Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Складванне адметных рыс беларускага народа (мова, звычаі, традыцыі, характар)




 

З XIII–XVI стст. на этнiчнай тэрыторыi Беларусi замацавалася самастойная мова са сваiмi спецыфiчнымi фанетычнымi i сiнтак­сiчнымi асаблiвасцямi i лексiчным складам, якая ўжо карэнным чынам адрознiваецца ад старажытнарускай, расiйскай i украiнскай моў.

Беларуская мова адносiцца да iндаеўрапейскай моўнай сям’i, якая распалася прыкладна 3–2,5 тысячы гадоў да н. э. Мноства агульных рыс у фанетыцы, граматыцы i лексiцы славянскiх i бал­тыйскiх моў, якiя не ўласцiвы iншым еўрапейскiм мовам, дазваляе заключыць, што пасля распаду iндаеўрапейскай мовы пэўны час iснавала балта-славянская моўная супольнасць. Ёсць таксама меркаванне, што агульныя рысы маглi развiцца i паралельна на моўных тэрыторыях славян i балтаў.

Славянскi моўны элемент у межах Беларусi спачатку ўсталяваўся ў яе паўднёвай i ўсходняй частцы. У паўночна-цэнтральнай зоне Беларусi балтыйскi моўна-этнiчны кампанент пераважаў даўжэй, чым на поўднi. Пранiкненне ўсходнiх славян у балцкае асяроддзе прывяло да складвання балта-славянскага бiлiнгвiзму. Славянскi i балтыйскi моўна-этнiчныя кампаненты – асноўныя кампаненты старажытнай Беларусi.

Многiя фiлолагi лiчаць, што ў старажытнай Русi iснавалi дзве лiтаратурныя мовы – стараславянская (царкоўна-славянская) i старажытнаруская. Навуковыя дыскусii на гэты конт працягваюцца i ў нашы днi. Трэба адзначыць, што на лiтаратурнай мове простае насельнiцтва не размаўляла – яна была набыткам нямногiх адукаваных людзей. Усходнеславянскiя плямёны, якiя часта мелi слабыя кантакты памiж сабою, гаварылi на ўласных племянных дыялектах, якiя ўяўлялi сабой гутарковы варыянт старажытнарускай мовы, адноснае адзiнства якой захоўвалася да XIII ст. Сучасныя беларускiя даследчыкi пiшуць аб праславянскiм кампаненце беларускай мовы. Нягледзячы на дыялектную разнастайнасць, да пачатку XIII ст. выразна намячаюцца рэгiянальныя моўныя асаблiвасцi, якiя пазней стануць характэрнымi прыкметамi ўкраiнскай, расiйскай i беларускай моў. Паасобныя фанетычныя рысы беларускай мовы адлюстраваны ўжо ў дагаворах XIII–XIV стст. Полацка, Вiцебска i Смаленска з Рыгай i Гоцкiм берагам, з якiх асаблiва паказальны дагавор смаленскага князя 1229 г.

У часы ВКЛ гаворкi дрыгавiчоў, полацка-смаленскiх крывiчоў i радзiмiчаў, якiя ўтваралi адну групу, канчаткова кансалiдавалiся ў беларускую мову. У галiне фанетыкi яе асаблiвасцямi сталi “дзеканне” (дзед, дзецi замест старажытных усходнеславянскiх дед, дети), “цеканне” (цётка, цень, мацi замест тетка, тень, мать), “аканне” (мароз, варона), “яканне” (вясна, зямля, сястра), цвёрды гук “р” (крыўда, пiсар, тры), фрыкатыўнае вымаўленне “г”, прыстаўныя зычныя i галосныя гукi ў пачатку слова (возера замест старажытнага озеро, iльняны замест льняны, iржа, вока i г. д.) i iнш, у сiнтаксiсе — выкарыстанне слоў “каб”, “калi”, часцiц “цi”, “чы” i iнш. Некаторыя даследчыкi лiчаць, што важнейшыя асаблiвасцi нашай мовы ў той цi iншай меры iснавалi ўжо ў XIII ст.

