Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Урокі Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны




· Галоўны ўрок Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны – чалавецтва, жыхары планеты павінны зрабіць усё магчымае, каб сусветная бойня, рэгіянальныя і лакальныя ваенныя канфлікты больш ніколі не паўтараліся, каб усе спрэчныя пытанні ў міждзяржаўных адносінах вырашаліся за сталом перагавораў.

· Злачынна патураць агрэсару, шукаць толькі для сябе выгады. У рэшце рэшт прайграюць усе.

· Імкненне рэакцыйных сіл свету да сусветнай гегемоніі, панавання над іншымі народамі асуджана на правал. Немагчыма спыніць прагрэс чалавецтва, устанавіць панаванне над усімі народамі і краінамі свету.

· Практыкай даказана магчымасць супрацоўніцтва розных грамадска-палітычных сістэм у барацьбе супраць агрэсара, за мір. Гэты вопыт надзвычай карысны сёння, калі глабальныя праблемы можна вырашаць толькі аб’яднанымі намаганнямі ўсіх.

· Савецкі Саюз, яго армія і народ вынеслі на сабе асноўны цяжар вайны, адыгралі рашаючую ролю ў разгроме агрэсараў.

· Неабходна праяўляць высокую пільнасць і ўмацоўваць абарону сваёй Радзімы. Агрэсарам трэба памятаць аб адплаце за развязванне вайны: Нюрнбергскім і Такійскім міжнароднымі трыбуналамі ваенныя злачынцы былі прыгавораны да смяротнага пакарання. Гэта быў прысуд і агульны прыгавор народаў свету.

 


РАЗДЗЕЛ VIII. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ, ПАЛІТЫЧНАЕ І КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАЙ ССР. ЗАМЕЖНЫЯ СУВЯЗІ (1945 – 1990 гг.)

ГЛАВА 1. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСІ

§ 1. Аднаўленне народнай гаспадаркі рэспублікі пасля Вялікай Айчыннай вайны

Вялікая Айчынная вайна і фашысцкая акупацыя прынеслі беларускаму народу велізарныя бедствы: загінула больш за 2 млн. 200 тыс. чалавек, толькі прамыя страты склалі 75 млрд. руб. (у цэнах 1942 г.). Аднаўленне эканомікі пачыналася адразу пасля вызвалення – у канцы 1943 – пачатку 1944 г. Аднак галоўнае было зроблена пасля заканчэння Айчыннай вайны, у ходзе рэалізацыі чацвёртага пяцігадовага плана аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі 1946–1950 гг. Яго асноўныя задачы былі выкладзены ў прынятым Вярхоўным Саветам БССР у верасні 1946 г. “Законе аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі рэспублікі на 1946–1950 гг.”. Ён з’явіўся часткай чацвёртага пяцігадовага плана развіцця СССР.

Аб’ём капіталаўкладанняў на пяцігодку вызначыўся ў суме 742 млн. руб., што перавышала памер капіталаўкладанняў па рэспубліцы за тры даваенныя пяцігодкі разам узятыя. Гэта павінна было забяспечыць высокія тэмпы аднаўлення і развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі.

У галіне прамысловасці ў чацвёртай пяцігодцы планавалася аднавіць даваенны ўзровень, а потым перавысіць яго. Характэрная рыса чацвёртай пяцігодкі – гэта не толькі аднаўленне разбуранага, развіццё старых галін, але – і гэта галоўнае – стварэнне новых і вельмі працаёмкіх галін, што ў той час аргументавалася неабходнасцю выкарыстання працоўных рэсурсаў і патрэбамі рэспублікі і краіны. У выніку пасляваеннае развіццё вызначыла ў значнай ступені далейшую спецыялізацыю Беларусі ў грамадскім падзеле працы і яе ролю ў стварэнні адзінага народнагаспадарчага комплексу СССР.

Галоўнымі напрамкамі прамысловага развіцця пасляваеннай Беларусі з’явіўся паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў.

Пасляваеннае машынабудаванне характарызуецца не толькі адраджэннем старых, але і стварэннем шэрагу новых яе галін: аўтамабільнай, трактарнай, дарожных машын і будаўнічых механізмаў. Аўтамабільны і трактарны заводы ў Мінску былі буйнейшымі новабудоўлямі Беларусі. У будаўніцтве гэтых гігантаў прымала ўдзел уся краіна. У 1950 г. яны ўступілі ў строй і выдалі першую прадукцыю.

Машынабудаванне і металаапрацоўка пераўтварыліся ў вядучую галіну эканомікі рэспублікі. Ужо ў 1950 г., апошнім годзе чацвёртай пяцігодкі, яе валавая прадукцыя перавысіла ўзровень 1940 г. у 2,4 разы. Упершыню быў асвоены выпуск аўтамабіляў, аўтапрычэпаў, трактароў, веласіпедаў, цэглавырабляючых прэсаў, ліцейнага абсталявання і шмат іншага.

Вялікія поспехі мелі месца ў стварэнні энергетычнай і паліўнай базы народнай гаспадаркі. Былі адноўлены і зноў пабудаваны БелГРЭС, электрастанцыі ў Гомелі, Маладзечна, Гродна, Бабруйску, Брэсце і іншых гарадах і раённых цэнтрах, падрыхтавана да пуску першая чарга Смілавіцкай ГРЭС і Заводская ТЭЦ у Мінску. К 1950 г. выраб электраэнергіі па БССР перавысіў даваенны ўзровень на 47%. Прычым 80% электраэнергіі было выраблена на мясцовым тарфяным паліве. Развіваліся і традыцыйныя галіны беларускай эканомікі. Так, за пяцігодку вытворчасць будаўнічых матэрыялаў павялічылася ў 10 разоў і значна перавысіла даваенны ўзровень. Напрыклад, на вытворчасці цэменту – у 1,7 раза, цэглы – у 1,8 раза.

У ходзе пасляваеннага аднаўлення і развіцця прамысловасці рэспубліка павінна была рашыць вялікую задачу падрыхтоўкі кадраў для вытворчасці. У 1946–1950 гг. непасрэдна ў вытворчасці шляхам індывідуальнага, брыгаднага навучання праз курсавую сетку атрымалі масавыя прафесіі 47 тыс. і павысілі кваліфікацыю на вытворчасці, у школах і на курсах 42,5 тыс. чалавек.

