Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Абарончыя баі ў Беларусі і ўстанаўленне акупацыйнага рэжыму




Нападзенне Германіі на СССР.

На досвітку 22 чэрвеня 1941 г. гітлераўскія войскі ўварваліся ў межы Савецкага Саюза. Вораг наносіў дакладныя ўдары па аэрадромах, скапленнях ваеннай тэхнікі, чыгуначных вузлах. Часці Чырвонай Арміі панеслі велізарныя страты. Гінулі людзі, знішчаліся матэрыяльныя каштоўнасці.

Удар групы армій “Цэнтр” прынялі на сябе арміі Заходняй асобай ваеннай акругі, пераўтворанай у Заходні фронт. Нягледзячы на неверагодна цяжкае становішча, знаходзячыся іншы раз у акружэнні праціўніка, савецкія воіны аказвалі рашучае супраціўленне, праяўлялі стойкасць і мужнасць. Гераічна трымаліся абаронцы Брэсцкай крэпасці – воіны капітана І.М. Зубачова і палкавога камісара Я.М. Фаміна, маёра П.М. Гаўрылава, лейтэнантаў А.М. Кіжаватава, В.М. Усава, А.Ф. Наганава. Толькі нямногім удалося вырвацца з крэпасці і прадоў-жыць барацьбу з фашыстамі. Большасць з іх падверглася потым сталін-скім рэпрэсіям.

Прарваўшы абарону пагранічных войскаў у Беларусі, магутныя групоўкі фашыстаў накіраваліся на Усход: адна з іх рушыла ад Сувалак на Вільню і Мінск, другая – ад Брэста ў напрамку Баранавічы – Мінск. Яны мелі задачу абыйсці з поўначы і поўдня галоўныя сілы Заходняга фронту ў раёне Мінска і знішчыць іх. На подступах да Мінска мужна трымалі абарону часці 64-й стралковай дывізіі пад каманда-ваннем генерал-маёра І.М. Русіянава і 108-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра А.І. Маўрэвіча.

У чэрвені – жніўні 1941 г. з Беларусі ў Чырвоную Армію было мабілізавана звыш 500 тыс. чалавек (мабілізацыя ў Беларусі праводзілася на працягу ўсяго перыяду Вялікай Айчыннай вайны). Для барацьбы з дыверсантамі праціўніка да сярэдзіны ліпеня 1941 г. у Беларусі былі створаны 78 знішчальных батальёнаў (100–200 чалавек у кожным), якія налічвалі больш за 13 тыс. чалавек. У Віцебскай і Магілёўскай абласцях у першыя месяцы вайны было больш за 200 фарміраванняў народных апалчэнцаў (каля 33 тыс. байцоў). Каля 2 млн. чалавек было мабілізавана на будаўніцтва абарончых збудаванняў.

Нягледзячы на ўпартае супраціўленне, 28 чэрвеня 1941 г. нямецкія танкі прарвалі абарону і ўварваліся ў Мінск. У акружэнні праціўніка аказаліся 11 параўнальна баяздольных злучэнняў 3-й і 10-й армій, а таксама некаторая частка войскаў 13-й арміі. Гэта, пасутнасці, пазбавіла магчымасці стрымліваць праціўніка ў цэнтральнай частцы Беларусі. 23 дні Чырвоная Армія стрымлівала націск танкавай групы ў раёне Магілёва. Толькі 9 жніўня цаной вялікіх ахвяр гітлераўцам удалося захапіць горад на Дняпры, 19 жніўня – Гомель. Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

На акупіраванай тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі ўводзілі “новы парадак” – дзяржаўную сістэму палітычных, эканамічных і ваенных мер. Яе ідэйнай асновай была чалавеканенавісніцкая “расавая тэорыя” нацыстаў, якая сцвярджала перавагу арыйскай расы над усімі іншымі народамі, неабходнасць расшырэння “жыццёвай прасторы” для немцаў і іх “права” на сусветнае панаванне.

