Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Асноўная літаратура




ІХ–Х стст. – час нараджэння Полацкага княства-дзяржавы. ХІ ст. – час яе станаўлення, вайсковага і эканамічнага ўзмацнення, адстойвання незалежнасці, умацавання знешніх і ўнутраных сацыяльна-эканамічных і культурных сувязяў. Гэта былі супярэчлівыя і вельмі складаныя часы. Але менавіта тады былі зроблены першыя крокі на шляху ўсталявання беларускай дзяржаўнасці, якая фарміравалася на тэрыторыі Беларусі.

Утварэнне Полацкага княства. Недзе на мяжы VIII–ІX стст. вакол Полацка пачало складвацца аб'яднанне крывічоў, якое ў далейшым сфарміравалася ў самастойную тэрытарыяльную, палітычную і эканамічную адзінку. Аб'ектыўна гэтаму працэсу спрыялі многія фактары. Сярод іх – адзінства тэрытарыяльна-геаграфічных умоў лясной зоны і размяшчэнне крывіцкіх плямёнаў у сутоцы рэк Балтыйскага і Чорнага мораў, на традыцыйных гандлёвых шляхах, этнічнае змяшэнне з папярэднімі насельнікамі гэтага рэгіёна – балтамі, у якіх перанялі элементы мовы, побыту. Полацк прыгадваецца ў летапісах ужо ў 862 г. як адзін з важнейшых гарадоў Усходняй Еўропы.

ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ ПОЛАЦКАЙ ЗЯМЛІ.

У першай палове ІХ ст. назіраўся працэс усталявання Полацкай зямлі ў пэўных геаграфічных межах і пачалося афармленне яе дзяржаўнасці. Даследчык Ю. Заяц лічыць, што стварыць больш высокую сацыяльную арганізацыю ў выглядзе раннедзяржаўнага ўтварэння крывічам трэба было і для таго, каб замацаваць сваё ўладаранне на каланізаваных землях балтаў. Асаблівасцю Полацкага "княжання" была поліэтнічнасць яго насельніцтва (крывічы, дрыгавічы, рэшткі балцкіх, а на паўночным усходзе, верагодна, і фіна-угорскіх плямёнаў).Крывіцкім княствам, на яго думку, Полацкая зямля была толькі ў тым сэнсе, што вышэйшая ўлада (княжацкая дынастыя) была крывіцкага паходжання. Што датычыцца летапісных "палачан", дык пад гэтым тэрмінам у шырокім сэнсе трэба разумець не полацкую галіну крывічоў, а сукупнасць усяго насельніцтва Полацкай зямлі незалежна ад яго племянной прыналежнасці.

Сваім раннім узнікненнем і інтэнсіўным развіццём Полацкая зямля абавязана водным гандлёвым шляхам, што звязвалі Паўднёвую Русь, Візантыю і арабскі Усход з Паўночнай Руссю, Прыбалтыкай і Скандынавіяй. Першай жыццёвай артэрыяй Полацкага княства стала Заходняя Дзвіна. Яна ж вызначыла і кірунак яго гістарычнага развіцця, і першапачатковую накіраванасць яго дзяржаўных інтарэсаў, а разам з тым і яго адметнасць.

Рост полацкай тэрыторыі больш-менш бесперашкодна ішоў прыкладна да сярэдзіны IX ст. разам з рассяленнем крывічоў. Да гэтага часу ўлада Полацка на ўсходзе пашыралася на вярхоўі Заходняй Дзвіны і Дняпра, на поўдні заходзіла за Свіслач да вярхоўяў Пцічы, на захадзе цягнулася ад вярхоўяў Нёмана да вярхоўяў Дзісны, на поўначы ішла ад Усвятаў праз вярхоўі Дрысы і далей паралельна Заходняй Дзвіне заходзіла ў межы сучаснай Латвіі. Ужо ў IX ст. гэты племянны цэнтр сканцэнтраваў вакол сябе вялікую тэрыторыю і стаў адным з важнейшых дзяржаваўтваральных цэнтраў Усходняй Еўропы.

Паводле сучаснага адміністрацыйнага падзелу, у склад Полацкай зямлі ўваходзілі сучасная Віцебская вобласць і паўночная палова Мінскай вобласці. Да пачатку XIII ст. пад пратэктаратам Полацкай зямлі знаходзілася Ніжняе Падзвінне (у межах сучаснай Латвіі, да Рыжскага заліва). Тэрыторыя княства складала 60 тыс. кв. км. Заселена яна была нераўнамерна і ўяўляла сабой кангламерат некалькіх густанаселеных масіваў, падзеленых лясамі.

Полацкае княства – гэта першая беларуская дзяржава, якая мела не ўяўны, а сапраўдны суверэнітет і сама распараджалася сваім лёсам. На працягу стагоддзяў яназахоўвала ўсе найважнейшыя атрыбуты дзяржаўнасці: заканадаўчую ўладу ў выглядзе веча, выканаўчую ўладу ў асобе князя, уласную княжацкую дынастыю Рагвалодавічаў-Усяславічаў, стабільную тэрыторыю, магутнае войска. Полацкая зямля праводзіла самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку, вызначалася знешнепалітычнай і вайсковай актыўнасцю.

У X–XI стст. Полацкае княства з'яўлялася адным з буйнейшых і магутных княстваў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і сапернічала з Кіевам і Ноўгарадам у аб'яднанні ўсходнеславянскіх земляў. Па сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму ўзроўню Полацкае княства ні ў чым не саступала развітым дзяржавам таго часу. Яго шанавалі ў еўрапейскім свеце.

 

Узаемаадносіны Полацка з Кіевам і Ноўгарадам у другой палове IX – першай палове X ст. Вызначальную ролю ў гістарычным развіцці Усходняй Еўропы, у тым ліку і Полацкай зямлі, меў водны шлях "з варагаў у грэкі", які злучаў праз сістэму рэк Дняпра, Дзвіны, Ловаці і Волхава поўдзень кантынента з поўначчу, усход з захадам. Гэта важная магістраль, па якой у асноўным ішоў міжнародны гандаль і ажыццяўляліся паходы на Візантыю, стала воссю дзяржаўнаўтваральнага працэсу ва Усходняй Еўропе. Найперш дзякуючы ёй узвысіўся Полацк. Гэтак жа шлях "з варагаў у грэкі" вызначыў статус Кіева і Ноўгарада як важных палітычных цэнтраў Усходняй Еўропы. Паўночныя крыніцы, у прыватнасці, скандынаўскія сагі і саксонскія паданні, бачылі ў тыя часы на ўсходзе Еўропы тры цэнтры, тры палітычна-дзяржаўныя арганізацыі славянскіх зямляў – Ноўгарад, Полацк і Кіеў. Ноўгарад закрываў вялікі водны шлях з поўначы, Кіеў – з поўдня. Беларускія землі, што ўкліньваліся паміж імі і стваралі канкурэнцыю ў справе аб'яднання зямляў, з самага пачатку сваёй датаванай гісторыі апынуліся ў фокусе барацьбы за першынство ва ўсходнеславянскім свеце.

Менавіта з летапіснага паведамлення пра сутыкненне інтарэсаў Ноўгарада і Кіева на Беларусі пачынаецца датаваная частка нашай гісторыі. Праўда, звесткі пра падзеі таго перыяду – аднолькавыя, лаканічныя і супярэчлівыя. Таму нельга чакаць дакладных сведчанняў пра гэты час і дакладных ацэнак тагачасных падзей. Нашы веды пра раннюю пару беларускай гісторыі носяць гіпатэтычны характар з-за недахопу крыніц і іх фрагментарнасці.

У летапісе пад 859 г. сказана, што варагі бралі даніну з чудзі, славенаў, меры і крывічоў, а хазары спаганялі яе з палянаў, северанаў, вяцічаў. Радзімічы не згаданы ў гэтым запісе. Але з летапіснага паведамлення 885 г. вядома, што гэтае племя таксама плаціла даніну хазарам. Беларускія землі, такім чынам, былі падзелены тады на сферы ўплыву паміж варагамі і хазарамі.

У 862 г. варажскі князь Рурык, што сядзеў у Ноўгарадзе (862–879 гг.), пасля смерці сваіх братоў Сінявуса і Трувора, разам з якімі ён быў "закліканы на Русь", зрабіўся адзінадзяржаўцам і стаў раздаваць сваім стаўленікам гарады. Адзін з іх атрымаў Полацк. "И прия власть Рюрик, – чытаем мы ў "Аповесці мінулых гадоў", – и раздая мужем своим грады, овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро. И по тем городам суть находници варязи, а первии насельницы в Полотьски кривичи …И теми всеми обладаше Рюрик". Менавіта ў такім кантэксце ўпершыню згадваецца Полацк. Летапісец кажа, што заснавальнікамі горада з'яўляюцца крывічы, а варагі – гэта прышлыя.

Летапіс звязвае з'яўленне першых рускіх князёў з дзейнасцю варагаў, пад якімі гісторыкі разумеюць выхадцаў са Скандынавіі – нарманаў. Варагі, якія прасоўваліся па Заходняй Дзвіне на ўсход і поўдзень, адыгралі пэўную ролю ва ўсходнеславянскай гісторыі, у тым ліку і полацкай. Але яны не мелі вырашальнага значэння ва ўтварэнні ўсходнеславянскіх дзяржаў, хоць нават і стаялі пэўны час на чале іх. Відавочна, што ігнараванне дзейнасці варажскіх дружын на Беларусі такое ж памылковае, як і перабольшанае ўяўленне пра іх ролю ў старажытнабеларускай гісторыі. Калі нават першыя князі на нашых землях і былі скандынаўскага паходжання, гэта не змяніла славянскага характару ранніх дзяржаўных утварэнняў. Кіеўская Русь не стала варажскай дзяржавай з-за таго, што ёю кіравалі нашчадкі Рурыка. Нарманскія князі, бясспрэчна, павінны былі ў сваёй дзейнасці кіравацца інтарэсамі той мясцовасці, дзе яны княжылі, інакш яны б там доўга не змаглі затрымацца.

