Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Савецка-польская вайна 1919—1920 гг., яе вынікі




Слабасць савецкага рэжыму ў Беларусі. 14 лютага 1919 г. адбылася першыя польска-савецкія сутычка ля Бярозы Картузкай, якая і паклала пачатак вайне. Знясіленая грамадзянскай вайной Чырвоная Армія не магла аказаць добра ўзброенаму польскаму войску сур’ёзнага супраціўлення. Бальшавікі адчувалі сябе ў Беларусі вельмі ненадзейна. У сакавіку 1919 г. ім з цяжкасцю ўдалося задушыць антысавецкае паўстанне ў Гомелі і Рэчыцы галодных і незадаволеных сваімі камандзірамі чырвонаармейцаў з Курскай і Бранскай губерняў, якім кіраваў палкоўнік М.Стракапытаў і Палесскі паўстанскі камітэт эсэраў. Паўстанцы змагаліся за Расійскую Рэспубліку без бальшавікоў, але не ўлічвалі беларускую спецыфіку, а таму не маглі разлічваць на падтрымку мясцовых сялян. Вясной і летам 1919 г. сялянскія выступленні супраць бальшавікоў адбыліся ў Нясвіжы, калі горад ад 14 па 19 сакавіка быў ачышчаны ад бальшавікоў, мястэчку Мір, якое паўстанцы ў красавіку ўтрымлівалі чатыры дні, Барысаве ў сувязі з гвалтоўнай мабілізацыяй, у сяле Добрае, Мсціслаўскага павета на чале з Лявонам Зянькевічам, у раёнах Рагачова, Полацка, Слуцка, Старобіна. Сяляне не жадалі такой улады, якая рабавала іх да ніткі праз харчразвёрстку ды яшчэ прымушала абараняць яе са зброяй у руках. Пасля няўдач паўстанцы ішлі ў лясы, але бальшавікам не скараліся. Некаторыя з іх чакалі вызвалення ад бальшавікоў з дапамогай польскага войска.

Прарыў войска польскага да Дняпра. Таму наступленне палякаў на Беларусі ажыццяўлялася паспяхова. 19 красавіка 1919 г. польскія войсковыя злучэнні, у складзе якіх былі дзве беларуска-польскія дывізіі, захапілі Вільню. Урад Літ-Бела пераехаў у Мінск. Амаль адначасова (28 красавіка) палякі ўвайшлі ў Гродна і ліквідавалі там уладу ўрада БНР. Збіраючыся ў паход на Міншчыну, Віцебшчыну і Магілёўшчыну, Юзаф Пілсудскі шырока абвясціў жыхарам былога Вялікага Княства Літоўскага, што польскі меч нясе ім волю і дабрабыт. Гэта падрыхтавала прыхільную сустрэчу польскіх войск на беларускіх тэрыторыях. Арганізоўваліся асобыя паўстанцкія атрады, якія па ўзгадненню з польскім урадам дзейнічалі ў бальшавіцкім тыле. Але былі выпадкі, калі беларускія партызаны аказвалі супраціўленне польскім акупантам у першыя месяцы іх панавання (Случчына). 8 жніўня Мінск ужо знаходзіўся ў руках польскага генерала Станіслава Шаптыцкага. Польскае войска прасунулася да р.Бярэзіны (на лінію Любань—Барысаў—Полацк—Дзвінск) і тут фронт стабілізаваўся да вясны 1920 г. Большасць беларускіх земляў трапіла пад польскую акупацыю. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялітычная Рэспубліка перастала існаваць. Афіцыйнага акту яе самаліквідацыі не было. Кіраўніцтва Літ-Бел перабралася ў Смаленск, дзе нейкі час знаходзілася пры штабе Заходняга фронту разам з ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі. Ленінскі ўрад разглядаў былую Літ-Бел, занятую польскімі войскамі, як тэрыторыю Савецкай Расіі. БССР і Літ-Бел узору 1919 г. стаялі ўбаку ад магістральнай лініі нацыянальнага развіцця Беларусі, а таму бясслаўна і зніклі. У сакавіку 1920 г. наступленне палякаў узнавілася, і яны пры падтрымцы ўкраінцаў дайшлі да Дняпра. З поўдня націскаў Антон Дзянікін. Узнікла пагроза Маскве.

Маўклівае пагадненне Пілсудскага з Леніным. У красавіку, калі палякі занялі Кіеў, напалоханы ўрад Уладзіміра Леніна прапанаваў Польшчы ўсю тэрыторыю былой Літоўска-Беларускай Рэспублікі ўзамен на мірнае пагадненне. Правадыр савецкай Расіі выяўляў большую гібкасць, чым Антон Дзянікін, які змагаўся за рэстаўрацыю былой Расійскай імперыі ў поўным складзе. Таму Юзаф Пілсудскі і не падтрымаў маскоўскага наступлення дзянікінцаў. Ён ратаваў урад Уладзіміра Леніна, каб потым дзяліць з ім беларускія і ўкраінскія землі. Уладзімір Ленін лёгка ішоў на тэрытарыяльныя ўступкі, бо разлічваў на хуткую перамогу пралетарскай рэвалюцыі ў краінах Еўропы, а таксама на магчымую змену ваеннай сітуацыі на карысць савецкай Расіі.

Акупацыйны рэжым. Занятымі беларускімі тэрыторыямі кіраваў Генеральныкамісарыят усходніх земляў, створаны пры штабе Літоўска-Беларускага фронту. Яго узначальваў Ежы Асмалоўскі, былы паплечнік Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Новыя гаспадары разагналі найперш сялянскія рады (мясцовыя органы самакіравання), якія ўзніклі пад нямецкай акупацыяй і баранілі беларускія вёскі ад польскіх вайсковых фарміраванняў з канца 1918 г. Захопленыя на ўсход ад Беласточчыны беларускія землі дзяліліся на чатыры акругі -- Брэсцкую, Валынскую, Віленскую і Мінскую, а яны ў сваю чаргу -- на паветы на чале са старастамі. Грамадзянская акупацыйная адміністрацыя ва ўсім падпарадкоўвалася ваеннаму кіраўніцтву і самастойнага значэння практычна не мела. Польскія жаўнеры адбіралі ў сялян тое, што не паспелі прыбраць папярэднія акупанты.Даставалася і яўрэйскім гандлярам, крамыякіх аддаваліся на рабаванне. Ужоў жніўні1919 г. выйшаў загад аб вяртанні адчужанайбальшавікамі маёмасці былым уласнікам. Абшарнікі атрымлівалі вышэйшыя пасады як у цэнтры, так і на месцах ды не раз помсцілі вяскоўцам за самавольства. Але ў першую чаргу палякі распраўляліся з камуністамі, часам і з уяўнымі. За камуністычныя асяродкі прымаліся нават праваслаўныя цэрквы і сінагогі. Прадукты харчавання маглі атрымаць толькі тыя, хто ўступаў у польскія кааператывы, а ў апытальных лістах запісваўся палякам. Зразумела, што галодныя беларусы-католікі не маглі не павялічыць на заходнебеларускіх землях колькасць «польскага» насельніцтва. Якраз тут з 1919 г. зараджаўся інстытут асаднікаў. Для польскіх шавіністаў не было Беларусі і беларусаў, а былі «крэсы ўсходнія» і «крэсавякі». Польская акупацыя выклікала супраціўленне беларускага народа і давала добрую глебу для пашырэння бальшавіцкай прапаганды. Не выключалася і палітыка заляцанняў. 20 жніўня 1919 г. выходзіць чарговы загад аб карыстанні беларускай мовай. Яна дазвалялася ва ўжытку, але дзяржаўнай лічылася польская. Пайшла паланізацыя. Беларускія школы маглі працаваць толькі ў Мінскай акрузе. Вацлаву Іваноўскаму ўдалося адчыніць у Мінску Беларускі педагагічны інстытут. На Гродзеншчыне ж і Віленшчыне беларускія школы закрываліся, католікам перадаваліся праваслаўныя храмы. З усходняй Беларусі ў Польшчу вывозіліся рэдкія кнігі, карціны, музейныя каштоўнасці. І не выпадкова.

