХІ – ХІІІ стст.. наяўнасці тут мясцовых цэнтраў [72,с.33-35]. Каменныя абразкі знойдзены ў Полацку, Мінску, Навагрудке, Ваўкавыску, Пінску, Віцебску. Так, шырока вядомы абразок з выявай святых Канстанціна і Алены з Полацка. Выраблены ён з тонкадысперснай гліны (дарэчы, невядомай на Беларусі), але вельмі спрасаванай, візуальна яна неадрозніваецца ад камяню [73,с.111-114]. На думку даследчыкаў “менаваіта у гэтым абразку ўвасобілася тое сутнаснае, што характарызуе мастацтва не толькі Полаччыны, але і Беларусі ўвогуле” [74,с.303].

Трэба заўважыць, што асноўная колькасць прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знойдзена на гарадскіх паселішчах. Гарады ўжо ў той час вылучаліся як своеасаблівыя ачагі культуры і ў іх жыхароў попытам карысталіся самыя розныя мастацкія вырабы і, ў прыватнасці, шахматныя фігуры. Такія фігуры знойдзены ў многіх гарадах Беларусі: Гродна, Брэсце, Полацку, Віцебску, Друцку, Копысі, Мсціслаўле, Тураве, Мінску, інш. Падлічана, што з 20 усходнеславянскіх гарадоў перыяда Кіеўскай Русі, у якіх выяўлена хоць адна шахматная фігура, 15 знаходзяцца ў межах Беларусі. Усяго ж знойдзена больш за 30 асобных фігур. Факт наяўнасці шахматных фігур сведчыць аб высокім ўзроўні духоўнай культуры, гараджане ўжо ў той час ведалі шахматную гульню. Лічыцца, што на ўсходнеславянскія землі гэта гульня прыйшла ў VІІІ – ІХ стст.. з Персіі, ад арабаў праз Хазарскі каганат, дзякуючы гандлёва-культурным кантактам [75].

Асаблівай папулярнасцю у насельніцтва беларускіх зямель карысталіся прадметы хрысціянскага культу. Гэта не толькі абразкі, але і т.зв. крыжы – энкалпіёны. Яны вядомы па матэрыялах з Полацка, Друцка, Мінска, Маскавічаў, Турава, Брэста, Мсціслаўля, Навагрудка, Гродна, інш. Сярод прадметаў хрысціянскага культу асобна трэба вылучыць знакаміты крыж Ефрасінні Полацкай, зроблены майстрам Лазарам Богшай у 1161 г. Крыжы падобнай формы, на думку гісторыкаў, тады нідзе не сустракаліся на землях усходніх славян, хоць шырока былі распаўсюджаны ў Візантыі і суседніх краінах. Крыж Ефрасінні Полацкай дайшоў да нашага часу, яго многія лічаць нацыянальнай рэліквіяй Беларусі. Але ў гады Вялікай Айчыннай вайны крыж знік, спробы адшукаць яго пакуль не прывялі да поспеху. У 1955 г. гісторыку Л. Аляксееву ўдалося знайсці фатаграфію гэтага унікальнага твора народна-прыкладнога мастацтва, дзякуючы чаму мы маем прадстаўленне аб ім [76]. У беларускай гістарычнай навуцы ўжо даўно склалася думка, што крыж Ефрасінні быў зроблены менавіта ў Полацку, прычым па заказе (так лічыць пісьменнік Ул. Арлоў) самой асветніцы. Але ёсць і іншыя меркаванні, якія мы не можам замоўчваць. На гэта звярнуў увагу гісторык Л. Аляксееў. Ен адзначае, што ў даследаванні буйнога расійскага спецыяліста Т. Макаравай прыводзяцца доказы знаходжання майстэрні Лазара Богшы не ў Полацку, а ў Кіеве. З гэта майстэрні “выходили самые лучшие ювелирные изделия с перегородчатыми эмалями и самым выдающимся изделием Киевской Руси, не знавший себе равных, был крест, заказанный Богше Ефросиньей” [77,с.125]. Разам з тым мы павінны заўважыць і тое, што верагоднасць вырабу крыжа на беларускіх землях вельмі высокая: мастацкіх вырабаў з перагародчатай эмаллю тут мелася шмат. Усяго (па дадзенных на 2006 г.) на тэрыторыі нашай краіны знойдзена 6 прадметаў зробленных у гэтай тэхніцы [78,с.125].

