Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Геаграфічнае размяшчэнне гарадоў




 

Паўночную і значную частку цэнтральнай Беларусі (сучасная Віцебская вобласць, поўнач Мінскай) займала Полацкая зямля – адно з мацнейшых раннефеадальных княстваў Усходняй Еўропы. На пачатку XIII ст. яго валоданні дасягалі Рыжскага заліва. У пісьмовых крыніцах змяшчаецца згадка пра 17 гарадоў, месцазнаходжанне якіх гісторыкі звязваюць з Полацкім княствам: Полацк, Менск, Вітьбеск, Лукомль, Изяславль, Логожеск, Дрютеск, Браслав, Ръша, Копыс і Борісов і інш. Галоўны, ці старэйшы горад зямлі быў яго сталіцай. Усе астатнія былі залежнымі ад яго. У ніжнім Падзвінні (у межах сучаснай Латвіі) знаходзіліся полацкія гарады Герцыке і Кукейнойс. Акрамя гэтага, застаецца невядомым ці спрэчным месцазнаходжанне гарадоў Полацкага княства Голотическа, Неколочи, Стрежева. Загадкавыя таксама летапісныя паведамленні пра полацкія гарады Одрск і Гарадзец.

Полацк – адзін са старажытнейшых гарадоў Усходняй Еўропы. Буйны гандлёвы і культурны цэнтр на Заходняй Дзвіне, важны транзітны пункт усёй Русі. Гэта быў горад мужных вояў, умелых рамеснікаў, прадпрымальных купцоў. Яго гісторыя пачынаецца з часоў легендарнага Рурыка і князя Алега. Заснаваны ў VIII–IX стст. крывічамі, ён упершыню згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" пад 862 г. у сувязі з раздачай Рурыкам "градов" сваім васалам. Горад хутка рос. Калі ў IX – першай палове X ст. яго тэрыторыя складала прыкладна 1 га, то ў XI–XII стст. яна вырасла да 70–80 га.

Ужо ў першым стагоддзі свайго існавання Полацк славіўся далёка за межамі роднай зямлі. Як пра моцнае ўладанне, што мае свайго князя (караля), апавядаюць пра яго скандынаўскія сагі. У дагаворы кіеўскага князя Алега з грэкамі (907 г.) ў пераліку гарадоў, што атрымліваюць кантрыбуцыю з пераможанай Візантыі, Полацк стаіць поруч з Кіевам.

У XI ст.Полацк уяўляў сабой вялікую эканамічную і ваенную сілу. Натхняючыся ідэямі былога адзінства крывічоў, першынства на крывіцкіх землях, яго князі двойчы займалі Ноўгарад, вялі барацьбу за Пскоў і Смаленск, спрачаліся з Кіевам і нават двойчы кіравалі ўсёй Руссю (Брачыслаў і Усяслаў), седзячы на вялікакняжацкім стале.

Другі горад Полацкай зямлі – Віцебск. Гэты вялікі гандлёвы цэнтр размешчаны на скрыжаванні водных шляхоў "з варагаў у грэкі". Ён узнік на месцы першабытнай сялібы VI–IX стст. Горадам у навуковым разуменні гэтага слова стаў у X ст.

У мясцовым летапісе запісана паданне аб заснаванні Віцебска ў 974 г. "Ольга, победив ятвягов и печенегов, переправилась через Двину и с войском заночевала. Понравилась ей гора, и она основала деревянный замок, назвав его от имени реки Витьба Витебском". Аднак звычайна даследчыкі лічаць, што першым даставерным упамінаннем пра Віцебск з'яўляецца згадка пра яго ў "Аповесці мінулых гадоў" пад 1021 годам, калі Яраслаў Мудры вярнуў Віцебск і Усвяты полацкаму князю Брачыславу, прызнаваючы такім чынам абгрунтаванасць яго прэтэнзій на гэтыя гарады, заселеныя полацкімі крывічамі. Па ўзросту Віцебск не ўступае Полацку. Тое, што ён упамінаецца ў летапісах пазней і радзей за Полацк, можна растлумачыць іх рознай роллю ў жыцці Падзвіння. Полацк – сталіца, Віцебск – адзін з населеных пунктаў.

