Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Якім жа было сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у ХІІ – ХІІІ стст.? 3 страница




Такім чынам, у ХІV – ХVІ стст. у ВКЛ склалася дакладная і акрэсленая сістэма прадстаўнічай манархіі. Прадстаўнічыя ўстановы сур’ёзна абмяжоўвалі ўладу вялікага князя, спрыялі замацаванню федэратыўных асноў дзяржавы. Тым самым ВКЛ сваім палітычным ладам значна адрознівалася ад Маскоўскага княства, дзе к канцу ХV ст. склалася жорстка цэнтралізаваная дзяржава з манапольнай, абсалютнай уладай вялікага князя.

 

§ 4. Асноўныя напрамкі знешняй палітыкі ВКЛ у ХІV – сярэдзіне ХVІ стст.

Знешняя палітыка ВКЛ ХІV – сярэдзіны ХVІ стст. была цесна ўзаемазвязана з палітыкай унутранай і мела тры асноўныя напрамкі: заходні, усходні і паўднёвы.

На заходнім накірунку унія з Польшчай, нягледзячы на складаныя ўнутраныя вынікі, умацавала міжнародныя пазіцыі княства, забяспечыла адносны спакой на яго заходняй мяжы, дазволіла аб’яднаць сілы абедзвюх дзяржаў супраць агульных знешніх ворагаў.

У ХІV – першай палове ХV ст. галоўнымі ворагамі, з якімі ВКЛ даводзілася весці напружаную барацьбу, былі крыжакі. У 1409 г. пачалася так званая “Вялікая вайна” (1409 – 1411 гг.) паміж Польшчай і ВКЛ, з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам, з другога. Менавіта антыкрыжацкі польска-літоўскі саюз дазволіў 15 ліпеня 1410 г. нанесці сакрушальнае паражэнне Тэўтонскаму ордэну ў Грунвальдскай бітве і спыніць крыжацкую экспансію на славянскія землі.

На паўднёвым напрамку княства кантактавала з татарскімі ордамі. У 1362 г. у бітве на р. Сінія Воды (Падолле) вялікі князь Альгерд ушчэнт разбіў татара-мангольскае войска. Пасля гэтай бітвы была вызвалена і далучана да ВКЛ большая частка Украіны (Кіеўшчана, Падолле). Разгром у сіняводскай бітве ўзмацніў цэнтрабежныя тэндэнцыі ў Залатой Ардзе, якая пачала развальвацца.

У 1395 г. чарговы залатаардынскі хан Тахтамыш пацярпеў паражэнне ад сярэднеазіяцкага хана Цімура, які выгнаў свайго саперніка. Вялікі князь Вітаўт, які імкнуўся аб’яднаць пад сваёй уладай усе рускія землі, заключыў з Тахтамышам пагадненне: Вітаўт паабяцаў вярнуць хану яго былы пасад “на Орде”, а Тахтамыш паабяцаў Вітаўту пасадзіць яго на княжанне ў Масковіі, якая з’яўлялася даннікам ардынскіх ханаў. Але гэтыя планы не спраўдзіліся, бо на р. Ворскла 12 жніўня 1399 г. кааліцыйнае войска Вітаўта і Тахтамыша было разгромлена войскамі Цімура.

У ХV ст. Залатая Арда распалася на некалькі ўлусаў: Вялікую, Перакопскую (Крымскае ханства), Казанскую, Астраханскую і Нагайскую орды. У сярэдзіне ХV ст. набегі Вялікай Арды на тэрыторыю ВКЛ практычна спыніліся. З другой паловы ХV ст. ускладніліся адносіны ВКЛ з Крымскім ханствам, якое ў 1480 г. заключыла антылітоўскі саюз з Вялікім княствам Маскоўскім. Штогод адбываліся набегі татар на тэрыторыю сучаснай Украіны. Часам яны даходзілі і далей, да беларускіх зямель. Іх актывізацыя назіралася на мяжы ХV – ХVІ стст., падчас маскоўска-літоўскіх войн. Падлічана, што за перыяд з 1500 г. да 1569 г. крымчакі наведаліся на беларускія землі 45 разоў. Інтэнсіўнасць нападаў некалькі аслабла пасля іх разгрому войскам ВКЛ на чале з князем Міхаілам Глінскім пад Клецкам у жніўні 1506 г. Наступнае буйнае паражэнне крымчакам было нанесена ў 1527 г. у бітве пад Каневам. Пазней іх набегі спыняліся наладжанай сістэма аховы паўднёвых рубяжоў дзяржавы, у т. л. стварэннем атрадаў казакаў на Украіне.

