Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Якім жа было сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у ХІІ – ХІІІ стст.? 2 страница




Кірыла Тураўскі – другі прадстаўнік асветы ХІІ ст. – паходзіў з сям’і заможных гараджан. Вучылі яго грэкі. Потым ён стаў манахам. Калі вызвалілася епіскапская кафедра ў Тураве, яго абралі епіскапам. Праваслаўная царква прылучыла Кірылу Тураўскага да ліку святых. Гэта быў не толькі кабінетны вучоны, але і выдатны царкоўны прамоўца. Імя яго сустракаем у агульных курсах рускай літаратуры старажытнага перыяду. Прамовы Кірылы ўяўляюць сабою ўзоры царкоўнага красамоўства таго часу. Яго казанні і павучанні створаны на асновах візантыйскай рыторыкі. Сучаснікі далі яму назву Залатавуснага (задоўга да Кірылы жыў выдатны царкоўны прамоўца, адзін з айцоў усходняй (праваслаўнай) царквы Іаан (каля 350 – 407 гг.), якога за красамоўства назвалі Залатавусным). І гэтае найменне з поўным правам застаецца за ім да нашага часу.

Прадслава-Ефрасіння, князёўна полацкая, таксама жыла ў ХІІ ст. Яна была ўнучкаю знаёмага нам полацкага князя-чарадзея Усяслава. Як апавядаюць паданні, яна сваёю прыгажосцю і розумам стаяла вышэй за ўсіх сваіх сучасніц. Жаніхі шукалі рукі князёўны, але яна адмаўлялася ісці замуж. Бацькі хацелі аддаць яе замуж прымусам. Дазнаўшыся аб гэтым, яна цішком пакінула родную сям’ю і ўцякла ў жаночы манастыр, на чале якога стаяла яе цётка. Бацькі прасілі яе вярнуцца дадому, але Прадслава засталася ў манастыры і праз некаторы час прыняла пострыг.

Яшчэ ў доме бацькоў Прадслава любіла ў час адпачынку чытаць кнігі. Чытанне ў тыя часы было рэдкаю з’явай у грамадстве. Прыняўшы манаства, яна стала працаваць над перапісваннем кніг. Вакол яе аб’ядноўваліся шматлікія паслядоўнікі асветы і кніжнасці. Манастыр, у якім жыла і працавала Прадслава-Ефрасіння, паступова стаў буйным рэлігійным і культурным цэнтрам, адкуль кнігі разыходзіліся па ўсіх заходніх землях Русі. У сталым узросце Прадслава здзейсніла паломніцтва ў Палесціну і Ерусалім. Там яна і памерла ў 1167 г. (згодна іншым меркаванням у 1173 г.). Мошчы Ефрасінні Полацкай знаходзяцца зараз у пабудаваным ёю Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры, які захаваўся амаль цалкам.

З імем полацкай князёўны звязаны такі помнік гісторыі і культуры, як крыж Ефрасінні Полацкай, створаны мясцовым майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. Яго асновай з’яўлялася кіпарысавае дрэва. Зверху і знізу дрэва закрывалі залатыя пласціны (усяго 21), аздобленыя каштоўнымі камянямі, арнаментальнымі кампазіцыямі і абразкамі, якія былі выкананы ў тэхніцы перагародкавай эмалі. Па майстэрстве выканання твор Лазара Богшы не саступаў лепшым візантыйскім узорам, вырабленым у гэтай найтанчэйшай тэхніцы. Шасціканцовы крыж меў вышыню каля 52 см, пасярэдзіне ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі. Яго бакі былі абкладзены срэбнымі з пазалотаю пласцінамі, выкананымі ў тэхніцы ціснення. Крыж быў абведзены шнурком перлаў.

Крыж Ефрасінні Полацкай з’яўляецца не толькі выдатным творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і каштоўным помнікам старажытнабеларускага пісьменства. Зробленыя на крыжы надпісы ўмоўна падзяляюць на дзве часткі. У першай частцы паведамляецца аб годзе стварэння святыні, кошце матэрыялаў і працы, у другой жа запісаны праклён таму, хто знясе крыж са Спаскай царквы, якой падаравала яго Ефрасіння.

Няпросты лёс напаткаў крыж Ефрасінні Полацкай, шмат разоў змяняў ён уладальнікаў і месцазнаходжанне. Ужо на мяжы ХІІ – ХІІІ стст. яго вывезлі з Полацка смаленскія князі, у ХVІ ст. крыж ненадоўга трапіў у рукі маскоўскіх князёў, а затым захоўваўся ў Сафійскім саборы, які належаў уніятам. Пасля скасавання уніі ён быў вернуты ў Спаса-Ефрасіннеўскую царкву. З 1929 г. крыж знаходзіўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі. У гады Вялікай Айчыннай вайны крыж знік, і яго месцазнаходжанне невядома. У 90‑я гады брэсцкім майстрам М. Кузьмічом была зроблена дакладная копія гэтага крыжа.