Адзін з буйнейшых цэнтраў Полацкай зямлі – Менск ці Менеск – упершыню названы ў летапісным артыкуле 1067 г. У гэтым годзе адбылася бітва князёў Яраславічаў з полацкім князем Усяславам на Нямізе, да якой Яраславічы накіраваліся пасля захопу і спусташэння імі Менска. Менавіта на тэрыторыі сучаснага горада некалі працякала гэта рэчка даўжынёй усяго ў 3 км, упадаючы ў Свіслач. Незразумеласць летапіснага тэксту пра падзеі 1067 г. нарадзіла здагадку аб існаванні яшчэ адной Нямігі ці іншага Менска. Даследуючы летапісы, у якіх згадваецца Менск, вучоныя прыйшлі да высновы, што першапачаткова ён знаходзіўся на рацэ Менцы (прыток Пцічы), што за 16 км. ад цэнтра нашай сталіцы. З былым Менскам ёсць падставы атаясамліваць паселішча ля вёскі Гарадзішча Шчамысліцкага сельсавета Мінскага раёна. Пасля двухразовага спусташэння (1067 і 1084 гг.) ў канцы XI пачатку XII ст. горад быў перанесены на месца ўпадзення Нямігі ў Свіслач (у сучасны гістарычны цэнтр).

Старажытны Менск адыгрываў значную ролю ў палітычным, гаспадарчым і культурным жыцці беларускіх зямель. У XII ст. яго князі з пераменным поспехам вялі барацьбу з друцкімі князямі за полацкае княжанне.

У сувязі з падзеямі 1067 г. у крыніцах упершыню ўпамінаецца Ръша (Орша), атрымаўшая сваю назву ад аднайменнай ракі. Праўда, з летапіснай фразы "на Ръши у Смоленска" недастаткова зразумела, ці адносілася гэта назва да горада, урочышча ці ракі.

Ізяслаўль заснаваны ў сувязі з прыняццем хрысціянства кіеўскім князем Уладзімірам і яго жаніцьбай на грэчаскай царэўне Ганне. Для сваёй былой жонкі Рагнеды і сына Ізяслава Уладзімір у 80-я гады X ст. у вярхоўях Свіслачы пабудаваў горад і даў яму сынова імя.

Брачыслаўль (сучасны Браслаў Віцебскай вобласці) заснаваны на паўночна-заходняй ускраіне Полаччыны ля балцкай мяжы, на непрыступным месцы. Гэта далёкая крэпасць, падобная на сотні іншых, не згадваецца ў летапісе. Раскопкі паказалі, што горад узнік у першай палове XI ст. на месцы спаленай латгальскай сялібы, што існавала ў другой палове I тысячагоддзя, за часамі полацкага князя Брачыслава (1003–1044 гг.), імя якога ён, верагодна, і атрымаў. Росквіт горада прыпадае на XII пачатку XIII ст., калі ён адыгрываў важную ролю на полацка-балцкім сумежжы, ахоўваючы Полацкую зямлю ад набегаў з захаду.

Лукомль, Лагожск (Лагойск) і Дрютьск (Друцк) упершыню згадваюцца ў "Павучанні Уладзіміра Манамаха" пры апісанні паходу на Полацкую зямлю 1078 г., у час якога ён "пожег землю і повоевал до Лукамля и до Логожьска, та на Дрютьск воюя..." Першы атрымаў назву ад ракі Лукомкі, на якой ён размешчаны, другі – ад слова "лог", паколькі знаходзіцца ў даліне сярод узвышша.

На карце сучаснай Беларусі няма горада Друцка. Праўда, на беразе ракі Друці ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці ёсць вёска з такой назвай. Калісьці на яе месцы быў магутны і славуты горад, які ў другой палове XII ст. стаў асноўным сапернікам Менска за авалоданне полацкім сталом. Ён узнік у XI ст. на валоцы аднаго з адгалінаванняў шляху "з варагаў у грэкі" і, знаходзячыся ў сярэдзіне старажытнарускіх зямель, ды яшчэ на выгадным водным шляху, Друцк зрабіўся буйным месцам гандлю рабамі на Русі. З пачатку XVI ст. горад, спустошаны шматлікімі войнамі, губляе сваё палітычнае і эканамічнае значэнне і паступова знікае.

Копысь упершыню ўпамінаецца пад 1059 г., калі там памёр на шляху з Кіева ў Ноўгарад вядомы наўгародскі епіскап Лука Жыдзята. Горад знаходзіўся на месцы перавозу цераз Днепр. Як прыдняпроўскі пагранічны пункт ён меў мытню і пастаялыя двары і атрымліваў даходы ад гандлёвай пошліны. У 1116 г. разам з Оршай ён быў адабраны Манамахам у Полацка і часова адышоў да Смаленскага княства.

