Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Падзел Тураўскай зямлі. Князь Юрый тураўскі




 

Паведамленні летапісаў, якія адносяцца непасрэдна да Тураўскай зямлі XII – пачатку XIII ст., урыўкавыя і несістэматычныя. Яны датычаць яе гісторыі, у асноўным, у сувязі з тымі ці іншымі падзеямі агульнарускага плана.

Тураўскае княства доўгі час не магло набыць самастойнасці, хоць сепаратысцкія імкненні мясцовай знаці выявіліся ўжо ў пачатку XI ст. У першай палове XII ст. Кіеў моцна трымаў Тураўскую зямлю ў сваіх руках. У адрозненне ад Полацкага княства, яна не мела дастатковай палітычнай вагі і неабходных матэрыяльных сродкаў, каб паспяхова адстойваць свае інтарэсы. Аднак гэта не значыць, што інтарэсы Турава былі ў забыцці і падначальваліся толькі вялікакняжацкім інтарэсам. Нездарма некаторыя даследчыкі лічаць, што ўдзел кіеўскага войска ў паходзе 1104 г. на Менск быў прадыктаваны інтарэсамі Тураўскага княства, якое падверглася нападам Глеба Менскага. Паход Уладзіміра Манамаха на Менск у 1116 г. быў непасрэдна выкліканы нападам Глеба на Дрыгавіцкую зямлю. Імкненні Глеба заваяваць Тураўскую зямлю можна растлумачыць узмацненнем яе эканамічных сувязяў з Менскам.

Са смерцю Святаполка ў 1113 г. Ізяславічы (нашчадкі старэйшага сына Яраслава Мудрага Ізяслава) губляюць Тураў. Улада ў горадзе переходзіць да роду Манамахавічаў. Яны трымалі княства ў якасці дадатку да сваіх асноўных уладанняў – Кіева, Пераяслаўля і іншых зямляў.

Манамах адбірае зямлю ў яе законнага спадкаемцы Яраслава, сына Святаполка. Традыцыя перадачы тураўскіх зямляў князям з роду Ізяславічаў была спынена. З гэтага часу пачынаецца новы, трэці перыяд у гісторыі Тураўскага княства, які характэрызуецца адсутнасцю адзінай дынастыі, а ў храналагічных межах 1142–1158 гг. – драбленнем і раздачай тураўскіх зямляў, міждынастычнымі спрэчкамі. Яраслаў Святаполкавіч, будучы ва Уладзіміры-Валынскім, пачаў адкрытую барацьбу за сваю спадчыну, але быў забіты наёмнікамі Манамаха.

У 1125 г. пасля смерці Уладзіміра Манамаха Тураўскае княства перайшло да яго малодшага сына Вячаслава, які дзеля яго адмовіўся ад Смаленска. Дзейнасць Вячаслава Уладзіміравіча на пасадзе тураўскага князя з перапынкамі працягвалася 20 гадоў (1125–1133, 1134–1139, 1140–1142, 1142–1146). Ён адмаўляўся ад гэтага стала, губляў яго, пераводзіўся ў іншыя ўдзелы, але зноў вяртаўся ў Тураў. Вячаслаў быў актыўным удзельнікам барацьбы Кіева з Полацкам. Гэта ён адабраў у Глеба Менскага Оршу і Копысь, а ў 1128 г. як тураўскі князь удзельнічаў у паходзе паўднёварускай кааліцыі на Полацкую зямлю. У 1133 г. Вячаслаў пераходзіць на Пераяслаўскае княства, выгнаўшы адтуль свайго пляменніка, але ў 1134 г. зноў вяртаецца ў Тураў. Пасля смерці вялікага князя Яраполка ў 1139 г. Вячаслаў па праву старэйшага з Манамахавічаў займае кіеўскі пасад, але не падтрыманы кіеўлянамі ў 1140 г. вымушаны ўступіць яго чарнігаўскаму князю Усеваладу.

Міжусобная калатнеча 40–50-х гг. негатыўна адбілася на лёсе Тураўскай зямлі. 1142 год быў сумнай вяхой у яе гісторыі. У 1142–1157 гг., падчас зацятай барацьбы паўднёварускіх князёў за валоданне Кіевам, зямля часта пераходзіць з рук у рукі, але заўсёды знаходзіцца ў залежнасці ад вялікага князя.