Польская стратэгія. Ужо ў першы год польскай акупацыі рыхтаваліся ўмовы для паступовага ўключэння беларускіх земляў у склад польскай дзяржавы. Але не ўсіх. Польскае кіраўніцтва (не выключана, што і Юзаф Пілсудскі) пачынала разумець усю нерэалістычнасць узнаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Прынцып большасці польскіх палітыкаў быў такі: «На ўсходзе трэба праглынуць роўна столькі, колькі можна асіміляваць за адно пакаленне». Усходняя Беларусь была для палякаў разменнай манетай, якую яны рыхтаваліся перадаць бальшавікам за іх згоду на адказ ад Беларусі заходняй. А таму заходнія беларускія землі паланізаваліся, а ўсходнія рабаваліся. Палякі паўтаралі манеўр папярэдніх акупантаў -- немцаў. Узнёслыя ідэалы польскіх сацыялістаў на чале з Юзафам Пілсудскім аб дзяржаўным саюзе (федэрацыі) народаў былой Рэчы Паспалітай, што ўзніклі яшчэ ў рэвалюцыйным 1905 годзе, разбіваліся аб жорсткую рэчаіснасць. Акупацыйная ваенная і цывільная адміністрацыі пра гэтыя ідэалы, магчыма, і не ведалі. Іх практычная дзейнасць адпавядала лініі нацыянальнага дэмакрата (эндэка) Рамана Дмоўскага на поўную інкарпарацыю заходнебеларускіх земляў. І ў сацыялістаў, і ў эндэкаў пераважала думка, што беларусы не здольны да незалежнага існавання і стварэння ўласнай дзяржавы (нібы не існавала БНР). Ідэя федэралізму выстаўлялася, трэба меркаваць, у тактычных мэтах. Тым больш, што яна не знаходзіла падтрымкі ў літоўцаў і поўнай падтрымкі ў украінцаў, якія імкнуліся да незалежнасці.

Спадзяванні на Пілсудскага. У Беларусі спачатку шмат хто чакаў дапамогі з боку Юзафа Пілсудскага. Беларускія дзеячы ведалі, што ён нарадзіўся на Віленшчыне і ўмеў размаўляць па-беларуску, што прымаў у сваё войска мясцовых сялян і не забараняў ім ужываць родную мову. 12-14 чэрвеня 1919 г. з дазволу акупацыйных улад працаваў з’езд беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны. У сваёй рэзалюцыі да ўсіх народаў і вялікіх дзяржаў свету дэлегаты выказалі настойлівае жаданне бачыць Беларусь непадзельнай. З’езд асудзіў намеры Аляксандра Калчака ўзнавіць Расійскую імперыю і падтрымаў ідэю стварэння федэратыўнай беларуска-літоўскай дзяржавы і Беларускага народнага войска. Абраную дэлегатамі Цэнтральную Беларускую раду Віленчыны і Гродзеншчыны ўзначаліў эсэр Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Потым яго замяніў прапольскі настроены Браніслаў Тарашкевіч. Не выключалася мажлівасць стварэння і беларуска-польскай федэрацыі. Пра гэта якраз ішла гаворка падчас сустрэчы дэлегацыі Рады з Юзафам Пілсудскім 20 чэрвеня. А на Парыжскай мірнай канферэнцыі ў ходзе перамоў Антона Луцкевіча з польскім прэмьерам Ігнатам Падэрэўскім справа дайшла да выпрацоўкі 1 ліпеня 1919 г. праекта дагавора паміж урадамі БНР і Польшчы, які прадугледжваў стварэнне беларускай дзяржавы ў саюзе з Польшчай. Але праект не атрымаў належнай падтрымкі ў польскага кіраўніцтва. Пасля заняцця польскімі войсковымі аддзеламі Мінска Юзаф Пілсудскі 19 верасня 1919 г. выступіў перад прадстаўніцтвам мінчан з прамовай па-беларуску. Ён ўжо недвухсэнсоўна дэклараваў неабходнасць для беларусаў дзяржаўнасці. У Мінску быў утвораны прадстаўнічы орган беларускіх арганізацый -- Часовы Беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК) на чале з Алесем Гаруном. Яго намеснікам быў Усевалад Ігнатоўскі. Камітэт падтрымліваў ідэю канфедэрацыі Беларусі з Польшчай, але дамагаўся ад польскага ўрада папярэдняга прызнання незалежнасці БНР і аднаўлення дзейнасці яе Рады. У польскай сталіцы 22 кастрычніка 1919 г. Юзаф Пілсудскі прыняў Антона Луцкевіча, які знаходзіўся ў Варшаве з 1-га верасня. І тады кіраўнік польскай дзяржавы абяцаў беларусам усяго толькі садзейнічыць у стварэнні беларускіх вайсковых фарміраванняў.

Пазіцыя Рады БНР: супраціўленне ці супрацоўніцтва? У Мінск нават з Берліна ехалі дзеячы БНР, якія ўключаліся ў культурна-асветную працу. 10 лістапада ўзнавіла сваю дзейнасць Рада БНР. На першым пасяджэнні беларускія эсэры не падтрымалі ідэю ўгодаўцаў паслаць прывітанне Юзафу Пілсудскаму. Гэта занепакоіла мясцовую польскую адміністрацыю. 20 лістапада Юзаф Пілсудскі выклікаў да сябе Антона Луцкевіча і прапанаваў замяніць дзяржаўны статус Рады БНР на нацыянальны і назваць яе Нацыянальная рада. Антон Луцкевіч дыпламатычна пагадзіўся і атрымаў дазвол на скліканне сесіі Рады БНР на 12 снежня. Сярод радаўцаў утварыліся дзве групоўкі. Беларускія эсэры і сацыял-федэралісты лічылі, што працаваць з акупантамі няма ніякай мажлівасці. Яны ўжо вялі з палякамі партызанскую барацьбу. На лістападаўскай (1919) канферэнцыі эсэраў было вырашана змагацца на два фронты: супраць польскіх улад і супраць прыхільнікаў дзянікінскай Расіі. З расійскімі бальшавікамі эсэраўскія лідэры спадзяваліся дамовіцца аб стварэнні незалежнай Беларускай сацыялістычнай рэспублікі. Але правацэнтрысты і часткова сацыял-дэмакраты даводзілі, што яшчэ ёсць надзея чакаць змен у польскай палітыцы да лепшага. Яны разлічвалі з дапамогай Польшчы ўзняць культурны ўзровень, нацыянальную самасвядомасць свайго народа і тым забяспечыць умовы для далейшай незалежнасці Беларусі. Большасць Рады лічыла гэта нерэальным.

