Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Каб высветліць, аб чым ідзе размова ва ўказе ад 18 ліпеня 1840 г., прывядзём яго цалкам. 5 страница




Народніцкі рух у Беларусі быў ідэйна і арганізацыйна звязаны з агульнарасійскім. Сярод вядомых расійскіх народнікаў 1870-х гг. былі ўраджэнцы Беларусі М. Судзілоўскі, С. Кавалік, І. Грынявіцкі, Р. Ісаеў, К. Брэшка-Брэшкоўская, А. Бонч-Асмалоўскі. У другой палове 1870‑х – пачатку 1880-х гг. у Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску, Оршы, Слуцку і іншых гарадах Беларусі дзейнічалі народніцкія гурткі. Іх наведвалі ў першую чаргу навучэнцы, якія пад выглядам самаадукацыі вывучалі забароненую літаратуру; меліся спробы весці агітацыю сярод сялян. Магчымасці гэтых гурткоў былі вельмі абмежаваныя. Іх удзельнікі не бачылі асаблівасцей гістарычнага, сацыяльна-эканамічнага і нацыянальнага развіцця краю.

Калі летам 1879 г. пецярбургская арганізацыя “Зямля і воля” раскалолася на “Народную волю” і “Чорны перадзел”, большасць народнікаў у Беларусі падтрымала “Чорны перадзел”, які кіраваўся старой прапагандысцкай тактыкай. У 1879 і 1880 гг. у Беларусь двойчы прыязджаў лідэр “Чорнага перадзелу” Г.В. Пляханаў. У Мінску была арганізавана падпольная друкарня “Чорнага перадзелу”, якая ў пачатку 1881 г. выпусціла тры нумары цэнтральнага органа арганізацыі – газеты “Чёрный передел”, столькі ж нумароў газеты для рабочых “Зерно” і дзве пракламацыі. Між тым “Чорны перадзел” праіснаваў нядоўга. У 1882 г. арганізацыя распалася, яе кіраўнікі, у тым ліку Пляханаў, выехалі за мяжу. Былыя прыхільнікі “Чорнага перадзелу”, якія засталіся ў Расіі, пачалі пераходзіць на пазіцыі “Народнай волі”.

У сваёй дзейнасці нарадавольцы рабілі стаўку на індывідуальны палітычны тэрор супраць прадстаўнікоў улады. 1 сакавіка 1881 г., пасля некалькіх няўдалых спроб, яны забілі Аляксандра ІІ. Бомбу ў цара кінуў ураджэнец Мінскай губерні І. Грынявіцкі. Кіраўнікі “Народнай волі” спадзяваліся, што забойства цара з’явіцца сігналам да народнага паўстання ў Расіі. Аднак паўстанне не адбылося, а рэпрэсіі супраць рэвалюцыянераў у хуткім часе прывялі да знішчэння цэнтральных і многіх правінцыйных арганізацый “Народнай волі”.

Народнікі ў Беларусі спрабавалі аб’яднацца ў адзіную арганізацыю. У пачатку 1882 г. у Вільні была створана Паўночна-заходняя арганізацыя “Народнай волі”. Праўда, праіснавла яна нядоўга. Ужо ў канцы года паліцыі ўдалося раскрыць і арыштаваць членаў яе цэнтральнай групы. У Беларусі засталіся толькі асобныя гурткі.

У першай палове 1880-х гг. у Пецярбургу існавалі студэнцкія гурткі нарадавольніцкага і ліберальна-асветніцкага кірункаў, удзельнікамі якіх былі выхадцы з Беларусі. Падпольна яны выдалі некалькі публіцыстычных твораў, напісаных на рускай мове. У 1884 г. члены групы Гоман (А. Марчанка, Х. Ратнер і інш.) выступілі з ініцыятывай аб’яднання ўсіх народніцкіх гурткоў Беларусі. Імі было выдадзена два нумары гектаграфічнага часопіса “Гоман” (на рускай мове). Гоманвўцы былі першымі, хто паставіў пытанне аб праве беларусаў мець сваю самастойную дзяржаўнасць. Гоманаўцы аб’явілі сябе “Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групай”. Іх ідэалам была вольная ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту Расія, пабудаваная на аснове федэрацыі самакіруемых абласцей. Гоманаўцы мелі сувязі з народніцкімі гурткамі Мінска, Віцебска, Магілёва, але аб’яднаць усіх рэвалюцыйных народнікаў Беларусі ў той час не здолелі.