У 1142 г. Усевалад зрабіў спробу захапіць Тураўскую зямлю, сказаўшы Вячаславу:"…седеши во Киевской волости, а мне достоить, и ты пойди в Переяславль, отцыну свою". Як бачым, Усевалад атаясамліваў Тураў з Кіеўскай воласцю, што, на думку гісторыкаў, беспадстаўна, бо валоданне кіеўскім пасадам не цягнула за сабой абавязковае валоданне Тураўскай зямлёй. Аднак пад пагрозай узброенай сілы Вячаслаў быў вымушаны на некаторы час пакінуць Тураў і перайсці ў Пераяслаўль. Усевалад пасадзіў тут свайго сына, а таксама задаволіў за кошт Тураўскай зямлі прэтэнзіі сваіх незадаволеных родзічаў і саюзнікаў, аддаўшы ім Бярэсце, Дарагічын, Клечаск, Рагачоў і Чартарыйск.

Пасля смерці Усевалада (1146 г.), калі на кіеўскі пасад сеў унук Манамаха Ізяслаў, Вячаслаў у чацвёрты раз вярнуўся ў Тураў і "отъя (адабраў)городы опять, иже бяшеть от него Всеволод отъял". Гэтым актам, відаць, была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Тураўскай зямлі. А ў дадатак да гэтага Вячаслаў захапіў Уладзімір Валынскі. Такое свавольства было вельмі нечаканым для Кіева, які прывык бачыць у Тураве свайго пакорнага падданага. Раз’юшаны гэткай нябачнай дзёрзкасцю, Ізяслаў пасылае ў Тураў дружыну чыніць расправу. Вячаслаў быў пераведзены княжыць у Перасопніцу. Яго дарадчыкаў, тураўскага епіскапа Акіма і пасадніка Жыраслава, закаваных ў кайданы, прывезлі ў Кіеў. Тураў зноў апынуўся пад уладай Кіева. Гэтым эпізодам і закончылася дзейнасць Вячаслава як тураўскага князя. У далейшым мы бачым яго на кіеўскім пасадзе ў якасці суправіцеля Ізяслава. Памёр ён даволі старым чалавекам у 1155 г.

А Тураў па-ранейшаму ў сувязі з барацьбой рускіх князёў за Кіеў перажываў міжкняжацкія закалоты. Адправіўшы Вячаслава ў Перасопніцу, Ізяслаў пасадзіў у Тураў свайго сына Яраслава (1146–1150 гг.). У 1149 г. у барацьбу за кіеўскі стол уключаецца растова-суздальскі князь Юрый Даўгарукі. Заваяваўшы Кіеў, ён у 1150 г. аддае Тураў разам з Пінскам і Перасопніцай свайму сыну Андрэю (Багалюбскаму), а Слуцк, Клецк і ўсю астатнюю зямлю – чарнігаўскаму князю Святаславу. Аднак у тым жа годзе Ізяслаў выганяе Андрэя з Турава, а Юрыя з Кіева.

У 1154 г. на кіеўскі стол уступіў Расціслаў Смаленскі. Ён перадае Тураўскае княства Святаславу Усеваладавічу (1154–1155 гг.). Але ў наступным годзе Юрый Даўгарукі зноў завалодаў Кіевам і пасадзіў у Тураве свайго сына Барыса (1155–1157 (1158).

І ўсё ж такое княжацкае мільгаценне на тураўскім пасадзе, якое суправаджалася зменай дружын і дарадцаў, не аслабіла зямлю, не дэзарганізавала і не паралізавала яе, што і паказалі наступныя падзеі. Падзел дзяржавы і дзеянні князёў-прышлых, якіх мала клапацілі мясцовыя праблемы, ніяк не задавальнялі тураўскую знаць.

1158 год з’яўляецца знамянальнай датай у гісторыі Тураўскага княства. У гэтым годзе адбыліся падзеі, якія карэнным чынам змянілі яго становішча і мелі вялікае значэнне для далейшага лёсу. Пачынаецца чацвёрты перыяд палітычнай гісторыі дзяржавы. У гэтым годзе Тураў заняў Юрый Яраславіч – унук Святаполка, князя тураўскага (1088–1113 гг.) і кіеўскага (1093–1113 гг.), сын Яраслава, у якога Манамах адабраў яго спадчыннае ўладанне. Для ўсталявання ў Тураве Юрый выкарыстаў зручны момант, калі мясцовы князь Барыс паехаў на пахаванне свайго бацькі Юрыя Даўгарукага, а Ізяслаў Давыдавіч яшчэ не паспеў умацавацца ў Кіеве.