Раскол Рады БНР. На гэтым грунце 13 снежня адбыўся раскол Рады БНР. Антыпольская фракцыя (50 чалавек) утварыла Народную раду БНР на чале з беларускім федэралістам Пётрам Крачэўскім і свой кабінет міністраў на чале збеларускімэсэрамВацлавам Ластоўскім. Тыя ж, хто спадзяваўся на падтрымку палякаў (37 чалавек), склалі Найвышэйшую раду БНР і выбралі свой урад на чале з сацыял-дэмакратам Антонам Луцкевічам. Праўда, у Мінску Луцкевіча не было. Ён знаходзіўся ў Варшаве (хіба не па сваей волі). Пасада старшыні Найвышэйшай рады дасталася федэралісту Івану Серадзе. Раскол Рады БНР аслабіў беларускі рух. І не выключана, што гэта было вынікам загадзя скаардынаванай акцыі прабальшавіцкіх палітыкаў.

Дзейнасць прапольскай партыі. Антон Луцкевіч хутка зразумеў, што польскія ўлады не падтрымаюць беларускую дзяржаўнасць. У лютым 1920 г. на прыёме ў Вільні Юзаф Пілсудскі прызнаў, што ён не хоча рабіць ніякіх палітычных уступак на карысць “беларускай фікцыі”. Гэта прымусіла Антона Луцкевіча пайсці ў адстаўку (28 лютага 1920 г.) і пераехаць у Вільню. Яго пераемнікам стаў Аркадзь Смоліч. У групу прапольскай арыентацыі ўваходзілі таксама Язэп Лёсік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Вацлаў Іваноўскі, кс.Адам Станкевіч. Спроба актывізаваць беларускае жыццё ў Мінску не мела поспеху. Землеўладальнікі настойвалі на інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы, а ў беларускіх эсераў варожасць да Польшчы толькі ўзрастала. Створаная ў жніўні 1919 г. у Вільні Беларуская вайсковая камісія (БВК) была афіцыйна прызнана Варшавай толькі 22 кастрычніка. У лістападзе яна пераехала ў Мінск і пад кіраўніцтвам Паўлы Алексюка спрабавала разгарнуць дзейнасць. У склад дзесяціасабовай БВК уваходзілі Алесь Гарун, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Францішак Кушаль. Іх праца не прынесла чакаемых вынікаў. Беларусам не ўдалося стварыць ніводнага ваеннага злучэння, якое б прыняло ўдзел у ваенных дзеяннях. Гэтаму ўсяляк перашкаджала польскае ваеннае камандаванне. Ніяк не спрыяў справе прынцып добраахвотнага набору, якога строга прытрымліваліся дзеячы БНР. Паралізоўвалася дзейнасць камісіі і нарастаючым расчараваннем Польшчай. Пазней, пры наступленні Чырвонай Арміі, Беларуская вайсковая камісія і падначаленыя ёй падраздзяленні перабраліся ў Лодзь, а потым па загаду польскіх улад прыпынілі сваю дзейнасць. У маі 1920 г. Найвышэйшая рада прапанавала дзяржаўны саюз Польшчы з Беларуссю па ўзору былой Рэчы Паспалітай у разліку прадухіліць падзел Беларусі паміж Польшчай і Расіяй. Аднак у чэрвені, з пагаршэннем становішча на ўсходнім фронце, яна ўжо патрабавала незалежнасці БНР і пратэктарату Лігі Нацый над тэрыторыяй Беларусі да склікання ўстаноўчага сейма.

Незалежнікі. А палітычны апанент Антона Луцкевіча -- Вацлаў Ластоўскі пасля двюх месяцаў польскай турмы ў лютым 1920 г. з’ехаў ў Коўну -- сталіцу Літоўскай Рэспублікі, дзе працавала забароненая польскімі акупантамі Народная рада БНР, і распачаў барацьбу за незалежнасць Беларусі ў саюзе з літоўцамі. Яго ўрад узяў на сябе функцыю міжнароднага прадстаўніцтва БНР. Вацлава Ластоўскага падтрымалі ўсе незалежніцкія партыйныя і грамадскія арганізацыі беларусаў, у тым ліку і Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, прадстаўнікі якой знаходзіліся ў Народнай радзе. Гэта партыя ўступіла ў адкрытую ўзброеную барацьбу за незалежнасць. Па вёсках ствараліся сялянскія дружыны, якія аб’ядноўваліся ў «Сувязь беларускага працоўнага сялянства». Барацьба вялася пад лозунгам: «Змагаймося -- зможам!» Але для самастойнай барацьбы не даставала сіл. Таму беларускія эсэры звярнуліся за дапамогай да бальшавікоў.

Прасавецкая арыентацыя. Са снежня 1919 г. існавала смаленскае эсэраўска-бальшавіцкае пагадненне аб сумесных дзеяннях супраць польскіх акупантаў. Партызанскай барацьбой кіраваў створаны ў Мінску Беларускі паўстанчы камітэт. Вынікі яго дзейнасці былі сціплымі. Пазнейшыя перамовы Палуты Бадуновай у Маскве (май 1920 г.) пераканалі частку беларускіх эсэраў, што ленінцы ніколі не пойдуць на прызнанне незалежнасці БНР і ўрада Вацлава Ластоўскага. Ленінскі ўрад, разгортваючы падполле і атрады «чырвоных партызанаў», імкнуўся скарыстаць беларускі рух у сваіх мэтах. Аднак левае крыло партыі эсэраў працягвала арыентавацца на саюз з бальшавікамі. Мелася надзея разам з беларускімі камуністамі атрымаць уладу ў створанай пасля выгнання палякаў беларускай савецкай дзяржаве. І гэту надзею ўсяляк падтрымліваўЦК Кампартыі Літвы і Беларусі, які ўжо немог тады ігнараваць беларускія нацыянальныя сілы. Былыя эсэры Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Каранеўскі, Міхась Кудзелька (паэт Міхась Чарот) і іншыя стварылі 1 студзеня 1920 г. Беларускую Камуністычную арганізацыю (БКА). Янамела сваім цэнтрам Беларускі педагагічны інстытут у Мінскуі абапірался на падтрымку вясковых настаўнікаў і сялян. Гэтая арганізацыя імкнулася разгарнуць партызанскую барацьбу супраць полякаў і накіраваць беларускі рух у чырвонае рэчышча. З вяскоўцамі беларускія камуністы размаўлялі на іх роднай мове, адстойвалі ідэю стварэння беларускай дзяржаўнасці. Такім чынам польскі шавінізм штурхаў беларусаў у абдымкірасійскіх бальшавікоў-інтэрнацыяналістаў. Але бальшавіцкі рух на Беларусі не быў толькі інтрыгай Масквы. Ён станавіўся адной з ідэйна-палітычных плыняў у беларускім грамадстве. Прадстаўнікі гэтай плыні ахвяравалі незалежнасць свайго краю на карысць ідэалаў сацыяльнай рэвалюцыі.

Спроба нацыянальнага паяднання. Новае кіраўніцтва Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта (Кузьма Цярэшчанка, Вацлаў Іваноўскі, Аркадзь Смоліч і інш.) настойвалі на неабходнасці кансалідацыі беларускага нацыянальнага руху. На працягу першай паловы 1920 г. ЧБНК дамагаўся правядзення Другога Усебеларускага кангрэса (з’езду) для вырашэння далейшага лёсу Беларусі. З гэтым пагаджаліся і беларускія партыі, але польскі ўрад не падтрымаў ініцыятыву ЧБНК. Падчас сустрэчы 20 лютага 1920 г. з Юзафам Пілсудскім Вацлаву Іваноўскаму ўдалося выгаварыць для беларусаў толькі права займацца культурна-асветнай справай у межах Міншчыны ды ўпарадкаваць справы арганізацыі беларускіх вайсковых аддзелаў.