З канца ХV ст. найбольш прыярытэтным напрамкам знешняй палітыкі ВКЛ стаў усходні, на якім разгортваліся падзеі, што склалі асноўны змест канфлікту з Вялікім княствам Маскоўкім. К канцу ХV ст. яно ўзмацнілася і, падбіраючы астатнія рускія землі, у сутык падышло да межаў ВКЛ. Пачала нарастаць канфрантацыя паміж Вільняй і Масквой як двума цэнтрамі аб’яднання старажытнарускіх зямель. Масква прад’яўляла прэтэнзіі не толькі на тыя рускія княствы, якія пакуль яшчэ заставаліся самастойнымі, але і на землі ВКЛ, населеныя праваслаўным, рускім па тагачаснай тэрміналогіі, насельніцтвам. Літоўская ж дыпламатыя імкнулася ўбіць клін у аб’яднаўчыя працэсы ў Маскоўскай дзяржаве і прадтрымлівала апошнія самастойныя княствы Русі. Акрамя таго, пачынаючы з канца ХV ст., маскоўскі вялікі князь Іван ІІІ абвясціў сябе абаронцам інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва ВКЛ, умешваючыся тым самым ва ўнутраныя справы заходняга суседа. Сапраўды праваслаўе ў ВКЛ было не пануючым, а цярпімым веравызнаннем, але цярпімасць гэта была дастаткова шырокай і адкрытага гвалту над праваслаўнымі ў гэты перыяд тут не было. Таму заявы Івана ІІІ пра ўціск на праваслаўных у ВКЛ належыць прызнаць надуманымі, закліканымі апраўдаць агрэсію супраць заходняга суседа.

З 1487 да 1492 г. на памежжы фактычна ішла неаб’яўленая вайна, якая суправаджалася ад’ездамі т. зв. “украінных” князёў на службу ў Маскву. А з 1492 па 1494 г. доўжылася ўжо першая маскоўска-літоўская вайна. У выніку яе да Маскоўскай дзяржавы адышлі Вяземскае княства і землі ў вярхоўях Акі. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Пскоў, Ноўгарад, Цвер. Мірная дамова 1494 г. была замацавана шлюбам вялікага князя Аляксандра з Аленай, дачкой вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. У 1500 г. пачалася чарговая маскоўска-літоўская вайна, якая доўжылася да 1503 г., калі было абвешчана 6-гадовае перамір’е і вызначаны новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышла прыкладна трэцяя частка тэрыторыі ВКЛ з 19 буйнымі гарадамі, у т. л. Гомелем, Бранскам, Чарнігавам, Ноўгарад-Северскім, Старадубам і г.д.

Пры Жыгімонце Старым войны з Маскоўскай дзяржавай аднавіліся. Вайна 1507 – 1508 гг. нікому не прынесла поспеху (ВКЛ вярнула толькі Любеч і пяць смаленскіх валасцей) і скончылася т. зв. “вечным мірам”, які доўжыўся толькі 4 гады. У 1512 г. вайна аднавілася. Яна цягнулася 10 гадоў. У ходзе яе 31 ліпеня 1514 г. быў страчаны Смаленск, а 8 верасня 1514 г. адбыласязнакамітая бітва пад Оршай, у якой гетман ВКЛ князь Канстанцін Астрожскі дашчэнту разбіў больш чым удвая пераважаючае маскоўскае войска. У 1522 г. было падпісана 5-гадовае перамір’е, па ўмовах якога Смаленская зямля засталася за Масквой, шматлікі “маскоўскі палон” – за ВКЛ. Але мір так і не быў падпісаны з-за спрэчак наконт Смаленска. Таму перамір’е было прадоўжана ў 1527 і 1532 гг. У 1534 г. пачалася чарговая вайна, якая доўжылася да 1537 г., калі было падпісана 5-гадовае перамір’е, якое затым працягвалася ў 1542 і 1548 гг. (да 1562 г.). У выніку яе ВКЛ вярнула Гомель, аднак страціла шэраг тэрыторый на поўначы. У сярэдзіне ХVІ ст. ВКЛ сустрэлася з дамаганнямі Івана ІV ужо на сучасныя беларускія і ўкраінскія землі. Гэта сведчыла аб пагрозе існаванню ВКЛ. З 1559 г. ВКЛ аказалася ўцягнутым у чарговы ваенны канфлікт, які меў самыя страшныя наступствы для яго далейшага лёсу.