У другой палове 1880-х – 1890-я гг. пануючым накірункам у народніцтве з’яўляўся ліберальны. Ліберальныя народнікі адмовіліся ад рэвалюцыйных метадаў барацьбы і галоўную ўвагу звярнулі на рэфармаванне зямельнага заканадаўства з мэтай павялічыць сялянскае землеўладанне і захаваць абшчыну ў вёсцы. Гэтым яны спадзяваліся вырашыць аграрную праблему. Разам з тым беларускія ліберальныя народнікі цікавіліся гісторыяй і культурай свайго краю, спрыялі развіццю нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

Рабочы рух і стварэнне сацыял-дэмакратычных арганізацый у Беларусі. Пасля рэформы 1861 г. у Беларусі значна паскорыўся працэс фарміравання класу наёмных рабочых. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх губерняў – адсутнасць буйных і перавага дробных рамесных прадпрыемстваў з невялікай колькасцю працуючых на іх рабочых, сялянскае малазямелле і мноства яўрэйскай беднаты ў горадзе – стваралі лішак рабочай сілы і пашыралі магчымасці эксплуатацыі пралетарыяту. Заработная плата беларускіх рабочых у параўнанні з агульнарасійскім паказчыкам у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. была амаль на 1/3 ніжэйшай. У першыя два дзесяцігоддзі пасля адмены прыгонніцтва ўмовы працы рабочых ніяк не рэгламентаваліся, адсутнічала іх сацыяльная абарона. Тым не менш выступленняў рабочых у Беларусі было няшмат. У 1870-я гг. іх зарэгістравана 7, у 1880-я – 10. Толькі ў 1890-я гг. пачаўся ўздым стачачнай барацьбы (адбылося 59 выступленняў, прычым 53 з іх – у другой палове дзесяцігоддзя). Паступова рабочы рух стаў больш арганізаваным і ў канцы ХІХ ст. вылучыўся ў самастойную плынь.

У гэты ж час ідэалогія народніцтва пачала саступаць месца марксізму. Першае знаёмства з марксісцкай літаратурай адбылося яшчэ ў гуртках народнікаў. Узнікненне самастойнага сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі звязана з дзейнасцю польскай партыі “Пралетарыят (утварылася ў 1882 г.) і пляханаўскай групы “Вызваленне працы” (утворана ў 1883 г. у Швейцарыі). У другой палове 1880‑х – пачатку 1890-х гг. у некаторых гарадах Беларусі былі арганізаваны гурткі, у якіх вывучалі працы К. Маркса, Ф. Энгельса і іх паслядоўнікаў. У Мінску такімі гурткамі кіравалі Э. Абрамовіч, І. Гурвіч і С. Трусевіч; у Гомелі – А. Поляк і І. Захарын; у Гродне – М. Дзем’яновіч і С. Галюн; у Віцебску – А. Амстэрдам, М. Заслаўскі, П. Дубінская і Х. Усышкін. Першыя марксісцкія гурткі ў Беларусі былі нешматлікія і амаль не звязаныя з масавым рабочым рухам.

З сярэдзіны 1890-х гг. у сацыял-дэмакратычным руху Расіі адбыліся значныя змены. Пачаўся пераход ад вузкай гуртковай прапаганды марксізму да масавай эканамічнай і палітычнай агітацыі. У Беларусі гэтаму пераходу садзейнічала рукапісная брашура А. Крэмера “Аб агітацыі” (1893). У той час сацыял-дэмакратычныя арганізацыі ўжо існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Пінску, Смаргоні, Брэст-Літоўску, Гродне, Ашмянах.

Прыблізна з сярэдзіны 1890-х гг. сацыял-дэмакраты пачалі наладжваць прапаганду ідэй сацыялізму ў рабочым асяроддзі. У Мінску аформіліся дзве сацыял-дэмакратычныя групы. Адну ўзначальвалі Я. Гурвіч і П. Берман, якія разгарнулі агітацыю сярод яўрэйскіх рабочых, занятых на дробнай вытворчасці. Другая група, пад кіраўніцтвам С. Трусевіча вяла прапаганду на буйных прадпрыемствах Мінска. У красавіку 1896 г. С. Трусевіч удзельнічаў у рабоце ўстаноўчага з’езда Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі (ЛСДП) у Вільні, але не пагадзіўся з яе сепаратызмам і ў маі 1896 г. стварыў Рабочы саюз Літвы (РСЛ), які аб’яднаў інтэрнацыянальныя рабочыя арганізацыі Вільні, Мінска і Смаргоні.