Значнае развіццё ў беларускіх землях атрымала прыкладное мастацтва. Нават звычайныя прадметы з дрэва, косці, гліны, металу ўпрыгожваліся разьбою, інкрустацыяй. Своеасаблівая ў гэтым сэнсе прыгажосць керамікі ХІ – ХІІІ стст. У ёй мы не знойдзем яскравасці маляўнічых спалучэнняў эмалі, пераліваў сонечнага спектра шкла. Яе прыгажосць выяўлялася ў строгасці і стрыманасці каляровых гучанняў, у шурпатасці, аксамітнасці груба зробленай фактуры.

Трохі іншы характар мелі прадметы, прызначаныя для феадальнай арыстакратыі, заможных гараджан. Яны часта ўпрыгожваліся выявамі фантастычных звяроў і птушак, выкананымі ў асаблівай манеры – “звярыным стылі”. Любімымі сюжэтамі ўсходнеславянскага прыкладнога мастацтва былі геральдычныя львы. Узорамі тонкай разьбы па каменю і косці з’яўляюцца шахматныя фігуркі, знойдзеныя ў Гродне і Ваўкавыску.

Пра высокае мастацкае майстэрства тагачасных умельцаў гавораць прадметы хрысціянскага культу. Сярод іх вылучаюцца найтанчэйшай мастацкай разьбой абразкі з шэрага шыферу, знойдзеныя ў час раскопак на гарадзішчы Мінска. Адзін з гэтых абразкоў выяўляе ўшанаваных у старажытнасці святых у поўны рост з фігураю Хрыста ў верхняй частцы. Твары і ўсё аблічча святых у многім нагадваюць нам беларускіх сялян.

Для стварэння прадметаў хатняга побыту, зброі, прылад працы і ўпрыгожванняў выкарыстоўваліся розныя металы: жалеза, бронза, медзь, срэбра, золата. Тэхніка іх апрацоўкі ў ХІ – ХІІІ стст. дасягнула высокага ўзроўню. У беларускіх гарадах былі распаўсюджаны амаль усе вядомыя ў Еўропе тэхнічныя спосабы апрацоўкі металаў: плаўка, ліццё, коўка, залачэнне дроту, гравіраванне, упрыгожванне металічных вырабаў эмаллю, чарненнем.

Такім чынам, багатая, яскравая і шматгранная культура беларускіх зямель у ІХ – ХІІІ стст. стаяла ў шэрагу перадавых культур свайго часу, была часткай усходнеславянскай культуры.


РАЗДЗЕЛ ІІ. БЕЛАРУСКІЯ ЗЕМЛІ Ў СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА: АД СЯРЭДНЯВЕЧЧА – ДА НОВАГА ЧАСУ (ДРУГАЯ ПАЛОВА XIII – ПЕРШАЯ ПАЛОВА XVI ст.)

 

§ 1. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага: розныя тэарэтычныя падыходы і канцэпцыі

У гісторыі Вялікага княства Літоўскага (далей – ВКЛ) да сённяшніх дзён існуе кола праблем, якія выклікаюць пытанні ў даследчыкаў. Сярод іх – прычыны ўтварэння і працэс фарміравання ВКЛ. І калі наконт прычын ужо маецца пэўная агульнасць поглядаў, то працэс фарміравання яшчэ застаецца адным з самых складаных момантаў. Складанасць гэта вынікае з таго, што сярод вучоных няма ўзгодненага пункту гледжання на этнічную аснову дзяржаўнасці адной з буйнейшых дзяржаў сярэдневяковай Еўропы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. У аснове розных канцэпцый – супярэчнасць, сутнасць якой заключаецца ў тым, што вярхоўная ўлада ў першыя стагоддзі яго існавання належала часцей за ўсё літоўскім князям, а культура, юрыспрудэнцыя, дзяржаўная мова, асноўныя землі былі ўсходнеславянскімі, у пераважнай большасці – беларускімі.

Сярод мноства фактараў, якія садзейнічалі ўзнікненню новай дзяржавы, можна выдзеліць наступныя:

1. Развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, рамяства, гандлю, рост гарадоў. Усё гэта спрыяла ўзбагачэнню мясцовай эліты, якая і стала ініцыятарам утварэння новай дзяржавы, каб абараніць сваю маёмасць і статус. Акрамя таго, назапашаныя і новыя рэсурсы дазвалялі арганізаваць абарону і пашырэнне дзяржавы.

2. Паглыбленне сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства, сацыяльных супярэчнасцей паміж саслоўямі. Сацыяльныя супярэчнасці і сілавыя спосабы іх вырашэння выклікалі патрэбу ў грамадскім парадку. У самім саслоўі феадалаў таксама абвастрылася барацьба за панаванне. Усё гэта выклікала грамадскую патрэбу ва ўтварэнні дзяржавы, якая б заканадаўча абмежавала грамадска небяспечныя разбуральныя працэсы, якія праяўляліся ў знішчэнні людзей і матэрыяльных каштоўнасцей.

