Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Каб высветліць, аб чым ідзе размова ва ўказе ад 18 ліпеня 1840 г., прывядзём яго цалкам. 2 страница




Перапляценне рысаў класіцызму і рамантызму наглядаецца ў творчасці беларускага мастака Іосіфа Аляшкевіча. Мастак жыў у Пецярбургу, аднак часта прыязджаў у Беларусь, дзе стварыў шэраг партрэтаў. Некаторыя з іх выкананы ў стылі класіцызму (партрэт А. Чартарыйскага). Асобныя творы І. Аляшкевіча адлюстравалі рамантычныя павевы.

Валенцій Ваньковіч увайшоў у гісторыю беларускага жывапісу як прадстаўнік рамантызму. Майстэрня Ваньковіча ў Мінску была цэнтрам, вакол якога групаваліся лепшыя мастацкія сілы горада. Яе часта наведвалі мастакі Я. Дамель, М. Кулеша. Сярод знаёмых і сяброў В. Ваньковіча было шмат дзеячаў літаратуры і мастацтва Беларусі, Літвы, Польшчы, у тым ліку і Адам Міцкевіч. Мастак стварыў шэраг іх партрэтаў у стылі рамантызму. Палатно В. Ваньковіча “Міцкевіч на скале Аюдаг” з’яўляецца тыповым прыкладам рамантычнага партрэта.

Мастак Ян Дамель пакінуў значны след амаль ва ўсіх жанрах выяўленчага мастацтва. Найбольш вядомы ён як майстар гістарычнага жанру. Ян Дамель добра ведаў айчынную і антычную гісторыю, валодаў некалькімі замежнымі мовамі. У сваіх палотнах ён імкнуўся адлюстраваць найбольш яркія, кульмінацыйныя моманты гістарычнага развіцця краю. Мастак стварыў такія карціны, як “Смерць князя Панятоўскага”, “Смерць Глінскага ў няволі”, “Вызваленне Т. Касцюшкі з цямніцы”, “Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.” і інш. Акрамя гістарычных палотнаў, Я. Дамель напісаў шэраг партрэтаў і пейзажаў.

Вікенцій Дмахоўскі вядомы як стваральнік рамантычных пейзажаў. Мастак у асноўным маляваў мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю А. Міцкевіча, сябрам якога ён быў (“Возера Свіцязь”, “Дом Міцкевіча ў Навагрудку”, “Заход сонца” і інш.). У пейзажах В. Дмахоўскага няма акадэмічнай умоўнасці і скаванасці, яны простыя і звычайныя, але разам з тым паэтычныя і хвалюючыя.

Іван Хруцкі ўвайшоў у гісторыю мастацтва як заснавальнік рэалістычнага нацюрморта. І.Ф. Хруцкі нарадзіўся ў сям’і уніяцкага святара ў мястэчку Ула Лепельскага павету Віцебскай губерні, адукацыю атрымаў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Творы мастака прасякнуты паэтычным адчуваннем побыту, вызначаюцца дакладнасцю ў перадачы натуры.

У 1839 г. за нацюрморт “Кветкі і садавіна” ён атрымаў званне акадэміка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Акрамя нацюрмортаў і пейзажаў І. Хруцкі напісаў шмат партрэтаў, у тым ліку “Сямейны партрэт”, “Партрэт хлопчыка ў саламяным брылі”.

Архітэктура. З эпохай Асветніцтва звязана ўсталяванне стылю класіцызму ў архітэктуры, адмаўленню ад празмернай складанасці і заблытанасці архітэктурных форм, характэрных для стыляў барока і ракако. У архітэктурных кампазіцыях пачалі выкарыстоўвацца выразныя геаметрычныя формы, набывалі распаўсюджанне антычная ордэрная сістэма і простыя дэкаратыўныя ўпрыгожванні. Класічны ордэрны порцік 1 станавіўся характэрнай часткай палацаў, сядзіб некаторых культавых пабудоў.

Станаўленне класіцызму найперш было звязана з інтэнсіўным развіццём горадабудаўніцтва. У беларускіх гарадах пачалі з’яўляцца новыя тыпы жылых і грамадскіх будынкаў (канцылярыі, бальніцы, гімназіі), якія вылучаліся на фоне сярэдневяковай забудовы сваімі правільнымі абрысамі. Упершыню горадабудаўніцтва пачало разглядацца як адзіная прасторавая сістэма, спланаваная на рацыянальных пачатках. Горадабудаўніцтва станавілася дзяржаўнай справай. У першай палове ХІХ ст. былі распрацаваны планы забудовы звыш 40 беларускіх гарадоў.

