Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. 1 страница




На працэс станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва значна паўплывалі старажытнарускія традыцыі, а таксама лепшыя дасягненні архітэктуры і мастацтва заходнееўрапейскіх краін. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі набыла готыка – мастацкі стыль, запазычаны з Заходняй Еўропы. Найбольш тыповыя гатычныя пабудовы вылучаліся вялікай вышынёй, стромкім сілуэтам і вертыкальнымі лініямі, вузкімі стрэльчатымі парталамі і вокнамі з каляровымі вітражамі, высокімі вежамі.

Готыка на Беларусі была прадстаўлена шматлікімі абарончымі збудаваннямі – замкамі, якія адначасова з’яўляліся адміністрацыйнымі, палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі. Мураваныя замкі пачалі будавацца ў першай палове ХІV ст. Узнікла абарончая сістэма замкаў у Лідзе, Новагародку, Крэве, Вільні і Троках.

Абарончая сістэма складалася з замкаў розных тыпаў. Адны з іх будаваліся на ўзвышшах, другія размяшчаліся ў нізіннай балоцістай мясцовасці на штучным насыпе. Гэта быў новы тып замкаў – кастэлі. Да тыпу кастэляў належалі, напрыклад, Лідскі замак, пабудаваны ў 30-я гг. ХІV ст., замак у Крэве, які спалучаў рысы абарончага збудавання і велікакняжацкай рэзідэнцыі.

Акрамя будаўніцтва кастэляў, перабудоўваліся і старыя драўляныя замкі. Да іх адносіўся і Новагародскі замак, які існаваў у Х – ХVІІ стст. Ён пэўны час з’яўляўся рэзідэнцыяй вялікіх князёў лістоўскіх, шмат разоў перабудоўваўся.

У пачатку ХVІ ст. з’явіўся Мірскі замак, пабудаваны магнацкім родам Ільінічаў па тыпу кастэляў. Аднак у першых гаспадароў замка не хапіла грошай на яго дабудову, а пазней гэты род вымер. У 1568 г. замак перайшоў да Радзівілаў, якія і завяршылі замак у стылі рэнесанса.

Разам з замкамі другім пануючым архітэктурна-кампазіцыйным цэнтрам гарадскіх пасяленняў былі гандлёвыя плошчы, дзе размяшчаліся будынкі магістратаў, купецкія лаўкі, крамы.

Значнае месца ў архітэктуры азначанага перыяду займала культавае дойлідства. У сувязі з пашырэннем каталіцызму на ўсёй тэрыторыі Беларусі пачалося будаўніцтва касцёлаў. У гатычным стылі быў пабудаваны Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь (Баранавіцкі раён), захаваўшыяся да нашых дзён касцёлы ў вёсцы Усялюб (Навагрудскі раён) і ў Іўі. У культувай архітэктуры канца ХV – першай паловы ХVІ ст. з’яўляецца новы тып пабудоў – інкастэляваныя храмы, прыстасаваныя да абароны. На Беларусі да нашых дзён захаваўся шэраг абарончых храмаў: Сынкавіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўскай (Маламажэйкаўская) царква, Барысаглебская царква ў Новагародку, Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі.

У выяўленчым мастацтве Беларусі другой паловы ХІІІ – першай паловы ХVІ стст. вылучаюцца іканапіс, фрэскі, кніжная мініяцюра, гравюра, арнамент, драўляная разьбяная скульптура.

Творы манументальнага жывапісу гэтага перыяду амаль не захаваліся (дайшлі толькі фрагменты фрэсак).

Найбольш актыўна развіваўся іканапіс. Абразы захоўвалі традыцыі старажытнарускага і візантыйскага мастацтва, напрыклад, абразы “Маці боская Замілаванне” (канец ХІV – пачатак ХV ст.), “Маці боская Ерусалімская” (першая палова ХV ст.), “Маці боская Смаленская” (мяжа ХV – ХVІ стст.) і інш. З пачаткам ХVІ ст. пад уплывам рэнесансавых павеваў у абразах персанажы пачалі надзяляцца індывідыальнымі рысамі, у сюжэце з’яўляюцца элементы пабытовага, этнаграфічнага характару (абраз “Пакланенне вешчуноў” (каля 1514 г.) з в. Дрысвяты і г.д.).

З распаўсюджаннем ідэй Адраджэння звязана і развіццё свецкага жывапісу, пераважна партрэтнага па жанры. Захаваліся выявы партрэта Ягайлы ў касцёле ў Сандаміры. У Трокскім замку знаходзіцца шэраг фрэсак, прысвечаных Вітаўту. У ХV ст. партрэт ужо перастае належаць да твораў манументальнага жывапісу і паступова набывае самастойнае значэнне. Шырокае распаўсюджанне партрэта прыходзіцца на ХVІ ст. Тады сярод вярхоў грамадства з’яўляецца мода на зборы карцін і ствараюцца цэлыя партрэтныя галерэі (Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў і інш.).

У рамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на Беларусі ў другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ ст. развівалася размалёўка па дрэву, чаканка па металу, выраб керамікі. Беларускія майстры добра ведалі тэхналогію металаапрацоўкі, выраблялі металічныя ўпрыгожванні і посуд. Развівалася касцярэзная вытворчасць. Беларускія рамеснікі таксама стваралі розныя рэчы з каменю: надмагільныя крыжы і бюсты, статуі, рэльефы.

Разнавіднасцю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з’яўлялася кафлярства. У пачатку ХVІ ст. беларускія кафляры авалодалі тэхнікай стварэння шматколернай паліхромнай кафлі.

Побач з іншымі відамі выяўленчага мастацтва на Беларусі развівалася скульптура. Скульптурныя творы ўпрыгожвалі каталіцкія манастыры, касцёлы, палацы феадалаў.

Такім чынам, другая палова ХІІІ – першая палова ХVІ стст. – яркі і самабытны перыяд у развіцці беларускай культуры, час росту палітычнай і патрыятычнай свядомасці беларусаў, сінтэзу рэнесансава-гуманістычных павеваў і сярэдневяковых рэлігійных традыцый ў духоўным жыцці, пашырэння культурных сувязей паміж беларускім і іншымі народамі.


РАЗДЗЕЛ III. БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ: ПАЧАТАК НОВАГА ЧАСУ У АЙЧЫННАЙ ГІСТОРЫІ (1569 – 1795 гг.)

§ 1. Люблінская унія. Утварэнне Рэчы Паспалітай

З моманту заключэння Крэўскай уніі 1385 г. польскі бок пачаў рабіць захады па ператварэнню яе з дынастычнай і персанальнай у рэальную. І вось у сярэдзіне XVI ст. склаліся тры групы прычын, якія прывялі да заключэння рэальнай уніі: знешнепалітычныя, унутрыпалітычныя, дынастычныя. Спрыяльныя знешнія абставіны складаў няўдалы пачатак Лівонскай вайны 1558 – 1582 гг., які прывёў да чарговых тэрытарыяльных страт (у 1563 г. быў страчаны Полацк), паставіў дзяржаву на мяжу магчымага і выцягнуў са скарбу ўсе сродкі. Тэрмінова патрабаваўся саюзнік. І ў першую чаргу погляд быў звернуты на захад, бо ВКЛ мела значны вопыт сумеснага існавання з Польшчай. Да таго ж Польшча сама імкнулася да уніі з ВКЛ. Важнейшай перадумовай з’яўляўся востры ўнутрыпалітычны крызіс у ВКЛ у 60-я гг. ХVІ ст. Ён быў выкліканы адкрытым супрацьстаяннем паміж магнатамі і шляхтай. Магнаты сканцэнтравалі ў сваіх руках амаль неабмежаваную ўладу і непадзельна панавалі ў сойме. Шляхта імкнулася да ліквідацыі адзінаўладдзя буйных феадалаў. У гэтым сэнсе для яе асабліва прывабным быў прыклад суседняй Польшчы з больш значнымі, чым у ВКЛ, шляхецкімі вольнасцямі. Дынастычную прычыну складала боязь за спыненне асабістай уніі, якая злучала дзве краіны, пасля смерці апошняга з дынастыі Ягелонаў Жыгімонта Аўгуста.

Чарговая спроба заключыць унію прызначалася на сейм у Любліне, які пачаўся 10 студзеня 1569 г. і працягваўся амаль 6 месяцаў. Падчас абмеркавання праблемы кожны з бакоў адстойваў свой праект дамовы, які не прымаўся апанентам. Палякі выстаўлялі розныя ўмовы, аж да ліквідацыі дзяржаўнасці ВКЛ. Ліцвінскія ж паслы жадалі захаваць сувязі з Польшчай у форме ваенна-палітычнага саюза, і не страціць самастойнасць і незалежнасць свайго гаспадарства. Ніхто не саступаў. Калі паслы ВКЛ убачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння уніі на непрымальных для іх умовах, яны 1 сакавіка 1569 г. пакінулі Люблін. Тады польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы. Скарыстаўшы цяжкае знешнепалітычнае становішча ВКЛ, польскія феадалы дабіліся ад Жыгімонта Аўгуста выдання ўказаў аб далучэнні да каралеўства Польскага Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. На працягу сакавіка – чэрвеня 1569 г. гэтыя землі былі ўключаны ў склад Польшчы, што аслабіла і без таго падарваную Лівонскай вайной эканоміку ВКЛ. Яго тэрыторыя звузілася ў асноўным да літоўскіх і беларускіх зямель. Прычым на значнай частцы апошніх гаспадарыла маскоўскае войска. У такіх умовах ліцвінскія прадстаўнікі вымушаны былі зноў сесці за стол перамоў.