Аднаўленне і развіццё галін цяжкай прамысловасці падрыхтавала базу для развіцця вытворчасці прадметаў спажывання. Выкананне гэтай задачы ўскладалася на прадпрыемствы лёгкай, харчовай, мясцовай прамысловасці, прамысловую кааперацыю. Да канца пяцігодкі на іх долю прыпадала больш за 70% ад усёй вытворчасці тавараў народнага спажывання. Пры гэтым мясцовая прамысловасць у пасляваенныя гады адыграла асабліва важную ролю. Яна працавала на мясцовай сыравіне і патрабавала менш сродкаў, чым на аднаўленне буйных фабрык і заводаў. Прадпрыемствы мясцовай прамысловасці хутка наладжвалі вытворчасць тавараў народнага спажывання: абутку, адзення, вырабаў са скуры, будаўнічых матэрыялаў і інш. За 1946–1950 гг. мясцовая прамысловасць і прамысловая кааперацыя асвоілі выпуск значнай колькасці новых відаў вырабаў, у тым ліку швейных машын, жалезнага і чыгуначнага, эмаліраванага, фаянсавага посуду, бытавых электрапрыбораў, прымусаў, гумавага абутку, прадметаў хатняга ўжытку. Тым самым змяншаўся востры дэфіцыт гэтых тавараў, рэгуляваліся працэсы занятасці працоўнай сілы.

Далейшае развіццё атрымала лёгкая прамысловасць: былі пабудаваны Мінскі і Гродзенскі тонкасуконныя камбінаты, што прывяло да вырабу ў рэспубліцы тонкасуконных і шарсцяных тканін, створана дыванова-плюшавая вытворчасць. Былі рэканструяваны гарбарна-абутковыя прадпрыемствы, ільназаводы, хутка развіваліся швейная, скураная і іншыя галіны лёгкай прамысловасці. Фактычна ізноў была створана магутная па таму часу трыкатажная прамысловасць. У выніку больш, чым да вайны, пачало вырабляцца шарсцяных і ільняных тканін, гумавага абутку.

Вялікая праца вялася ва ўсіх абласцях рэспублікі па аднаўленню харчовых, мясамалочных і іншых прадпрыемстваў, якія выраблялі прадукты харчавання. Створаны нанава цукровая, макаронная, кансервавая прамысловасці. Разам з тым развіццё харчовай прамысловасці стрымлівалася абмежаванымі рэсурсамі сельскагаспадарчай сыравіны, не поўнасцю выкарыстоўваліся магчымасці па расшырэнні вытворчасці гародніны і садавіны.

Неабходна падкрэсліць, што ва ўсіх галінах у значных маштабах рабілася тэхнічная рэканструкцыя, уводзілася больш дасканалае абсталяванне, выкарыстоўваліся новыя метады вытворчасці, павялічвалася ступень механізацыі, электрыфікацыі і аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. Але ў асноўным гэта адбывалася ў галінах цяжкай прамысловасці, у першую чаргу – у машынабудаванні.

Такім чынам, працэс аднаўлення ў прамысловасці ажыццяўляўся ў асноўным на новай тэхнічнай аснове. Пры гэтым ён ішоў адначасова з новым будаўніцтвам – узводзіліся карпусы аўтамабільнага, трактарнага, мотавеласіпеднага, інструментальнага, падшыпнікавага, гіпсавага і іншых заводаў. Усяго за пяцігодку было адноўлена, пабудавана і ўведзена ў дзеянне каля 6 тыс. прадпрыемстваў, у тым ліку 180 буйных.

Тэмпы росту валавай прадукцыі прамысловасці
ў 1945–1950 гг. (у % да 1940 г.)

Прамысловасць і яе галіны 1945 г. 1950 г.
паліўная    
вытворчасць электраэнергіі і цеплаэнергіі    
хімічная і гумава-азбеставая    
машынабудаванне і металаапрацоўка    
лясная, папяровая і дрэваапрацоўчая    
лёгкая    
харчовая    
_______________ Усяго:    

Прыведзеная табліца дае дакладнае ўяўленне аб прыярытэтах эканомікі пасляваеннага перыяду. Пры гэтым нельга не заўважыць, што ў пасляваенныя гады ішоў працэс змянення структуры прамысловай вытворчасці. Падала ўдзельная вага галін, дамінаваўшых да вайны (лёгкай, харчовай, лясной і дрэваапрацоўчай), і павялічвалася доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі.

Высокімі тэмпамі ішло аднаўленне і развіццё прамысловасці ў заходніх раёнах Беларусі. Былі пабудаваны першая і другая чэргі завода халадзільнікаў і мэблевая фабрыка ў Брэсце, кансервавы завод у Кобрыне, Гродзенскі тонкасуконны камбінат, цукровы завод у Скідзелі, электрастанцыя ў Баранавічах і іншыя. Высокімі тэмпамі тут развіваліся вытворчасць электраэнергіі, будматэрыялаў, аконнага шкла, абутку, швейных вырабаў, хлебапякарная вытворчасць. Аб’ём прамысловай прадукцыі ў заходніх абласцях рэспублікі ў 1950 г. перасягнуў даваенны ўзровень амаль удвая, а магутнасць электрастанцый – у 2,2 разы.

Складаным было становішча ў сельскай гаспадарцы. Пасяўныя плошчы да пачатку пяцігодкі ў калгасах складалі толькі 59% даваеннага ўзроўню, у саўгасах – 70%.

Былі прыняты меры па матэрыяльна-тэхнічнаму ўмацаванню сельскай гаспадаркі. За тры пасляваенныя гады калгасы БССР атрымалі 160 тыс. т харчовага збожжа і насення, 122 тыс. коней, 113 тыс. галоў буйнай рагатай жывёлы і інш. У 1948 г. Савет Міністраў СССР прыняў рашэнне аб мерах дапамогі сельскай гаспадарцы Беларусі, на падставе якога рэспубліка атрымала 3 тыс. трактараў, 200 збожжакамбайнаў, 2 тыс. трактарных плугоў, 1,2 тыс. трактарных збожжавых сеялак і іншую тэхніку.

У калгасах і саўгасах аднаўляліся пасяўныя плошчы, павялічваліся ўраджайнасць, пагалоўе жывёлы, паляпшалася арганізацыя працы. Сярэднегадавыя тэмпы прыросту вытворчасці збожжа ў чацвёртай пяцігодцы склалі 12%, бульбы – 15%, ільновалакна – 36%, малака – 22%.

Асноўны цяжар пасляваеннага аднаўлення вёскі вынеслі на сваіх плячах жанчыны, старыя і падлеткі. У 1947 г. працаздольнае насельніцтва вёскі складала 46% (гэта людзі ад 12 да 60 гадоў, у тым ліку жанчыны ад 16 да 60 гадоў – 25%).

У цэлым жа сялянства рэспублікі змагло, нягледзячы на цяжкія ўмовы, дасягнуць пэўных поспехаў. У канцы чацвёртай пяцігодкі агульная пасяўная плошча дасягнула 91,4% даваеннай, а пасевы збожжавых – 97,1%. Многія калгасы і саўгасы не толькі дасягнулі, але і перавысілі даваенны ўзровень па колькасці пагалоўя жывёлы і прадукцыйнасці жывёлагадоўлі. Аднак большасць калгасаў былі нерэнтабельнымі і стратнымі.