Яскравае адлюстраванне класіцызм знайшоў у палацава-сядзібнай архітэктуры. Дыяпазон палацава-сядзібнага будаўніцтва быў вельмі шырокі – ад невялікіх сядзіб дробнай шляхты да манументальных пабудоў буйных магнатаў. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаюцца Гомельскі, Жыліцкі (Кіраўскі раён), Сноўскі (Нясвіжскі раён) палацы. Будаўніцтва палаца ў Гомелі пачалося ў 1785 г., калі яго ўладальнікам стаў вядомы рускі палкаводзец граф П. Румянцаў. Палац быў выкананы ў стылі класіцызму з выкарыстаннем такіх яго характэрных элементаў, як порцік і каланада. Велічная класічная пабудова сімвалізавала высокі сацыяльны статус яе ўладальніка. У 1834 г. гомельскі маёнтак набыў фельдмаршал граф І. Паскевіч, які ажыццявіў рэканструкцыю палаца з элементамі рамантызму. У выніку палац захаваў свае класічныя рысы, аднак некаторыя элементы дэкору набылі рысы рэнесанснай ці гатычнай архітэктуры. У гэты ж час быў створаны пейзажны парк, аздоблены гротамі, мосцікамі, керамічнымі вазамі, штучнымі вадаёмамі і іншымі ўпрыгажэннямі. Найбольш значная з культавых пабудоў эпохі класіцызму ў Беларусі – Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, які быў пабудаваны ў 1809 – 1819 гг. па праекце англійскага архітэктара Дж. Кларка. Сабор быў створаны ў той час, калі ідэі класіцызму атрымалі перавагу над традыцыямі будаўніцтва праваслаўных храмаў, што існавалі на працягу стагоддзяў. Характэрныя прыёмы кампазіцыі – шасцікалонныя порцікі дарычнага ордэра, трохвугольныя франтоны. Велічнае ўяўленне стварае прарэзаны 12 вокнамі барабан, які завяршаецца паўсферычным купалам.

Класіцызм панаваў у архітэктуры Беларусі да сярэдзіны ХІХ ст. Альтэрнатывай класіцызму выступаў рамантызм, які праявіўся пераважна ў пейзажна-паркавым мастацтве.

 

§ 7. Адмена прыгоннага права. Асаблівасці правядзення аграрнай рэформы ў Беларусі

Прычыны і падрыхтоўка сялянскай рэформы. Адмену прыгоннага права ў Расійскай імперыі абумовілі дзве галоўныя прычыны: існаванне прыгонніцтва стрымлівала эканамічнае развіццё дзяржавы; узрастанне антыпрыгонніцкага руху, перш за ўсё сярод сялянства, пагражала моцным сацыяльным выбухам. У сярэдзіне ХІХ ст. Расія заставалася адной з нямногіх вялікіх дзяржаў, дзе захавалася права адных людзей валодаць другімі. Ужо не менш як пяць дзесяцігоддзяў пытанне аб прыгонніцтве займала цэнтральнае месца ў ідэалагічных спрэчках розных кірункаў грамадскай думкі Расіі. Але толькі паражэнне ў Крымскай вайне 1853 – 1856 гг. здолела прымусіць кіраўніцтва імперыі перайсці да непасрэднага вырашэння сялянскай праблемы. Ва ўрадавых колах разумелі, што рэформу лепш правесці “зверху”, інакш можна дачакацца адмены прыгонніцтва “знізу”.

Новы ўрад Расіі на чале з імператарам Аляксандрам ІІ пачаў падрыхтоўку да скасавання прыгону. Спачатку падрыхтоўка сялянскай рэформы вялася ў сакрэце ад шырокіх колаў грамадскасці. У студзені 1857 г. быў створаны Сакрэтны камітэт “для абмеркавання мер па ўладкаванні побыту памешчыцкіх сялян”. Члены камітэта спрачаліся наконт умоў адмены прыгоннага права. Адны прапаноўвалі остзейскі варыянт, г. зн. вызваленне сялян без зямлі; іншыя жадалі, каб цар узяў ініцыятыву на сябе і дараваў вольнасць сялянам ад свайго імя; некаторыя лічылі, што ўмовы вызвалення сялян павінны выпрацаваць памешчыкі.

Рэформу было вырашана пачынаць з заходніх губерняў. Па-першае, мясцовыя памешчыкі былі значна больш, чым памешчыкі ў іншых раёнах Расіі, уцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны з прычыны блізкасці да заходнееўрапейскага рынку. Па-другое, увядзенне ў 1840-я гг. абавязковых інвентароў у тутэйшых памешчыцкіх гаспадарках прывяло памешчыкаў Беларусі да ўсведамлення хуткай і непазбежнай страты імі сваёй улады над сялянамі і, разлічваючы на больш выгадныя для сябе ўмовы адмены прыгонніцтва, яны мусілі першымі адгукнуцца на прапанову ўрада. Па-трэцяе, для самадзяржаўя апазіцыйна настроенае польскае дваранства ўяўляла палітычную небяспеку, таму неабходна было найхутчэй пазбавіць яго магчымасці выкарыстаць сялянскія хваляванні ў сваіх нацыянальных інтарэсах.

