Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Усяго фашысцкімі катамі было забіта і замучана ў Беларусі больш за 2,2 млн. чалавек, амаль кожны чацвёрты яе жыхар. 1 страница




Сёння некаторыя «дэмакратычныя» гісторыкі па палітыка-ідэалагічных матывах ці пад уплывам “грантаманіі” (атрымання грантаў ад уплывовых людзей Захаду), беспадстаўна, без навуковых аргументаў, са знявагай да народа-пераможцы і яго нашчадкаў называюць Вялікую Айчынную вайну савецка-германскай і нават германа-савецкай. Іншы раз тэрмін “Вялікая Айчынная вайна” не ўжываецца, а замяняецца тэрмінам “Другая сусветная вайна”.

Верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. Англія і Францыя, ведаючы канкрэтны тэрмін нападзення Германіі на Польшчу, нават не паведамілі аб гэтым сваёй саюзніцы. Яны ахвяравалі Польшчу толькі для таго, каб хутчэй справакаваць вайну паміж СССР і Германіяй, “вайну з камунізмам”, які яны люта ненавідзелі. 3 верасня 1939 г. Англія і Францыя, ствараючы бачнасць падтрымкі Польшчы як саюзніцы, аб’явілі вайну Германіі. У вайну ўступілі брытанскія дамініёны і калоніі: Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Канада, Паўднёва-Афрыканскі Саюз. Пачалася Другая сусветная вайна.

Нягледзячы на мужнасць польскіх салдат і афіцэраў, нямецкія войскі імкліва рухаліся ў глыб польскай тэрыторыі. 17 верасня 1939 г., калі амаль уся тэрыторыя карэннай Польшчы была занята нямецкімі войскамі, савецкі ўрад аддаў загад Чырвонай Арміі ўзяць пад абарону насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У гэты час фашысцкія войскі ўжо захапілі Брэст і Беласток, якія пазней увайшлі ў склад БССР.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Да 25 верасня 1939 г. Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь. Большасць польскіх войск здавалася без бою. Толькі асобныя часці аказалі моцнае супраціўленне.

Большасць насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала савецкіх салдат з радасцю, кветкамі, хлебам-соллю. З удзелам былых членаў Кампартыі Заходняй Беларусі і камсамола Заходняй Беларусі ствараліся органы новай улады: часовыя ўправы – у ваяводскіх і павятовых цэнтрах, сялянскія камітэты – у мястэчках і вёсках.

У час паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну былі ўзяты ў палон польскія афіцэры (дакладная іх лічба не ўстаноўлена). Яны знаходзіліся ў савецкіх лагерах для ваеннапалонных. У гады Другой сусветнай вайны былі выяўлены масавыя пахаванні расстраляных польскіх афіцэраў у Катынскім лесе каля Смаленска. Праводзіліся шматлікія расследаванні, але і на сённяшні дзень з-за адсутнасці патрэбных дакументальных матэрыялаў і жывых сведкаў гэтай трагедыі не ўстаноўлена, якая краіна вінаватая ў расстрэле польскіх афіцэраў.

У некаторых падручніках па гісторыі сцвярджаецца аб тым, быццам “гэта злачынства было здзейснена органамі НКУС па рашэнні Палітбюро ЦК УКП(б)”. На сённяшні дзень гэта версія не мае дакументальнага пацвярджэння. Другая версія – ваеннапалонных польскіх афіцэраў расстралялі фашысцкія карныя войскі пасля акупацыі Смаленшчыны Германіяй у 1941 г. Незалежна ад таго, хто здзейсніў гэты акт варварства, расстрэл ваеннапалонных польскіх афіцэраў у Катынскім лесе каля Смаленска, як і знішчэнне пілсудчыкамі савецкіх салдат і афіцэраў, што трапілі ў палон да палякаў у час правядзення Варшаўскай аперацыі 1920 г., – цяжкія злачынствы супраць чалавечнасці. Ва ўзаемаадносінах паміж цывілізаванымі краінамі такое ніколі не павінна паўтарацца.

28 верасня 1939 г. СССР і Германія падпісалі новы дагавор “Аб дружбе і мяжы”. Згодна з дагаворам, граніца была праведзена па так званай “лініі Керзана”, вызначанай яшчэ ў 1919 г. Вярхоўным саветам Антанты як усходняя граніца Польшчы. Гэта была этнічная мяжа паміж беларусамі і палякамі. Прыкладна па гэтай “лініі” праходзіць сёння беларуска-польская граніца. Да дагавора былі прыкладзены два сакрэтныя пратаколы, згодна з якімі ў сферу ўплыву СССР дадаткова ўключаліся Літва і Фінляндыя. Забаранялася польская агітацыя на тэрыторыі СССР і Германіі.