Летапісны запіс 862 г. сведчыць, што княжацкая ўлада ў Полацку не была трывалай, спадчыннай. Але Рурык, відаць, меў з мясцовым насельніцтвам нейкія даўнія, можа нават кроўныя сувязі, што дала яму магчымасць навязаць крывічам сваю волю практычна без барацьбы. Палачане прынялі Рурыкавага "мужа". Падначаленне Полацка было асаблівым поспехам для Ноўгарада, што ўстрывожыла Кіеў і не выклікала неадкладныя меры з боку яго князёў Аскольда і Дзіра. У 865 г. яны "воеваша полочан и много зла створиша". Чым скончыўся паход кіеўскіх князёў і якое зло яны ўчынілі палачанам, нам невядома. Ва ўсякім разе зразумела, што Кіеў раўніва сачыў за падзеямі ў Полацкай зямлі. Аскольд і Дзір адпомсцілі за тое, што яна прыняла намесніка Рурыка.

Прычыну такой рэакцыі кіеўскіх князёў на падзеі 862 г. даследчыкі тлумачаць па-рознаму. Некаторыя лічаць, што далучэнне Полацкам да сваіх уладанняў прыпяцкай часткі дрыгавічоў стварыла непасрэдную пагрозу Кіеву і з'явілася падставай для помсты. Іншыя мяркуюць, што да таго часу палачане ўваходзілі ў склад Русі, і вайна пасля зацвярджэння ў Полацку Рурыкавага "мужа" была прадыктавана імкненнем Кіева вярнуць уладанне па Заходняй Дзвіне пад свой палітычны кантроль. Так, акадэмік Б. А. Рыбакоў сцвярджае, што землі палачан і дрыгавічоў належалі Русі ўжо ў пачатку IX ст. Гэта пацвярджаецца, на яго думку, пералікам падпарадкаваных уладзе кіеўскага князя племянных саюзаў, які прыводзіцца ў недатаванай частцы "Аповесці мінулых гадоў": "Се бо токмо словенеск язык в Руси: поляне, древляне, новгородци, полочане, дреговичи, север, бужане, зане седоша по Бугу, послеже же велыняне".

Гісторык М. К. Любаўскі прытрымліваўся думкі, што аб'яднанне ўсходніх славян пачалося з Ноўгарада, на чале якога стаялі варажскія князі – конунгі. Адзін з іх, Алег, пазней умацаваўся ў Кіеве і прымусіў прызнаць сябе галоўным правадыром усяго ўсходняга славянства.

В. В. Сядоў мяркуе, што Полацкая зямля ў другой палове IX ст. знаходзілася ў залежнасці ад Ноўгарада, а з утварэннем Кіеўскай дзяржавы стала яе часткай. А вось гісторык Б. Д. Грэкаў сцвярджаў, што да драматычных падзей 980 г. Полацк ніколі не быў пад уладай Кіева.

Падзея 865 г. мела значныя наступствы для далейшага лёсу беларускіх зямляў. Полацк хутчэй за ўсё быў адабраны ад Рурыка і ўключаны (ці вернуты) ў сферу ўплыву Кіева. Пасля смерці Рурыка (879 г.) фактычна поўнаўладным гаспадаром стаў Алег – апякун малалетняга Ігара Рурыкавіча. У 882 г. з войскам Алег пайшоў з Ноўгарада ў Кіеў, забіў Аскольда і Дзіра і абвясціў Кіеў "мати градом русьским". Па дароге ён падпарадкаваў сабе Смаленск. Усталяваўшыся ў Кіеве (882–912 гг.), ён, заклапочаны пошукамі даннікаў, падначаліў сабе дзе згодай, дзе прымусам ўсходнеславянскія землі. Алег "устави дани славеном, кривичем и мери". Кіеўскі князь адносна да крывічоў ужо дзейнічае не як заваёўнік, а як дзяржаўны дзеяч, што вызначае павіннасці сваіх падданых. Але далучэнне Полацкай зямлі да дзяржавы Рурыка, не прывяло да поўнай страты яе самастойнасці.

Пад сцягам вызвалення ад хазарскага панавання ў 885 г. Алег падначаліў сабе радзімічаў. Летапісец паведамляе, што князь спытаўся ў радзімічаў, каму яны плацяць даніну, і, пачуўшы, што даніну з іх здымаюць хазары, загадаў: "Не дайте хозарам, но мне дайте". І яны сталі плаціць Алегу "па шэлягу", як дагэтуль плацілі хазарам.

Асобныя гістарычныя працы сцвярджаюць, што падпарадкаванне радзімічаў было ў нейкай ступені добраахвотным. "Алег вызваліў радзімічаў ад уплаты даніны хазарам". Але гэту ідылію абвяргае пазнейшы факт непакорнасці радзімічаў, што выклікала неабходнасць паўторнага падпарадкавання іх Кіеву ў 984 г. Такім чынам, у 80-я гады IX ст. завяршылася падначаленне Кіеву беларускага ўсходнеславянскага Падзвіння і Пасожжа. Дрыгавічы, верагодна, да 980 г. захоўвалі самастойнасць.

 

Крывічоў і радзімічаў мы бачым у ліку шматплемяннога войска, з якім Алег у 907 г. пайшоў на Царград. Паход быў удалы. Грэкі абавязаліся выплаціць вялікую кантрыбуцыю рускім гарадам, дзе "седяху велиции князи, под Олгом суще", у тым ліку і Полацку. Аб чым сведчыць гэтая летапісная звестка: аб ўваходжанні Полацкага княстваў склад Кіеўскай дзяржавы ці аб удзеле ў паходзе раўнапраўнага ваеннага саюзніка?

У паходзе Ігара на Візантыю ў 944 г. радзімічы ўжо не ўдзельнічалі, а крывічы, хоць і ўдзельнічалі, але ў дагаворы 945 г. Полацк не згадваецца. Відавочна, што пры пераемніках Алега – Ігары, Вользе і Святаславе – уплыў Кіева аслабеў. Полацк выйшаў з-пад улады Кіева, аднавіў сваю палітычную самастойнасць і незвычайна ўзмацніўся ў 40–70-я гады Х ст. Выгаднае геаграфічнае становішча княства на важных гандлёвых шляхах давала магчымасць умацавацца эканоміцы, адчыняла Полацку шлях да палітычнай самастойнасці.

Характар адносінаў Полацка з Кіевам у ІХ–ХІІ стст. з'яўляецца спрэчным. У літаратуры намеціліся два асноўныя падыходы да гэтай праблемы. Першы падыход, што існаваў у савецкай гістарыяграфіі, разглядаў Кіеўскую Русь як адзіную дзяржаўную структуру, пабудаваную на аснове сузаранітэту – васалітэту, часткай якой было Полацкае княства. Прыхільнікі другога падыходу (М. Ермаловіч, Г. Штыхаў і інш.) бачаць у Кіеўскай Русі няўстойлівы кангламерат плямён і народаў, у якім непрацяглы час і ў нетрывалым саюзе давялося пабываць і Полацкаму княству. Перыяды яго саюзніцкіх адносін з кіеўскімі князямі чаргаваліся з ваеннымі канфрантацыямі, ініцыятарамі якіх нярэдка выступалі полацкія князі.

Яшчэ К. Маркс назваў Кіеўскую дзяржаву "імперыяй Рурыкавічаў", якая была "недарэчнай", "нязграбнай", "скараспелай" і "шматковай". На жаль, у ХХ ст. дадзеная выключна трапная характарыстыка чамусьці забылася многімі гісторыкамі, якія пачалі гэтае ненадзейнае ўтварэнне паказваць як цэнтралізаваную і адзіную дзяржаву. У сапраўднасці ж, яна была нетрывалым ваенна-палітычным аб'яднаннем племянных саюзаў, якое дзе-нідзе было добраахвотным (напрыклад, у раёнах знешняй небяспекі), але часта ажыццяўлялася і сілай. Племянныя землі ўключаліся ў склад Кіеўскай Русі нярэдка насуперак іх волі і інтарэсам. Таму яе палітычныя межы былі вельмі зменлівыя: то адзін, то другі племянны саюз выходзіў з падпарадкавання, адстойваў свой суверэнітэт. На працягу цэлага стагоддзя Кіеў вёў паўторныя войны з іншымі землямі, утрымліваючы іх і вяртаючы ў склад сваёй дзяржавы.

Нанава пачаў фарміраваць "імперыю Рурыкавічаў" пазашлюбны сын Святаслава наўгародскі князь Уладзімір (вялікі кіеўскі князь у 980 – 1015 гг.). Збіраючыся распачаць барацьбу за вялікакняжацкі пасад, што займаў яго зводны брат Яраполк, Уладзімір намагаецца схіліць на свой бок Полацк, які падтрымліваў раўнапраўныя сувязі з Кіевам. Ізноў Полацкая зямля аказалася ў ролі дзяржавы, ад якой залежыць перавага ў спрэчцы паміж Кіевам і Ноўгарадам.

 

Полацкае княства ў апошняй чвэрці X ст. Рагвалод і Рагнеда. У апошняй чвэрці X ст. у Полацку незалежна ад Кіева і ад Ноўгарада правіў Рагвалод. Ён стаў першым персанажам беларускай гісторыі, чыё імя данеслі да нас пісьмовыя крыніцы.

Асоба першага летапісна вядомага полацкага князя і яго знакамітай дачкі Рагнеды выклікае цікавасць у даследчыкаў і шмат спрэчак. Найбольш дыскусійнымі з'яўляюцца пытанні: адкуль з'явіўся Рагвалод у Полацку і хто ён па паходжанні? У летапісе сказана, што прыйшоў ён з "заморья, имяше волость свою в Полотьске". Для гісторыкаў-нарманістаў гэтага было дастаткова, каб аб'явіць яго варагам, які здолеў у канцы X ст. падначаліць сабе Полацк і стаць князем. Гэта імя, як і імя яго дачкі Рагнеды, сталі выводзіць са скандынаўскіх моў. Якія адносіны меў Рагвалод да праўнукаў Рурыка – вызначыць немагчыма. У адным з летапісаў сказана, што продак Рагвалода прыйшоў з варагаў разам з Рурыкам. Ці былі Рагвалод Полацкі і Рагнеда скандынавамі? Можа так, мяркуючы па ўрыўках з летапісаў, а таксама па іх асабістых іменах, якія знаходзяць адпаведнікі ў скандынаўскіх мовах. Лагічна дапусціць, што ў X ст. у Полацк прыйшла нешматлікая варажская дружына на чале з Рагвалодам, але хутка растварылася сярод мясцовага насельніцтва.