3. Неабходнасць барацьбы са знешняй небяспекай. Такая небяспека зыходзіла найперш ад мангола-татараў і крыжакоў, а таксама галіцка-валынскіх і польскіх князёў.

Існуюць тры найбольш акрэсленыя канцэпцыі працэсу ўтварэння ВКЛ. Першая з іх умоўна называецца традыцыйнай (“літоўскай”) канцэпцыяй. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што літоўскія князі заваявалі беларускія землі, падпарадкавалі іх сабе, скарыстаўшыся аслабленнем Русі міжусобіцамі і мангола-татарскім заваяваннем. І толькі вялікі рускі народ у другой палове XVIII ст. вызваліў беларусаў з-пад ярма чужынцаў.

Другой з’яўляецца так званая новая (“беларуская”) канцэпцыя, найбольш поўна абгрунтаваная М. Ермаловічам у кнізе “ Па слядах аднаго міфа” (Мн., 1989). Ён пісаў, што гістарычныя крыніцы не пацвярджаюць літоўскага заваявання беларускіх зямель, а, наадварот, сведчаць аб заваяванні сучасных літоўскіх зямель Новагародскім княствам. На думку М. Ермаловіча, значнай перашкодай для аб’ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння ВКЛ з’яўляецца атаясамліванне сучаснай тэрыторыі Літвы з летапіснай Літвой, якая, як даказваў М. Ермаловіч, знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, паміж Мінскам і Новагародкам і паміж Слонімам і Маладзечна. Такім чынам, з пункту гледжання прыхільнікаў новай канцэпцыі, ВКЛ склалася перш за ўсё як беларуская дзяржава.

Трэцяя “цэнтрысцкая” канцэпцыя імкнецца пераадолець крайнасці іншых канцэпцый. Яе прыхільнікі сцвярджаюць, што ВКЛ на розных этапах свайго існавання было дзяржавай, у якой дамінавалі розныя этнічныя прыярытэты. Працяглы час (сярэдзіна ХІІІ – сярэдзіна ХV стст.) яно было літоўска-беларускай дзяржавай, у якой літоўскае палітычнае лідэрства ўраўнаважвалася беларускай палітычнай арганізацыяй. З сярэдзіны ХV ст. і ў ХVI ст. ВКЛ існавала як беларуска-літоўская дзяржава, дамінантай у якой быў беларускі пачатак.

Калектыў аўтараў кафедры гуманітарных дысцыплін БДУІР прытрымліваецца пункту гледжання на ВКЛ як на поліэтнічную дзяржаву чатырох асноўных народаў – беларускага, літоўскага, украінскага і рускага, дзе славяне займалі 11/12 тэрыторыі і складалі 80% насельніцтва краіны. Усе народы, якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным жыцці ВКЛ, а найперш беларускі і літоўскі, з’яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі гэтай дзяржавы.

У дыскусіі па праблемах утварэння і этнічнай прыналежнасці ВКЛ апошняя кропка яшчэ не пастаўлена, але бясспрэчнай з’яўляецца вялікая роля нашых продкаў як ва ўтварэнні ВКЛ, так і ў яго гістарычнай спадчыне.

Працэс утварэння ВКЛ быў працяглым і складаным. Ён адбываўся больш за стагоддзе – з другой чвэрці ХІІІ па трэцюю чвэрць XIV ст. Аб’яднанне праходзіла рознымі шляхамі: на аснове пагадненняў паміж мясцовай палітычнай элітай і літоўскімі князямі, шляхам дынастычных шлюбаў, у некаторых выпадках – шляхам захопу.

Працэс фарміравання новай дзяржавы пачаўся з узвышэння Новагародскага княства, якое прыпала на сярэдзіну ХІІІ ст., і быў звязаны з імем князя Міндоўга. Заслуга апошняга заключаецца ў тым, што пры ім з разрозненых літоўскіх плямён і беларускіх княстваў пачалося станаўленне дзяржавы на новай аснове – Вялікага княства Літоўскага, бо менавіта Міндоўг аб’яднаў Новагародскае княства з часткай балцкіх зямель, назва якіх дала імя новай дзяржаве. Першай жа сталіцай княства стаў Новагародак. Але Міндоўг сустрэў супраціўленне старой знаці, якая забіла вялікага князя і яго двух сыноў у 1263 г.