Дагавор “Аб дружбе і мяжы” у цэлым і асабліва ў той частцы, якая тычылася “дружбы” Савецкага Саюза з фашысцкай Германіяй, нанёс вялікую шкоду міжнароднаму аўтарытэту СССР, дэзарыентаваў антыфашысцкія сілы ў многіх краінах у пачатку Другой сусветнай вайны. Разам з тым дзяржаўная мяжа СССР адсоўвалася на 200 – 300 км на захад. Фашысцкая Германія пазбаўлялася выгаднага стратэгічнага плацдарма для нападзення на СССР.

28 – 30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Па дакладах дэпутатаў С.В. Прытыцкага і Ф.Д. Манцэвіча Народны сход прыняў Дэкларацыі аб дзяржаўнай уладзе і аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Былі прыняты таксама рэзалюцыі аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.

У выніку ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР, тэрыторыя апошняй павялічылася з 125,6 тыс. км2 да 225,6 тыс. км2, а насельніцтва – з 5,6 млн. да 10,3 млн. чалавек. На далучанай тэрыторыі было ўтворана 5 абласцей – Баранавіцкая, Брэсцкая, Беластоцкая, Вілейская і Пінская, якія ў сваю чаргу дзяліліся на раёны і сельсаветы.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР ў межах рэспублікі апынуліся тры епархіі, якія раней уваходзілі ў склад праваслаўнай аўтакефальнай царквы ў Польшчы: Віленская, Гродзенская і Палеская. Там дзейнічала каля 800 храмаў і 5 манастыроў. Савецкая ўлада не стала на шлях правядзення масавых рэпрэсій у адносінах да духавенства і закрыцця храмаў, як гэта рабілася ў свой час у Беларускай ССР. Аднак было аб’яўлена аб нацыяналізацыі царкоўнай маёмасці, забароне выкладання ў школах закона божага і згортванні кнігавыдавецкай дзейнасці. У сродках масавай інфармацыі разгарнулася шырокая антырэлігійная кампанія.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з СССР і БССР мела гістарычнае значэнне. Быў пакладзены канец падзелу беларускага этнасу і беларускай этнічнай тэрыторыі. Збылася адвечная мара беларускага народа жыць у адзінай беларускай нацыянальнай дзяржаве. Уключэнне заходнебеларускіх зямель у склад СССР і БССР садзейнічала паскарэнню іх сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця.

У пачатку кастрычніка 1939 г. Віленская ўправа прыняла рашэнне ўдзельнічаць у выбарах Народнага Сходу Заходняй Беларусі. Аднак насельніцтву Вільні і Віленшчыны ўдзельнічаць у іх не давялося. Справа ў тым, што 3 кастрычніка 1939 г. у Маскве пачаліся перагаворы паміж урадамі СССР і Ковенскай Літвы (сталіцай Літвы ў той час быў г. Коўна (зараз Каўнас) адносна лёсу Віленшчыны. 10 кастрычніка 1939 г. у палітычных мэтах, для схілення літоўскага кіраўніцтва на савецкі бок быў падпісаны дагавор аб далучэнні Вільні і Віленшчыны да Літвы. Дагавор прадугледжваў пропуск савецкіх войск праз літоўскую тэрыторыю, узбраенне літоўскага войска. Літве было паабяцана не перашкаджаць у яе самастойнай унутранай і знешняй палітыцы. На тэрыторыі Літвы размяшчаўся кантынгент савецкіх войск колькасцю 20 тыс. чал.

У лістападзе 1940 г. адбыліся новыя тэрытарыяльныя змены не на карысць Беларусі. Згодна з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 лістапада 1940 г. Савецкай Літве перадаваліся Свянцянскі раён і часткі тэрыторый Відзаўскага, Гадуцішкаўскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў Беларускай ССР, а таксама курорт Друскенікі (зараз Друскенінкай), які спрадвеку знаходзіўся ў Гродзенскай губерні. Гэтая тэрыторыя складала 2600 км2 з насельніцтвам 65 тыс. чал. [9]

Гісторыкі выказваюць розныя меркаванні адносна тэрытарыяльных змен на карысць Літвы, праведзеных у 1939 – 1940 гг. Аднак многія з іх аднадушныя ў тым, што гэтыя змены праводзіліся ў палітычных мэтах, без згоды Беларускай ССР, без уліку нацыянальнага складу насельніцтва.