Але імя яго можа мець тлумачэнне і ў славянскіх мовах у этымалагічным значэнні "валадар рога" (у сэнсе культавага язычніцкага прадмета, а можа багацця: рог у язычніцтве з'яўляецца сімвалам урадлівасці, багацця). Імя Рагвалод сустракаецца і ў чэхаў.

Аднак самае важнае для нас не паходжанне Рагвалода, а тое, што ён выступае як гістарычны дзеяч, цалкам адданы інтарэсам Полацка. Ён стаў княжыць тут у 60–70-я гады X ст. і, скарыстаўшы палітычныя абставіны – скіраванасць інтарэсаў кіеўскага князя Святаслава на поўдзень, – меў намер ахапіць сваёй уладай землі ад Прыпяці да Фінскага заліва. Рагвалод замацаваў пазіцыі Полацка на землях дрыгавічоў. Паводле падання, ён накіраваўся на поўдзень па цячэнню Дняпра і, прыйшоўшы да вусця Прыпяці, выслаў уверх па рацэ адну са сваіх дружын на чале з Турам. Апошні выбраў выгаднае месца, пасяліўся і збудаваў горад. Полацкі князь намагаўся распаўсюдзіць свой уплыў на поўнач. Якімаўскі летапіс прыводзіць факт паходу Рагвалода на ноўгарадскія землі, што можна разглядаць як імкненне Полацка набыць ключавыя пазіцыі на шляху "з варагаў у грэкі".

У часы Рагвалода Полацкае княства – магутная, суверэнная, прызнаная дзяржава, якая выступіла аб'яднальным цэнтрам значнай часткі ўсходнееўрапейскага масіву славянства. Таму яна можа разглядацца на аднолькавым узроўні з Кіеўскай дзяржавай. Сведчаннем прызнання Полацка з боку Ноўгарада і Кіева могуць быць падзеі, занатаваныя летапісцамі пад 980 (970) годам. Даследчыкі найбольш верагоднай лічаць дату не пазней 976 г. Тады наспела неабходнасць у саюзе Полацкага і Кіеўскага княстваў, замацаваць які збіраліся звыклым для тых часоў шляхам – шлюбам дачкі Рагвалода князёўны Рагнеды і кіеўскага стольнага князя Яраполка.

Ноўгарадскі князь Уладзімір Святаслававіч, маючы намер авалодаць вялікакняжацкім тронам, вырашыў умяшацца і парушыць палітычныя сувязі Полацка і Кіева. Поспех залежаў ад таго, на чыім баку выступіць полацкі князь. Знешне падзеі выглядалі як сватаўство Уладзіміра да Рагнеды. Сватаўся ноўгарадскі князь, нягледзячы на тое, што ведаў пра яе заручыны з Яраполкам Кіеўскім. Абодва браты дамагаліся рукі Рагвалодавай дачкі, каб перацягнуць Полацк на свой бок. Паводле летапісу, Рагвалод спытаў у дачкі: " Ці хочаш ісці за Уладзіміра? " Яна ганарліва адказала: " Не хачу разуць сына рабыні, а хачу за Яраполка ". Гэта не толькі быў выбар самой Рагнеды, вырашаў Рагвалод. Вуснамі Рагнеды полацкі князь ясна мовіў, каго ён падтрымлівае. Яно і зразумела: Яраполк – законны ўладар Русі, а хто такі Уладзімір? Незаконнанароджаны сын Святаслава ад ключніцы Малушы, пазбаўлены правоў на кіеўскі пасад.

У гэтым асабістым трохкутніку мы зноў, пасля падзей 962 – 965 гг., бачым палітычны трохкутнік Кіеў-Полацк-Ноўгарад. А гісторыя сватання ноўгарадскага і кіеўскага князёў да Рагнеды адлюстроўвае барацьбу Ноўгарада і Кіева за ўплыў на Беларусі. Гэта барацьба за прыярытэт і саюз з Полацкам прывяла ледзь не да поўнага вынішчэння мясцовай княжацкай дынастыі і часовай страты ім палітычнай незалежнасці. Абражаны адказам, не жадаючы ў будучым паходзе на Кіеў пакідаць за спінаю такога магутнага праціўніка, Уладзімір збірае "вои многи" з варагаў, славенаў, чудзі, крывічоў і ідзе на Полацк. Фактычна супраць яго былі кінуты ўсе сілы Паўночнай Русі.

Горад быў абрабаваны і спалены. Рагвалод, яго жонка і сыны – забіты. Мужчынская лінія полацкіх князёў была знішчана. Рагнеду гвалтам узялі ў жонкі. Уладзімір, які, безумоўна, меў заслугі перад Руссю, для нашых продкаў заўсёды быў захопнікам і забойцам.

Драматычны лёс Рагвалода, з якім звязаны першыя падзеі сівой мінуўшчыны нашай Бацькаўшчыны, не закрэсліваюць значэння першага вядомага полацкага князя ў гісторыі. Рагвалод першы ўбачыў і па-сапраўднаму ацаніў магчымасці Полацкай зямлі як асобнай дзяржавы са сваімі мэтамі і інтарэсамі і аднавіў яе самастойнасць. Невыпадкова, што менавіта ён быў першым з полацкіх князёў, занесеных у аналы гісторыі.

Падпарадкаваўшы сабе Полацкую зямлю – а захоп стольнага горада быў раўназначны авалоданню ўсім княствам – Уладзімір ідзе на Кіеў, забівае брата свайго Яраполка і сядае на вялікакняжацкі стол. Ён здолеў на нейкі час сабраць пад сваёй уладай вялікія абшары ўсходнееўрапейскіх славянскіх зямляў.

Такім чынам, каля 976 г. быў захоплены Полацк. Разам з ім, магчыма, Кіеву была падпарадкавана і Дрыгавіцкая зямля. У 983 годзе " иде Володимер на ятвягы и победи ятвягы, и взя землю их ". На жаль, у летапісе не ўдакладняецца месца паходу. Яцвягі займалі значную тэрыторыю на захадзе Беларусі і паўночным усходзе Польшчы. Гэты паход мог быць здзейснены ў раёны Пабужжа ці Панямоння. Пачынаючы з 983 г., кіеўскія князі праводзяць захопніцкую палітыку на землях балцкіх плямёнаў яцвягаў і літвы, накіраваную на пашырэнне ўладанняў Старажытнарускай дзяржавы.

У 984 г. Уладзімір здзейсніў паход на радзімічаў, якія разам з вяцічамі і севяранамі перасталі падпарадкоўвацца Кіеву. З пакараннем вяцічаў у пачатку 80-х гадоў быў прадвырашаны і лёс жыхароў Пасожжа.У 984 г. княжацкі ваявода па мянушцы Воўчы Хвост разбіў радзімічаў на рацэ Пяшчане (пад Слаўгарадам). З таго часу і з'явілася прымаўка, якой дражнілі радзімічаў: " Пяшчанцы воўчага хваста бегаюць ". І зноў тыя " плацяць даніну Русі, павоз вязуць і дагэтуль ", – падсумоўвае летапіс. У выніку карнай экспедыцыі радзімічы былі вернуты пад уладу Кіева.

Знаёмства з крыніцамі выклікае такія асацыяцыі: факт уплаты якімсьці племем даніны на карысць Кіева быў раўназначны прызнанню над сабой яго ўлады і ўваходжанню ў склад старажытнай Русі; адмова ў даніне азначала выхад з-пад яго адміністрацыі і са складу дзяржавы.

 

Усталяванне дынастыі Ізяславічаў. Слабасць такога дзяржаўнага ўтварэння, якім з'яўлялася імперыя Уладзіміра, была відавочнай. У сувязі з эканамічным ростам перыферыйных цэнтраў у ХІ ст. пачаўся працэс яе палітычнага распаду, у якім актыўна ўдзельнічала і Полацкая зямля. Яе падпарадкаванне Кіеву было фармальным, без глыбокіх эканамічных і палітычных падстаў. Ужо ў канцы Х ст. яна адрадзіла самастойную княжацкую дынастыю, а ў другім пакаленні князёў – і палітыку дзяржаўнай незалежнасці.

Прымусам узятая ў жонкі Рагнеда дала працяг полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў і роду вялікіх кіеўскіх князёў. Яе другі сын - Яраслаў Мудры, князь-кніжнік, палітык еўрапейскага ўзроўню, пры якім была пабудавана славутая кіеўская Сафія, аўтар першага ўсходнеславянскага зборніка законаў "Руская праўда". Гады не загаілі болі Рагнеды за спалены родны горад, за расправу з бацькамі. Яна зрабіла няўдалую спробу замаху на Уладзіміра, пасля чаго разам з сынам Ізяславам, які заступіўся за маці, была выслана на Бацькаўшчыну ў заснаваны тады горад Ізяслаўль (сучаснае Заслаўе Мінскай вобласці), названы імем старэйшага сына.

Там Рагнеда прыняла манаскі стан пад імем Анастасіі, заснавала манастыр – ці не першы ва Усходняй Еўропе – і ў 1000 г. памерла. Яе імя разам з імем Рагвалода стаіць ля вытокаў старажытнай гісторыі Беларусі.

Ізяслаў Уладзіміравіч трымаў спачатку Заслаўе, а каля 985 г., верагодна, быў запрошаны палачанамі на княжацкі стол.

Уладзімір, які пасля хрышчэння Русі накіраваў сваіх сыноў у буйнейшыя гарады сваёй "імперыі" ў якасці намеснікаў, гэтаму не пярэчыў. Разам са сваімі баярамі ён бачыў, што толькі сілай гэты край нельга ўтрымаць. Для яго была патрэбна прыхільнасць Полацка і прымірэнне з ім.

Пісьмовыя крыніцы нам нічога не гавораць пра дзяржаўную дзейнасць Ізяслава. Разам з ім узнаўляўся род полацкіх князёў, якія нязменна называлі сябе Рагвалодавічамі, а не Рурыкавічамі, як астатнія рускія князі.Ізяслаў фактычна паклаў пачатак палітычнаму адраджэнню Полацкага княства на мяжы X–XI стст., спрыяў распаўсюджванню тут хрысціянства. Ён першым з усходнеславянскіх князёў быў ахарактарызаваны у летапісе як кніжнік. Яго асабістая пячатка з'яўляецца першым помнікам усходнеславянскага пісьменства. Памёр Ізяслаў, які пражыў не болей 25–26 гадоў, у 1001 г., на год перажыўшы сваю маці.

