Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Паходжанне Кірыліцы




 

Праблема паходжання пісьма ва ўсходніх славян, час яе ўзнікнення і характар і сёння з'яўляецца адной з найбольш спрэчных. Відавочна, адно: з'яўленне пісьма неабходна разглядаць у сувязі з агульным сацыяльна-эканамічным развіццём і палітычным развіццём краіны.

Найбольш старажытным відам пісьма ў славян было пісьмо тыпа "чертов и резов", аб якіх пісаў у “Сказанні аб пісьменах” Чарнарызац Храбр. Узнікненне гэтага пісьма адносіцца да II - IV ст. Яно ўключала невялікі і нестабільны ў розных славянскіх плямён набор прасцейшых знакаў ў выглядзе рысак ("черты") і засечак ("резы"). Па сведчанню крыніцы пры дапамозе такіх "чертов и резов" славяне чыталі і варажылі. "Черты и резы" служылі і для ліку, абазначэння святаў і інш. Магчыма, Чарнарызац Храбр пад "чертами и резами" меў на ўвазе і "клейна" - знакі родавай уласнасці, "рубежы" - межавыя знакі, якімі карысталіся яшчэ ў XVI ст. і значна пазней.

Узнікненне ў VII - VIII стст. славянскіх дзяржаў (дзяржава Сама ў 623 г., чэшская дзяржава Пшэмысловічаў у сярэдзіне VII ст. і інш.), больш актыўнае развіццё гандлёвых і культурных сувязяў славян з Візантыяй спарадзіла неабходнасць у больш дакладным і складаным літарна-гукавом пісьме. Славяне запазычваюць на ўсходзе і поўдні грэчаскія, а на захадзе - грэчаскія і лацінскія літары. Запазычаныя літары прыстасоўваліся да фанетыкі славянскай мовы. Для адлюстравання адмысловых гукаў славянскай гаворкі з грэчаскіх літар утвараліся лігатурныя спалучэнні, грэчаскія літары дапаўняліся літарамі з іншых пісьмовых сістэм. Так адбывалася фарміраванне "пратакірыліцы". Пратакірылічнае пісьмо фарміравалася на ўсёй тэрыторыі славян, якая знаходзілася пад уплывам Візантыі. Аналагічныя працэсы запазычвання і прыстасавання пісьма больш высокаразвітых суседдзяў характэрны і для іншых народаў. Грэкі запазычылі пісьмо ў фінікійцаў, этрускі і рымляне - у грэкаў і інш. Супадзенне лічбавага значэння кірылічных літар і літар грэчаскага пісьма, адсутнасць лічбавага значэння ў большасці літар кірыліцы, якія не былі запазычаны з грэчаскага алфавіта, сведчыць аб тым, што яшчэ да ўпарадкавання кірылічнага пісьма славяне ўстойліва выкарыстоўвалі для перадачы лічбаў грэчаскія літары.

Не раней VIII ст., відавочна, пачынае фарміравацца і "пратаглагалічнае" пісьмо. Развіццё пратаглаголіцы адбывалася на матэрыяле "чертов и резов" праз складаны уплыў грэчаскай, яўрэйска-хазарскай, а магчыма, таксама грузінскай, армянскай, рунічнай цюркскай пісьмовых сістэм. Некаторыя грэчаскія літары маглі графічна змяняцца славянамі ў бок формаў знакаў "черт и резов". Кожны від пісьма існаваў у розных разнавіднасцях.

Да сённяшняга дня застаецца спрэчнай праблема: якую з двух азбук стварыў Канстанцін. Большасць даследчыкаў лічаць, што Канстанцін быў стваральнікам глаголіцы, кірыліца ж была створана ў канцы IX - пачатку X ст. у Баўгарыі вучнем Канстанціна Кліментам Ахрыдскім. Тым не меньш доказы на карысць стварэння Канстанцінам кірыліцы з’яўляюцца найбольш пераканаўчымі.

Гісторыя гэтай падзеі наступная. У 830 г. чэха-мараўскія плямёны былі аб'яднаны князем Маймірам у Вялікамараўскую дзяржаву са сталіцай у г. Велеград. У 846 г. наступнік Майміра Расціслаў прыняў ад Рыма хрысціянства. Пропаведзі вяліся нямецкім духавенствам і лацінскімі місіянерамі на лацінскай мове. Спроба падпарадкавання Расціслава з боку караля Людовіка Нямецкага закончылася безпаспяхова. Распачатыя перагаворы Людовіка Нямецкага з баўгарскім князем Барысам аб ваенным саюзе супраць Расціслава, вымусілі апошняга заручыцца падтрымкай ў Візантыі. З гэтай мэтай у канцы 862 г. Расціслаў накіраваў у Візантыю пасольства на чале са сваім пляменнікам Святаполкам. Афіцыйнай мэтай пасольства было запрашэнне ў Маравію місіянераў для пропаведзі хрысціянства на славянскай мове. Гэта просьба адпавядала як імкненням Візантыйскай імперыі, якая старалася пашырыць свой уплыў на заходніх славян, так і інтарэсам візантыйскай царквы, адносіны якой з Рымам набывалі ўсё больш напружаны характар. Таму імператар Міхаіл і патрыярх Фоцій з разуменнем аднесліся да просьбы Расціслава. У якасці прапаведнікаў было вырашана адправіць у Маравію двух братоў Канстанціна Філосафа і Мяфодзія.