Для расійскага ўрада было важна, каб ініцыятыва адмены прыгоннага права зыходзіла ад памешчыкаў – галоўнай сацыяльнай апоры ўлады. Паколькі памешчыкі асабліва не спяшаліся з прапановамі аб скасаванні прыгонніцтва, памешчыцкую “ініцыятыву” трэба было арганізаваць. Зрабіць гэта аказалася не вельмі цяжка. Яшчэ ў маі 1856 г. генерал-губернатар Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў У.І. Назімаў на сустрэчы з Аляксандрам ІІ у Брэсце запэўніў імператара, што дваране яго генерал-губернатарства, бачачы вынікі вызвалення сялян у суседніх прыбалтыйскіх губернях, дзе сяляне атрымалі асабістую свабоду яшчэ ў пачатку ХІХ ст., пагадзіліся б на падобную рэформу. Летам 1857 г. Аляксандр ІІ зноў сустрэўся з У.І. Назімавым, цяпер ужо ў Вільні, і генерал-губернатар пацвердзіў, што памешчыкі паўночна-заходніх губерняў гатовы выступіць з ініцыятывай адмовы ад прыгоннага права.

Пад уплывам У.І. Назімава інвентарныя камітэты Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў прынялі рашэнне не займацца пытаннямі рэгулявання адносін паміж памешчыкамі і сялянамі, для чаго яны і былі калісьці створаны, а пагадзіліся бязвыплатна вызваліць сялян, пакінуўшы памешчыкам усю зямлю, у тым ліку і сялянскія надзелы. Гэта рашэнне У.І. Назімаў у верасні 1857 г. накіраваў міністру ўнутраных спраў. У кастрычніку ён асабіста прыехаў у Пецярбург і папрасіў даць яму далейшыя інструкцыі. 20 лістапада 1857 г. Аляксандр ІІ падпісаў і накіраваў рэскрыпт (прадпісанне) генерал-губернатару Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў У.І. Назімаву аб заснаванні з прадстаўнікоў мясцовых памешчыкаў трох губернскіх камітэтаў і адной агульнай камісіі ў Вільні для падрыхтоўкі мясцовых праектаў паляпшэння побыту памешчыцкіх сялян. Крыху пазней падобныя камітэты былі створаны і ў іншых губернях Расіі.

У рэскрыпце нічога не было сказана аб адмене прыгоннага права, але 21 лістапада 1857 г. у “Дадатковай адносіне” ўжо недвухсэнсоўна тлумачылася, што галоўным у “паляпшэнні быту памешчыцкіх сялян” з’яўляецца адмена прыгоннага права. Менавіта прыняцце гэтых двух дакументаў зрабіла незваротным працэс падрыхтоўкі да адмены прыгоннага права па ўсёй імперыі, а іх апублікаванне легалізавала абмеркаванне праблемы. Неабходнасць рэформы была публічна пацверджана. Стала зразумелым, што прыгоннае права дажывае апошнія гады. Пераважная большасць дваранскіх камітэтаў ва ўсіх губернях Расіі выказалася за вызваленне сялян без зямлі. Але такі варыянт ужо не адпавядаў патрабаванням часу, не мог даць пажаданага эфекту і быў адхілены ўрадам.

Заканадаўчая база адмены прыгоннага права. Маніфест і “Палажэнні” 19 лютага 1861 г. 19 лютага 1861 г. Аляксандр ІІ падпісаў “Маніфест” і зацвердзіў усе заканадаўчыя акты (іх было 17), якія тычыліся адмены прыгоннага права. Але апублікаваны гэтыя дакументы былі толькі 5 сакавіка 1861 г. Такі значны разрыў паміж датамі зацвярджэння царом заканадаўчых актаў і іх апублікаваннем для ўсеагульнага азнаямлення тлумачыцца тым, што патрэбна было не толькі надрукаваць неабходную колькасць экземпляраў гэтых аб’ёмных дакументаў, але і прыняць шэраг прэвентыўных (папераджальных) захадаў на выпадак сялянскіх хваляванняў, якія небеспадстаўна прагназаваліся ўладамі. Былі падрыхтаваны неабходныя вайсковыя часці ў сталіцах, а ў губерні для нагляду за парадкам накіраваны флігель-ад’ютанты, якія ў неабходных выпадках мелі права дзейнічаць ад імя цара.

