Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Установы культуры Беларускай ССР 2 страница




Дзякуючы сумесным паслядоўным намаганням пастаянных членаў ААН, у іх ліку і Беларусі, у гэты перыяд адбывалася часовае аслабленне міжнароднай напружанасці.

У сакавіку 1958 г. было адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН, што садзейнічала пашырэнню ўдзелу Беларусі ў вырашэнні складаных праблем. Прадстаўніцтва пачало ажыццяўляць каардынацыю дзейнасці дзяржаўных і грамадскіх арганізацый БССР з асноўнымі органамі ААН, распаўсюджваць сярод насельніцтва краін свету інфармацыю аб палітычным, эканамічным і культурным жыцці беларускага народа.

Беларусь як член ААН аказвала дапамогу краінам, якія вызваліліся ад каланіяльнай залежнасці, не толькі ў іх нацыянальным вызваленні, але і ў абароне іх дзяржаўнай незалежнасці, развіцці прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культуры. Так, у ліпені 1952 г. на ХІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН беларуская дэлегацыя ўнесла прапанову адносна выкарыстання ў развіваючыхся краінах замежнага прыватнага капіталу. Змест яе праследаваў мэту паказаць гэтым краінам тыя негатыўныя з’явы, якія чакаюць іх у будучым з выпадку грабежніцкага выкарыстання багатых прыродных рэсурсаў. Генеральнаму сакратару ААН даручалася забяспечыць вывучэнне ўмоў пагадненняў, якія рэгламентавалі б дзейнасць замежных прыватных кампаній. Аднак прапанова беларускай дэлегацыі не была падтрымана іншымі членамі ААН. Спатрэбіўся час, каб пазней, у 70-х гадах, яна прыняла рашэнні, якія прадугледжвалі атрыманне развіваючыміся краінамі сваёй часткі прыбытку замежнага капіталу ад скарыстання іх прыродных рэсурсаў.

Сусветнае супольніцтва хвалявала і вырашэнне такіх праблем, як барацьба супраць голаду, хвароб, за захаванне навакольнага асяроддзя. Так, Беларусь першай у 1959 г. на ХІХ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН унесла прапанову аб заахвочванні навуковых пошукаў у галіне барацьбы з ракам. Прапанова атрымала падтрымку з боку ўсіх краін свету. У лістападзе 1959 г. Асамблея прыняла рашэнне, якое прызначала выданне грашовай прэміі агульнай сумай у 100 млн дол. за лепшыя навукова-даследчыя працы па вывучэнні прычын ракавых захворванняў, барацьбы з імі.

У канцы 50 – пачатку 60-х гадоў адбываюцца новыя змены ў міжнародным супольніцтве. Часова скарачаецца доля ЗША ў эканоміцы міравой сістэмы капіталізму.

Беларусь як член ААН разам з іншымі краінамі рашуча выступіла за спыненне баявых дзеянняў у Індакітаі.

Беларусь актыўна выступала за поўную ліквідацыю каланіялізму ў свеце. На XV сесіі Генеральнай Асамблеі (1960) яна разам з СССР і Украінай унесла прапанову прыняць Дэкларацыю аб прадастаўленні незалежнасці ўсім каланіяльным краінам і народам. Прапанова была падтрымана большасцю членаў ААН. Дэкларацыя з’явілася высновай для канчатковай ліквідацыі каланіялізму ў свеце.

БССР прымала ўдзел у распрацоўцы і прыняцці ў 1968 г. ХХІІ сесіяй ААН Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Па ўмовах гэтага дагавора ўсе неядзерныя дзяржавы абавязваліся не вырабляць, не размяшчаць, не выкарыстоўваць ядзернай зброі. Свае абавязацельствы рэспубліка выконвае паслядоўна. У 1990 г. яна абвясціла аб статусе бяз’ядзернай дзяржавы, а ў 1994 г. замацавала яго ў новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Улічваючы пагрозу выкарыстання ядзернай зброі, Беларусь далучылася да шэрага міжнародных дагавораў, у іх ліку: “Аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па вывучэнні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Луну” (1967), “Аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў, у яго нетрах ядзернай зброі і іншых сродкаў масавага знішчэння людзей” (1971), “Канвенцыя аб забароне бактэрыялагічнай (біялагічнай) і таксічнай зброі” (1972), “Канвенцыя аб забароне ваеннага або ўсялякага іншага варожага выкарыстання сродкаў уздзеяння на прыроднае асяроддзе” (1977) і інш.

БССР з’яўлялася членам міжурадавай арганізацыі ЮНЭСКА – аднаго са спецыялізаваных органаў ААН. Галоўнай мэтай гэтай арганізацыі, акрамя развіцця адукацыі, навукі і культуры, было садзейнічанне ўмацаванню міру і бяспекі.

Прадстаўнікі Беларускага камітэта абароны міру ў 1973, 1979 гг. удзельнічалі ў рэйдах міру па краінах Паўночнай Еўропы.