У другой палове 1890-х гг. сярод сацыял-дэмакратаў шматнацыянальных заходніх губерняў пераважала тэндэнцыя да стварэння рабочых арганізацый па нацыянальнай прыкмеце. Такую пазіцыю заняла ЛСДП. Узаемадзеянне з расійскім пралетарыятам адмаўляла Польская сацыялістычная партыя (ППС). У верасні 1897 г. на з’ездзе яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый у Вільні ўтварыўся БундУсеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Яго лідэрам стаў А. Крэмер. Бунд лічыў, што абараніць інтарэсы яўрэйскіх рабочых можа толькі іх нацыянальная арганізацыя. Але з пазіцыяй Бунда пагадзіліся не ўсе яўрэйскія рабочыя арганізацыі. Праціўнікі Бунда стварылі ў Мінску Рабочую партыю палітычнага вызвалення Расіі (РППВР), кіраўнікамі якой сталі Л. Радзівонава-Клячко, Р. Гершуні, К. Брэшка-Брэшкоўская, А. Бонч-Асмалоўскі. Гэтая група стаяла на інтэрнацыянальных пазіцыях і схілялася да тэрарыстычных метадаў барацьбы з самадзяржаўем.

Значны ўздым сацыялістычнай барацьбы рабочых у другой палове 1890-х гг., узнікненне буйных гарадскіх і рэгіянальных сацыял-дэмакратычных арганізацый выклікалі неабходнасць аб’яднання сацыял-дэмакратаў у адзіную партыю. Ініцыятарам аб’яднаўчага працэсу стаў створаны У.І. Леніным у 1895 г. пецярбургскі Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа ”.

1 – 3 сакавіка 1898 г. у Мінску прайшоў з’езд прадстаўнікоў пецярбургскага, маскоўскага, кіеўскага і екацярынаслаўскага “Саюзаў барацьбы”, кіеўскай “Рабочай газеты” і Бунда. З’езд прыняў рашэнне аб аб’яднанні прадстаўленых на ім арганізацый у Расійскую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю (РСДРП) і выбраў ЦК партыі. Бунд увайшоў у РСДРП на правах аўтаноміі ў вырашэнні мясцовых спраў.

Хутка пасля першага з’езда РСДРП яе ЦК быў арыштаваны. Сярод сацыял-дэмакратаў абвастрылася барацьба паміж прыхільнікамі рэвалюцыйнага і рэфармісцкага кірункаў. Цэнтрам згуртавання рэвалюцыйных сацыял-дэмакратаў стала газета “Искра”, якая пачала ідэйную барацьбу з эканамізмам. Прыхільнікі эканамізму адмаўлялі палітычную барацьбу пралетарыяту і лічылі, што змагацца трэба толькі за паляпшэнне эканамічных умоў жыцця працоўных.

На тэрыторыі Беларусі ў пачатку ХХ ст. дзейнічалі невялікія групы Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), створанай у 1900 г. на з’ездзе прадстаўнікоў РСЛ і сацыял-дэмакратаў Польшчы. Яе кіраўнікамі былі Ф. Дзяржынскі і С. Трусевіч. СДКПіЛ падзяляла ідэі рэвалюцыйнай палітычнай барацьбы пралетарыяту і імкнулася да аб’яднання з РСДРП. У 1902 г. была ўтворана ППС у Літве. Яна склалася з груп ППС, якія дзейнічалі на тэрыторыі Літвы і Заходняй Беларусі. Гэтая партыя грунтавалася на леванародніцкіх ідэалах сацыялізму, выступала за незалежнасць Беларусі і Літвы.

Такім чынам, у канцы ХІХ ст. былі закладзены ідэйныя і арганізацыйныя асновы далейшай барацьбы розных апазіцыйных самадзяржаўю сіл, якія пачалі афармляцца ў палітычныя партыі.

 

§ 13. Буржуазныя рэформы ў пачатку ХХ ст.

Буржуазныя рэформы ў палітычнай сферы ў пачатку ХХ ст. Шырокі размах рэвалюцыйнай барацьбы прымусіў самадзяржаўе пайсці на палітычныя ўступкі. 6 жніўня 1905 г. Мікалай ІІ падпісаў Маніфест аб скліканні “законадарадчай” Дзяржаўнай думы. Паводле праекта, распрацаванага міністрам унутраных спраў А.Р. Булыгіным, да выбараў у Думу не дапускаліся працоўныя горада і вёскі. Практычна ўсе рэвалюцыйна-дэмакратычныя партыі выступілі супраць такой Думы і выставілі лозунг яе байкоту. У жніўні – верасні 1905 г. рух пратэсту супраць булыгінскай Думы ахапіў многія гарады і мястэчкі Беларусі. Выбары ў Думу былі сарваны.

Ва ўмовах Усерасійскай палітычнай стачкі расійскі ўрад пайшоў далейшыя палітычныя ўступкі. 17 кастрычніка 1905 г. Мікалай ІІ падпісаў Маніфест, які абвяшчаў свабоды слова, друку, сходаў, саюзаў, надзяленне Дзяржаўнай думы заканадаўчымі паўнамоцтвамі і пашырэнне выбарчага права. Але закон аб выбарах дэпутатаў у Дзяржаўную думу меў шмат саслоўных абмежаванняў. Выбары былі шматступеннымі, неўсеагульнымі і няроўнымі. Усе выбаршчыкі дзяліліся на 4 курыі: землеўладальніцкую (памешчыкі), гарадскую (буржуазія), сялянскую і рабочую. Значную перавагу мелі памешчыкі: 1 голас памешчыкаў адпавядаў 3 галасам гарадской буржуазіі, 15 галасам сялян і 45 галасам рабочых.