Ваенныя дзеянні вясной і летам 1920 г. 14 мая 1920 г. Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, якое аднак хутка захлібнулася. Затое ў ліпені поспех спадарожнічаў чырвонаармейцам. Праводзілася шырокая мабілізацыя, ствараліся загараджальныя атрады для расстрэлу дызерціраў. Бальшавікі так і не адважыліся стварыць у Чырвонай Арміі беларускія вайсковыя фарміраванні. З 200 тыс. чалавек, мабілізаваных летам 1919 г. на беларускіх землях, на Заходні фронт было адпраўлена толькі 40 тыс. Затое масава прыцягваліся ў Беларусь вайсковыя злучэнні латышскіх чырвоных стралкоў. Малады камандуючы Заходнім фронтам Міхаіл Тухачэўскі, выхадзец з беларускай смаленскай шляхты, трымаў курс на Варшаву, каб распаўсюдзіць і на Еўропу ідэі сацыялізму. Адступленне польскага войска суправаджалася масавым марадзёрствам цывільнага насельніцтва. 11 ліпеня Чырвоная Армія захапіла Мінск, а да сярэдзіны жніўня падыйшла да подступаў Варшавы. Але там чырвоназорныя «пасланцы сацыялізму», часта галодныя і паўразутыя, сустрэлі ўпартае супраціўленне. А 16 жніўня войска польскае змагло перайсці ў контрнаступленне. У абароне Варшавы ўдзельнічалі 1-я і 2-я беларускія дывізіі, якія былі сфарміраваны з жыхароў мястэчак і вёсак паміж Віліяй і Нёманам. У выніку контрнаступлення Мінск зноў на нейкі час (15-17 кастрычніка) перайшоў у рукі пальскіх улад. Дзесяткі тысяч палонных чырвонаармейцаў, у тым ліку і беларусаў, гінулі ад голаду і хвароб.

Пачатак гандлю беларускімі землямі. Ужо ў ходзе наступлення на Варшаву савецкі ўрад пачаў дзяліць беларускія землі. Улічваючы, што Літва варагуе з Польшчай, 12 ліпеня 1920 г. ён схіліў літоўскае кіраўніцтва да падпісання мірнага дагавору ў Маскве. У адпаведнасці з ім ленінскі ўрад Расіі прызнаваўнезалежнасць Літоўскай Рэспублікі, а Віленскі край (з Гродна, Шчучынам,Лідай,Ашмянамі, Смаргонню, Браславам) -- яе неад’емнай часткай. 14 ліпеня Чырвоная Армія заняла Вільню, а пры вераснёўскім адступленні уступіла горад літоўскай арміі. Бальшавікі дабіліся таго, што літоўская дзяржава ўцягвалася ў вострую канфрантацыю з Польшчай і БНР, якія прэтэндавалі на гэтыя ж тэрыторыі. Заняўшы Вільню, літоўскае кіраўніцтва нічога не зрабіла для беларускай справы ў галіне адміністрацыі і культуры. У сувязі з гэтым беларускія арганізацыі Вільні выказалі недавер Дамініку Семашку, які з лютага 1920 г. выконваў абавязкі міністра беларускіх спраў ва ўрадзе Літвы, бо Язэп Варонка быў западазроны ў сувязях з Масквой і пакінуў гэтую пасаду. А паводле жнівеньскага дагавору 1920 г. з Латвіяй, Масква перадала ёй памежную паласу беларускіх земляў Віцебскай губерні разам з Дзвінскам. Праз беларускае насельніцтва Дзвіншчыны яна планавала ўплываць на палітыку суседніх дзяржаваў.

Адносіны бальшавікоў да аднаўлення БССР. Адначасова ішлі спрэчкі аб аднаўленні савецкай дзяржаўнасці ў Беларусі. Гэтага настойліва патрабавалі беларускія камуністы,якія даказалі сваю адданасць Маскве барацьбой з палякамі. Аб узнаўленніЛіт-Бела не магло быцьгаворкі. Літоўскі народ ужо стварыў сваю асобную дэмакратычную рэспубліку. Грамадзянская вайна пераканала Уладзіміра Леніна, што без падтрымкі прасавецкіх нацыянальных сіл бальшавіцкую «імперыю» не стварыць. А таму, каб прадухіліць пераход улады ў рукі нацыянальных сіл, бальшавікі апраналіся ў нацыянальныя вопрадкі. Створаная пры ЦК КП(Б) Літвы і Беларусі камісія, хоць і не знайшла ніякіх рэальных падстаў для ўтварэння беларускай савецкай рэспублікі, але мусіла выконваць дырэктывы Масквы.

Другое абвяшчэнне савецкай рэспублікі. З1 ліпеня 1920 г. была апублікавана Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). Яе тэрыторыя не мела пэўных межаў і складалася недзе з 18 паветаў пераважна Мінскай губерні. Масква ўжо паспела прыхапіць значную частку беларускіх земляў сабе, падзяліцца імі з Літвой і Латвіяй, а Беласточчыну ў перспектыве перадаць Польшчы пасля насаджэння там савецкай улады на чале з польскім камуністам Юліянам Мархлеўскім. Вызначэнне межаў з непакорнай Украінай адкладвалася. Савецкая Беларусь другога выдання не мела ўнармаванага ўрада. Яго функцыі выконваў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале з Аляксандрам Чарвяковым, створаны на аснове былога Мінскага ваеннага рэвалюцыйнага камітэта, што узнік яшчэ да заняцця Мінска бальшавікамі. У склад гэтай установы ўвайшлі лідэры беларускіх эсэраў і бундаўцаў. Беларускіяэсэры патрабавалі стварэння ўрада з прадстаўнікоў усіх сацыялістычных партый, арганізацыі самастойнага Беларускага войска і абвяшчэння поўнай незалежнасці Беларусі. Але Дэкларацыя толькі паўтарала Маніфест марыянетачнага ўрада Зміцера Жылуновіча ад1 студзеня 1919 г. Таму эсэры яе і не пажпісалі. Беларускія ж камуністы пайшлі на супрацоўніцтва з расійцамі, бо верылі ў іх падтрымку незалежнай камуністычнай Беларусі. Абласнікі ж прама заяўлялі, што разглядаюць ССРБ як нацыянальна-культурную аўтаномію беларусаў у складзе аднойМінскай губерні і то часовую. Вільгельм Кнорын старшыня ЦБ Кампартыі Беларусь (асобная ад Літвы з 5 верасня 1920 г.) інспіраваў з’яўленне ў канцы 1920 г. спецыяльнага цыркуляра аб перапісцы паміж камісарыятамі ССРБ абавязкова на рускай мове.

Пазіцыя ўрада БНР. Кіраўніцтва БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім не прызнала абвешчанай ССРБ і характарызавала другое ўсталяванне на Беларусі савецкай улады як маскоўскую акупацыю. Яно патрабавала ад ленінскага ўрада вываду Чырвонай Арміі і прызнання незалежнасці Беларусі. Патрабаванне незалежнасці прад’яўлялася і да Польшчы. Пры ўмове польскай падтрымкі гэтага патрабавання, беларускі ўрад згаджаўся на сумесную барацьбу з бальшавікамі. Тым больш, што Польшча ўжо прызнала Ўкраіну і Літву. У маі 1920 г. перад пагрозай падзелу Беларусі паміж Польшчай і Расіяй Вацлаў Ластоўскі быў гатовы на федэрацыю з Польшчай, калі б яна пагадзілая на стварэнне Беларуска-Літоўскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Апошнюю спробу дамовіцца з Польшчай Вацлаў Ластоўскі зрабіў у верасні 1920 г., калі літоўскае кіраўніцтва пасля адступлення бальшавікоў далучыла да сваёй дзяржавы Віленскі край. Але ні ў Маскве, ні ў Варшаве беларускіх дзеячоў не хацелі слухаць.