Значным дасягненнем краін-удзельніц ААН, у тым ліку і Беларусі, з’явілася правядзенне ў 1975 г. нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, на якой прысутнічалі кіраўнікі 33 еўрапейскіх дзяржаў, ЗША і Канады.

Хельсінкская нарада сведчыла аб уступленні Еўропы ў новы гістарычны перыяд разрадкі міжнароднай напружанасці.

На мяжы 70–80-х гадоў разрадка міжнароднай напружанасці змянілася абвастрэннем адносін паміж ЗША і СССР.

Дэлегацыі Беларусі ў ААН даводзілася разам з іншымі весці барацьбу за спыненне выкарыстання касмічнай прасторы ў ваенных мэтах. Гэта было звязана з тым, што з прыходам да ўлады прэзідэнта Р. Рэйгана ЗША пачалі ажыццяўляць праграму “зоркавых войнаў” з выкарыстаннем ядзернай зброі. Таму ў 1981–1985 гг. беларуская дэлегацыя разам з украінскай і іншымі ў розных рэдакцыях выносіла на абмеркаванне ААН амаль адны і тыя ж прапановы аб забароне выкарыстання касмічнай прасторы ў ваенных мэтах. Аднак гэта праблема не вырашалася. Толькі ў 1993 г. ЗША прынялі рашэнне аб спыненні выкарыстання праграмы “зоркавых войнаў”.

Такім чынам, з’яўляючыся пастаянным членам ААН, БССР на працягу 1945–1985 гг. прымала актыўны ўдзел у распрацоўцы і ажыццяўленні рашэнняў гэтай арганізацыі па самых разнастайных праблемах жыцця міжнароднага супольніцтва.

У 1987 г. сацыялістычныя краіны-удзельніцы Варшаўскага Дагавора абвясцілі аб тым, што не пачнуць ваенных дзеянняў супраць іншай дзяржавы або саюза дзяржаў, калі самі не стануць аб’ектамі іх узброенага нападу. Яны ніколі не прыменяць першымі ядзернай зброі, не будуць мець тэрытарыяльных прэтэнзій ні да адной краіны свету і не будуць лічыць іх сваімі ворагамі.

У другой палове 80-х гадоў пашыраўся палітычны дыялог паміж СССР і ЗША. Савецка-амерыканскія перамовы на вышэйшым узроўні адбыліся ў Жэневе (1985), Рэйк’явіку (1986), Вашынгтоне (1987), на востраве Мальта (1989). У выніку гэтых сустрэч былі вызначаны асноўныя стратэгічныя накірункі знешняй палітыкі абедзвюх дзяржаў, якія ў далейшым прывялі да кардынальных перамен ва ўсім міжнародным супольніцтве.

У 1989 г. была завершана вайна ў Афганістане. Ажыццяўляўся вывад савецкіх войск з краін Усходняй Еўропы і Манголіі, сярод якіх было шмат ваеннаслужачых-беларусаў. Краіна прызнала прыярытэт міжнароднага права, і перш за ўсё Дэкларацыю правоў чалавека, абавязалася прывесці ўсё ўнутранае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнародным правам.

У канцы 80-х гадоў у сацыялістычных краінах Усходняй Еўропы адбыліся так званыя “аксамітныя рэвалюцыі”, у выніку якіх улада перайшла ад камуністаў да іх палітычных праціўнікаў. Была ліквідавана Берлінская сцяна, адбылося аб’яднанне Германіі. Вясной 1991 г. былі распушчаны Савет Эканамічнай Узаемадапамогі і арганізацыя Варшаўскага Дагавора. Сацыялістычная сістэма спыніла сваё існаванне. Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан павіншаваў народ сваёй краіны з пераможным заканчэннем “халоднай вайны”. ЗША сталі адзінай у свеце звышдзяржавай, уступілі на шлях усталявання ў ім “свайго новага парадку”.

 

§ 2. Развіццё гандлёва-эканамічных адносін БССР з замежнымі краінамі

Важнае месца ў міжнароднай дзейнасці БССР займала развіццё эканамічных сувязей з замежнымі краінамі. Гаворачы аб гэтым, неабходна ўлічваць геапалітычнае становішча Беларусі. Праз яе тэрыторыю праходзілі шляхі зносін з Усходу на Захад і з Поўначы на Поўдзень. Шырокая сетка аўтамабільных, чыгуначных, паветраных, водных шляхоў зносін давала магчымасць ёй весці рознабаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва як з былымі рэспублікамі СССР, так і з еўрапейскімі краінамі.

Беларусь, як і іншыя саюзныя рэспублікі былога СССР, не мела самастойнага выхаду за мяжу ў эканамічных адносінах. Рэалізацыяй тавараў, вырабленых на экспарт прадпрыемствамі рэспублікі, займаліся Міністэрства замежнага гандлю СССР і яго знешнегандлёвыя аб’яднанні. Беларусь выступала ў якасці пастаўшчыка тавараў па заказах гэтых ведамстваў.