Усе дакументы, апублікаваныя 5 сакавіка 1861 г., можна падзяліць на тры групы: агульныя палажэнні, мясцовыя палажэнні, дадатковыя правілы. З мясцовых палажэнняў непасрэдна тэрыторыі Беларусі тычыліся два: “Мясцовае палажэнне аб пазямельным уладкаванні сялян, якія паселены на памешчыцкіх землях у губернях: Вялікарасійскіх, Новарасійскіх і Беларускіх” (пад гэта палажэнне падпадалі Магілёўская губерня і большая частка Віцебскай) і “Мясцовае палажэнне аб пазямельным уладкаванні сялян, якія паселены на памешчыцкіх землях у губернях: Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і частцы Віцебскай” (ахоплівала астатнюю тэрыторыю Беларусі).

Правы сялян. Устаўныя граматы і выкупныя акты. У маніфесце і агульных палажэннях былі заканадаўча замацаваны ўсе агульныя для сялян асабістыя і маёмасныя правы, правы грамадскага кіравання, дзяржаўныя і земскія павіннасці. Галоўным звяном у заканадаўчых актах рэформы былі асабістыя правы сялян. У маніфесце падкрэслівалася, што адмена прыгоннага права з’яўлялася вынікам добраахвотнай ініцыятывы “шляхетнага дваранства”. У адпаведнасці з маніфестам былыя памешчыцкія сяляне абвяшчаліся асабіста свабоднымі і атрымлівалі шэраг грамадзянскіх правоў: заключаць ад свайго імя розныя грамадзянскія і маёмасныя пагадненні, адкрываць гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы, пераходзіць у іншыя саслоўі.

Агульныя палажэнні ўводзілі новую сістэму кіравання вёскай. Яна была заснавана на выбарнасці ніжэйшых службовых асоб. Сяляне, якія жылі на зямлі аднаго памешчыка, складалі сельскую грамаду (абшчыну). На сходзе сельскай грамады выбіраўся стараста. Некалькі сельскіх абшчын, якія адносіліся да аднаго царкоўнага прыходу, стваралі воласць. На валасным сходзе сельскія старасты і ўпаўнаважаныя ад кожных 10 двароў выбіралі валасное праўленне, валаснога старшыню і суддзю. Сельскія і валасныя праўленні займаліся раскладкай і зборам падаткаў, выконвалі распараджэнні мясцовых улад, рэгулявалі пазямельныя адносіны сялян, сачылі за парадкам у вёсцы. За своечасовае выкананне ўсіх павіннасцей сяляне неслі адказнасць на аснове кругавой парукі. Валасны сялянскі суд вырашаў дробныя крымінальныя і грамадзянскія справы сялян і дзейнічаў паводле норм і традыцый звычаёвага права.

Першай інстанцыяй па ўрэгуляванні адносін паміж сялянамі і памешчыкамі з’яўляліся міравыя пасрэднікі, якія выбіраліся з мясцовых дваран і зацвярджаліся сенатам. Асноўным абавязкам міравых пасрэднікаў было садзейнічанне складанню ўстаўных грамат – нарматыўных актаў, дзе вызначаліся пазямельныя адносіны сялян і памешчыкаў. На складанне і падпісанне ўстаўных грамат адводзіліся 2 гады. Для непасрэднага правядзення рэформы на месцах ствараліся спецыяльныя органы – павятовыя міравыя з’езды і губернскія па сялянскіх справах установы, дзейнасць якіх кантралявалі губернатары.

Спецыфіка “Мясцовых палажэнняў…” для беларускіх губерняў. Пазямельнае ўладкаванне сялян Беларусі ажыццяўлялася на аснове двух “Мясцовых палажэнняў…”. У Віцебскай і Магілёўскай губернях, дзе захавалася абшчыннае землекарыстанне, устанаўлівалася ніжэйшая (ад 1 да 2 дзесяцін) і вышэйшая (ад 4 да 5,5 дзесяціны) памеры сялянскіх надзелаў. Калі да рэформы ў карыстанні селяніна зямлі было больш за вышэйшую норму, то памешчык меў права адрэзаць лішак на сваю карысць. У Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях існавала падворнае землекарыстанне. Тут сялянам пакідаўся іх дарэформенны надзел. Адрэзкі дазвалялася рабіць, калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 усёй зямлі, але сялянскі надзел не мог быць скарочаны больш як на 1/6.