Важную ролю ў духоўным жыцці чалавска таго часу іграла музыкальнае мастацтва. Яно таксама нарадзілася ў далёкай старажытнасці, пастаянна абагачалася, задавалыняючы эстэтычныя густы і запатрабаванні людзей. Пры гэтым музыкальнае мастацтва вельмі цесна было звязана з каляндярна-абрадавай і сямейна-абрадавай паэзіяй, іншымі відамі і жанрамі вуснай народнай творчасці.

Вядучае месца, на думку даследчыкаў, у беларускім музыкальным мастацтве таго часу займала песенная творчасць, якая была прадстаўлена перш за ўсё творамі каляндарна-земляробчага цыклу. Ужо тады на тэрыторыі Беларусі шырокае распаўсюджанне атрымалі песні-вяснянкі, купальскія і жнівеньскія песні, калядныя, валачобныя песні, многія з іх суправаждалі карагоды, народныя гульні. Разнастайнымі былі і песні сямейна-абрадавыя, народныя лірычныя песні.

На народнай аснове нарадзілася і развівалася інструментальная музыка. У разглядаемы перыяд на тэрыторыі Беларусі вядомы былі тры тыпы музыкальных інструментаў: духавыя (трубы, дудкі, жалейкі), струнныя (гуслі, гудок) і ўдарныя (бубны).

Крыніцы ўпамінаюць і аб самадзейных музыкантах-артыстах - т. зв. скамарохах. Яны хадзілі па гарадах і вёсках, забаўлялі людзей выкананнем камічных сцэнак, цыркавых нумароў, жартоўных песень, ігрой на гуслях, жалейках, іншых музыкальных інструментах. Скамарошаства было вельмі папулярным у народзе, шырока распаўсюджанай з’явай на ўсіх усходнеславянскіх землях. Сучасныя даследчыкі бачаць у ім пачатак многіх відаў сцэнічнага мастацтва, якое ў далейшым адарвалася ад народа і стала насіць прафесійны характар.

З распаўсюджаннем хрысціянства на Беларусі, як і ў іншых усходнеславянскіх землях, узнікла і царкоўна-пеўчае мастацтва. Яно дасягнула таксама высокага ўзроўню. Ужо тады ў Старажытнай Русі была створана свая, арыгінальная сістэма нотнага пісьма, якая адрозніваляся ад грэчаска-візантыйскай, гэта сістэма вядома была і на Беларусі. Зусім нядаўна расійскай даследчыцай Н.Сярогінай быў знойдзены спеўны цыкл пра Ефрасінню Полацкую, які ўтрымлівае тагачасныя тэксты і ноты. Ен быў створаны ў яе гонар і з’яўляецца найбольш раннім на Беларусі музычным помнікам [79,с.52-53]. Аналізуючы прыведзеныя тут матэрыялы, даследчыкі прыйшлі да думкі, што у ім сцвярджаюцца тыя ж ідэі, што і ў “Слове о полку Игореве”: палымяны пратэст супраць братазабойскіх усобіц, неабходнасць аб’яднання ўсходнеславянскіх княстваў перад знешняй пагрозай.