Сапраўды, савецкае кіраўніцтва добра разумела, што Літва, Латвія і Эстонія, якія ўваходзілі ў сферу інтарэсаў СССР, у хуткім часе стануць савецкімі (так і здарылася летам 1940 г.). Таму для Масквы не мела прынцыповага значэння, каму будзе належаць Вільня, Віленскі край і некаторыя іншыя тэрыторыі, якія раней уваходзілі ў склад БССР. Галоўнае ў тым, што БССР, Літва, Латвія і Эстонія з’яўляюцца савецкімі і што ўсе яны ўваходзяць у склад СССР. Тут браўся пад увагу інтарэс не нацыянальны, а класава-палітычны, інтэрнацыяналісцкі.

Што тычыцца нацыянальнага складу насельніцтва, то гэта вельмі складанае і спрэчнае пытанне. Вядома, што ў 1939 г. у Вільні і Віленскім краі ні беларусы, ні літоўцы не складалі большасці насельніцтва. Наадварот, яны з’яўляліся нацыянальнымі меншасцямі. Большасць насельніцтва краю складалі палякі, яўрэі і рускія. Сцвярджэнне некаторых гісторыкаў аб тым, што ў Вільні ў 1939 г. большасць насельніцтва складалі беларусы, – памылковае. Па розных крыніцах, беларусы складалі ад 1,7 % да 5 % насельніцтва Вільні. Прыкладна столькі ж было і літоўцаў у агульным складзе насельніцтва Вільні. Вось і паспрабуй вырашыць тэрытарыяльнае пытанне Беларусі і Літвы, улічваючы нацыянальны склад насельніцтва!

Беларуская ССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Гітлераўская Германія разам са сваімі саюзнікамі пашырала агрэсію супраць краін Еўропы. Вясной 1940 г. яна захапіла Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 22 чэрвеня 1940 г. падпісала акт аб капітуляцыі Францыя. У жніўні 1940 г. германская авіяцыя пачала масіраваныя бамбардзіроўкі Англіі. У верасні 1940 г. Германія ўвяла свае войскі ў Румынію, а вясной 1941 г. акупіравала Балгарыю, Грэцыю і частку Югаславіі. Вяліся таксама баявыя дзеянні ў Афрыцы.

Адначасова Германія пачала падрыхтоўку да вайны з СССР. 22 чэрвеня 1940 г. Гітлер аддаў загад аб распрацоўцы плана нападзення на СССР. Гэты план – план маланкавай вайны пад кодавай назвай “Барбароса” быў зацверджаны ў снежні 1940 г. У маі 1941 г. быў прыняты яшчэ адзін план – план “Ост”, які ўяўляў з сябе праграму знішчэння і каланізацыі народаў Савецкага Саюза.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны БССР была адной з індустрыяльна-аграрных рэспублік СССР. У яе склад уваходзіла 10 абласцей і 188 раёнаў. У 1940 г. валавая прадукцыя прамысловасці рэспублікі ўзрасла ў параўнанні з 1913 г. у 8,1 разы, а валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі – у 1,7 разы.

У сувязі з нарастаннем ваеннай пагрозы савецкае кіраўніцтва прымала меры па ўмацаванню абараназдольнасці краіны. Быў завершаны пераход ад тэрытарыяльна-кадравай да адзінай кадравай сістэмы пабудовы Узброеных Сіл. У адпаведнасці з Законам СССР “Аб усеагульнай воінскай павіннасці” (верасень 1939 г.) Узброеныя Сілы краіны павялічыліся з 1,9 млн. чалавек у 1939 г. да 5 млн. чалавек у пачатку 1941 г. Абаронныя заводы пераводзіліся на серыйны выпуск новых відаў узбраенняў.

На тэрыторыі БССР уздоўж заходняй граніцы краіны былі пабудаваны 193 баявыя ўмацаванні (“лінія Молатава” ) (сістэма баявых умацаванняў на заходняй граніцы СССР да 17 верасня 1939 г. (“лінія Сталіна”)страціла цяпер сваё былое ваенна-стратэгічнае значэнне). Павялічвалася таксама прапускная здольнасць магістральных чыгунак, якія ішлі да граніцы, войскі забяспечваліся новай баявой тэхнікай і сродкамі сувязі. Шмат увагі надавалася будаўніцтву авіяцыйных заводаў у Мінску і Магілёве, танкарамонтных заводаў у Віцебску і Баранавічах. Дзейнічалі шматлікія абаронныя і спартыўныя таварыствы. Праводзілася вялікая работа па выхаванні пачуцця патрыятызму ў савецкіх людзей, іх гатоўнасці абараняць Айчыну.