Далейшы тэрытарыяльны рост дзяржавы расцягнуўся больш, чым на стагоддзе. Полацкае княства трапіла пад уплыў Літвы ў сярэдзіне ХІІІ ст., калі ў Полацку княжыў пляменнік Міндоўга Таўцівіл. У канцы ХІІІ ст. пры вялікім князю Віцені (каля 1295 – 1316) быў пакладзены пачатак далучэнню Жамойці і канчаткова далучана Полацкае княства. Жамойць жа была канчаткова далучана толькі у першай палове XV ст. Пры вялікім князю Гедыміне (1316 – 1341) у склад ВКЛ увайшла Віцебская зямля (1320 г.), Берасцейская, Турава-Пінская землі і Мінскае княства. У 1323 г. Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню. Пры вялікім князю Альгердзе (1345 – 1377) было цалкам далучана Беларускае Падняпроўе, у 1355 г. – Бранскае княства. У 1362 г. Альгерд разбіў татар у бітве на р. Сінія Воды і далучыў да ВКЛ Кіеўскую, Чарнігава-Северскую, Падольскую і Валынскую землі. Пры вялікім князю Вітаўце (1392 – 1430) у 1404 г. да ВКЛ было далучана Смаленскае княства, быў ўстаноўлены пратэктарат над Разанскай, Пскоўскай, Наўгародскай землямі. У гады праўлення Вітаўта ВКЛ дасягнула найвышэйшай магутнасці і займала найбольшую тэрыторыю.

 

§ 2. Беларускія землі ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ

Па форме дзяржаўнага ўладкавання ВКЛ уяўляла сабой поліэтнічную феадальную федэрацыю. Гэта тлумачылася перш за ўсё тым, што былі розныя палітычна-прававыя ўмовы ўваходжання ў склад дзяржавы асобных рэгіёнаў. Спачатку ўся дзяржава складалася з наступных, аўтаномных па сутнасці, частак: удзельных княстваў, аўтаномных абласцей, уласна Літвы, з прылеглымі да яе беларускімі часткамі, а таксама Кіеўскай, Валынскай і Падольскай зямель, якія мелі асаблівы аўтаномны лад да ўваходжання ў склад Кароны Польскай.

Удзельныя княствы былі раскіданы ў розных частках дзяржавы. Гэта Гарадзенскае, Новагародскае, Мінскае, якія ўвайшлі ў склад уласна Літвы ў другой чвэрці ХІV ст., Падляшша, Мсціслаўскае, Турава-Пінскае, Слуцкае, Капыльскае княствы. Пэўны час шмат такіх княстваў было на ўсходзе дзяржавы: Вяземскае, Тарапецкае, Бельскае, Трубчэўскае, Ноўгарад-Северскае, Старадубскае і інш. Удзельны князь прыносіў “пакору” вялікаму князю, плаціў яму даніну і дапамагаў дружынай у час вайны. Ва ўсім астатнім парадкі былі ранейшымі. На правах аўтаномных абласцей знаходзіліся Полацкая, Новагародская, Віцебская і Смаленская землі. Яны кіраваліся на аснове ўстаўных грамат, якія рэгулявалі мясцовае жыццё па прынцыпу, што “мы (г. зн. вялікі князь) даўніны не рушым і навіны не ўводзім”. Да ўласна Літвы адносіліся Трокскае і Віленскае княствы.

Імкнучыся больш цэнтралізаваць дзяржаву, прывязаць шчыльней да цэнтра славянскія землі і пашырыць у іх сацыяльную базу сваёй улады, вялікія князі літоўскія ажыццяўлялі палітыку зямельных падараванняў літоўскім феадалам на далучаных да княства землях. Але гэта мера мела і адваротны бок, бо вяла да змяншэння ўласных зямельных уладанняў вялікага князя (гаспадарскага дамена), скарачала матэрыяльную базу яго палітычнай улады ўнутры краіны. У той жа час узрасталі эканамічная роля і палітычны ўплыў буйных літоўскіх феадалаў, што замацоўвала федэратыўныя тэндэнцыі ў пабудове дзяржавы.

Барацьба цэнтралісцкіх і федэратыўных пачаткаў пранізвала ўсё ўнутрыпалітычнае жыццё княства ў ХІV – ХVІ стст. і вяла да крызісаў дзяржаўнай улады, якія пагражалі распадам ВКЛ.

Першы крызіс узнік неўзабаве пасля смерці вялікага князя Гедыміна ў 1341 г. і быў выкліканы парушэннем права наследавання трона. Скончыўся ён дзяржаўным пераваротам 1345 г., калі вялікі князь Яўнут быў звергнуты яго старэйшымі братамі Альгердам і Кейстутам. Яўнуту было перададзена Заслаўскае княства. Вялікім князем стаў Альгерд, які валодаў усходняй часткай дзяржавы, яго суправіцелем – Кейстут, у валоданні якога знаходзіліся заходнія землі княства з цэнтрам у Троках.