Вось такімі найбольш важнымі, на наш погляд, фактамі можна ахарактарызаваць развіцце культуры беларускіх зямель у сярэдневяковы перыяд. Аднак, культуру нельга звесці толькі да асобных, няхай нават і яркіх фактаў. Ужо ў той час яна развівалася як шырокая і складаная сфера, якая ахоплівала і матэрыяльнае і духоўнае жыцце тых этнічных супольнасцей, што пражывалі на тэрыторыі нашай краіны. І ва ўсіх гэтых сферах адбыліся істотныя змены. Пры гэтым назапашваліся як практычныя веды, так і агульныя прадстаўленні чалавека аб прыродзе, навакольным свеце. Развівалася і грамадская думка, светапогляд людзей. Безумоўна, культура ў раннім сярэднявеччы не была сацыяльна аднароднай. Існавала масавая народная культура, вылучаліся і яе элітарныя формы. Але не трэба перабольшваць, як гэта рабілася ў савецкі час, сацыяльныя ці класавыя адрозненні культуры Старажытнай Русі, прытрымлівацца канцэпцыі “двух культур русского феодализма”, г.зн. культуры эксплуатуемых сялян і эксплуататараў – феадалаў. У сапраўдным жыцці такіх культур не было. У культуры Старажытнай Русі як у этнічных, так і сацыяльных адносінах мелася шмат агульнага, таго, што было характэрна для самой эпохі. Фактарам які аб’ядноўваў старажытнарускую культуру, кансалідаваў розныя славянскія плямены, сціраў іх адрозненні, звязваў іх духоўна стала хрысціянства. Многія даследчыкі адзначаюць, што хрысціянская царква не толькі была крыніцай культурнай творчасці, яна “содействовала так же объединению русичей, формируя их культурно-историческую общность и соборность” [80,с.39]. Невыпадкова і ў далейшым культура ўсходнеславянскіх зямель ў сваіх асноўных рысах аказалася глыбока пранізанай праваслаўем. Камунікатыўную ролю тады адыгрывалі і гарады, асабліва тыя, што былі цэнтрамі княстваў. Усім ім была ўласціва адкрытасць, здольнасць пераадольваць замкненасць, уключаць у сваю сферу новых людзей, распаўсюджваць уплыў на новыя тэрыторыі. Старажытнарускія гарады, на думку даследчыкаў, увасаблялі этнічны і соцыякультурны сінтэз.

Ацэньваючы стан культуры беларускіх зямель не трэба упускаць з віду і той факт, што яна абагачалася дасягненнямі не толькі ўсходніх славян, якія тут рассяліліся, але і іншых краін і народаў, чаму спрыяла само геапалітычнае становішча гэтых зямель, міжнародныя сувязі княстваў і ў цэлым Старажытнарускай дзяржавы. У культуры беларускіх зямель адлюстроўваліся агульныя змены, характэрныя для сярэдневяковай эпохі. Таму культурная спадчына Беларусі займае дастойнае месца ў сусветнай культуры, а імёны нашых асветнікаў, дзяржаўных і царкоўных дзеячаў вядомы далёка за межамі краіны.

 

Пытанні для самакантролю:

· Назавіце фактары, якія вызначалі развіццё этнічных працэсаў на беларускіх землях у раннім сярэднявеччы. Як ацэньваюць вучоныя роль балтаў ў гэтых працэсах? Які пункт гледжання, на вашу думку, больш абгрунтаваны?

· Якую роль у этнічных працэсах таго часу адыгрывалі сувязі паміж усходнеславянскімі супольнасцямі? Які быў узровень гэтых сувязей? Ці ёсць падставы сцвярджаць, што ў межах Старажытнай Русі фарміравалася супольнасць ў форме народнасці? Як гэта пытанне разглядаецца навукоўцамі?

· Растлумачце перадумовы культурнага ўздыму ў старажытнарускі перыяд. Якую роль тады адыграла хрысціанская царква?

· Якое месца ў культурным жыцці беларускіх зямель ў той час займала народная творчасць, фальклор? Ахарактарызуйце асноўныя віды і формы народнай творчасці.

· Ці ёсць падставы сцвярджаць аб даволі шырокім распаўсюджванні на беларускіх землях пісьменнасці? Якія факты аб гэтым сведчаць?

· Што было характэрна для развіцця літаратуры? У чым была яе асаблівасць? Назавіце літаратурныя помнікі таго часу.

· Якую роль у развіцці культуры адыгрывала дзейнасць рэлігійных дзеячаў і асветнікаў – Ефрасінні Полацкай, Кірыла Тураўскага, іншых знакамітых асоб?

· Якія віды мастацтва былі найбольш развіты ў той час? Чаму? У чым праявіліся мясцовыя асаблівасці архітэктуры? Назавіце архітэктурныя помнікі беларускіх зямель. Якімі відамі творчай дзейнасці было прадстаўлена мастацтва?

 





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 728; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.04 сек.