Уступленне ў ААН, развіццё эканомікі ў пасляваенны перыяд дазволілі Беларусі выйсці на шлях шырокага эканамічнага супрацоўніцтва з сацыялістычнымі, капіталістычнымі і развіваючыміся краінамі.

У студзені 1949 г. быў створаны Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). У яго ўвайшлі СССР, Польшча, Балгарыя, Венгрыя і іншыя краіны Усходняй Еўропы. Пазней далучыліся ГДР, Куба, В’етнам. Галоўнай мэтай дзейнасці СЭУ з’яўлялася развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, абмен вытворчым вопытам, перадача навукова-тэхнічнай інфармацыі, прамысловая кааперацыя, пашырэнне эканамічнай інтэграцыі ў розных галінах вытворчасці і г.д.

З гэтага моманту пачынаецца новы перыяд знешнеэканамічных адносін Беларусі з замежнымі краінамі. Эканоміка рэспублікі як састаўная частка адзінага гаспадарчага комплексу СССР была ўключана ў знешнеэканамічныя сувязі з рознымі краінамі свету.

У 1952 г. у Мінску было створана аддзяленне Усесаюзнай гандлёвай палаты, праз якое ажыццяўлялася мэтанакіраваная палітыка ў галіне знешнеэканамічных адносін.

Павялічыліся пастаўкі машын і прамысловага абсталявання з рэспублікі перш за ўсё сацыялістычным краінам Еўропы. Вялікім попытам карысталася прадукцыя такіх прадпрыемстваў, як МАЗ, МТЗ, Гомсельмаш, станкабудаўнічых заводаў Мінска, Віцебска і інш. На долю краін СЭУ прыпадала звыш 2/3 экспартных паставак з БССР.

У другой палове 50-х гадоў прадукцыя больш за 120 прадпрыемстваў рэспублікі пастаўлялася на экспарт. Значна пашыраліся пастаўкі аўтамабіляў, самазвалаў, трактароў, металарэзных станкоў, снегаачышчальнікаў, падшыпнікаў, электраабсталявання, радыётэхнікі, швейных вырабаў. Галоўнае месца ў структуры экспарту займалі вырабы машынабудавання і металаапрацоўкі, якія павялічыліся амаль у 3 разы.

Беларусь не толькі пастаўляла вырабы на экспарт, але і атрымлівала імпартную прадукцыю. Перш за ўсё гэта былі сельскагаспадарчая тэхніка, сродкі транспарту і сувязі, медыцынская абсталяванне, прамысловыя і харчовыя тавары, сыравіна для лёгкай і харчовай прамысловасці. У 50-х гадах Беларусь атрымлівала з Егіпта, Сірыі, Ірана, Афганістана, Пакістана баваўняную сыравіну, з Індыі, Марока, Аргенціны, Уругвая – воўну і шарсцяное прадзіва, з Інданезіі і Малайзіі – натуральны каўчук, з Ганы, Нігерыі, Бразіліі, Эквадора – сыравіну для кандытарскай прамысловасці і г.д.

У другой палове 60-х годоў павялічваецца аб’ём гандлёвых паставак беларускіх тавараў у капіталістычныя краіны, асабліва па доўгатэрміновых пагадненнях. Значным попытам карысталіся металаапрацоўчыя станкі, якія набывалі фірмы 14 капіталістычных краін, у тым ліку Англіі, ФРГ, Аўстрыі, Японіі, Даніі і інш. Экспарт трактароў павялічыўся больш чым утрая. Яны пастаўляліся ў 11 капіталістычных краін. Сярод іх былі Канада, Фінляндыя, Швецыя і інш.

У 70-я гады эканоміка Беларусі ўсё больш і больш інтэгрыравалася не толькі ў агульнасаюзную, але і ў эканоміку сацыялістычных еўрапейскіх краін. Рэспубліка з’яўлялася актыўным удзельнікам стварэння адзінай энергетычнай сістэмы “Мір”, будаўніцтва нафтаправода “Дружба”, газаправода ў Заходнюю Еўропу. З Беларусі ў сацыялістычныя краіны пастаўляліся навейшае абсталяванне для будаўніцтва энергетычных аб’ектаў, прадпрыемстваў металургічнай і металаапрацоўчай галін прамысловасці, мінеральныя ўгнаенні, тавары народнага спажывання і г.д.

Вучоныя, канструктары, інжынеры і тэхнікі рэспублікі разам са спецыялістамі шэрагу сацыялістычных краін прынялі ўдзел у распрацоўцы і асваенні адзінай еўрапейскай сістэмы сродкаў вылічальнай тэхнікі. Асноўнымі ўдзельнікамі гэтай працы з’яўляліся калектывы Мінскага завода вылічальнай тэхнікі імя С. Арджанікідзе, інстытутаў электронна-вылічальнай тэхнікі і матэматыкі АН БССР, Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Вынікам сумеснай працы з’явілася цэлае пакаленне электронна-вылічальных машын сямейства ЕС.