Аднак многія меры па ўмацаванні абараназдольнасці краіны былі частковымі і запозненымі. Сістэма ўмацаванняў на заходніх рубяжах да пачатку вайны цалкам не была пабудавана, марудна ішло пераўзбраенне войск новай тэхнікай, некаторыя воінскія часці не былі цалкам ўкамплектаваныя асабовым складам.

 

§ 2. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі

Нападзенне фашысцкай Германіі на СССР. Цэнтралізацыя кіраўніцтва краінай, мабілізацыя і эвакуацыя. 22 чэрвеня 1941 г. у 3 гадзіны 30 хвілін тры групы армій фашысцкага блоку на фронце паміж Балтыйскім і Чорным морамі і тры асобныя арміі паміж Фінскім залівам і Баранцавым морам (усяго 190 варожых дывізій, з якіх 153 дывізіі – нямецкія і 37 дывізій – фінскія, венгерскія, італьянскія і румынскія, агульнай колькасцю 5,5 млн. чал.) пасля магутнай артылерыйскай падрыхтоўкі ўварваліся на тэрыторыю Савецкага Саюза. Варожая авіяцыя нанесла ўдар па аб’ектах у заходняй прыгранічнай паласе на адлегласці 400 км, г. зн. на глыбіню размяшчэння войск нашых заходніх прыгранічных ваенных акруг. У дэмагагічным звароце да войcк на Усходнім фронце 22 чэрвеня А. Гітлер заявіў: «Кремлёвские власти … намеревались уничтожить не только Германию, но и всю Европу. … Противник вооружился до такой степени, что это превзошло самые серьёзные опасения. … Бог был милосерден к нашему народу и ко всему европейскому миру – если бы этот варварский враг двинул десятки тысяч своих танков до того, как мы двинули свои, вся Европа была бы потеряна…».

Як бачна, абвінавачанне СССР ў падрыхтоўцы нападу на Германію неаднойчы гучала з вуснаў Гітлера і бліжэйшага яго акружэння. Што тычыцца гістарыяграфіі, то міф аб тым, што СССР рыхтаваў прэвентыўны ўдар, быў шырока распаўсюджаны адразу пасля вайны ва ўспамінах былых германскіх генералаў і афіцэраў і чыноўнікаў Трэцяга рэйха, якія імкнуліся апраўдаць свой удзел у рэалізацыі экспансіўнай захопніцкай палітыкі.

Мэтай нападу фашысцкай Германіі на СССР з’яўлялася ліквідацыя, савецкай дзяржавы як адзінай перашкоды на шляху пашырэння жыццёвай прасторы для германцаў, заваявання імі сусветнага панавання; падзел тэрыторыі і багаццяў СССР паміж Германіяй і яе сатэлітамі, стварэнне на прасторах СССР дробных дзяржаўных утварэнняў каланіяльнага і паўкаланіяльнага тыпу; каланізацыя тэрыторыі СССР, фізічнае знішчэнне большай часткі славян – насельніцтва “ніжэйшай расы”, анямечванне астатніх славян і ператварэнне іх у рабоў нямецкіх паноў. У адпаведнасці з планам “Ост” меркавалася 75 % насельніцтва Беларусі знішчыць ці выселіць за Урал, 25 % анямечыць і прымусіць працаваць на немцаў-каланізатараў.

22 чэрвеня 1941 г. у 12 гадзін дня з заявай Савецкага ўрада па радыё выступіў нарком замежных спраў В.М. Молатаў. У заяве выражалася цвёрдая ўпэўненасць у перамозе над агрэсарам: “Наше дело правое, враг будет разбит. Победа будет за нами”. Вайна з першых дзён атрымала назву “Вялікай Айчыннай”.

На тэрыторыі СССР, у тым ліку і ў Беларусі, праводзілася мабілізацыя ў дзеючую Чырвоную Армію ваеннаабавязаных запасу.

Вайна вымусіла пайсці на жорсткую цэнтралізацыю кіраўніцтва краінай. 23 чэрвеня 1941 г. была створана Стаўка Галоўнага Камандавання (пазней – Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання), а 30 чэрвеня – Дзяржаўны Камітэт Абароны на чале з І. Сталіным.

З тэрыторыі Беларусі ажыццяўлялася эвакуацыя ва ўсходнія раёны краіны цывільнага насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей. За кароткі час было эвакуіравана звыш 1,5 млн. чалавек, 124 прадпрыемствы, тысячы металаапрацоўчых станкоў, матораў, тэкстыльных, швейных, скураабутковых і трыкатажных машын, трактароў, камбайнаў, малатарняў. Вывозілася гатовая прадукцыя і сыравіна, збожжа і прадукты харчавання, пераганяліся на ўсход сотні тысяч галоў жывёлы. Эвакуіраваліся таксама многія ўстановы адукацыі, навукі і культуры.