Такім чынам, у канцы ХV – пачатку ХVІ ст. у знешняй палітыцы ВКЛ адбылася пераарыентацыя і найбольш прыярытэтным напрамкам стаў усходні, дзе разгарнулася барацьба з Вялікім княствам Маскоўскім за так званую “спадчыну Рурыкавічаў”. Барацьба гэта прывяла да значных тэрыторыяльных страт і прымушала ВКЛ шукаць лепшага паразумення са сваім партнёрам па уніі – Польшчай.

 

§ 5. Эканамічнае развіццё беларускіх зямель. Станаўленне фальварачна-паншчыннай гаспадаркі і масавае запрыгоньванне сялян. Беларускі феадальны горад

У феадальную эпоху галоўным сродкам вытворчасці і галоўным багаццем краіны была зямля. Манапольнае права ўласнасці на зямлю належала класу феадалаў. Асноўным прадукцыйным класам, які працаваў на зямлі і вырабляў прадукцыю, было сялянства. Яго права ўласнасці на зямлю абмяжоўвалася адносінамі землекарыстання. Першапачаткова вялікі князь літоўскі лічыўся вярхоўным ўласнікам усёй зямлі. Але з канца ХІV ст. побач з велікакняжацкай стала прызнавацца і прыватная ўласнасць на зямлю: княжацкая, баярская, царкоўная. Разам з тым землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватныя. Аднак да ХVІ ст. (1588 г.) не існавала дакладнага падзелу на асабістыя ўладанні вялікага князя і іншыя дзяржаўныя землі. Прыватныя ж землі падзяляліся на свецкія і царкоўныя маёнткі.

Вышэй ужо казалася пра змены ў становішчы шляхты – асноўнай часткі класа феадалаў. Паступова змяняўся і прававы статус сялян. Яны страчвалі права распараджацца зямлёй і станавіліся землекарыстальнікамі ў феадалаў. Разам з тым сяляне падзяляліся на катэгорыі ў адпаведнасці са сваім маёмасным і падатным становішчам, а таксама ў залежнасці ад той ступені асабістай свабоды, якой яны карысталіся.

Поўнай уласнасцю феадалаў была чэлядзь нявольная”, якая па сутнасці ўяўляла сабой катэгорыю хатніх рабоў. Чэлядзь не вяла сваёй уласнай гаспадаркі і жыла пры дварах феадалаў. Крыніцамі набору яе былі: купля-продаж, шлюб з нявольным чалавекам, нараджэнне ў няволі, пакаранне за злачынства. Акрамя працы на полі, чэлядзь выконвала і іншую працу ў гаспадарцы: апрацоўвала агароды, сады, пасвіла статкі, жанчыны ткалі лён і г.д.

Асноўную частку насельніцтва складалі “цяглыя” сяляне ўсіх найменняў. Яны мелі меншую ступень асабістай залежнасці ад ўладальніка. Акрамя таго, яны карысталіся зямельнымі надзеламі, рознымі па памеры і гаспадарчым складзе. Сялянскія надзелы складаліся звычайна з сядзібнай і агароднай зямлі, поля, сенажаці, часам – бабровых і рыбных ловен.

Для сялянскага землекарыстання была характэрна надзвычайная церазпалосіца ў размеркаванні надзелаў і сядзіб. Уся зямля, як тая, што знаходзілася ў карыстанні асобнай сям’і, ці “дыму”, так і тая, якой карысталіся ўсе жыхары вёскі (лясы, балоты, азёры, рэкі і г.д.), лічылася маёмасцю складаных сялянскіх згуртаванняў – абшчын. Абшчына несла адказнасць за своечасовае выкананне сялянскіх павіннасцей, а пазней стала ўдзельнічаць і ў землеўпарадкаванні сялянства.

За карыстанне зямлёй сяляне былі абавязаны плаціць уласніку пэўную рэнту. Формы рэнты былі розныя і падзяляліся на тры асноўныя віды: адработачную, грашовую і прадуктовую.

Адработачная рэнта была адной з самых распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі, яна назавалася паншчынай. Паншчыну селянін павінен быў адпрацаваць у гаспадарскім маёнтку. Часцей за ўсё гэта былі палявыя работы, на якіх селянін быў двойчы ў тыдзень разам з канём і сваім інвентаром: сякерай, касой, бараной. Цяглыя сяляне адбывалі паншчыну не толькі на полі. Некаторая частка сялян у якасці асноўнай павіннасці абкладалася чыншам. Такія сяляне называліся асаднымі, ці чыншавымі. Чынш уяўляў сабой грашовую форму рэнты.