Канстанцін (826-869) і Мяфодзій (820-885) паходзілі з г. Солунь (цяпер Салонікі), які насялялі напалову грэкі і напалову славяне. Большасць вучоных лічаць, што Канстанцін і Мяфодзій былі баўгарамі. Паводле аднаго з паданняў іх бацька быў баўгарынам, маці - грачанкай. Пры двары візантыйскага імператара Канстанцін набыў добрую адукацыю. Адмовіўшыся ад дзяржаўнай кар'еры, ён заняў месца патрыяршага бібліятэкара, а затым пасля паўгадавога знаходжання ў манастары - выкладчыка філасофіі. Яшчэ ў юнацкім узросце ён паказаў сабе як выдатны дыялектык. Атрымаўшы бліскучую перамогу ў дыспуце з правадыром іконаборцаў, былым патрыярхам Арыем, імператар Міхаіл і патрыярх Фоцій сталі рэгулярна накіроўваць яго да суседніх народаў з мэтай пераканання іх у перавазе візантыйскага хрысціянства. Асабліва важна трэцяя місія Канстанціна: у Хахарыю. Яна адбылася на мяжы 60-х гадоў IX ст. Па дарозе ў Хазарыю Канстанцін спыніўся ў Херсанесе (паўднёвы бераг Крыма). Там, згодна, з крыніцамі, ён выявіў "Евангелле" і "Псалтыр", якія былі напісаны "роусьскыми писмены". Ён сустрэў і чалавека, які гаварыў па-руску, уступіў з ім у гутарку, а затым пачаў чытаць і гаварыць па-руску.

Старэйшы брат Канстанціна Мяфодзій з маладых год знаходзіўся на дзяржаўнай службе. Праслужыўшы 10 год правіцелем адной з падуладных абласцей Візантыі, ён удаліўся ў манастыр на гары Алімп. Пад час місіі Канстанціна да хазар, Мяфодзій наведаў баўгарскага князя Барыса і альбо крысціў, альбо падрыхтаваў яго да хрышчэння. Патрыярх прапанаваў Мяфодзію сан архіепіскапа, але Мяфодзій абраў пасаду настаяцеля аднаго з манастыроў на азіяцкім беразе Мармуровага мора (недалёка ад гары Алімп).

Перад тым, як накіравацца ў Маравію, Канстанцін нібы сказаў: “... з радасцю пайду ў мараўскую зямлю, калі толькі яны (мараване. - А. Г.) маюць азбуку сваёй мовы, бо вучыць без азбукі тое ж самае, што пісаць гутарку на вадзе”. Па сведчанню крыніц Канстанцін распрацаваў славянскую азбуку. Відавочна, матэрыялам для распрацоўкі азбукі паслужыла для Канстанціна тая разнавіднасць "пратакірылічнага" пісьма, з якой ён пазнаёміўся у Херсанесе. Ён перапрацаваў гэту разнавіднасць, сістэматызаваўшы алфавіт і наблізіўшы форму літар да форм літар грэчаскага пісьма. З дапамогай Мяфодзія Канстанцін пераклаў на славянскі язык асноўныя багаслужэбныя кнігі. Летам 863 г. Канстанцін і Мяфодзій прыбылі ў Маравію. Яны вялі багаслужэнне на славянскай мове ў г. Велеградзе і мараўскіх сёлах. Браты абралі сабе вучняў з ліку мараваў, навучаючы іх славянскай азбуцы і царкоўнай службе на роднай мове. У вольны час яны перакладалі кнігі з грэчаскай на славянскую мову.

У канцы IX - пачатку X ст. у Баўгарыі вучань Канстанціна Клімент Ахрыдскі, відавочна, папоўніў алфавіт некалькімі літарамі.

Самымі старажытнымі помнікамі кірыліцкага пісьма з’яўляюцца надпісы на мурах і керамічных плітах царквы Сімеёна (893-927) у г. Прэслаў (Балгарыя), адзін з якіх, на думку некаторых вучоных, датуецца 893 г. Найбольш старажытным датаваным кірылічным надпісам з'яўляецца баўгарскі надпіс 943 г., які выяўлены ў 1950 г. у Румынскім Добруджы і інш. Найстаражытнейшая датаваны кірылічны рукапіс - "Астрамірава евангелле" 1056-1057 гг. Яшчэ раней былі створаны "Савіна кніга", "Супрасльскі рукапіс" і інш.

Кірыліца, калі меркаваць па рукапісах XI ст., мела 43 літары. Аднак ў пачатковым складзе, відовочна, яна не мела двух ётаваных "юсаў" ("ѭ" і "ѩ"), а таксама ётаваных "а" і "е" ("ӕ", "ѥ"). Больш за тое, літара "ук" ("оу"), верагодна, спачатку ўспрымалася не як асобная літара, а як спалучэнне "он" і "іжыцы". Такім чынам, спачатку кірыліца налічвала не 43, а 38 літар. Астатнія пяць літар былі пазней уведзены, відавочна, Кліментам Ахрыдскім.

Як і ў грэчаскім алфавіце, кірылічныя літары выкарыстоўваліся для абазначэння лічбаў. Лічбавые значэнне мелі, як правіла, толькі тыя літары, якія былі запазычаны з грэчаскага алфавіта. Гэтыя літары атрымалі тое лічбавае значэнне, якое было замацавана за імі ў грэчаскай лічбавай сістэме. Выключэнне складаюць толькі "6", "90" і "900". У грэкаў для абазначэння гэтым лічбаў выкарыстоўваліся літары "дыгамма", "коппа", "сампі", якія даўно страцілі гукавое значэнне і перадаваліся толькі як лічбы. У кірыліцу гэтыя літары не ўвайшлі. Па гэтай прычыне для лічбы 6 стала выкарыстоўвацца новая славянская літара "зяло" ("s"), для "90" - "чэрвь", а для "900" - "цы".