Першыя дзве Дзяржаўныя Думы былі выбраны і дзейнічалі яшчэ ў час рэвалюцыі (І Дзяржаўная Дума – 1906 г.; ІІ Дзяржаўная Дума – 1906 – 1907 гг.),і нават адзначаныя абмежаванні ў выбарчым законе не дапамаглі самадзяржаўю атрымаць жаданы склад дэпутатаў. Так, з 36 дэпутацкіх мандатаў, якія мелі 5 заходніх губерняў, у І Думе толькі 10 належалі памешчыкам, а ў ІІ Думе, дзе адбыўся яшчэ і падзел дэпутатаў па нацыянальнасцях, польскія памешчыкі і ксяндзы атрымалі 11 месц.

Буржуазія з задавальненнем сустрэла ўвядзенне палітычных свабод. Яна лічыла, што рэвалюцыя дасягнула сваіх мэт і павінна скончыцца. У 1905 г. узніклі буржуазныя палітычныя партыі і арганізацыі. Першымі з іх сталі Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты) і Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). Кадэты заявілі аб сваёй апазіцыі самадзяржаўю. Яны выступалі за канстытуцыйную манархію, знішчэнне саслоўных прывілеяў і іншых перажыткаў феадалізму, палітычныя свабоды і поўнае раўнапраўе, але не лічылі неабходным канчаткова ліквідаваць памешчыцкае землеўладанне. Для нацый яны прызнавалі толькі права на культурнае самавызначэнне. Акцябрысты занялі больш правую пазіцыю. Яны былі цалкам задаволены Маніфестам 17 кастрычніка, выступалі за падтрымку манархічнай улады і захаванне адзінай і непадзельнай Расіі.

У Беларусі больш спрыяльнымі аказаліся ўмовы для дзейнасці партыі акцябрыстаў. Тут яе падтрымлівалі рускія чыноўнікі-манархісты, памешчыкі, праваслаўнае духавенства. Кадэты ж з-за адсутнасці ў Беларусі земстваў і вышэйшых навучальных устаноў не мелі тут неабходнай сацыяльнай глебы для сваёй дзейнасці. Яны знайшлі падтрымку толькі з боку яўрэйскай буржуазіі і інтэлігенцыі. Па агульнапалітычных і нацыянальных пытаннях кадэтаў у Беларусі падтрымалі польскія памешчыкі і каталіцкі касцёл.

Да буржуазных арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі належалі і сіяністы. Пасля стварэнняў1897 г. Сусветнай арганізацыі сіяністаў хутка пачалі ўзнікаць сіянісцкія гурткі ў Беларусі. Сіяністы адмаўлялі ўдзел яўрэяў у рэвалюцыйным руху краін дыяспары і мелі на мэце стварэнне самастойнай яўрэйскай дзяржавы ў Палесціне, якая аб’яднала б усіх яўрэяў свету. У час рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. сіяністы падтрымлівалі кадэтаў.

Правы ўрадавы палітычны лагер, каб абараняць інтарэсы самадзяржаўя ва ўмовах адкрытай палітычнай барацьбы, таксама пачаў фарміраваць свае палітычныя партыі. Самай уплывовай з іх быў “Саюз рускага народа”. Яго членаў рэвалюцыянеры называлі чарнасоценцамі. У канцы 1905 – пачатку 1906 г. арганізацыі “Саюза рускага народа” былі створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску і іншых гарадах Беларусі. Да партый правага кансерватыўнага кірунку адносіліся таксама “Партыя рускага сходу”, “Рускі ўскраінны саюз” і інш. Усе яны стаялі на манархічных пазіцыях, абаранялі інтарэсы памешчыкаў і праваслаўнай царквы, выступалі за непарушнасць самадзяржаўнай улады, захаванне памешчыцкага землеўладання, за тэрытарыяльнае адзінства Расіі.

Змены ў царкоўным жыцці. Свабода веравызнання. У пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Беларусі існавала 5 епархій праваслаўнай царквы – Полацкая, Мінская, Магілёўская, Віленская і Гродзенская. Паводле расійскага заканадаўства праваслаўе мела статус дзяржаўнай рэлігіі. Адносіны расійскага ўрада да каталіцкай царквы ўскладняліся актыўным удзелам каталіцкіх святароў у паўстанні 1863 – 1864 гг. У гэтай сувязі пасля паўстання быў выдадзены шэраг дадатковых пастаноў, якія павінны былі не дапусціць антыдзяржаўнай прапаганды ў касцёлах. Для Беларусі гэтыя пастановы мелі асаблівае значэнне, бо менавіта тут праходзіла “мяжа” паміж праваслаўем і каталіцызмам.