Аб моўнай супольнасцi беларускага этнасу пераканаўча сведчыць лексiка. Пад уплывам новых з’яў у палiтычным, эканамiчным i сацыяльным жыццi ўзнiкла вялiкая колькасць спецыфiчных слоў. Зацвярджэнне з другой паловы XIV ст. беларускага варыянту старажытнарускай мовы ў якасцi дзяржаўнай садзейнiчала ўзбагачэнню нашай нацыянальнай мовы новай лексiкай, якая адлюстроўвала розныя бакi жыцця. Утварылася i атрымала паўсюднае ўжыванне агульная тэрмiналогiя. Гэта агульныя назвы прылад працы, зямельных угоддзяў, прадуктаў земляробства (валока, плац, сенажаць, нарогі, збожжа, ралля, фальварк, ярыца, насенне i iнш.), груп залежных сялян, вiдаў феадальных павiннасцей i пабораў (отчыч, цяглы, пахожы, чынш, цягло, гвалты, талака, сярэбшчына, старожа i iнш.), тэрмiны, якiя адлюстроўвалi эканамiчнае i сацыяльнае жыццё гараджан, спецыяльнасцi рамеснiкаў (сход, прывiлеi, падатак, каваль, чабатар, кушнер, кравец, рымар, шкляр i г. д.), гандлёвыя i крэдытныя тэрмiны (гандаль, шынкар, мыта, доўг i iнш.), назвы катэгорый i груп гарадскога насельнiцтва, службовых асоб (мяшчане, наймiты, лёзныя, рамеснiкi, радца, лаўнiк, войт i iнш.). У беларускую мову пранiкалi таксама запазычаннi з iншых моў: паланiзмы (бруд, кабета, моц, пан, праца, хлопец i iнш.), лацiнiзмы (адукацыя, аркуш, артыкул, водар, гонар, гумар, колер i iнш.), лiтуанiзмы (дойлiд, еўня, клуня, свiран i iнш.), германiзмы (гвалт, дах, ланцуг, лiхтар, фарба, цыбуля), цюркiзмы. Iх было адносна няшмат, але некаторую спецыфiчную афарбоўку мясцовай мове яны надалi.

Слоўнiкавы склад беларускай мовы базiруецца на трох асноўных гiстарычных пластах: агульнаславянская i агульнаўсходнеславянская лексiка, уласнабеларускiя новаўтварэннi i запазычаннi. Агульнаславянская лексiка ўтварае ядро яе слоўнiкавага складу. Шэраг рыс аб’ядноўвае нашу мову з украiнскай i рускай, некаторымi асаб­лiвасцямi яна зблiжаецца з заходнеславянскiмi мовамi. Беларуская мова захавала шмат старажытных рыс (напрыклад, поўнагалосныя формы слоў вораг, нораў, палон, кароткi, салодкi).

Развiццю старажытнабеларускай (цi як яе называлi тады “рускай) мовы спрыяла тое, што ў канцы XIV–XVII стст. яна з’яўлялася дзяржаўнай мовай Вялiкага княства Лiтоўскага. На ёй размаўлялi вялiкiя князi лiтоўскiя i лiтвiнская феадальная знаць, ёю карысталіся княжацкая канцылярыя ў Вiльнi, судовыя ўстановы, магiстраты. На ёй размаўлялi на соймах i ў час дыпламатычных перагавораў. У часы ад Аляксандра Ягелончыка да Жыгiмонта III вялiкая колькасць грамат, прывiлеяў, лiстоў, наказаў, спiсаў i iншых актавых дакументаў пiсалася на “абеларушанай” рускай мове. Яе ўжыванне ў афiцыйным справаводстве было заканадаўча замацавана Статутам ВКЛ 1588 г. На ёй стваралiся шматлiкiя летапiсы, мастацкiя, публiцыстычныя i мемуарныя творы, на яе перакладалi воiнскiя i рыцарскiя аповесцi i раманы, гiстарычныя хронiкi i апакрыфiчныя аповесцi.