Хуткае аднаўленне і развіццё прамысловасці, некаторыя поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі далі магчымасць некалькі палепшыць становішча насельніцтва, хаця жыццё большасці людзей было вельмі цяжкім. Гэтаму спрыялі адмена картачнай сістэмы ў снежні 1947 г., некаторае павелічэнне даходаў працаўнікоў. Вельмі марудна, але паляпшалася матэрыяльнае становішча насельніцтва, асабліва гараджан. Ішло будаўніцтва жылля. За гады чацвёртай пяцігодкі ў гарадах і рабочых пасёлках рэспублікі былі ўведзены ў дзеянне 4,2 млн. кв. м жылля, а ў сельскай мясцовасці – 290,3 тыс. дамоў. Але жылля востра не хапала. Аднаўлялася сістэма аховы здароўя. Паступова наладжвалася медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. У першыя пасляваенныя гады былі ліквідаваны эпідэміі інфекцыйных захворванняў, праведзена масавае санітарнае абследаванне насельніцтва. Ужо да 1949 г. поўнасцю аднавілася сетка медыцынскіх устаноў, яны забяспечваліся неабходным медыцынскім абсталяваннем.

Можна адзначыць шэраг асаблівасцей, аказаўшых уплыў на далейшае развіццё рэспублікі. Гэта перш за ўсё ўзмоцненыя тэмпы індустрыялізацыі, не толькі адраджэнне старых, але і стварэнне новых галін, у будучым вызначыўшых асноўныя рысы эканомікі рэспублікі. Яны залажылі асновы для стварэння складанага народнагаспадарчага комплексу, забяспечылі дастаткова высокія тэмпы аднаўлення і развіцця прамысловасці ў заходніх абласцях Беларусі, паскорылі працэс фарміравання рабочага класу, прыток кадраў спецыялістаў з іншых рэгіёнаў краіны і адток насельніцтва з беларускай вёскі.

У цэлым жа складалася эканоміка, дазволіўшая БССР заняць у далейшым значнае месца ў сістэме агульнасаюзнага падзелу працы, стварыліся ўмовы для ўсебаковага развіцця рэспублікі.

 

§ 2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР у 1950-я – першай палове 1980-х гг.

Прамысловасць Беларусі ў пачатку 50-х гадоў дасягнула грунтоўных зрухаў у сваім развіцці. Было пабудавана каля 150 новых буйных прадпрыемстваў, у тым ліку Мінскі падшыпнікавы і гадзіннікавы заводы, Мінскі завод абагравальнага абсталявання, Аршанскі завод швейных машын, Віцебская шоўкаткацкая фабрыка, Мінскі камвольны камбінат. За пятую пяцігодку прадукцыя машынабудавання павялічылася ў 5,4 разы, склаўшы амаль 1/4 усёй валавай прадукцыі прамысловасці. Вытворчасць электраэнергіі і цеплаэнергіі павялічылася амаль у 3 разы, выпуск хімічнай і гума-азбеставай прамысловасці – у 3,7 разы.

У такіх абставінах і была зроблена першая спроба рэфармавання эканомікі ў краіне, пачатак якой паклалі рашэнні КПСС і ўрада СССР 1953–1955 гг. Яны вызначылі пераход да пашырэння тэхнічнага прагрэсу ў вытворчасці. У гэтыя працэсы была ўключана і эканоміка Беларусі.

Прамысловае будаўніцтва ў 50-я гады вялося ва ўмовах паскоранай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. На падставе пастановы ліпеньскага Пленума ЦК КПСС (1955 г.) у рэспубліцы абнаўляліся і мадэрнізаваліся асноўныя вытворчыя фонды, удасканальвалася тэхнічнае аснашчэнне, старая тэхніка замянялася новай. За 1955–58 гг. на прадпрыемствах рэспублікі было ўстаноўлена каля 200 паточных ліній, больш за 1000 адзінак новага і мадэрнізаванага абсталявання. Да 1961 г. было мадэрнізавана 3544 металарэзных станкоў і кузнечна-прэсавых агрэгатаў, устаноўлена звыш 500 аўтаматычных, паўаўтаматычных, механізаваных паточных канвеерных ліній, тысячы аўтаматаў і паўаўтаматаў.

Быў узяты курс на актыўнае супрацоўніцтва навукі з вытворчасцю – вучоныя АН БССР, ВНУ і іншых навукова-даследчых устаноў аказвалі прадпрыемствам канкрэтную дапамогу па пытаннях укаранення навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі. Напрыклад, супрацоўнікі фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР на аўтамабільным заводзе ўкаранялі новую тэхналогію і тэрмахімічны рэжым апрацоўкі дэталяў аўтамабіляў, якія толькі ў 1950–1954 гг. далі эканомію каля 10 млн. руб.

У сваім развіцці прамысловасць Беларусі абапіралася на індустрыяльную магутнасць усёй краіны. З Масквы, Ленінграда, прамысловых цэнтраў Паволжа, Урала рэспубліка атрымлівала розныя віды прамысловага абсталявання і машын, а таксама сталь, чыгун, вугаль, нафту, рэйкі, трубы, прадукцыю горнай металургіі і шмат іншага.

Паспяховае прамысловае будаўніцтва ў 50-я гады дазволіла асвоіць выпуск новых відаў прамысловай прадукцыі. Мінскі аўтамабільны завод пачаў выпуск 25-тонных самазвалаў МАЗ-525, 7-тонных аўтамабіляў МАЗ-200, лесавозаў МАЗ-501 і аўтапрычэпаў. У 1957 г. аўтазаводцы стварылі першы ўзор 40-тоннага самазвала, які на Сусветнай выставе ў Бруселі ў 1958 г. атрымаў вышэйшы прыз. На Магілёўскім металургічным заводзе імя А.Ф. Мяснікова ў 1957 г. быў выпушчаны першы беларускі пракат. Новая прадукцыя з’явілася на многіх іншых прадпрыемствах.

Паколькі магчымасці экстэнсіўнага росту прамысловасці рэспублікі на аснове пераважнага паглыблення індустрыялізацыі да пачатку 60-х гг. не былі вычарпаны, тэмпы яе развіцця на наступным этапе заставаліся дастаткова высокімі. У першай палове 60-х гадоў у БССР увайшлі ў строй 300 буйных прамысловых прадпрыемстваў.

Разам з тым перавод прамысловасці і іншых галін народнай гаспадаркі на новы тэхнічны ўзровень ажыццяўляўся марудна. У сувязі з гэтым ва ўсіх галінах пераважным заставалася экстэнсіўнае развіццё. У асобных галінах былі заніжаны тэмпы тэхнічнага пераўзбраення, марудна асвойвалася новая тэхніка і перадавая тэхналогія. На шматлікіх прадпрыемствах вялікае месца займала ручная праца. Гэта вяло да таго, што шэраг заводаў і фабрык не выконвалі ў тэрмін планавыя заданні, выпускалі ўстарэлую прадукцыю.