З 43 літар кірыліцы 24 былі запазычаны з грэчаскага ўстаўнога пісьма ("унцыяла") з захаваннем іх графічнай формы. Першапачаткова супадала і іх гукавое значэнне. Астатнія 19 літар адсутнічалі ў грэчаскім пісьме і былі ўведзены для перадачы адмысловых гукаў славянскай гаворцы. Да ліку гэтых літар адносяцца "букі", "жывеце", "зело", "ук", "цы", "чэрвь", "ша", "шта", "ер", "еры", "ерь", "яць", "ю" (ётаванае "у"), "я" (ётаванае "а"), "е" (ётаванае "э"), "юс малы", "юс вялікі", "юс малы ётаваны", "юс вялікі ётаваны". Усе названыя літары ўяўляюць сабой або запазычанні з іншых алфавітаў, або змяненні грэчаскіх літар ці літар кірыліцы, або лігатурнае спалучэнне літар кірыліцы.

Літары "цы", "чэрвь", "ша" запазычаны з яўрэйскага пісьма. У кірыліцы яны атрымалі больш правільную форму, якая адпавядала графічнаму стылю кірыліцы.

Літара "б" ("букі") узнікла ў выніку невялікага змянення грэчаскай "β" ("беты"). Літара "зело" ("s"), верагодна, узыходзіць да позняга грэчаскага напісання "дыгаммы" ("F"). Аб гэтым сведчыць не толькі графічнае падабенства літар а таксама і тое, што "зело" атрымала такое ж лічбавае значэнне, як і "дыгамма" ("6"). "Юс малы" і "юс вялікі" уяўляюць сабой ускладненне ўстаўнога грэчаскага "а". Апошняя ў візантыйскіх рукапісах часам мела форму, якая была блізкай да кірылічных "юса малога" і "юса вялікага".

Літара "ь" уяўляе сабой змяненне кірыліцкага "і" ("і" дзесяцірычнага), а літары "ъ" і "ѣ" - вынік ўскладнення "ь". Апошняе пацвярджаецца графічнай блізкасцю формы і гукавога значэння "ь" і "ъ", а часткова таксама "ь" і "ѣ".

Восем новых літар былі створаны ў выніку лігатурнага спалучэння літар кірыліцы. Гэта спалучэнне, як правіла, мела сувязь з гукавым значэннем новай літары. Літара "ѹ" ("ук") з'яўляецца лігатурным спалучэннем "о" ("он") з "іжыцай" ("у"). Спалучэнне "о" і "у", відавочна, было падказана грэчаскім пісьмом, бо ў гэтым пісьме для перадачы гука "у" таксама выкарыстоўвалася спалучэнне "амікрона" з "іпсілонам". Побач з гарызантальнай лігатурай "оу" пазней ужывалася і вертыкальная лігатура названых літар. Літара "ш" ("шта") з'яўляецца лігатурным спалучэннем "ш" ("ша") з далучанай да яе знізу "т" ("цвёрда"). Такое спалучэнне адлюстроўвала гукавое значэнне "шта" у стараславянскай (баўгарскай) мове, у якой гэта літара вымаўлялася як "шт". Адзначанае спалучэнне пацвярджае і сама назва літары: "шта". Літара "ы" ("еры") была атрымана шляхам спалучэння "ер" ("ъ") і "і".

Цікавым была пабудова кірылаўскіх літар для ётаваных галосных. Гэта пабудова адпавядала законам фанетыкі стараславянскай мовы. Названыя літары ўзніклі ў выніку лігатурнага спалучэння літары, якая абазначае адпаведную галосную, з літарай "і": "я" ("і"+"аз"), "е" ("і"+"есць"), два ётаваных "юсы" ("і"+адпаведны "юс"), "ю" ("і"+"он"). "Ю" спачатку ўяўляла сабой, верагодна, спалучэнне "і" і "ук" ("оу") з далейшым адпадзеннем другога графічнага элемента "ук". Магчымасць выкарыстання такога скарачэння лігатуры "і"+"о" для перадачы гука "ю" забяспечвалася тым, што гука "ё" у стараславянскай мове яшчэ не было і таму наданне гэтай лігатуры гукавога значэння"ё" было немагчымым.

Літара "ж" ("жывеце") была атрымана альбо шляхам дабаўлення цэнтральнай вертыкальнай рыскі ці "і" да літары "х" ("хер"), альбо ў выніку падваення літары "зямля", якая была блізкай да "жывеце" па гукавым значэнні. Аб блізкасці "жывеце" і "зямля" можа сведчыць тое, што ў адрозненні ад іншых новых літар, "жывеце" не была вынесена ў канец алфавіта, а была пастаўлена амаль побач з "зямлёй".

Пры ўсіх сваіх станоўчых якасцях, кірыліца мела адзін буйны недахоп: яна ўключала шэсць грэчаскіх літар, якія не былі патрэбны для перадачы славянскай фанетыкі: "амега" ("ѡ"), "фіта" ("ѳ"), "ксі" ("ѯ"), "псі" ("ѱ"), два з трох "і" ("і", "и", "іжыца").

"Амега" абазначала ў грэчаскім пісьме доўгае "о" (у адрозненні ад кароткага "о", якое перадавалася літарай "амікрон"). У стараславянскай мове IX ст. галосныя не падзяляліся па даўгаце і кароткасці, таму "он" і "амега" супадалі па гукавым значэнні. "Фіта" (грэчаская "тэта") абзначала міжзубовы прыдыхацельны "т" ("th"). Паколькі ў славян гэты гук адсутнічаў, "фіта" паступова супала з "фертам". Літары "псі" і "ксі" выкарыстоўваліся ў грэчаскім пісьме для абазначэння спалучэнняў "кс" і "пс". Для перадачы гэтых спалучэнняў у кірыліцы існавалі асобныя літары: "к", "п", "с".