Уся зямля ў маёнтку прызнавалася ўласнасцю памешчыка, ў тым ліку і тая, якая знаходзілася ў карыстанні сялян. За карыстанне сваімі надзеламі асабіста свабодныя сяляне на працягу не менш як 9 гадоў (да правядзення выкупной аперацыі) павінны былі адбываць паншчыну або плаціць памешчыку аброк, гэта значыць выконваць фактычна тыя ж павіннасці, што і ў часы прыгоннага права. Адмяняліся толькі дадатковыя зборы (яйкі, масла, лён, палатно і да т.п.), крыху скарачалася фурманкавая павіннасць, забараняўся перавод сялян з аброку на паншчыну і ў дваровыя. Такое становішча сялян закон прызнаваў часовым. Таму асабіста свабодныя сяляне, якія працягвалі выконваць павіннасці на карысць памешчыка, называліся часоваабавязанымі.

Да правядзення выкупной аперацыі ў Магілёўскай і Віцебскай губернях паншчына за вышэйшы надзел складала 40 мужчынскіх і 30 жаночых дзён у год (ці 8 рублёў аброку). У заходняй частцы Беларусі павіннасці памяншаліся на 10 % супраць інвентароў і вызначаліся наступным чынам: для паншчыны – не больш за 23 дні, для аброку – не больш як 3 рублі з дзесяціны на год.

Выкупная аперацыя. Свой палявы надзел зямлі сяляне выкуплялі ва ўласнасць. Правілы выкупной аперацыі былі аднолькавыя для ўсёй Расіі. Выкупная сума за сялянскі надзел вылічвалася так, каб, паклаўшы яе ў банк пад 6 % гадавых, памешчык мог штогод атрымліваць даход, роўны гадавому аброку з гэтага надзелу. Напрыклад, калі аброк з сялянскага надзелу складаў 6 рублёў на год, то агульная сума, якую селяніну трэба было заплаціць, складала 100 рублёў (6 р. – 6 %, 100 р. – 100 %). Ад 20 да 25 % выкупной сумы (у залежнасці ад велічыні надзелу) сяляне плацілі непасрэдна памешчыку. Астатнюю частку памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер, якія можна было прадаваць, ці закладваць. У выніку такой аперацыі сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы. На працягу 49 гадоў трэба было вярнуць доўг у выглядзе выкупных плацяжоў, куды ўключаліся яшчэ і працэнты за пазыку. За гэты час сялянам даводзілася выплаціць да 300 % пазычанай ім сумы.

Такім чынам, агульная сума, якую сяляне вымушаны былі заплаціць за атрыманыя надзелы, значна перавышала рыначны кошт гэтай зямлі (у Беларусі – у 3 – 4 разы). Выходзіла, што сяляне не толькі выкуплялі зямлю, але і кампенсавалі памешчыкам страту іх уласнасці ў асобе селяніна. Праводзячы выкупную аперацыю, казна вырашыла і праблему спагнання дарэформенных даўгоў з памешчыкаў. У Беларусі, паводле даных за 1859 г., 59,8 % прыгонных сялян (увогуле па Расіі – 65 %) былі закладзены іх уладальнікамі ў розных крэдытных установах. Гэты доўг утрымліваўся з выкупной пазыкі памешчыкам, што вызваліла іх ад даўгоў і выратавала ад фінансавага банкруцтва.

Рэфармаванне дзяржаўнай вёскі ў Беларусі. Адмена прыгоннага права ў 1861 г. не закранала дзяржаўных сялян. З 1857 г. ў дзяржаўнай вёсцы ішла рэформа, якую праводзіў міністр дзяржаўных маёмасцей граф М.М. Мураўёў. Ён пачаў сваю рэформу з адміністрацыйных перамен, знішчыўшы сельскае самакіраванне і пакінуўшы ў вёсцы толькі стараст, якія падпарадкоўваліся валасным уладам, а тыя – чыноўнікам ад казны. Акруговае кіраванне было ліквідавана толькі ў Мінскай губерні, як эксперымент, а ў астатніх губернях пакінута да канца рэформы.

Зацікаўлены ў выяўленні адмоўных бакоў люстрацыі дзяржаўных маёмасцей, праведзенай П.Дз. Кісялёвым у 1830 – 1840-я гг., М.М. Мураўёў назначае яшчэ адну рэвізію дзяржаўных маёмасцей у Літве, Беларусі і Правабярэжнай Украіне з мэтай пераацэнкі і пераразмеркавання казённых зямель і павелічэння паступленняў у казну з дзяржаўнай вёскі. Новая люстрацыя сведчыла аб разбурэнні фальваркава-арэнднай сістэмы і ўтварэнні дробназямельных плошчаў (стаццей), якія здаваліся ў арэнду асобна, што змяншала прыбытак ад іх ў казну. Адзначаліся таксама цераспалосіца, аднолькавы аброк з сялян за розныя па велічыні і якасці землі, парушэнне правоў сялян на зямлю, якой яны карысталіся.