Больш выразна спроба рэфармаваць кіраванне эканомікай праявілася ў 50-я гады ў сельскай гаспадарцы. Тут сітуацыя заставалася складанай, таму што асноўныя сродкі і рэсурсы накіроўваліся на аднаўленне цяжкай прамысловасці, іншых галін народнай гаспадаркі.

Прычынай адставання сельскай гаспадаркі перш за ўсё была эканамічная палітыка, якую праводзіла савецкае кіраўніцтва, сур’ёзныя недахопы ў кіраўніцтве калгасамі і саўгасамі. Жнівеньская сесія Вярхоўнага Савета СССР і вераснёўскі (1953 г.) пленум ЦК КПСС прынялі рашэнне, накіраванае на ўздым сельскай гаспадаркі. Упершыню былі здзейснены меры па эканамічнаму ўмацаванню сельскагаспадарчай вытворчасці, пашырэнню самастойнасці калгасаў і саўгасаў, матэрыяльнай зацікаўленасці сялян. Значна ўзмацнілася матэрыяльна-тэхнічная база сельскай гаспадаркі.

Прынятыя меры садзейнічалі таму, што вытворчыя сілы сельскай гаспадаркі за наступныя гады значна ўзраслі. Гэта дазволіла спыніць спад прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы і перайсці да паступовага нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці. Некалькі павысілася ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур. Высокія і ўстойлівыя ўраджаі атрымлівалі калгасы: “Рассвет” Кіраўскага раёна, імя М. Гастэлы Мінскага, “Камінтэрн” Магілёўскага, “Шлях да камунізму” і “Бальшавік” Сенненскага, “Перамога” Талочынскага раёнаў і іншыя. У 1955 г. у параўнанні з 1953 г. нарыхтоўкі мяса павялічыліся на 50 тыс. т, малака – на 123 тыс. т, яек – на 41,3 млн. шт.

Да 1960 г. вытворчасць мяса і малака ў рэспубліцы ў параўнанні з 1953 г. павялічылася на 70%, валавы збор збожжа – на 36%. Але гэты ўзровень быў ніжэй таго, які вызначаўся, і не забяспечваў патрэб рэспублікі. Разам з тым з канца 50-х гадоў у практыцы кіравання сельскай гаспадаркай краіны ўсё больш пачалі браць верх адміністрацыйныя меры, да таго ж валявога, суб’ектыўнага характару, што адбівалася, хаця мякчэй, як у краіне, на развіцці аграрнага сектару рэспублікі.

У 50-я гады ў краіне ўзнікла новая эканамічная сітуацыя. Сутнасць яе ў наступным: значна павялічыліся маштабы савецкай эканомікі, змянілася якасць эканомікі ў сувязі з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй, якая мела месца ва ўсім свеце, адбыліся пэўныя зрухі ў кадравым патэнцыяле (іх колькасць, расстаноўка). Гэта прывяло да таго, што стары гаспадарчы механізм усё мацней стрымліваў тэхнічную пераўзброенасць, тэхнічны прагрэс. У выніку склалася сур’ёзная супярэчнасць між дасягнутым узроўнем развіцця вытворчасці і магчымасцямі НТР, з аднаго боку, і формамі і метадамі кіравання, старым гаспадарчым механізмам, з другога. Усё мацней выяўлялася празмерная цэнтралізацыя кіравання, камандна-адміністрацыйныя метады ахапілі ўсе звёны эканомікі, спрыялі бюракратызму, скоўвалі ініцыятыву мас. Усё гэта мела месца і ў БССР.

Акрамя таго, да гэтага часу шлях экстэнсіўнага развіцця нашай эканомікі вычарпаў у асноўным свае магчымасці, усё мацней нарастала неабходнасць інтэнсіфікацыі. Меры, прынятыя ў 50-я гады, не знялі гэтых супярэчнасцей.

Пагоршылі справу і неабгрунтаваныя, неабдуманыя перабудовы ў кіраванні. У 1957 г. была ўведзена па сутнасці тэрытарыяльная сістэма кіравання эканомікай – саўнаргасы. У БССР, у прыватнасці, быў утвораны адзін эканамічны раён і ліквідаваны 9 міністэрстваў. Для кіравання саюзна-рэспубліканскай прамысловасцю і будаўніцтвам быў утвораны Савет народнай гаспадаркі БССР, падпарадкаваны Савету Міністраў рэспублікі.

Усё гэта рабілася, каб наблізіць кіраўніцтва да вытворчасці. На справе ж адбыўся разрыў гаспадарчых сувязей і адносін, а парадак планавання і матэрыяльнага стымулявання застаўся ранейшым.

У такіх умовах разгарнулася другая спроба рэфармавання кіравання эканомікай. У сакавіку 1965 г. на Пленуме ЦК КПСС было разгледжана пытанне “Аб неадкладных мерах па далейшаму развіццю сельскай гаспадаркі СССР”, у верасні – “Аб паляпшэнні кіравання прамысловасцю, удасканаленні планавання і ўзмацненні эканамічнага стымулявання прамысловай вытворчасці”. Меры, якія ажыццяўлялі на іх аснове, назвалі эканамічнай рэформай. Яна забяспечыла сабою несумненны прагрэс, таму што павялічыла значнасць дзяржразліковых стымулаў і некалькі пашырыла правы прадпрыемстваў, іх самастойнасць. Разам з тым прагрэс гэты быў абмежаваны, перш-наперш таму, што не змяніліся эканамічныя адносіны – удасканаленні ішлі галоўным чынам па лініі больш дакладнага складання планаў, больш дакладнай адзнакі яго выканання. Ужо гэтыя абставіны, не кажучы аб менш важных, пусцілі рэформу пад адкос.

Перавод прадпрыемстваў на новыя ўмовы ў масавым парадку ажыццяўляўся ў другой палове 60-х гг. Спачатку дасягненні былі больш значнымі, чым у далейшым. Гэта тлумачыцца тым, што першыя поспехі былі дасягнуты ў асноўным за кошт выкарыстання павярхоўных рэзерваў – больш рацыянальнага спажывання рэсурсаў, памяншэння безгаспадарчасці, некаторага павелічэння ўзроўню адзінай тэхнічнай і арганізацыйнай палітыкі ў галінах народнай гаспадаркі.

Некатораму ўздыму сельскай гаспадаркі спрыяла правядзенне ў адпаведнасці з рашэннямі сакавіцкага (1965) Пленума ЦК КПСС такіх мер, як давядзенне цвёрдых планаў дзяржаўных закупак прадуктаў, павелічэнне закупачных цэн на іх, спісанне запазычанасці з калгасаў, правядзенне меліярацыі зямлі за кошт дзяржавы, дазвол ствараць у калгасах і саўгасах падсобныя промыслы; устанаўленне гарантаванай аплаты працы калгаснікаў, увядзенне іх пенсійнага забеспячэння, удакладненне аплаты некаторых найбольш кваліфікаваных катэгорый работнікаў, умацаванне падсобных гаспадарак і інш.