Усталяванне прапольскага рэжыму Жалігоўскага. Паслятаго,як Чырвоная Армія адкацілася пад ўдарамі войска польскага аж за Мінск, 9 кастрычніка1920 г. польскі генерал Люцыян Жалігоўскі, ураджэнец Ашмян і камандзір Літоўска-беларускай дывізіі, па ўзгадненню з Юзэфам Пілсудскім атакаваў новыя ўладанні Літвы, захапіўВільню і абвясціў сябе дыктатарам абвешчанай ім дзяржавы Сярэдняй Літвы. Літоўскі ўрад разарваў дыпламатычныя адносіны з Польшчай і фактычна пачаў з ёй неаб’яўленую вайну. На літоўскі бок стаў і ковенскі ўрад Народнай радыБНР на чале з Вацлавам Ластоўскім. Урад Найвышэйшай рады БНР падтрымаў акцыю Люцыяна Жэлігоўскага, але яна не прынесла чакаемых палітычных дэвідэнтаў. Назва “Заходняя Беларусь”, якая спачатку прызначалася для так званай новай дзяржавы, была адкінута. Дзейнасць урада і сейма Сярэдняй Літвы набывала пры дыктатары відавочны прапольскі змест.

Савецка-польскае перамір’е 1920 г. і яго ўмовы. 12 ліпеня 1920 г. англійскі міністр замежных спраў Джордж Керзан прапанаваў ваюючым бакам размежаванне па лініі Гродна--Ялаўка--Няміраў--Брэст. Аднак яно было адхілена савецкім і польскім урадамі. На мірных перамовах у Рызе (верасень-кастрычнік 1920 г.) Расія згаджалася перадаць Польшчы і Мінскую губерню ўзамен на прызнанне польскім бокам Украінскай ССР. Тым самым савецкі расійскі ўрад Уладзіміра Леніна свядома ішоў на ліквідацыю савецкай Беларусі, тэрыторыя якой якраз ўкладвалася тады у межы Мінскай губерні. Але эндэкі, магчыма, насуперак волі Юзафа Пілсудскага не дапусцілі далучэння да Польшчы ўсходніх земляў, бо баяліся, што іх праваслаўнае беларускае насельніцтва не ўдасца паланізаваць і што гэта акцыя можа выклікаць пагаршэння адносін з Расіяй, на ўладу ў якой у той час рэальна прэтэндаваў генерал Пётр Врангель. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе савецкая Расія і Украіна з аднаго боку і Польшча з другога заключылі перамір’е і папярэднія ўмовы міру. Дагавор аб перамір’і (п.1) прызнаваў незалежнасць савецкай Украіны і савецкай Беларусі. Польшча пайшла на прызнанне гэтых савецкіх рэспублік, а ўзамен змагла ўтрымаць занятыя падчас контрнаступлення вялікія беларускія і ўкраінскія тэрыторыі. Мяжа падзелу Беларускай Народнай Рэспублікі праходзіла адразу ж на захад ад Дрысы (поўнач), Мінска і Турава (на поўдні) і прыкладна супадала з лініяй нямецкіх акопаў Першай сусветнай вайны. Пасля падпісанна савецка-польскага перамір’я за абвешчанай ССРБ засталося ўсяго шэсць паветаў былой Мінскай губерні -- Мінскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі (52,3 тыс. кв. км), дзе пражывала крыху болей 1,5 млн. чалавек. 12 паветаў савецкай Беларусі адыйшлі Польшчы. Усе астатнія беларускія землі яшчэ раней забрала бальшавіцкая Расія.

Вынікі вайны. У лістападзе-снежні 1920 г. у Мінску праходзіў ІІІ з’езд КП(б)Б. Ён назначыў ад імя Масквы новую адміністрацыю. Яе ўзначаліў Аляксандр Чарвякоў, які аб’яднаў у сваіх руках пасады старшынь Цэнтральнага выканаўчага камітэта (квазі-парламента) і Савета народных камісараў (урада) Беларусі. Як і трэба было чакаць, мірны дагавор падпісваўся ў Рызе 18 сакавіка 1921 г. зноў без удзелу беларускай дэлегацыі. Гэты дагавор толькі падцвердзіў папярэднюю дамоўленасць Расіі і Польшчы аб падзеле паміж сабой Беларусі і Украіны. Урад БНР не прызнаў Рыжскі мір абавязковым для беларускага народа і абвясціў, што гэты народ будзе змагацца за сваю незалежнасць і непадзельнасць да канца. Аляксандр Чарвякоў жа маўчаў, хоць яшчэ пяць месяцаў раней (кастрычнік 1920) запэўніваў прадстаўнікоў БНР у Рызе, што беларускі савецкі ўрад «на падзел Беларусі не згодзіцца».

Палітычныя пратэсты. Усе дзеячы БНР аднесліся да прэлімінарнага савецка-польскага дагавору 1920 г. рэзка адмоўна і не прызналі яго. 8 лістапада сумесны пратэст супраць савецка-польскай змовы выказалі дэлегацыі Усходне-Галіцыйскай Рэспублікі і БНР, якія прыбылі ў Рыгу для абароны сваіх дзяржаўных інтарэсаў. Перад пагрозай падзелу Беларусі і агрэсіі з боку Расіі і Польшчы27 кастрычніка беларускі ўрад Вацлава Ластоўскага звярнуўся да краін Балтыі з ідэяй Чарнаморска-Балтыйскага саюза. Крыху пазней (18 снежня 1920) урад БНР папрасіў Лігу Нацый у Жэневе правесці на беларускіх землях плебісцыт.

Надзеі на Літву. 11 лістапада 1920 г. у Коўне быў заключаны літоўска-беларускі дагавор аб узаемапрызнанні і сумеснай барацьбе супраць польскіх захопніцкіх імкненняў. Абодвы бакі прыйшлі да згоды не падымаць пытанняў пра межы да таго часу, пакуль беларускія і літоўскія землі не будуць вызвалены ад акупантаў. Урад Вацлава Ластоўскага атрымаў дыпламатычнае прадстаўніцтва пры літоўскім урадзе, права экстэрытарыяльнасці ў Літве і ўрадавую пазыку. Дагавор 1920 г. даваў беларусам базу для нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Узамен на гэта беларускі ўрад у Коўне абавязваўся падтрымаць літоўскае кіраўніцтва ў час мяркуемага плебісцыту ў Сярэдняй Літве і прадставіць беларускія вайсковыя фарміраванні для абароны тэрыторыі літоўскай дзяржавы. У складзе арміі Літвы дзейнічаў Беларускі асобны батальён, дзе, праўда, служылі рускія афіцэры. У адпаведнасці з пагадненнем з літоўскім генеральным штабам ад 3 верасня 1920 г., пачалося фарміраванне «Саюза вольных беларускіх стралкоў» для партызанскай дзейнасці на беларускіх землях, занятых палякамі. Пагроза падзелу беларускіх земляў прымусіла ўрад БНР у канцы 1920 г. ужо прама заявіць у лісце на імя Лігі Нацый, што беларускаму насельніцтву выгадней увайсці на дагаворных пачатках у склад Літоўскай Рэспублікі, чым быць захопленым Польшчай. У стварэнні адзінага беларуска-літоўскага фронта супраць Польшчы выяўляла зацікаўленасць і Германія. Яна выдзеліла ўраду ВацлаваЛастоўскага 40 млн. марак крэдыту на арганізацыю партызанскай барацьбы.