Пасля паверачнай люстрацыі ўсе землі пачалі аб’ядноўвацца ў суцэльныя прасторы і ўтварацца арэндныя фермы, якія аддаваліся ў арэнду з таргоў пераважна прадстаўнікам вышэйшых саслоўяў. Пераглядаліся таксама прынцыпы налічэння аброку на сялян і дапускалася замена іх натуральнымі павіннасцямі на карысць арандатараў. У ходзе рэформы ў 4 беларускіх губернях на працягу 1858 – 1862 гг. было створана 703 фермы, кошт якіх быў завышаны прыкладна на 23 %. Гэта пазбавіла сялян магчымасці удзельнічаць у таргах лепшых гаспадарак, таму што матэрыяльнае становішча было горшым у параўнанні з прадстаўнікамі вышэйшых саслоўяў. Аднак і апошнія не хацелі браць у арэнду фермы па завышанай цане, таму прыйшлося некалькі разоў пераглядаць структуру ферм і праводзіць іх новую пераацэнку, што патрабавала дадатковых сродкаў і пагаршала становішча дзяржаўнай вёскі. Надзелы сялян змяншаліся, а іх прыгнёт узмацняўся. Аброчныя плацяжы і падаткі аказаліся вышэйшымі на 19 % у параўнанні з першай люстрацыяй.

Незадаволенасць аграрнымі мерапрыемствамі прыцягвала дзяржаўных сялян да барацьбы з арандатарамі і дзяржавай. У паўстанні 1863 – 1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі ўдзельнічала большасць арандатараў. Гэты момант стаў вырашальным у лёсе дзяржаўнай вёскі. У адпаведнасці з законам 1867 г. дзяржаўныя сяляне пераводзіліся з аброку на выкуп і станавіліся ўладальнікамі сваіх надзелаў (гл.: Ефімовіч А. В. Рэформа М.М. Мураўёва ў дзяржаўнай вёсцы Беларусі. 1857 – 1862 гг. – Мн., 2006. – С. 14–15).

Змены ў рэалізацыі рэформы, звязаныя з паўстаннем 1863 – 1864 гг. Істотныя змены ў ажыццяўленне сялянскай рэформы ў Беларусі ўнесла паўстанне 1863 – 1864 гг. Указ ад1 сакавіка 1863 г. уводзіў абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губернях і ў інфлянцкіх паветах Віцебскай губерні. Сяляне пераставалі быць часоваабавязанымі і станавіліся ўласнікамі зямлі, выкупныя плацяжы зніжаліся на 20 %. 2 лістапада 1863 г. гэты ўказ распаўсюджваўся на ўсю Віцебскую і Магілёўскую губерні. 9 красавіка 1863 г. у Беларусі былі створаны павятовыя камісіі для праверкі і выпраўлення ўстаўных грамат. Згодна з цыркулярам ад 18 кастрычніка 1863 г. абеззямеленым у 1846 – 1856 гг. сялянам выдаваўся 3‑дзесяцінны сямейны надзел і ў поўным аб’ёме вярталася зямля, адабраная ў іх з 1857 г. Зробленыя ўрадам саступкі палепшылі становішча сялян заходніх губерняў у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі і стварылі больш спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму ў Беларусі і Літве.

Вынікі і значэнне аграрнай рэформы. Рэформа 1861 г. дала значны штуршок развіццю буржуазных адносін у Расіі. За некалькі дзесяцігоддзяў тут адбыліся такія пераўтварэнні, на якія ў некаторых краінах Захаду спатрэбіліся цэлыя стагоддзі. Разам з тым рэформа несла ў сабе шмат супярэчнасцей. У Расіі захавалася мноства феадальных перажыткаў, што стала адметнай рысай і асноўнай асаблівасцю расійскага капіталізму.

 

§ 8. Паўстанне 1863 – 1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі

Прычыны паўстання. Палітычныя плыні ў паўстанні 1863 – 1864 гг. У шматнацыянальных заходніх губернях Расійскай імперыі амаль што самым вострым было польскае пытанне. З часоў падзелу Рэчы Паспалітай польскі патрыятычны рух не даваў спакою расійскім уладам, якія намагаліся ўтаймаваць яго сілай або ўступкамі.

