Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Станаўленне і развіццё археалагічнай навукі ў Беларусі

Тэма 1. СТАражЫТНАЕ ГРАМАДСТВА НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСI

ПЕРШАБЫТНАЯ ЭПОХА НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Раздзел 1.

(100–35 тыс. гг. да н. э.VIII ст. н. э.)

 

 

¨ Станаўленне і развіццё археалагічнай навукі ў Беларусі

¨ Пачатак засялення чалавекам тэрыторыі Беларусі

¨ Балцкая каланізацыя беларускіх земляў

¨ Генезіс усходнеславянскіх плямён і шляхі іх рассялення на тэрыторыі Беларусі. Узаемаадносіны балтаў і славян

¨ Грамадскі лад, заняткі і рэлігія ўсходнеславянскіх плямён на беларускіх землях у VI–VIII cтст. н. э.

Пачынальнікам навуковай археалогіі ў Беларусі можна лічыць Зарыяна Даленгу-Хадакоўскага (Адама Чарноцкага) (1784 – 1825 гг.), ураджэнца Лагойшчыны. У снежні 1818 г. ён атрымаў ад Віленскага універсітэта дазвол на правядзенне раскопак. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Брэста, Гомеля, Магілёва, рабіў запісы фальклору, абрадаў, мясцовых дыялектаў.

У найбольш значнай працы «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818 г.) ён упершыню зрабіў спробу паказаць старажытнаславянскі побыт, культуру і народную творчасць у дахрысціянскі перыяд. Таксама крытыкаваў некаторыя палажэнні Карамзіна і ўдакладняў факты з гісторыі Беларусі ў кнізе «Даследаванні адносна рускай гісторыі» (1819 г.). З. Даленга-Хадакоўскі склаў чатырохтомны «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў» (1844 г.). Па звестках Г.А. Каханоўскага, у ім налічваецца каля 200 пунктаў на тэрыторыі Беларусі.

Даленга-Хадакоўскі лічыцца заснавальнікам гістарычнай геаграфіі ў Беларусі. Ён першым пачаў складаць «Славянскую геаграфію». Таксама даследчык першым узяўся за вывучэнне старажытных шляхоў зносінаў. Са спасылкай на гістарычныя крыніцы прасачыў на беларускіх землях перавалачныя дарогі з Кіева ў Полацк, Прыпяцкі водны шлях.

У першай палове ХІХ ст. археалагічныя даследаванні праводзіў Адам Кіркор (1818 – 1886 гг.). Ён раскапаў (часткова з Я. Тышкевічам) каля 1000 курганоў. Таксама прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі Музея старажытнасцяў у Вільні (1855 г.), стаў яго хавальнікам і сакратаром Віленскай археалагічнай камісіі.

Да апошніх гістарычных прац Кіркора адносяцца «Літва і Русь у гістарычных і археалагічных адносінах» (1875 г.), нарысы па гісторыі і культуры ў трэцім томе «Жывапіснай Расіі» (1882 г.), у якім аўтар размясціў 18 нарысаў пра Беларусь: пра прыроду, археалогію, заняткі насельніцтва, вераванні, фальклор і культуру беларусаў.

Плённа на ніве гісторыі працаваў выхаванец Віленскага універсітэта, вядомы гісторык і археолаг Тэадор Нарбут (1784 – 1864 гг.). Пры будаўніцтве абарончых пабудоў на берагах Дняпра і Бярэзіны ім было знойдзена шмат старажытных прылад, што вельмі ўразіла маладога афіцэра. Ён пачаў актыўна займацца археалагічнымі даследаваннямі: спачатку ў Беларускім Падняпроўі, затым – на захадзе Беларусі. У 1820 г. ім было знойдзена старажытнае пахаванне каля ўласнага маёнтка на Воранаўшчыне і скарб рымскіх манет. Разам з касцянымі рэшткамі яму трапілі сасуды асаблівай канфігурацыі.

Адным з першых Нарбут вызначыў, што курганы – гэта месцы старажытных пахаванняў. На думку аўтара, нябожчыка выносілі ў прызначанае месца, там адбываўся абрад трупаспалення або трупапалажэння, ставілі ежу і піццё, потым усе ўдзельнікі пахавання насыпалі земляны курган. Даследчык вывучаў структуру курганаў, параўноўваў іх па рэгіёнам.

Гісторык у тлумачэнні паходжання плямёнаў дапускаў спрошчанасць. Напрыклад, назву драўлян выводзіў ад слова «древность», а дрыгавічы, нібыта, жылі толькі каля Кіева. Ён памылкова адносіў яцвягаў да скіфскіх, а не да балцкіх плямён.

У развіцці гістарычнай навукі на тэрыторыі Беларусі і Літвы ў другой трэці ХІХ ст. вылучаюцца постаці братоў Тышкевічаў. Канстанцін Тышкевіч (1806 – 1868 гг.) і Яўстафій Тышкевіч (1814 – 1873 гг.) нарадзіліся ў Лагойску ў сям’і шляхціца Пія Тышкевіча (1756 – 1858 гг.). Канстанцін скончыў Віленскі універсітэт, удзельнічаў у паўстанні 1830 – 1831 гг. Пасля жыў у Лагойску, дзе займаўся гаспадарчай і навуковай дзейнасцю.

Яўстафій Тышкевіч з 1855 г. узначальваў Віленскую археалагічную камісію. Ён быў ганаровым членам Пецярбургскай АН, членам Дацкага таварыства аматараў паўночных старажытнасцяў, Стакгольмскай Каралеўскай Акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасцяў, Лонданскага археалагічнага інстытута.

Канстанцін Тышкевіча разам з братам праводзіў раскопкі курганаў, могільнікаў і іншых археалагічных аб’ектаў. Ім было даследавана каля 200 курганаў і гарадзішчаў жалезнага веку, замчышчаў на тэрыторыі Мінскай губерні. Археолаг прытрымліваўся ўласнай методыкі раскопак: здымаў зверху «пласт за пластом, пачынаючы з аднаго боку». Пазней ён зразумеў яе нязручнасць і прыняў метад Кіркора – весці раскопкі кургана траншэйным спосабам: «ад верху да нізу ў форме крыжа».

Сваю першую публікацыю «Гістарычныя звесткі пра старажытныя замкі, гарадзішчы і курганы ў Літве і Літоўскай Русі» (1859 г.) К. Тышкевіч прысвяціў характарыстыцы стану агульнаеўрапейскай археалогіі, у тым ліку ў Расіі, Украіне, Польшчы, і паказаў на гэтым фоне дасягненні мясцовых аматараў вывучэння матэрыяльнай культуры. Аўтар у гэтым артыкуле таксама раскрыў гісторыю Лагойска, яго старажытнага замка.

Найважнейшай работай К.Тышкевіча з’яўляецца манаграфія «Пра курганы ў Літве і Заходняй Русі» (1865 г.). Кніга прысвечана унікальным знаходкам старажытнага пісьменства славян і яцвягаў Х – ХІV стст., што былі выяўлены на Бузе. На думку аўтара, там праходзіла яцвяжская граніца.

У 1856 г. даследчык арганізаваў экспедыцыю ўздоўж р. Віліі, падчас якой сабраў багаты этнаграфічны, фальклорны і археалагічны матэрыял. Вынікам стала краязнаўчая манаграфія «Вілія і яе берагі». Гісторык пабываў у 295 вёсках і мястэчках, апісаў найбольш цікавыя прыбярэжныя мясціны. Шмат месца ён прысвяціў помнікам старажытнай архітэктуры.

Асноўным заняткам Яўстафія Тышкевіча была навука. Пачынаючы з 1837 г., ён кожнае лета даследаваў курганы. Спачатку раскопкі праводзіў траншэйным спосабам, але затым перайшоў на перакрыжаваны. Археолаг прыйшоў да высновы, што курганы ёсць на Беларусі паўсюдна, але па-рознаму называюцца. Па самых нязначных дэталях пахавальнага абраду Я. Тышкевіч мог прааналізаваць старажытную эпоху. Даследчык выкарыстоўваў параўнальна-тыпалагічны метад. Археолаг па форме скроневага кальца ў жанчын-крывічанак вызначаў тэрыторыю рассялення гэтага племяннога саюза. Аналіз пахавальнага інвентару дазволіў яму сцвярджаць, што мясцовае насельніцтва ў перыяд т.зв. «ваеннай дэмакратыі» было не болей «варварскім», чым у Заходняй Еўропе. Даследчык адзначаў высокі ўзровень развіцця жалезнай металургіі на тэрыторыі Беларусі, сацыяльную дыферэнцыяцыю сярод людзей. Слова «гарадзішча» Я. Тышкевіч лічыў славянскім і выказаў думку пра яго не толькі ваеннае, але і абрадавае прызначэнне.

Археалогію даследчык падзяляў на чатыры часткі: уласна археалогія, нумізматыка, гліптыка, палеаграфія. У 1842 г. ён выдаў манаграфію «Погляд на крыніцы мясцовай археалогіі, або апісанне некаторых помнікаў старажытнасцей у Заходніх губернях Рускай дзяржавы». Каб папоўніць свае веды па старажытнай гісторыі, археолаг у 1843 г. накіраваўся на стажыроўку ў Данію, Фінляндыю, Швецыю. Гэта быў першы выпадак навуковай камандыроўкі за мяжу. Я. Тышкевіч пераняў метад дацкага археолага К. Томсена падзелу старажытнасцяў на тры эпохі-вякі: каменны, бронзавы і жалезны, і выкарыстаў яго пры арганізацыі музеяў у Лагойску, а затым у Вільні. Вярнуўшыся з замежжа, выдаў працу «Археалогія ў Літве» (1872 г.).

Вядома, што захапляўся археалогіяй ўраджэнец Бабруйшчыны Уладзіслаў Сыракомля (1823 – 1862 гг.). Ён праводзіў раскопкі ў Віленскім, Навагрудскім і Ковенскім паветах. Ён прымаў удзел у арганізацыі Віленскага музея старажытнасцяў, з’яўляўся членам Віленскай археалагічнай камісіі. Пад уплывам кнігі К. Тышкевіча «Вілія і яе берагі» краязнаўца стварыў працу «Нёман ад вытокаў да вусця», выдадзеную ў 1861 г.