 

Княства пры Брачыславе. Пасля таямнічай смерці Ізяслава і яго свайго малалетняга папярэдніка і брата Усяслава (1001–1003 гг.) полацкі прастол заняў Ізяславаў сын Брачыслаў, які як узмужаў, пачаў працу па адраджэнню былой велічы сваёй зямлі і вяртанню ёй незалежнасці. У 1015 г. уся "шматковая і нетрывалая імперыя Рурыкавічаў" была падзелена паміж нашчадкамі Уладзіміра. Сярод іх найбольш магутнымі былі Яраслаў Ноўгарадскі (Мудры) і яго пляменнік Брачыслаў Полацкі. Гісторыкі дапускаюць, што гэты дуумвірат з 1015 па 1019 (1020) год праз сваіх пасрэднікаў кіраваў у Кіеве. На тое былі падставы: першыя Ізяслававічы маглі прад'яўляць правы на вялікакняжацкі трон, як нашчадкі Уладзіміра Святаславіча.

Палітычная раўнавага ў краіне парушылася, калі Яраслаў пасля смерці братоў перабраўся на княжанне ў Кіеў. Запярэчыць яму мог толькі полацкі князь. Ён здолеў настолькі ўмацаваць сваю зямлю, што стаў у апазіцю кіеўскім цэнтрысцкім памкненням. Хуткае развіццё Полацкага княства прывяло да сутыкнення з Кіевам. Брачыслаў не жадаў прызнаваць уладу вялікага князя. Адчуваючы сілу, ён пачаўзмагацца з Яраславам за ўплыў на паўночныя землі Русі.

Вялікая спрэчка разгарэлася паміж імі з-за Ноўгарада, які быў паўночным ключом воднага шляху "з варагаў у грэкі". Ноўгарад быў кроўным ворагам Полацка пасля забойства Рагвалода. Напружанасць у адносінах з ім тлумачыцца і барацьбой за прыярытэтнае права кантролю над візантыйска-варажскім экспартам–імпартам. Апроч таго, было імкненне завалодаць гарадамі Віцебск і Усвяты, што, размешчаныя на волаках, мелі вялікае эканамічнае значэнне. Відаць, яшчэ Уладзімір у канцы X ст. не прамінуў адцясніць палачан ад вярхоўяў Заходняй Дзвіны і Дняпра, тады і перайшлі ва ўладанне Ноўгарада Віцебск і Усвяты.

У 1021 г. на чале вялікага войска Брачыслаў напаў на Ноўгарад Вялікі, захапіў гэты буйнейшы горад Усходняй Еўропы з непрыступнымі абарончымі ўмацаваннямі. Сярэдневяковы польскі гісторык Ян Длугаш піша, што ўслед за сталіцай Брачыслаў авалодаў усім Наўгародскім княствам, паставіў у захопленых гарадах сваіх намеснікаў і з багатай здабычай і палонам накіраваўся дадому. На сёмы дзень зваротнага шляху яны ўбачылі перад сабой баявыя сцягі Яраслававай дружыны. Бітва адбылася на рацэ Судоміры. Калі верыць летапісам, разбіты Брачыслаў уцёк. Аднак дзіўная гэта была перамога: кіеўскі князь замест таго, каб пакараць Брачыслава, перадае пляменніку ва ўладанне Віцебск і Усвяты – якраз тыя гарады, якіх Полацку не хапала для ўмацавання пазіцый на шляху "з варагаў у грэкі". Тым самым Яраслаў прызнае самастойнасць Полацкай зямлі. Відаць, полацкі князь быў сур’ёзным сапернікам, таму князю кіеўскаму было выгадна мець саюз з ім. У сваю чаргу, Брачыслаў адмаўляўся ад улады над Ноўгарадам і вызваліў палонных. Пагадненне паміж князямі было заключана ў такой форме, якая адпавядала саюзу роўных, суверэнных уладароў, без патрабавання прызнаць старшынства князя кіеўскага.

Калі наўгародскі-кіеўскі летапіс характарызуе дзеянні Брачыслава як драпежніцкі напад на Ноўгарад, дык Я. Длугаш падае іх як буйныя дзяржаўныя акцыі Полацка з мэтай далучэння Ноўгарадскага княства да сваіх уладанняў. Савецкі гісторык А. Н. Насонаў бачыць у гэтых падзеях памкненні ўзмацнелага Полацкага княства заняць ключавыя пазіцыі на шляху "з варагаў у грэкі" –эканоміка ўмацоўвалася і патрабавала выхадаў на поўнач.

Такім чынам, з часоў Брачыслава пачынаецца барацьба паміж Полацкам і Кіевам."И оттоле мечь взимають Рогволожи внуци противу Ярославлим внуком", – запісаў летапісец. Яна працягвалася з перарывамі больш за сто гадоў. На думку акадэміка Б. Д. Грэкава, Полацкае княства менавіта з 1021 г. стала "жыць аўтаномным жыццём, вядучы працяглую барацьбу з Кіевам". Маскоўскі даследчык Л. В. Аляксееў на старонках сваёй манаграфіі "Полоцкая земля в IX–XIII вв." (М., 1966) сцвярджае, што "Полацкае княства ўяўляла сабой найбольш самастойную палітычную адзінку старажытнай Русі". У знешнепалітычным жыцці адасобленасць княства праявілася ўжо ў вайсковым мерапрыемстве Брачыслава 1021 г., а на працягу другой паловы XI ст. княства амаль поўнасцю вызвалілася ад улады Яраславічаў. Больш таго, гэты даследчык старажытнай гісторыі Полаччыны лічыць, што "барацьба полацкіх князёў з паўднёварускімі насіла прагрэсіўны характар да тых часоў, пакуль яна садзейнічала выяўленню і развіццю ўнутраных эканамічных сіл" княства. Гэта барацьба страціла сваю прагрэсіўнасць у XII ст., калі апетыты полацкіх князёў празмерна выраслі і прывялі да барацьбы не толькі з Кіевам, але і паміж сабой за пераразмеркаванне земляў, знясільвалі краіну пастаяннымі войнамі, аслаблялі яе эканамічны патэнцыял.

Няма дакладных звестак, як склаўся ў далейшым лёс Брачыслава. Паводле дамовы з Яраславам, ён згадзіўся "заадзін" ваяваць з кіеўскім князем да канца жыцця і, цалкам магчыма, удзельнічаў у яго захопніцкіх паходах, хаця крыніцы маўчаць пра тое. Паводле сцвярджэння "Эймундавай сагі", Яраслаў на нейкі час саступіў Брачыславу кіеўскі трон.

Брачыслаў пашырыў межы Полацкага княства на захад і поўнач. У ніжнім рэчышчы Дзвіны паўсталі гарады Кукейнос і Ерсіка (зараз гэта тэрыторыя Латвіі), праз якія палачане цалкам кантралявалі гандлёвы шлях на Дзвіне аж да Варажскага (Балтыйскага) мора, збіралі даніну з ліваў і латгалаў. Назвы Браслаў (горад у Беларусі, вёска ля возера Свір, вёска ля Оршы, населены пункт у Латвіі) разам з Віцебскам і Усвятамі могуць быць пэўнымі арыенцірамі ў вызначэнні межаў тэрытарыяльнага росту Полаччыны ў часы Брачыслава.

У 1044 г. князь памёр, пражыўшы каля 45 гадоў.

Такім чынам, у першай полове XI ст. Полацкае княства зноў выступіла як самастойная дзяржава. Да сярэдзіны стагоддзя ў яе нетрах назапасіліся магутныя ўнутраныя рэсурсы, якія давалі падставу для далейшага самастойнага развіцця і абароны ўласных інтарэсаў. Усё гэта надзвычай яскрава выявілася ў другой палове XI ст. Усяслаў Полацкі атрымаў у спадчыну моцную дзяржаву, якая здолела выстаяць і перамагчы ў нялёгкай барацьбе за незалежнасць. У гэтым галоўная заслуга Брачыслава.

 

Усяслаў Полацкі. Бітва на Нямізе. Другая палова XI ст. звязана з імем буйнейшага ўсходнееўрапейскага палітычнага дзеяча князя Усяслава (1044–1101 гг.) і складае цэлую эпоху ў полацкай гісторыі. Ужо ў сучаснікаў незвычайная асоба Рагвалодава нашчадка выклікала здзіўленне, здавалася загадкавай. Адкуль у яго столькі палітычнага розуму, хітрасці, невычэрпнай энергіі і жвавасці? Натура Усяслава была багатая і магутная, а жыццё – поўнае рашучых учынкаў, бліскучых узлётаў і трагічных падзенняў. Сучаснікі не маглі і не хацелі пагадзіцца з тым, што гэта звычайны чалавек. Яны былі перакананы, што Усяслаў мае ў сабе незвычайную сілу, што ён чараўнік, можа ператварыцца ў ваўка і прабегчы сотні вёрст. Усе летапісныя паданні звязваюць яго жыццё і дзейнасць з нейкімі дзівосамі. Тайна ахінае ўжо ягоны прыход на гэты свет. "Его же роди мати от волхования", – піша "Аповесць мінулых гадоў". Ля калыскі немаўляці сабраліся вешчуны – амаль як пры нараджэнні Хрыста. Афіцыйны кіеўскі летапісец атэставаў князя як "нелітасцівага на кровапраліцце". Ваенныя поспехі Усяслава, яго ўменне непрыметна апынуцца са сваім войскам там і тады, дзе і калі яго зусім не чакалі, сучаснікі таксама лічылі чарадзействам. Яшчэ пры жыцці ён стаў чалавекам-легендай, што сведчыла пра выключнасць гэтай гістарычнай постаці. Пасля смерці князь стаў героем паданняў, гістарычных песень і былін. Прыхільнікам Усяслава быў геніяльны аўтар "Слова пра паход Ігаравы" і ўславіў яго як эпічнага героя "з вешчаю душою ў мужным целе".