Ф. Скарына першы ўвёў родную мову ў Бiблiю,наблiзiўшы яе царкоўнаславянскую аснову да народнай мовы, i гэтым самым паказаў раўнапраўе, свяшчэннасць мовы беларускай побач з кла­сiчнымi кананiчнымi мовамi – лацiнскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай. Пранiкненню беларускай мовы ў кананiчную рэлiгiй­ную лiтаратуру спрыяла Рэфармацыя. Сымон Будны пачаў ствараць ужо толькi на гэтай мове рэлiгiйныя творы. Выдадзеныя iм у 1562 г. у Нясвiжскай друкарнi “Катэхiзiс”, “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” (апошні не захаваўся) былi першымi на Бела­русi друкаванымi кнiгамi на беларускай мове. Яе ўнармаванню садзейнiчала i унiяцкая царква, якая выкарыстоўвала мову карэннага этнасу побач з царкоўнаславянскай i лацiнскай.

Акрамя лiтвы i жмудзiнаў старабеларускую мову ў той цi iншай форме ўспрынялi i больш дробныя этнiчныя групы, напрыклад, яўрэi, цыгане, караiмы, для якiх яна была асноўным сродкам мiж­этнiчных моўных зносiн. Для татараў жа беларуская мова наогул замянiла родную. Распаўсюджванне старажытнабеларускай мо­вы, яе высокi дзяржаўны статус садзейнiчалi замацаванню яе пэўных этнакансалiдуючых функцый у межах рассялення беларускага этнасу.

Дасягнуўшы значнага развiцця, беларуская мова з другой паловы XVI ст. паступова пачала здаваць свае пазiцыi пад нацiскам польскай. У сувязi з перайманнем шляхтай чужой мовы ў сiтуацыi двухмоўя наша мова пакрысе выцясняецца з ужытку. Рашэннем сойма 1696 г. статус дзяржаўнай на тэрыторыi княства быў замацаваны за польскай мовай.

У перыяд фармiравання адзiнай народнасцi развiваліся далей i замацаўваліся асноўныя асаблiвасцi яе гаспадарчага i грамадскага побыту, матэрыяльнай i духоўнай культуры – у тыпах жылля, яго ўнутраным убраннi i хатнiм начыннi, у вопратцы, ежы, абрадах i звычаях, у мастацкай творчасцi i фальклоры. З’явiўся шэраг новых рыс – у матэрыяльнай, сацыяльнай i духоўнай культуры. Найбольшая колькасць новаўтварэнняў прыпадае на XV–XVI стст. Культура ў гэты час набыла самабытны характар, нацыянальную свое­асаблiвасць.

На працягу XIV–XVI стст. складалiся i замацоўвалiся агульныя рысы ў гаспадарчай дзейнасцi нашых продкаў. Двухпольны севазварот змянiўся трохпольным, асвойвалiся пад ворыва новыя землi. Распаўсюджваюцца аднолькавыя тыпы прылад для апрацоўкi глебы i ўборкi ўраджаю. Асноўнай ворнай прыладай становiцца саха. Для рыхлення глебы стала прымяняцца драўляная, часта плеценая барана. Пачынаюць праяўляцца этнiчныя асаблiвасцi ў гаспадарчых занятках беларусаў, толькi iм уласцiвыя.