Віленская археалагічная камісія была арганізавана пры Музее старажытнасцяў. Яна павінна была скласці калекцыю старажытных кніг, актаў, рукапісаў, манет, зброі, паясоў, партрэтаў, садзейнічаць захаванню помнікаў старажытнасці, арганізаваць даследчыцкую дзейнасць па вывучэнні мінулага Беларусі і Літвы. Ужо ў 1860 г. функцыянавала бібліятэка з фондам 15 тыс. кніг, былі сабраны нумізматычная (47 тыс. экспанатаў) і археалагічная (3412 экспанатаў) калекцыі, калекцыя бюстаў, галерэя карцін.

Царская адміністрацыя з недаверам ставілася да дзейнасці камісіі, бачыла ў ёй асяродак польскага сепаратызму. Публічна сваю незадаволенасць улады выказалі пасля выдання камісіяй «Збора» М. Круповіча – падборкі дакументаў паланафільскага характару. Тым не менш члены камісіі абуджалі інтарэс да духоўнага і матэрыяльнага мінулага беларускага народа.

У 70 –80-х гады XIX ст. у галіне археалогіі Беларусі з'яўляюцца даследаванні новага пакалення вучоных, найперш Е.Р. Раманава, А.П. Сапунова, а таксама I.Ф. Завішы, Р.Г. Ігнацьева, М.М. Турбіна.

З 17 гадоў Еўдакім Раманаў (1855 – 1922 гг.) захапіўся помнікамі археалогіі. Даследчык шмат вандраваў па Беларусі, каб сабраць пра іх звесткі, пачаў класіфікаваць помнікі старажытнасці паводле іх даўняй прыналежнасці.

Раманаў вывучаў курганы. Ён прапанаваў свой метад раскопак: здыманне пластоў зямлі да палавіны насыпу, а пасля з паўночнага і паўднёвага бакоў на адлегласці аднаго аршына (0,7112 м) пракопвалі траншэі да мацерыка. Стоячы ў гэтых траншэях, рабочыя слаямі здымалі зямлю з астатняй часткі кургана да поўнага выяўлення астанкаў. Гэты спосаб не зусім адпавядае сучаснаму, але гэта была «раманаўская» навінка ў методыцы археалагічных даследаванняў, больш прагрэсіўная за раней вядомыя.

Раманаў адным з першых у Беларусі ўзяўся за стварэнне археалагічнай карты Магілёўскай губерні. На жаль, яна не была выдадзена, і яе рукапіс аказаўся ў Львоўскім гістарычным архіве. Раманаў стварыў аналагічныя карты Гродзенскай і Віцебскай губерняў. За сваё жыццё даследчык сабраў звесткі больш як пра тысячу помнікаў археалогіі на тэрыторыі Беларусі. У 1902 г. па ініцыятыве гэтага вучонага ў Магілёве было створана Таварыства па вывучэнні Беларускага краю і пры гэтым жа таварыстве быў арганізаваны гісторыка-этнаграфічны музей.

Энцыклапедычнасцю ведаў вызначаўся віцебскі краязнаўца і гісторык Аляксей Сапуноў (1851 – 1924 гг.). Ён прайшоў шлях ад радавога даследчыка да прафесара Маскоўскага археалагічнага інстытута. Поруч з педагагічнай працай Сапуноў вёў шырокі пошук старажытных архіўных матэрыялаў па гісторыі Віцебшчыны. Сабраныя дакументы ўвайшлі ў «Витебскую старину». Гэтае выданне стала помнікам беларускай археаграфіі. Сабраны ім матэрыял дазволіў весці грунтоўныя краязнаўчыя даследаванні па гісторыі асобных населеных пунктаў, напрыклад, Віцебска, Полацка, Браслава, Лепеля, Чашнікаў і інш. Пры гэтым звярталася ўвага на помнікі археалогіі і архітэктуры. Многія з гэтых матэрыялаў увайшлі ў яго манаграфію «Река Западная Двина», пазней у «Исторический очерк Витебской Белоруссии», «Памятники времен древних и новейших в Витебской губернии». Ва ўсіх гэтых працах ёсць краязнаўчы і археалагічны матэрыял. Сапуноў, акрамя Віцебшчыны, цікавіўся Магілёўшчынай. Ён жа складальнік і каментатар «Материалов по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов...». У гэтай кнізе таксама шмат ёсць звестак пра помнікі старажытнасці. Сапуноў быў ініцыятарам стварэння Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Пры падрыхтоўцы да IX Археалагічнага з’езда ў Вільні штогод праводзіў экспедыцыі ў Мінскай і Магілёўскай губернях Уладзімір Завітневіч (1853 – 1927 гг.). Ён даследаваў 647 курганоў, упершыню ўзяўся грунтоўна вывучаць пахавальны абрад дрыгавічоў, лічыў тыповым пахаваннем для іх пахаванне «на гарызонце». Археолаг праводзіў даследаванні ля Бабруйска, Мазыра, Рэчыцы. Цяжка было ў той час пісаць аб межах плямёнаў, найперш дрыгавічоў. Завітневіч зрабіў такі крок першым.

Міхал Федароўскі (1853 – 1923 гг.) у гісторыю беларускай навукі ўвайшоў не толькі як фалькларыст і этнограф, але і як археолаг. Ён вёў археалагічныя раскопкі, пераважна ў заходняй частцы Беларусі, капаў курганы, умацаваныя паселішчы, могільнікі і інш. Федароўскі адным з першых на Беларусі зацікавіўся старажытнымі паселішчамі эпохі бронзы і нават неалітычнымі, т.зв. «крэмневымі стаянкамі». Большасць археалагічных знаходак ён дасылаў на працягу 15 гадоў (1877 – 1892 гг.) З. Глогеру, які таксама цікавіўся беларускімі старажытнасцямі, у яго маёнтак Яжэва. Усяго Федароўскі пераслаў Глогеру каля 11 тыс. прадметаў археалогіі. Некаторыя археалагічныя экспедыцыі Федароўскага той жа Глогер асвятляў у друку. Археалагічныя раскопкі Федароўскі праводзіў да 1902 г. У 1904 г. ён пакінуў Беларусь.

На рубяжы XIX – ХХ стст. дзеля развіцця археалогіі на тэрыторыі Беларусі плённа працавалі В.А. Шукевіч, М.А. Янчук, А.П. Смародскі, М.В. Доўнар-Запольскі, С.Ю. Чалоўскі, Ф.В. Пакроўскі, М.В. Фурсаў, Г.X. Татур, I.I. Далгоў, А.К. Марэль і інш. Адны з іх вялі раскопкі помнікаў розных археалагічных эпох, іншыя займаліся сістэматызацыяй выяўленых помнікаў і складалі карты асобных паветаў і цэлых губерняў.

Інтэнсіўныя археалагічныя даследаванні разгарнуліся ў БССР з 1921 г., калі пры Наркамаце асветы была створана навукова-тэрміналагічная камісія, якая займалася выяўленнем і ўлікам археалагічных помнікаў. Іх планамернае вывучэнне з 1925 г. пачала гісторыка-археалагічная камісія Інбелкульта, на базе якой стала функцыяніраваць кафедра археалогіі. У 1929 г. гэта кафедра пад назвай археалагічнай камісіі ўвайшла ў склад Інстытута гісторыі АН БССР.

Канстанцін Палікарповіч (1889 – 1963 гг.) у 1926 г. адкрыў першую палеалітычную стаянку на тэрыторыі Беларусі – ля в. Бердыж Чачэрскага раёна, а ў 1929 г. – стаянку ля в. Юравічы Калінкавіцкага раёна. Даследчык выказаў гіпотэзу аб пранікненні старажытнага насельніцтва на тэрыторыю нашай краіны яшчэ ў мусцьерскую эпоху (≈ 70 – 32 тыс. г. да н. э.). На стаянцы ля в. Елісеевічы (Бранская вобласць РФ) археолаг у 1935 г. знайшоў унікальны матэрыял: рэшткі жылля з касцей маманта і «палеалітычную Венеру». Археолаг выказаў думку, што першабытны чалавек рабіў аснову жытлаў з чарапоў і інш. буйных касцей мамантаў, а рэбры выкарыстоўваў як землекапалкі.

Вялікая ўвага надавалася разведцы помнікаў мезаліту ў басейнах Дняпра, Сожа, Прыпяці, Заходняй Дзвіны. Пад час экспедыцый супрацоўнікаў Інбелкульта былі адкрыты пасяленні Грэнск, Стаўбун, Латкі, Печанеж, Журавель і іншыя.

Беларускія археолагі выявілі значную колькасць помнікаў эпохі неаліту і бронзавага веку. Але гэта была таксама разведка, бо для правядзення раскопак не хапала матэрыяльных сродкаў і кваліфікаваных кадраў. У цэлым, да Вялікай Айчыннай вайны ў БССР было выяўлена каля 800 стаянак мезаліту, неаліту і бронзавага веку.

Вялікія дасягненні беларускай археалогіі жалезнага веку звязаны з імем Аляксандра Ляўданскага (1893 – 1937 гг.). Пад яго кіраўніцтвам у БССР было арганізавана планамернае археалагічнае вывучэнне тэрыторыі рэспублікі замест эпізадычных раскопак.

Даследчык адным з першых пачаў даследаваць старажытныя гарадзішчы жалезнага веку. Ён зрабіў іх класіфікацыю, вызначыў іх культурна-археалагічную прыналежнасць, акрэсліў асноўныя рысы матэрыяльнай культуры, гаспадаркі і грамадскіх адносін. А.М. Ляўданскі першым выказаў думку, што гарадзішчы культуры плямён культуры штрыхаванай керамікі належалі балтам. Таксама ён зрабіў першую гістарычную тапаграфію старажытнага Полацка.

Істотны ўклад у вывучэнне помнікаў жалезнага веку Цэнтральнай Беларусі ўнёс Сяргей Дубінскі (1884 – 1937 гг.). Ён вывучыў Банцараўскае гарадзішча. У 1927 г. даследчык склаў археалагічную карту Магілёўскай вобласці, якая не захавалася. Таксама ім была выдадзена «Бібліяграфія па археалогіі Беларусі і сумежных краін» (1933 г.), у якой прадстаўлены працы пра дакласавае грамадства, ранні феадалізм, нумізматыку, сфрагістыку, архітэктуру, абарончыя збудаванні.