Літара "і" адпавядала грэчаскай "ёце" і вымаўлялася як "і". "И" у грэчаскім алфавіце называлася "эта" і раней абазначала доўгае "э". У выніку развіцця фанетыкі грэчаскай мовы "эта" у Візантыі ў IX ст. служыла для перадачы ўжо не доўгага "э", а як "і". "Іжыца" у грэчаскім алфавіце мела назву "іпсілон" і раней вымаўлялася падобна да нямецкага "ü". У Візантыі IX ст. "іпсілон" таксама стала абазначаць "і". Такім чынам, усе гэтыя літары ў Візантыі IX ст. абазначалі адзін і той жа звук ("і") і выкарыстоўваліся па традыцыі, а таксама як літары з розным лічбавым значэнні. У славянскім пісьме "і", "и", "у" мелі аднолькавае гукавое гучанне, але рознае лічбавае значэнне.

Непатрэбнымі з'яўляліся чатыры "юсы", "зело" і "яць". "Юсы" служылі для перадачы насавых славянскіх галосных: "юс малы" - для галоснага "эн" (пар. польскае: "пэнчь"- "пять"); "юс вялікі" - для галоснага "он" (пар. польскае: "рончка" - "ручка"); ётаваныя "юсы" - для адпаведных ётаваных насавых галосных. У мове ўсходніх славян усе адзначаныя галосныя зніклі да IX ст. і перайшлі ў гукі "а" і "у". "Юс вялікі" знікае з пісьма ўсходніх славян з XII - XIII стст. (часова і часткова быў адноўлены ў XV ст.). Ён замяняецца спачатку лігатурай "оу", затым літарай "у".

Літара "яць" ў стараславянскім пісьме абазначала галосны пярэдняга шэрага "а" пры мягкасці папярэдняга зычнага, для ётаванага "а", а таксама для адмысловай разнавіднасці гука "е". У кірыліцы была адмысловая літара "ётаванае а", якая служыла для абазначэння галоснага гука "а" пры мягкасці папярэдняга зычнага і для ётаванага "а". Такім чынам, "яць" стала выкарыстоўвацца ў асноўным для абазначэння адмысловай разнавіднасці гука "е".

Іншым было паходжанне літар "зело" і "земля". "Зямля" з'яўлялася амаль копіяй грэчаскай "дзеты", якая абазначала звонкі пярэдне-язычны гук "дз". "Зело" у кірыліцу (як і глаголіцу) была ўведзена альбо для перадачы лічбы "6", альбо для абазначэння лічбы "6" і перадачы гука "з". Але, відавочна, яшчэ ў IX-X стст. "зямля" стала выкарыстоўвацца для абазначэння гука "з", а "зело" - для "дз".

Літары "ъ" і "ь" першапачаткова абазначалі рэдукаваныя (аслабелыя, глухія) галосныя, якія былі блізкія адпаведна да "о" і "е". Прыкладна з XII - XIII стст. гукі "ъ" і "ь" альбо выпалі і перасталі вымаўляцца, альбо перайшлі ў поўнагалосныя гукі "о" і "е". Аднак "ъ" і "ь" захоўваліся, праўда, ужо ў іншым значэнні. Літара "ь" у сярэдзіне слова стала выкарыстоўвацца для перадачы мягкасці папярэдняй зычнай (напр.: "пісьмо"), а таксама для ётацыі наступнай галоснай (напр.: "пенье); літара "ъ" - для абазначэння ётацыі наступнай галоснай. "Ь" у канцы слоў стала абазначаць, галоўным чынам, мягкасць, а "ъ" - цвёрдасць канцавой зычнай.

Аб існаванні пісьма ва ўсходніх славян сведчаць пісьмовыя крыніцы. Цэлую дыскусію звесткі, якія змешчаны ў восьмай главе "Панонскага жыція" Кірылы. Паводле гэтай крыніцы Канстанцін пад час свайго падарожжа ў Хазарыю "обрел" у Херсанесе Евангелле і Псалтыр, якія былі напісаны "роусьскыми писмены" і нават чытаў знойдзеныя кнігі. Чарнарызац Храбр у сваім "Сказанні аб пісьменах" піша, што спачатку славяне для варажбы і ліку карысталіся пісьмом тыпа "чертов и резов". Пасля прыняцця хрысціянскай рэлігіі (маецца на ўвазе прыняцце хрысціянства асобнымі дружынамі ці абшчынамі, а не афіцыйнае хрышчэнне дзяржавы), але задоўга да стварэння азбукі Канстанцінам, яны сталі пісаць лацінскімі і грэчаскімі літарамі, але карысталіся імі "без устроения", г. зн. не дакладна. Аб напісанні на магіле імён памерлага руса і цара русаў апявядае арабскі падарожнік Ібн-Фадлан, які пабываў на Волзе ў 920-921 гг. Арабскі географ Эль-Масудзі, які памёр у 956 г., у сваім творы "Залатыя лугі" сцвярджаў аб выяўленым ім прароцтвы, якое было накрэслена на камяні ў адным з "рускіх храмаў". Арабскі вучоны Ібн-эль-Недзім у сваёй працы "Кнігі роспісу навукам" (987 г.) перадаў паведамленне пасла аднаго з каўказскіх князёў да князя русаў. Згодна з гэтым паведамленнем русы маюць пісьмена, якія яны выразаюць на дрэве. Ібн-эль-Недзім нават прыклаў узор гэтых пісьмен. Біскуп Мерзенбургскі Цітмар (976-1018) адзначаў, што ў паганскім храме славян ён бачыў ідалаў, на кожным з якіх было напісана яго імя. Усе гэтыя крыніцы змяшчаюць урывачныя звесткі і не прыводзяць узораў "руской" пісьменнасці. Толькі Ібн-эль-Недзім дае ўласную замалёку надпісу. Але гэты надпіс настолькі стылізаваны пад арабскае пісьмо, што расшыфраваць яе пакуль што не ўдалося.