Антысавецкія настроі. Расла незадаволенасць савецкімі парадкамі і ў народзе. Колькі ўжо разоў з 1915 г. паміж Дняпром і Бугам прасоўваліся варожыя войскі: спачатку нямецкія, потым бальшавіцкія, за імі польскія і нарэшце зноў бальшавіцкія. Чарговы прыход бальшавікоў у 1920 г. з іх харчразвёрсткай стаў той апошняй кропляй, якая перапоўніла народнае цярпенне. Людзі не маглі змірыцца, што новая дзяржаўная мяжа парушыла іх сваяцкія і сяброўскія сувязі. А таму ўзброеная барацьба беларускага народа за незалежнасць пачалася якраз там, дзе панавалі маскоўскія ўлады -- пераважна на савецкім паграніччы. Змаганне з бальшавіцкімі акупантамі вялося, як правіла, пад сцягам БНР, але адзінага кіруючага цэнтра ў паўстанцаў не было. Урад Народнай Рады БНР Вацлава Ластоўскага знаходзіўся далёка ў Коўне. А ўрад Найвышэйшай рады БНР фактычна апынуўся без аўтарытэтнага лідэра. Антон Луцкевіч не належаў да правадыроў тыпу Рабесп’ера ці Леніна.

Уступленне ў палітычную барацьбу Булак-Балаховіча. Найбольш вядомым арганізатарам антыбальшавіцкага ўзброеннага супраціўлення з’яўляўся Станіслаў Булак-Балаховіч, былы аграном з Віленшчыны, які ў час Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў прайшоў шлях ад шэрагоўца царскай арміі да генерал-маёра ў войску Мікалая Юдзеніча (таксама беларуса па свайму паходжанню). Пад уплывам кіраўніка вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі Канстанціна Езавітава генерал у лістападзе 1919 г. перайшоў на службу Беларускай Народнай Рэспублікі. Часовае ўтрыманне яго аддзела ўзяў на сябе эстонскі ўрад. У сакавіку 1920 г. гэты аддзел (да тысячы чалавек) перадыслакаваўся з дазволу польскага ўрада з Эстоніі ў Брэст. Але адразу пачаць змаганне за Беларусь Станіславу Булак-Балаховічу не прыйшлося. Юзаф Пілсудскі накіраваў яго на ўкраінскі фронт. Была засцярога, што генерал аб’яднаецца з беларускімі эсэрамі, якія рыхтавалі антыпольскае паўстанне. У верасні 1920 г. Станіслаў Булак-Балаховіч прарваў фронт Чырвонай Арміі і вызваліў Пінск. Генерал ішоў па пятах адступаючых чырвонаармейцаў і тым вельмі паспрыяў контрнаступленню польскага войска.

Булак-Балаховіч у планах Пілсудскага. Начальнік польскай дзяржавы імкнуўся скарыстаць балахаўцаў у барацьбе за “трэцюю Расію”, вольную ад бальшавікоў і манархістаў. 27 верасня Станіслаў Булак-Балаховіч мусіў заключыць дамову з лідэрам рускіх эсэраў Барысам Савінкавым, які ў той час узначальваў Рускі палітычны камітэт у Польшчы. Узамен на камандаванне расійскімі вайсковымі злучэннямі генерал прызнаў палітычнае верхавенства расійскага лідэра. Адначасова вёўся актыўны пошук добраахвотнікаў. Меўся план прарваць фронт каля Мазыра і рушыць на Смаленск, скарыстаўшы наступленне з Украіны генерала Пятра Врангеля. У ходзе перамоў з Расіяй аб міры восенню 1920 г. у Юзафа Пілсудскага (наперакор волі польскага ўрада) выспявае план стварэння буфернай беларускай дзяржавы з цэнтрам у Мінску. Выкананне яго прадугледжвала выкарыстанне арміі Станіслава Булак-Балаховіча. Ён павінен быў прабіцца праз савецкія тылы да Мінска, дзе і атрымаць уладу з рук польскай арміі, якая няспынна наступала на ўсход. У якасці палітычнай шыльды для акцыі Станіслава Булак-Балаховіча за плячыма Найвышэйшай рады БНР ствараўся сяміасабовы Беларускі палітычны камітэт (Вячаслаў Адамовіч, Павел Аляксюк, Радаслаў Астроўскі). 12 кастрычніка генерал заключае дамову з Беларускім палітычным камітэтам. Узамен на дапамогу ў арганізацыі беларускага войска Станіслаў Булак-Булаховіча абяцае перадаць Беларускаму палітычнаму камітэту ўладу пасля заняцця тэрыторыі Беларусі. Не адкідалася і мара пра паход на Маскву сумесна з арміяй генерала Пятра Врангеля. Таму акцыя Станіслава Булак-Булаховіча праводзілася сумесна з аддзеламі Барыса Савінкава. Аднак план перадачы ўлады ў Мінску праваліўся, бо быў зусім не рэальным. Станіслаў Булак-Балаховіч не меў дастаткова часу і сіл, каб у патрэбны момант апынуцца ў Мінску. Генерал чакаў падыходу ваенных атрадаў, якія фарміраваліся ў Любліне і іншых польскіх цэнтрах намаганнямі Расійскага палітычнага камітэта. А тым часам уступіла ў сілу польска-савецкае перамір’е 12 кастрычніка 1920 г., у адпаведнасці з якім усе антысавецкія злучэнні на тэрыторыях, падкантрольных Польшчы, мусілі быць распушчаны. 17 кастрычніка польскае войска пакінула Мінск, а ў пачатку лістапада пачало пакідаць і тыя раёны, якія па дамоўленасці адыходзілі да бальшавікоў. Тады Станіслаў Булак-Балаховіч атрымлівае неафіцыйны дазвол Юзафа Пілсудскага дзейнічаць у справе ўтварэння беларускай дзяржавы самастойна.

Беларускі паход Булак-Балаховіча. 25 кастрычніка армія Станіслава Булак-Балаховіча перайшла мяжу савецкай Беларусі. Упершыню за ўсю гісторыю ідэя вызвалення беларускіх земляў ад бальшавізму часова аб’яднала беларусаў, палякаў і рускіх, хоць ў складзе вызваленчай арміі згоды паміж імі і не было. Тым не менш, 6 лістапада Станіслаў Булак-Балаховіч вызваліў Тураў, 8 -- Петрыкаў, 10 – Мазыр. Бальшавіцкая харчразвёрстка спрыяла колькаснаму росту арміі (з 5,5 тыс. чалавек у кастрычніку да 11 тыс. чалавек у лістападзе). У Мозыры Станіслаў Булак-Балаховіч абвясціў незалежнасць Беларусі, а сам прыняў званне галоўнакамандуючага. Тут жа выдаецца загад аб фарміраванні Беларускага войска. Камандванне рускіх ваенных аддзелаў галоўнакамандуючы перадае свайму брату -- палкоўніку Язэпу Булак-Балаховічу. Урады Вацлава Ластоўскага і Антона Луцкевіча, а таксама бальшавіцкі ўрад Аляксандра Чарвякова абвяшчаліся самазваннымі. Беларускі палітычны камітэт ператвараўся ва ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён стаў першым беларускім урадам, які меў рэальную уладу над канкрэтнай часткай беларускай тэрыторыі. На пасаду беларускага прэм’ер-міністра быў прызначаны Вячаслаў Адамовіч (старэйшы). Паўла Аляксюк стаў намеснікам прэм’ер міністра і міністрам замежных спраў, Юры Сінкевіч – міністрам эканомікі, Радаслаў Астроўскі – міністрам асветы, палкоўнік Беляеў – ваенным міністрам. Урад Вячаслава Адамовіча выдаў маніфест да беларускага народа, дзе выклаў наступную праграму: барацьба за незалежнасць Беларусі, выпрацоўка канстытуцыі, канфіскацыя буйнай памешчыцкай маёмасці, цесны саюз з Польшчай і апора на краіны Антанты. Урад надаў Станіславу Булак-Балаховічу тытул начальніка беларускай дзяржавы. На працягу тыдня быў сфарміраваны Сялянскі партызанскі аддзел і вайсковы полк. Ніякіх пярэчанняў з боку рускіх пры ўсім гэтым не было.

