Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Беларусь часы рэвалюцыі 1905-1907гг. “Нашаніўскі перыяд” беларускага нацыянальнага руху

У пачатку ХХ ст. у Расii склалася рэвалюцыйная сiтуацыя. Да гэтага часу былi канчаткова вычэрпаны магчымасцi адносна мiрнага развiцця капiталiзму ва ўмовах захавання перажыткаў феадалізму. Эканамiчны крызiс 1900–1903 гг. i руска-японская вайна 1904–1905 гг. садзейнiчалi абвастрэнню ўсiх супярэчнасцей. Рэвалюцыйны выбух у Расii стаў непазбежным.

У гэтых умовах паскорылася iдэйна-палiтычнае размежаванне ў грамадстве. У палiтычнай барацьбе вылучаюцца тры лагеры: урадавы, лiберальна-буржуазны i дэмакратычны. Кожны з iх меў сваю сацыяльную базу, мэты i задачы. Урадавы лагер абапiраўся на дваранства, вышэйшыя пласты чыноўнiцтва i армii, яго падтрымлiвала буйная манархiчна настроеная буржуазiя. Усе яны iмкнулiся захаваць самадзяржаўе i не дапусцiць карэнных змен у дзяржаўна-палiтычным ладзе Расii. У лiберальна-буржуазны лагер уваходзiлi буйная i сярэдняя буржуазiя, некаторыя прагрэсіўныя памешчыкi, буржуазная iнтэлiгенцыя. Лiбералы марылi аб палiтычных свабодах, жадалi лiквiдаваць перажыткi феадалізму, але баялiся рэвалюцыi i абмяжоўвалiся толькi мiрнымi сродкамi ўздзеяння на самадзяржаўе. Дэмакратычны лагер складалi пралетарыят, сялянства, радыкальна настроеная iнтэлiгенцыя, шырокiя непралетарскiя дэмакратычныя пласты горада i вёскi. Iх агульнай найблiжэйшай мэтай было знiшчэнне ўсiх рэшткаў феадалізму, у тым лiку i памешчыцкага землеўладання, звяржэнне самадзяржаўя i ўсталяванне дэмакратычнай рэспублiкi.

9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу было растраляна мiрнае шэсце рабочых, якiя накiроўвалiся да цара з просьбай палепшыць становiшча народа. Гэтая падзея выклiкала магутную хвалю пратэсту. Стачкi, дэманстрацыi i мiтынгi рабочых пракацiлiся па ўсёй краiне. Iх размах сведчыў аб тым, што ў Расii пачалася рэвалюцыя. На Беларусi ў студзеньскiя днi 1905 г. забастоўкi салiдарнасцi адбылiся ў 30 гарадах i мястэчках, а колькасць iх удзельнiкаў склала 34 тыс. чалавек. Iнiцыятарамi i кiраўнiкамi рэвалюцыонных выступленняў рабочых былi перш за ўсё Бунд i РСДРП, у некаторых месцах – эсэры i БСГ. У студзенi забастоўкi рабочых мелi выразна палiтычны характар.

У лютым – сакавiку колькасць палiтычных выступленняў рэзка зменшылася, але адбылося значнае павелічэнне эканамiчных забастовак. Iзноў хваля палiтычных выступленняў узнялася ў сувязi са святкаваннем дня 1 Мая. У чэрвенi на Беларусi адбылiся мiтынгi салiдарнасцi з рабочымi Лодзi, Варшавы, Адэсы, Iванава-Вазнясенска, з рэвалюцыйнымi матросамi Чарнаморскага флоту, якiя iшлi ў авангардзе рэвалюцыйнага руху. Увогуле ў красавiку–чэрвенi 1905 г. палiтычныя выступленнi ахапiлi 56 гарадоў i мястэчак Беларусi, у iх удзельнiчала каля 100 тыс. чалавек. У гэты ж час узмацнiлася i эканамiчная барацьба рабочых.

Вясною 1905 г., як следства ўздзеяння рабочага руху, на Беларусi разгарнуўся масавы рэвалюцыйны рух сялянства. Колькасць сялянскiх выступленняў у красавiку–чэрвенi ўзрасла да 237 супраць 53 у студзенi–сакавiку. Галоўным патрабаваннем сялян было знiшчэнне памешчыцкага землеўладання. Найбольшым уплывам сярод сялян карысталiся эсэры i БСГ. Менавiта яны ў сакавiку 1905 г. арганiзавалi i правялi ў Мiнску сялянскi з’езд, на якiм быў створаны Беларускi сялянскi саюз. Удзельнiкi з’езду прыйшлi да высновы, што атрымаць зямлю можна толькi шляхам узброенай барацьбы з самадзяржаўем.