Насельніцтва Беларусі дапамагала Чырвонай Арміі. У будаўніцтве абарончых аб’ектаў і рубяжоў на тэрыторыі рэспублікі ўдзельнічала каля 2 млн. чалавек. З добраахвотнікаў, якія не падлягалі прызыву ў армію, былі створаны дзесяткі знішчальных батальёнаў і сотні фарміраванняў народнага апалчэння, якія вялі барацьбу з дэсантамі праціўніка, шпіёнамі, ахоўвалі прамысловыя аб’екты, дзяржаўныя ўстановы, лініі сувязі. Разам з часцямі Чырвонай Арміі добраахвотнікі прымалі ўдзел у абарончых баях.

Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі і адступленне Чырвонай Арміі. Нападзенне на СССР гітлераўцы пачалі моцным артылерыйскім абстрэлам прыгранічных раёнаў і налётам авіяцыі на месцы размяшчэння савецкіх войск, аэрадромы, казармы, чыгуначныя вузлы, гарады. На Мінск, Смаленск і Маскву наступала група армій “Цэнтр” на чале з генерал-фельдмаршалам Ф. Бокам. Ёй супрацьстаяў Заходні фронт, якім камандаваў генерал арміі Д.Р. Паўлаў.

Гераічна змагаліся з ворагам пагранічнікі, лётчыкі, прадстаўнікі ўсіх родаў войск. Гінулі, але не пакідалі баявыя пазіцыі воіны пагранічных застаў, якімі камандавалі афіцэры М.К. Ішкоў, А.М. Кіжаватаў, І.Р. Ціханаў, В.М. Усаў. Лётчыкі П.С. Рабцаў, А.С. Данілаў, С.М. Гудзімаў, Д.В. Кокараў таранілі варожыя самалёты. На працягу першага дня вайны ў паветраных баях было збіта больш за 100 нямецкіх самалётаў.

Усяму свету вядома гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. За бессмяротны подзвіг, які здзейснілі абаронцы крэпасці, ёй было прысвоена ганаровае званне “Крэпасць-герой” (1965 г.). Толькі за першыя 3 дні абароны Мінска воіны 100‑й савецкай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра І.М. Русіянава знішчылі каля 100 танкаў праціўніка. У баях за Мінск каля Радашковіч здзейсніў свой гераічны подзвіг экіпаж бамбардзіроўшчыка пад камандаваннем капітана М.Ф. Гастэлы. Свой падбіты самалёт ён накіраваў у калону нямецкіх танкаў і аўтамашын.

Аднак нягледзячы на мужнасць і гераізм савецкіх салдат і афіцэраў, 28 чэрвеня 1941 г. нямецка-фашысцкія войскі захапілі Мінск. У гіганцкім катле на захад ад беларускай сталіцы ў акружэнні апынуліся больш за 300 тыс. салдат і камандзіраў 3‑й, 4‑й, 10‑й і 13‑й савецкіх армій. Большасць салдат і камандзіраў трапіла ў нямецкі палон. Толькі частка воінаў змагла прабіцца з акружэння, а многія засталіся ў лясах і потым перайшлі да партызанскай барацьбы.

У складанай ваенна-стратэгічнай сітуацыі ў ліпені 1941 г. войскі Заходняга фронту ажыццявілі шэраг контрудараў. 6 ліпеня войскі 20‑й арміі пад камандаваннем генерала П.А. Курачкіна нанеслі контрудар у напрамку Сянно – Лепель і адкінулі ворага на 30 – 40 км. Адбыўся адзін з найбуйнейшых у пачатковым перыядзе вайны танкавых баёў, у якім з абодвух бакоў было задзейнічана больш за 1500 машын. 13 ліпеня войскі 63‑га корпуса пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Л.Р. Пятроўскага фарсіравалі Днепр, вызвалілі Жлобін і Рагачоў і пачалі развіваць наступленне на Бабруйск. 22 ліпеня пачаўся 12‑дзённы рэйд па тылах ворага кавалерыйскай групы генерала А.І. Гарадавікова. Былі вызвалены Глуск, Старыя Дарогі, нанесены раптоўны ўдар па Асіповічах. 30 ліпеня быў вызвалены Крычаў. Аднак не падтрыманыя агульным наступленнем контрудары асобных вайсковых злучэнняў поспеху не мелі.