Усяслаў нарадзіўся каля 1030 г. і пракняжыў ў Полацку больш за паўстагоддзе. На працягу 1044 – 1060 гг. крыніцы маўчаць пра Усяслава. Яго дзейнасць ў гэты час не выходзіла за межы ўласнай вотчыны, бо старажытнарускія летапісцы звычайна гаварылі пра Полацк толькі тады, калі яго дзеянні закраналі інтарэсы Кіева і Ноўгарада. Першае 15-годдзе Усяслаў не далучаўся да агульнарускіх спраў, а хутчэй за ўсё быў заняты ўнутрыдзяржаўнымі праблемамі. З 60-х гадоў XI ст. ён дастаткова ўмацаваўшыся і пачынае энергічную дзейнасць. У 1060 г. падтрымаў Кіеў у барацьбе з качэўнікамі. Але гэты сумесны паход не спыніў росту ўзаемнай непрыязнасці, хоць знешне мірныя адносіны працягваліся яшчэ пяць гадоў.

Для Полацка гэты час характэрны ўсё большай дэманстрацыяй сваёй дзяржаўнай асобнасці. У 60-я гады тут узводзіцца Сафійскі сабор, каб паказаць свету роўнасць горада з Кіевам і Ноўгарадам, дзе такія храмы з'явіліся трохі раней.

Выкарыстоўваючы спрыяльныя палітычныя абставіны – пачатак распаду старажытнай Русі, міжусобную барацьбу, якая знясільвала Кіеў, – "поча Всеслав рать держать". У 1065 г. ён са сваёй дружынай напаў на Пскоў. Муры крэпасці білі сценабітнымі прыладамі, але, нягледзячы на магутны наступ, пскоўскі замак застаўся непрыступным. У 1066 г. полацкая дружына рушыла на Ноўгарад, разрабавала яго, спаліла частку горада, захапіла палонных. У знак падначалення Ноўгарада паздымалі званы з Сафійскага сабора і прывезлі ў Полацк – тут жа свая Сафія... Будаўніцтва храма ў Полацку і адначасова рабаванне сабора ў Ноўгарадзе пры ўсёй супярэчлівасці магло адпавядаць няўстойліваму хрысціянска-паганскаму светаўспрыманню Усяслава. З якой мэтай гэта зроблена: знішчыць аб'ект пакланення, ці выкарыстаць культавыя прыналежнасці для ўласнага храма? Гэта застаецца тайнай. Некаторыя даследчыкі бачаць у такім учынку выпад супраць хрысціянства.

Захопам Ноўгарада Усяслаў "разбіў славу Яраслава", як апавядае "Слова пра паход Ігаравы", – менавіта гэты горад доўгі час быў апорай Яраслава Мудрага і яго нашчадкаў. Рознагалоссе крыніц і храналагічная блытаніна ў іх даюць падставу меркаваць, што ў 1066 – пачатку 1067 г. Усяслаў зрабіў два паходы ў блізкія па назве гарады: першы – на Ноўгарад, другі – на Наваградак (сучасны Навагрудак). Помстай за гэтыя дзеянні стала спусташэнне Менска, праз які і мог вяртацца з Наваградка ў Полацк Усяслаў.

Устрывожаныя, абураныя такімі паводзінамі Яраславічы – сыны Яраслава Мудрага: Ізяслаў Кіеўскі, Святаслаў Чарнігаўскі і Усевалад Пераяслаўскі – вырашылі ўціхамірыць полацкага князя. Аб'яднанае войска падышло да Менска. Тады горад знаходзіўся на рацэ Менцы (прыток Пцічы) за 16 км на захад ад гістарычнага цэнтра сучаснай сталіцы і быў памежнай крэпасцю Полацкага княства. Даведаўшыся пра небяспеку, відавочна, чакаючы скорага падыходу Усяслава з войскам, "меняне затворишася в граде". Аднак выстаяць супраць злучаных сіл паўднёвай Русі не змаглі. Расправа з імі была выключна жорсткая: усе мужчыны былі перабіты, а жанчыны і дзеці ўзяты ў палон. Менск ляжаў у руінах. Менавіта ў сувязі з такімі драматычнымі падзеямі 1067 г. упершыню згадваецца ў летапісах наша сталіца. Горад на Менцы знішчалі двойчы – у 1084 г. трагічныя падзеі паўтарыліся “клопатам” Уладзіміра Манамаха, дружына якого захапіла горад. Пасля гэтых спусташэнняў "меняне" вымушаны былі яго пакінуць. На месцы ўпадзення Нямігі ў Свіслач, на своеасаблівым востраве, у канцы XI– пачатку XII ст. яны ўзвялі другое паселішча і далі яму былую назву.

Захапіўшы Менск, Яраславічы рушылі на Нямігу. Полацкая дружына выступіла насустрач. 3 сакавіка 1067 г. тут адбылася жорсткая бітва – адна з самых крывавыху нашай старажытнасці. Крыніцы не пакінулі нам яе падрабязнага апісання. "Бысць сеча зла и мнози падоша", – канстатаваў летапісец Нестар. Па сваіх маштабах і палітычных выніках падзеі 1067 г. былі такімі значнымі, што ўскалыхнулі грамадскую свядомасць старажытнай Русі, засталіся ў памяці некалькіх пакаленняў. Праз 120 гадоў рэха іх адбілася ў "Слове пра паход Ігаравы" вобразам жудаснай крывавай малацьбы:

"На Нямізе галовы сцелюць снапамі,

харалужнымі малоцяць цапамі,

жыццё кладуць на таку злюцела,

веюць душу ад тела.

Нямігі крывавыя берагі

не збожжам былі засеяны зноў –

засеяны касцьмі рускіх сыноў".

І хоць берагі Нямігі былі "засеяны касцьмі рускіх сыноў", але Усяславу давялося адступіць. "І одолеша Ізяслав, Святослав, Всеволод. Всеслав же бежа", – распавядае "Аповесць мінулых гадоў".

Даследчыкамі выказваліся самыя розныя меркаванні наконт лакалізацыі месца пабоішча на Нямізе. Археалагічныя пошукі пакуль што дакладнага адказу на гэта пытанне не далі. Трагедыя 1067 г. магла адбыцца ў межах гістарычнага цэнтра сучаснага Мінска. Няміга – гэта ўмацаваны гарадок, заснаваны на аднайменнай рэчцы. Пры археалагічных раскопках на глыбіні 6–7 м знойдзены бераг першапачатковай ракі, вялікая колькасць рэчаў матэрыяльнай культуры, гарадскія ўмацаванні. Да нашага часу захавалася абмялелае рэчышча Нямігі, якое на працягу некалькіх кіламетраў працякае ў калектары пад аднайменнай вуліцай беларускай сталіцы.

Нягледзячы на разгром палачан, Яраслававічы не пайшлі на іх сталіцу, а "замацавалі" сваю перамогу адступленнем да "Ршы ля Смаленска", куды запрасілі Усяслава на перамовы, гарантуючы яму бяспеку: "Приди к нам, яко не створим ти зла". Полацкі князь з двума сынамі з’явіўся ў стан Яраславічаў. Але тыя вераломна парушылі сваё "крыжацалаванне" (прысягу), схапілі іх і адвезлі ў Кіеў, дзе пасадзілі "ў поруб" – цямніцу. Там яны прасядзелі 14 месяцаў. Аднак з вязняў Усяслаў быў раптоўна ўзнесены ў вялікія князі.

15 верасня 1068 г. у Кіеве адбылося паўстанне, прычынай якога было грандыёзнае паражэнне Яраславічаў на р. Альце ад полаўцаў, што ўпершыню напалі на Русь і пачалі рабаваць яе паўднёвыя землі. З ганьбаю вярнуўся кіеўскі князь Ізяслаў дадому. Абураныя кіеўляне запатрабавалі зброю для барацьбы з полаўцамі, але князь адмовіў. Гэта і выклікала незадаволенасць, якая перарасла ў паўстанне. Узбунтаваная "чэрнь" вызваліла з цямніцы Усяслава і абвясціла яго вялікім князем. Ізяслаў уцёк у Польшчу. Падзея экстраардынарная ў тагачасным грамадстве – выгнанне гараджанамі аднаго князя, вызваленне з вязніцы і "ўхвала" другога. Не даводзіцца сумнявацца ў наяўнасці ў Кіеве шматлікіх прыхільнікаў полацкага паланяніка, якія лічылі яго права на вялікакняжацкі пасад законным, бо яго бацька Брачыслаў быў у свой час (верагодна, у 1015 – 1019 г.) кіеўскім князем. Усяслаў сапраўды меў ускоснае права на гэты пасад, але яно было настолькі адносным, што сам ён ніколі не імкнуўся яго ажыццявіць. У гісторыі "імперыі Рурыкавічаў" гэты момант быў унікальны яшчэ і таму, што ў яе склад уваходзіў і непакорлівы Полацк.

Сядзець на "залатым стале кіеўскім" Усяславу было наканавана ўсяго 7 месяцаў. У гэты час ён быў поўнаўладным валадаром большай паловы ўсходнеславянскай зямлі. Што адбывалася тады, аб гэтым летапісы маўчаць. Відаць, па іх радках прайшлася рука пазнейшых рэдактараў, якія пастараліся выкрэсліць вельмі непрыемную для кіеўскіх князёў старонку гісторыі. Б.Рыбакоў зрабіў спробу аднавіць тыя падзеі на аснове "Слова пра паход Ігаравы". На яго думку, словы "Всеслаў князь людям судяше (суды судзіў), князем грады радяше (парадкаваў)" адносіцца да кіеўскага перыяду дзейнасці Чарадзея і характарызуюць яго як справядлівага і мудрага князя. Зноў-такі на падставе "Слова…" даследчык выказаў меркаванне, што Усяслаў зрабіў імклівы паход у далёкую Тмутаракань, каб знайсці саюзніка для барацьбы з полаўцамі. Не выходзіць за межы магчымага і сцвярджэнне Б. Рыбакова, што Усяслаў удзельнічаў у разгроме полаўцаў у канцы 1068 г. Тыя тры гады (1065–1068 гг.) высока ўзнеслі Усяслава і паставілі яго ў шэраг значных гістарычных постацей Усходняй Еўропы.