У пачатку 70-х гадоў на долю беларускага экспарту ў сацыялістычныя краіны прыпадала: электронна-вылічальных машын – 91%, матацыклаў – 88, металарэжучых станкоў – 70, грузавых аўтамабіляў – 56, трактароў – 54%. Усяго больш за 300 прадпрыемстваў Беларусі пастаўлялі сваю прадукцыю прыкладна ў 100 краін свету.

Больш за 80% экспарту ў развіваючыяся краіны прыпадала на стварэнне і развіццё іх нацыянальнай прамысловасці і звязаных з ёй галін вытворчасці. Таму ў беларускім экспарце значнае месца займалі пастаўкі тэхналагічнага абсталявання, прыбораў, вузлоў для будаўніцтва і аснашчэння новых прадпрыемстваў.

Беларусь з’яўлялася надзейным рынкам збыту тавараў з развіваючыхся краін. Толькі ў 1978 г. імпарт з краін Азіі і Афрыкі склаў больш за 9% ад агульнага імпартнага аб’ёму. У рэспубліку паступалі тавары з 23 развіваючыхся краін.

Для паскарэння тэхнічнага прагрэсу ў прамысловасці, іншых галінах гаспадаркі важнае значэнне мелі знешнегандлёвыя і тэхніка-эканамічныя сувязі з развітымі капіталістычнымі краінамі. У 1970–1980 гг. на іх долю прыпадала 22,5% усіх экспартных паставак рэспублікі. Пашырэнню такога супрацоўніцтва спрыяў даволі высокі ўзровень эканамічнага развіцця рэспублікі. Сярод іншых рэспублік былога Саюза ССР Беларусь займала 1-е месца па вытворчасці сіласаўборачных камбайнаў і калійных угнаенняў, 2-е – грузавых аўтамабіляў, хімічных валокнаў, матацыклаў, наручных гадзіннікаў, 3-е – мінеральных угнаенняў, металарэзных станкоў, трактароў, шкла, панчошна-трыкатажных вырабаў, тэлевізараў, мэблі і іншых тавараў. Таму невыпадкова, што прадметамі экспарту ў капіталістычныя краіны, у тым ліку і развітыя, з’яўляліся перш за ўсё трактары, аўтамабілі, бульдозеры, скрэперы, халадзільнікі, станкі-паўаўтаматы, гадзіннікі, азотныя і калійныя ўгнаенні і г.д. Каля паловы экспарту прыпадала на долю машынабудавання – вядучай галіны прамысловасці рэспублікі.

У сваю чаргу, на Беларусі шырока выкарыстоўваліся тэхнічныя вырабы з развітых капіталістычных краін. Абсталяваннем, якое пастаўлялася з Англіі, Францыі, ФРГ, Італіі, іншых краін, забяспечваліся прадпрыемствы хімічнай, радыётэхнічнай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Сярод іх былі Полацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы; Гомельскі, Гродзенскі хімічныя камбінаты; Магілёўскі завод сінтэтычнага валакна, Мінскі завод халадзільнікаў, шэраг мясакамбінатаў і малочных заводаў. Увозіліся і тавары шырокага ўжытку.

Развіццю эканамічных адносін Беларусі з рознымі краінамі свету спрыяла тое, што яна актыўна ўдзельнічала ў рабоце шматлікіх міжнародных арганізацый – Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), Эканамічнай камісіі для Еўропы (ЭКЕ), яе камітэтаў па сельскай гаспадарцы, лесаматэрыялах, электраэнергіі, жыллёвым будаўніцтве, Міжнароднага саюза электрасувязі (МСЭ), Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) і інш.

У 1960 г. Беларусь далучылася да канвенцыі 1928 г. аб міжнародных выстаўках. З гэтага моманту яна прымала актыўны ўдзел у рабоце Міжнароднага бюро выставак, адказвала за арганізацыю іх на Беларусі. Толькі ў 60-х гадах у Мінску было праведзена звыш 30 самых разнастайных выставак.

У 70–80-х гадах Беларусь з’яўлялася месцам правядзення спецыялізаваных міжнародных выставак, што сведчыла аб прызнанні яе ўкладу ў тую або іншую галіну навукі і тэхнікі. У Мінску праходзілі выстаўкі: “Бульба-76”, “Парашковая металургія-73, 77”, “Холад-78”, “Мяспроммаш-79” і інш.

 

§ 3. Культурныя, навуковыя, спартыўныя і турысцкія сувязі БССР

Важнае месца ў супрацоўніцтве з замежнымі краінамі займалі навуковыя, культурныя, спартыўныя і турысцкія сувязі. Іх няспыннае пашырэнне з’яўлялася неад’емнай часткай жыцця рэспублікі, неабходным сродкам умацавання і паглыблення дружалюбных адносін паміж беларускім і іншымі народамі свету. Яны садзейнічалі ўмацаванню даверу, паглыбленню навукова-тэхнічнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ў канчатковым выніку захаванню міру і бяспекі паміж народамі.

