Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 4. Фарміраванне беларускага этнасу і яго культуры ў перыяд сярэднявечча 5 страница

Такім чынам, паглынання Каронай ВКЛ і нават утварэння ўнітарнай дзяржавы не адбылося. Кіруючым вярхам княства ўдалося захаваць яго самастойнасць у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай.

 

2. У адпаведнасці з Люблінскай уніяй вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады ў Рэчы Паспалітай былі кароль і парламент. Пасада караля з’яўлялася выбарнай, а парламент (сейм) складаўся з дзвюх палат – сената і пасольскай ізбы. Як вышэйшы кіруючы орган сенат (рада) фарміраваўся тэрмінам на два гады з найбольш знатных і ўплывовых прадстаўнікоў духоўных (на чале з арцыбіскупам гнезненскім) і свецкіх феадалаў, усяго да 150 чал. Больш за 200 дэпутатаў павятовых сеймікаў складалі пасольскую ізбу. Папярэдне абмеркаваныя пастановы аднагалосна прымаліся на агульным пасяджэнні сейма і пасля зацвярджэння іх каралём набывалі сілу закона. Іншая справа, што калі дэпутат, спасылаючыся на права liberum veto, галасаваў супраць, то адхіляўся ўвесь заканапраект.

Вышэйшая выканаўчая ўлада ўскладалася на караля: ён мусіў склікаць сеймы і паспалітае рушанне, прызначаць асоб на вышэйшыя пасады і інш. Акрамя таго, кожны кароль быў абавязаны падпісваць і захоўваць пэўны комплекс дамоў са сваімі выбаршчыкамі. Так, пасля смерцi Жыгiмонта II Аўгуста (1572) шляхта прад’явіла новаму каралю Генрыху Валуа (1573-1574) пэўныя ўмовы, якія знайшлі адбітак у двух актах – “Пакта канвента” і “Генрыкавых артыкулах”. Паводле першага дакумента, кароль абавязаўся праводзіць палітыку, скіраваную на ўмацаванне знешніх сувязяў з Францыяй. Паводле другога, яго паўнамоцтвы строга рэгламентаваліся, прычым, кожны чарговы кароль мусіў зацвярджаць гэтыя артыкулы. Характэрна, што сам Генрых іх не падпісаў і яны набылі законную сілу толькі пад час каранацыі Стэфана Баторыя (1576-1586). У адпаведнасцi з iмi, абвяшчаліся свабоднае абранне караля і свабода хрысціянскага веравызнання. Манарх быў абавязаны склiкаць сеймы ў Варшаве праз кожныя 2 гады (з тэрмінам працы 6 тыдняў), а ў асобных выпадках – часцей. Дзейнасць манарха кантралявалася 16 сенатарамі-рэзiдэнтамі, ён не меў права склікаць агульнае апалчэнне (паспалітае рушанне) і ўсталёўваць новыя падаткі без згоды сойма. Шляхта набывала правы стварэння аб’яднанняў (канфедэрацый) і ўзброеных сіл. Адмова караля выконваць прад’яўленыя артыкулы вызваляла шляхту ад падпарадкавання яму і апраўдвала ўзброенае супраціўленне (рокаш).

Такім чынам, Рэч Паспалітая ўяўляла сабою канстытуцыйную саслоўную манархію. Сам кароль лiчыўся “першым сярод роўных” i абавязваўся захоўваць “залатыя шляхецкія вольнасці”.

На працягу амаль ста гадоў пасля Люблінскай уніі ВКЛ у палітычнай сістэме Рэчы Паспалітай мела статус самастойнай дзяржавы са сваімі тэрыторыяй, вышэйшымі (генеральны сеймік, канцылярыя, літоўскі трыбунал) і мясцовымі ўладнымі структурамі, заканадаўствам (Статут 1588 г.), дзяржаўнай мовай, войскам, мытняй, скарбам і інш. У тых умовах літоўска-беларуская шляхта не выказвала імкненняў парваць адносіны з Каронай. Так, спроба Я. Радзівіла аднавіць незалежнасць ВКЛ пад пратэктаратам Швецыі (Кейданская унія 1655 г.) не знайшла падтрымкі шляхты.