6 жнiўня 1905 г. Мiкалай II падпiсаў Манiфест аб склiканнi “законадарадчай” Дзяржаўнай думы. Паводле праекта, распрацаванага мiнiстрам унутраных спраў А.Булыгiным, ад выбараў у Думу адхiлялiся працоўныя масы горада i вёскi. Практычна ўсе рэвалюцыйна-дэмакратычныя партыi выступiлi супраць булыгiнскай Думы i выставiлi лозунг яе байкоту. У жнiўнi–вераснi 1905 г. рух пратэсту супраць булыгiнскай Думы ахапiў многiя гарады i мястэчкi Беларусi. Выбары ў булыгiнскую Думу былi сарваны.

Восенню 1905 г. шматлiкiя агульнагарадскiя стачкi злiлiся ва Усерасiйскую палiтычную стачку. Ва ўсёй Расii баставала звыш двух мiльёнаў чалавек. У ходзе Усерасiйскай палiтычнай стачкi ў многiх гарадах Расii ўзнiкалi агульнагарадскiя выбарчыя стачачныя камiтэты i камiсii, якiя атрымалi назву Саветы рабочых дэпутатаў. На Беларусi стачачныя камiтэты i каалiцыйныя саветы дзейнiчалi ў Мiнску, Вiцебску, Гродне, Брэсце, у iншых прамысловых цэнтрах i буйных чыгуначных вузлах.

17 кастрычнiка 1905 г. Мiкалай II падпiсаў Манiфест аб палiтычных свабодах i надзяленнi Дзяржаўнай думы заканадаўчымi паўнамоцтвамi. 18 кастрычнiка ў дзень абвяшчэння Манiфеста ў Мiнску на плошчы каля Вiленскага чыгуначнага вакзалу адбыўся мiтынг, у якiм удзельнiчалi каля 20 тыс. чалавек. Каб разагнаць мiтынгуючых, губернатар Курлаў загадаў прымянiць зброю. У вынiку чаго было забiта каля 100 чалавек i да 300 чалавек паранена. У гэты ж дзень крывавыя сутычкi адбылiся ў Смаргонi i Полацку. Увогуле кастрычнiцкая палiтычная стачка ахапiла 32 населеныя пункты Беларусi, а колькасць стачачнiкаў толькi ў прамысловасцi дасягнула 66 тыс. чалавек.

У снежнi 1905 г. палiтычная барацьба пралетарыяту Расii працягвалася. У Маскве яна перарасла ва ўзброенае паўстанне. У снежаньскiя днi палiтычныя забастоўкi адбылiся ў Мiнску, Гомелi, Мазыры, Пiнску i iншых гарадах. Забастоўка ахапiла большасць чыгуначных вузлоў Беларусi. У апошнія месяцы 1905 г. зноў узрос сялянскi рух. На Беларусi ў кастрычнiку было 54 выступленнi сялян, у лiстападзе – 154, а ў снежнi – 286. Усерасiйская палiтычная стачка выклiкала больш моцныя, чым раней, выступленнi ў армii. У лiстападзе хваляваннi салдат адбылiся ў Гродне, у Бабруйскай i Брэсцкай крэпасцях. Iх удзельнiкi выказвалi салiдарнасць з паўстаннямi матросаў Кранштата i Севастопаля.

Аднак збiць рэвалюцыйную хвалю ўладам ўсё ж такi ўдалося. У пэўнай ступенi гэтаму спрыяў Манiфест 17 кастрычнiка. У партыях дэмакратычнага лагера, якiя дагэтуль дзейнiчалi нелегальна, а зараз атрымалi магчымасць свабодна весцi прапаганду сваiх iдэй, пачалi праяўляцца розныя погляды наконт далейшых дзеянняў i сродкаў барацьбы. Увядзенне палiтычных свабод з задавальненнем сустрэла буржуазiя. Яна лiчыла, што рэвалюцыя дасягнула сваiх мэт i павiнна скончыцца. Хутка пачынаюць узнiкаць буржуазныя палiтычныя партыi i арганiзацыi.

Першымi з iх сталi Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты) i Саюз 17 кастрычнiка (акцябрысты). Кадэты заявiлi аб сваёй апазiцыi самадзяржаўю. Яны выступалi за канстытуцыйную манархiю, за знiшчэнне саслоўных прывiлеяў i iншых перажыткаў феадалiзму, за палiтычныя свабоды i поўнае раўнапраўе. Але яны не лiчылi неабходным канчаткова лiквiдаваць памешчыцкае землеўладанне. Для нацый яны прызнавалi толькi права на культурнае самавызначэнне. Акцябрысты занялi больш “правую” пазiцыю. Яны былi поўнасцю задаволены Манiфестам 17 кастрычнiка, выступалi за падтрымку манархiчнай улады i захаванне адзiнай i непадзельнай Расii.