У ходзе расійскай рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. рэлігійнае пытанне паўстала зноў. Быў прыняты шэраг законаў і ўказаў, найважнейшым з якіх з’явіўся ўказ 17 красавіка 1905 г. аб свабодзе веравызнання. Фармальна дамініруючая роля заставалася за праваслаўем. Разам з тым указ ставіў у аднолькавае становішча ўсе рэлігійныя канфесіі імперыі і рабіў магчымым і беспакараным пераход з праваслаўя ў іншую веру. Фактычна гэты ўказ азначаў ўвядзенне дэмакратычнага права свабоды веравызнання ў Расіі.

У Беларусі ўказ 17 красавіка 1905 г. выклікаў абвастрэнне міжканфесійных адносін, абумоўленае барацьбой за сферы ўплыву паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі. У мясцовым царкоўным друку з’явіліся артыкулы аб уціску праваслаўя і праваслаўных з боку католікаў. На тэрыторыі Беларусі пачала хутка развівацца каталіцкая царква, а таксама адбываўся пераход уніятаў, якія прынялі праваслаўе, у каталіцтва.

Сталыпінская аграрная рэформа. Рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. паказала асаблівую вастрыню ў Расіі аграрнага пытання і, як вынік, адсутнасць дастатковай сацыяльнай падтрымкі самадзяржаўя з боку сялянства. Вырашыць гэтыя праблемы павінна была сталыпінская аграрная рэформа (П.А. Сталыпін – старшыня Савета Міністраў, міністр унутраных спраў: загінуў у 1911 г.). Яна мела на мэце разбурэнне сялянскай абшчыны і стварэнне ў вёсцы шырокай праслойкі эканамічна самастойных заможных сялян.

У адпаведнасці з указам ад 9 лістапада 1906 г. кожны селянін мог выйсці з абшчыны і атрымаць зямлю, якой карыстаўся, у асабістую ўласнасць, прычым на адным участку, на хутары. Такім чынам знішчалася сялянская абшчына і абшчыннае землеўладанне, разбураліся населеныя пункты (вёскі), а разам з імі традыцыйны лад жыцця сельскіх жыхароў і калектывісцкая традыцыя ўсходнеславянскай вёскі. Селяніну патрэбна было разабраць і перавезці на хутар хату, гумно, хлеў, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы, скласці іх на новым месцы. З‑за трухлявасці многія пабудовы сялян маглі наогул рассыпацца, а на новыя не было грошай. На хутары трэба было выкапаць студню, падвесці дарогу, выканаць іншыя гаспадарчыя работы. Сродкаў для выканання гэтых работ у большасці сялян не было. Узяць грошы ў банку яны таксама не маглі, бо не мелі, чым потым разлічвацца за крэдыт.

Зямля на палях вакол вёскі была рознай па якасці. Селянін хацеў атрымаць хутар на тым полі, дзе зямля была больш ўрадлівай. Для гэтага яму прыходзілася дагаджаць мясцовым чыноўнікам, землеўпарадкавальнікам і землямерам, даючы ім хабар. На гэта таксама ў большасці сялян не было грошай.

Замацаваўшы былую абшчынную зямлю ў прыватную ўласнасць, селянін мог атрымаць яе ў адным месцы, на адным полі ў выглядзе водруба. У гэтым выпадку сядзібныя і гаспадарчыя пабудовы неабавязкова было пераносіць у поле, на месца знаходжання водруба. Можна было працягваць жыць у вёсцы. Але тут узнікалі цяжкасці, звязаныя з якасцю зямлі водруба, яго аддаленасцю ад вёскі, адсутнасцю дарогі для пад’езду да водруба і інш.

Матэрыяльнай і фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы пры перасяленні на хутары і пры карыстанні зямлёй у выглядзе адрубоў сялянства не атрымлівала. Нязначныя сродкі, выдзеленыя на гэтыя мэты, былі раскрадзены чыноўніцтвам. Хутарызацыя ажыццяўлялася за кошт саміх збяднелых сялян.

У сувязі з гэтым вялікай актыўнасці ў перасяленні на хутары сялянства Беларусі не праяўляла. У 1907 – 1914 гг. у 5 заходніх губернях толькі 12 % ад усіх сялянскіх двароў стварылі хутарскія і адрубныя гаспадаркі. Астатнія сялянскія двары праігнаравалі сталыпінскую хутарызацыю.