У даваенны перыяд супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР Аляксандр Каваленя (1895 – 1937 гг.) упершыню знайшоў на тэрыторыі Беларусі тры жыллёвыя пабудовы паўземлянога тыпу на ўскраіне Петрыкава.

Таксама археолагі ахарактызавалі гаспадарчае жыццё насельніцтва першабытнай эпохі. Было выказана меркаванне, што людзі жалезнага веку – гэта аседлае насельніцтва, якое спалучала падсечнае земляробства з жывёлагадоўляй і пераапрацоўкай металічных руд. Гэта супярэчыла дасавецкай гістарыяграфіі, у якой сцвярджалася аб «прывазным» характары жалеза на Беларусі. А.М. Ляўданскі здолеў раскрыць працэс атрымання жалеза з балотнай руды на прыкладзе гарадзішчаў Паўночнай Беларусі, але не здолеў вызначыць час пачатку выкарыстання жалеза.

Што датычыцца этнічнай гісторыі, то Ляўданскі лічыў, што гарадзішчы Паўночнай, Цэнтральнай Беларусі і Смаленшчыны былі астаўлены літоўскім (балцкім) насельніцтвам. Славяне прыйшлі на гэту тэрыторыю даволі позна – у канцы І-га тыс. да н. э. А вось гарадзішчы паўднёвай часткі рэспублікі ў той перыяд не атрымалі этнічнага вызначэння з-за адсутнасці адпаведных крыніц.

Беларускія археолагі не закраналі праблему этнагенезу ўсходніх славян. Ляўданскі выступіў супраць погляду на Палессе як на прарадзіму славян. Гэта было звязана з крытыкай індаеўрапейскай этнагенетычнай канцэпцыі. Як ужо вядома, у 30-я гг. пануючай становіцца «новая моўная тэорыя» М. Мара. Працэс фарміравання славян разглядаўся як кансалідацыя некалькі этнічна розных, але гістарычна звязаных паміж сабой плямён. Таму савецкія даследчыкі пачалі шукалі генетычныя сувязі ўсходніх славян са скіфамі, кімерыйцамі і нават трыпольцамі.

Археалагічныя даследаванні ў БССР пасля Вялікай Айчыннай вайны ў асноўным ажыццяўляліся супрацоўнікамі Інстытута гісторыі АН БССР па археалагічным перыядам, згодна класіфікацыі ЮНЕСКО: 1) палеаліт, мезаліт; 2) неаліт, бронзавы век; 3) жалезны век; 4) сярэдневякоўе; 5) ХVІІ – ХVІІІ стст.; 6) ХІХ ст.; 7) ХХ ст. Вынікам сталі 30 навуковых прац: 8 абагульняючага характару і 22 манаграфіі, а таксама больш за 11 тыс. публікацый. Сярод калектыўных прац вылучаюцца «Очерки по археологии Белоруссии» (1970 – 1972 гг.), «Белорусская археология: достижения археологов за годы Советской власти» (1987 г.) і іншыя.

Даследаванне палеаліту працягваў К.М. Палікарповіч. У 1968 г. ён апублікаваў манаграфію «Палеолит Верхнего Поднепровья». Аўтар прааналізаваў помнікі гэтага перыяду, вызначыў асноўныя заняткі насельніцтва, рэканструяваў характар жытла, паказаў зараджэнне мастацтва.

У 1970 г. у лабараторыі Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта X.А. Арсланаў па зубу маманта атрымаў першую дату Бердыжскай стаянкі (≈23430 гадоў таму назад). Там К.М. Палікарповіч знайшоў скрабло-нож эпохі сярэдняга палеаліта, які ляжаў у пяску пад вялікім скапленнем касцей маманта. Другую па ліку ў Беларусі крамянёвую прыладу – скрабло мусцьерскага тыпа – у 1960 г. выявіў Л.Д. Побаль. Находкі сведчаць, што ўжо ў даледавіковы перыяд у межах Беларусі пражывалі людзі. Комлекснае ўяўленне аб пачатковым этапе гісторыі Беларусі прадставіла А.Г. Калечыц у кнізе «Первоначальное заселение территории Белоруссии» (1987 г.).

Было даследавана не менш сотні стаянак мезаліту, выдзелены шэсць археалагічных культур. Вынікі даследаванняў у межах Беларусі абагульнены ў працах К.М. Палікарповіча, У.Ф. Ісаенкі. Апошні вылучыў тры лакальныя вобласці гэтай эпохі на тэрыторыі Беларусі: верхнедняпроўскую, нёманскую і ніжнедняпроўскую. Таксама даследчык пачаў выданне «Археологических карт Белоруссии». Першы выпуск, прысвечаны помнікам каменнага веку, з'явіўся ў 1968 г.

Археолагамі былі вылучаны помнікі сямі археалагічных культур эпохі неаліту (днепра-данецкая культура, нёманская культура, верхнедняпроўская культура, нарвенская культура, культура грабенчата-ямкавай керамікі, культура шарападобных амфар, помнікі тыпу Бабінавічаў), чатырох археалагічных культур бронзавага века (сярэднедняпроўская культура, культура палескай шнуравой керамікі, шнуравой керамікі Панямоння, паўночна-беларуская культура).

У пасляваенны час разгортваюцца шырокія даследаванні помнікаў жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі. Археолагі пачалі вывучэнне мілаградскай, зарубінецкай, днепра-дзвінскай культур, культуры штрыхаванай керамікі.

У даследаваннях беларускіх археолагаў закраналіся пытанні першабытнай гісторыі: гаспадарчага жыцця, светапогляду, этнагенезу. Э.М. Загарульскі ў манаграфіі «Древняя история Белоруссии: Очерки этнической истории и материальной культуры (до ІХ в.)» (1977 г.) раскрыў раннюю этнічную гісторыю Беларусі, станаўленне і развіццё гаспадаркі і першабытнай тэхнікі, эвалюцыю жытла і паселішчаў.

Таксама было апублікавана некалькі брашур папулярнага характару з выкарыстаннем этнаграфічнага матэрыяла, якія разлічваліся на шырокае кола чытачоў (Э.М. Загарульскі, У.Ф. Ісаенка, А.Г. Калечыц, М.М. Чарняўскі, Г.В. Штыхаў).

У першым томе «Гісторыі Беларускай ССР» (1972 г.) размешчаны два раздзелы, прысвечаныя дапісьмоваму часу. Іх напісалі У.Д. Будзько, У.Ф. Ісаенка, І.І. Арцёменка, А.Р. Мітрафанаў, Л.Д. Побаль. Аўтары выкарысталі набыткі амаль 15-гадовага пасляваеннага развіцця беларускай археалогіі, прасачылі першапачатковае засяленне Беларусі першабытным чалавекам, яго існаванне ў познепалеалітычны час, заняткі і побыт плямён новакаменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Гістарычны працэс пададзены на фоне развіцця прыроды, з якой першабытны чалавек быў звязаны непасрэдным чынам. Але аўтары яшчэ амаль не вылучаюць мезалітычную эпоху як важны прамежак паміж паляўнічымі ледавіковай эпохі і пазнейшымі земляробамі. Найбольш грунтоўна асветлены жалезны век, што тлумачыцца высокай ступеню даследаванасці яго розных тэрытарыяльных і храналагічных перыядаў.

Археолагі даказалі, што ў каменным і бронзавым вяках на тэрыторыі Беларусі сфарміравалася даіндаеўрапейскае насельніцтва, а ў ХХІІІ ст. да н.э. прыйшла магутная хваля індаеўрапейцаў. Тым самым даследчыкі адмовіліся ад канцэпцыі М. Мара, дамінаваўшай у даваеннай гістарыяграфіі.

Вывучэнне першабытнага грамадства на Беларусі ў канцы XX – пачатку ХХІ ст. значна ўзбагацілася новымі археалагічнымі даследаваннямі перыядаў каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Грунтоўнае даследаванне атрымалі культуры фінальнага палеаліту і мезаліту: лінгбійская культура (М.М. Чарняўскі), свідэрская культура (У.П. Ксяндзоў), грэнская культура (В.Ф. Капыцін), кундская культура (У.П. Ксяндзоў), сожская культура (В.Ф. Капыцін, А.Г. Калечыц), яніславіцкая культура (М.М.Чарняўскі), кудлаеўская культура (Н.Н. Крывальцэвіч, В.Я. Кудрашоў), помнікі нарачанскага тыпу (У.П. Ксяндзоў, М.М. Чарняўскі).

З наступных археалагічных эпох абагульняючыя працы прадстаўлены па днепра-данецкай культуры (У.Ф. Ісаенка), нёманскай культуры (М.М. Чарняўскі, В.Л. Лакіза, У.Ф. Ісаенка), верхнедняпроўскай культуры (А.Г. Калечыц), нарвенскай культуры (М.М. Чарняўскі), культуры шарападобных амфар (М.М. Чарняўскі, В.Я. Кудрашоў, В.Л. Ліпніцкая), помнікам тыпу Бабінавічаў (Э.М. Зайкоўскі) перыяда неаліта.

Эпоха бронзавага века атрымала вывучэнне праз сярэднедняпроўскую культуру (А.Г. Калечыц, М.М. Крывальцэвіч), палескую шнуравой керамікі культуру (М.М. Крывальцэвіч), помнікі са шнуравой керамікай Панямоння (М.М. Чарняўскі), паўночна-беларускую культуру (М.М. Чарняўскі), культуру тшцінецкую (В.Л. Лакіза, М.М. Крывальцэвіч), помнікі сосніцкага тыпу (А.Г. Калечыц), сярэдняй і позняй бронзы культуру Паазер’я (Э.М. Зайкоўскі).

Вывучэнне археалагічных помнікаў жалезнага веку прадстаўлена ў працах А.А. Егарэйчанкі, Л.М. Лашанкова, С.Я. Расадзіна, В.С. Вяргей, В.I. Шадыры, Г.В. Штыхава, А.А. Макушнікава.

Асноўныя дасягненні апошняй чвэрці ХХ - пачатка ХХІ стст. прадстаўлены ў чатырохтомніку «Археалогія Беларусі», які выйшаў у 1997 – 2001 гг. Гэта фундаментальнае выданне, у якім упершыню ў беларускай гістарыяграфіі дадзена агульная карціна развіцця першабытнага і сярэдневяковага грамадства на тэрыторыі Беларусі.