З 1958 г. пачало дзейнічаць Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі (БелТД). Галоўнай мэтай яго з’яўлялася пашырэнне міжнародных сувязей, распаўсюджванне за мяжой праўдзівай інфармацыі аб сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці беларускага народа.

У 70-х гадах на Беларусі дзейнічала каля 100 таварыстваў дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі. Яны мелі адносіны з 400 арганізацыямі амаль 70 краін свету.

Станоўчую ролю ў развіцці адносін Беларусі з іншымі дзяржавамі адыгрываў створаны ў 1958 г. Камітэт маладзёжных арганізацый рэспублікі (КМА БССР). Ён каардынаваў сувязі беларускай моладзі са сваімі паплечнікамі за мяжой.

У 1971–1980 гг. Беларусь наведала каля 100 прафсаюзных дэлегацый амаль з 20 краін Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Прадстаўнікі працоўных калектываў замежных краін знаёміліся з умовамі жыцця і працы розных катэгорый насельніцтва рэспублікі, формамі і метадамі дзейнасці прафсаюзных арганізацый, наведвалі музеі, тэатры, мясціны, звязаныя з гістарычнымі падзеямі беларускага народа.

Дзейснай формай развіцця міжнародных культурных адносін з’яўлялася супрацоўніцтва ў галіне літаратуры. Лепшыя творы вядомых беларускіх пісьменнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, А. Куляшова, І. Шамякіна, В. Быкава, Н. Гілевіча, П. Панчанкі, А. Макаёнка і іншых перакладаліся на польскую, чэшскую, венгерскую, румынскую і іншыя мовы народаў свету. У 1978 г. у Індыі выйшаў зборнік апавяданняў беларускіх пісьменнікаў пад назвай “Лясная песня”. У яго ўвайшлі творы К. Чорнага, І. Навуменкі, В. Быкава і іншых пісьменнікаў.

Адным з важных накірункаў пашырэння культурных сувязей рэспублікі з замежнымі краінамі з’яўлялася супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Яно ажыццяўлялася ў самых розных формах: узаемадзеяння паміж кіруючымі органамі адукацыі, абмену дэлегацыямі, падрыхтоўкі студэнтаў, вывучэння вопыту працы, перадачы падручнікаў, навуковай, грамадска-палітычнай, мастацкай літаратуры, абсталявання і г.д.

Пашырэнню культурных сувязей Беларусі з замежнымі краінамі садзейнічаў узаемны абмен перыядычнымі выданнямі. Асабліва добра было наладжана гэта супрацоўніцтва з сацыялістычнымі краінамі. Праз сістэму “Саюздруку” штодзённа паступалі насельніцтву Беларусі перыядычныя выданні і часопісы сацыялістычных краін. У сваю чаргу, беларускія газеты і часопісы высылаліся за мяжу. У Мінску выходзіла газета “Голас Радзімы”, якая інфармавала сваіх суайчыннікаў за мяжой аб жыцці беларускага народа.

На Беларусі існавала добрая традыцыя адзначаць знамянальныя святы, прысвечаныя жыццю і дзейнасці выдатных прадстаўнікоў сусветнай культуры. Такія святкаванні былі арганізаваны ў гонар заснавальнікаў славянскай пісьменнасці Кірыла і Мяфодзія, французскага пісьменніка і асветніка Жан-Жака Русо, іспанскага драматурга Лопэ дэ Вега, вынаходніка Галілео Галілея і інш. У гэтыя дні праводзіліся ўрачыстыя пасяджэнні, тэматычныя вечары, навуковыя канферэнцыі, юбілейныя чытанні, выстаўкі і г.д.

Пашыралася такая форма культурнага супрацоўніцтва як правядзенне дзён нацыянальнай культуры. У 70–80-х гадах Дні культуры БССР адбыліся ў Індыі, Іраку, Калумбіі, Мексіцы, Сірыі і іншых краінах. У сваю чаргу на Беларусі праходзілі Дні культуры Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Фінляндыі і іншых краін. У гэтыя дні праводзіліся тэматычныя кінафестывалі, выстаўкі кніг, фотаздымкаў, творчыя вечары, сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, мастакамі і іншымі дзеячамі навукі і культуры. Прыязджалі шматлікія дэлегацыі з прадстаўнікоў парламенцкіх і ўрадавых колаў, палітычных і грамадскіх арганізацый, навуковых і культурна-асветных устаноў. Праводзіліся экскурсіі ў музеі, па гістарычных мясцінах, на прадпрыемствы, у навучальныя ўстановы.

Цікавай формай культурных сувязей БССР з замежнымі краінамі з’яўляўся абмен выступленнямі калектываў тэатраў, філармоній, мастацкай самадзейнасці, канцэртных брыгад, асобных выканаўцаў. Перад насельніцтвам рэспублікі ў розныя гады выступалі артысты Сафійскай оперы, дзяржаўнай філармоніі Венгрыі, Дрэздэнскага джазавага аркестра, Славацкага народнага аркестра, зорак польскай эстрады, а таксама ансамблі венгерскай народнай музыкі і танца “Дунай” і “Чардаш”, ансамблі “Рытмы Кубы”, народнай песні і танца Манголіі, танца Гвінейскай Рэспублікі, калектывы з Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Канады, Японіі і іншых краін.