Польскі патрыятычны лагер падзяляўся на дэмакратаў, якія выступалі за паўстанне, і лібералаў – прыхільнікаў мірных сродкаў барацьбы. Тыя, хто быў за паўстанне, атрымалі назву чырвоныя. Фактычна яны ўяўлялі з сябе шырокі і разнастайны дэмакратычны блок, у які ўваходзілі дробная і беззямельная шляхта, афіцэры, дробная гарадская буржуазія, інтэлігенцыя, студэнцтва. Сярод “чырвоных” не было адзінства наконт метадаў дасягнення сваіх мэтаў. Яны падзяляліся на правых – памяркоўных і левых – прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычных колаў. Першыя рабілі стаўку на шляхту і асцерагаліся шырокага сялянскага руху. Яны прызнавалі роўнасць нацыянальных правоў беларусаў, літоўцаў, украінцаў з палякамі, але выступалі за адзіную незалежную Польшчу ў межах 1772 г. Правыя прадугледжвалі надзяленне сялян зямлёй за кошт яе частковай канфіскацыя ў памешчыкаў пры абавязковай грашовай кампенсацыі. Левыя разлічвалі на сялянскую рэвалюцыю. Поспех паўстання, на іх думку, быў гарантаваны толькі ў саюзе і адзінстве дзеянняў з расійскімі рэвалюцыянерамі. Яны прызнавалі права на нацыянальнае самавызначэнне літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Аграрнае пытанне планавалася вырашыць шляхам ліквідацыі памешчыцкага землеўладання.

Праціўнікаў паўстання называлі белымі. Гэта былі пераважна памешчыкі, сярэдняя буржуазія, частка інтэлігенцыі. “Белыя” не жадалі ніякіх сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, катэгарычна адмаўлялі права на нацыянальна-палітычнае самавызначэнне літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Дабіцца аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г. яны хацелі, выкарыстоўваючы націск заходнееўрапейскіх краін на расійскія ўлады.

Падобныя палітычныя плыні сфарміраваліся і існавалі не толькі ў Польшчы, але і на тэрыторыі Беларусі і Літвы.

Восенню 1861 г. у Варшаве з разнастайных рэвалюцыйных груповак быў арганізаваны паўстанцкі Гарадскі камітэт, перайменаваны ў 1862 г. у Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). Камітэт здолеў наладзіць шырока разгалінаваную агульнапольскую арганізацыю. Рэвалюцыйныя сілы Варшавы ўзначаліў прадстаўнік левага крыла “чырвоных” Яраслаў Дамброўскі. З мэтай падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ўлетку 1862 г. у Вільні быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК), які падначальваўся ЦНК. У яго ўвайшлі спачатку “чырвоныя”, а потым і “белыя”.

К. Каліноўскі і яго дзейнасць. “Мужыцкая праўда”. Левых у Беларусі ўзначальваў Канстанцін Каліноўскі (1838 – 1864 гг.). Ён паходзіў з сям’і збяднелага шляхціца Гродзенскай губерні, скончыў Пецярбургскі універсітэт, быў удзельнікам тайнага гуртка польскага рэвалюцыянера З. Серакоўскага. Вярнуўшыся ў 1861 г. на радзіму, К. Каліноўскі разам з В. Урублеўскім стварыў у Гродне нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю з разначыннай інтэлігенцыі, якая мела сувязі з арганізацыямі Вільні, Масквы, Пецярбурга. У 1862 – 1863 гг. ён разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім выдаваў падпольную рэвалюцыйную газету на беларускай мове “Мужыцкая праўда” (друкавалася лацінкай). Газета прапагандавала рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі, выкрывала прыгонніцкі характар рэформы 1861 г., заклікала беларускі народ да ўзброенай барацьбы супраць самадзяржаўя і паноў, ідэалізавала мінулае беларускага народа, паказвала агульнае ў жыцці і марах беларускага і польскага сялянства, клікала беларускіх сялян падтрымаць польскі нацыянальна-вызваленчы рух. “Мужыцкая праўда” брала пад абарону уніяцкую царкву і заклікала да процістаяння праваслаўю.

Пачынаючы выданне “Мужыцкай праўды”, К. Каліноўскі і яго сябры мелі на мэце перш за ўсё прыцягненне да паўстання сялян, якіх яны лічылі галоўнай рэвалюцыйнай сілай. Каб сяляне лепш зразумелі іх, была выкарыстана беларуская мова. Аднак за год выйшла ўсяго 7 нумароў газеты (апошні ўжо ў час паўстання), тыраж якіх быў недастатковы, каб ахапіць значную колькасць беларускага сялянства.

Пачатак паўстання. Падрыхтоўка да паўстання яшчэ не была завершана, калі ў канцы 1862 г. стала вядома аб намеры расійскага ўрада правесці ў Польшчы масавы рэкруцкі набор. Набору падлягалі якраз тыя групы насельніцтва, з якіх вербаваліся члены будучых паўстанцкіх атрадаў. Гэта паведамленне прымусіла ЦНК прызначыць паўстанне на студзень 1863 г.