Ахвотна выходзілі з абшчыны сяляне-беднякі, якія не маглі весці гаспадарку. Яны прадавалі свой надзел і пераходзілі ў стан батракоў ці перасяляліся ў гарады. З 1907 да 1914 г. у беларускіх губернях прадалі зямлю 35,8 % усіх хутарскіх і адрубных двароў. Сяляне-беднякі ператвараліся ў сельскагаспадарчых рабочых, пралетарыяў.

З другога боку, ахвотна высяляліся на хутары заможныя сяляне. Яны куплялі за бясцэнак зямлю беднякоў, а таксама землі памешчыкаў, чыноўнікаў і афіцэраў, павялічвалі памеры сваіх гаспадарак і ператвараліся ў сельскую буржуазію. Калі да рэформы сяляне, у валоданні якіх было ад 15 да 25 дзесяцін зямлі, складалі толькі 8,1 %, то ў выніку рэформы іх колькасць павялічылася да 37,3 %.

Сталыпінская аграрная рэформа ўключала ў сябе таксама перасяленне сялян з еўрапейскай часткі Расіі, дзе зямлі не хапала, у Сібір і на Далёкі Усход, Паўночны Каўказ і Сярэднюю Азію. З 1907 па 1914 г. з Беларусі перасяліліся 335 тыс. бедных сялян. Але дапамога ўрада перасяленцам была нязначнай, і многія з іх (каля 11 %) вярнуліся канчаткова збяднелымі.

Адначасова ў заходніх губернях стымулявалася пашырэнне рускага землеўладання. За кошт казённых зямель быў створаны спецыяльны фонд для рускіх пасяленцаў. Важным сродкам ажыццяўлення новай аграрнай палітыкі па стварэнні хутароў і адрубоў стала дзейнасць Сялянскага банка, які выдаваў крэдыты для куплі зямлі.

Такім чынам, сталыпінская аграрная рэформа садзейнічала капіталізацыі аграрнага сектару расійскай эканомікі, колькаснаму росту сельскай буржуазіі і сельскага пралетарыяту, канцэнтрацыі вялікіх зямельных масіваў у руках заможнага сялянства, якое станавілася галоўнай сацыяльнай апорай самадзяржаўя ў вёсцы. У 1914 г. заможных сялян у Беларусі стала 12 %, а беднякоў – 68 %. Сталыпінская хутарызацыя – шлях умацавання капіталістычных адносін у вёсцы.

Разам з тым спроба разбурыць абшчыну і выселіць сялян на хутары, знішчыць традыцыйны лад жыцця і калектывісцкую традыцыю ўсходнеславянскай вёскі пры захаванні памешчыцкага землеўладання поспеху не мела. У лістападзе 1915 г. расійскі ўрад прыняў закон аб спыненні на час вайны землеўпарадкавальных работ, звязаных з хутарызацыяй, якія заўсёды выклікалі супраціўленне з боку сялян.

У расійскай гістарыяграфіі ў апошні час з’явіліся сцвярджэнні аб тым, быццам П.А. Сталыпін пры правядзені аграрнай рэформы ўскладаў надзеі на значную ролю дзяржавы ў развіцці сельскай гаспадаркі, прадастаўленне сялянам дзяржаўнай зямлі, не разбурэнне, а захаванне асноў сялянскай абшчыны. А тое, што было рэалізавана (стварэнне хутароў і адрубоў на надзельных сялянскіх землях з выхадам сялян з абшчыны і замацаваннем зямлі ў прыватную ўласнасць), распрацоўвалася чыноўнікамі на чале з намеснікам старшыні Савета Міністраў В.І. Гурко. Быццам тое, да чаго хацеў ісці П.А. Сталыпін, скажалася чыноўнікамі яшчэ пры яго жыцці, а кантраляваць ход рэформы ён не мог з-за недахопу сіл і часу.

Паколькі сталыпінская рэформа пацярпела крах, а імя П.А. Сталыпіна сённяшнія капіталізатары грамадства хочуць захаваць як сімвал той эпохі, калі па прасторах Расіі крочыў капіталізм, ствараюцца новыя міфы ў гістарыяграфіі. Па-першае, “новая канцэпцыя” сталыпінскай аграрнай рэформы не мае дакументальнага пацвярджэння. Па-другое, старшыня Савета Міністраў Расійскай імперыі, імя якога насілі рэформы, не мог цалкам даверыцца чыноўнікам і не кантраляваць іх ход, нягледзячы на велізарную яго занятасць дзяржаўнымі справамі. Па-трэцяе, некалькі пакаленняў вучоных, якія пісалі пра сталыпінскія рэформы, разабраліся ў іх сутнасці.