У Беларусi больш спрыяльнымi аказалiся ўмовы для дзейнасцi партыi акцябрыстаў. Тут яе падтрымлiвалi рускiя чыноўнiкi-манархiсты, памешчыкi, праваслаўнае духавенства. Кадэты з-за адсутнасцi на Беларусi земстваў i вышэйшых навучальных устаноў не мелi тут неабходнай сацыяльнай глебы для сваёй дзейнасцi. Яны знайшлi падтрымку толькi з боку яўрэйскай буржуазii. Па агульнапалiтычных i нацыянальных пытаннях кадэтаў на Беларусi падтрымалi польскiя памешчыкi i каталiцкi касцёл. Кадэцкую праграму, дапоўнiўшы яе прынцыпамi каталiцкай веры, падтрымала створаная ў канцы 1905 – пачатку 1906 гг. Канстытуцыйна-каталiцкая партыя Лiтвы, якая стала саюзнiцай кадэтаў на Беларусi.

Да буржуазных партый, якiя дзейнiчалi на тэрыторыi Беларусi трэба аднесцi сiянiстаў. Пасля стварэння ў 1897 г. сусветнай арганiзацыi сiянiстаў на Беларусi хутка пачалi ўзнiкаць сiянiсцкiя гурткi. Аднак сiянiсты адмаўлялi ўдзел яўрэяў у рэвалюцыйным руху краiн дыяспары i мелi на мэце стварэнне самастойнай яўрэйскай дзяржавы ў Палесціне, якая аб’яднала б ўсiх яўрэяў свету. У час рэвалюцыi 1905–1907 гг. сiянiсты падтрымлiвалi кадэтаў.

Правы ўрадавы палiтычны лагер, каб абараняць iнтарэсы самадзяржаўя ва ўмовах адкрытай палiтычнай барацьбы, таксама пачаў фармiраваць свае палiтычныя партыi. Самай уплывовай з iх быў “Саюз рускага народа”. Яго членаў рэвалюцыянеры называлi чарнасоценцамi. У канцы 1905 – пачатку 1906 г. арганiзацыi “Саюза рускага народу” былi створаны ў Мiнску, Гомелi, Вiцебску i iншых гарадах Беларусi. Да партый правага кансерватыўнага накiрунку адносiлiся таксама “Партыя рускага сходу”, “Партыя народнага цэнтра” і шэраг іншых. Усе яны займалi крайне манархiчныя пазiцыі, абаранялi iнтарэсы памешчыкаў i праваслаўнай царквы, выступалi за непарушнасць самадзяржаўнай улады, захаванне памешчыцкага землеўладання, за тэрытарыальнае адзiнства Расii.

Пасля снежаньскiх падзей 1905 г. рэвалюцыйны рух паступова iдзе на спад. Усплёскi палiтычных выступленняў у 1906 г. назiралiся ў студзенi – у сувязi з гадавiнай “Крывавай нядзелi” i ў красавiку, калi адзначалася свята 1 Мая. Адначасова ўзмацнялася i эканамiчная барацьба. Рабочых актыўна падтрымлiвалi сяляне i вайскоўцы. У лiпенi–снежнi 1906 г. даволi актыўна працягвалася толькi эканамiчная барацьба. Вясной 1907 г. рэвалюцыйны ўздым назiраўся, але ён быў найслабейшым за ўвесь перыяд рэвалюцыi.

3 чэрвеня 1907 г. Мiкалай II выдаў загад аб роспуску II Дзяржаўнай думы i аб змяненнi выбарчага закону. Паколькi па Манiфесту 17 кастрычнiка новы закон не мог дзейнiчаць без ухвалення яго Дзяржаўнай думай, то гэты крок урада з’яўляўся, па сутнасцi, дзяржаўным пераваротам. Падзеi 3 чэрвеня сведчылi аб заканчэннi першай расiйскай рэвалюцыi.

Паражэнне рэвалюцыi 1905–1907 гг. не азначала вяртання да мiнулага. У Расii, хоць i ва ўрэзаным выглядзе, iснавалi палiтычныя свабоды, былi створаны i атрымалi магчымасць легальнай дзейнасцi розныя палiтычныя партыi, засталася Дзяржаўная дума, працоўныя дабiлiся значнага паляпшэння эканамiчных умоў свайго жыцця. Рэвалюцыя аказала моцны ўплыў на рабочы i нацыянальна-вызваленчы рух не толькi ў Расii, але i ва ўсiм свеце. Аднак галоўная мэта рэвалюцыi – звяржэнне самадзяржаўя i знiшчэнне памешчыцкага землеўладання – не была дасягнута.