Выключна напружанымі былі баі на рубяжах Бярэзіны і Дняпра. Пад Барысавам, паводле прызнання нямецкага генерала Г. Гудэрыяна, гітлераўскія войскі адчулі магутнасць танкаў Т‑34. 14 ліпеня 1941 г. пад Оршай упершыню нанесла магутны ашаламляльны ўдар па ворагу батарэя рэактыўных установак (“кацюш”) пад камандаваннем капітана І.А. Флёрава.

На працягу 23 дзён савецкія войскі стрымлівалі націск ворага пад Магілёвам. Больш за месяц ішлі баі за Гомель.

К пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вораг наступаў і на іншых участках савецка-германскага фронту.

Прычыны няўдач і паражэнняў Чырвонай Арміі летам – восенню 1941 г. Як магло здарыцца, што Чырвоная Армія ў пачатковы перыяд вайны пацярпела паражэнне?

Прычыны няўдач і паражэнняў Чырвонай Арміі былі абумоўлены шэрагам эканамічных, палітычных і ваенных фактараў – аб’ектыўных і суб’ектыўных.

Пачнем з разгляду аб’ектыўных фактараў няўдач і паражэнняў Чырвонай Арміі.

1. Да пачатку Другой сусветнай вайны Германія з дапамогай іншых капіталістычных краін стварыла магутную ваенную эканоміку, перабудавала сваю гаспадарку на ваенны лад, разгарнула масавую вытворчасць усіх відаў сучасных узбраенняў. Да таго ж фашысты распараджаліся рэсурсамі 12 краін Еўропы. Перад нападзеннем на СССР ваенна-эканамічны патэнцыял і людскія рэсурсы Германіі, яе васалаў і захопленых краін у некалькі разоў перавышалі ваенна-эканамічны патэнцыял і людскія рэсурсы Савецкага Саюза.

2. Пасля заваявання Еўропы фашысцкая Германія мела вопытную, правераную ў баях армію, якая знаходзілася ў поўнай баявой гатоўнасці, добра наладжаную работу штабоў, адпрацаванае амаль па гадзінах узаемадзеянне пяхоты, артылерыі, танкаў і авіяцыі. Нямецка-фашысцкая армія была сканцэнтравана ў трох моцных кампактных групоўках, разгорнутых уздоўж заходніх граніц СССР, добра забяспечана тэхнічна, амаль поўнасцю матарызавана, чаму ў значнай ступені садзейнічала трафейная тэхніка і ўзбраенні, захопленыя ў акупаваных краінах Еўропы. Вермахт выкарыстаў узбраенне і тэхніку 180 дывізій (92 нямецкія дывізіі былі забяспечаны трафейнымі аўтамашынамі). Толькі ў Францыі фашысцкія войскі захапілі да 5 тыс. танкаў і бронетранспарцёраў і 3 тыс. самалётаў.

Чырвоная Армія не мела багатага вопыту вядзення сучаснай вайны. Больш таго, не было зроблена глыбокага аналізу ваенных аперацый Германіі супраць Польшчы і Францыі. У снежні 1940 г. нарком абароны С.К. Цімашэнка заявіў: «В смысле стратегического творчества опыт войны в Европе, пожалуй, не даёт ничего нового». Хаця па колькасці танкаў і самалётаў мы пераўзыходзілі Германію (у СССР к чэрвеню 1941 г. было 7,6 тыс. танкаў і 17 тыс. самалётаў, у Германіі – 6 тыс. танкаў і 10 тыс. самалётаў), аднак іх большую частку складалі машыны старых канструкцый, з выпрацаваным рэсурсам, якія патрабавалі рамонту ці спісання. Напрыклад, у агульным парку баявых самалётаў 82,7 % складалі старыя тыпы. У пачатку вайны ў савецкіх войсках было недастаткова супрацьтанкавых і зенітных установак, сродкаў сувязі і транспарта. Дрэнна было і з боепрыпасамі.

3. Значныя ваенныя сілы Савецкі Саюз быў вымушаны трымаць на Далёкім Усходе (40 дывізій – супраць японскіх мілітарыстаў) і ў Закаўказзі (супраць пагрозы з боку Турцыі). У сувязі з гэтым Савецкі Саюз не ў стане быў усе сілы і сродкі накіраваць на адпор гітлераўскай навале.

Побач з аб’ектыўнымі прычынамі існавалі і суб’ектыўныя прычыны няўдач і паражэнняў Чырвонай Арміі. Вось некаторыя з іх.