У плане аператыўнага кіравання Беларусь была падзелена на шэраг частак. Паўночна-заходнія раёны Брэсцкай вобласці і Беластоцкую вобласць з гарадамі Гродна і Ваўкавыскам акупанты далучылі да Усходняй Прусіі. Паўднёвыя раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абласцей па лініі 20 км на поўнач ад чыгуначнай лініі Брэст-Гомель адышлі да рэйхскамісарыята “Украіна”. Паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці ўключылі ў генеральную акругу Літвы. Віцебскую і Магілёўскую, большую частку Гомельскай і ўсходнія раёны Мінскай абласцей перадалі ў зону аператыўнага тылу групы арміі “Цэнтр”. У склад генеральнай акругі Беларусі (Вайсрутэнія) ўвайшлі Баранавіцкая, частка Вілейскай, Мінскай, Брэсцкай, Пінскай і Палескай абласцей, што складала 1/3 даваеннай тэрыторыі БССР. Гэта тэрыторыя была ўключана ў склад рэйхскамісарыята Остланд і падзелена на 10 акруг: Баранавіцкую, Барысаўскую, Вілейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідскую, Мінскую, Навагрудскую, Слонімскую, Слуцкую.

Уся ўлада ў іх знаходзілася ў руках цывільнай адміністрацыі, якая апіралася на войскі і розныя службы (СС – ахоўныя атрады, а таксама адборныя войскі, СА – штурмавыя групы, адданыя фюрэру, СД – служба бяспекі, галоўны орган разведкі і кнтрразведкі, гестапа – палітычная паліцыя і інш.). Намеснікам Гітлера ў Беларусі стаў гаўляйтэр Вільгельм Кубэ, а пасля яго забойства падпольшчыкамі – фон Готберг.

Свой “новы парадак” акупанты ўводзілі вельмі жорстка. Усе рабочыя і служачыя павінны былі з’явіцца на працоўныя месцы, а беспрацоўныя – адзначыцца на біржы працы. Каб наладзіць цывільнае жыццё з максімальнай карысцю для сябе, немцы адразу ж сталі на шлях фарміравання акупацыйнай адміністрацыі і паліцэйскіх падраздзяленняў, прыцягваючы да іх калабарацыяністаў. З мэтай стварэння сваёй апоры сярод насельніцтва, яны дазволілі прыхільнікам беларускага нацыянальнага руху распаўсюджваць нацыянальную сімволіку, арганізоўваць беларускія школы, тэатральныя і навуковыя ўстановы, у тым ліку акадэмію навук, выдаваць беларускія газеты. А потым, калі становішча акупантаў стала катастрафічным, яны пайшлі на арганізацыю “дарадчых органаў кіравання”, у тым ліку Беларускай цэнтральнай рады і Беларускай краявой абароны, якая ніякай рэальнай улады не мела.

Сярод калабарацыяністаў былі беларусы, якія раней пражывалі ў Заходняй Беларусі, Польшчы, Германіі і іншых краінах і зрабілі стаўку на гітлераўскую Германію, жадаючы з яе дапамогай адраджаць Беларусь.

У адпаведнасці з генеральным планам “Ост” фашысты прыступілі да каланізацыі Беларусі, германізацыі, высялення і знішчэння яе народа. Яны рабавалі і палілі гарады і сёлы, вывозілі ў Германію прамысловае абсталяванне, сыравіну, лес і жывёлу, знішчалі навуковыя ўстановы, школы, тэатры, музеі, бібліятэкі. Уцалелыя прадпрыемствы перадавалі нямецкім акупантам і заводчыкам, а зямлю – каланістам. Разам з тым, акупанты імкнуліся ў сваіх інтарэсах арганізаваць работу прамысловасці і транспарту, захаваць калгасы і саўгасы як вытворчыя адзінкі, наладзіць дзейнасць некаторых культурных і навуковых уста-ноў. Рабочыя падвяргаліся жорсткай эксплуатацыі. Іх прымушалі працаваць па 12–14 гадзін у суткі. Тых, хто адмаўляўся ад работы, заключалі ў канцлагеры, а падазраваемых у сабатажы расстрэльвалі. Сялян абкладалі непасільнымі падаткамі і паборамі, спагнанне якіх суправаджалася рэпрэсіямі. Галодная смерць пагражала сотням тысяч людзей.