Юрый Яраславіч аднавіў у Тураве дынастыю Ізяславічаў (нашчадкаў Яраслава Мудрага па лініі яго старэйшага сына Ізяслава) і адрадзіў самастойнасць зямлі. Ён жа спыніў практыку драблення і раздачы гарадоў і зямляў сваякам і саюзнікам кіеўскага князя.

Юрыя Яраславіча летапісы характарызуюць як вопытнага дыпламата, умелага і ўдачлівага военачальніка, рашучага і настойлівага ў дасягненні пастаўленых мэт князя. Летапісы адзначаюць, што ён быў бліжэйшым дарадцам Юрыя Даўгарукага, карыстаўся павагай князёў і сімпатыямі тураўцаў, якія бачылі ў ім законнага прадстаўніка Ізяслаўскай дынастычнай лініі, якая правіла ў Тураве каля 60 гадоў.

Падзеі 1158 г., як і падзеі 1146 г., сцвярджае М. І. Ермаловіч, паказваюць, што ў Тураўскай зямлі, знешне пакорлівай і ціхмянай, пад неаслабнай увагай Кіева ніколі не замірала імкненне да свабоднага палітычнага жыцця. Яны абвяргаюць укаранёнае ў свядомасць уяўленне, быццам на працягу сваёй гісторыі Тураў вызначаўся палітычнай безаблічнасцю і слабасцю і толькі ў самы апошні час пачаў свавольнічаць.

Захоп Юрыем Яраславічам Турава і вяртанне яго ў рукі дынастычнай лініі Ізяславічаў азначалі сур’ёзнае ўшчымленне інтарэсаў Кіева. Той губляў тэрыторыю, што заўсёды была для Рурыкавічаў як бы кіеўскім прыдаткам. Адчуўшы сябе ўпэўнена на вялікакняжацкім пасадзе, Ізяслаў Давыдавіч зрабіў спробу зламаць упартасць Юрыя Яраславіча і вярнуць Тураў пад кіеўскую ўладу. З гэтай мэтай ён сабраў унушальную кааліцыю. У 1158 г. буйныя сілы сямі княстваў (дружыны луцкіх, смаленскіх, полацкіх князёў, "галіцкая дапамога") і атрад качэўнікаў- берандзеічаў рушылі пад сцены Турава. Штурмам узяць горад яны не змаглі і правялі "беспрыкладную" ў гісторыі старажытнай Русі па працягласці і беспаспяховасці аблогу. Тураўцы стойка абаранялі горад і абранага князя, нягледзячы на значныя страты, рабілі вылазкі ў варожы стан. У летапісе сказана, што саюзнікі "много поплениша и пожгоша грады и села, но Турава града не могоша взяти". Пасля дзесяці тыдняў беспаспяховага стаяння пад Туравам, яны " возвратишеся восвояси".

Фактычна перамога 1158 г. азначала заваяванне Туравам незалежнасці ад Кіева. У 1160 г. горад вытрымаў аблогу валынскімі князямі. У 1162 г. Юрый Яраславіч дамогся ад Кіева афіцыйнага прызнання незалежнасці сваёй дзяржавы. Гэта яшчэ раз пацвердзіла эканамічную і вайсковую магутнасць Турава, яго здольнасць адстойваць свае інтарэсы. Далейшы лёс Юрыя Яраславіча невядомы, звесткі аб ім губляюцца з 1162 г. Можна думаць, што ён шчасліва княжыў у Тураве да канца сваіх дзён, застаючыся ў баку ад феадальных усобіц і сварак. Ды і пісьмовыя звесткі пра тураўскую гісторыю з гэтага часу вельмі бедныя, яны даюць толькі агульнае ўяўленне пра яе.

Пасля Юрыя Яраславіча ў Тураве замацаваліся яго нашчадкі: сыны Святаполк (згадваецца ў 1162 г. і 1190 г.), Глеб (памёр у 1196 г.), Іван (1170 г.). У 1183 г. упамінаецца Яраслаў, князь "піньскій", у 1190 г. "в Пиньски" адбываецца "свадьба Ярополча". Паведамленняў пра жыццё і дзейнасць сыноў Юрыя Яраславіча яўна недастаткова, каб выразна і ў бясспрэчнай форме аднавіць карціну палітычнага жыцця Тураўскай зямлі. Аднак і гэтыя кароткія запісы раскрываюць актыўны ўдзел тураўскіх князёў у акцыях Кіева і адсутнасць буйных, адзначаных летапісам, мерапрыемстваў па ўласнай ініцыятыве.