Крыніцы сцвярджаюць аб існаванні пісьменнасці на Русі ў першай палове X ст. У тэкстах дагавароў Алега з Візантыяй 911 г. і Ігара з Візантыяй 944 г. гаворыцца, што дагавары павінны афармляцца "о двою харатью", адзін з якіх перадаваўся рускім паслам, другі - візантыйскаму боку. У дагаворы Алега 911 г. ёсць сведчанне аб пісьмовых завяшчаннях. У дагаворы Ігара 944 г. паведамляецца, што рускія паслы і купцы з гэтага часу павінны прад'яўляць граматы, якія выдаваліся рускім князем і адрасаваліся на імя візантыйскага імператара. Раней сведчаннем асобы з'яўляліся залатыя (для паслаў) і срэбраныя (для купцоў) пячаткі. У дагаворы 911 г. сказана, што Русь і Візантыя і ў больш даўнія часы спрэчныя праблемы рашалі не толькі вусна, але і пісьмова. Помнікамі пісьменнасці з'яўляюцца і самі дагаворныя граматы 911 і 944 гг., якія, на думку некаторых вучоных, былі перакладзены з грэчаскай мовы прыблізна ў час фактычнага заключэння дагавароў. Што гэта была за пісьменнасць, існаванне якой адзначаецца ў дагаварах, невядома.

Цікава, што паводле адной крыніцы візантыйскі імператар Васіль Македонец даслаў у 866 г. архіепіскапа, які хрысціў русаў і ўвёў у іх змененае грэчаскае пісмо (яно складалася з 35 літар).

Вырашальныя звесткі аб развіцці пісьма ва ўсходніх славян мае эпіграфічны матэрыял. Згодна з ім пісьмо упершыню з'явілася і стала развівацца ў дзяржаўнай і гандлёвай сферах. Усе найбольш старажытныя эпіграфічныя помнікі пісьма звязаны з гандлем, транспарціроўкай віна ці духмяных рэчываў, зборам і размеркаваннем даніны, дзяржаўнай перапіскай. Такія помнікі выяўлены ў шматэтнічных старажытных гарадскіх і пратагардскіх цэнтрах, якія мелі пастаянныя гандлёвыя і культурныя кантакты са Скандынавіяй, Хазарыяй, Візантыяй і Баўгарыяй (Ноўгарад, Цьмутаракань, Саркел, Смаленск). Збор даніны, яе рэалізацыя - знешні гандаль, не маглі існаваць без складанай сістэмы кантроля, уліку, г. зн. пісьма.

На поўдні і паўднёвым усходзе Старажытнай Русі (Цьмутаракань, Саркел) працяглы час выкарыстоўвалася грэчаскае пісьмо. Пасля ўпарадкавання славянскай азбукі Канстанцінам Філосафам, прыняцця славянскай пісьменнасці ў якасці афіцыйнай і рэлігійнай у Баўгарыі (893 г.), кірыліца эпізадычна стала пранікаць да ўсходніх славян. Апошнія выкарыстоўвалі кірыліцу разам з грэчаскамі літарамі. Адначасовае выкарыстанне кірылічных і грэчаскіх літар надавала пісьму характар "не устроенного". Да помнікаў "не устроенного" пісьма, відавочна, трэба аднесці надпіс на гаршчку з раскопках Гнёздаўскага курганнага могільніка на тэрыторыі сучаснай Смаленскай вобласці (Расійская Федэрацыя). Надпіс датуецца першай чвэрцю X ст. Існуе мноства яго прачытанняў: "гороушна", "гороухща" і інш., але ніводнае з іх на цяперашні дзень не з'яўляецца дастаткова аргументаваным. Аднак бяспрэчна, што ўзноўленае на гаршчку слова з'яўляецца вытворным ад таго ж корня, што і славянскае "горети". У пісьме гнёздаўскага надпісу ўжо былі "ша" ці "шта", аднак адсутнічалі глухія або насавыя або ётаваныя. З "не устроенным" пісьмом трэба звязваць і фрагмент надпісу другой паловы X ст. на ручцы амфары, якая знойдзена пад час раскопак Цьмутаракані. Захаваліся тры суседнія літары: "...бат". Аб "не устроенности" пісьма гэтага надпісу сведчыць прысутнасць кірылічнай "б" і адсутнасць канцавога глухога "ъ".

Сістэматычнае выкарыстанне кірыліцы ва ўсходніх славян, відавочна, пачалося з 70-х гадоў X ст. У гэты час пры цесных ваенных, культурных і гандлёвых сувязях з Баўгарыяй, менавіта гэта краіна стала крыніцай пісьмовай традыцыі. Прыняцце кірылічнага пісьма ў дзяржаўную сферу магло мець месца яшчэ раней: пры княгіне Вользе, якая правяла рэформы па ўнутранаму дзяржаўнаму ўладкаванню (947 г.), устанаўленню пагостаў, данін і аброкаў. Першыя кірылічныя надпісы на тэрыторыі Старажытнай Русі адносяцца да 70-х гадоў X ст. і выяўлены ў Ноўгарадзе. Яны зроблены на замках-цыліндрах, якімі апячатваліся мяхі з сабранай данінай.