1 ліпеня 1569 г. быў падпісаны акт Люблінскай уніі. Згодна з ёй, ВКЛ і Польшча злучаліся ў адзін дзяржаўны арганізм – Рэч Паспалітую на чале з адным выбарным гаспадаром. Абранне павінна было адбывацца ў Варшаве, а каранацыя – у Кракаве. Абранне вялікага князя літоўскага спынялася, хаця тытул “вялікі князь літоўскі і рускі” і назва “Вялікае княства Літоўскае” захоўваліся. Спадчыннае права на княства перадавалася Польшчы. Асобныя сеймы для ВКЛ і Польшчы скасоўваліся. Агульныя сеймы павінны былі склікацца толькі ў Польшчы. Пастановы, супрацьлеглыя уніі, скасоўваліся, ліквідавалася мытня паміж краінамі. Унія абвясціла ўвядзенне адзінай манеты, дазвол усім жыхарам дзяржавы набываць маёнткі, зямлю ў любой частцы Рэчы Паспалітай. Павінна была стаць агульнай знешняя палітыка. Такім чынам, вынікам Люблінскай уніі была інкарпарацыя княства ў Польскае каралеўства.

§ 2. Грамадска-палітычны лад Рэчы Паспалітай. Дзяржаўна-прававое становішча Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай

Рэч Паспалітая была канстытуцыйнай, саслоўнай манархіяй, на чале з выбарным каралем. Заканадаўчым органам у ёй быў двухпалатны агульны (вальны) сейм, які складаўся з сената (рады) і пасольскай ізбы. У сенат уваходзілі найбольш знатныя феадалы ў колькасці каля 150 чалавек. Ніжэйшай палатай сейма была пасольская ізба, якая складалася з дэпутатаў ад шляхецкіх павятовых сеймікаў. Яны склікаліся за шэсць тыдняў да агульнадзяржаўнага сейма і не толькі выбіралі паслоў на апошні, але і выпрацоўвалі інструкцыі, якія паслы павінны былі праводзіць на вальным сейме. Колькасць дэпутатаў пасольскай ізбы перавышала 200 чалавек.

Вальныя (агульныя) сеймы разглядалі і прымалі пастановы на асобных пасяджэннях сената і пасольскай ізбы. На агульных пасяджэннях у выпадку супадзення пастаноў яны прымаліся і пасля зацвярджэння каралём набывалі сілу закона. Пастановы прымаліся аднагалосна. Група дэпутатаў альбо адзін дэпутат мог сказаць “не дазваляю” і пастанова прыпынялася. Гэта права liberum veto (свабоднае вета) разглядалася як адна з важнейшых “залатых шляхецкіх вольнасцей”.

На чале выканаўчай улады стаяў кароль, пры абранні якога таксама захоўвалася права вета. Кароль узначальваў сенат, “паспалітае рушанне”, склікаў сеймы, прызначаў на вышэйшыя ўрадавыя пасады. Улада караля была абмежавана “залатымі шляхецкімі вольнасцямі”. З кожным прэтэндэнтам на трон заключаўся Pacta conventa – дагавор, згодна з якім кароль ускладаў на сябе шэраг абавязкаў па вырашэнні некаторых унутраных і знешніх праблем. У 1573 г., у час абрання Генрыха Валуа, былі распрацаваны “Генрыхавы артыкулы”, згодна з якімі кароль траціў права без згоды сейма ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны, склікаць агульнае апалчэнне, абавязваўся мець пры сабе пастаянную раду з 16 сенатараў, якая ажыццяўляла фактычнае кіраўніцтва дзяржавай. і г.д. Калі кароль дзейнічаў насуперак праву і сваім абавязкам, то шляхта мела права склікаць канфедэрацыі (саюзы ўзброенай шляхты) і пачаць рокаш – узброенае паўстанне супраць караля. Свабоднае вета і канфедэрацыі былі легальнай формай феадальнай анархіі.

У часы бескаралеўя існавала асобая пасада інтэррэкса, якую звычайна займаў прымас польскай каталіцкай царквы. Ён склікаў сеймы для абрання новага караля: канвакацыйны, элекцыйны і каранацыйны.

Рэч Паспалітая з’яўлялася феадальна-прыгонніцкай дзяржавай. Пануючым класам былі землеўладальнікі: магнаты (паны), сярэдняя і дробная шляхта.

Толькі паны і шляхта мелі права валодаць зямлёй. Шляхціца мог судзіць толькі шляхецкі суд. Шляхта была свабодная ад пабораў. Адзінай павіннасцю яе з’яўлялася вайсковая служба.

У склад пануючага класа ўваходзіла і духавенства, якое валодала велізарнай зямельнай маёмасцю. Духавенства збірала дзесяціну з каралеўскіх і шляхецкіх маёнткаў. Прадстаўнікі вышэйшага кліру ўваходзілі ў склад сената.