22 студзеня 1863 г. ЦНК абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам і заклікаў паўстанцкія атрады да нападу на рускія войскі ў правінцыйных гарнізонах. У маніфесце і двух аграрных дэкрэтах Часовага нацыянальнага ўрада была выкладзена праграма паўстання: Польшча абвяшчалася незалежнай краінай з роўнымі правамі ўсіх яе грамадзян перад законам; дазвалялася уніяцкае веравызнанне; планавалася перадаць сялянам іх зямельныя надзелы ў поўнае ўладанне, а памешчыкам выплаціць кампенсацыю з дзяржаўнай казны; пасля перамогі было паабяцана надзяліць зямлёй беззямельных удзельнікаў паўстання. Спецыяльны зварот да насельніцтва Беларусі і Літвы заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы, але не ўздымаў пытання аб нацыянальна-палітычным самавызначэнні гэтых тэрыторый.

ЛПК не быў папярэджаны аб пачатку паўстання, але вырашыў падтрымаць польскіх патрыётаў. Перайменаваны ў Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім, ён 1 лютага 1863 г. звярнуўся да насельніцтва Беларусі і Літвы з маніфестам, у якім заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы. Каб не парушаць адзінства дзеянняў, ЛПК вымушаны быў ухваліць у сваім маніфесце і праграму паўстання, прынятую ў Варшаве.

Арганізацыя паўстанцкіх атрадаў і іх дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. У студзені – лютым 1863 г. у Беларусі з’явіліся першыя паўстанцкія атрады, якія прыйшлі з Польшчы. Мясцовыя атрады пачалі дзейнічаць у сакавіку – красавіку і былі падначалены Вільні. Яны складаліся з дробнай шляхты, афіцэраў, рамеснікаў, студэнтаў, гімназістаў старэйшых класаў, сялян. Адзінага плана баявых дзеянняў у паўстанцаў не было. Асобныя спробы ўзаемадзеяння паўстанцкіх атрадаў поспеху не мелі. Многія з атрадаў былі разбіты ў самым пачатку фарміравання. Паўстанцам не ўдалося авалодаць якімі-небудзь, значнымі стратэгічнымі пунктамі. Толькі атрад Л. Звяждоўскага пры падтрымцы студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў красавіку 1863 г. на кароткі тэрмін здолеў захапіць павятовы г. Горкі (Магілёўская губерня). Найбольш актыўна паўстанцы дзейнічалі ў Гродзенскай губерні, дзе ваяводскім камісарам быў К. Каліноўскі.

Паўстанцам спачувалі і дапамагалі рэвалюцыянеры многіх краін. У іх абарону выступіў “Колокол” А. Герцэна. М. Бакунін апублікаваў адозву “Да рускага, польскага і да ўсіх славянскіх народаў”, дзе заклікаў падтрымаць польскіх патрыётаў. У Заходняй Еўропе збіралася і накіроўвалася ў Польшчу зброя, вербаваліся добраахвотнікі з эмігрантаў. З дапамогай цэнтра “Маладая Еўропа” і асабіста Д. Гарыбальдзі рыхтаваліся палітычныя і ваенныя кіраўнікі паўстанцаў. Пры непасрэдным удзеле К. Маркса і Ф. Энгельса, якія лічылі польскае пытанне важнай састаўной часткай еўрапейскай рэвалюцыі, арганізоўваліся акцыі салідарнасці заходнееўрапейскіх рабочых з польскім народам.

Паўстанне 1863 – 1864 гг. адбывалася ва ўмовах правядзення аграрнай рэформы ў Расіі. Самыя радыкальныя з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў – В. Урублеўскі, Ф. Ражанскі, М. Чарняк, З. Серакоўскі, А. Мацкявічус, А. Трусаў, Л. Звяждоўскі – спадзяваліся на незадаволенасць сялян умовамі рэформы і імкнуліся прыцягнуць да ўдзелу ў паўстанні як мага больш сялян. Левыя “чырвоныя” ў ЛПК, асабліва К. Каліноўскі, планавалі пашырыць паўстанне на прыбалтыйскія і рускія губерні. Але планы рэвалюцыянераў не ажыццявіліся. Сялян сярод паўстанцаў было няшмат, асабліва ва ўсходніх губернях Беларусі: у Віцебскай – 7 %, Магілёўскай – 13 %, Мінскай – 20 %. Толькі ў Віленскай і Гродзенскай губернях сяляне складалі больш за чвэрць паўстанцаў – адпаведна 27 % і 33 %. Для сялян Беларусі былі непрывабныя лозунгі Варшаўскага ЦНК аб адраджэнні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Не магла іх задаволіць і вельмі абмежаваная аграрная праграма паўстанцаў.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 651; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.035 сек.