 

Пачатак засялення чалавекам тэрыторыі Беларусі

 

Планета Зямля, па сведчанню геолагаў, існуе каля 5 млрд гадоў, а жыццё на ёй зарадзілася больш за 3 млрд гадоў назад. Што датычыцца чалавека, то ён па мерках зямнога часу пачаў фарміравацца зусім нядаўна – у прамежку ад 25 да 5 млн гадоў назад.

На тэрыторыю Еўропы першыя людзі праніклі каля 600 тыс. гадоў назад. На тэрыторыі Беларусі яны з'явіліся значна пазней, дзесьці каля 100 тыс. гадоў назад. Гэта здарылася таму, што ў старажытнасці тэрыторыя нашай краіны была пакрыта ледавікамі. Вядомы пяць ледавіковых эпох. Першым было беларускае абледзяненне 600 – 560 тыс. гадоў назад. Затым адбылося бярэзінскае (480 – 460 тыс. гадоў назад). У гэты час ледавік пакрываў амаль усю тэрыторыю Беларусі да лініі Пінск – Мазыр – Рэчыца – Гомель. На поўдзень ад гэтай лініі размяшчаліся тундра і лесатундра.

Прыкладна за 350 тыс. гадоў да н. э. ледавік пачаў таяць і настала александрыйскае міжледавікоўе, якое цягнулася каля 80 тыс. гадоў. Тэрыторыя Беларусі ў гэты час пакрылася лясамі, пераважна хвойна-шыракалістымі з дамешкам ліпы, вяза, дуба, ляшчыны. Тут жылі розныя віды сланоў, маманты, насарогі, высакародныя і гіганцкія алені і іншыя жывёліны, якія прыстасаваліся да халоднага клімату. Ужо ў гэты час з'явіліся ўмовы для жыцця людзей. Але пакуль што слядоў першабытнага чалавека таго часу на тэрыторыі Беларусі не знойдзена.

Наступнае абледзяненне геолагі называюць дняпроўскім. Яно працягвалася каля 70 тыс. гадоў і ахоплівала храналагічныя рамкі ў 320 – 250 тыс. гадоў назад. У час гэтага абледзянення ледавік то адступаў на поўнач, то зноў наступаў. Затым пасля міжледавікоўя наступіла сожскае абледзяненне ў прамежку 220 – 110 тыс. гадоў таму. Яно змянілася апошім муравінскім міжледавікоўем. У гэты час, магчыма, на тэрыторыі Беларусі з'яўляюцца першабытныя людзі, аб чым сведчаць знаходкі мусцьерскіх прылад працы ля в. Падлужжа Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, в. Абідавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці, в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна Гомельскай вобласці, в. Свяцілавічы Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.

Але праз некаторы час пачалося новае абледзяненне – паазерскае, якое цягнулася з 95 тыс. гадоў назад. У гэты час ледавік займаў тэрыторыю сучасных Віцебскай, паўночную частку Мінскай і паўночны захад Гродзенскай абласцей. Хаця пазней зноў пачалося пацяпленне, але ледавік яшчэ не раз напамінаў пра сябе. Поўнасцю ледавіковы перыяд у Беларусі закончыўся каля 12 тыс. гадоў назад. Менавіта з гэтай пары пачалося актыўнае засяленне яе тэрыторыі першабытнымі людзьмі.

Найбольш старажытнымі стаянкамі першабытных людзей на тэрыторыі Беларусі з'яўляюцца стаянкі ля вёсак Юравічы Калінкавіцкага і Бердыж Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці. Усе яны адносяцца да эпохі позняга палеаліту і датуюцца адпаведна 26 – 24 тыс. гадоў назад. Іх матэрыялы разам з матэрыяламі стаянак Юдзінава і Елісеевічаў на Браншчыне (на самай граніцы з Беларуссю) даюць магчымасць уявіць, як жылі і чым займаліся нашы далёкія продкі ў тыя часы.

Першапачаткова асноўным матэрыялам, з якога першабытныя людзі выраблялі прылады працы, быў камень. Гэты перыяд гісторыкі называюць каменным векам. Па спосабах і прыёмах апрацоўкі каменя яны падзяляюць каменны век на палеаліт (старажытны каменны век), мезаліт (сярэдні каменны век) і неаліт (новы каменны век). Для палеаліту характэрны самыя прымітыўныя спосабы апрацоўкі каменя – адколы, рэтушаванне і г. д. У мезаліце людзі ўжо выкарыстоўвалі недасканала апрацаваныя каменныя сякеры, долаты, навершнікі стрэл, дзідаў, нажы. У эпоху неаліту каменныя прылады працы ўжо вырабляліся з выкарыстаннем такіх відаў апрацоўкі, як пілаванне, шліфаванне і свідраванне. У Беларусі сярэдні палеаліт датуецца 100 – 35 тыс. гадоў да н. э., позні палеаліт – 35 – 10 тыс. гадоў да н. э., мезаліт – 9 – 5 тыс. гадоў да н. э., неаліт – канец 5 – канец 3 тысячагоддзя да н. э.

Асноўнымі заняткамі першабытных людзей у эпоху палеаліту былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Галоўным аб'ектам палявання быў мамант. Для гэтага рабілі лоўчыя ямы. Звычайна іх выкопвалі на шляху мамантаў да вады, або ў тых месцах, куда іх заганялі пры аблаве. Мамант, вага якога дасягала 3–4 тоны, а рост 3,5 метра, даваў значную колькасць мяса, скуру для пашыву адзення і абутку або для пакрыцця жылля. Косці служылі палівам, будаўнічым матэрыялам і матэрыялам для вырабу прылад працы.

Важнымі аб'ектамі палявання былі таксама паўночны алень, дзікі конь, бізон, воўк, пясец, заяц і іншыя жывёлы. Паляванне на буйных жывёл разам са збіральніцтвам (збіралі ядомыя травы, ягады, арэхі, грыбы, карэнні і клубні дзікіх раслін) і рыбалоўствам забяспечвала людзей запасамі ежы і іншымі сродкамі існавання, што садзейнічала аселаму спосабу жыцця. Жыллё будавалася з касцей мамантаў, жэрдак, вялікіх валуноў і пліт, узятых з марэнных адкладанняў. Памеры жылых памяшканняў былі невялікімі – 5–6 метраў у папярэчніку (Бердыж) з ачагом для вогнішча ў цэнтры. Знешне яны былі падобныя на добра вядомыя нам паўночныя чумы ці вігвамы.

Жылі першабытныя людзі родавымі абшчынамі. Асновай абшчыны з'яўлялася група родзічаў па маці. Адсюль – мацярынскі род.

У той час ужо існавала экзагамія, г.зн. звычай, які строга забараняў шлюбныя сувязі ўнутры рода. Муж і жонка павінны былі належаць да розных абшчын.

Асноўным тыпам чалавека на тэрыторыі Беларусі 100 – 35 тыс. гадоў да н. э. быў неандэрталец. Такую назву першабытныя людзі атрымалі ад рэштак шкілета, знойдзенных ў даліне Неандэрталь (Германія) ў 1856 годзе. Гэта былі непасрэдныя папярэднікі людзей сучаснага тыпу, якія яшчэ захоўвалі рысы жывёлы. Але паступова ўдасканальваліся прылады працы і тэхналогія вытворчых працэсаў, а разам з тым адбываліся змены і ў фізічным выглядзе чалавека. У перыяд 40 – 35 тысяч гадоў да н. э. з’явіўся краманьёнец (новы чалавек – чалавек разумны).

У перыяд позняга палеаліту сярод першабытных людзей існавала і некаторая спецыялізацыя працы. Вопытныя і найбольш дужыя мужчыны займаліся паляваннем, жанчыны вялі гаспадарку, даглядалі дзяцей і старых, збіралі травы, карэнні, ягады, выконвалі магічныя абрады, падтрымлівалі агонь у ачагу, ахоўвалі прадметы культу. Некаторыя члены абшчыны займаліся толькі вырабам прылад працы з мясцовага крэменю і косці. Ад крэменю адколвалі вузкія доўгія пласціны, з якіх пасля апрацоўкі (рэтушавання) вырабляліся разцы, скрабкі, цеслі, падвіркі, пілкі, долаты, наканечнікі (дзід), cтрэл і г. д. З касцей выраблялі шылы, іголкі і іншыя прыстасаванні.

У эпоху позняга палеаліту зарадзіліся рэлігія і мастацтва. Рэлігійныя ўяўленні першабытнага чалавека сведчылі аб яго няўпэўненасці ў заўтрашнім дні, аб бяссіллі перад грознымі сіламі прыроды. Жыццё першабытных людзей ў шмат у чым залежала ад жывёл, на якіх яны палявалі, або раслін, якія яны збіралі. Адсюль бярэ пачатак культ жывёл і раслін, што з'яўляліся апекунамі чалавека і таму вымагалі на думку першабытныя чалавека, пашаны і пакланення. Пакланенне першабытных людзей звярам, птушкам, рыбам, раслінам называецца татэмізмам. Так, татэмам Юравіцкай мацярынскай абшчыны была рыба. Гэта пацвярджаюць малюнкі, выгравіраваныя на пласцінках з біўня маманта, фігуркі рыб, выразаныя з косці. Падобныя пласціны-чурынгі звычайна захоўваліся ў патаемных месцах як прадметы, якія нібыта мелі таямнічую сувязь з пэўным татэмістычным продкам і членамі роду.

Адносіны, якія склаліся паміж чалавекам і прыродай у час позняга палеаліту, мелі дваісты характар: з аднаго боку, панаванне прыроды над чалавекам, з другога – яго ўздзеянне на прыроду, няхай сабе нават у абмежаваных і недасканалых формах, з выкарыстаннем прылад працы, здольнасцяў і звычак. Своеасаблівыя прыёмы, з дапамогай якіх чалавек імкнуўся ўздзейнічаць адпаведным чынам на прыроду, атрымалі назву магічных.