1. Няўдачы і паражэнні Чырвонай Арміі тлумачацца не толькі тым, што савецкія войскі былі атакаваны нечакана, што яны былі вымушаны ўступаць у бой без патрэбнага стратэгічнага разгортвання, што многія палкі і дывізіі не былі ўкамплектаваны па штатах ваеннага часу, мелі абмежаваныя матэрыяльныя і транспартныя сродкі і сродкі сувязі, часта дзейнічалі без паветранай і артылерыйскай падтрымкі. Апошняе нельга пераацэньваць, бо 22 чэрвеня 1941 г. падвергліся ўдарам толькі 30 савецкіх дывізій першага эшалона арміі прыкрыцця. Трагедыя паражэння галоўных сіл Заходняга, Паўночна-Заходняга і Паўднёва-Заходняга франтоў выявілася ў час контрбітваў 23 – 30 чэрвеня 1941 г. паміж новай і старой граніцамі.

Ход прыгранічных бітваў паказаў, што нашы войскі на ўсіх узроўнях – ад Стаўкі Галоўнага Камандавання да камсастава тактычнага звяна не былі падрыхтаваны да вядзення сучаснай вайны з масавым выкарыстаннем артылерыі, танкаў, авіяцыі. Авалодваць навыкамі вядзення сучаснай вайны Чырвонай Арміі прышлося ў ходзе бітваў з вялікімі стратамі ў жывой сіле і тэхніцы. Недахопы ў боегатоўнасці нашых войск, якія былі выяўлены ў бітвах каля воз. Хасан, на р. Халхін‑Гол і ў савецка-фінскай вайне, не былі і не маглі быць ліквідаваны ў кароткі тэрмін. У 1937 г. былі расфарміраваны механізаваныя карпусы, што не адпавядала патрабаванням сучаснай вайны. Толькі ў 1940 г. іх зноў пачалі ствараць, але да пачатку вайны іх фарміраванне не здолелі завяршыць. Не было завершана таксама фарміраванне авіяцыйных злучэнняў і ўзбраенне іх найноўшай тэхнікай, тэхнічнае пераўзбраенне ўсёй Чырвонай Арміі. Галоўная ўвага ў баявой вучобе надавалася пяхоце. Падрыхтоўцы бранятанкавых войск і авіяцыі, узаемадзеянню родаў войск у сучаснай вайне такой увагі не надавалася. У германскай арміі, наадварот, на полі боя назіралася ўзаемадзеянне танкаў з пяхотай, артылерыяй і авіяцыяй.

2. Негатыўную ролю адыгралі пралікі Сталіна і яго бліжэйшага акружэння ў ацэнцы ваенна-стратэгічнай сітуацыі і ў вызначэнні магчымых тэрмінаў нападзення Германіі на СССР. Лічылася, што спачатку Германія разаб’е Англію, затым магчымы ваенны паход на Блізкі і Сярэдні Усход і толькі пасля гэтага яна можа пачаць вайну супраць СССР. Паварот у палітыцы фашысцкай Германіі, звязаны з фактычнай адмовай ад дагавора аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 г., савецкімі кіраўнікамі не быў своечасова заўважаны, таму лічылася, што ваеннае сутыкненне з ёю можна адцягнуць. Інфармацыя аб блізкасці вайны, якая паступала ад разведчыкаў (разведка называла супярэчлівыя даты пачатку вайны: 14 і 15 мая, 20 і 21 мая, 15 чэрвеня, 22 чэрвеня…), дыпламатаў, ваенных аташэ і іншых афіцыйных асоб, ігнаравалася.

І ўсё-такі перад пагрозай вайны наркамату абароны ўдалося дабіцца ад Сталіна дазволу часткова прызваць у армію паўмільёна запасных і перадыслакаваць у заходнія ваенныя акругі дадаткова чатыры арміі. Дазволу на прывядзенне ў баявую гатоўнасць войск прыгранічных акруг Сталін не даў. Пры парушэнні германскімі самалётамі паветранай прасторы СССР (толькі за першую палову 1941 г. было зарэгістравана 324 парушэнні) катэгарычна забаранялася іх збіваць. У ноч на 22 чэрвеня 1941 г. пад ціскам новых звестак І. Сталін дазволіў наркамату абароны даць у акругі дырэктыву аб магчымым нечаканым нападзенні немцаў 22 – 23 чэрвеня і аб прывядзенні ўсіх часцей у поўную баявую гатоўнасць. Аднак у войскі дырэктыва паступіла з вялікім спазненнем, фактычна пасля з’яўлення ворага на савецкай тэрыторыі.