Другі палітычны крызіс узнік у 1377 г. пасля смерці Альгерда, калі, згодна з папярэдняй дамоўленасцю паміж братамі, пры падтрымцы Кейстута на велікакняжацкі прастол быў узведзены Ягайла Альгердавіч. Ён, як і яго бацька, імкнуўся да стварэння моцнай цэнтралізаванай дзяржавы. Але гэта задача ўскладнялася трыма акалічнасцямі. Па-першае, рэальную ўладу Ягайла меў толькі ва ўсходняй частцы дзяржавы, у Троках і ўсёй заходняй частцы правіў стары Кейстут. Па-другое, на велікакняжацкі трон прэтэндаваў князь Андрэй Полацкі, старэйшы сын Альгерда ад першага шлюбу. Па-трэцяе, узмацнялася апазіцыя з боку заходнерускіх княстваў, якія былі незадаволены палітыкай цэнтралізацыі і былі супраць ідэі поўнага палітычнага зліцця з Літвой. Тут выспяваў шырокі грамадска-палітычны рух супраць умацавання ўлады вялікага князя. У 1377 г. Ягайла пазбавіў Андрэя Альгердавіча яго Полацкага ўдзелу. Андрэй збег у Пскоў і стварыў цэлую антылітоўскую кааліцыю ў складзе Маскоўскай дзяржавы, Смаленскага княства, Вялікага Ноўгарада і Лівонскага ордэна.

У гэты час сапсаваліся адносіны Ягайлы з Кейстутам. Апошні, выкарыстаўшы складанае становішча пляменніка, у 1381 г. захапіў вярхоўную ўладу ў дзяржаве. Наступіў новы, трэці па ліку, палітычны крызіс. Праз год, узяты ў палон Ягайлам, Кейстут быў задушаны ў цямніцы Крэўскага замка.

Быў яшчэ адзін фактар, які абцяжарваў праблему цэнтралізацыі дзяржавы: рост аўтарытэту Масквы на заходнерускіх землях пасля перамогі над татарамі на Куліковым полі ў 1380 г. Дарэчы, у гэтай бітве ўдзельнічалі і некаторыя князі з ВКЛ, напрыклад, той жа Андрэй Полацкі. Спроба нейтралізаваць гэту тэндэнцыю шляхам заключэння саюза паміж вялікімі князямі літоўскім і маскоўскім не прывяла да станоўчых вынікаў, бо маскоўскі бок выставіў умовы, непрымальныя для літоўскага. Самастойнаму гаспадару было не з рукі станавіцца васалам ханскага данніка.

Новае выйсце бачылася ў саюзе з Польшчай, якая акрамя апоры ў барацьбе з унутранай апазіцыяй разглядалася яшчэ і як саюзнік у змаганні з Тэўтонскім ордэнам. Польскія феадалы ў сваю чаргу хацелі засцерагчыся ад моцнага і небяспечнага ўсходняга суседа, а таксама пашырыць свае ўладанні за кошт княства: страціўшы Сілезію і Памор’е, яны прэтэндавалі на Валынь, Падолле і Галіцкую Русь.

Сітуацыю аблегчыла тое, што палякі ўбачылі ў вялікім князю літоўскім Ягайле кандыдатуру на ролю мужа сваёй малалетняй каралевы Ядзвігі і свайго будучага караля. Усё гэта прывяло да заключэння 14 жніўня 1385 г. у Крэве пагаднення з Польшчай, якое вядома пад назвай Крэўскай уніі. Тэкст уніі да нас не дайшоў, аднак вядома, што Ягайла, у адпаведнасці з яе ўмовамі, абавязаўся аб’яднаць Польшчу з Літвою і прыняць разам з усімі сваімі падданымі каталіцтва ўзамен на права стаць польскім каралём. У 1386 г. Ягайла быў абраны польскім каралём, прыняў каталіцтва, атрымаў імя Уладзіслаў і быў абвянчаны з каралевай Ядзвігай. Такім чынам, з дапамогай уніі ВКЛ павінна было быць інкарпаравана ў склад Кароны Польскай.

Унія прывяла да пашырэння каталіцтва на тэрыторыі ВКЛ. Гэта ў сваю чаргу змяніла сацыяльна-прававое становішча беларускіх зямель у ім. Паводле прывілея Ягайлы ад 20 лютага 1387 г., феадалы каталіцкага веравызнання мелі істотныя перавагі ў параўнанні з праваслаўнымі. Яны атрымалі неабмежаванае права валодання і распараджэння сваімі вотчынамі, вызваляліся ад выканання многіх дзяржаўных павіннасцей. Другім прывілеем ад 22 лютага 1387 г. была абумоўлена магчымасць заключэння шлюбаў паміж католікамі і праваслаўнымі толькі ў выпадку пераходу апошніх у каталіцтва. Такім чынам, акаталічванне закранула інтарэсы не толькі вярхоў, але і шырокіх колаў праваслаўнага насельніцтва.

Дыскрымінацыя праваслаўнай знаці з канца XIV ст. абвастрыла становішча ў краіне. Супраць уніі і Ягайлы ўзнік грамадска-палітычны рух, які на першым этапе ўзначаліў князь Андрэй Полацкі. Аднак Ягайлу ўдалося падавіць выступленні, а Андрэй быў узяты ў палон і адпраўлены ў Польшчу.