Польская праграма Люблінскай уніі мела на мэце стварэнне унітарнай дзяржавы і ў ёй ВКЛ адводзілася роля польскай правінцыяльнай ускраіны. Аднак дасягнуць гэтага ў поўнай меры так і не ўдалося, бо ў Люблінскім акце былі закладзены супярэчнасці, якія дапускалі магчымасць будавання як унітарнай, так і федэратыўнай ці канфедэратыўнай дзяржавы. Так і пасля Люблінскай уніі ВКЛ мела сваё войска, асобнае ад Польшчы заканадаўства і судовую арганізацыю, захоўвала стары адміністрацыйны апарат і сваю пячатку. Польшча і ВКЛ захоўвалі самастойныя назвы і да канца ХVІІ ст. мелі розныя дзяржаўныя мовы. У ХVІ – першай палове ХVІІ ст. грошы ў Кароне і Княстве таксама былі асобныя.

Але ўсё ж у складзе новай дзяржавы ВКЛ адыгрывала залежную ролю. Польшча, якая падчас падпісання Люблінскай уніі знаходзілася ў больш выгадным палітычным і эканамічным становішчы і таму валодала ўнутрыпалітычнай ініцыятывай у Рэчы Паспалітай, магла ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў адносінах да насельніцтва ВКЛ.

Такая сітуацыя стала магчымай яшчэ і таму, што сейм у ВКЛ юрыдычна спыніў сваю дзейнасць, а са 180 дэпутатаў у агульным сейме Рэчы Паспалітай ад ВКЛ прысутнічала толькі 46 (у т. л. 34 з беларускіх паветаў). Пры існаваўшай сістэме адзінагалоснага прыняцця рашэнняў, такі склад сойма істотнага значэння пры вырашэнні пытанняў не меў. Аднак усё ж уплыў ліцвінскага боку ў ім быў нязначным. Гэта дазволіла кіруючым колам Польшчы ажыццяўляць у адносінах Вялікага княства на толькі палітычную, але і эканамічную дыскрымінацыю.

Усё гэта выклікала ў большай часткі феадалаў ВКЛ антыпольскія настроі. Мэтай утвараўшагася антыпольскага фронта была змена дзяржаўна-прававога становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. Спачатку, каб разарваць унію, літоўскі бок паспрабаваў заручыцца падтрымкай пляменніка Жыгімонта Аўгуста Яна Зыгмунта Запольі, былога венгерскага караля. Але той памёр у 1571 г. і план не здзейсніўся. Выбары новага караля пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ў 1572 г. давалі магчымасць ліцвінскім магнатам паўплываць на вырашэнне пытання аб сваёй незалежнасці і яны актыўна ўключыліся ў кампанію.

Першае бескаралеўе было выкарыстана для склікання галоўнага (генеральнага) з’езда ВКЛ, прататыпа вальнага сейма ВКЛ, што супярэчыла ўмовам Люблінскай уніі. На ім ўхвалілі інструкцыю для ліцвінскай дэлегацыі на канвакацыйны сейм у Варшаве. Абранне каралём Генрыха Валуа было выкарыстана ліцвінскім бокам для зацвярджэння за сабой права існавання генеральнага сейміка ВКЛ, які склікаўся напярэдадні вальнага сейма Рэчы Паспалітай. Аднак канчаткова юрыдычнае афармленне існавання генеральнага сейміка адбылося ў 1576 г. пры абранні каралём Стэфана Баторыя. З цягам часу генеральны сеймік пачаў набываць рысы заканадаўчага органа ВКЛ. Адраджэнню яго заканадаўчай кампетэнцыі спрыялі наступныя абставіны. Па-першае, сеймік складаўся з сенатараў і паслоў ад усіх зямель княства, што надавала яго пастановам агульнадзяржаўнае значэнне. Па-другое, у час бескаралеўя ўсе сеймікі Рэчы Паспалітай бралі ў свае рукі і заканадаўчую, і адміністрацыйную, і судовую ўладу. Па-трэцяе, агульны сейм з-за сваёй слабай згуртаванасці і “liberum veto” паціху ператвараўся ў кангрэс, дзе пытанні не вырашаліся, а абмяркоўваліся. У далейшым уплывовымі коламі ВКЛ неаднаразова рабіліся захады адасобіцца ад Польшчы. Урад Рэчы Паспалітай вымушаны быў пайсці на некаторыя саступкі ў адносінах да ВКЛ. У 1673 г. было прынята рашэнне аб правядзенні кожнага трэцяга сойма Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Княства, у Гродне, пад старшынствам аднаго з мясцовых дэпутатаў.

Узмацненню суверэнітэта ВКЛ садзейнічала і стварэнне ў 1581 г. Галоўнага Літоўскага Трыбунала – вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. Яго пастановы мелі сілу пастаноў сейма. Трыбунал ВКЛ складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якія выбіраліся на сейміках з мясцовай шляхты, па два ад кожнага павета, тэрмінам на адзін год. Выбранымі маглі быць толькі шляхцічы, ураджэнцы ВКЛ, якія мелі ўласныя маёнткі, дасведчаныя ў праве і мясцовых звычаях.