Імітацыя прыёмаў палявання павінна была забяспечыць поспех самога палявання. Перш чым ісці на пошукі той ці іншай жывёлы, першабытныя паляўнічыя выконвалі адпаведныя абрады вакол рытуальнай фігуры гэтай жывёлы, ад здабывання якой залежыла існаванне ўсяго калектыву. Людзі верылі ў тое, што ў жывёл, раслін, рыб ёсць двайнікі – душы і лічылі, што розніца паміж чалавекам, жывёлай і раслінай невялікая. Такія рэлігійныя вераванні носяць назву анімізму. Пазней на яго аснове ў першабытным грамадстве узнік культ замагільнага жыцця і ўшанавання нябожчыкаў, што вымагала наяўнасці пахавальнага абраду.

Звычай пахавання ўзнік праз неабходнасць забяспечыць нябожчыку працяг яго матэрыяльнага існавання. Труп клалі або на бок, або ніцма з падкурчанымі нагамі, у позе спячага чалавека, у спецыяльнай камеры, абстаўленай з усіх бакоў буйнымі касцямі маманта. Парэшткі чалавека часта пасыпаліся чырвонай фарбай – охрай, косным вугалем – магічнай заменай крыві або агню, бо людзі лічылі, што нябожчык працягвае жыць. Тут жа клаліся рэчы памёрлага. Зверху камера прыкрывалася буйнымі касцямі маманта і звычайна прымыкала да жылля. Часам абрад пахавання выконваўся непасрэдна ў памяшканнях.

Развіццё матэрыяльнай культуры і рэлігійных вераванняў у першабытных людзей было цесна звязана з развіццём мастацтва. Сярод твораў першабытнага мастацтва ў насельніцтва эпохі позняга палеаліту сустракаюцца жаночыя статуэткі, малюнкі розных жывёл, якія служылі аб'ектам палявання. Першабытны мастак маляваў чалавека і жывёлу такімі, якімі ён прывык іх бачыць у паўсядзённым жыцці. Толькі ў асобных выпадках даваліся ўмоўныя стылізаваныя малюнкі.

Сярод археалагічных знаходак стаянак першабытных людзей на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца шматлікія ўпрыгожанні – разнастайныя падвескі, вырабленыя з пласцінак біўня маманта, каралі з зубоў пясца і ваўка, ракавіны з прасвідраванымі адтулінамі для нанізвання. Найбольшую цікавасць выклікаюць ракавіны. Паводле апошніх даных, яны паходзяць з раёна Чарнаморскага ўзбярэжжа або з Дняпроўска-Бугскага лімана, што сведчыць аб вялікіх перамяшчэннях паляўнічых калектываў і, магчыма, пра пачатак абмену.

У перыяд фінальнага палеаліту, калі пачалося адступленне апошняга ледавіка, на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца плямёны паляўнічых на паўночных аленяў. Археолагі адносяць іх да грэнскай, свідэрскай, лінгбійскай і арэнсбургскай археалагічных культур. Іх арэал ахопліваў большую частку краіны за выключэннем Падзвіння. У мезаліце фарміруецца аўтахтоннае насельніцтва. Яго этнічная прыналежнасць застаецца спрэчнай. Існуе гіпотэза, што, магчыма, тубыльцамі на тэрыторыі Беларусі былі фіна-угорскія плямёны.

У неалітычную эпоху насельніцтва на тэрыторыі Беларусі значна павялічылася. За гэты час з'явілася шмат новых пасяленняў. Калі да мезаліту адносіцца прыкладна 120 адкрытых археолагамі пасяленняў, то да неаліту – больш за 600.

На працягу мезаліту і неаліту ў жыцці першабытных людзей адбыліся значныя змены. Яны былі звязаны з удасканаленнем вырабу прылад працы. У эпоху мезаліту чалавек стаў ужываць ужо масіўную крэмянёвую сякеру і цясло, з дробных апрацаваных крэмянёвых пласцін – нажы, наканечнікі стрэл, гарпуноў. Лук і стрэлы, вынайдзеныя ў канцы палеаліту, у мезаліце распаўсюдзіліся паўсюдна. У неаліце чалавек упершыню навучыўся ляпіць гліняны посуд, пачаў вырабляць новыя прылады працы – шліфаваныя сякеры.

Адначасова з раней вядомымі (адколы, рэтушоўка) шырокае распаўсюджванне атрымалі новыя спосабы апрацоўкі каменю – шліфоўка, пілаванне, свідраванне. Шырэй, чым раней, выкарыстоўвалася дрэва. З яго рабілі чаранкі зброі, стрэлы, дрэўкі коп'яў, выдзёўбвалі чаўны, узводзілі свайныя пабудовы, рабілі пасткі і заколы для лоўлі звяроў і рыбы.

У эпоху неаліту пачалася таксама здабыча крэменю шахтным спосабам. Археолагі знайшлі першабытныя шахты паблізу пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.

Зарадзіліся і атрымалі шырокае распаўсюджванне якасна новыя, вытворчыя формы гаспадарання – земляробства і жывёлагадоўля. Яны дапаўняліся вядомымі раней паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам.

Нягледзячы на ўдасканаленне прылад працы і авалодванне новымі формамі вядзення гаспадаркі, прадукцыйнасць працы ў першабытных людзей заставалася нізкай. Яны яшчэ не маглі жыць асобнымі сем'ямі. Калектыўныя формы палявання і рыбалоўства па-ранейшаму давалі большую частку прадуктаў. Таму калектыў (род) асноўнымі сродкамі вытворчасці валодаў супольна. Шлюбны парадак у родзе, як і раней, заставаўся экзагамным, унутры племені – эндагамным, г. зн., што муж і жонка павінны былі быць супляменнікамі. Гэта садзейнічала захаванню адметных прыкмет племені: мовы, абрадаў, упрыгожанняў, арнаментацыі керамікі, вытворчых навыкаў, характару домабудаўніцтва і г. д.

У познім неаліце кожнае племя займала пэўную тэрыторыю, мела свае паляўнічыя і рыбалоўныя ўчасткі. Асноўнымі формамі ўласнасці на сродкі вытворчасці былі радавая і племянная. Заблытанасць шлюбных адносін, якая ўзнікла праз павелічэнне колькасці родаў, выміранне ад голаду і хвароб або асіміляцыю некаторых з іх, прыводзіла да парушэння эндагамнасці, у сувязі з чым сталі пашырацца экзагамныя шлюбы паміж прадстаўнікамі розных плямён. Гэтаму садзейнічаў і пераход ад прысвойваючай да вытворчай гаспадаркі – земляробства і жывёлагадоўлі. Яны надавалі большае значэнне мужчынскай працы. Гэта патрабавала пераходу жонкі ў род мужа. Усе гэтыя з'явы сведчылі пра пачатак разлажэння матрыярхату. Аднак роля жанчыны як захавальніцы старажытных звычаяў і абрадаў, прадказальніцы і знахаркі захоўвалася яшчэ доўгі час.

У час мезаліту і неаліту далейшае развіццё атрымалі рэлігійныя вераванні і мастацтва. Татэмізм, які аформіўся ў першабытную рэлігію, дасягнуў сталых формаў. Ва ўмовах складаных узаемаадносін паміж родамі і плямёнамі татэм стаў выступаць як радавое імя або назва племя. Мастацтва адлюстроўвала татэмістычныя ўяўленні і адносілася да ліку важных племянных прыкмет. Аб гэтым сведчаць шматлікія археалагічныя знаходкі: фігуркі птушак, рыб, жывёл.

З павелічэннем колькасці насельніцтва частка родаў была вымушана аддзяляцца і пераходзіць на новыя месцы. Паступова стваралася група плямён, якія размаўлялі на блізкіх дыялектах, на аснове чаго пачалі ўтварацца вялікія этнічныя супольнасці. Вызначыць этнічную прыналежнасць старажытнага насельніцтва Беларусі эпохі палеаліту, мезаліту і неаліту немагчыма. Мова яго невядомая, бо не зафіксавана ў пісьмовых крыніцах. Можна вызначыць толькі граніцы іх месцазнаходжання па даных матэрыяльнай культуры, асабліва па формах глінянага посуду і яго арнаментацыі.

Матэрыялы археалагічных раскопак дазволілі ўстанавіць, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў эпоху неаліту жылі пяць вялікіх групаў плямён. У беларускім Палессі і на тэрыторыі паўночна-заходняй часткі Украіны жылі плямёны днепра-данецкай культуры. Для якіх была характэрна грабенчата-накольчатая кераміка. Яны выраблялі шыракагорлыя, вострадонныя гаршкі, упрыгожаныя адбіткамі грэбеня і наколкамі. Для гэтых плямён былі характэрны таксама лістападобныя навершнікі стрэл, серпападобныя нажы, долаты, цёслы, невялікія трапецыяпадобныя сякеры і іншыя прылады працы. Прадстаўнікі гэтых плямён былі еўрапеідамі – краманьёнцамі: рослымі, шыракатварымі, з вялікім чэрапам. Яны насілі адзенне з апрацаваных скураў жывёлы, пацеркі і падвескі з шліфаваных пласцінак, ракавін і клыкоў. Іх адзенне, галаўныя ўборы і нават абутак упрыгожваліся касцянымі пласцінкамі, зубамі аленя, дзіка, рыбы і г. д.

Другая група плямён – верхнедняпроўская – засяляла вярхоўі Дняпра і Сажы. Для іх быў характэрны посуд, арнаментаваны ямачнымі і лапкавымі адбіткамі. Наколы ў ім амаль поўнасцю адсутнічаюць. Таму такую кераміку называюць грабенчата-ямачнай.

Трэцяя група плямён займала вярхоўі Прыпяці, Ясельды і басейн Нёмана. Яны выраблялі вострадонны, таўстасценны посуд, пад венчыкамі якога наносіліся наколы, насечкі і перакрэсленыя лініі. Асноўная частка паверхні посуду не арнаментавалася. Тут перапляталіся элементы як грабенчата-ямачнай, грабенчата-накольчатай, так і шнуравой керамікі. Гэтую культуру археолагі называюць нёманскай.