Спробы выкарыстаць эканамічныя стымулы і павялічыць матэрыяльную зацікаўленасць працаўнікоў вёскі, пашырыць эканамічную самастойнасць калгасаў і саўгасаў мелі прагрэсіўны характар. Але і тут прынятыя меры не вызначаліся паслядоўнасцю.

Спачатку рэформы далі дастаткова высокія вынікі. Аб гэтым сведчаць звесткі аб выкананні восьмай пяцігодкі. І ў БССР становішча складалася такім жа чынам. Тут рэформа прывяла да некаторага паляпшэння працы прамысловасці і ўсёй гаспадарчай дзейнасці. Аб’ём прадукцыі прамысловасці за гады восьмай пяцігодкі (1966–1970) павялічыўся на 79% замест 70% па плану. На 39% павялічылася прадукцыйнасць працы.

Рост прамысловай вытворчасці суправаджаўся павелічэннем яго тэхнічнага ўзроўню – за пяць гадоў колькасць паточных і аўтаматычных ліній павялічылася больш чым у два разы, значна павялічылася колькасць комплекснамеханізаваных і аўтаматызаваных вытворчасцей.

Між тым, рэформа як бы прыпынілася пасярэдзіне, на ўзроўні прадпрыемства: яна не дайшла да кожнага рабочага месца, але не закранула і верхні эшалон кіравання. Рэформа не суправаджалася рэфармаваннем палітычнай сістэмы, дэмакратызацыяй, развіццём галоснасці. Гэта звузіла яе рамкі, намечаныя пераўтварэнні не сталі неабарачальнымі. Больш таго, з сярэдзіны 60-х гадоў працэс дэмакратызацыі грамадскага жыцця стаў паступова згортвацца, пачалі ўзмацняцца сілы бюракратычнага кансерватызму.

У 50–80-я гады адбылося станаўленне буйной хімічнай, горнахімічнай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці ў Беларусі (стварэнне вытворчасці калійнай солі ў Салігорску, азотнатукавай вытворчасці ў Гродна, хімічнай вытворчасці ў Гомелі і Новаполацку, нафтаперапрацоўчай вытворчасці ў Мазыры), радыётэхнічнай і радыёэлектроннай прамысловасці, прадпрыемстваў абарончага комплексу аптычнага прыборабудавання. У гады восьмай (1966–1970 гг.), дзевятай (1971–1975 гг.) і дзесятай (1976–1980 гг.) пяцігодак былі пабудаваны новыя буйныя прадпрыемствы іншых галін вытворчасці. Многія прадпрыемствы пераходзілі на выпуск новай прадукцыі, палепшылася якасць прадукцыі старэйшых заводаў рэспублікі.

У мэтах максімальнага развіцця энтузіязму працоўных выкарыстоўваліся сацыялістычнае спаборніцтва, розныя працоўныя пачыны. І хоць па афіцыйных звестках колькасць удзельнікаў спаборніцтва пастаянна расла (напрыклад, у 1979 г. у рэспубліцы ў асабістых і калектыўных формах спаборніцтва прымалі ўдзел каля 4 млн чалавек, ці 93% агульнай колькасці працоўных, а больш за 2,3 млн чалавек былі ўдзельнікамі руху за камуністычныя адносіны да працы), яно ўсё больш і больш вызначалася фармалізмам, а часта наогул вялося на паперы. Некаторыя “пачыны” ствараліся штучна і хутка паміралі.

Неабходна сказаць, што сярод удзельнікаў спаборніцтва было шмат сапраўдных працаўнікоў – майстроў сваёй справы, якія добрасумленнай і творчай працай стваралі грамадскае багацце. У свой час былі добра вядомы імёны рабочых машынабудаўнічых прадпрыемстваў А. Віташкевіча, Ф. Алексяевіча, У. Прыходчанкі, ткачыхі Мінскага тонкасуконнага камбіната А. Лазарэнкі (60-я гады), ткачыхі Аршанскага льнокамбіната В. Федуковіч, слесара ВА “Інтэграл” А. Камаша, сталявара МТЗ Г. Шышко, снавальніцы магілёўскага ВА “Хімвалакно” В. Харкевіч, аператара Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Л. Сцяпанава (70-я гады) і шмат іншых.

Нягледзячы на высокія паказчыкі росту прамысловай вытворчасці, з першай паловы 70-х гадоў паралельна існавалі і ўзмацняліся негатыўныя з’явы – адставанне тэмпаў паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу і ўкаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі. І хаця галоўная ўвага ўдзялялася таму, каб забяспечыць паскораны рост найбольш прагрэсіўных галін, асабліва радыётэхнічнай, электроннай, станкабудаўнічай, у поўнай меры навукова-тэхнічны прагрэс закрануў толькі асобныя галіны вытворчасці, перш-наперш тыя, што былі звязаны з патрэбамі абароны. Павялічвалася спажыванне сыравіны і паліва. Зніжаўся рост прадукцыйнасці працы, захоўвалася высокая доля ручной працы, узмацнялася незбалансаванасць у планаванні. У выніку штогод у рэспубліцы 10–15% прамысловых прадпрыемстваў не выконвалі планаў па вырабу прадукцыі і росту прадукцыйнасці працы.

Павелічэнне дзяржаўных асігнаванняў на патрэбы сельскай гаспадаркі, а таксама выкарыстанне ўласных сродкаў дазволілі калгасам і саўгасам ажыццявіць шырокую праграму будаўніцтва вытворчых памяшканняў, малочна-таварных ферм, жывёлагадоўчых комплексаў. У 70–80-я гады буйныя комплексы па вытворчасці мяса і малака дзейнічалі ў калгасах імя С.М. Кірава і імя Чырвонай Арміі Віцебскага, “Рассвет” Кіраўскага раёнаў, у саўгасах “Днепр” Аршанскага, “Парахонскі” Пінскага, “Новае Палессе” Салігорскага раёнаў і многіх іншых гаспадарках рэспублікі. Па сучасных праектах забудоўваліся вёскі і мястэчкі, ствараліся будынкі новых школ, бальніц, культурна-асветных устаноў.

У маштабах СССР развіццё сельскай гаспадаркі Беларусі выглядала нядрэнна: пры 1,7% агульнай па СССР плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў і 2,7% ворнай зямлі ў рэспубліцы ў першай палове 80-х гадоў выраблялася 5,7–5,8% аб’ёму мяса, 15–16% бульбы, 1/4 ільнопрадукцыі ад аб’ёмаў іх вытворчасці ў СССР. Доля паставак у агульнасаюзны фонд мяса складала 12%, малака – 14%.