Аднак самым магутным усплёскам барацьбы за незалежнасць ВКЛ было прыняцце Статута ВКЛ 1588 г., які, па сутнасці, скасоўваў шэраг пастаноў Люблінскай уніі. Характэрна тое, што для зацвярджэння новага Статута зноў было выкарыстана бескаралеўе і складанае становішча Жыгімонта ІІІ Вазы, які прэтэндаваў на пасаду караля Рэчы Паспалітай. Артыкул 1 раздзела ІV Статута зацвярджаў дзяржаўны статус старабеларускай мовы. У трэцім раздзеле абвяшчалася самастойнасць ВКЛ, недатыкальнасць яго межаў, тэрытарыяльная цэласнасць княства. Статут ВКЛ І588 г. забараняў іншаземцам набываць у ВКЛ землі, маёнткі, пасады. А палякі – уладальнікі падараваных у княстве маёнткаў – павінны былі несці земскую службу, у адваротным выпадку яны трацілі правы на ўладанні. Такім чынам, Статут ВКЛ 1588 г. падвёў заканадаўчую аснову пад новыя ўзаемаадносіны паміж ВКЛ і Польшчай.

 

 

§ 3. Барацьба беларускага народа супраць польска-каталіцкай экспансіі

На шляху да рэлігійнай еднасці народаў Рэчы Паспалітай было шмат перашкод. Па-першае, да сярэдзіны XVI ст. насельніцтва Польшчы і ВКЛ мела розныя веравызнанні. У Польшчы пануючай рэлігіяй быў каталіцызм, а ў ВКЛ – праваслаўе (Беларусь і Украіна) і пратэстантызм (Літва). Па-другое, каталіцызм і праваслаўе перажывалі крызіс. Па-трэцяе, былі вельмі складаныя рэлігійныя абставіны.

Праваслаўе да 1385 г. было амаль дзяржаўнай рэлігіяй княства. Але пасля Крэўскай уніі пануючай рэлігіяй у ВКЛ стала каталіцтва. На пачатку XVI ст. каталіцкая рэлігія ўвайшла ў паласу крызісу. Сутнасць яго зводзілася да крытычных адносін шляхты як да каталіцкага культу, так і да арганізацыі касцёла і яго палітыкі. На глебе барацьбы паміж свецкай і духоўнай уладамі прарасла Рэфармацыя.

Рэфармацыя – грамадска-палітычны і рэлігійны рух, накіраваны супраць каталіцкай царквы як ідэйнай асновы феадалізму. У Рэфармацыі можна выдзеліць тры напрамкі:

1) каралеўска-княжацкі, які абараняў інтарэсы манархаў і свецкіх феадалаў ва ўмацаванні сваёй улады і захопе зямельных багаццяў царквы;

2) бюргерска-буржуазны з яго пропаведдзю “мірскога аскетызму” і рэспубліканскага ўладкавання царквы;

3) народны, які патрабаваў ліквідацыі царквы, феадальнага прыгнёту і ўзаконення роўнасці.

Шляхту і заможных гараджан Рэфармацыя прывабіла магчымасцю падарваць магутнасць царквы, якая ўшчымляла іх правы. У адрозненне ад заходнееўрапейскай, Рэфармацыя на Беларусі праходзіла на феадальным сацыяльна-эканамічным базісе, а яе асноўнай рухаючай сілай была феадальная знаць.

Найбольшае пашырэнне ў княстве атрымаў кальвінізм, абаронцам якога стаў Мікалай Радзівіл Чорны. Ён заснаваў у Вільні першую пратэстанцкую абшчыну. На тэрыторыі Беларусі было арганізавана больш за 50 кальвінісцкіх абшчын, а пры іх – цэрквы, школы, друкарні. Найбуйнейшымі рэфармацыйнымі цэнтрамі на Беларусі сталі Бярэсце, Нясвіж, Віцебск, Новагародак, Клецк, Іўе, Слуцк, Койданава і іншыя. Вакол іх групаваліся выдатныя вучоныя, прапаведнікі, пісьменнікі, кнігавыдаўцы.

У 60-я гг. XVI ст. на Беларусі, у Літве і на Украіне з кальвінізму вылучыўся больш радыкальны напрамак – арыянства, ці антытрынітарызм. Яго ідэолагі (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і іншыя) патрабавалі радыкальных сацыяльных пераўтварэнняў, асуджалі прыгонніцтва, прапаведвалі агульнасць маёмасці, што прывяло іх да канфлікту з кальвінісцкай шляхтай. У сярэдзіне XVII ст. члены арыянскіх абшчын былі выгнаны з Рэчы Паспалітай. У другой палове XVII ст. пад ударамі Контррэфармацыі Рэфармацыя сыходзіць з гістарычнай арэны.

Папства зрабіла стаўку ў выратаванні каталіцкай царквы на ордэн езуітаў. У ВКЛ езуіты з’явіліся на наступны год пасля Люблінскай уніі, выкліканыя віленскім біскупам для барацьбы з Рэфармацыяй. Галоўным ідэолагам Контррэфармацыі на Беларусі і ў Літве стаў Пётр Скарга. Правячыя колы Рэчы Паспалітай надзялялі езуітаў вялікімі зямельнымі ўладаннямі. Эканамічная моц забяспечыла ім магутны ідэалагічны і палітычны ўплыў.