Разам з паншчынай і чыншам, якія былі асноўнымі павіннасцямі, сяляне выконвалі і дадатковыя: “талокі” – агульныя сязонныя гаспадарчыя работы, “гвалты”, ці “згоны” – агульныя тэрміновыя работы, прывязаныя да пэўных выпадкаў: для рамонту дарог, гацей, для аблавы на звяроў, у выпадку стыхійных бедстваў і г.д.

К канцу ХV ст. адным з асноўных відаў павіннасцей было дзякла – даніна прадуктамі. Яно было мядовым, бабровым, кунічным, збожжавым, піўным, сенным і г.д.

У залежнасці ад ступені асабістай свабоды цяглыя сяляне падзяляліся на “пахожых” і “непахожых”. Спачатку ўсе сяляне мелі права пераходу ад аднаго ўладара да іншага, права сыходу з абшчыны. З развіццём інстытута феадальнага права на зямлю выяўлялася акрэсленая зацікаўленасць феадалаў у яго ліквідацыі.

Прывілей 1447 г. пачаў працэс юрыдычнага абгрунтавання прыгоннага права ў ВКЛ. Ён сцвярджаў, што сяляне, якія пражылі на зямлі феадала 10 год, станавіліся “непахожымі”, старажыхарамі. Адзнакай старажыхарства было і спадчыннае валоданне зямлёй селяніна.

Разам з “непахожымі” ў феадальных маёнтках жылі і сяляне “пахожыя”, ці вольныя.

“Людзі служэбныя”, ці “служкі”, складалі трэцюю, даволі шматлікую катэгорыю насельніцтва. Па сваім эканамічным становішчы яны былі блізкія да цяглавага сялянства. Яны таксама былі землекарыстальнікамі, што сядзелі з сем’ямі на сваіх вотчынах. Але ад сялян яны адрозніваліся сваёй асаблівай службай. Галоўнай іх павіннасцю была вайсковая служба. У мірны час яны раз’язджалі па справах княжацкай і феадальнай адміністрацыі.

У сярэдзіне ХVІ ст. велікакняжацкі двор стаяў перад праблемай павелічэння прыбытковасці гаспадаркі. Частыя войны паставілі вялікага князя літоўскага ў залежнасць ад шляхты, бо толькі з яе згоды зараз можна было ваціраваць надзвычайныя падаткі на ўтрыманне наёмнага войска. Гаспадарскія маёнткі аддаваліся ў заставу пад вялікія грашовыя заклады. Выкупліваць іх удавалася далёка не заўсёды. Гэта прывяло да моцнага скарачэння велікакняжацкага дамену. Таму, каб павысіць прыбытковасць застаўшыхся маёнткаў, Жыгімонт Аўгуст у 1557 г. абвясціў аб правядзенні на дзяржаўных землях рэформы, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Валочная памера”. Уся зямля падзялялася на роўныя надзелы, “валокі”, памерам каля 21,3 га. кожны. Лепшыя ўрадлівыя землі забіраліся пад княжацкія фальваркі, у якіх сяляне адбывалі паншчыну. Кожная сялянская гаспадарка замацоўвалася за часткай валокі. Сяляне гублялі права пераходу да іншага гаспадара і станавіліся прыгоннымі. З валокі вызначалася і сума розных павіннасцей. Яны былі рознымі для цяглых і асадных сялян. Так, цяглыя сяляне павінны былі за кожную валоку працаваць па 2 дні ў тыдзень у фальварку, а таксама плаціць натуральны аброк аўсом, сенам, хатняй птушкай, уносіць невялікі грашовы чынш і выконваць працоўную павіннасць у княжацкіх замках. Асадныя (чыншавыя) сяляне павінны былі плаціць чынш ад 66 да 106 грошаў у год. Пасля дзяржаўных маёнткаў “Валочная памера” была праведзена і ў маёнтках феадалаў. К канцу ХVІ ст. яна ўжо скончылася ў заходніх і цэнтральных абласцях Беларусі, некалькі пазней – ва ўсходніх і паўднёвых.