У наступным 1069 г. выгнаннік Ізяслаў пры падтрымцы войска польскага караля Баляслава Харобрага рушыў на Кіеў адстойваць "справядлівасць". Насустрач у бок Белгарада выйшла кіеўская дружына з Усяславам на чале. Развязка была нечаканай. Ноччу напярэдадні бітвы Усяслаў кінуў войска і вярнуўся ў Полацк. У Кіеве зноў усталяваўся Ізяслаў, які жорстка пакараў удзельнікаў паўстання. Дагэтуль ніхто не змог пераканаўча растлумачыць, чаму Усяслаў Полацкі добраахвотна адмовіўся ад такога прэстыжнага княжання. Д. С. Ліхачоў мяркуе, што ў князя абудзілася сумленне за знятыя калісьці з Наўгародскай Сафіі званы. М. І. Ермаловіч тлумачыць гэта варожасцю кіеўскіх баяр да князя, абранага "чорным людам", і апазіцыяй Ноўгарада. С. В. Тарасаў дапускае, што Усяслаў апынуўся перад складаным выбарам: як яму, які выступаў супраць цэнтрысцкіх памкненняў Кіева і абараняў самастойнасць Полацка, праводзіць цэнтралісцкую палітыку? На Радзіме ён, зразумела, меў большую падтрымку і больш надзейнае месца. Таму, як падае "Слова…", ён "даткнуўся пікаю да залатога стала кіеўскага. І пабег ад іх лютым зверам апоўначы з Белгараду…".

Між тым, барацьба Полацка з Кіевам, які працягваў палітыку падначалення беларускіх зямляў, працягвалася. У тым жа 1169 г. Ізяслаў прымусіў Усяслава ратавацца ўцёкамі і з роднага горада. Стол у Полацку заняў Ізяславаў сын Мсціслаў. Пасля яго нечаканай смерці – як мяркуюць, не без “дапамогі” палачан – пасаду заняў яго брат Святаполк. Але і таму было наканавана валадарыць не болей за адзін года. Усяслаў жа знайшоў сабе часовае прыстанішча на зямлі фінскага племені водзі.

У 1071 г. Усяслаў прыйшоў да Полацка з войскам саюзных яму эстаў, ліваў, летаў, земгалаў і выгнаў Святаполка. У той жа год брат Святаполка Яраполк разбіў Усяслава ля Галацічаска. Дзе знаходзіўся гэты горад, пакуль дакладна не выяўлена. Верагодна, на месцы сучаснай вёскі Голацк Пухавіцкага раёна, за 30 км на паўднёвы ўсход ад Менска. Магчыма, тады Усяслаў у другі раз быў сагнаны з полацкага прастола. Але ў 1073 г. нястомны князь змог вярнуць сабе бацькаўскі ўдзел. Гаспадаранне кіеўскіх намеснікаў, нежаданне мясцовай знаці змірыцца з прадстаўнікамі чужой дынастыі і імкненне выйсці з-пад улады Кіева аблягчала Усяславу вяртанне ў Полацк.

 

Барацьба Уладзіміра Манамаха з Усяславам у 70–80-я гады. Значэнне дзейнасці Усяслава. Аднак Яраславічы не пакідаюць Полацк у спакоі. У 70-я гады на гістарычную арэну выйшаў Уладзімір Манамах, тады ўдзельны князь у Пераяслаўі, потым у Чарнігаве і Смаленску. Шмат гора і бяды прынёс нашым продкам гэты добра вядомы ў расійскай гісторыі князь. Многа разоў аб'ядноўваюцца пад яго кіраўніцтвам паўднёвыя князі ў карных паходах на Полацкае княства, супраць Усяслава, а пасля і яго сына Глеба Менскага, хоць яны і не былі сапернікамі ў яго барацьбе за вялікакняжацкі трон. У 1077–1078 гг. адбыліся два спусташальныя паходы, у час якіх "ожгоше" Полацк – спалілі яго ваколіцы, а потым "воюя", гэта значыць, рабуючы, беручы ў палон, пайшлі ў кірунку Одрска (горад на тэрыторыі Полацкага княства, месцазнаходжанне якога пакуль не выяўлена).

Усяслаў пакараў Манамаха за яго гвалтоўніцтва. У 1078 г. полацкая дружына робіць імклівы напад на Смаленск і "ожьже" яго – зрабіла тое, што Манамах зрабіў з Полацкам. З чарнігаўскім палком Манамах імчыць наўздагон, але насцігнуць не змог. Ісці ж на стольны горад палачан не рызыкнуў. Таму "ўслед за Усяславам, – пісаў ён уласнаручна ў сваім "Павучанні", – спаліў зямлю (Полацкую), спустошыўшы (яе) да Лукомля і Лагожска, ды супраць Друцка ваюючы". У сувязі з такімі драматычнымі падзеямі ўпершыню трапілі ў поле зроку летапісца гэтыя беларускія гарады.

У 1084 г. Манамах разам з чарнігаўцамі і полаўцамі зрабіў знішчальны паход на Менск – "захапілі горад і не пакінулі ў ім ні чалядзіна, ні скаціны", што азначала яго абрабаванне і знішчэнне дашчэнту. Мы ўжо гаварылі аб верагоднасці першапачатковага знаходжання Менска на месцы сучаснай вёскі Гарадзішча (Мінскі раён) на рацэ Менцы. Хутчэй за ўсё гэты напад Манамаха і паклаў канец існаванню першапачатковага Менска, паколькі археалагічныя знаходкі тут абмяжоўваюцца XI ст. Двойчы разбураны на працягу 17 гадоў (1067 і 1084 гг.), горад адрадзіцца ўжо не змог. Жыхары, якім нейкім чынам удалося выратавацца ад знішчэння ці палону, не вярнуліся на старое папялішча, а пасяліліся ў раёне Нямігі, перанеслі сюды і назву свайго ранейшага паселішча.

Як відаць з прыведзеных фактаў, барацьба Манамаха з Усяславам насіла выключна напружаны і жорсткі характар. З 1084 па 1101 г. летапісы маўчаць аб войнах супраць Полацкай зямлі. Варожыя дзеянні ў адносінах да яе працягваліся ў пачатку XII ст., ужо пасля смерці Усяслава.

У 1097 г. у Любечы сабраліся ўсходнеславянскія князі, каб абвясціць даўно наспелы і абмыты крывёю прынцып: "Кожны ды трымае вотчыну сваю". Сярод іх не было Усяслава – красамоўнае сведчанне таго, што кіеўскія князі бачылі ў Полаччыне непадуладную ім зямлю. Гэты самы прынцып ён абвясціў у 1065 г. і па стане на 1097 г. для Усяслава ён даўно быў здзейснены. Яму не было чаго дзяліць з астатнімі князямі. Палачане не прысутнічалі і на іншых княжацкіх з'ездах – у 1110 г. у Віцічаве і ў 1103 г. каля Долабскага возера, якія замацавалі працэс распаду Кіеўскай Русі. Следам за ім гэтым шляхам пайшлі іншыя княствы. Яны, па словах Б. Д. Грэкава, развалілі Кіеўскую Русь, як "шкарлупіну, у якой ім стала цесна".

Ставіцца да факта распаду старажытнарускай дзяржавы гісторык М. І. Ткачоў раіць спакойна, дыялектычна, бачыўшы ў гэтых падзеях не толькі адмоўныя, але і станоўчыя бакі. Усім "плакальшчыкам" па колішняй велічы старажытнарускай дзяржавы вельмі добра адказаў акадэмік Б. А. Рыбакоў: "Неабходна адмовіцца ад разумення ўсёй эпохі феадальнай раздробленасці як часу рэгрэсу, руху назад… Кіеўская Русь была як маці, якая вырасціла многіх сыноў, што склалі новае пакаленне".

Калі знешнепалітычная дзейнасць Усяслава яскрава прасочваецца па летапісах, дык яго ўнутраная палітыка засталася неасветленай ў гістарычных крыніцах і толькі па асобных намёках можна здагадвацца пра яе змест. Выраз "Слова…", што "Всеслав князь людям судяше", сведчыць аб яго актыўнай прававой дзейнасці. Бясспрэчна, на першым плане было ўмацаванне княжацкай улады, дружыны, ахова маёмасці знаці. Улічваючы вялікую ролю гандлю для Полацкага княства, якое знаходзілася на скрыжаванні водных шляхоў, можна думаць, што Усяслаў надаваў увагу пытанням рэгулявання гандлю і асабліва спагнання падаткаў. Пры ім быў пабудаваны ў сутоцы Нямігі і Свіслачы Менск пасля знішчэння кіеўскімі князямі горада на Менцы. Адной з плённых старонак дзейнасці Усяслава было ўзвядзенне Полацкай Сафіі. Гэта дала новы імпульс развіццю мастацтва і асветы – для функцыянавання сабора патрэбны былі адукаваныя людзі, кнігі, культавыя рэчы, абразы. Шматгранная грамадская дзейнасць Усяслава не ў меншай ступені, чым ратная, садзейнічала ўмацаванню трываласці Полацкай дзяржавы. Што ж датычыць далучэння Усяславам новых тэрыторый, то ніводная крыніца на гэта не ўказвае.

Эпоха Усяслава з'яўляецца адным з самых важных і яркіх перыядаў нашай старажытнай гісторыі. Гэта быў час найбольшай магутнасці Полацкага княства. Галоўная заслуга Усяслава ў тым, што ён правільна зразумеў і ацаніў аб'ектыўныя ўмовы развіцця беларускіх зямляў у другой палове XI ст. і скіраваў сваю дзейнасць на абарону дзяржаўнага суверэнітэту сваёй Бацькаўшчыны. Ён быў разважлівым і прадбачлівым палітычным дзеячам, які ўдала спалучаў задачы ўнутранага і знешняга ўмацавання сваёй дзяржавы.

Дзейнасць Усяслава выклікала ў гісторыкаў супярэчлівыя ацэнкі. Калі глядзець з пазіцыі адзінадзяржаўя Кіеўскай Русі, можна ўбачыць у ім сепаратыста і драпежніка. Але бачыць за гістарычнымі падзеямі другой паловы XI ст. волю аднаго чалавека нельга. Усяслаў не змог бы ўсё жыццё пратрымацца на полацкім прастоле, калі б яго не падтрымлівалі палачане, а праз іх – жыхары ўсёй Полацкай зямлі. Гэта сведчыць аб тым, што князь як дзяржаўны дзеяч цалкам адпавядаў інтарэсам свайго народа і краіны.