Важным сродкам сувязей паміж народамі з’яўляўся турызм. Колькасць турыстаў штогод павялічвалася. Калі ў 1960 г. ад прафсаюзных арганізацый выязджала за мяжу 535 чалавек, то ў 70-я гады ў сярэднім за год больш за 7 тыс. чалавек.

Значнае месца адводзіла рэспубліка супрацоўніцтву з замежнымі краінамі ў галіне спорту. З 1948 г. сістэмны характар набывае ўдзел беларускіх спартсменаў у разнастайных міжнародных спаборніцтвах. З 1952 па 1980 г. на XV–XXII Алімпійскіх гульнях у складзе зборных каманд СССР удзельнічалі 150 беларускіх спартсменаў, якія выступалі ў 16 відах спорту. Беларускія алімпійцы заваявалі каля 100 медалёў, у тым ліку 50 залатых. Усяму свету добра вядомы імёны пераможцаў Алімпійскіх гульняў А. Раманькова, А. Мядзведзя, В. Корбут і многіх іншых. Па прапанове мэра горада Чыкага дзень 26 сакавіка 1974 г. быў абвешчаны ў ЗША днём Вольгі Корбут. У гэтай краіне было створана больш за 500 спартыўных клубаў В. Корбут па гімнастыцы. ЮНЭСКА прысвоіла ёй ганаровае званне “Пасол міру”.

На тэрыторыі Беларусі праводзіліся шматлікія міжнародныя спартыўныя гульні (турніры фехтавальшчыкаў (1966), па сучаснаму пяцібор’ю (1972), скачках у ваду “Вясеннія ластаўкі” (1972–1980), па біятлону, стральбе з лука і інш.).

У пасляваенны перыяд атрымала распаўсюджванне такая форма міжнародных адносін, як супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў.

Такім чынам, беларускі народ ажыццяўляў разнастайныя сувязі з народамі краін свету.


РАЗДЗЕЛ ІX. РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ НА ШЛЯХУ СТАНАЎЛЕННЯ І ЎМАЦАВАННЯ ДЗЯРЖАЎНАГА СУВЕРЭНІТЭТУ(1991 – 2011 гг.)

 

§ 1. Дзяржаўны пераварот у Маскве ў жніўні 1991 г. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Ліквідацыя СССР: розныя погляды і меркаванні

Падзеі 1990 – 1991 гг. у СССР і БССР. 1990 г. з’яўляецца пераломным, лёсавызначальным годам у гісторыі Савецкай дзяржавы. Далейшы ход падзей быў лагічным працягам і завяршэннем таго, што адбылося менавіта ў гэтым годзе. Што ж адбылося ў 1990 г.?

Вясной 1990 г. на альтэрнатыўнай аснове прайшлі выбары ў рэспубліканскія і мясцовыя органы ўлады, у ходзе якіх патрабаванне адмены 6-га артыкула Канстытуцыі СССР стала ядром палітычных дыскусій, атрымала падтрымку на мітынгах. На выбарах вялікіх поспехаў дабіліся так званыя “дэмакраты” і нацыянал-сепаратысты.

На пленуме ЦК КПСС, які адбыўся ў пачатку 1990 г., М.С. Гарбачоў прапанаваў выступіць з заканадаўчай ініцыятывай аб выключэнні з Канстытуцыі СССР яе 6-га артыкула аб кіруючай ролі КПСС, замацаваць у новай платформе партыі палітычны плюралізм, змешаную эканоміку і шматпартыйнасць, увесці пасаду прэзідэнта краіны. Паслухмяныя ўдзельнікі пленума без супраціўлення капітулявалі і пагадзіліся з прапановай свайго генсека аб добраахвотнай перадачы ўлады ў краіне антысацыялістычным сілам. Нечарговы Трэці З’езд народных дэпутатаў СССР у сакавіку 1990 г. адмяніў 6-ы артыкул Савецкай Канстытуцыі і ўвёў пасаду Прэзідэнта СССР. З’езд на безальтэрнатыўнай аснове выбраў М.С. Гарбачова Прэзідэнтам СССР.

Падзеі сакавіка 1990 г. сталі сігналам для нацыянал-сепаратыстаў Эстоніі, Азербайджана, Арменіі, Латвіі, Літвы, Грузіі і іншых рэспублік. Яны аб’явілі аб суверэнітэце рэспублік. Па сутнасці, былі здзейснены антыдзяржаўныя парламенцкія перавароты. Цэнтральная ўлада бяздзейнічала, злачынна патурала сепаратызму нацыяналістаў. Больш за тое, быў прыняты Закон СССР “Аб парадку вырашэння пытанняў, звязаных з выхадам саюзнай рэспублікі з СССР”. Саюзныя рэспублікі фактычна запрашаліся пакінуць СССР, хоць гэты працэс абстаўляўся ўмовамі і тэрмінамі. Механізм арганізацыйнага распаду краіны быў запушчаны.