На другім этапе (1389 – 1392 гг.) на чале руху стаў стрыечны брат Ягайлы Вітаўт. На гэты раз удалося адстаяць самастойнасць дзяржавы. Барацьба скончылася заключэннем Востраўскага пагаднення 5 жніўня 1392 г., якое значна карэктавала Крэўскую унію. ВКЛ было гарантавана адасобленае дзяржаўнае існаванне, але ў саюзе з Польшчай і пад верхаўладдзем польскага караля. Ягайла прызнаў Вітаўта вялікім князем літоўскім (1392 – 1430).

З мэтай умацавання цэнтральнай улады Вітаўт ліквідаваў сістэму спадчыннага ўдзельнага княжання і замяніў яе інстытутам намесніцтва. Намеснікамі прызначаліся як ранейшыя ўдзельныя князі, якія выказалі лаяльнасць Вітаўту, так і выдзвіжэнцы вялікага князя, пераважна літоўскага паходжання. Намеснікі з’яўляліся прадстаўнікамі цэнтральнай улады.

Адстаяўшы незалежнасць ВКЛ, Вітаўт разам з тым вымушаны быў згадзіцца на пашырэнне каталіцкага ўплыву. У 1413 г. Вітаўт і Ягайла падпісалі Гарадзельскую унію, якая, з аднаго боку, юрыдычна аформіла палітычную самастойнасць ВКЛ (але найвышэйшым князем літоўскім па-ранейшаму заставаўся польскі кароль Ягайла), а з другога, пашырыла правы каталіцкай шляхты, бо дэкларавала выключнае права феадалаў-католікаў займаць дзяржаўныя пасады.

Так Гарадзельскі прывілей яшчэ больш паглыбіў раскол у грамадстве, што вылілася пасля смерці Вітаўта ў грамадзянскую вайну 1432 – 1436 гг. У ходзе яе федэрацыя распалася на дзве часткі: Вялікае княства Літоўскае на чале з Жыгімонтам Кейстутавічам і Вялікае княства Рускае на чале са Свідрыгайлам Альгердавічам. Апошняе праіснавала чатыры гады. Каб ліквідаваць напружанасць у грамадстве польскі кароль Ягайла ў 1432 г. выдаў прывілей, які потым фактычна паўтарыў у 1434 г. Жыгімонт Кейстутавіч. Паводле гэтага прывілея, адбывалася ўраўнаванне ў маёмасных правах праваслаўнай і каталіцкай шляхты і перадача на карысць баяр дзяржаўнай павіннасці – дзякла. Аднак саслоўная роўнасць не была падмацавана палітычнай. Гэта азначала, што канчаткова праблема не была вырашана. Толькі 7 чэрвеня 1563 г. вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей, які ўраўняў у палітычных правах шляхту хрысціянскага веравызнання розных канфесій (праваслаўных, католікаў, пратэстантаў).

У ХV – пачатку ХVІ ст. можна было назіраць шэраг спроб палітычнай эліты ВКЛ разарваць асабістую унію з Польшчай. Гэта было ў час праўлення вялікага князя Казіміра Ягайлавіча (1440 – 1492) у 1440 – 1447 гг. і пры сыне апошняга вялікім князю Аляксандры (1492 – 1506) у 1492 – 1501 гг. У гэтыя перыяды асабістая унія з Польшчай перарывалася і заставалася толькі унія дынастычная. Апошняя спроба разарваць асабістую унію была зроблена ў час праўлення Жыгімонта Старога (1506 – 1548), калі ў 1529 г. на сейме ў Вільні па настаянні паноў Рады ВКЛ вялікім князем быў выбраны яго 9‑гадовы сын Жыгімонт Аўгуст. Але каранаваны ён так і не быў. Толькі ў 1544 г Жыгімонт Аўгуст пачаў выконваць абавязкі вялікага князя і кіраваў дзяржаўнымі справамі пры дапамозе паноў Рады. Калі ў лютым 1548 г. памёр Жыгімонт Стары, Жыгімонт Аўгуст стаў паўнапраўным польскім каралём і вялікім князем літоўскім.

 

§ 3. Асаблівасці дзяржаўнага ладу ВКЛ. Тры Статуты ВКЛ

К сярэдзіне ХVІ ст.у ВКЛ быў завершаны працэс фарміравання адносін феадальнай уласнасці, катэгорый феадалаў і залежнага насельніцтва, а таксама форм іх землеўладання і землекарыстання. Да гэтага часу ў ВКЛ сфарміраваліся чатыры саслоўі: феадалаў, духавенства, мяшчанства і сялянства. Феадалы (свецкія і духоўныя) і феадальна залежныя сяляне складалі асноўныя класы феадальнага грамадства.