Разам з тым пад уздзеяннем важных падзей (рэфармацыя, утварэнне уніяцкай царквы, контррэфармацыя, войны другой паловы ХУІІ ст.) уплыў польскай шляхты на ўнутрыпалітычнае жыццё ВКЛ значна ўзрос. У прыватнасці, колішняя рэлігійная верацярпімасць саступіла месца наступу каталікоў на правы іншаверцаў. Так, па закону 1668 г., прынятаму ў Рэчы Паспалітай, пераход з каталіцтва ў іншую веру пагражаў стратай маёмасці і вызнаннем за межы краіны. Па закону 1733 г. праваслаўная і пратэстанцкая шляхта губляла магчымасць быць абранымі ў сейм і галоўны трыбунал.

Вядома ж гэтыя мерапрыемтсвы не маглі адбыцца без удзелу беларускай шляхты, якая больш залежала ад мясцовых магнатаў, чым ад караля. Акрамя іншага, ёй ўдалося аднавіць дзейнасць свайго генеральнага сойміка, які збіраўся ў Вільні. У 1673 г. сейм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову аб скліканні кожнага трэцяга агульнага заканадаўчага органа ў Гародні.

Гэтая ўступка літоўска-беларускай шляхце магла мець канструктыўны працяг у справе ўмацавання самастойнасці княства. Але яе асабістыя амбіцыі апынуліся мацней дзяржаўных інтарэсаў. Літоўска-беларуская шляхта адкрыта зайздросціла польскаму вышэйшаму саслоўю. Яе імкненне набыць такія ж “залатыя вольнасці”, далучыцца да “польскага народу шляхецкага” і тым узняць свой прэстыж, прымушала адмовіцца ад сваёй рэлігійнай (праваслаўнай) і нацыянальнай (беларускай) ідэнтычнасці на карысць каталіцкай і польскай. Адной з выразных прыкмет гэтай з’явы стала пастанова жнівеньскага сойму 1696 г., паводле якой шляхта ВКЛ дамаглася ад караля Рэчы Паспалітай увядзення на тэрыторыі княства польскай мовы ў якасці дзяржаўнай, замест беларускай. Тым самым дзяржаўнасць ВКЛ пазбавілася аднаго са сваіх важнейшых атрыбутаў. У выніку паміж саслоўямі шляхты з аднаго боку і сялянамі з мяшчанамі з другога – паглыбіўся раскол па рэлігійна-нацыянальнай прыкмеце. Прысутнасць на Беларусі так званага “польскага народу шляхецкага” ўзрасла, галоўным чынам, за кошт мясцовай знаці, якая занядбала інтарэсамі сваёй дзяржавы.

Пры гэтым шляхта як вышэйшае саслоўе па меры развіцця эканамічных, палітычных, духоўна-культурных працэсаў губляла былую еднасць і распадалася на групоўкі на чале з магнатамі. Па-першае, кароль перанёс сваю рэзідэнцыю ў Варшаву, таму іх ўплыў у найбольшай ступені адчуваўся менавіта ў княстве. Па-сутнасці, мясцовыя сеймікі выконвалі волю магнатаў, як правіла ігнаруючы дзяржаўныя інтарэсы. У тых умовах нават вышэйшы заканадаўчы орган – сейм – пачынае даваць збой. Так, за час з 1652 па 1764 гг. у вынiку подкупаў магнатамі яго дэпутатаў 48 пасяджэнняў з 55 было сарвана з-за выкарыстання “лiберум вета”.

У другой палове ХУІІ ст. слабасць каралеўскай улады і нядзеездольнасць сейма выклікалі сутыкненні паміж магнацкімі групоўкамі Пацаў, Агінскіх, Сапегаў, якія суправаджаліся ахвярамі і разбурэннямі. У час Паўночнай вайны ў шляхецкіх колах узнікла так званая Вялікакняжацкая канфедэрацыя, якая падтрымала Пятра І.