Езуіты ўзялі ў свае рукі адукацыю – адкрылі акадэмію ў Вільні і 11 калегіумаў на Беларусі, пакрылі яе сеткай сваіх касцёлаў і кляштароў, заняліся дабрачыннай дзейнасцю. Адноўлены і ўзмоцнены каталіцызм пачаў выціскаць пратэстанцкія абшчыны. К канцу XVII ст. Контррэфармацыя ў княстве перамагла.

Да сярэдзіны XVII ст. – польскія каралі практычна падпарадкавалі сабе праваслаўную царкву.

Распрацаваная Трыдэнцкім саборам праграма рэстаўрацыі касцёла прадугледжвала распаўсюджванне яго ва ўсходнеславянскім свеце. Заснаванне Маскоўскага патрыярхату ў 1589 г. узмацняла праваслаўе на рускіх землях. Таму Ватыкан паспяшаўся з набліжэннем да сябе другой часткі гэтага свету – беларуска-украінскай – праз унію. Яго намеры супалі з імкненнем палітыкаў умацаваць Рэч Паспалітую праз адзінавер’е ўсіх яе падданых.

Некаторых мясцовых праваслаўных лідэраў (К. Астрожскі, I. Пацей, К. Тарлецкі і іншыя) прывабіў сваёй жыццяздольнасцю каталіцкі захад. Яны ўбачылі шлях да пераадолення духоўнага крызісу ў заключэнні уніі з Рымам. Гэты шлях быў рэалізаваны ў выглядзе Берасцейскай уніі.

Новы накірунак хрысціянства – уніяцтва – быў аформлены на Берасцейскім саборы 6 – 9 кастрычніка 1596 г. Ён прадугледжваў захаванне праваслаўнай абраднасці, царкоўна-славянскай мовы ў набажэнстве, але прызнаваў вяршэнства папы рымскага, каталіцкае веравучэнне.

Але замест спакою унія стала крыніцай раздораў. Першым напрамкам рэлігійнай барацьбы была літаратурна-багаслоўская палеміка. Другім напрамкам была парламенцкая барацьба. На сеймах паміж праваслаўнымі і уніятамі адбываліся вострыя спрэчкі. Трэцяй формай рэлігійнай барацьбы была адміністрацыйная барацьба: закрыццё праваслаўных цэркваў, перадача іх і манастыроў уніятам.

Па Беларусі пракацілася хваля антыуніяцкіх выступленняў. Першай акцыяй стала паўстанне Севярына Налівайкі (1595 – 1596). З пачатку XVII ст. усё большую вагу пачалі набываць казакі. Яны пачалі бараніць пакрыўджаную царкву. У 1648 г. на барацьбу з прыгнятальнікамі ўзнялося запарожскае казацтва на чале з Б. Хмяльніцкім, адным з галоўных патрабаванняў паўстання была ліквідацыя уніяцкай царквы.

У ХVІІ – ХVІІІ стст. на Беларусі ўзмацнілася дзейнасць каталіцкіх і уніяцкіх манаскіх ордэнаў – францысканцаў, дамініканцаў, базыльян, бернардзінцаў, бенедыктынцаў і інш. Яны праводзілі гвалтоўнае акаталічванне беларускага насельніцтва. Абаронцамі праваслаўя сталі праваслаўныя брацтвы, якія ўзніклі ў XVI ст. Галоўны напрамак іх дзейнасці – захаванне чысціні праваслаўнага вучэння, богаслужэння і царкоўнага кіравання.

Такім чынам, на працягу ўсяго існавання Рэчы Паспалітай беларускі народ вымушаны быў весці цяжкую барацьбу за сваю веру, мову, культуру.

 

§ 4. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай

Напярэдадні Люблінскай уніі на Беларусі пражывала 1 800 тыс. жахароў, якія па свайму сацыяльна-эканамічнаму становішчу адносіліся да чатырох саслоўяў: шляхты, сялян, мяшчан, духавенства. Шяхецкае саслоўе дзялілася на групоўкі паводле сваёй эканамічнай моцы. Найбольш буйнымі былі магнаты, якія мелі маёнткі на Беларусі і валодалі не менш як 1000 – 500 сялянскіх “дымоў”. Яны складалі сенатарскае саслоўе і валодалі ў 1568 г. 48,4% сялянскіх гаспадарак.

Самай шматлікай была група дробнай шляхты, якая налічвала больш за 3 тыс. чалавек і ў пануючым класе складала больш за 70%, але ў яе руках былі толькі 28% сялянскіх гаспадарак.

Сярэдні пласт шляхты налічваў 650 феадалаў, якія складалі 16% пануючага класа.

Ніжэйшым пластом (142 шляхцічы) была пешая шляхта, якая складала 3,6% пануючага класа і не мела сялянскіх гаспадарак.