Клас феадалаў меў сваю ўнутраную градацыю. На вяршыні іерарахічнай лесвіцы стаяў уладар дзяржавы – вялікі князь (гаспадар), які лічыўся вярхоўным землеўладальнікам у краіне, а таксама меў свае ўласныя зямельныя ўладанні (гаспадарскі дамен). На прыступку ніжэй на іерарахічнай лесвіцы стаялі буйныя феадалы, так званыя магнаты – князі і паны, якія валодалі зямлёй на правах вотчыны (спадчыннага трымання). Далей ішлі баяры (сярэднія і дробныя феадалы), якія складалі самую шматлікую групу сярод пануючага класа. З пачатку ХV ст. на іх пачала распаўсюджвацца паланізаваная назва “шляхта”, якая паступова выцесніла першапачатковую. Яны валодалі зямлёй умоўна (пры ўмове нясення вайсковай службы на карысць вялікага князя або буйных феадалаў). Да шляхты адносілася таксама не толькі не толькі феадалы, а і свабодныя людзі, якія валодалі невялікімі зямельнымі надзеламі, арандавалі зямлю ў буйных феадалаў ці знаходзіліся ў іх на службе ў якасці ляснічых, канюшых і г.д.

Пануючы стан саслоўя феадалаў быў замацаваны законам. Так, у першы сістэматызаваны агульнадзяржаўны збор законаў феадальнага права Статут ВКЛ 1529 г., які меў другую (1566 г.) і трэцюю (1588 г.) рэдакцыі, быў уключаны раздзел “Аб вольнасцях шляхецкіх”. Ён замацоўваў за апошнімі ўсе правы і вольнасці, якія яны атрымалі з часоў Ягайлы і Вітаўта.

Роля розных груп феадалаў у палітычным жыцці не заставалася нязменнай. З развіццём палітычных працэсаў адбывалася пэўная эвалюцыя, якая прыводзіла да ўзвышэння новых груп зямельных уласнікаў за кошт страты прэстыжу папярэдніх. А гэта ў сваю чаргу адлюстроўвалася на развіцці палітычных інстытутаў і дзяржаўнага ладу ВКЛ, вызначала яго спецыфіку ў параўнанні з іншымі феадальнымі манархіямі.

Характар дзяржаўнага ладу не заставаўся нязменным. Ён таксама эвалюцыяніраваў пад уплывам барацьбы цэнтрабежных і цэнтраімклівых тэндэнцый. Калі спачатку ўлада вялікага князя ў межах яго дзяржавы (апрача залежных княстваў і абласцей) нічым не абмяжоўвалася і ён з’яўляўся адзінай крыніцай права, то ўжо ў ХV ст. з’явілася яе абмежаванне шляхецкімі прывілеямі, а потым і магнацка-шляхецкімі палітычнымі органамі. І, як ні дзіўна, ВКЛ пачало набываць рысы абмежаванай, канстытуцыйнай манархіі менавіта ў той час, калі былі дасягнуты найбольшыя поспехі ў справе цэнтралізацыі дзяржавы пры вялікім князю Вітаўце. Апошні ў сваёй палітыцы па дзяржаўнай кансалідацыі і барацьбе з буйнамі феадаламі абапіраўся на баярства-шляхту. На працягу ХV – ХVІ стст. ішоў працэс пашырэння яе правоў за кошт астатніх груп пануючага класа. Гэтаму садзейнічалі прывілеі 1413, 1432, 1434 і 1447 гг. Першы з іх забяспечваў не толькі маёмасныя і асабістыя, але і саслоўна-палітычныя правы шляхты. Апошнія ўраўноўвалі шляхту ВКЛ у правах з адпаведных саслоўем у Польшчы, у тым ліку вызвалялі ад падаткаў. Адзнакай шляхецтва стала абавязковая вайсковая служба і ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. Узвышэнню шляхты спрыялі войны, якія сталі амаль бесперапыннымі з канца ХV ст. Да таго ж велікакняжацкая ўлада ў гэты час па-ранейшаму бачыла ў шляхце асноўную сілу ў барацьбе з магнатамі. Выкарыстоўваючы гэта, шляхта дабілася спадчыннага права на зямлю, стала ператвараць яе ў вотчыны. Атрымала яна і прывілеі ў гандлі. Паступова шляхта ўзвысілася палітычна. У канцы ХV – першай палове ХVІ ст. шляхта была ўраўняна ў правах з магнатамі. Усё саслоўе землеўладальнікаў стала называцца шляхтай. Шляхецкае званне стала спадчынным.