Галоўным сродкам ажыццяўлення агрэсіўнай экспансіянісцкай праграмы нацыстаў з’яўлялася палітыка генацыду – знішчэнне груп насельніцтва за прыналежнасць да камуністаў, або яўрэяў, за любое непаслушанства акупацыйным уладам і інш. З фашысцкіх салдат і афіцэраў здымалася ўсякая адказнасць за злачынствы на акупіраванай тэрыторыі.

У Беларусі было створана больш як 260 лагераў смерці. У кожным раёне дзейнічалі канцлагеры, турмы, гета. У Мінску і яго ваколіцах знаходзілася 5 такіх лагераў. Адзін з іх – Трасцянец, за 10 км на ўсход ад горада. У сістэме лагераў гітлераўскай Германіі ён стаяў на трэцім месцы пасля Асвенцыма і Майданэка па колькасці знішчаных: 206500 чалавек. Ахвярамі Трасцянца, апрача жыхароў Беларусі, былі прывезеныя з турмаў Германіі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Францыі, Поль-шчы. Падобныя лагеры былі паблізу станцыі Лясная і Бронная Гара ў Брэсцкай вобласці, Грэбенеўскі ў Магілёве, у раёне Полацка і інш. Людзей спальвалі, цкавалі сабакамі, закопвалі жывымі ў зямлю, атручвалі ў “душагубках” – спецыяльна прыстасаваных для гэтага памяшканнях.

Жудасным становішчам вызначаліся яўрэйскія гета. Адным з найбольш буйных з’яўлялася Мінскае гета. Яно пачало дзейнічаць у жніўні 1941 г. У ім было загублена каля 100 тыс. яўрэяў. Усяго на Беларусі было створана 70 гета.

Гітлераўцы знішчалі ваеннапалонных і мірнае беларускае насельніцтва. За час акупацыі пад выглядам барацьбы супраць партызан яны правялі ў Беларусі больш як 140 карных экспедыцый, ператварыўшы ў “зоны пустыні” цэлыя раёны. 22 сакавіка 1943 г. спалілі жывымі ўсіх жыхароў вёскі Хатынь, паблізу Лагойска. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 76 дзяцей.

Такім чынам, за даволі кароткі прамежак часу гітлераўцы здолелі захапіць усю тэрыторыю Беларусі і ўстанавіць жорсткі акупацый-ны рэжым, які прынёс нашай Бацькаўшчыне незлічоныя беды. У выніку вайны загінула звыш 2 млн. 200 тыс. жыхароў, 380 тыс. вывезена на працу ў Германію, у тым ліку больш як 24 тыс. дзяцей. Апынуўшыся на катарзе, людзі гінулі ад голаду, розных хвароб, здзекаў, цяжкай працы і прамога фізічнага знішчэння. Паводле няпоўных даных, пасля разгрому гітлераўскай Германіі ў Беларусь вярнулася 120 тыс. чалавек. З-за людскіх страт насельніцтва Беларусі ў 1945 г. складала толькі 6,2 млн. чалавек. За час акупацыі ў рэспубліцы былі знішчаны каля 9200 населеных пунктаў, з іх 628 вёсак раздзяліла лёс Хатыні, 186 так і не былі адноўлены пасля завяршэння вайны. Некаторыя вёскі палілі двойчы, тройчы.

Асноўныя тэрміны і паняцці

“Барбаросса” – кодавая назва плана вайны фашысцкай Германіі супраць СССР. Ад прозвішча германскага караля і імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі Фрыдрыха І Барбароссы (ХІІ ст.), які імкнуўся шляхам вайны падпарадкаваць сабе суседнія дзяржавы.