З афіцыйным прыняццем хрысціянскай рэлігіі ў 988 г. у Старажытнай Русі было прынята і кірылічнае пісьмо. Гэта пісьмо стала і пісьмом рэлігіі. Аднак ёсць падставы сцвярджаць аб суіснаванні ў розных рэгіёнах Старажытнай Русі XI - пачатку XII ст. розных варыянтаў кірылічнай азбукі. На паўночным-захадзе выкарыстоўвалася азбука, якая была максімальна набліжана да сістэмы грэчаскага алфавіта. У 1981 г. у Ноўгарадзе ў слаях, якія датуюцца не пазней першай паловы XI ст., выяўлена берасцяная грамата з азбукай, якая налічвае 32 літары. Галоўнай асаблівасцю гэтай азбукі з'яўляецца наяўнасць толькі аднаго рэдукаванага "ъ", адсутнасць "ы", "ю", "щ". У пачатку азбукі прапушчаны "и", "і", "к". Яшчэ раней, у 1969 г., у слаях пачатку XII ст. была знойдзена азбука, у якой адсутнічалі ўсе тыя ж літары, за выключэннем "ю".

Вялікаму князю ўсё часцей пачынае ўступаць ў непасрэдны кантакт са сваімі прадстаўнікамі. Гэтаму садзейнічала, у прыватнасці, і тое, што ён, як правіла, з'яўляўся адначасова польскім каралём і значны час праводзіў у Польшчы. У час адсутнасці вялікага князя ў ВКЛ функцыі яго намеснікаў выконваюць паны-рада (дзяржаўная рада ВКЛ).

Вялікакняская ўлада ўсё глыбей пускае корні ў грамадства. З узкняжаннем Вітаўта сталі з'яўляцца першыя дараванні шляхце на "земской" службе не толькі на пустыя землі, але і землі "под" сялянамі, г. зн. на землі і сялян. Колькасць дараванняў узрасла пры вялікім князем Казіміры (1441-1492). З часоў гэтага вялікага князя дараванні на землі і сялян сталі асноўным відам ўзнагароджання і стымулявання шляхты, умовай шляхецкай службы. Дараванні рабіліся на розных умовах: "до воли", "до живота", "до двух животов", "до осмотренья" лепшым дараваннем, "до очищенья" захопленых ворагам маёнткаў, але часцей за ўсё "навечность". Дараванне "навечность" прадугледжвала свабоднае адчужэнне часткі ці ўсяго гэтага даравання. Пры Аляксандры (1492-1506) з дараванняў "навечность" фарміруецца такая форма ўладання як "отчина", якая спалучала ў сабе рысы адначасова прыватнай і родавай уласнасці. Існуючае права дазваляла адчужаць не больш за адну трэць "отчины". У руках шматлікіх землеўладальнікаў канцэнтруюцца значныя зямельныя багацці. Ствараюцца ўмовы для пераразмеркавання набытых зямель сярод іншых землеўладальнікаў праз куплю-продаж, падараванне, завяшчанне, абмен, падзел і іншыя шляхі, і для ўрэгулявання праблем, якія звязаны з правам на нерухомую маёмасць, праз суд.

Імкнучыся кампенсваць страты, якія былі нанесены скарачэннем зямельнага фонда, вялікі князь пакрывае асобныя рэгіёны дзяржавы сеткай двароў і дварцоў - цэнтраў уласнай гаспадаркі. Да працы ў гэтых дварах і дварцах прыцягваюцца сяляне.

Складваюцца новыя сацыяльныя і службовыя адносіны. Вялікаму князю ўсё часцей даводзіцца звяртацца да іх непасрэднага ўрэгулявання.

Ускладняецца адміністрацыйны аппарат. У 1413 г. ўтвараюцца першыя буйныя адміністрацыйныя, судовыя і ваенныя акругі: Віленскае і Троцкае ваяводства. З цягам часу колькасць такіх акруг - ваяводстваў - павялічваецца. Да пачатку судова-адміністрацыйна рэформы 1565-1566 гг. у ВКЛ існавалі шэсць ваяводстваў (Кіеўскае, Смаленскае, Полацкае, Навагародскае, Віцебскае і Падляшскае). Фактычна статус ваяводства мела Жамойцкае староства, а таксама, магчыма, Луцкае, Гародзенскае староствы. Некалькі ніжэйшым за статус Падляшскага ваяводства мела Берасцейскае староства.

Ускладняецца судовая сістэма. Апрача вялікага князя суд ажыццяўляюць самастойна паны-рада ці асобныя камісіі з іх прадстаўнікоў.

Новыя адносіны рэгламентуюцца новым правам. Крыніцай гэтага права становіцца вялікі князь. Баланс сіл часова парушаецца. У літаральным сэнсе з вялікага, г. зн. галоўнага сярод іншых князя, ён пераўтвараецца ў гаспадара, а землі, на якія пашыраюцца яго ўлада - ва ўласнасць, у "панство". Ён так і тытулуецца: "гаспадар" ці "пан". Тэрыторыя ВКЛ - яго "паньство" або "паньствы". Вялікі князь - гэта ўжо не проста грамадска-значная асоба: кіраўнік, а ўладар: "пан".

Спачатку ажыццяўленне тых ці іншых прыватных здзелак з нерухомасцю не патрабавала пісьмовага зацвярджэння. У 1486 г. пад час разгляду адной цяжбы істцовы бок прадаставіў дакумент, які павінен быў паслужыць юрыдычнай падставай на прадмет цяжбы: зямельную ўласнасць. Дакладная дата дакумента не вядома, але калі меркаваць па асобах, якія фігуруюць у яго тэксце, ён можа быць аднесены прыблізна да сярэдзіны XV ст. Вялікі князь і паны-рада ўсумніліся ў аўтэнтычнасці прадстаўленага дакумента на той падставе, "... ижъ то речъ есть давная, а передъ тымъ люди одинъ другому такие записы незъвычайные [не] даивали, а то было межи люд[ь]ми держано, а собе въ томъ верили ". Аднак ужо ў 80-х гадах XV ст. "лісты", г. зн. дакументы, якія афармлялі прыватныя здзелкі, былі даволі звычайнай з'явай. Колькасць гэтых дакументаў пастаянна павялічвалася. Існавалі прадажныя, мяноўныя, дароўныя, дзельчыя і іншыя лісты.