Пра заснаванне Барысава В. М. Тацішчаў, карыстаючыся невядомымі нам крыніцамі, пісаў: "В 1102 г. Борис Всеславович Полоцкий ходил на ятвяги, победя их, возвратясь, постави град Борисов во свое имя и людьми населил". У Іпацьеўскім летапісе горад названы пад 1128 г. Рэшткі першапачатковага Барысава знаходзяцца ў 4 км. ад сучаснага горада.

Павелічэнне ролі дзвінскага гандлёвага шляху ў XII ст. прывяло да ўтварэння двух умацаваных пунктаў – Герцыке і Кукенойса – параўнаўча магутных фарпостаў Полацкай зямлі на паўночным захадзе (на тэрыторыі Латгаліі – ў межах сучаснай Латвіі). Усходнеславянскі летапісец не знайшоў магчымасці згадаць іх. Звесткі пра іх змяшчаюцца ў Генрыха Латвійскага, у іншых заходніх аўтараў, у актах XIII–XIV стст. і нават у скандынаўскім эпасе.

Генрых Латвійскі ўпершыню пад 1203 г. паведаміў пра Герцыке і яго "караля" Усевалада, які ў саюзе з Літвой вёў барацьбу з Тэўтонскім ордэнам мечаносцаў пад сценамі новапабудаванай Рыгі. Гэта быў даволі багаты горад, які меў некалькі цэркваў.

Пад 1205 г. у Г. Латвійскага ўпершыню згадваецца Кукейнос або Кукенойс (сучасны Какнесе) на чале з Вячкам – васалам полацкага князя Уладзіміра. Тут жыла змешанае славяна-балцкае насельніцтва, якое займалася рамяством, гандлем і сельскай гаспадаркай. Размешчаны на высокім беразе Дзвіны ў 338 км ад Полацка, Кукенойс, як і Герцыке, быў закліканы ахоўваць далейшы шлях па Дзвіне і служыў, відаць, цэнтрам збору даніны з суседніх плямёнаў. Гэтыя гарады першыя прынялі на сябе ўвесь цяжар крыжацкай агрэсіі і некаторы час стрымлівалі яе.

Наяўныя звесткі пра гарады Полацкай зямлі сведчаць, што на поўначы Беларусі яны ўзнікалі крыху раней і развіваліся хутчэй, чым на поўдні. Сваім інтэнсіўным развіццём яны абавязаны ролі Заходняй Дзвіны ў міжнародным гандлі. На тэрыторыі Усходняй Прыбалтыкі (сучасная Летува, Латвія) гарады ўзнікаюць намнога пазней,чым на Полацкай зямлі – толькі ў XIII ст. (не лічачы Герцыке і Кукейноса), што тлумачыцца больш маруднымі тэмпамі сацыяльна-эканамічнага развіцця балцкіх плямёнаў.

На значнай частцы паўднёвай Беларусі існавала Тураўскае княства з гарадамі Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Слуцк, Клецк, Мазыр, Капыль, Рагачоў. Яны рана сталі ўзнікаць і развівацца тут. Зараджэнне большасці гарадоў паўднёвай Беларусі прыпадае на XI–XII стст. Старажытныя летапісы зафіксавалі час іх узнікнення. Асаблівасць дадзенай тэрыторыі – адсутнасць буйных гарадоў.

Тураў – стольны горад Тураўскага княства (цяпер гэта гарадскі пасёлак Жыткавіцкага раёна на Гомельшчыне) – упершыню ўпамінаецца ў "Аповесці мінулых гадоў" у 980 г. Размешчаны на тэрыторыі рассялення дрыгавічоў, ён ператварыўся ў найбольш развіты эканамічны, адміністрацыйны, ваенны, культурны і рэлігійны цэнтр. У XI–XII стст. меў цесныя палітычныя і культурныя сувязі з Кіевам. Тураўскія князі неаднаразова станавіліся вялікімі князямі кіеўскімі. Важнае паведамленне пра Тураў ёсць у летапісе пад 1158 г. Войскі шасці князёў на чале з Ізяславам Кіеўскім 10 тыдняў беспаспяхова трымалі ў аблозе гэты горад, што сведчыць аб магутнасці яго абарончых збудаванняў і мужнасці жыхароў. Выпадак такой працяглай абароны беспрэцэдэнтны ў тагачаснай вайсковай практыцы.