Зараз уся зямля, маёмасць сялян і самі сяляне сталі ўласнасцю феадала ці дзяржавы ў залежнасці ад таго, на чыёй зямлі яны сядзелі. Прынятыя ў хуткім часе Статуты ВКЛ 1566 і 1588 гг. устанавілі спачатку 10-, а потым 20-гадовы тэрмін вышуку беглых сялян і вяртання іх гаспадарам. Гэта азначала канчатковае юрыдычнае афармленне прыгоннага права на Беларусі і ва ўсім ВКЛ.

У ХІV – ХVІ стст. назіраўся значны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гарады былі цэнтрамі рамяства і гандлю. Па памерах яны адрозніваліся, большая частка з іх былі невялікія. Гэта былі паселішчы з некалькіх вуліц з 200 – 300 дварамі. Найбольш буйнымі гарадамі на тэрыторыі Беларусі ў гэты час былі Вільня, Полацк, Магілёў, Віцебск, Мінск, Брэст, Гародня, Слуцк, Новагародак. Павялічваліся і паселішчы гарадскога тыпу – мястэчкі. Гарады і мястэчкі ўзнікалі як на дзяржаўных, так і на прыватнаўласніцкіх землях. Мястэчкі ў асноўным належалі феадалам. Каля 40% усіх гарадоў таксама былі прыватнаўласніцкімі. Гарады, што належалі феадалам, былі адміністрацыйнымі, гаспадарчымі і культурнымі цэнтрамі іх зямель. Жыхары гэтых гарадоў неслі феадальныя павіннасці на карысць свайго гаспадара.

Разам з прыватнаўласніцкімі былі і дзяржаўныя, ці велікакняжацкія гарады. Іх насельніцтва лічылася асабіста вольным. Аднак у ХVІ ст. у гэтых гарадах з’явіліся ўладанні свецкіх і духоўных феадалаў разам з залежным ад іх насельніцтвам. Прыватныя ўладанні ў велікакняжацкіх гарадах атрымалі назву “юрыдык”. Яны складалі адасобленую частку горада і не падпарадкоўваліся ўладзе гарадскога самакіравання. Да другой паловы ХVІ ст. магдэбургскае права атрымалі амаль усе буйнейшыя гарады Беларусі.

Гарадское самакіраванне мела свае асаблівасці. Галоўным органам адміністрацыйнага кіравання горада быў магістрат. Ён складаўся з Рады (выбарнага органа кіравання) і лавы (суда). На чале Рады стаяў войт, як правіла, прызначаны вялім князем. Члены Рады – райцы – выбіраліся з ліку заможных гараджан. Радзе належалі не толькі функцыі кіраванні жыццём горада, але і суда. Але ж судовыя функцыі яна выконвала толькі па маёмасных і грамадзянскіх справах. Крымінальныя справы разбіраліся лавай. Члены лавы – лаўнікі – выбіраліся гараджанамі. Месцам знаходжання Рады ў гарадах былі адмыслова пабудаваныя для гэтай мэты будынкі – ратушы.

Насельніцтва гарадоў фарміравалася за кошт беглых сялян, з рамеснікаў, пераселеных феадаламі ў горад, а таксама за кошт натуральнага прыросту. Сярод жыхароў гарадоў большасць (каля 80%) складалі беларусы. Акрамя таго тут жылі рускія, украінцы, літоўцы, палякі, яўрэі, немцы, татары. Большую частку насельніцтва складалі рамеснікі і гандляры. Жыхары гарадоў і мястэчак называліся мяшчанамі.

Рамеснікі адной спецыяльнасці былі аб’яднаныя ў цэхі. Яны ствараліся з мэтай абароны грамадскіх, палітычных і маёмасных правоў рамеснікаў. Гэта былі своеасаблівыя манапалізаваныя структуры, якія дапамагалі сваім стваральнікам пазбегнуць канкурэнцыі, а таксама засцерагчы мясцовы гарадскі рынак ад вырабаў іншагародніх і іншаземных рамеснікаў. У час ваенных дзеянняў цэхі пераўтвараліся ў вайсковыя атрады.

У ХІV – ХVІ стст. развіваўся ўнутраны і знешні гандаль на беларускіх землях. Таргі і кірмашы сталі атрыбутам гаспадарчай дзейнасці гарадоў і мястэчак. Таргі, як правіла, наладжваліся 1 – 2 разы на тыдзень. Кірмашы існавалі толькі ў буйных гарадах і ладзіліся раз у год. На знешні рынак Беларусь пастаўляла жыта, сала, лес, паташ, футра, скуры, вырабы рамеснікаў. Імпартавалася жалеза, медзь, волава, свінец, металічныя вырабы, фламандскае і англійскае сукно, галандскае палатно, віно, соль, селядцы, прадметы раскошы.