Такім чынам, паступова складваўся палітычны лад ВКЛ як феадальнай манархіі, якая мела шэраг асаблівасцей у параўнанні з суседняй Маскоўскай дзяржавай. Скасаванне абласных княжанняў тут не суправаджалася пераносам функцый кіравання імі ў цэнтр, як гэта адбывалася ў Вялікім княстве Маскоўскім. У руках вялікага князя літоўскага не канцэнтравалася шмат штодзённай працы, як у маскоўскага ўладара і яго думы. Таму ў ВКЛ не стваралася амаль ніякіх цэнтралізаваных устаноў. Галоўным кіраўніком княства лічыўся вялікі князь літоўскі. Ён ажыццяўляў вышэйшы суд у дзяржаве, з’яўляўся вярхоўным галоўнакамандуючым, узначальваў знешнепалітычную дзейнасць. З ХІV ст. пры асобе вялікага князя існаваў Савет па аналогіі з маскоўскай думай. Але ў адрозненне ад апошняй, Савет спачатку не быў дзяржаўнай установай. Гэта быў дарадчы орган пры вялікім князю, які ён фарміраваў па сваім меркаванні з ліку карысных і патрэбных людзей. На першым этапе галоўную ролю ў Савеце (Радзе) адыгрывалі князі. Але ў часы Вітаўта ў яе складзе пачалі пераважаць баяры, якія падтрымалі апошняга ў яго барацьбе за ўладу.

Паступова гэты дарадчы орган трансфарміраваўся ў прадстаўнічую ўстанову – Раду паноў. Паны Рады пачалі абмяжоўваць ўладу вялікага князя. Склад Рады не быў жорстка вызначаным. У яе ўваходзілі: вышэйшая свецкая і духоўная знаць (апошняя – толькі каталіцкага веравызнання), вышэйшыя службовыя асобы: канцлер (кіраўнік дзяржаўнай канцылярыі), гетман (камандуючы ўзброенымі сіламі), падскарбі земскі (кіраўнік фінансаў), маршалкі земскі і дворны, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты. Гарадзельскі прывілей 1413 г. абмяжоўваў доступ у Раду праваслаўнай шляхты, але з канца ХV ст. гэта забарона пачала парушацца. У звычайны час Рада складалася з вузкага кола асоб пры вялікім князю.

У другой палове ХV – першай палове ХVІ ст. вялікія князі літоўскія часта выбіраліся каралямі польскімі, што прыводзіла да іх працяглай адсутнасці ў ВКЛ. У час адсутнасці гаспадара Рада цалкам кіравала дзяржавай. А прывілеі 1492 і 1506 гг. увялі заканадаўчае абмежаванне ўлады вялікага князя з боку паноў Рады. З гэтага моманту ўсе законы і распараджэнні агульнага характару вялікі князь павінен быў выдаваць толькі са згоды паноў Рады.

Гаспадар і Рада ў сваёй дзейнасці абапіраліся на сейм ВКЛ, на які запрашаліся прадстаўнікі прывілеяваных саслоўяў. Пачатак рэгулярнага склікання агульнадзяржаўных сеймаў прыпаў на канец ХV ст. У ХVІ ст. за такім з’ездам замацавалася назва “вялікі вальны сойм”. Спачатку на ім маглі прысутнічаць усе жадаючыя шляхцічы, але з 1512 г. было ўведзена абмежаванне – па 2 паслы ад кожнага павета. На сеймах абмяркоўваліся галоўныя пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі, заканадаўчыя акты, устанаўліваліся падаткі, вырашаліся судовыя справы, выбіраліся вялікія князі і зацвярджаліся кандыдаты на важнейшыя дзяржаўныя пасады. Так палітычны лад ВКЛ пачаў набываць рысы парламенцкай манархіі, бо ўлада вялікага князя пачала абмяжоўвацца яшчэ і сеймам. Так, у Статуце ВКЛ 1529 г. ужо гаварылася аб неабходнасці выдаваць прывілеі выключна на вальным сейме. Такім чынам, развіццё канстытуцыяналізму, пачатак якому быў пакладзены ў ХV ст., прымала ўсё больш акрэсленыя абрысы.

У выніку таго, што ў ВКЛ не склалася якіх-небудзь спецыяльных устаноў цэнтральнага кіравання, акцэнт у распарадча-выканаўчых функцыях быў перанесены на месцы. Арганізацыя мясцовага кіравання была дастаткова складанай. У краіне захоўваліся яшчэ некаторыя старадаўнія княствы на чале з князямі, праўда, пазбаўленымі былых прывілеяў. Частка княстваў была ператворана ў ваяводствы на чале з ваяводамі. Больш дробнымі тэрытарыяльнымі адзінкамі былі паветы на чале са старостамі. На месцах быў створаны і дастаткова разгалінаваны адміністрацыйны апарат: кашталяны, гараднічыя, харужыя і г.д. У вёсках выканаўчую ўладу прадстаўлялі цівуны. Прадстаўнічымі органамі мясцовага кіравання ў ваяводствах і паветах з’яўляліся сеймікі, на якіх рашаліся некаторыя пытанні мясцовага кіраванні і выбіраліся паслы-дэпутаты на вальны сейм. Толькі ў выніку рэформ 1565 – 1566 гг. былі прыняты меры па ўпарадкаванню адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Замест розных зямель, княстваў увадзіліся ваяводствы, якія падзяляліся на паветы, а апошнія, у сваю чаргу, – на воласці.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 612; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.034 сек.