Рост прамысловасці і сельскай гаспадаркі пазітыўна паўплываў на развіццё сацыяльнай сферы. Рэальныя даходы насельніцтва ў 1970 г. у параўнанні з 1960 г. павялічыліся ў 1,8 разы. За 1960–1985 гг. затраты на сацыяльнае забеспячэнне і сацыяльнае страхаванне выраслі ў 8 разоў, на адукацыю і культуру – у 5 разоў, на медыцынскае абслугоўванне і фізічную культуру – у 4 разы. У сярэдзіне 80-х гадоў грамадскія фонды спажывання склалі каля 5 млрд руб.

Аднак нельга не адзначыць і негатыўныя з’явы. Упарадкаванне аплаты працы слаба ўвязвалася з вынікамі працы і яе якасцю, не ў поўнай меры аплачвалася праца высокакваліфікаваных кадраў. Асартымент і якасць многіх тавараў і паслуг не задавальнялі спажыўцоў, да таго ж прамысловасць недастаткова забяспечвала насельніцтва таварамі. Многія тавары, асабліва высокаякасныя, станавіліся дэфіцытам. Заставалася невырашанай у поўнай ступені жыллёвая праблема.

За два дзесяцігоддзі (з 1960 па 1980 гг.) колькасць насельніцтва БССР павялічылася на 1,4 млн. чалавек. Да 1974 г. быў дасягнуты даваенны ўзровень насельніцтва – звыш 9 млн. чалавек. У сярэдзіне 80-х насельніцтва Беларусі перавысіла 10 млн. чалавек.

У выніку росту гарадоў значна змяніліся суадносіны гарадскога і сельскага насельніцтва, удзельная вага гарадскіх жыхароў у рэспубліцы з 1961 па 1981 г. павялічылася з 33 да 57%, а сельскіх – паменшылася з 67 да 43%.

Эканоміка Беларусі была часткай агульнагаспадарчага комплексу СССР. Беларусь пастаўляла ў саюзныя рэспублікі магутныя аўтасамазвалы, трактары, ЭВМ, тэлевізары, звыш 75–90% металарэзных станкоў, магутных трансфарматараў, мінеральных угнаенняў, хімічных валокнаў, падшыпнікаў (цікава, што ў рэспубліцы выраблялася 1/2 агульнасаюзных аб’ёмаў калійных угнаенняў, 1/6 трактароў, 1/7 металарэзных станкоў). Адпаведна, сыравіна і камплектуючыя дэталі паступалі з усіх рэгіёнаў СССР, што сведчыць аб высокай ступені інтэграванасці эканомікі Беларусі ў эканоміку СССР. Акрамя таго, многія галіны прамысловасці былі звязаны з ваенна-прамысловым комплексам, працавалі на абарону. Пасля развалу СССР і атрымання рэспублікай суверэнітэту гэтыя фактары адмоўна адбіліся на становішчы эканомікі.

Вынікам развіцця эканомікі БССР да сярэдзіны 80-х гадоў з’явілася стварэнне буйнога тэрытарыяльна-галіновага прамысловага комплексу, у якім у 1986 г. налічвалася 1490 прадпрыемстваў, больш паловы з якіх уваходзіла ў склад вытворчых і навукова-вытворчых аб’яднанняў. Індустрыяльны абрыс рэспублікі пачалі вызначаць магутныя энергетыка, машынабудаванне і прыборабудаванне, хімія і нафтахімія, электроніка і радыёэлектроніка, вытворчасць мінеральных угнаенняў, сінтэтычных валокнаў і іншыя галіны.

Мы бачым, што ўвесь пасляваенны перыяд, у тым ліку і ў 70-я – першай палове 80-х гг., у рэспубліцы вялося інтэнсіўнае капітальнае будаўніцтва, нарошчваліся вытворчыя магутнасці, эканоміка – прамысловасць і сельская гаспадарка – у асноўным працавалі з нядрэннымі вынікамі (асабліва ў параўнанні з агульнасаюзнымі).

Аднак нельга не лічыцца з тым фактам, што ў эканамічным развіцці краіны і нашай рэспублікі ў першай палове 80-х гг. сталі відавочнымі негатыўныя з’явы. Гэта перш-наперш зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту, аб чым гаварылася вышэй. Не ўдалося забяспечыць у поўнай меры выхад народнай гаспадаркі БССР, як і СССР у цэлым, на якасна новы навукова-тэхнічны і арганізацыйна-эканамічны ўзровень. Рэспубліка не дабілася рашучага зруху ў інтэнсіфікацыі вытворчасці. За кошт навукова-тэхнічных мерапрыемстваў забяспечвалася толькі 50% прыросту прадукцыйнасці працы. Не адбылося значнага паляпшэння якасці вырабленай прадукцыі. Сродкі, укладзеныя ў развіццё эканомікі (асабліва сельскай гаспадаркі), часта давалі нізкую аддачу. У выніку гэтага недастаткова рашаліся сацыяльныя задачы, дабрабыт людзей адставаў ад узроўню развітых краін Захаду. Значна ўскладнілася экалагічная сітуацыя ў выніку бурнага індустрыяльнага развіцця і недаацэнкі прыродаахоўных мер, недахопаў у ахове здароўя і г.д. Усё гэта выклікала сур’ёзную заклапочанасць у грамадстве. Мацней і мацней раздаваліся галасы аб неабходнасці перамен.

 

ГЛАВА 2. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ І ДУХОЎНАЕ ЖЫЦЦЁ. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ

§ 1. Асноўныя рысы грамадска-палітычнага развіцця Беларусі ў 1945 – 1985 гг.

У пасляваенныя гады ў СССР і БССР захоўвалася палітычная сістэма, якая склалася ў 20–30-я гады і была замацавана ў Канстытуцыі СССР 1936 г. і Канстытуцыі БССР 1937 г. Дэкларуючы на словах дэмакратычныя свабоды, палітычны рэжым па сутнасці сваёй заставаўся таталітарным.

Першым крокам у вяртанні да мірнага жыцця (да даваеннай палітычнай арганізацыі) былі выбары ў Вярхоўны Савет СССР (1946), у Вярхоўны Савет БССР (1947) і мясцовыя Саветы рэспублікі (1948). Яны прайшлі пры высокай актыўнасці выбаршчыкаў, у святочнай атмасферы. Савецкія людзі галасавалі за прадстаўнікоў “непарушнага блока камуністаў і беспартыйных”, успрымалі гэтыя выбары як своеасаблівы паказчык вяртання да мірнага жыцця і звязвалі з імі надзеі на будучыню. Пачуццё гонару за сваю зямлю, якая адраджалася з попелу намаганнямі тысяч людзей, павялічвала пачуццё ўласнай годнасці народа, жаданне зрабіць новае пасляваеннае жыццё лепшым, святлейшым.