3. Няўдачы Чырвонай Арміі былі абумоўлены памылковасцю савецкай ваеннай дактрыны, недахопамі і пралікамі ў стратэгічнай і тактычнай падрыхтоўцы савецкіх войск. У адпаведнасці з савецкай ваеннай дактрынай агрэсар павінен быць абяскроўлены і затрыманы на граніцы ў выніку кароткатэрміновых, непрацяглых прыгранічных баёў. Затым вайна пераносіцца на тэрыторыю агрэсара. Чырвоная Армія толькі наступае, робіць гэта паспяхова, знішчае ворага ў яго логаве і дабіваецца перамогі. Вайна вядзецца на чужой тэрыторыі і малой крывёю. У сувязі з гэтым Чырвоная Армія рыхтавалася да вядзення вайны ва ўмовах наступлення і не ўмела весці вайну ў абароне. У савецкага камандавання адсутнічаў надзейны план стратэгічнай абароны, а ў пачатку вайны давялося менавіта абараняцца. На жаль, камандзіры і салдаты не ўмелі рабіць гэта прафесійна.

Вышэйшае савецкае кіраўніцтва ў першай палове 1941 г. з цэнтральных рэгіёнаў СССР на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі перадыслакавала 4 арміі, перакінула вялікую колькасць баявой тэхнікі, боепрыпасаў, гаруча-змазачных матэрыялаў, ваеннага рыштунку з тым, каб на выпадак агрэсіі прыпыніць ворага на граніцы, а затым, у адпаведнасці з ваеннай дактрынай, перанесці баявыя дзеянні на тэрыторыю агрэсара.

4. Недахоп кадравага, прафесійнага каманднага складу і прафесійных штабоў, ад Стаўкі, наркамата абароны і генштаба да камандзіраў палкоў, батальёнаў і начальнікаў штабоў палкоў, адсутнасць у іх неабходных ваенных ведаў і баявога вопыту – яшчэ адна з прычын няўдач і паражэнняў Чырвонай Арміі. Па прычыне сталінскіх рэпрэсій да пачатку вайны 70 % начальніцкага складу Чырвонай Арміі мелі вопыт службы на пасадзе ад 1 да 6 месяцаў, 50 % камандзіраў батальёнаў і 68 % камандзіраў рот былі выпускнікамі 6‑месячных курсаў, яны не закончылі нават ваеннага вучылішча. Толькі каля 15 % каманднага складу валодалі вопытам вядзення ваенных дзеянняў у 1938 – 1940 гг., а таксама ў Кітаі і Іспаніі. Не было неабходнага вопыта і ў Стаўкі. Яе загады любымі сродкамі ўтрымліваць занятыя рубяжы нават ва ўмовах глыбокага флангавага абходу праціўніка часта станавіліся прычынай падстаўкі пад удары ворага цэлых груповак савецкіх войск. Гэта прыводзіла да вядзення бітваў ва ўмовах акружэння, вялікіх страт у жывой сіле і тэхніцы, а таксама ўзмацняла панічныя настроі.

Савецкія военачальнікі і камандзіры мелі лепшага ў свеце салдата, які ў час савецка-фінскай вайны 1939 – 1940 гг. пры 40-градусным марозе, 2-метровым пласце снегу, у лясістай мясцовасці з мноствам азёр і рэк узяў штурмам лінію Манергейма. На думку экспертаў, гэтага зрабіць не здолеў бы ніводзін другі салдат свету. Савецкі салдат прадэманстраваў свае лепшыя якасці і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але ў пачатку яе па віне перш-наперш военачальнікаў і камандзіраў розных узроўняў ён быў вымушаны адступаць.

5. Пятая прычына няўдач і паражэнняў Чырвонай Арміі – востры недахоп падрыхтаваных прафесійных малодшых камандзіраў (сяржантаў і старшын) і малодшых афіцэрскіх кадраў – ад малодшага лейтэнанта да капітана ўключна. Генералаў і вышэйшых афіцэрскіх кадраў, нягледзячы на рэпрэсіі, у Чырвонай Арміі хапала, а вось малодшых камандзіраў і малодшых афіцэрскіх кадраў адчуваўся востры недахоп. Гэта было выклікана павелічэннем Узброеных Сіл СССР з 1,9 млн. чал. у 1939 г. да 5 млн. чал. у пачатку 1941 г. пасля прыняцця 1 верасня 1939 г. Закона аб усеагульнай воінскай павіннасці. Калі ўзяць пяхотны полк у 1 500 чал. па штатах ваеннага часу, то вышэйшых афіцэраў (маёр – падпалкоўнік – палкоўнік) трэба было некалькі дзесяткаў, камандзіраў узводаў (малодшы лейтэнант – лейтэнант – старшы лейтэнант) больш за 60 чал., а сяржантаў і старшын – больш за 200 чал.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 605; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.042 сек.