Паражэнне Булак-Балахавіча. Пасля Мозыра, відаць, пад уплывам рускіх афіцэраў і Барыса Савінкава армія Станіслава Булак-Балаховіча, замест наступлення на Бабруйск – Мінск, рушыла ў напрамку Рэчыца – Гомель з надзеяй злучыцца з арміяй Пятра Врангеля. Аднак у хуткім часе стала вядома, што 14 лістапада рускі генерал быў разбіты чырвонаармейцамі. Гэта вельмі пахіснула баявы дух балахаўцаў. Заняць Рэчыцу не ўдалося. Камандаванне чырвонай арміі кінула ў Палессе значныя сілы, якія акружылі войскі Станіслава Булак-Балаховіча. Дывізіі генерала вымушаны былі адступаць. У канцы лістапада – пачатку снежня 1920 г. яны прабіваліся праз чырвоныя заслоны на падкантрольную Польшчай тэрыторыю, дзе і былі інтэрніраваны. І толькі некаторыя беларускія аддзелы засталіся ў савецкай Беларусі, каб распачаць антыбальшавіцкую партызанскую барацьбу. Пасля вайны праслаўлены генерал асталяваўся ў Белавежы, дзе займаўся дрэваапрацоўчай прамысловасцю, а ў маі 1940 г. загінуў у Варшаве падчас гестапаўскай аблавы як удзельнік польскага супраціўлення.

Прычыны паражэння. План захопу Станіславам Булак-Балаховічам Беларусі праваліўся. Гэты план не меў належнай падтрымкі з боку Польшчы, бо ўяўляў сабой толькі частку стратэгічнага разліку Юзафа Пілсудскага аднавіць саюзнае Польшчы Вялікае Княства Літоўскае пры ўдзеле генерала Люцыяна Жэлігоўскага і стварыць “Трэцюю Расію” пры ўдзеле генерала Пятра Врангеля. Аднак паход Пятра Врангеля на Маскву, а Люцыяна Жэлігоўскага – на Коўну не ўдаліся. Разлік на сялянскае паўстанне ў прыфрантавой Беларусі, нашпігаванай чырвонаармейцамі, не спраўдзіўся. Большасць вайскоўцаў арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча складалі рускія чырвонаармецы, трапіўшыя ў палон да палякаў і потым завербаваныя людзьмі Барыса Савінкава. Натуральна, што яны не мелі вялікага жадання ваяваць за незалежнасць Беларусі і пры першай мажлівасці пераходзілі на бок Чырвонай Арміі. У тых умовах памкненні Cтаніслава Булак-Балаховіча абапіраліся на рэвалюцыйны рамантызм і межавалі з палітычным авантурызмам. Змагаючыся з бальшавізмам, генерал не даацэнваў народную падтрымку, гнуў спіну перад Юзафам Пілсудскім, дзейнічаў на свой страх і рызыку, не пазбегнуў і памылак. Вядома, што яго вайсковыя часці, пераважна аддзелы рускіх эсэраў, дазвалялі сабе яўрэйскія пагромы. За жорсткасць Станіслава Булак-Балаховіча асуджаў і Антон Луцкевіч. Але антысемітызм не з’яўляўся лозунгам кіраўніцтва балахоўцаў. Дастаткова сказаць, што ў складзе арміі Станіслава Булак-Балаховіча знаходзіўся яўрэйскі эскадрон паручніка Цэйтліна. Відавочная залежнасць Станіслава Булак-Балаховіча ад Польшчы, а таксама саюз з Барысам Савінкавым звязвалі рукі генерала і не прыбаўлялі яму аўтарытэту сярод палітычных лідэраў Беларусі. Але яго паход сведчыў пра жывучасць беларускай ідэі.

Перадумовы Слуцкага паўстання. Зусім не выпадкова, што гэтае антысавецкае паўстанне выбухнула на слуцкай зямлі. Якраз тут, у Слуцку, з верасня 1917 г. пачала працаваць першая ў Беларусі беларуская гімназія. Случчына вылучалася заможнымі сялянскімі гаспадарамі. У часы БНР узнік Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны. Гэты камітэт ствараў па населенных пунктах мясцовыя рады, вёў актыўную культурна-асветную і кааперацыйную працу. У сакавіку 1919 г. у Слуцкім павеце выбухнула антыбальшавіцкае паўстанне, задушанае ўладамі. Пасля заняцця Слуцка палякамі там узнавілася культурна-асветніцкая дзейнасць. Працавалі беларускія школы і настаўніцкія курсы. А ў адказ на рабаванні польсіх вайскоўцаў пачынаўся партызанскі рух. Да ўсяго гэтага меў дачыненне Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны. У ліпені 1920 г. яго разагналі бальшавікі. Але з іх адступленнем 11 кастрычніка таго ж года ён выйшаў з падполля і ўзяў уладу на слуцкім абшары ў свае рукі. На дамах Слуцка віселі бела-чырвона-белыя сцягі, па вуліцах хадзіла беларуская міліцыя. Па валасцях выбіраліся камітэты самакіравання. Польскія ўлады глядзелі на ўсё гэта скрозь пальцы, бо па дагавору ад 12 кастрычніка Слуцкі павет перадаваўся бальшавікам.