Земская рэформа ў Беларусі. У дадатак да аграрных пераўтварэнняў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях 14 сакавіка 1911 г. ствараліся земскія ўстановы. Уводзячы земствы, П.А. Сталыпін імкнуўся прыцягнуць заможнае сялянства да правядзення зямельнай рэформы, абаперціся на сельскую буржуазію і ўзняць яе палітычную ролю ў сістэме мясцовага кіравання. Выбары ў земскія ўстановы ажыццяўляліся па “рускай” і “польскай” курыях з дастаткова невысокім маёмасным цэнзам, прычым праваслаўных сялян залічвалі ў “рускую”, а католікаў – у “польскую”. Адначасова гэта павінна было аслабіць у краі палітычны ўплыў памешчыкаў польскага паходжання або каталіцкага веравызнання, якія эканамічна былі значна мацнейшымі за рускіх памешчыкаў і праваслаўных сялян.

Увядзенне земскіх устаноў садзейнічала развіццю мясцовай гаспадаркі, стварэнню кааператыўных таварыстваў, сельскагаспадарчых гурткоў, дзейнасць якіх скіроўвалася на павышэнне культуры земляробства і жывёлагадоўлі. Земствы шмат зрабілі для развіцця адукацыі і аховы здароўя насельніцтва. Аднак у Беларусі, у адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі, земствы не адыгралі значнай ролі.

 

§ 14. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў пачатку ХХ ст.

Асаблівасці прамысловага развіцця Беларусі на манапалістычнай стадыі капіталізму. На мяжы ХІХ – ХХ стст. расійскі капіталізм уступіў у новую стадыю свайго развіцця – імперыялістычную.

Імперыялізм (ад лацінскага іmperіum – улада, дзяржава) – вышэйшая стадыя капіталізму, манапалістычны капіталізм. У.І. Ленін назваў 5 асноўных прыкмет імперыялізму: 1) канцэнтрацыя вытворчасці і капіталу дайшла да такой высокай ступені, што прывяла да стварэння манаполій, якія адыгрываюць вырашальную ролю ў гаспадарчым жыцці капіталістычных дзяржаў; 2) зліццё банкаўскага капіталу з прамысловым і ўтварэнне на гэтай аснове фінансавага капіталу і фінансавай алігархіі; 3) вываз капіталу, які, ў адрозненне ад вывазу тавараў, набыў асабліва важнае значэнне; 4) утварэнне міжнародных манапалістычных саюзаў капіталістаў, што дзеляць свет; 5) завяршэнне тэрытарыяльнага падзелу свету найбуйнейшымі капіталістычнымі дзяржавамі і барацьба за яго перадзел.

Прамысловасць Беларусі працягвала развівацца на базе інтэнсіўнага выкарыстання лясных багаццяў краю і перапрацоўкі мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны. Эканамічны крызіс 1900 – 1903 гг. паскорыў стварэнне ў Беларусі манапалістычных аб’яднанняў з удзелам мясцовага, расійскага і замежнага капіталу, якія паступова выцяснялі дробную вытворчасць.

Акцыянерным таварыствам належалі такія буйныя прадпрыемствы Беларусі, як Віцебская льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” (Руска-Бельгійскае акцыянернае таварыства), трамвай і электрычная станцыя ў Віцебску (Бельгійскае акцыянернае таварыства), Шклоўская папяровая фабрыка (Рускае акцыянернае таварыства карданажна-папяровай вытворчасці). У гэты час былі створаны і мясцовыя манапалістычныя аб’яднанні: акцыянерныя таварыствы тытунёвай фабрыкі “Нёман” (былая фабрыка Шарашэўскага) у Гродне, запалкавых фабрык “Прагрэс-Вулкан” у Пінску і “Маланка” у Мазыры.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Беларусі існавалі 34 акцыянерныя таварыствы. Але па ўзроўні манапалізацыі і канцэнтрацыі прамысловасці Беларусь значна адставала ад агульнарасійскіх паказчыкаў. Тут па‑ранейшаму вялікую ролю працягвалі адыгрываць дробныя рамесныя прадпрыемствы, якія ў 1913 г. давалі 50 % валавой прадукцыі прамысловасці.

У 1900 – 1913 гг. у эканоміцы Беларусі значна ўзрасла роля банкаў. Акрамя губернскіх аддзяленняў цэнтральных расійскіх банкаў (Дзяржаўнага, Сялянскага і Дваранскага) у краі дзейнічала шмат камерцыйных банкаў: Мінскі, Магілёўскі, а таксама губернскія і павятовыя аддзяленні Руска-Азіяцкага, Азова-Данскога, Руска-Французскага, Віленскага, Беластоцкага.