У сярэдзіне XVI ст. шляхта, як ваенна-служылае саслоўе, пачала разлагацца знутры: шукала багацця праз рамяство і гандаль. У 1633 г. сейм абвясціў, што не толькі шляхціч, але і яго нашчадкі назаўсёды будуць пазбаўлены шляхецкіх правоў за ганебныя для шляхецкай асобы справы: гандаль ці шынкарства.

Самым шматлікім саслоўем феадальнага грамадства былі сяляне. На становішча сялян вялікі ўплыў аказала так званая “валочная памера”. Аграрная перабудова гаспадаркі, згодна з “Уставай на валокі”, была вызначана каралём у 1557 г. Незалежна ад мясцовых асаблівасцей рэформы, яе вынікі ўсюды былі аднолькавыя: заснаванне фальваркавай гаспадаркі, канчатковае запрыгоньванне сялян, павелічэнне сялянскіх павіннасцей, рост даходаў дзяржаўнага скарбу і шляхты. Пад фальварак адводзілася лепшая ворная зямля памерам у 8 – 15 валок. Сяляне атрымлівалі ў спадчыннае карыстанне ад валокі да паўвалокі зямлі, якая заставалася маёмасцю феадала. Велічыня валокі павінна была складаць 21,37 га.

У выніку рэформы адбыліся змены ў прававым становішчы сялян. Сяляне да рэформы складалі такія асноўныя групы: чэлядзь нявольная, людзі “пахожыя”, “непахожыя”, сяляне-слугі. Пасля рэформы сяляне дзяліліся на наступныя катэгорыі: цяглыя – яны павінны былі адбываць паншчыну па 2 дні на тыдзень, талокі, гвалты, плаціць чынш ад 6 да 21 гроша з валокі і натуральны аброк; асадныя – гэта былі аброчныя сяляне, яны не хадзілі на паншчыну, а плацілі 30 грошаў чыншу і адбывалі астатнія павіннасці нароўні з цяглымі, яны былі менш залежныя, чым цяглыя; агароднікі – не мелі палявой зямлі, толькі агарод, халупнікі мелі толькі хату, а кутнікі туліліся ў кутках хат багатых сялян; сяляне-слугі – рамеснікі, конюхі – яны былі больш заможныя. Вышэйшую групу сялян-слуг утваралі ваенна-служылыя людзі: баяры-путныя, баяры-панцырныя. З гэтай групы рэкруціраваўся шляхецкі стан.

У выніку аграрнай рэформы адбыліся амаль што рэвалюцыйныя змены:

1) была разбурана сялянская абшчына ў Цэнтральнай і Заходняй Беларусі, дзе пачало ўкараняцца падворнае землекарыстанне;

2) змяніліся катэгорыі сялян, іх прававое і эканамічнае становішча: адны групы сялян зніклі, іншыя апынуліся ў большай залежнасці ад пана; завяршыўся працэс запрыгоньвання сялян;

3) сялянская гаспадарка пачала ўцягвацца ў рыначныя адносіны, што вяло да дыферэнцыяцыі вёскі;

4) псіхалогія абшчыннага калектывізму пачала замяшчацца псіхалогіяй індывідуалізму.

З другой паловы XVII ст. пачынаецца эканамічны заняпад Беларусі. Ён быў выкліканы ўзмацненнем феадальнага прыгнёту, разбурэннем гаспадаркі, як у выніку антыфеадальнай, нацыянальна-вызваленчай барацьбы, так і ў значнай меры ў выніку знешніх войнаў. Аднаўляць разбураную гаспадарку пачалі з раздачы зямлі сялянам і пераводу іх на грашовы і натуральны аброк. Да 60‑х гадоў XVIII ст. сельская гаспадарка была ў асноўным адноўлена: павялічылася плошча ворных зямель, павялічылася пагалоўе прадукцыйнай жывёлы. У другой палове ХVІІІ ст. улады Рэчы Паспалітай пачалі рэфармаванне эканомікі. Кіраваў гэтымі працэсамі А. Тызенгаўз.

З аднаўленнем гаспадаркі вярталася паншчына і павялічваліся павіннасці.

Маемасная дыферэнцыяцыя вёскі стварала рынак працоўных рук. Наёмныя рабочыя атрымлівалі грашовую плату і плату натурай.

Побач з тэндэнцыяй да росту землеўладанняў свецкіх феадалаў з другой паловы XVIII ст. назіралася і іншая тэндэнцыя – перадача маёнткаў у заклад, якія з цягам часу пачалі пераходзіць ва уласнасць крэдытораў. Гэта быў першы эканамічны парастак капіталізму ў нетрах феадалізму.

Другім парасткам было з’яўленне ў буйной памеснай гаспадарцы прадпрымальніцтва і прадпрыемстваў-мануфактур. Найбуйнейшымі феадальнымі прадпрыемствамі былі: Урэцкі і Налібоцкі шкляныя заводы князёў Радзівілаў, фаянсавы завод князя Агінскага і інш.