Але ў пасляваенныя гады новая хваля рэпрэсій прыйшла на Беларусь – чарговыя арышты, дэпартацыі людзей на спецпасяленні і ссылку, абмежаванні на некаторыя віды дзейнасці і г.д. Рэпрэсіі праводзіліся з часу вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў па 1952 год. Асабліва яскрава гэта праявілася ў дзейнасці Л. Цанавы, які ўзначаліў органы дзяржаўнай бяспекі рэспублікі ў 1938–1951 гг., справе Севіча 1951 г. – Наркама асветы рэспублікі, кампаній, накіраваных супраць дзеячоў культуры і г.д.

Вострай была палітычная сітуацыя ў заходніх абласцях Беларусі. Тут прадоўжылі ўзброеную барацьбу супраць савецкай ўлады групы асоб, якія супрацоўнічалі ў час акупацыі з фашыстамі, атрады Арміі Краёвай і іншыя. Становішча ўскладняла тое, што іх у пэўнай меры падтрымлівалі незадаволеныя сяляне, людзі, якія незаслужана пакутавалі ад рэпрэсій і проста з цяжкім, неадназначным лёсам. Гэта стварала ў некаторым сэнсе сацыяльную базу для антысавецкай барацьбы. Ахвярамі яе станавіліся не толькі партыйныя і камсамольскія актывісты, урачы, настаўнікі, ваенаслужачыя, але і звычайныя сяляне.

Так, у лютым 1946 г. бандыты ўчынілі 120 забойстваў, 190 грабяжоў і 18 разбояў. Увосень гэтага ж года імі было здзейснена яшчэ 838 вылазак, у тым ліку 43 дыверсіі, 120 падпалаў. Трэба адзначыць, што дзейнасць большасці з гэтых груп і фарміраванняў мела не столькі палітычны, колькі крымінальны характар.

Аднак складаная сітуацыя была не толькі ў заходніх раёнах. Зладзейска-грабежніцкія банды і групы дзейнічалі на ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Яны не ставілі ніякіх палітычных мэтаў, проста рабавалі і забівалі. Так, толькі ў 1947 г. ў Мінскай вобласці органы міліцыі ліквідавалі 34 такія банды агульнай колькасцю 155 чалавек.

Ліквідацыя крымінальных банд была завершана ў 1948 г.

Смерць Сталіна 5 сакавіка 1953 г. падштурхнула даўно наспеўшы працэс аднаўлення грамадства. Ён закрануў усе сферы жыцця грамадства – палітычную, эканамічную, сацыяльную, духоўную. “Хрушчоўская адліга”, ХХ з’езд КПСС (1956 г.) з яго выкрываннямі культу асобы выклікалі глыбокія змены ў грамадска-палітычнай свядомасці. Гэта стала спрыяльнай глебай для ажыўлення навукі, літаратуры, мастацтва.

Былі зроблены некаторыя намаганні па ўдасканаленню палітычнай сістэмы. Ужо ў 1953–1956 гг. было пачата правядзенне лініі на пашырэнне правоў саюзных рэспублік у дзяржаўным, эканамічным і культурным будаўніцтве.

У першай палове 60-х гг. мела месца перабудова дзяржаўных і грамадскіх арганізацый па вытворчаму прынцыпу (прамысловыя і сельскія), але праз два гады быў адноўлены тэрытарыяльна-вытворчы прынцып іх пабудовы.

Працэс аднаўлення грамадства, які разгарнуўся ў 50-я гады, востра паставіў задачу выпрацоўкі стратэгічнага курсу. Ім стала “разгорнутае будаўніцтва камунізму”, абгрунтаванае ў Праграме КПСС, якая была прынята на ХХІІ з’ездзе партыі (1961). Значныя паказчыкі эканамічнага росту, дасягнутыя да пачатку 60-х гадоў, высокія тэмпы сярэднегадовага прыросту нацыянальнага даходу, вялікія поспехі ў некаторых галінах (напрыклад, у асваенні космасу) прывялі да памылковых вывадаў праграмы аб стане эканомікі, грамадства наогул і аб іх магчымасцях у бліжэйшай будучыні. Былі дапушчаны пралікі ў выяўленні перспектыў як унутранага развіцця краіны (стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізму да 1980 г.), так і міжнародных абставін (вывад аб паглыбленні агульнага крызісу капіталізму).

З другой паловы 70-х гадоў канцэпцыя пабудовы камунізму атрымала лагічны працяг у канцэпцыі развітога сацыялістычнага грамадства. Апошняя стала крыніцай дагматызму ў тэарэтычнай думцы.

Эканамічныя рэформы 60-х гг. таксама патрабавалі дэмакратычных змен у жыцці грамадства. Толькі яны не наступілі. Дэмакратычныя працэсы былі заблакіраваны сіламі бюракратычнага кансерватызму. Грамадскі ўздым паступова змяніўся расчараваннем, і тэзіс аб пабудове развітога сацыялізму не толькі не змяніў грамадска-палітычную атмасферу, настрой людзей, але нават выклікаў іронію.

З сярэдзіны 50-х гадоў неаднаразова рабіліся спробы павялічыць ролю Саветаў у кіраванні дзяржавай і грамадствам. Для таго каб зрабіць дэпутацкую дзейнасць больш выніковай, ствараліся пастаянныя камісіі на розных напрамках дзейнасйці. Так, у 1977 г. мясцовыя Саветы рэспублікі стварылі 10360 пастаяных камісій, у якія ўвайшлі 67093 дэпутатаў – 87% ад агульнай іх колькасці.

Аднак рэальная ўлада знаходзілася ў руках партыйных камітэтаў. І наогул ўсё грамадска-палітычнае жыццё было строга рэгламентавана і цэнтралізавана.

Кіруючай сілай беларускага грамадства з’яўлялася Кампартыя Беларусі. Яе колькасць павялічылася з 48,2 тыс. камуністаў у 1946 г. да 688 тыс. у 1985 г.

Важную ролю ў палітычнай структуры і жыцці грамадства ігралі грамадскія арганізацыі – гэта перш-наперш прафсаюзы (яны павялічыліся з пасляваеннага часу з 350 тыс. да 5 млн. чалавек у сярэдзіне 80-х гг.), якія ўключалі ў сябе амаль ўсіх працуючых, і Ленінскі камуністычны Саюз моладзі (колькасць яго членаў пасля вайны была ледзь больш за 200000, к сярэдзіне 80-х – каля 1,5 млн. чалавек), які ахопліваў амаль усю моладзь. Аднак дзейнасць грамадскіх арганізацый была заарганізавана, цвёрда цэнтралізавана і паступова пачала пакідаць усё менш месца для ініцыятывы асобнага чалавека, актыўнасць іх членаў усё больш фармалізавалася.