Аднак вырашальны ўдар па СССР быў нанесены ў маі – чэрвені 1990 г. на першым З’ездзе народных дэпутатаў Расіі ў Маскве. У выніку напружанай палітычнай барацьбы Б.М. Ельцын з нязначнай перавагай галасоў быў выбраны Старшынёй Вярхоўнага Савета РСФСР. 12 чэрвеня 1990 г. была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР.

Падзеі ў Маскве ў маі – чэрвені 1990 г. узмацнілі “парад суверэнітэтаў” і цэнтрабежныя тэндэнцыі ў краіне, ініцыіравалі прыняцце падобных дэкларацый у іншых рэспубліках. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі ў складзе савецкай федэрацыі. Прынятае рашэнне не выяўляла волі большасці беларускага народа.

Кіраўніцтва СССР замест узмацнення цэнтралісцкіх пачаткаў з апорай на большасць насельніцтва стала на шлях заахвочвання дэцэнтралізацыі, перадачы рэспублікам часткі паўнамоцтваў цэнтра, пераходу народнагаспадарчых комплексаў рэспублік на гаспадарчы разлік і ўстанаўленне прамых эканамічных сувязей паміж рэспублікамі, надання мовам тытульных нацый статусу дзяржаўных. Чым больш цэнтр саступаў саюзным рэспублікам, тым мацней гучалі патрабаванні на яго адрас з боку нацыянальных эліт.

Летам 1990 г. адбыўся апошні ХХVІІІ з’езд КПСС. На з’ездзе М.С. Гарбачоў выступіў з новай ідэяй перабудовы, на гэты раз перабудовы КПСС на манер заходняй сацыял-дэмакратыі. Паслухмяныя дэлегаты з’езда адобрылі прапанову свайго генсека ў рэзалюцыі “Да гуманнага дэмакратычнага сацыялізму” і тым самым падпісалі сваёй партыі смяротны прыгавор. На з’ездзе з КПСС дэманстратыўна выйшаў Б.М. Ельцын. З восені 1990 г. пачынаецца працэс выхаду з партыі радавых камуністаў і самароспуску партарганізацый на прадпрыемствах і ўстановах.

Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася, калі ўрад СССР на чале з М.І. Рыжковым у сярэдзіне 1990 г. прадставіў праграму выхаду эканомікі з крызісу і пераходу да рыначных адносін. Аналагічная праграма была распрацавана і адобрана ў Беларусі. Глыбокі эканамічны крызіс, “хваробу” савецкай эканомікі кіраўніцтва СССР вырашыла лячыць “лекавымі сродкамі” капіталізму. Гэта была незаўважаная народам афіцыйная змена палітычнага курсу КПСС і Савецкай дзяржавы, бо рынак з усімі яго атрыбутамі – з’ява капіталістычнага, а не сацыялістычнага грамадства. Але тады рабіў сваю справу ідэалагічны камуфляж: рынак – гэта універсальны сродак выхаду з крызісу і росквіту любой эканомікі.

Айчынная “дэмакратыя” з дапамогай Захаду ўзмацняла намаганні па развале Саюза ССР, знішчэнні існуючага ладу. Каб пазбегнуць абвінавачвання ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы СССР, былі створаны шматлікія “фонды”, “цэнтры”, “саветы”, “асацыяцыі”, якія афіцыйна лічыліся прыватнымі, недзяржаўнымі арганізацыямі, а фактычна знаходзіліся пад кантролем спецслужб. Апазіцыйныя “дэмакратычныя” арганізацыі СССР атрымлівалі з‑за мяжы матэрыяльную і фінансавую дапамогу: факсы, ксераксы, камп’ютэры, друкарскія станкі, тэлексы, відэакамеры і іншую тэхніку, грошы на фінансаванне навуковых тэм, падрыхтоўку вучэбных дапаможнікаў, слоўнікаў, энцыклапедый і г. д.

Палітычнае і прававое супрацьстаянне паміж Масквой і саюзнымі рэспублікамі пачало набываць бесперапынны характар. ІV З’езд народных дэпутатаў СССР у снежні 1990 г. абмеркаваў ідэю Саюзнага дагавора і прыняў рашэнне аб правядзенні рэферэндуму па пытанні захавання Саюза ССР. Рэферэндум адбыўся 17 сакавіка 1991 г. Ён не праводзіўся ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Арменіі, Малдавіі і Грузіі. Гэты “бунт” нацыянальных эліт не знайшоў адпаведнага рэагавання з боку цэнтральных улад. У рэферэндуме прыняло ўдзел 148,6 млн. чалавек, ці каля 80 % грамадзян СССР, якія мелі права голасу. 113,5 млн. чалавек, ці 76,4 % выказаліся за захаванне СССР. У Беларусі за захаванне СССР прагаласавала 82,7 % агульнай колькасці выбаршчыкаў.