Пісьмовы дакумент набывае значэнне не толькі сродка аператыўнага і эфектыўнага кіравання, але і гаранта правоў жыхароў дзяржавы.

Праблемы знешнепалітычнага характару па-ранейшаму вырашаліся пры дапамозе пісьмовых пасланняў, дагавароў і г. д. Але апрача гэтага гаспадар пісьмова ўступае ў зносіны з панамі-радай (калі з'яўляўся адначасова каралём польскім і знаходзіўся ў Польшчы); з прадстаўнікамі мясцовых улад, дасылаючы ім розныя запыты, паведамленні, інструкцыі і г. д. Свае адказы вялікаму князю прадстаўнікі паноў-рад і мясцовых улад таксама перадавалі ў пісьмовай форме. Дараванні і ўвядзенне ва ўладанне суправаждаліся выданнем і перадачай на рукі ўладальнікаў спецыяльных дакументаў. З дапамогай пісьмовага дакумента фіксавалі склад уладанняў, яго межы. Вялікі князь пісьмова пацвярджаў уласныя дараванні і дараванні сваіх папярэднікаў. Пісьмовую форму набылі розныя дазволы вялікіх князёў, у прыватнасці, на засяленне мест і мястэчак, устанаўленне торгаў i кiрмашоў, будаванне замкаў i касцёлаў ва ўласных маёнтках, куплі сялян і людзей. Пісьмова афармляліся дараванні на заставы, адкупы, розныя льготы, вызваленні, жалаванні грашмі, аховы, апекі. У пісьмовай форме выклікалі ў суд, прызначаліся суддзі, выдаваліся прыгаворы суда, рассылаліся загады да адказчыкаў аб выкананнi рашэнняў суда і г. д. Праз пісьмовы дакумент устанаўліваліся адтэрміноўкі суда, плацяжоў і вяртанне крэдытаў і г. д. Пісьмовае афармленне мелі асобныя заканадаўчыя акты і зборы законаў - статуты. У выглядзе пісьмовага дакумента афармляліся дараванні на свецкія і духоўныя пасады. Праз пісьмовыя "лісты" шляхта апавяшчалася аб мабілізацыі, зборы земскіх падаткаў, запрашалася на сеймы. Пісьмоваму пацвярджэнню з боку мясцовых улад і вялікага князя падлягалі здзелкі прыватных асоб, якія, напрыклад, мяняліся ці дзяліліся нерухомай маёмасцю. Цяжка пералічыць усе разнавіднасці і падразнавіднасці дакументаў, якія зыходзілі ад прадстаўнікоў вышэйшых і мясцовых улад.

Павялічэнне ролі і аб'ёма дакументацыі і абумовілі стварэнне стацыянарнай канцылярыі ВКЛ. Яна пачынае дзейнічаць з часоў Казіміра Ягайлавіча (1441-1492). На чале канцылярыі стаяў канцлер. Яго непасрэдным памочнікам з'яўляўся найвышэйшы пісар (ці сакратар), якога з 1566 г. замяніў падканцлер. За падрыхтоўку дакументаў адказвалі пісары і дзякі. Першапачаткова пісары непасрэдна складалі тэксты дакументаў, а дзякі афармлялі іх чыставікі. З 20-х гадоў XVI ст. у абавязкі дзякаў уваходзіла і падрыхтоўка чыставікоў, і складанне тэкстаў. Гэта азначае, што дакументы, якія выйшлі з канцылярыі ВКЛ у XVI - XVII стст. напісаны менавіта дзякамі. Спачатку ў канцылярыі існаваў падзел на "рускіх" і лацінскіх пісараў (таксама і татарскіх). "Рускія" пісары, г. зн. тыя, якія рыхтавалі дакументы на старабеларускай мове (кірыліцай) ці сачылі за іх падрыхтоўкай, уяўлялі самы шматлікі кантынгент канцылярыі. З 40-х гадоў XVI ст. падзел на "рускіх" і лацінскіх пісараў быў ліквідаваны, і з гэтага часу адзін і той жа пісар быў адказны за падрыхтоўку дакументаў як на старабеларускай, так і лацінскай (і польскай) мовах.

Пры скарбе - яшчэ адной цэнтральнай дзяржаўнай установе ВКЛ - былі свае пісары. Яны называліся скарбнымі і вялі прыхода-расходавыя ведамасці.

Утрымлівалі асабістых пісараў, у некаторых выпадках адначасова і "рускіх", і лацінскіх ваяводы, старосты, намеснікі-дзяржаўцы, а таксама тыя асобы, якія займалі пасады ў цэнтральным органах улады і кіравання: канцлер, маршалак земскі і інш. Гэтыя службовыя асобы выкарыстоўвалі працу ўласных пісараў не толькі для сваіх асабістых, але і службовых патрэб.

Пісары меліся ў кожным горадзе ВКЛ, які меў Магдэбурскае права і кіраваўся магістратам. У некаторых з такіх гарадоў меў месца падзел пісараў на "рускіх" і лацінскіх. Апараты, якія займаліся дакументальным забеспячэннем магістрата, называліся ў некаторых выпадках "канцылярыямі", як гэта было ў Магілёве ў XVII ст.