Такімі былі асноўныя асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў ХІV – ХVІ стст. Мацнела феадальная залежнасць сялян ад феадалаў. Ішоў працэс іх асабістага запрыгоньвання. Цэнтрамі культурнага жыцця, развіцця рамёстваў і гандлю станавіліся гарады. Узрастала іх роля ў эканоміцы Беларусі.

§ 6. Фарміраванне беларускай народнасці

Народнасць – форма моўнай, тэрытарыяльнай, эканамічнай і культурнай супольнасці людзей, якая ўтвараецца гістарычна ў выніку кансалідацыі, зліцця плямён і папярэднічае ўтварэнню нацыі. Яна ўласціва рабаўладальніцкаму і феадальнаму ладу. Асноўнымі прыкметамі народнасці з’яўляюцца: адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Працэс фарміравання беларускай народнасці заняў дастаткова працяглы перыяд і адбываўся пад уздзеяннем геаграфічна-кліматычных, сацыяльна-эканамічных, палітычных, царкоўна-рэлігійных фактараў, а таксама агульнаеўрапейскіх этнічных тэндэнцый.

Вядома, што на мяжы ІІІ – ІІ тыс. да н.э. сучасную тэрыторыю Беларусі засялялі плямёны фіна-уграў, якіх з пачаткам веку металаў змянілі балты. У час “Вялікага перасялення народаў” сюды з поўдня і захаду прыйшлі славяне, якія на працягу V – VІІІ стст. здолелі асіміляваць мясцовае балцкае насельніцтва і ўтварыць новыя раннефеадальныя этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. У далейшым у перыяд існавання старажытнабеларускіх княстваў адбывалася актыўнае ўзаемадзеянне гэтых супольнасцей, што было выклікана дзяржаўна-палітычнай і канфесійнай інтэграцыяй у межах Кіеўскай Русі. Менавіта ў гэты перыяд завяршылася складванне тыповых для славян рыс культуры, мовы і самасвядомасці. Разам з тым прысутнасць у рэгіёне моцных цэнтрабежных тэндэнцый абумовіла адасабленне гэтых тэрыторый. Таму з сярэдзіны ХІІІ ст. і актывізаваўся працэс складвання беларускай народнасці.

Стымулюючым фактарам паскарэння кансалідацыі беларускага этнасу было ўтварэнне ВКЛ, у межах якога былі створаны неабходныя палітычныя ўмовы ўтварэння беларускай народнасці. У межах ВКЛ была створана адзіная сістэма дзяржаўнага кіравання, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складванні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі ў краіне, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.

Аднак палітычнае аб’яднанне не знішчыла цалкам лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Наяўнасць жа ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ як аб’яднальных, так і сепаратысцкіх тэндэнцый ускладняла працэс фарміравання беларускай народнасці.

Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў стала далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства. Узрастала роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель. Паступова ў ВКЛ усталявалася адзіная грашовая сістэма, ішоў працэс усталявання гандлёва-вымяральных стандартаў. Развіццё таварна-грашовых адносін і ўнутраных гаспадарчых сувязей садзейнічала інтэнсіфікацыі інтэграцыйных этнічных працэсаў у межах дзяржавы. Аднак працэсы гэтыя на ўзроўні дзяржавы стрымліваліся існаваннем склаўшыхся рэгіянальных, лакальных рынкаў.

Што датычыць сацыяльных фактараў, то далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае ўсталяванне прыгоннага права садзейнічалі кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Сфарміраваліся чатыры асноўных саслоўі: шляхта, духавенства, мешчанства і сялянства. Гэты працэс садзейнічаў усталяванню больш шырокіх сувязей у межах кожнага саслоўя і паміж імі.

Пэўную этнакансалідуючую ролю адыгрываў канфесійны фактар. Канфесійныя антаганізмы актывізавалі складанне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Прыкмета веры станавілася своеасаблівай прыкметай народа, а барацьба за веру з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.

Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет, як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Тут адбыліся значныя змены ў мове ўсходнеславянскага насельніцтва. На працягу ХІV – ХV стст. у ёй развіваліся такія спецыфічныя рысы беларускай гаворкі, як цвёрдае “р”, “дзеканне” і “цеканне”, “аканне” і “яканне”, прыстаўныя гукі на пачатку слова. Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. Матэрыяльная і духоўная культура беларускага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну са старажытнарускага часу. Другой яе складовай часткай былі новаўводзіны, якія закранулі сямейны і абшчынны побыт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя ў суседніх народаў.