" В лето 6609 (1101) преставился Всеслав, Полоцкий князь, месяца апреля, в 14 день, в 9 час.дня, в среду " – незвычайная для летапісаў храналагічная дакладнасць, як і незвычайная сама гістарычная постаць. У Кіеве, дзе пільна сачылі за падзеямі ў Полацку, гэту вестку сустрэлі калі не з радасцю, дык з палёгкай, бо не стала іх даўняга грознага праціўніка.

 

 

3. Тураўскае княства

 

Утварэнне княства. У гісторыі старажытных земляў Беларусі значнае месца належыць Тураву (цяпер гарадскі пасёлак Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці), вакол якога ў Х ст. сфарміравалася другое па значэнню ранняе сярэдневяковае дзяржаўнае ўтварэнне.

Працэс афармлення княства праходзіў у два этапы. На першым, пасля рассялення дрыгавічоў у басейне Прыпяці, сфарміраваўся самастойны саюз плямён – перадфеадальнае этнічнае княжанне. Гэта яшчэ не было княства з развітымі феадальнымі адносінамі, а аб’яднанне аднароднага ў этнічных адносінах насельніцтва. У недатаванай частцы "Аповесці мінулых гадоў" (ахоплівае перыяд да сярэдзіны ІХ ст.) паведамляецца аб старажытнейшым княжанні дрыгавічоў у наступным кантэксце: "…и по сих братьи (Кий, Щек, Хорив) держати почаша род их княженье в полях, а в деревлях свое, а дреговичи свое…". На чале дрыгавіцкага княжання стаяў мясцовы князь, акружаны старэйшынамі родаў і больш дробных плямён, якія ўваходзілі ў склад дадзенага першапачатковага дзяржаўнага ўтварэння. Фарміраванне на аднароднай этнічнай аснове з’яўляецца асаблівасцю Тураўскага княства ў параўнанні з Полацкім.

На другім этапе племянное дрыгавіцкае княжанне пераўтвараецца ў феадальнае Тураўскае княства, якое ўжо з’яўлялася тэрытарыяльна-палітычнай адзінкай. Вынікам гэтага ператварэння было заснаванне Турава. Археалагічныя і летапісныя даныя гавораць аб узнікненні горада ў канцы Х ст. Ён быў закладзены ў самым цэнтры Дрыгавіцкай зямлі. Тут Прыпяць прымала важнейшыя прытокі: Піну, Ясельду, Случ, Гарынь і Убарць, што звязвалі Тураў з басейнамі Нёмана, Заходняга Буга і гэтым самым рабілі яго вузлом важных водных шляхоў.

Размешчанае на поўдні Беларусі ў басейне Прыпяці Тураўскае княства ахапіла не ўсю этнічную тэрыторыю дрыгавічоў. Пад уплывам розных фактараў ад асноўнага дрыгавіцкага тэрытарыяльнага масіву аказаліся адарванымі значныя плошчы на карысць больш моцных суседзяў. На поўначы землі вакол Менска належалі Полацкай дзяржаве, на поўдні і ўсходзе – Брагінская воласць – Кіеўскаму княству, Рэчыцкая – Чарнігаўскаму, на захадзе частка зямляў была ва ўладанні ўладзіміра-валынскіх князёў. Трэба адзначыць адносную стабільнасць усходняй і паўночнай межаў Тураўскай зямлі і значныя хістанні яе ў паўднёвай і заходняй частках.

Блізкасць да Польшы рабіла дастаткова адчувальнымі ў гэтай зямлі заходнія ўплывы, у той час як усход Беларусі меў чыста візантыйскі напрамак культурнага і духоўнага развіцця.

Адносна назвы гэтай дзяржавы сярод даследчыкаў няма агульнай думкі. У літаратуры ўжываецца падвойны тэрмін: Тураўскае княства і Турава-Пінскае княства. Пінск узнік у апошняй чвэрці ХІ ст. і ніколі не быў цэнтрам усёй зямлі, а толькі сталіцай удзельнага княства, якое ў апошняй чвэрці ХІІ ст. вылучылася са складу дзяржавы. Тураўская княжацкая дынастыя на працягу стагоддзяў жыла ў Тураве. Пінск атрымаў дынастыю адтуль, знаходзіўся ў русле тураўскай палітыкі. Адзіным палітычным, адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам дзяржаўнага ўтварэння дрыгавічоў у канцы Х – першай палове ХІІ ст. быў горад Тураў. Таму тэрмін "Турава-Пінскае княства" – неправамерны. Відавочна, падставай для ўключэння ў найменне зямлі назвы Пінска паслужыла яго буйное эканамічнае (у ХІІ–ХІІІ ст.) і палітычнае (у ХІІІ ст.) значэнне.

З самага пачатку Тураўскае княства развівалася як самастойная дзяржаўная адзінка з усімі адпавядаючымі гэтай пабудове атрыбутамі: тэрыторыяй, вярхоўнай уладай, асаблівым грамадска-палітычным ладам, вайсковай сілай. Гістарычныя крыніцы дазваляюць меркаваць, што да канца Х ст. у Тураве кіравала ўласная дынастыя князёў, чый радавод быў спынены падчас утварэння "імперыі" Уладзіміра Святаславіча. З сярэдзіны ХІ ст. з’явілася новая тураўская княжацкая дынастыя – Ізяславічаў. Яе заснавальнікам лічыцца старэйшы сын Яраслава Мудрага Ізяслаў. Нават будучы пазбаўленым палітычнай самастойнасці ў складзе Кіеўскай зямлі, Тураўскае княства заставалася эканамічна самастойным і тэрытарыяльна цэласным, а залежнасць абмяжоўвалася толькі штогадовымі выплатамі даніны.

Тураўская зямля была адным з развітых у сацыяльна-эканамічных адносінах княстваў Русі, пра што сведчыць спроба яе адасаблення ад Кіева ўжо пры Уладзіміру Святаславічу. Яна з’яўлялася і адным з самых палітычна значных княстваў Русі. Паводле існаваўшай чарговасці, тураўскія князі неаднаразова станавіліся вялікімі князямі кіеўскімі і пры гэтым захоўвалі за сабой Тураў. Традыцыйна ён выдзяляўся трэцяму па старшынству сыну вялікага князя кіеўскага пры падзеле Русі: Уладзімірам у 988 г. Святаполку, Яраславам у 1052 г. Ізяславу, Уладзімірам Манамахам у 1125 г. Вячаславу. Туравам валодалі прадстаўнікі старэйшых дынастычных ліній старажытнай Русі. Ён не аднойчы станавіўся аб’ектам барацьбы паміж імі, бо тураўскі стол быў своеасаблівым плацдармам для пераходу на кіеўскі прастол. Удзельныя валадары бывала пакідалі дзеля яго свае княствы. На кіеўскі вялікакняжацкі пасад перайшлі тураўскія князі Святаполк Уладзіміравіч у 1015 г., Ізяслаў Яраславіч у 1054 г., Святаполк Ізяславіч у 1092 г., Вячаслаў Уладзіміравіч у 1139 г.

Час падпарадкавання дрыгавічоў Кіеву ў летапісах не пазначаны, не згадваюцца паходы кіеўскіх князёў на іх зямлю, не пералічваюцца дрыгавічы і ў складзе плямён, што ўдзельнічалі ў паходах Алега і Ігара на Візантыю. Аднак ужо ў працах візантыйскага гісторыка Канстанціна Парфірароднага пад 948 г. дрыгавічы пералічваюцца сярод плямён, што плацілі даніну кіеўскаму князю. Княжанне дрыгавічоў захоўвала ў сярэдзіне Х ст. пэўную самастойнасць, яго залежнасць ад Кіева абмяжоўвалася падатковымі абавязкамі.

Упершыню Тураўская зямля згадваецца ў старажытных усходнеславянскіх летапісах пад 980 г. у сувязі з імем Тура, ад якога жыхары княства нібы і празваліся тураўцамі. Заслугоўвае ўвагі той факт, што Тураў згадваецца нароўні з Полацкам, сталіцай самастойнага княства. Калі факт існавання Рагвалода як гістарычнай асобы ўсімі даследчыкамі прызнаецца, то ў адносінах да Тура такой адзінай думкі няма. Многія лічаць, што Тур – асоба выдуманая, легендарная. Некаторыя даследчыкі не адмаўлялі гістарычнай сапраўднасці Тура, але лічылі яго нарманам. Прычынай такой рознагалосіцы з’яўляецца выключна бедная інфармацыя. Летапісец, паведаміўшы пра Рагвалода, што ён меў воласць у Полацку, дадаў: "…а Туры Турове, от него же и туровцы прозвашася".

Застаецца невядомым, якія сувязі былі паміж князямі Рагвалодам і Турам. Ва Усцюжскім летапісе Тур названы братам Рагвалода. Паводле падання, Рагвалод накіраваўся на поўдзень па цячэнні Дняпра, а як прышоў да вусця Прыпяці, выслаў уверх па гэтай рацэ адзін са сваіх атрадаў на чале з Турам. Той знайшоў зручнае месца, пасяліўся на ім і збудаваў горад. Нельга цалкам адмаўляць Тура як рэальную гістарычную асобу. У свой час лічыўся легендарным і заснавальнік Кіева Кій. Зусім верагодна, што Тур – таксама заснавальнік Турава. Што датычыць яго этнічнай прыналежнасці, неабходна ўлічыць, што на Русі не было гарадоў, названых імёнамі варажскіх конунгаў. Больш таго, імя Тур неаднаразова зарэгістравана ў летапісах. Таму больш верагодным падаецца славянскае паходжанне першага тураўскага князя.

Летапісныя паведамленні, што непасрэдна адносяцца да Тураўскай зямлі, урывачныя і несістэматычныя. Яны датычаць яе гісторыі ў асноўным у сувязі з тымі ці іншымі падзеямі агульнарускага плана. У часы Рагвалода яна, магчыма, належала Полацку, а Уладзімір Святаславіч, які перамог ў 980 (970, 976) г. Рагвалода, далучыў Тураў з яго землямі да Кіева. Зразумела, што мясцовы тураўскі князь згубіў тады сваю незалежнасць. Размешчаная ў непасрэднай блізкасці ад Кіева і доўгі час знаходзячыся ў сферы яго палітычнага прыцягнення, Тураўская зямля не магла адыгрываць той ролі, якую мела Полацкае княства. І ўсё ж, хоць тураўская гісторыя не была такой бліскучай, як полацкая, нельга прымяншаць яе значэння.