Сацыяльна-эканамiчныя ўмовы развiцця, клiматычныя асаб­лi­васцi, традыцыi, што захаваліся ад старажытных часоў, спарадзiлi характэрныя толькi для Беларусi тыпы пасяленняў i жылля. Найбольш распаўсюджанай становiцца зрубная хата з двума памяшканнямi (хата i сенцы). Распаўсюдзiўся шэраг новых тыпаў пасяленняў: мястэчкi (пераходны тып паселiшча памiж горадам i вёскай, якi не меў умацаванняў), фальваркi (зусiм невялiкiя пася­леннi з аднаго цi некалькiх двароў, цэнтр гаспадаркi феадала), засценкi (пасяленнi з аднаго цi некалькiх двароў, што ўзнiкалi за межамi палёў, выдзеленых вёсцы, у iх звычайна жыла шляхта), ваколiцы (невялiкiя пасяленнi шляхты, размешчаныя непадалёк ад вёскi i абнесеныя плотам). Значна змянiлася планiроўка некаторых тыпаў сельскiх пасяленняў. На змену бессiстэмнаму размяшчэнню пабудоў прыйшло вулiчнае з размяшчэннем пабудоў у два рады.

Да XV–XVI стст. з’яўляецца характэрнае толькi для беларускай тэрыторыi адзенне. Вызначальнай рысай беларускага народнага касцюма быў белы колер. Аснову мужчынскага i жаночага касцюма склала белая кашуля, у жанчын – доўгая спаднiца з паласатай шарсцяной тканiны – андарак, а таксама фартух, гарсет; у мужчын – нагавiцы, каляровы пояс, кафтан. Адзенне шылася з сукна, палатна, шарсцяной тканiны, верхняе – з аўчыны. Арыгiнальнасць беларускаму народнаму касцюму надавалi галаўныя ўборы – на­мiткi ў жанчын, капелюшы i шапкi – у мужчын. Абуткам служылi скураныя цi лыкавыя лапцi, скураныя боты, чаравiкi, узiмку – валёнкi. Касцюм дапаўняўся кашалькамi, разнастайнымі упрыгажэннямi. Адзенне магнатаў i гарадской знацi развiвалася ў рэчышчы заходнееўрапейскай моды, шылася з дарагiх тканiн, аздаблялася залатой i сярэбра най вышыўкай, дэкаратыўнымi гузiкамi, каштоўнымi камянямi. Абутак – скураныя боты, чаравiкi рознай формы i аздаблення.

У час фармiравання адзiнай народнасцi складвалася i свое­асаблiвая народная кухня. Аснову харчовага рацыёну насель­нiцтва складалi прадукты земляробства, агароднiцтва, жывёла­га­доўлi. Дадатковымi крынiцамi былi некаторыя промыслы, што давалi мёд, рыбу, мяса дзiчыны, грыбы, арэхi, ягады. Распаўсюджанымі былі разнастайныя мучныя стравы, шырока ўжывалася розная гароднiна. Малочныя прадукты спажываліся ў натуральным выглядзе. З мяса перавагу аддавалi свi­нiне. У посныя днi значнае месца ў харчаваннi займала рыба. Пры гатаванні ежы, у напоях, народнай медыцыне шырока выкарыстоўваўся мёд. Ежа багатых саслоўяў рыхтавалася з дабаўленнем прывазных прыпраў. Соль прывозiлi з Украiны, Крыма, Польшчы. Сярод напояў былi вядомы мёд, квас, пiва.

Паступова складваліся агульныя абрады (Каляды, Мас­ле­нiца, Купалле, Дзяды i iнш.), звычаi. Шырока бытаваў звычай сябрыны (сумеснае карыстанне сенажаццю, пашай, пчоламi i г. д.; дружба i ўзаемадапамога саўладальнiкаў гэтай маёмасцi – сяброў), талакi (калектыўная суседская дапамога ў гаспадарчых работах). Земляробчыя, каляндарныя i сямейна-бытавыя абрады сталi састаўной часткай традыцыйнай бытавой культуры беларускага народа. Нацыянальна адметнымi рысамi вызначаюцца вусная народная творчасць, лiтаратурныя творы, летапiсы, народныя песнi i танцы, мастацтва.