“Маланкавая вайна” – тэорыя вядзення агрэсіўных войнаў, створаная германскімі мілітарыстамі ў пачатку ХХ ст. і пакладзеная ў аснову ваеннай стратэгіі ў 1-й і 2-й сусветных войнах. Паводле гэтай тэорыі, перамога павінна быць дасягнута ў найкарацейшы тэрмін, інакш ваенная патэнцыя Германіі можа стацца недастатковай. Канкрэтнае ўвасабленне знайшла ў плане “Барбаросса”.

“Цэнтр” – група армій нямецка-фашыстскіх войскаў, створаная з мэтай акружэння і знішчэння часцей Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі і захопу Масквы. Перастала існаваць у выніку наступальных аперацый Чырвонай Арміі ў другой палове 1944 – пачатку 1945 гг.

“Ост” – нямецка-фашыстскі план каланізацыі і германізацыі Усходняй Еўропы; быў вядомы толькі вузкаму колу кіраўнікоў нацысцкай партыі.

“Остланд” – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, у склад якой уваходзіла акупіраваная тэрыторыя Беларусі, у тым ліку генеральная акруга “Беларусь”. 31 красавіка 1944 г. акруга “Беларусь” была падпарадкавана міністру ўсходніх земляў А. Розенбергу.

Калабарацыянізм – супрацоўніцтва асоб, партый, устаноў з захопнікамі на часова акупіраваных імі тэрыторыях. Тэрмін узнік у гады Другой сусветнай вайны ў Францыі.

Беларуская цэнтральная рада (Рада Даверу) – марыянетачны ўрад на чале з прэзідэнтам Р. Астроўскім, створаны ў снежні 1943 г.

Гета – гарадскія канцэнтрацыйныя лагеры, якія ствараліся гітлераўцамі для знішчэння яўрэйскага насельніцтва. На Беларусі іх было створана 70.

“Вайсрутэнія” (“Беларутэнія”) – “Белая Русь”, адміністрацыйная адзінка, створаная нямецкім акупацыйным рэжымам.

Храналогія падзей

22 чэрвеня 1941 г. – напад гітлераўскай Германіі на СССР. Пераўтварэнне Заходняй асобай ваеннай акругі ў Заходні фронт.

22 чэрвеня – канец ліпеня 1941 г. – абарона Брэсцкай крэпасці.

28 чэрвеня 1941 г. – захоплены Мінск і Бабруйск.

29 чэрвеня 1941 г. – першая дырэктыва СНК СССР і ЦВК УКП(б) аб формах і метадах дзеянняў на захопленай нямецкімі войскамі тэрыторыі і ў прыфрантавых абласцях.

Пачатак ліпеня 1941 г. – стварэнне савецкім камандаваннем новай лініі абароны на Заходняй Дзвіне і Дняпры. Арышт камандуючага Заходнім фронтам Д.Р. Паўлава (расстраляны).

5–11 ліпеня 1941 г. – абарона Віцебска.

3–26 ліпеня 1941 г. – абарона Магілёва.

12–19 жніўня 1941 г. – абарона Гомеля.

Канец жніўня 1941 г. – поўная акупацыя Беларусі нямецка-фашысцкімі войскамі.

22 кастрычніка 1941 г. – стварэнне Беларускай народнай самапомачы (БНС).

Пытанні для самаправеркі

1. Як пагранічнікі і чырвонаармейцы сустрэлі ворага на тэрыто-рыі Беларусі?

2. Якая работа праводзілася па мабілізацыі сіл беларускага наро-да на адпор ворагу?

3. Якія абарончыя баі вяла Чырвоная Армія на тэрыторыі БССР?

4. Ахарактэрызуйце акупацыйны рэжым, устаноўлены нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Беларусі.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-03; Просмотров: 755; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.025 сек.