Дзяржаўны банк, абапіраючыся галоўным чынам на бюджэтныя і эмісійныя рэсурсы, праз губернскія аддзяленні абслугоўваў у Беларусі ў асноўным буйны гандаль і больш дробныя крэдытныя ўстановы. Камерцыйныя банкі, як правіла, не ўкладвалі свае капіталы непасрэдна ў прамысловасць. Яны выдавалі крэдыты пад кароткатэрміновыя вэксалі прыватных банкірскіх кантор, якім належалі прамысловыя прадпрыемствы. Менавіта банкірскія канторы ўкладвалі атрыманыя сродкі ў прамысловасць і гандаль.

З развіццём транспарту ў Беларусі хутка памяншалася роля кірмашовага гандлю, усё большае значэнне набываў крамны і магазінны гандаль. За 1900 – 1913 гг. рознічны тавараабарот павялічыўся на 72 %. Рыначныя сувязі беларускіх гарадоў і вёсак рабіліся ўсё больш рэгулярнымі і трывалымі. У рознічным тавараабароце пераважаў прыватнакапіталістычны гандаль, які ў 1913 г. складаў 78,9 %.

У выніку развіцця прамысловасці, транспарту, гандлю ў Беларусі паскорыўся рост гарадоў, якія ператвараліся ў фабрычна-заводскія і гандлёвыя цэнтры. За паўстагоддзе (1863 – 1913 гг.) колькасць гарадскіх жыхароў Беларусі павялічылася ў 2,8 раза (з 350,8 да 983,3 тыс. чалавек). Прычым найбольшая частка гараджан (у 1913 г. – 54,8 %) канцэнтравалася ў буйных гарадах, якія налічвалі больш за 40 тыс. чалавек. У 1913 г. самым буйным горадам быў Мінск, другім па значэнні – Віцебск, трэцім – Гродна, потым ішлі Пінск, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Рэчыца.

Уваходжанне тэрыторыі Беларусі ў “мяжу яўрэйскай аселасці” прывяло да таго, што па сваім нацыянальным складзе гарады Беларусі не былі беларускімі. Па дадзеных перапісу 1897 г., большую частку гараджан Беларусі складалі яўрэі – 53,5 %, каля 18 % – рускія, а ўдзельная вага беларусаў не перавышала 17 %.

Развіццё капіталізму ў Беларусі прывяло да змен у сацыяльным складзе насельніцтва. Адбываўся паступовы пераход ад падзелу грамадства на шматлікія саслоўі, што было характэрна для эпохі феадалізму, да класавай структуры буржуазнага грамадства, у якім вядучая роля належала пралетарыяту і буржуазіі. Сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і нацыянальныя асаблівасці Беларусі накладвалі на гэты працэс свой адбітак.

Гандлёва-прамысловая буржуазія фарміравалася з асяроддзя памешчыкаў, купцоў, мяшчан, заможных рамеснікаў. У яе нацыянальным складзе пераважалі яўрэі – 84,5 %, рускіх было 10,7 %, а беларусаў – толькі 1,7 %. Беларускай па нацыянальнасці была толькі аграрная буржуазія. Клас наёмных рабочых складваўся са збяднелых сялян, рамеснікаў, мяшчан, дробных гандляроў. Беларусаў тут было 17 %, рускіх – 10 %, палякаў – 10,2 %, а яўрэяў – 60 %. Рускія пераважалі на чыгуначным транспарце і ў чыгуначных майстэрнях, беларусы – на рамонце чыгуначных і шасэйных дарог, на прамысловых прадпрыемствах у сельскай мясцовасці. Яўрэі складалі асноўную масу рабочых у дробнай і рамеснай вытворчасці.

Паступовая капіталізацыя аграрных адносін у беларускай вёсцы. Да пачатку ХХ ст. перабудова сельскай гаспадаркі Беларусі на капіталістычны лад яшчэ не завяршылася. З-за перавагі памешчыцкай уласнасці тут не склалася развітая сялянская заможная гаспадарка. У пачатку ХХ ст. сярод сялян было 61 % беднякоў, 28 % сераднякоў, і толькі 11 % заможных сялян. Працэс распаду дваранскай зямельнай уласнасці ў Беларусі ішоў значна марудней, чым у Цэнтральнай Расіі. За 1877 – 1905 гг. дваране ў беларускіх губернях страцілі толькі 10,8 % сваіх зямель, а ў Цэнтральнай Расіі – 27,2 %. У першую чаргу гэта з’яўлялася вынікам большай эканамічнай устойлівасці памешчыцкіх гаспадарак Беларусі, што было звязана са значным развіццём тут таварна-грашовых адносін. Феадальныя перажыткі і ўрадавая палітыка стрымлівалі развіццё капіталістычнага бессаслоўнага землеўладання, якое нават у пачатку ХХ ст. у Беларусі складала толькі 16,5 % агульнай зямельнай плошчы.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 531; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.043 сек.