" Увидишь, займет города твои Туров и Пинск и другие, тогда помянешь меня ", – такімі словамі ў 1097 г. уладзімірскі князь Давыд Ігаравіч папярэджваў вялікага кіеўскага князя Святаполка. Гэта першае ўпамінанне пра Пінск у пісьмовых крыніцах. Яно з'явілася амаль на 100 гадоў пазней, чым пра Тураў, але ў хуткім часе Пінск па свайму значэнню вылучаецца на першае месца сярод гарадоў Тураўскай зямлі, у другой палове XII ст. становіцца сталіцай удзельнага княства, пераўзыходзіць Тураў па ўзроўню эканамічнага развіцця. Хуткі рост і развіццё горада тлумачыцца выгадным месцазнаходжаннем на важных гандлёвых шляхах – Прыпяцка-Бугскай воднай магістралі, што звязвала Кіеў, Валынь, Польшчу і паўночныя славянскія землі.

Слуцк узнік на мяжы XI–XII стст. і стаў вядомы летапісцу ў 1116 г., калі менскі князь Глеб "воевал дреговичи и Случеск пожег".

У XI ст. да Тураўскага княства адыходзіць Бярэсце. У XII–XIII стст. яно з'яўлялася цэнтрам Берасцейскай зямлі з гарадамі Кобрын і Камянец і ўваходзіла ў склад Уладзіміра-Валынскага княства.

Першая летапісная згадка пра Бярэсце ў 1019 г. звязана з трагічным завяршэннем доўгай барацьбы за кіеўскі вялікакняжацкі пасад паміж сынамі Уладзіміра Святаслававіча князем тураўскім Святаполкам, і князем наўгародскім Яраславам. Бярэсце ўпамінаецца ў "Аповесці мінулых гадоў" як апошні рускі горад перад "лядьской землей" на шляху ўцёкаў Святаполка. Паходжанне назвы невядома. Існуе некалькі меркаванняў. Мясцовая легенда расказвае пра купца, які, прабіраючыся з абозам па балоту ў багністых мясцінах, масціў дарогу бярозавымі бярвеннямі, а, вяртаючыся, паставіў невялікую часоўню, ляякой і вырас горад Бярэсце.

У1276 г., як паведамляе Іпацьеўскі летапіс, на загад валынскага князя Уладзіміра Васільевіча "градарубам" Алексай на рацэ Лясной быў пабудаваны горад і названы Камянцом, "зане бысть земля каменна". Далей у летапісе гаворыцца таксама пра тое, што ў горадзе быў узведзены "столп камен "– знакамітая Камянецкая вежа. Гэта адно з першыхкаменных абарончых збудаванняў на тэрыторыі Беларусі. Круглая па форме, вышынёй да 30 м, з пяццю паверхамі-ярусамі ўзвышаецца яна да нашых дзён пры дарозе з Брэста ў Белавежскую пушчу.

Падняпроўскія і Пасожскія гарады Беларусі адыходзілі да некалькіх буйных княстваў. Кречют (Крычаў), Мсціслаўль і Прупой (Слаўгарад) адносіліся да Смаленскага княства. Невялікая частка сучаснай Гомельскай вобласці з гарадамі Гомій (Гомель), Рэчыца і Чачэрск належалі Чарнігаўскаму, а Брагін і Мазыр – Кіеўскаму княству.

Гомій ці Гомье стаў вядомы з 1142 г. у сувязі з жорсткай барацьбой чарнігаўскіх князёў Ольгавічаў (ім належала радзіміцкая зямля) і Манамахавічаў за кіеўскі стол. У гэтым годзе смаленскі князь Расціслаў напаў на радзімічаў і папаліў іх разам з горадам Гоміем.

Звестак пра Магілёў у старажытных летапісах няма. У позняй мясцовай хроніцы паведамляецца аб будаўніцтве Магілёўскага замка ў 1267 г. На тэрыторыі сучаснага горада сялібы існавалі яшчэ ў раннім жалезным веку.

На мяжы I–II тысячагоддзя узнікаюць гарады ў беларускім Панямонні: Гарадзен ці Гародня, які вырас са славянскага паселішча, што ўзнікла ў сутоцы рэк Гараднічанкі і Нёмана ў канцы X ст., Навагародак (X ст.), Ваўкавыйск (X ст.), Услонім (XI ст.), Здзітаў (XI ст.), Турыйск (XI – пачатак XII ст.). Аднак на старонкі летапісаў яны трапілі толькіпраз 200–300 гадоў паслязаснавання. На гэтай тэрыторыі ў пачатку XII ст. існавала Гарадзенскае княства.

В лето 1183 "Городен погоре весь и церквы каменыя от блистания молние и шибения грома" – такой сумнай весткай пра страшнае стыхійнае бедства, нечаканую пагібель горада з яго манументальнымі збудаваннямі, ўпершыню ўвайшоў у летапісы гэты горад. У пісьмовых крыніцах XII ст. ёсць шэраг згадак пра гарадзенскіх князёў, найбольш раннія з якіх датуюцца 1128 і нават 1116 гадамі, ад якіх звычайна і вядзецца адлік гісторыі горада.