 

Княжанне Святаполка. У 988 г., пасля прыняцця хрысціянства, вялікі кіеўскі князь Уладзімір падзяліў паміж сваімі сынамі землі Русі і раздаў ім важнейшыя гарады. Тураўская зямля становіцца набыткам яго трэцяга па старшынству сына Святаполка. Вышэй яе цаніліся толькі Ноўгарадскае і Полацкае княствы, што дасталіся старэйшым сынам – Вышаславу і Ізяславу.

Пад час выдзялення яму Тураўскага княства Святаполк быў непаўналетні. Гэта выдзяленне не азначала поўнага аддзялення і самастойнасці. Святаполк быў прызначаны на правах пасадніка і абавязаны плаціць даніну Кіеву, бясспрэчна падпарадкоўвацца цэнтру, ліквідаваць дэцэнтралісцкія настроі ў сваёй зямлі, праводзіць візантыйскі ўплыў. Аднак ён не апраўдаў спадзяванняў свайго бацькі.

Становішча князёў "Рурыкавага дома", якія змянілі племянных правадыроў, уяўляецца дваістым. З аднаго боку, яны былі намеснікамі вялікага князя кіеўскага, што абавязвала іх падтрымліваць кантакт з Кіевам, аказваць яму ваенную і фінансавую дапамогу. З другога, прымаючы на сябе ролю мясцовых князёў, яны нібы зрасталіся з тубыльскай глебай, пранікаліся мясцовымі інтарэсамі і ў некай меры супрацьстаялі Кіеву.Як Полацк меў свае ўласныя інтарэсы і вёў самастойную палітыку, так і Тураў, нягледзячы на залежнасць ад Кіева, ніколі не забываўся пра свае інтарэсы. Тураўскае княства было размешчана на блізкай ад Кіева зямлі, але было слаба звязанае з ім эканамічна.

У палітычных адносінах становішча выдзеленых у 988 г. княстваў характарызавалася залежнасцю ад Кіева і падпарадкаванасцю яго адміністрацыі. Эканамічныя ж сувязі асобных зямляў, аб’яднаных у старажытнай Русі, былі слабымі. Працэсу кансалідацыі "імперыі Рурыкавічаў" супрацьстаялі такія фактары, як этнічныя і палітычныя традыцыі раней незалежных племянных княжанняў, якія да таго ж мелі свае эканамічныя і культурна-рэлігійныя асаблівасці. Гэтым тлумачыцца мясцовы сепаратызм, шматлікія спробы разрыву з Кіевам і стварэння цалкам незалежных княстваў, найперш з боку найбольш развітых і самастойных зямляў (Полацкай, Ноўгарадскай). Тураўскае княства было ў іх ліку. Яно першым з усходнеславянскіх зямляў зрабіла спробу, праўда, беспаспяховую, адасобіцца ад Кіева.

На тое меліся падставы: выгаднае геаграфічнае размяшчэнне княства на шляху з Польшчы ў Кіеў, на прыпяцкім адгалінаванні знакамітага шляху "з варагаў у грэкі"; ураджайныя і багатыя землі. Былі тут і матывы суб’ектыўнага характару. Святаполк быў сынам Уладзіміра Святаславіча ад грачанкі – былой жонкі Яраполка. Як паведамляе летапіс, калі Уладзімір забіў свайго брата Яраполка, грачанка была ўжо цяжарнай. Сын двух бацькоў Святаполк, верагодна, не быў ўпэўнены ў бацькоўстве Уладзіміра, што праявілася ў далейшым у яго імкненні да незалежнасці Турава ад Кіева. Ён зрабіў гэту спробу ў 1013 г. Яго саюзнікам стаў польскі кароль Баляслаў Харобры, які жадаў умацаваць свае пазіцыі на Усходзе. Святаполк ажаніўся з дачкой Баляслава, каталічкай па веравызнанню. Разам з жонкай у Тураў прыбыў яе духоўнік епіскап Рэйнберг (Рэйнберн), які стаў правадніком інтарэсаў Баляслава на Русі, усталяваў сувязі з кіеўскай баярскай апазіцыяй і рыхтаваў змову супраць Уладзіміра, каб скінуць яго і пасадзіць на вялікакняжацкі пасад Святаполка. Ці не гэтым тлумачыцца страшэннае непрыняцце асобы Святаполка кіеўскімі летапісцамі.

Аднак спроба з дапамогай змовы і польскіх саюзнікаў дамагчыся незалежнасці для Тураўскага княства скончылася няўдала. Уладзімір убачыў у змове небяспеку для адзінства Русі і сваёй уладзе і пасадзіў Святаполка, яго жонку і Рэйнберга ў поруб, дзе апошні хутка, верагодна атручаны, памёр. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць зняволенных, але князь не адпусціў іх у Тураў. Святаполк заставаўся тураўскім князем, але, вымушаны жыць у Вышгарадзе пад наглядам бацькі, не спыняў барацьбы за ўладу і самастойнасць – згуртаваў вакол сябе адданых баяр і да самай сваёй смерці ў 1019 г. вёў жорсткую барацьбу за вялікакняжацкі пасад. У 1015 г., пасля смерці Уладзіміра, Святаполк як старэйшы ў родзе яго і займае. Але гэта не спадабалася ноўгарадскаму князю Яраславу, які таксама прэтэндаваў на кіеўскі прастол. Ён уступае ў барацьбу з законным нашчадкам Уладзіміра. У выніку палітычных інтрыг гінуць браты Барыс, Глеб, Святаслаў, якія здаваліся небяспечнымі сапернікамі ў барацьбе за ўладу.

Воляй кіеўскіх правіцеляў – заказчыкаў "Аповесці мінулых гадоў" – забойцамі сваіх братоў быў аб’яўлены Святаполк – на яго спісалі "злачынства века", грахі Яраслава Мудрага, якога падалі барацьбітом за справядлівасць, мсціўцам за кроў братоў. Стагоддзямі імя Святаполка ганьбілі як імя забойцы і злодзея. Мала хто сумняваўся, што ён пасля смерці быў абылганы. Далёкія ад святасці ахвяры, Барыс і Глеб, былі кананізаваны. Даследчыкі яшчэ ў мінулым стагоддзі звярнулі ўвагу на тэндэнцыйнасць летапісных паданняў пра злачынствы Святаполка. Ён, які амаль тысячагоддзе насіў таўро "Акаянны", сёння рэабілітаваны (глядзі: Г. М. Филист. История "преступлений" Святополка Окаянного. Мн., 1990).

У 1016 г. войскі Яраслава Ноўгарадскага (Мудрага) і Святаполка Тураўска-Кіеўскага сышліся на Дняпры ля Любеча. Яраслаў перамог і сеў у Кіеве. Святаполк уцёк у Польшчу, а праз год з дапамогай Баляслава аднавіў сваю ўладу над Руссю. Тады Яраслаў ідзе да Кіева на чале вялікага войска. На гэты раз апальны князь бяжыць да печанегаў, вяртаецца з іх дапамогай. Але ў 1019 г. зноў пераможаны Яраславам на р. Альце і ў чарговы раз уцякае ў Польшчу. Летапіс распавядае пра гэту бітву наступным чынам: "… и бысть сеча зла, такова не была в Руси, за руки емлючися сечахуся, и ступишася трижды, яко по удольем крови текущи, к вечеру же одолеша Ярослав…". Святаполк прайграў вайну. Вялікім кіеўскім князем становіцца ноўгарадскі ўзурпатар. Яраслаў Мудры фактычна выгнаў Святаполка з Русі, і ён вымушаны быў бадзяцца на чужыне, дзе і памёр.

Непасрэдна з трагічным завяршэннем жорсткай барацьбы за вялікакняжацкі пасад звязаны і першы летапісны ўспамін пра горад Бярэсце (сучасны Брэст). У 1019 г., пасля паражэння на р. Альце, Святаполк ўцякае за межы дзяржавы праз Бярэсце, якое было апошнім пунктам перад "ляцкай землёй" (Польшчай), куды ён накіраваўся. Цяжкая барацьба і паражэнне падарвалі яго здароўе і прывялі да нервовага ўзрушэння і параліча: "Святаполк бежа. Бежаше ему, нападе на нь (него) бес, и расслабеша кости его, не могоше седети на кони, и несяхуть и (его) на носилех… принесоша и (его) к Бересть…" А можа гэта ўжо дзейнічала атрута, паднесеная Яраслававым наймітам?

Адносіны Турава з Кіевам. Завяршэнне барацьбы Святаполка і Яраслава азначала змену лёсу Тураўскай зямлі. Пры Яраславе Мудрым яна зноў увайшла ў склад Русі і кіравалася непасрэдна з Кіева. Такое становішча працягвалася амаль да смерці Яраслава (1054 г.). Кіеў моцна трымаў Тураўскую зямлю як тэрыторыю, па якой ішла важная водная магістраль, што звязвала Кіеў з Захадам, і як плацдарм для барацьбы з яцвягамі, Польшчай, Літвой, Полацкам.

У канцы жыцця Яраслаў здзейсніў чарговы падзел Русі паміж сваімі сынамі. Тураўскім князем стаў яго трэці па старшынству сын Ізяслаў, што яшчэ раз падкрэсліваеэканамічную і палітычную важнасць Турава для Кіева. Дынастыя Ізяславічаў (нашчадкаў Яраслава Мудрага) кіравала ў Тураўскай зямлі з перапынкамі ў другой палове XI–XII стст.

Пасля смерці бацькі Ізяслаў, як старэйшы з сыноў Яраслава, займае кіеўскі вялікакняжацкі пасад (1054–1073 гг., 1076–1078 гг.), пакідаючы за сабой і Тураў. У 1067 г. разам са сваімі братамі Яраславічамі ён ваяваў супраць Усяслава Полацкага і ў 1068 г. уцякаў з Кіева, калі той быў абвешчаны вялікім князем. У 1073 г. Ізяслаў быў прагнаны з Кіева сваімі братамі Святаславам і Усеваладам і ўцёк у Польшчу. Вялікакняжацкі стол заняў Святаслаў, а Тураў ён аддаў Усеваладу ў падзяку за дапамогу. У 1076 г. Святаслаў памёр. Ізяслаў вяртаецца ў Кіеў, але ў 1078 г




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-06; Просмотров: 1619; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.66 сек.