Трэба адзначыць, што сярод кіраўнікоў рэспублікі, нягледзячы на вельмі негатыўныя адносіны да былога партыйнага кіраўніцтва ў нашы дні, былі і даволі аўтарытэтныя, кампетэнтныя людзі. І сёння з павагай ўспамінаюць К.Т. Мазурава – першага сакратара ЦК КПБ з 1956 па 1965 гг., С.В. Прытыцкага – Старшыню Вярхоўнага Савета БССР з 1968 па 1971 гг., П.М. Машэрава – Першага Сакратара ЦК КПБ з 1965 па 1980 гг. і інш. Асабліва яскравай з’яўляецца асоба П.М. Машэрава, а перыяд яго кіраўніцтва – гэта перыяд развіцця эканомікі высокімі тэмпамі.

Усплеск грамадскай актыўнасці быў звязаны з абмеркаваннем і прыняццем Канстытуцыі СССР 1977 г. і Канстытуцыі БССР 1978 г. Іх вартасцю была арыентаванасць на абарону сацыяльных гарантый людзей.

 

§ 2. Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення: розныя погляды і меркаванні

Курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця. 10 сакавіка 1985 г. Генеральным сакратаром ЦК КПСС быў выбраны М.С. Гарбачоў. З яго палітычнай і дзяржаўнай дзейнасцю як першага кіраўніка краіны звязана правядзенне шматлікіх рэформ, якія ў рэшце рэшт прывялі да змены сацыялістычнага дзяржаўнага і грамадскага ладу, да рэстаўрацыі капіталізму ў СССР.

У сярэдзіне 80-х гг. Савецкі Саюз апынуўся ў складаным становішчы. Запавольваліся тэмпы сацыяльна-эканамічнага развіцця, не заўсёды дасягненні навукі і тэхнікі ўкараняліся ў вытворчасць, нізкай была якасць многіх відаў прадукцыі, не хапала высакаякасных тавараў на рынку, па некаторых паказчыках прыпыніўся рост жыццёвага ўзроўню народа. Патрабавалася рэфармаванне палітыка-эканамічнай сістэмы, якая ў аснове сваёй сфарміравалася ў СССР у 1920 – 1930-я гг.

Пленум ЦК КПСС у красавіку 1985 г. прыняў курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР. Гэты палітычны курс меркавалася ажыццявіць за кошт трох асноўных фактараў: 1) навукова-тэхнічны прагрэс, прыярытэтнае развіццё машынабудаўнічага комплексу – базы гэтага прагрэсу; 2) структурная перабудова эканомікі – прыпыненне затратнага капітальнага будаўніцтва і выкарыстанне сродкаў, якія вызваляюцца пры гэтым, на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю прадпрыемстваў; 3) актывізацыя чалавечага фактару – павышэнне творчай, стваральнай актыўнасці людзей, ўмацаванне працоўнай дысцыпліны, павышэнне зацікаўленасці людзей у выніках працы, актывізацыя руху рацыяналізатараў і вынаходнікаў.

Аднак тагачасная эканоміка СССР была недастаткова ўспрымальнай да новых ідэй, дасягненняў навукі і тэхнікі. У сувязі з ростам і вялікімі маштабамі прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці ўзнікла напружанне ў забеспячэнні яе сыравінай і энергетычнымі рэсурсамі. Зніжэнне цэн на сусветным рынку на сырую нафту прывяло да таго, што ў 1985 – 1986 гг. даходы ад яе экспарту паменшыліся на 1/3 частку. Гэта вельмі ўскладніла закупку абсталявання за мяжой. Ва ўмовах старой сістэмы арганізацыі працы і яе аплаты сур’ёзнай матэрыяльнай зацікаўленасці работнікаў не атрымалася. На справе адбывалася не паскарэнне, а запавольванне сацыяльна-эканамічнага развіцця.

У мэтах паляпшэння якасці выпускаемых вырабаў на прадпрыемствах краіны была ўведзена дзяржаўная прыёмка прадукцыі. Спроба вырашыць праблему якасці заменай ведамаснага кантролю на новую бюракратычную структуру прывяло да разбухання адміністрацыйнага персаналу, парушэння рытмічнасці ў рабоце прадпрыемстваў. Якасць прадукцыі заставалася ранейшай, бо на рынку з‑за дэфіцыту тавараў і паслуг быў даволі высокім спажывецкі попыт на любыя вырабы, у тым ліку і няякасныя.

Незадаволенасць і азлабленне ў большасці насельніцтва краіны выклікала антыалкагольная кампанія, якая праводзілася па ініцыятыве ЦК КПСС у 1985 – 1988 гг. Высакародная па сваіх мэтах (барацьба з “народнай бядой” – п’янствам і алкагалізмам) яна праводзілася выключна адміністрацыйна-забарончымі метадамі. У спешным парадку зачыняліся магазіны, якія гандлявалі спіртным, а таксама гарэлачныя заводы, у Крыме, Малдавіі і на Доне пачалі высякаць вінаграднікі. Па ініцыятыве мясцовых партыйных і савецкіх органаў былі створаны “зоны цвярозасці”, у якіх гандль спіртнымі напоямі быў цалкам забаронены. Камсамол дапамагаў у арганізацыі “безалкагольных вяселляў”, а на памінкі, юбілеі і з нагоды іншых выпадкаў алкагольныя напоі адпускаліся па спецыяльных даведках. Масавы характар набыло самагонаварэнне. Антыалкагольная кампанія моцна пахіснула грашова-фінансавую сістэму краіны. Значная частка грошай ад продажу гарэлкі пайшла на ўзбагачэнне “ценявікоў” і карумпіраваных чыноўнікаў.

26 красавіка 1986 г. на Чарнобыльскай АЭС, што на мяжы Беларусі і Украіны, узарваўся чацвёрты энергаблок. Загінулі і атрымалі вялікія дозы выпраменьвання дзесяткі тысяч людзей, значныя тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі падвергліся радыёактыўнаму забруджванню. Тое, што кіраўніцтва СССР не паведаміла адразу аб сапраўдных маштабах трагедыі, з’явілася падставай для крытыкі савецкай сістэмы. Расходы дзяржавы на пераадоленне вынікаў аварыі складалі дзесяткі мільярдаў рублёў.

У 1986 г. курс на “паскарэнне” цалкам праваліўся. Чацвёртая частка прадпрыемстваў не выканала вытворчыя планы, 13 % з іх былі затратнымі. У студзені 1987 г. пачаўся спад вытворчасці, які не ўдалося прыпыніць і які стаў пачаткам глыбокага эканамічнага крызісу. Аднак большасць насельніцтва краіны негатыўныя эканамічныя наступствы закраналі не мацней, чым у ранейшыя гады, а да розных кампаній людзі прывыклі і па вопыту ведалі, што трэба пачакаць і ўсё вернецца ў ранейшае рэчышча. Таму большасць народа верыла М.С. Гарбачову і працягвала падтрымліваць яго курс.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 946; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.097 сек.