У ХV – ХVІ стст. на тэрыторыі Беларусі з’явіўся шэраг новых тыпаў пасяленняў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка вёсак ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі. Гэтаму спрыяла правядзенне аграрнай рэформы 1557 г., калі ў гэтых раёнах было ўведзена падворнае землекарыстанне і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзін рад. У Паўночнай і Усходняй Беларусі ўсталяваўся пераважна вяночны тып двара з размяшчэннем пабудоў па перыметры.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі склаўся цэлы комплекс сельскагаспадарчых прылад працы (літоўская саха, драўляная частаплеценая барана, матыка, серп, цэп і інш.), дапаможных гаспадарчых пабудоў, ветраных і вадзяных млыноў.

У гэты час зацвердзіліся характэрныя для нашай тэрыторыі строі народнага адзення. На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчатай ці паласатай тканіны, стракатыя безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі.

У ХV – ХVІ стст. склалася і своеасаблівая духоўная культура новага этнасу. Былі выпрацаваны асноўныя віды і жанры беларускага фальклору: чарадзейныя казкі, абрадавая паэзія, песні (хрэсьбінныя, калыханкі, хаўтурныя, песні-плачы, валачобныя, вясельныя, жніўныя, жартоўныя). Узнік і новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні. Жыццёвы і гаспадарчы вопыт народа знайшоў свай ўвасабленне ў шматлікіх прыказках, прымаўках і загадках.

Першымі тэатральнымі відовішчамі былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохоў. Паступова ў карагодзе зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнік таксама народны лялечны тэатр – батлейка. У ХVІ ст. з’явіліся і новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, дудка.

Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць. У ВКЛ жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў. Значны час насельніцтва беларускай тэрыторыі ВКЛ называла сябе рускім і сваю мову рускай. Гэта ў значнай ступені было абумоўлена тым, што насельніцтва гэтых зямель у пераважнай большасці прытрымлівалася праваслаўя, або рускай веры. У выніку склалася так, што самасвядомасць і саманазва ў беларусаў фарміравалася пазней за іншыя этнічныя прыкметы. Але трэба адзначыць, што “рускае” насельніцтва ВКЛ ужо ў той час адрознівала сябе ад жыхароў Маскоўскай дзяржавы.

Такім чынам, у ХV – ХVІ стст. завяршыўся працэс фарміравання беларускага этнасу пад уздзеяннем розных этнаўтвараючых фактараў.

 

§ 7. Культура Беларусі ў другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ стст.

Беларусь у складзе ВКЛ уяўляла сабой рэгіён, адкрыты для знешняга культурнага ўздзеяння. Аднак адной з асноўных крыніц фарміравання самабытнай беларускай культуры быў фальклор, які служыў сродкам захавання нацыянальных традыцый і адыграў вырашальную ролю ў станаўленні беларускай мовы. Гістарычны шлях развіцця культуры Беларусі ішоў праз засваенне і развіццё каштоўнага народнага мастацкага вопыту.

Беларуская культура мела ў асноўных рысах сярэдневяковы характар, развівалася на феадальна-прыгоннай аснове. Культурныя здабыткі з’яўляліся прывілеяй вышэйшых саслоўяў. Значны ўклад у развіццё асветы, грамадска-палітычнай думкі, літаратуры, дойлідства, жывапісу, музыкі ўнесла царква. Калі праваслаўная царква з’яўлялася носьбітам візантыйска-старажытнарускіх традыцый, то каталіцкая прыўносіла элементы польскай і пераважна заходнееўрапейскай культуры. Геапалітычнае становішча Беларусі абумовіла яе ролю культурнага пасрэдніка паміж праваслаўным Усходам і каталіцкім Захадам. Гэта вяло да ўзаемаўзбагачэння розных культур здабыткамі іншых культурных асяродкаў.

Развіццё старабеларускай мовы, літаратуры, летапісання. У другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ стст. паралельна з працэсам стварэння беларускай арыгінальнай літаратуры ішло развіццё старабеларускай літаратурнай мовы, якая замацоўвала характэрныя асаблівасці гаворкі насельніцтва Беларусі.