Этнакансалiдуючую функцыю для ўсходнеславянскага на­сельнiцтва Беларусi да сярэдзiны XVI ст. адыгрываў кан­фе­сiйны фактар – прыналежнасць да праваслаўя была свое­асаб­лiвай прыкметай новага этнасу. Спецыфiкай наступнага перыяду этнагенезу беларусаў з’яўляецца iх полiканфесiйнасць. Погляд на беларускi народ як на выключна праваслаўную этнаканфесiйную супольнасць, а на беларускiх католiкаў i унiятаў як на палякаў памылковы, бо звужае этнiчны масiў народа,якi вызначаўся не столькi адзiнай рэлiгiяй, колькi адзiнай мовай, агульнай тэрыторыяй, падабенствам асноўных форм культуры i самасвядомасцi.

Сярод іншых этнасаў беларусаў вылучаў менталітэт – склад розуму народа, лад яго мыслення, нацыянальны характар, псіхалогія. Ён складваўся ва ўмовах доўгага процістаяння на нашых землях двух славянскіх цэнтраў – Польскага каралеўства і Маскоўскага царства. Да лепшых маральна-духоўных якасцей беларусаў адносяцца нацыянальная і рэлігійная талерантнасць, памяркоўнасць, лагоднасць, мяккасардэчнасць, трывушчасць, шчодраць, кемлівасць, няпомслівасць, сумленнасць, добразычлівасць, рахманасць, паэтычнасць душы, працавітасць. Недахопы народа – гэта працяг яго вартасцей. Да адмоўных бакоў беларускага менталітэту можна аднесці пэўную апатычнасць, нерашучасць, кансерватыўнасць, недаверлівасць, скрытнасць, пакорнасць. Напрыклад, недастатковая рашучасць, магчыма, з’яўляецца вынікам празмернай талерантнасці, добразычлівасці беларусаў. Абагульняючы партрэт народа дапаўняюць і такія рысы, як маўклівасць, дамаседства, неагрэсіўнасць, схільнасць да згоды, пошуку кампрамісаў і інш. Можна вызначыць некаторыя бакі беларускай ментальнасці ў параўнанні з нацыянальнымі характарамі насяляючых Беларусь народаў. Так, ад яўрэяў беларусы адрозніваюцца меншай энергічнасцю, вынаходлівасцю, настойлівасцю, менш развітым уменнем прыстасоўвацца да жыццёвых абставін, большым індывідуалізмам, меншай згуртаванасцю. Беларусы найчасцей не маюць той легкадумнасці і таго самахвальства, якія былі ўласцівы палякам, асабліва шляхецкага паходжання. Неразвітае пачуццё помсты адрознівае іх ад украінцаў. Разам з тым, незвычайная стойкасць, мужнасць, ваярская здольнасць абараняць Радзіму, сваю сям’ю і родную хату, якія нашы продкі праяўлялі ў складаных сітуацыях, упартае пераадоленне цяжкасцей выратавалі нашу нацыю ад знішчэння і даюць упэўненасць у нашай будучыні.

Менталітэт з’яўляецца ўстойлівай этнічнай прыкметай. Нарадзіўшыся ў выключна складаных умовах, прашоўшы праз выпрабаванні лёсу, беларусы захавалі непаўторныя рысы свайго нацыянальнага характару, па якіх іх можна пазнаць і сёння.

Такiм чынам, на працягу другой паловы XIII–XVI стст. на акрэсленай этнiчнай тэрыторыi сфармiраваўся своеасаблiвы агульнабеларускi комплекс традыцыйнай культуры i сiстэмы мовы, якiя сведчылi пра нараджэнне новага этнасу.

XVII i XVIII стст. былi ўжо перыядам узмацнення i далейшага развiцця новых этнiчных прыкмет.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-06; Просмотров: 1819; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.007 сек.