14 жніўня 1991 г. быў надрукаваны тэкст новага Саюзнага дагавора, які меў супярэчлівы характар. Падпісанне дагавора павінна было адбыцца 20 жніўня 1991 г. Украіна пры гэтым заявіла, што яна не падпіша дагавор да таго часу, пакуль не будзе прынята свая канстытуцыя. Усе рэспублікі Сярэдняй Азіі, не даводзячы да ведама Масквы, заключылі паміж сабой сістэму двухбаковых пагадненняў.

Дзяржаўны пераварот у Маскве ў 1991 г. 4 жніўня 1991 г. М.С. Гарбачоў пакінуў Маскву і паехаў адпачываць на крымскую дачу ў Фаросе. Перад ад’ездам ён даў свайму бліжэйшаму акружэнню даручэнне рыхтаваць увядзенне надзвычайнага становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР. 18 жніўня 1991 г. прадстаўнікі цэнтра прыехалі ў Фарос, азнаёмілі М.С. Гарбачова са складам будучага Дзяржаўнага камітэта па Надзвычайным становішчы (ГКЧП) і прапанавалі падпісаць адпаведны ўказ. М.С. Гарбачоў адмовіўся гэта зрабіць, чым адразу ператварыў сваіх “гасцей” у загаворшчыкаў. Гэта вельмі нагадвала палітычную правакацыю.

Тады раніцай 19 жніўня 1991 г. усе сродкі масавай інфармацыі перадалі заяву ГКЧП аб тым, што М.С. Гарбачоў не можа выконваць свае абавязкі “па стану здароўя”, а яго паўнамоцтвы пераходзяць да віцэ-прэзідэнта Г.М.Янаева. З мэтай недапушчэння хаосу і анархіі ў асобных мясцовасцях уводзілася надзвычайнае становішча. Прыпынялася дзейнасць палітычных партый і арганізацый, уводзілася цэнзура, забараняліся мітынгі і дэманстрацыі.

У Маскве аб’яўлялася каменданцкая гадзіна. У сталіцу былі ўведзены войскі, якія ніякіх дзеянняў не ажыццяўлялі. Вакол “Белага дома”, дзе знаходзіліся органы ўлады і кіравання Расіяй, збіраліся масквічы, у асноўным інтэлігенцыя і студэнты, будаваліся барыкады. Кіраўнікі Расіі ў звароце да грамадзян назвалі ГКЧП “рэакцыйным антыканстытуцыйным пераваротам” і запатрабавалі склікання Надзвычайнага з’езда народных дэпутатаў СССР. Выступленне Б.М. Ельцына, які залез на танк, дадавала яму папулярнасці. Сваім указам Прэзідэнт Расіі перападпарадкаваў сабе ўсе органы выканаўчай улады СССР, якія знаходзіліся на тэрыторыі Расіі, у тым ліку КДБ, МУС і Міністэрства абароны. 21 жніўня 1991 г. прадстаўнікі ГКЧП вылецелі ў Фарос для сустрэчы з М.С. Гарбачовым, але ён іх не прыняў. Лідэры ГКЧП былі арыштаваны і аддадзены пад суд. Вечарам 21 жніўня 1991 г. М.С. Гарбачоў вярнуўся ў Маскву, цалкам адмежаваўся ад сваіх паплечнікаў.

Вучоныя і палітыкі неадназначна ацэньваюць падзеі 19 – 21 жніўня 1991 г. Адны з іх лічаць, што гэтыя падзеі нельга кваліфікаваць як “дзяржаўны пераварот”, “путч”, “загавор”, бо члены ГКЧП СССР не планавалі карэнных змен у дзяржаўным ладзе краіны. Яны, наадварот, стараліся захаваць наяўны канстытуцыйны парадак, адзіную дзяржаву, дзяржаўны і грамадскі лад перад пагрозай яго знішчэння. Яны не згаворваліся тайна супраць прэзідэнта СССР. Другія (былы прэм’ер-міністр В.С. Паўлаў і інш.) сцвярджаюць, што падзеі 19 – 21 жніўня 1991 г. – гэта “сапраўдны дзяржаўны пераварот, добра падрыхтаваны і прафесійна праведзены Гарбачовым – Ельцыным па спецзаказе”. Галоўным у “спецзаказе” было разбурэнне СССР і перавод краіны на капіталістычны шлях развіцця. Трэцяя група даследчыкаў лічыць, што выступленне ГКЧП СССР у абарону краіны і яе Канстытуцыі было няўдалым, непрафесійным. Гэкачэпісты аказаліся пешкамі ў грандыёзнай правакацыі, якая была падрыхтавана і праведзена “сусветнай закулісай” [10]. Іх падманным шляхам уцягнулі ў заведама правальнае мерапрыемства, якому прысвоілі катэгорыю “путчу” з тым, каб звярнуцца да немагчымых у звычайнай сітуацыі надзвычайных мер па змене існуючага ладу. Гэкачэпісты, на іх думку, – ахвяры вялікага ашуканства.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 418; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.059 сек.