На поўначы Беларусі пражывалі плямёны нарвенскай археалагічнай культуры. Іх посуд вызначаўся порыстай керамікай. А ў басейне Росі прышэльцы з Еўропы аставілі культуру шарападобных амфар

Археолагі і лінгвісты выказваюць меркаванне, што ў 3 тысячагоддзі да н.э. ў Падзвінні і Падняпроўі пражывалі групы ўральскага насельніцтва, яго фіна-угорскага адгалінавання, а ў некаторых мясцовасцях Папрыпяцця, на яго крайнім паўднёвым захадзе – асобныя невялікія групы індаеўрапейскага насельніцтва. Сляды фі­на-угорцаў засталіся на Беларусі ў тапаніміцы – у назве рэчак, азёр, мясцовасцей, нават пазнейшых племянных аб'яднанняў. Антрапалагічна старажытныя фіна-угры належалі да мангалоіднай расы. Менавіта гэтым даследчыкі тлумачаць наяўнасць некаторых мангалоідных рыс знешнасці (вузкія вочы, круглы твар, чорныя валасы) ў насельніцтва некаторых рэгіёнаў Беларусі (перш за ўсё, на крайнім паўночным усходзе, паблізу з тэрыторыямі, на якіх фіна-угры – лівы і эсты – панавалі поўнасцю).

 

Балцкая каланізацыя беларускіх зямель

 

З канца 3 тысячагоддзя да н. э. і да IV–V стст. нашай эры этнічны склад насельніцтва Беларусі значна змяніўся. У гэты час на ўсёй тэрыторыі Беларусі рассяліліся індаеўрапейцы, якія асімілявалі папярэдняе насельніцтва. Большую частку тэрыторыі Беларусі, асабліва паўночнай і цэнтральнай, у эпоху ранняга металу займала ўжо індаеўрапейскае насельніцтва балцкай галіны (продкі сучасных літоўцаў і латышоў) і толькі ў асобных месцах паўднёвага захаду – славянскай.

У гістарычнай навуцы адсутнічае адзінае меркаванне аб прарадзіме старажытных індаеўрапейскіх плямёнаў: або ўсходняя частка Малой Азіі, або Паўночнае Прычарнамор’е. Даказана, што гэтая этнічная супольнасць сфарміравалася ў мясцовасці з горным ландшафтам і морам, дзе назіраліся дажджы і снег, зіма і лета. Індаеўрапейцы добра ведалі жывёлагадоўлю і ўмелі араць зямлю. Перамяшчаліся яны на вялікіх вазах-дамах, колы якіх былі зроблены з цэльнага дрэва.

Ідэалагічныя ўяўленні старажытных індаеўрапейцаў зыходзілі з сістэмы трох міроў, аб’яднаных “сусветным дрэвам” (звычайна дубам). Верхні мір насялялі богі, арлы і вораны, сярэдні — чалавек, коні, быкі, мядзведзі, рыбы, змеі, а ніжні — памерлыя, якіх пасля смерці спальвалі. Індаеўрапейцы шанавалі сваіх багоў у свяшчэнных гаях, прыносілі ахвяры бажаствам крыніц і рэчак. Сімвалам агню або Сонца ў іх было кола, а чырвоная пасма або стужка на белай вопратцы лічылася прыкметай высокарадства.

На мяжы ІV і ІІІ тыс. да н.э. індаеўрапейскія плямёны пачынаюць перамяшчацца з месца сваёй прарадзімы і рассяляцца на вялікім абшары ад Рэйна да Урала, а таксама на Іранскім нагор’і, у Індастане, Сярэдняй Азіі. Гэта адбылося ў перыяд з XXIIІ па XVIII стст. да н. э.

Характэрнай рысай індаеўрапейцаў, якія занялі тэрыторыю Беларусі, былі каменныя свідраваныя сякеры лодкападобнай формы і керамічны посуд, арнаментаваны адбіткам шнура. Таму плямёны называюць “шнуравікамі”. Таксама яны карысталіся бронзавымі прыладамі працы.

Археолагі лічаць, што паўднёвы ўсход Беларусі занялі плямёны сярэднедняпроўскай культуры, на заходнім Палессі жылі плямёны шнуравай керамікі Палесся, у Паазер’і — паўночнабеларускай культуры.

“Шнуравікі” выцеснілі або асімілявалі мясцовае аўтахтоннае насельніцтва, якое гіпатэтычна суадносіцца з фінаўгорскімі плямёнамі ўральскай моўнай сям’і (продкамі сучасных паўночных народаў Еўропы). Гэтаму садзейнічаў род заняткаў індаеўрапейцаў. Да таго ж прышлыя плямёны і сваёй колькасцю значна пераважалі мясцовае насельніцтва.

Жылі індаеўрапейцы ў невялікіх населішчах, якія размяшчаліся ў далінах рэк. Займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, а таксама ваявалі. У “шнуравікоў” ўжо дамінаваў бацькоўскі род (патрыярхат), на чале якога стаяў мужчына.

Плямёны “шнуравікоў” суадносяць з балтамі — продкамі сучасных літоўцаў і латышоў. Ёсць меркаванне, што балты – гэта адгалінаванне этнічнай супольнасці галаў. Яны знаходзіліся на больш высокім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, чым іх папярэднікі, і прынеслі на тэрыторыю Беларусі жывёлагадоўлю і земляробства. Змяшаўшыся з мясцовым даіндаеўрапейскім насельніцтвам, асноўная маса якога засталася на ранейшым месцы, яны паступова асімілявалі яго, навязалі сваю мову і культуру. Археолагі знайшлі на тэрыторыі Беларусі каля 300 стаянак і 20 могільнікаў.

Тэрмін ”балты” упершыню ў 1845 годзе ўвёў у навуковы зварот нямецкі вучоны Г.Ф.Несельман. Плямёны падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, налінды, скаловы), усходніх (літва, ауктштайты, жэмайты, латгалы, земгалы), дняпроўскіх. Праўда, дняпроўскія балты зніклі, пакінуўшы толькі археалагічныя помнікі.

Менавіта балцкія плямёны далі назву больш за 1000 рэкам і азёрам. Таму гідранімія ў Беларусі балцкая і тлумачыцца з літоўскай мовы (Цна, Лань, Гаўя, Ула, Чачора, Нача, Волма). На тэрыторыі, размешчанай на поўдзень ад р.Прыпяць, пераважаюць славянскія назвы рэк: Стыр, Родча, Стубла і інш. Можна меркаваць, што частка індаеўрапейскага насельніцтва ў гэтым рэгіёне была славянскай.

Рассяленне балтаў на тэрыторыі Беларусі супала з векам металу. Першымі ў гісторыі чалавецтва металамі, якія сталі асноўным матэрыялам для вырабу прылад працы, былі медзь і бронза. Спачатку яны выплаўляліся ў краінах Блізкага Усходу і ў тых раёнах Еўропы і Азіі, дзе былі радовішчы меднай, алавянай і цынкавай руды. На тэрыторыі краін СНД медзь і бронза ў III і II тысячагоддзях да н. э. выплаўляліся ў Сярэдняй Азіі, Казахстане, на Урале, у Сібіры і Закаўказзі. Адтуль яны траплялі ў суседнія і больш аддаленыя раёны, дзе не было неабходных запасаў сыравіны. Прылады працы і ўпрыгажэнні з медзі і бронзы сустракаюцца і на тэрыторыі Беларусі. Яны адносяцца да II тысячагоддзя да н. э.

У VII ст. да н. э. насельніцтва Беларусі навучылася выплаўляць жалеза з бурага жалезняку (руд расліннага паходжання) сырадутным спосабам у невялікіх гліняных печах-домніцах, якія мелі паўшарападобную форму. Рабілася гэта так: праз адтуліны ўверсе печы засыпаўся гарачы вугаль, а на яго - паслойна высушаная і раздробленая руда і драўляны вугаль. Пры дапамозе мяхоў нагняталася паветра. Тэмпература дасягала да 900оі больш. Выплаўленае жалеза сцякала на дно печы, утвараючы наздраватую масу – "крыцу". Крыца мела дамешак шлаку. Каб пазбавіцца ад яго, крыцу дадаткова прагравалі ў горане і кавалі. У выніку атрымліваўся кавалак чыстага жалеза (балванка), з якога выраблялі прылады працы. Сляды здабывання і апрацоўкі жалеза ў выглядзе шлакаў, крыц, рэшткаў дамніц сустракаюцца амаль на кожным старажытным паселішчы.

Па меры асваення металаў, асабліва жалеза, земляробства паступова ператваралася ў галоўны занятак плямён, якія насялялі тэрыторыю Беларусі. Па спосабу падрыхтоўкі ўчастка да сяўбы сістэма земляробства атрымала назву лядавай. На пэўным участку лес высякаўся і спальваўся. Верхні слой глебы рабіўся больш рыхлы, а попел угнойваў глебу. Затым сеялі зерне і загортвалі яго "сукаваткай" – драўлянай бараной. Першыя гады на такіх участках ураджаі былі добрыя. Але глеба паступова вышчалочвалася і апустошвалася. Участак пакідалі і пераходзілі на другі, папярэдне падрыхтаваны такім жа спосабам.

Асноўнымі культурамі былі проса, пшаніца, гарох, палявыя (конскія) бабы, віка. Ураджай зжыналі жалезнымі сярпамі. Яны яшчэ не мелі насечкі на лязе, былі меншых памераў ад сучасных і мелі невялікую выгнутасць. Зерне расціралі на каменных зерняцёрках.

На поўдні Беларусі параўнальна рана пачалі карыстацца першымі ворнымі прыладамі тыпу драўлянага рала. Гэтаму, напэўна, садзейнічаў уплыў паўднёвых плямён, у першую чаргу скіфаў.

Развіццё земляробства падвысіла гаспадарчае значэнне жывёлагадоўлі. Выяўленыя рэшткі касцей сведчаць, што нашы далёкія продкі разводзілі перш за ўсё буйную рагатую жывёлу. Свінні, коні і дробная рагатая жывёла адыгрывалі другарадную ролю.

З развіццём лядавага земляробства і жывёлагадоўлі паляванне і збіральніцтва, як галіны гаспадарчай дзейнасці, паступова страчвалі сваё значэнне і ператвараліся ў пабочныя.

Выраб жалезных прылад садзейнічаў развіццю хатняга рамяства. З дрэва рабілі дрэўкі коп'яў, дроцікаў, стрэлы, чаранкі нажоў, сярпоў, шылаў, верацёны, міскі, лыжкі і рэчы хатняга ўжытку.

З дапамогай жалезных сякер і цёслаў узводзіліся складаныя (у параўнанні з легкімі пабудовамі эпохі неаліту і бронзы) жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Першапачаткова ўзводзіліся бярвенчатыя пабудовы слупавой канструкцыі, а з цягам часу – і пабудовы зрубнага тыпу.