Ход Слуцкага паўстання. 14-15 лістапада 1920 г. адбыўся І беларускі з’езд прадстаўнікоў Слуцка і Случчыны ў складзе 107 асобаў. Найбольшы ўплыў на ім мелі беларускія эсэры. З’езд заслухаў дэлегацыю Станіслава Булак-Балаховіча, але адмовіўся прызнаць яго верхавенства. Дэлегаты прынялі рэзалюцыю, у якой прызналі ўладу БНР, віталі «сястру Польшчу», а савецкі ўрад Вільгельма Кнорына характарызавалі як самазваны. Гучаў і заклік «Няхай жыве братэрства ўсіх славянскіх народаў!». З’езд абраў Беларускую раду Случчыны ў складзе 17 чалавек на чале з эсэрам Уладзімірам Пракулевічам, якой перадаў ўладу і даручыў фарміраванне войска. Набралася каля дзесяці тысяч добраахвотнікаў. Гэта дазволіла стварыць Першую Слуцкую брыгаду стралкоў войска БНР, якая складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Да паўстанцаў далучаліся дэзерціры-чырвонаармейцы. Абаронцы Случчыны мелі свой марш “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, напісаны ўдзельнікам паўстання Макарам Касцевічам (псеўданім – Макар Краўцоў). Зараз ён многімі прызнаецца за беларускі нацыянальны гімн. Слуцкая рада выконвала функцыю часовага ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі Слуцкага павета. Яна паслала Белрэўкому пратэст супраць падзелу незалежнай і непадзельнай БНР і намераў бальшавікоў увесці на іх тэрыторыю чырвоную армію. Але наступленне саветаў не удалося прадухіліць. Яно пачалося ў лістападзе 1920 г. пасля таго, як польскае войска выйшла са Слуцка. Насельніцтва Слуцкага і часткова Бабруйскага паветаў падтрымалі сваё кіраўніцтва. Армія паўстанцаў дасягала 4 тыс. чалавек і змагалася за незалежнасць Случчыны і БНР на працягу месяца. Вёска Семяжова некалькі раз пераходзіла з рук у рукі. Аднак перавага была на баку рэгулярнай арміі бальшавікоў. Некаторыя аддзелы Грозаўскага палка загінулі ў баях каля мястэчка Вызна поўнасцю. Надзеі на дапамогу Польшчы і на тое, што іх падтрымаюць у іншых месцах Беларусі, не спраўдзіліся. Перашкаджалі недахоп зброі, афіцэраў, правіянту, эпідэмія тыфу. Не сціхала барацьба за палітычнае лідэрства паміж эсэрамі і прыхільнікамі Станіслава Булак-Балаховіча, якую толькі ўскладнялі прадстаўнікі Найвышэйшай рады БНР. У выніку аб’яднання слуцкіх паўстанцаў з арміяй Станіслава Булак-Балаховіча так і не адбылося. У канцы снежня 1920 г. атрады паўстанцаў, якія ўжо не мелі боепрыпасаў, перайшлі на другі бок ракі Лань, дзе іх сустрэлі і інтэрніравалі польскія жаўнеры. Слуцкае паўстанне 1920 г. увайшло ў гісторыю беларускага народа як адна з яе гераічных старонак. Яно вялося пад лозунгам: «Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў». Гэта было першае самастойнае выступленне беларусаў за сваю нацыянальную незалежнасць. Цяпер і на Беларусі (праўда, неафіцыйна), і ў асяроддзі беларускай эміграцыі штогод у канцы лістапада адзначаюцца ўгодкі Слуцкага паўстання.

Іншыя сялянскія паўстанні. Яшчэ ў кастрычніку 1920 г. сяляне на чале з Паўлюком Калечыцам аб’явілі Койданаўскую Незалежную Рэспубліку, якую абаранялі чатыры дні, а потым перайшлі да партызанскай барацьбы. Паўстанцы выпусцілі адозву з заклікам змагацца за вольную і незалежную Беларусь. Лакальныя антысавецкія паўстанні, пераважна пад кіраўніцтвам беларускіх эсэраў, прайшлі ў Ігуменскім і Бабруйскім паветах. Адбылося паўстанне прызыўнікоў у Смаленску, паўстанне Мінскага гарнізона пасля бурнага мітынгу ў гарадскім тэатры. Буйныя антысавецкія выступленні з-за рэквізіцый і мабілізацый прайшлі ў Аршанскім, Барысаўскім і Гомельскім паветах. У лістападзе ў Гомелі, калі стала вядома пра набліжэнне генерала Станіслава Булак-Балаховіча, стыхійна ўспыхнула паўстанне рэкрутаў. Беларускія эсэры ўплывалі на стыхійны народны рух за незалежнасць праз кааператыўныя арганізацыі, дзе яны займалі кіруючыя пасады. У кастрычніку 1920 г. да старшыні БелрэўкомаАляксандра Чарвякова прыйшла зводкаад павятовых камісараў, якія дакладвалі, што «насельніцтва валасцей, даведаўшыся пра самавызначэнне Беларусі, не хоча прызнаваць ніякай улады, акрамя урада незалежнай Беларусі, і ставіцца вельмі варожа да арганізаваных валасных рэўкомаў, заяўляючы, што ўладу трэба выбіраць, а не назначаць з Масквы». Чужынцаў, што прыехалі ў абозе Чырвонай Арміі, сяляне вымушалі ратавацца ўцёкамі, а самі выбіралі свае органы самакіравання. Так, напрыклад, было ў Бяларуцкай, Халопеніцкай, Валасевіцкай валасцях Барысаўскага павета.

Спробы ўціхамірвання беларускага сялянства. Вынішчацьдух незалежнасці ў беларускага народа бальшавікі пачалі ўжо ў 1920 г. пад кіраўніцтвам Уладзіміра Леніна і пры маўклівай бездапаможнасці беларускіх камуністаў. Больш таго, гэтыя камуністы самі жорстка душылі народныя паўстанні. У савецкіх улад не хапала чыгуначных вагонаў, каб вывозіць арыштаваных ў халодную Сібір. Гэта быў змрочны час у гісторыі Беларусі. І пад канец 1920 г. адкрытая нацыянальна-вызваленчая барацьба згарнулася і трансфармавалася ў партызанку. У канцы лістапада 1920 г. каардынаваць антыбальшавіцкі партызанскі рух спрабавала “Беларуская сялянская партыя Зялёнага дуба”. Заснавальнікам яе быў Вячаслаў Адамовіч-старэйшы. Кіраўніцтва партызанскімі атрадамі ўзначальваў Вячаслаў Адамовіч-малодшы па мянушчы “Дзяргач”. З 26 лістапада ў Лунінцы (Заходняя Беларусь) пачаў дзейнічаць Галоўны штаб партызанскіх атрадаў на чале з Уладзімірам Ксяневічам па мянушчы “Грач”. Тэарэтыкам і ідэолагам партыі выступаў член Галоўнага штаба, беларускі пісьменнік Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.). “Зялёнадубцы” абвясцілі сваёй асноўнай мэтай змаганне за незалежную і непадзельную Беларусь.

Прычыны згортвання нацыянальна-вызваленчага руху. У ходзе бурных падзей 1919-1920 гг. беларусы ваявалі ў вайсковых злучэннях Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы, Эстоніі. Беларускае ж войска не ўдалося стварыць. Беларусь не было каму бараніць. савецкая Расія і новая Польшча нахабна выкарыстоўвалі людскія рэсурсы і тэрыторыю края ў асабістых інтарэсах. Каб адстаяць сваю нацыянальную дзяржаўнасць, беларусам не хапала нацыянальнай самасвядомасці, кіруючых кадраў, партыйнай арганізаванасці, палітычнага вопыту, а таксама геапалітычнай стабільнасці і падтрымкі з боку ўласных яўрэйска-рускіх гарадоў. Тэрытарыяльнаму падзелу Беларусі папярэднічаў падзел беларускай эліты на шляхецка-каталіцкую і сялянска-праваслаўную, якія потым апынуліся па розныя бакі дзяржаўнай мяжы. Не мелі беларусы і міжнароднай падтрымкі. Смяротны прысуд Беларускай Народнай Рэспубліцы фактычна быў вынесены ўжо ў Версалі.

* * *

Такім чынам, першая сусветная вайна перарвала мірны працэс нацыянальнай дыферэнцыяцыі і, не выключана, што мірнага распаду Расійскай імперыі на асобныя нацыянальныя дзяржавы. Вайна падштурхнула распад царскай імперыі. На яе руінах адбываецца ўзнаўленне беларускай дзяржаўнасці (БНР, cакавік 1918 г.). Але бальшавікі і пільсудчыкі зрабілі ўсё, каб яе знішчыць. У ходзе савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. яны раздзялілі не проста беларускія землі, яны раздзялілі тэрыторыю натуральна паўстаўшай беларускай дзяржавы. У студзені 1919 г. ленінцы стварылі часовую БССР усяго на два месяцы для дыпламатычнага прыкрыцця свайго захопніцкага паходу на Захад у мэтах экспарту сацыялізму, а ў 1920 г. проста вымушаны былі ўзнавіць савецкую Беларусь, каб супакоіць беларускіх бальшавікоў і ўтрымацца ва ўладзе.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 1588; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.039 сек.