Абмежаванасць пісьмовых звестак пра пачатковы перыяд гісторыі Гродна ўскладняе вырашэнне пытання аб яго месцазнаходжанні. Некаторыя даследчыкі (В. Б. Антановіч, А. С. Семянтоўскі, П. П. Сямёнаў, В. В. Гразноў, П. В. Баброўскі, З. Глогер) лічылі, што летапісны Гарадзен – гэта горад на Нёмане. На думку іншых (М. М. Карамзін, С. М. Салаўёў, Н. П. Барсаў, Д. М. Мілюцін, М. С. і А. С. Грушэўскія, Ю. Ядкоўскі, М. І. Ермаловіч), вялікая аддаленасць нёманскага Гродна ад важнейшых старажытнарускіх палітычных цэнтраў не дазваляе звязваць з ім паведамленні летапісаў. Гэтыя аўтары летапісны Гарадзен бачылі ў аднайменным мястэчку Гародна (Гародня), размешчаным на правабярэжжы Прыпяці, паміж рэкамі Стыр і Гарынь, у 50 км на паўднёвы ўсход ад Пінска. Былі і такія гісторыкі, што летапісныя даныя XII ст. адносілі да Гродна пінскага, а звесткі XIII ст. звязвалі з Гродна нёманскім. Па пытанню аб месцазнаходжанні горада пасля XII ст. разыходжанняў не было. Тоеснасць летапіснай Гародні і Гродна на Нёмане аргументавана выклаў у кнізе "Гродненская старина" (Ч. I. Гродно, 1910 г.) краязнаўца Я. Ф. Арлоўскі. Аднак канчаткова спрэчкі вырашыліся толькі дзякуючы археалагічным раскопкам. У Гродне нёманскім выяўлены значныя матэрыялы XI–XIII стст. Раскопкі, што праводзіліся на Замкавай гары экспедыцыяй Інстытута матэрыяльнай культуры АН СССР пад кіраўніцтвам Н. Н. Вароніна ў 1949 г., пацвердзілі канцэпцыю Арлоўскага.

Размешчаны на значнай гандлёвай артэрыі – рацэ Нёман, летапісны Гарадзен трымаў у сваіх руках праезд па рацэ купецкіх караванаў з узбярэжжа Прыбалтыкі ў глыб Панямоння, і наадварот. Горад рос, багацеў. У XII ст. пачалося мураванае будаўніцтва.

Пытанне аб першым упамінанні ў пісьмовых крыніцах Навагрудка з'яўляецца дыскусійным. У адпаведнасці з ускоснымі данымі, некаторыя гісторыкі называюць 1044 г., другія – 1117 ці 1119 гг., трэція – 1235 г.. Першае прамое паведамленне пра Навагародак як панямонскі горад прыпадае на 1252 г. У гэтым годзе ён упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе разам з Ваўкавыскам, Слонімам, Здзітавам, якія таксама згадваюцца тут упершыню ў сувязі з уварваннем галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі Раманавічаў у землі Верхняга Панямоння, што незадоўга да гэтага апынуліся пад уладай літоўскага князя Міндоўга. Сам Міндоўг княжыў у Навагародку, а сыну свайму Войшалку перадаў Слонім і Ваўкавыск. "Данило же и Василко придоста к Новугороду. Данило же и Василко, брат его, разгадав с сыном брата си посла на Волковыескъ, а сына на Услоним, а сам иде ко Здитову; и поимаша грады многи и взвратишися в домы".

Заснаваны ў X ст. як адзін з цэнтраў славянскай каланізацыі ў Верхнім Панямонні, Навагародак у XII–XIII стст. стаў квітнеючым горадам з самабытнай культурай. Ён стаў другім пасля Полацка і з сярэдзіны XIII ст. роўным яму па значэнню дзяржаўным цэнтрам Беларусі.

Каля вёскі Турэйск Шчучынскага раёна знаходзяцца рэшткі летапіснага Турыйска (Турьска) – аднаго са старажытнейшых паселішчаў славян у Панямонні, якое ўзнікла ў канцы XI – пачатку XII ст.

Узнікненне гарадоў з'яўляецца паказчыкам высокага сацыяльнага, эканамічнага і культурнага ўзроўню развіцця беларускіх зямель у IX–XIII стст.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-06; Просмотров: 1408; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.013 сек.