Яшчэ адным саслоўем былі мяшчане – жыхары гарадоў. Саслоўе мяшчан павялічвалася за кошт натуральнага прыросту, вольных сялян, уцекачоў і прыгонных. Саслоўе мяшчан складалася з заможных вярхоў (багатыя купцы і частка майстроў), сярэдняга пласта (пераважна частка майстроў і гандляроў) і беднаты. За межамі гарадской абшчыны знаходзіліся наёмныя людзі (землякопы, грузчыкі, вадавозы і г.д.).

Да першай паловы XVIII ст. магдэбургскае права мелі ўсе буйныя гарады. Магістрат быў вышэйшым органам самакіравання. Юрысдыкцыі магістрата не падлягалі сяляне, якіх пасялялі ў горадзе феадалы (мяшчане прыватных “юрыдык”), а таксама татары і яўрэі, што мелі свае судова-адміністрацыйныя органы.

Асновай эканамічнага жыцця гарадоў былі рамёствы і гандаль. У крыніцах таго часу ўпамінаецца каля 200 прафесій і спецыяльнасцей: па апрацоўцы металу, дрэва, скураной і футравай вытворчасці і г.д.

У той час пачалі стварацца ўласныя карпарацыі рамеснікаў – цэхі. Звычайна ў цэхі ўваходзіла 60 – 70 чалавек. Цэхі былі трох тыпаў: спецыялізаваныя (адной прафесіі), аб’яднаныя (дзвюх і больш блізкіх прафесій), зборныя (розных прафесій). Цэхавыя статуты рэгламентавалі вытворчую дзейнасць цэха, імкнуліся ахоўваць сваіх рамеснікаў ад канкурэнцыі на рынку. Рамеснікаў, якія не ўваходзілі ў цэхі, называлі “партачамі”.

Пашыраўся гандаль як унутраны, так і знешні. Найбольш трывалыя сувязі былі з Расіяй, Польшчай, Левабярэжнай Украінай, Рыгай, з краінамі Заходняй Еўропы. У Заходнюю Еўропу з Беларусі вывозілася жыта, лес і іншыя тавары лясной і сельскай гаспадаркі. Завозілася на Беларусь футра, абутак, мыла, жалеза, сталь, свінец і г.д.

Пастаяннай пагрозай для купецтва было самавольства шляхты, якая рабавала купцоў, разганяла кірмашы. Каб абараніць свае інтарэсы, ствараліся цэхі купцоў, якія рэгулявалі парадак куплі і продажу тавараў і іншыя справы.

Будаваліся новыя шляхі зносін. У 1784 г. было завершана будаўніцтва канала Агінскага, які злучаў Нёман з Прыпяццю. У 1781 г. пачалося будаўніцтва Днепра-Бугскага канала.

 

§ 5. Знешняя палітыка. Войны другой паловы XVI – XVIII стст.

Першай вайной Рэчы Паспалітай, атрыманай ёй у спадчыну ад ВКЛ, была Лівонская. У падзеле Лівонскай спадчыны пачалі праяўляць зацікаўленасць яе суседзі: Швецыя, Польшча, ВКЛ, Данія і Расія. Згодна з пагадненнем паміж Расіяй і Лівонскім ордэнам (1554), апошні абавязваўся не заключаць дагавораў з ВКЛ. Пазней Лівонскі ордэн парушыў гэта абяцанне і заключыў абаронча-наступальны саюз з ВКЛ супраць Масквы. Гэта стала повадам для ўрада Івана Грознага пачаць у 1558 г. ваенныя дзеянні супраць Лівоніі. У 1559 г. Віленскі сейм прыняў уладанні Лівонскага ордэна пад пратэктарат. Аднак пасля таго як у лівонскую праблему ўмяшаліся Данія і Швецыя, 28 лістапада 1561 г. у Вільні было падпісана пагадненне, згодна з якім землі Лівонскага ордэна пераходзілі ў сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ. ВКЛ у Лівонскай вайне мела на ўвазе дзве мэты: 1) далучыць да сваіх уладанняў тэрыторыю Лівонскага ордэна; 2) не дапусціць Расію да Балтыйскага мора, г. зн. на заходнееўрапейскі рынак. У 1562 г. Расія перанесла ваенныя дзеянні на тэрытррыю Беларусі і ў 1563 г. захапіла Полацк, які адкрываў рускай арміі шлях на Вільню і Рыгу. Абраны каралём Стэфан Баторый (1576 – 1586) пачаў з наёмным войскам контрнаступленне супраць рускай арміі ў Лівоніі і на Беларусі. У 1579 г. быў адваяваны Полацк, пазней вызвалена Лівонія, а ваенныя дзеянні перанесены на рускую тэрыторыю. Знясіленыя 25-гадовай барацьбой дзяржавы вымушаны былі пачаць мірныя перагаворы. У 1582 г. было падпісана Ям-3апольскае перамір’е, згодна з якім Рэчы Паспалітай вярталіся ўсе землі, страчаныя падчас вайны, а таксама тэрыторыі ў раёне г. Веліжа, дзе адраджалаея мяжа, што існавала да 1514 г. Да Рэчы Паспалітай таксама адыходзіла большая частка Лівоніі.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 831; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.009 сек.