Наступленне рэакцыi пасля трэцячэрвеньскага дзяржаўнага перавароту выразiлася ў дзейнасцi атрадаў жандармерыi, арышце кiраўнiкоў i актыўных удзельнiкаў рэвалюцыйных выступленняў, закрыццi рэвалюцыйных газет, забароне прафесiйных саюзаў. Ад гэтага больш за ўсiх пацярпелi левыя партыi i арганiзацыi, якiя былi вымушаны значна скарацiць цi ўвогуле прыпынiць сваю дзейнасць. Былi вельмi аслаблены i партыi лiберальна-буржуазнага цэнтра. Распалiся некаторыя правiнцыяльныя арганiзацыi кадэтаў, у тым лiку i на Беларусi, скарацiлася колькасць iх друкаваных органаў.

У той жа час актывiзавалася дзейнасць правых манархiчных арганiзацый. Яны разгарнулi шырокую агiтацыю супраць яўрэяў, палякаў, каталiцкага касцёла, а таксама супраць беларускага нацыянальнага руху. У гэты час адбылося арганiзацыйнае афармленне “западнороссов”. Як iдэалогiя “западнорусизм” узнiк пасля паўстання 1863–1864 гг. “Западнороссы” прызнавалi беларусаў самастойнай народнасцю, але разглядалi iх як састаўную частку рускага народа, у якi ўключалi яшчэ вялiкарусаў i ўкраiнцаў. Галоўнай сваёй мэтай “западнорусизм” лiчыў барацьбу супраць польскага i каталiцкага ўплыву на беларусаў. Актыўным дзеячам i iдэолагам “западнорусизма” быў Л.Саланевiч. Ён з’яўляўся адным з арганiзатараў “Белорусского общества”, выдаваў газеты “Белорусская жизнь” (1909–1911 гг.) i “Северо-западная жизнь” (1911–1915 гг.). Л.Саланевiча актыўна падтрымлiваў П.А.Сталыпiн.

Беларускi нацыянальны рух пасля рэвалюцыi апынуўся ў цяжкiм становішчы. БСГ як палітычная партыя перастала існаваць. Яе кiраўнiкi сканцэтравалi сваю ўвагу на легальнай дзейнасцi. У гэты час ім прыходзiлася весцi барацьбу на два фронты – супраць рускiх i супраць польскiх нацыяналiстаў, якiя не жадалi прызнаваць самастойнасць беларускага народа.

У паслярэвалюцыйны перыяд цэнтрам беларускага нацыянальна-культурнага руху стала газета “Наша нiва”. Яна выдавалася з лiстапада 1906 г. па жнiвень 1915 г. у Вiльнi. У склад рэдакцыi ўваходзiлi I. i А. Луцкевiчы, В.Ластоўскi, В.Iваноўскi, А.Уласаў. Газета друкавалася кiрылiцай (для праваслаўных беларусаў) i лацiнкай (для беларусаў-католiкаў). “Наша нiва” займала лiберальныя асветнiцкiя пазiцыi. Галоўным у сваёй дзейнасцi “нашанiўцы” лiчылi барацьбу за захаванне адзiнства беларускага народа, за пераадоленне яго рэлiгiйнага расколу.

Значную ўвагу “Наша нiва” надавала прапагандзе беларускай нацыянальнай культуры, развiццю беларускай мовы. Пры газеце ствараўся беларускi нацыянальны музей. З 1910 г. “Наша нiва” выдавала адрасаваны сялянам “Беларускi каляндар”, з 1912 г. сельскагаспадарчы аддзел газеты быў пераўтвораны ў самастойны часопiс “Саха”, у гэты ж час для моладзi пачаў выдавацца лiтаратурны месячнiк “Лучынка”. “Наша нiва” разам з другiм буйным беларускiм выдавецтвам “Загляне сонца i ў наша ваконца” забяспечвала выхад мастацкай i навукова-папулярнай кнiжнай прадукцыi. “Наша нiва” выхавала цэлую плеяду беларускiх пiсьменнiкаў, грамадска-палiтычных дзеячаў, навукоўцаў, сярод якiх Я.Колас i Я.Купала, А.Пашкевiч i М.Багдановiч, А.Гарун i М.Гарэцкi, З.Бядуля i Ц.Гартны.

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Фарміраванне палітычных партый. Нацыянальнае адраджэнне. Першыя палітычныя арганізацыі | Беларусь у гады Першай сусветнай вайны
Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 1113; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.012 сек.