Існавала, праўда, відаць, нешматлікая катэгорыя так званых "пасутных" дзякаў, аналагі …, Праўда, звестак аб іх у крыніцах змяшчаецца вельмі мала.

Узрастанне ролі сярэдняй і дробнай шляхты ў палітычным жыцці краіны, стварэнне сейма, прывяло да пэўных змен у судовай галіне ўлады. Яшчэ на сейме 1544 г. ад шляхты прагучалі просьбы аб устанаўленні павятовых прысяжных суддзяў, якія б ажыццяўлялі суд сумесна з ваяводамі, старостамі, дзяржаўцамі; аб утварэнні пры кожнай такой судовай калегіі пасады прысяжнага пісара; каб ваяводы, старосты і дзяржаўцы судзілі не ў сваіх маёнтках, а ў паветах на сваім месцы; каб судовыя кнігі не вывозіліся з паветаў. У 1551 г. была выдадзена пастанова аб устанаўленні ў кожным павеце прысяжных суддзяў. Няма падстаў гаварыць, што такія суды дзейнічалі, нягледзячы на другую аналагічную пастанову: у 1554 г…

У выніку судова-адміністрацыйнай рэформы 1565-1566 гг. ВКЛ было падзелена на 30 паветаў, якія ўвайшлі ў склад 13 ваяводстваў (былі ўтвораны новыя ваяводствы: Берасцейскае, Мсціслаўскае, Мінскае, Валынскае і Брацлаўскае; у складзе ВКЛ фармальна існавала Смаленскае ваяводства, якое было далучана да Рускай дзяржавы ў 1514 г.). Паветы мелі значэнне не толькі судовых, але і адміністрацыйных і ваенных акругоў. У паветах сталі дзейнічаць земскія, гродскія і падкаморскія суды. Люблінская вунія 1569 г. прынесла пэўныя змены ў тэрытарыяльны склад і падзел дзяржавы. Пяць ваяводстваў (Падляшскае, Кіеўскае, Валынскае, Брацлаўскае і Кіеўскае) былі інкарпараваны да Польшчы (Мазырскі павет былога Кіеўскага ваяводства ўвайшоў у склад Мінскага ваяводства). З гэтага часу на тэрыторыі ВКЛ існавала 22 паветы (з іх 16 на тэрыторыі Беларусі), якія ўваходзілі ў склад дзевяці ваяводстваў.

З 1587 г. у ВКЛ пачынаюць дзейнічаюць каптуровыя суды, якія разглядаюць цяжбы пад час безкаралеўя. У 1581 г. быў утвораны вышэйшы апеляцыйны суд ВКЛ: Трыбунал.

Судовая калегія земскага суда складалася з суддзі і падсудка. Абавязковай асобай земскага суда быў пісар. Статут ВКЛ 1588 г. падрабязна рэгламентуе працэдуру прызначэння земскага пісара і яго дзейнасць. Земскі пісар прызначаўся вялікім князем з чатырох кандыдатаў шляхцічаў, якія абіраліся на павятовым сейміку. Кандыдат павінен быў адпавядаць наступным патрабаванням: быць чалавекам "добрым", набожным, дабрадзейным, годным, ведаць законы і ўмець пісаць, з’яўляцца ўраджэнцам ВКЛ, быць "оселым", г. зн. мець нерухомую маёмасць у дадзеным павеце. Пры ўступленні на пасаду пісар прыносіў прысягу, паводле якой, у тым ліку, ён абавязваўся запісваць судовыя абмеркаванні, выказванні, рашэнні, нічога не дабаўляючы і не апускаючы, згодна з Богам, пісаным правам, паказанням, тлумачэнням і спрэчкам бакоў, сачыць за запісваннем, а з ведама суддзі і падсудка - выдаваць выпісы ці копіі з земскіх кніг, якія будуць патрабаваць судовыя бакі. У распараджэнні пісара знаходзілася і павятовая пячатка з выявай герба ВКЛ "Пагоні" з адзначэннем таго павета, якому яна належала. Гэтая пячатка прыкладвалася толькі да пісьмовых павестак у суд: "позваў". Пісарам дазвалялася мець памочнікаў, якія называліся падпіскамі, аднаго "або двух, або колько ему потреба будеть". Абавязкі падпіскаў заключаліся ў непасрэдным вядзенні кніг і афармленні выходных дакументаў. Земскі пісар знаходзіўся пад абаронай закона: за злачынствы супраць яго сурова каралі. За знявагу пісара пад час сесіі суда прадугледжваліся штраф і заключэнне ў турме на тэрмін шэсць тыдняў, за нанясенне ран - двайны штраф і смяротнае пакаранне, за забойства - штраф у памеры 200 коп грошай (за якія можна было набыць сярэдні па памеру маёнтак), смяротнае пакаранне і страта гонару.

Пры гродскіх судах дзейнічалі свае пісары. Згодна са Статутам 1588 г. ад кандыдатаў на пасаду пісараў гродскіх судоў патрабаваліся тыя ж асабістыя якасці, навыкі і веды, што і ад кандыдатаў у земскія пісары. Гродскі пісар павінен быць, як і земскі, "оселым" у ВКЛ, у дадзеным ваяводстве ці павеце. Пры ўступленні на пасаду ён таксама прыносіў прысягу і меў права ўтрымліваць падпіскаў.

Пісары і апараты падпіскаў існавалі пры галоўным апеляцыйным судзе ВКЛ: Трыбунале.

Існавала, праўда, відаць, нешматлікая катэгорыя так званых "пасутных" дзякаў, аналаг..., Праўда, звестак аб іх у крыніцах змяшчаецца вельмі мала.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-03; Просмотров: 1580; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.047 сек.