Пастаяннымі відамі вытворчасці плямён, якія насялялі тэрыторыю Беларусі ў II і I тысячагоддзях да н. э., былі прадзенне, ткацтва, пашыў адзення, пляценне, выраб глінянага посуду. Посуд вырабляўся ўручную шляхам стужкава-кальцавога або стужкава-спіральнага налеплівання. Ганчарнага кола насельніцтва яшчэ не ведала.

Агульны ўзровень прадукцыйных сіл, натуральны характар гаспадаркі, у аснове якой было лядавае земляробства, раз'яднанасць і замкнутасць паселішчаў, дазваляюць меркаваць, што ўсе плямёны, якія засялялі тэрыторыю Беларусі ў I тысячагоддзі да н. э. і першай палове I тысячагоддзя н. э., жылі ўжо ва ўмовах патрыярхату. Асноўнай гаспадарчай адзінкай была вялікая патрыярхальная сям'я. Яна складалася прыблізна з 50–80 чалавек. Некалькі такіх сем'яў складалі род. Кожны род займаў пэўную тэрыторыю, меў свае палі, вадаёмы, паляўнічыя ўгоддзі і выпасы для жывёлы. Некалькі родаў утваралі племя, а некалькі плямён – саюз. Трывалыя саюзы плямён узнікалі толькі тады, калі гэта дыктавалася меркаваннямі ваеннага характару.

 

Генезіс усходнеславянскіх плямён і шляхі іх рассялення на тэрыторыі Беларусі. Узаемаадносіны балтаў і славян

 

У грамадскім жыцці Беларусі ўжо ў самым пачатку жалезнага веку вызначыліся прыкметы разлажэння першабытнаабшчынных адносін. У выніку росту прадукцыйных сіл, асабліва ў земляробстве і жывёлагадоўлі, шырокага распаўсюджвання жалезных прылад працы з'явілася магчымасць накапляць унутры роду больш матэрыяльных каштоўнасцей – прадуктаў харчавання, зброі, жалезных прылад працы і г. д. Гэта прыводзіла да ўзнікнення супярэчнасцей паміж родамі і плямёнамі, частых ваенных сутыкненняў паміж імі, пра што сведчыць характар паселішчаў. Асноўным іх тылам у гэты час становяцца ўмацаваныя гарадзішчы. Першапачаткова гарадзішчы абгароджвалі толькі драўлянай сцяной. Затым сталі насыпаць валы, выкопваць равы, павялічваць стромкасць схілаў.

Войны і ваенныя набегі з мэтай захопу назапашаных каштоўнасцей, а таксама людзей хутка сталі звычайнай з'явай. У гэтых умовах у грамадска-палітычным жыцці асноўная роля стала належыць мужчынскаму насельніцтву. Вярхоўнай уладай у родзе і племені стаў агульны сход узброеных воінаў. Ён вырашаў пытанні вайны і міру, выбіраў старэйшыну роду і правадыра племені. Такі грамадска-палітычны лад, які ўзнік на апошняй стадыі першабытнаабшчыннага ладу, атрымаў назву ваеннай дэмакратыі.

На поўдні Беларусі працэс разлажэння першабытнааб­шчынных адносін пачаўся значна раней, чым на поўначы. Гэтаму садзейнічала суседства са скіфа-сармацкімі плямёнамі, дзе гэтыя працэсы ішлі даволі інтэнсіўна. Вялікія абшчынныя дамы, якія адпавядалі таму часу, калі патрыярхальная сям'я з'яўлялася адзіным калектывам, на поўдні зніклі не пазней трэцяй чвэрці I тысячагоддзя да н. э. і замест іх з’явілася індывідуальнае жылле, якое прызначалася для канкрэтнай сям'і. Гэтаму ў значнай меры садзейнічала развіццё земляробства. Археалагічныя помнікі сведчаць, што ў гэты час ужо ўзнікла маёмасная няроўнасць. У Чаплінскім могільніку, напрыклад, знойдзены параўнальна багатыя пахаванні з мноствам розных рэчаў і зброі, бедныя пахаванні, дзе рэчаў амаль не было.

У І–ІІІ стст. н. э. на поўдні Беларусі насельніцтва пакінула ўмацаваныя гарадзішчы і пасялілася на адкрытых месцах – селішчах. Відаць, гэта адбылося ў выніку ўзнікнення вялікіх племянных аб'яднанняў, у межах якіх знікла неабходнасць ва ўмацаваных паселішчах для кожнай асобнай абшчыны.

Узнікненне маёмаснай няроўнасці, з’яўленне багатых і бедных сем'яў паскорыла распад радавых адносін. Сваяцкія сувязі сталі страчваць сваю сілу. На адкрытых паселішчах размяшчаліся ўжо не толькі кроўныя родзічы, але і сем'і з чужых родаў. Радавая абшчына саступала сваё месца сельскай. У яе аснове ўжо былі не сваяцкія, а тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі.

У цэнтральнай і паўночнай частках Беларусі гэтыя працэсы пачаліся, як сведчаць археалагічныя даныя, на два-тры стагоддзі пазней, у IV–V стст. н. э.

У перыяд жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі пражывала некалькі вялікіх племянных груп. Гэта былі даволі ўстойлівыя аб'яднанні, якія не пакідалі месцаў свайго знаходжання на працягу многіх стагоддзяў. Яны характарызаваліся агульнасцю тэрыторыі, аднолькавым характарам жылля, паселішчаў, падабенствам пахавальных абрадаў і г. д.

У VІІ – ІІІ стст. да н. э. тэрыторыю сучаснай Гомельскай, паўднёвых раёнаў Магілёўскай і Мінскай абласцей, а таксама паўднёва-ўсходняй часткі Брэсцкай вобласці займалі плямёны так званай мілаградскай культуры (ад назвы в. Мілаград Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці). Паўночная граніца іх рассялення даходзіла да Слуцка, Бабруйска, Рагачова, Крычава. На тэрыторыі Украіны мілаградскія плямёны займалі тэрыторыю да ракі Рось. На поўдні суседнічалі са скіфскімі плямёнамі. Усходнімі суседзямі мілаградцаў былі плямёны юхнаўскай культуры, якія жылі ў басейне ракі Дзясна, на тэрыторыі сучаснай Бранскай і суседніх з ёю абласцей. Заходнімі суседзямі мілаградцаў былі плямёны лужыцкай і ўсходнепаморскай культур, якія насялялі басейн ракі Віслы.

Першапачаткова мілаградцы жылі ва ўмацаваных гарадзішчах і неўмацаваных паселішчах паўземлянога тыпу, а таксама ў невялікіх драўляных пабудовах слупавай канструкцыі. Яны займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рамёствамі, здабываннем і апрацоўкай жалеза. Гэта культура мае характэрныя рысы, якія вылучаюць яе сярод іншых культур ранняга жалезнага веку. Гэта датычыцца найперш керамікі. Для мілаградскай культуры характэрнай формай глінянага посуду былі кругладонныя гаршкі з рэзка адагнутым венчыкам. Верхняй частка пакрывалася арнаментам, які складаўся з круглых паглыбленняў на ўнутраным і знешнім баках сценак, а таксама з розных па форме і глыбіні ямак. Вызначальнай рысай пахавальных абрадаў плямён мілаградскай культуры былі трупаспальванне і трупапалажэнне на безкурганных і курганных могілках. Некаторыя археолагі лічаць мілаградскую культуру славянскай, другія – балцкай.

У пачатку ІI-га тысячагоддзя да н. э. у Верхнім і Сярэднім Падняпроўі, дзе раней жылі плямёны мілаградскай культуры, склалася зарубінецкая культура (па назве в. Зарубінцы Пераяслаўль-Хмяльніцкага раёна Кіеўскай вобласці). Насельніцтва гэтых тэрыторый займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, здабываннем і апрацоўкай жалеза. Прылады працы, зброя, упрыгожанні ў параўнанні з прадметамі мілаградскай культуры былі больш разнастайнымі і дасканалымі. Плямёны зарубінецкай культуры падтрымлівалі сувязі з кельтамі, сарматамі, скіфамі, антычнымі гарадамі Паўночнага Прычарнамор'я, паўночнымі правінцыямі Рымскай імперыі, аб чым сведчаць знаходкі прадметаў, аздобленных эмаллю, бронзавага пасуду, рымскіх манет і г. д.

У басейне Нёмана, Заходняй Дзвіны і ў Верхнім Падняпроўі жылі індаеўрапейскія плямёны, для якіх была характэрнай культура штрыхаванай керамікі (VІІ ст. да н. э. – V ст. н. э.). Іх археолагі адназначна лічаць балтамі. На поўдні і паўднёвым усходзе іх суседзямі былі іранамоўныя плямёны (скіфы, сарматы), на поўначы і паўночным усходзе – фіна-угорцы, на захадзе і паўднёвым захадзе – славяне і германцы.

У VІІІ ст. да н. э. – V ст. н. э. на поўначы Беларусі і на суседняй з ёю тэрыторыі жылі плямёны днепра-дзвінскай культуры. Яны займалі даволі абшырную тэрыторыю. На поўдні яны межавалі з плямёнамі штрыхаванай керамікі, на паўднёвым усходзе і Смаленшчыне – з плямёнамі юхнаўскай культуры, на ўсходзе і ў заходняй частцы Волга-Окскага басейна – з плямёнамі дз'якаўскай культуры, на поўначы, паўночным захадзе і захадзе – са старажытнымі прыбалтыйскімі плямёнамі.

Асноўным тыпам паселішчаў плямён днепра-дзвінскай культуры былі ўмацаваныя паселішчы, якія размяшчаліся галоўным чынам на берагах рэк і азёр, што мелі заліўныя лугі і прыдатныя зямельныя ўгоддзі. У эканамічным жыцці гэтыя плямёны адставалі ад сваіх паўднёвых суседзяў. Жалезны век пачаўся тут на некалькі стагоддзяў пазней, а таму, па даных археалагічных раскопак, доўгі час асноўную ролю ў гаспадарцы адыгрывалі не земляробства, а жывёлагадоўля і паляванне. Толькі ў канцы I-га тысячагоддзя да н. э. каменныя і касцяныя прылады працы саступілі месца жалезным, у выніку чаго земляробства і жывёлагадоўля сталі галоўнымі заняткамі людзей.