Пісьмовыя помнікі з беларускамоўнай асновай умоўна можна падзяліць на тры групы: юрыдычна-дзелавыя, свецка-мастацкія і канфесійныя. З часоў Старажытнай Русі на беларускіх землях захавалася сістэма пісьмовага двухмоўя, калі старажытная славянская літаратурная мова задавальняла духоўныя інтарэсы і дзелавыя патрэбы насельніцтва, а царкоўнаславянская выкарыстоўвалася ў набажэнстве і рэлігійнай літаратуры. Паступова царкоўнаславянская мова страчвала на Беларусі свае пазіцыі. З’явілася так званая беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы. Аб гэтым сведчыць мова такіх твораў канфесійнай літаратуры ХV ст. як “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, “Пакуты Хрыста” і інш.

Найбольш адчувальна на гаворку народа рэагавала юрыдычна-дзелавая пісьменнасць. Асноўнымі цэнтармі яе былі дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія і магістрацкія канцылярыі. Велікакняжацкая канцылярыя мела свой архіў, які называўся “Метрыкай Вялікага княства Літоўскага”. Большасць актаў і грамат ВКЛ у ХІV – ХVІ стст. былі напісаны кірыліцай на старабеларускай мове. Старабеларуская мова – афіцыйная мова дзяржаўных дакументаў і заканадаўства – канчаткова сфарміравалася ў ХVІ ст.

Прамежкавае становішча паміж юрыдычна-дзелавой пісьменнасцю і канфесійнай займала мова свецкіх мастацка-літаратурных твораў. У ХІІІ – ХVІ стст. на Беларусі па-ранейшаму была шырока распаўсюджана царкоўна-рэлігійная літаратура: кнігі Бібліі, жыціі святых, апокрыфы. Творы былі перакладныя ці арыгінальныя. Сярод свецкіх літаратурных твораў асаблівай папулярнасцю карысталіся такія перакладныя рэчы, як “Александрыя”, “Троя”, “Трыстан і Ізольда” і г.д.

З усіх жанраў беларускай літаратуры перыяду яе станаўлення найбольш дынамічна развіваліся летапісы – гістарычна-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах.

Беларуска-літоўскія летапісы падзяляюцца на 4 групы: “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.”, “Хроніка Вялікага княства Літоўскга і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”.

“Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” – адзін з першых твораў уласнабеларускай гістарычна-дакументальнай літаратуры. Ён быў напісаны невядомым аўтарам каля 1430 г. у Смаленску ў форме суцэльнага апавядання без выкарыстання дат. Тут выкладаецца гісторыя ВКЛ з 1341 г. (ад смерці Гедыміна) да канца ХІV ст. Асноўную ўвагу храніст надаў апісанню барацьбы за ўладу паміж Кейстутам і Ягайлам, шмат расказваў пра дзейнасць Вітаўта. Галоўная ідэя “Летапісца …” – абгрунтаванне цэнтралізатарскай палітыкі літоўскіх вялікіх князёў.

“Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.” – помнік першага беларускага летапіснага звода. Храналагічна ён ахоплівае перыяд ад сярэдзіны ХІ ст. да 1446 г. У ім змешчаны як рускія летапісы, так і творы мясцовага паходжання: “Смаленская хроніка”, “Пахвала Вітаўту”, “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”.

У пачатку ХVІ ст адбыліся некаторыя змены ў летапісным жанры: аўтары сваю ўвагу амаль цалкам сканцэнтравалі на гісторыі ВКЛ. У 20-я гг. ХVІ ст. была сворана “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, дзе выкладалася гісторыя ВКЛ ад легендарнага князя Палемона да Гедыміна. У гэтым творы, напісаным у жанры гістарычнай аповесці, сцвярджалася паходжанне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў.

“Хроніка Быхаўца” – яшчэ адзін найбольш поўны агульнадзяржаўны летапісны звод. Сваю назву яна атрымала ад прозвішча пана А. Быхаўца, якому належаў адзіны вядомы рукапісны экземпляр. “Хроніка” апісвае падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў да пачатку ХVІ ст. У ім упершыню была створана найбольш поўная сістэматызаваная палітычная гісторыя ВКЛ на працягу значнага прамежку часу. Цэнтральная тэма твора – ваенна-патрыятычная. Храніст шмат увагі надаў апісанню паходаў і бітваў, ратных подзвігаў суайчыннікаў.

У другой палове ХVІ ст. летапісы пачалі паволі адміраць, саступаючы месца іншым гістарычным творам.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 662; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.012 сек.