Відаць, пры сынах Юрыя Яраславіча, прыкладна ў прамежку 1167 і 1174 гг., адбылося дзяленне Тураўскай зямлі на асобныя княствы: Тураўскае, Пінскае (упершыню асобна ўпамінаецца ў 1174 г.), Дубровіцкае (у 1183 г.), Слуцкае. Клецкае княства вылучылася яшчэ раней, паколькі з летапісаў вядома, што ў 1128 г. клецкім князем быў Вячаслаў Яраславіч, брат Юрыя Яраславіча.

Верагодна, у гэты час Юр’евічы жывуць у міры з суседзямі і ў згодзе паміж сабой, за час іх кіравання не ўпамінаюцца ні войны з суседзямі, ні нашэсці на Тураўскую зямлю.

У адрозненне ад Полацкай зямлі, Тураўшчына не прайшла праз пакуты міжусобіц.Драбленне на ўдзелы не прывяло да ўзаемнай барацьбы яе князёў. Ва ўсякім разе, крыніцы не зарэгістравалі ніводнага такога выпадку. Аднак Тураўская зямля не набыла і той палітычнай кансалідацыі, якую здабыла Полаччына. Пераадолеўшы ўнутраны разлад, Полацк зноў вярнуў сабе пануючае становішча сярод сваіх удзелаў, а Тураў усё болей і болей марнеў. Раздробленая і аслабленая зямля паступова трапляе у залежнасць ад суседняга Галіцка-Валынскага княства, з якой яна таксама не жадала мірыцца.

У другой палове XII ст. адбываецца і ўзвышэнне Пінска. Ён быў не проста ўдзелам, а паступова станавіўся сапернікам Турава.

З пачатку XIII ст. стала яўна вылучацца вядучае месца Пінска ў жыцці Тураўскай зямлі. Ён бярэ на сябе ўвесь цяжар барацьбы з галіцка-валынскімі князямі, якія імкнуліся падпарадкаваць сабе гэту зямлю пасля яе выхаду з залежнасці ад Кіева.

Паведамленні XIII ст. аб Тураўскай зямлі скупыя і ўрыўкавыя; пасля 1207 г. наогул назіраецца 20-гадовае маўчанне ў летапісах пра яе.

Раздробленая на ўдзельныя княствы і аддаленая ад буйных палітычных цэнтраў, Тураўская зямля не магла адыгрываць важнай ролі ў грамадска- палітычным жыцці Русі. Яна знаходзілася па-за ўвагай летапісца і згадваецца толькі ў сувязі з падзеямі агульнарускага значэння, у якіх прымалі ўдзел яе князі. У XIII ст. яны знаходзяцца ў рэчышчы палітыкі больш магутных суседніх княстваў – спачатку Кіеўскага, а потым – Уладзіміра-Валынскага, удзельнічаюць у барацьбе супраць Літвы.

У 1227 г. Пінск робіць спробу павялічыць сваю тэрыторыю за кошт Валыні. Пінскі князь Расціслаў пачаў барацьбу супраць магутнага Данілы Галіцкага, які ўваходзіў тады ў славу. Яму ўдалося схіліць на свой бок кіеўскага, чарнігаўскага князёў, полаўцаў, тураўцаў і навагародцаў. Удзельнікі кааліцыі ў 1128 г. (магчыма, у 1229 г., ці нават ў 1230 г., бо храналогія заблытаная) накіраваліся да Крамянца і ўзялі яго ў аблогу. Хоць выступленне аб’яднаных сіл закончылася няўдачай, усё ж гэты факт пацвердзіў непрымірымасць Пінска і Турава да ўлады галіцка-валынскіх князёў.

У пачатку ХІІІ ст. Турава-Пінская зямля больш звязвае свой лёс з Новагародскай зямлёй. Аб гэтым сведчыць тое, што ў 1228 г. наваградцы ўдзельнічалі на баку Расціслава Пінскага ў яго барацьбе з Данілам Галіцкім. З 40-х гадоў ХІІІ ст. Літва выступае сапернікам Галіча за тураўскія землі. Нарэшце, у канцы ХІІІ – пачатку ХІV ст. пры Віцыі і Гедыміне палескія княствы былі далучаны да Вялікага княства Літоўскага.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-06; Просмотров: 1182; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.073 сек.