Пытанне аб этнічнай прыналежнасці плямён днепра-дзвінскай культуры ў гістарычнай навуцы таксама яшчэ канчаткова не вырашана. Але, на думку многіх даследчыкаў яе стварылі ўсходнебалцкія плямёны. На карысць гэтага меркавання сведчыць і той факт, што назвы рэк і азёр на тэрыторыі плямён днепра-дзвінскай культуры (Вопь, Каспля, Лучаса, Обаль і інш.) маюць карані ў старажытных балцкіх мовах.

 

Грамадскі лад, заняткі і рэлігія ўсходнеславянскіх плямён на беларускіх землях у VI–VIII cтст. н. э.

 

Крызіс старажытнага грамадства, звязаны з разлажэннем першабытнаабшчыннага ладу на тэрыторыі Беларусі, супаў па часе з засяленнем яе славянамі. З'яўленне іх на абшарах старажытнай Беларусі было вынікам апошніх хваляў вялікага перасялення народаў, руху готаў (ІІ–ІІІ стст. н. э.), нашэсця гунаў (IV ст. н. э.) і авараў (сярэдзіна VI ст. н. э.).

Пытанне паходжання славян – вельмі складанае, заблытанае і пакуль што далёкае ад навуковага вырашэння. Прарадзімай славян называліся і называюцца розныя месцы: сярэдняе і ніжняе цячэнне Дуная і паўночнае Прычарнамор'е, Паўночнае Прыкарпацце, і нават Закаўказзе і Паўночны Іран. У апошні час найбольш верагоднымі месцамі фарміравання славян выступаюць Вісла-Одэрскае міжрэчча і паўднёвая частка лясной зоны Усходняй Еўропы, куды ўваходзіць і поўдзень Беларусі. Цяжка аддаць перавагу якой-небудзь з гэтых гіпотэз. Усе яны маюць права на існаванне. Але калі нават пагадзіцца з тым, што і Беларусь была прарадзімай славян, то аўтары гэтай гіпотэзы прызнаюць, што ў канцы V – пачатку VІ ст. н. э. яны адышлі адсюль за Дунай. Вось чаму можна лічыць, што масавы прыход славян на Беларусь і іх канчатковае ўкараненне тут пачалося на рубяжы VІ–VІІ ст. н. э. Трэба зазначыць, што славянскае засяленне Беларусі і іншых усходнеславянскіх зямель адбывалася на працягу некалькіх стагоддзяў.

Доўгі час у навуцы існавала думка, што славяне ішлі на Беларусь толькі з поўдня. Але яшчэ Я. Ф. Карскі адзначыў, што славянскае засяленне Беларусі адбывалася таксама і з захаду. З поўдня, як лічыць М. Ермаловіч, на тэрыторыю Беларусі прыйшлі дрыгавічы, дулебы, валыняне, драўляне, з захаду – славяне, крывічы, севяране, радзімічы. Тут праходзілі і скрыжоўваліся шматлікія славянскія дарогі. Але такі погляд, на нашу думку, з'яўляецца памылковым, бо застаецца адкрытым пытанне, чаму не аселі ўсходнеславянскія плямёны ў Заходняй Беларусі, дзе ўмовы для жыцця былі больш спрыяльныя, чым там, куды пайшлі далей славяне. Такі пункт гледжання не дае адказу і на пытанне, як тут, у Заходняй Беларусі, ва ўмовах інтэнсіўнага руху славян яшчэ доўгі час пражывалі балцкія плямёны, а славяне асвоілі гэтую тэрыторыю толькі ў XI–XII стст. Нам здаецца, што больш праўдападобнай з'яўляецца думка прафесара Э. М. Загарульскага, які сцвярджае, што славянскія плямёны, рух з Вісла-Одэрскага міжрэчча ў паўднёва-ўсходнім напрамку (у лесастэпавыя раёны Украіны), былі адсечаны ад асноўнай масы славянства германа-кельцкімі плямёнамі, якія рухаліся больш энергічна ў гэтым жа напрамку. Адсечаную групу германа-кельты раскалолі на дзве часткі. Адну з іх выцеснілі на Балканскі паўвостраў, дзе пазней сфарміравалася група паўднёваславянскіх плямён (сербы, харваты, баснійцы, македонцы, чарнагорцы, славены і балгары). Другая частка славян пасялілася на паўночным захадзе Украіны і ў паўднёвых раёнах Беларусі (у басейне ракі Прыпяць). У VI–VIII стст. яны нікуды не рухаліся. Тут яны сфарміраваліся як усходняе славянства, тут сфарміравалася і народнасць – русь, якая дала пазней назву славянскай дзяржаве – Кіеўскай Русі.

У VIII–IX стст., калі ўсходнія славяне значна ўзмацніліся і ў выніку дэмаграфічнага росту ім стала цесна на занятай тэрыторыі, пачалі асвойваць землі балтаў, фіна-уграў і ірана-цюркаў. Уперадзе ішлі ўзброеныя славянскія дружыны. Прасоўваючыся па рэках, яны будавалі на сваім шляху ўмацаваныя гарадзішчы, многія з якіх пазней сталі гарадамі. Услед за ўзброенымі дружынамі рухалася насельніцтва, асімілюючы абарыгенаў, у прыватнасці, балтаў. Аб тым, што іменна такім шляхам адбывалася рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі, сведчыць асваенне імі Панямоння і Пабужжа ў ХІ–ХІІ стст. Славяне ў раёнах свайго рассялення часткова выцеснілі балтаў, часткова знішчылі іх, а тых, што засталіся– асімілявалі. У некаторых мясцовасцях і славяне былі асіміляваны балтамі, але ўрэшце рэшт перамагла славянская стыхія. Гэта можна растлумачыць тым, што славяне на некалькі стагоддзяў апярэдзілі ў сваім развіцці балтаў. Гэтыя працэсы доўжыліся некалькі стагоддзяў.

Асноўны масіў славянства на Беларусі склалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Дрыгавічы аселі на большай частцы паўднёвай і значнай частцы сярэдняй Беларусі. Як сведчаць археалагічныя даныя, паўднёвая граніца тэрыторыі дрыгавічоў праходзіла ўздоўж паўднёвай Прыпяці з поўдня ад драўлян іх аддзялялі балоты. Усходняй граніцай быў басейн Дняпра. Паўночна-ўсходняя граніца праходзіла прыкладна па водападзелу рэк Друці і Бярэзіны, а паўночная – па лініі Барысаў – Заслаўе. На захадзе дрыгавічы займалі вярхоўі Нёманскага басейна. Назву дрыгавічоў старажытны летапісец выводзіць ад слова "дрыгва", якая была характэрнай асаблівасцю мясцовасці, дзе яны аселі. Хоць такаю думку падтрымліваецць некаторыя даследчыкі і цяпер, аднак гэты погляд, як сцвярджае М. Ермаловіч, трэба прызнаць устарэлым. Па характару мясцовасці, паводле летапісу, былі празваны далёка не ўсе ўсходнеславянскія плямёны, а толькі паляне, драўляне і дрыгавічы. Аднак паляне былі і ў Польшчы, драўляне – на левым беразе Эльбы, дрыгавічы – у Македоніі і на землях палабскіх славян. Хутчэй за ўсе, як лічыць М. Ермаловіч, назва “дрыгавічы” паходзіць ад славянскага імя Драга ці Драгавіта, як радзімічы – ад Радзіма, вяцічы – ад Вяткі.

Радзімічы пасяліліся на ўсходзе ад дрыгавічоў. Яны занялі землі паміж Дняпром і Дзісной. Асноўным арэалам іх рассялення быў басейн рэк Сажа і Іпуці.

Крывічы занялі тэрыторыю на поўнач ад дрыгавічоў і радзімічаў. Іх заходняя граніца на тэрыторыі Беларусі праходзіла ўздоўж Асвейскага возера, затым апускалася на поўдзень, перасякала Заходнюю Дзвіну каля вусця Дрысы, далей ішла да басейна Дзясны (левага прытока Заходняй Дзвіны). Самым заходнім пасяленнем быў Браслаў. На поўначы і на ўсходзе граніца крывічоў праходзіла за межамі тэрыторыі Беларусі. Яна ўключала не толькі паўночныя раёны Беларусі, але і сучасныя Пскоўшчыну і Смаленшчыну, раёны вярхоўя Волгі, на поўдні – вярхоўе Дняпра. На Беларусі пражывала толькі іх полацка-смаленская група.

Ёсць многа меркаванняў пра паходжанне назвы "крывічы". Некаторыя даследчыкі выводзяць гэтую назву ад літоўскага слова "kriwe", якое абазначае імя аднаго з персанажаў літоўскай міфалогіі (Н.Н. Траццякоў). Б.А. Рыбакоў і іншыя даследчыкі лічаць, што назва "крывічы" ўзнікла ад імя кіраўніка літоўскага роду Крыве-Крывейтэ. Г. Мілер, М. Карамзін, Т. Нарбут, А. Кіркор мяркуюць, што яна ўзнікла ад імя вярхоўнага жраца балтаў Крыве-Крывейтэ. Беларускі археолаг Г.В. Штыхаў лічыць, што назва "крывічы" ўзнікла ад імя старэйшыны балцкага роду Крыве. Ён жа не выключае этымалогію тэрміна ад слоў, што абазначаюць блізкіх па крыві (рус. – кровные, бел. – крэўныя). Вядомы рускі гісторык С.М. Салаўёў лічыць, што назва "крывічы" звязана з характарам мясцовасці, якую яны займалі, і выводзіць назву ад балцкага (літоўскага) слова kirba, што азначае “топь, трясину”.

Але аўтары ўсіх гэтых гіпотэз і меркаванняў дапускаюць шэраг недакладнасцей. Назвы вярхоўнага Бога Крыве-Крывейтэ, як паказвае больш дакладнае вывучэнне персанажаў літоўскай паганскай міфалогіі, няма. Гэта датычыць таксама імя вярхоўнага жраца балтаў. Гісторыя ведае імя святара Крыве, які жыў у ХIV ст., калі крывічоў, як этнічнай супольнасці, у

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Крыніцы па гісторыі Беларусі | Вытокі дзяржаўнасці Беларусі
Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-06; Просмотров: 2709; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.166 сек.