У ХУІІІ ст. барацьба паміж магнацкімі групоўкамі (Патоцкiмi i Бранiцкiмi, Радзiвiламi i Чартарыскiмi) і прыхільнікамі розных (Слуцкай, Барскай, Таргавіцкай) канфедэрацый атрымала далейшае развіццё ў той час, як усё грамадства Рэчы Паспалітай чакала кардынальных рэформ. Характэрна, што літоўска-беларуская шляхта не патрабавала ніякіх прывілеяў ні для сябе, ні для ВКЛ. На яго тэрыторыі працягвалі дзейнічаць Статут 1588 г., мясцовая адміністрацыя, ранейшыя шляхецкія тытулы, але разам з тым – і польская мова ў якасці дзяржаўнай. Невыпадкова ў другой палове ХУІІІ ст. у грамадскай думцы Рэч Паспалітая яшчэ працягвала існаваць як дзяржава двух народаў – Кароны і ВКЛ. Нават апошні яе кароль – ураджэнец маёнтка Волчын Берасцейскага павета Станіслаў Панятоўскі тытулаваўся як стольнiк ВКЛ, а Тадэвуш Касцюшка называў сябе літвінам.

Паказальным фактам, які сведчыў аб паступовым зніжэнні статусу ВКЛ як асобнай дзяржавы, можна назваць прыняцце сеймам Канстытуцыі 3 мая 1791 года, у якой ні словам не прыгадвалася існаванне княства. З гэтай нагоды літоўска-беларускім дэпутатам сейма давялося дамагацца ад караля прызнання распрацаванай імі 20 кастрычніка 1792 г. “Узаемнай гарантыі двух народаў”. Такім чынам, пэўная аўтаномія ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай заставалася да апошніх дзён яе існавання.

 

3. У Статуце 1588 г., акрамя іншага адбіўся падзел насельніцтва ВКЛ на саслоўі: шляхту, духавенства, мяшчан і простых людзей. Пачатак фарміраванню саслоўнай структуры быў пакладзены яшчэ ў канцы ХІУ-першай палове ХУ ст., калі частка літоўскай знаці каталіцкага веравызнання, прыняўшы прывілеі і гербы польскай шляхты (1413) паспрабавала выказаць свой асобы статус у параўнанні з астатнім праваслаўным служылым баярствам. Тым не менш з цягам часу (1432, 1434) набілітацыя (ад лацінскага nobilis – высакародны, радавіты, знатны) апошняга таксама адбылася з наданнем яму тых жа правоў і прывілеяў, незалежна ад веравызнання. Такім чынам, узнікла кансалідаваная сацыяльная група, якая першай заявіла аб сваіх палітычных і эканамічных прыярытэтах і дамаглася ад вялікага князя іх юрыдычнага прызнання. Прывілеем Казіміра 1447 г. усе баяры, у тым ліку, пабратаная з палякамі “шляхта”, набывалі асобыя эканамічныя (распараджэння вотчыннай маёмасцю), юрыдычныя (асабістая недатыкальнасць і інш.) правы. У 1522 г. вальны сойм вызначыў парадак доказу прыналежнасці тых ці іншых асоб да шляхты, каб прадухіліць пранікненне ў яго асяроддзе прадстаўнікоў падатковага насельніцтва. Тым самым вызначылася тэндэнцыя да замацавання існуючай сацыяльнай групы як прывілеяванага саслоўя пад запазычанай у палякаў назвай “шляхта” (szlachta), якая ў сваю чаргу паходзіў ад нямецкага “Geschlecht” (рыцар). Новы тэрмін замацаваўся значна пазней, а да сярэдзіны ХУІ ст., ён суіснаваў разам з тэрмінамі “князі”, “баяры” і “зямяне”.

Саслоўе феадалаў, якое займала пануючае становішча ў эканамічных і прававых адносінах, не ўяўляла сабой адзінага цэлага і падраздзялялася на шэраг груп, прыналежнасць да якіх залежала ад радавітасці (Рурыкавічы, Гедымінавічы і інш.), памераў землеўладання, колькасці залежных людзей, займаемай пасады ў дзяржаўным апараце і інш. Да ліку найбольш знатнай, багатай і ўплывовай шляхты варта аднесці магнатаў, якія мелі тытулы князёў і паноў (паны радныя, паны харугоўныя). У іх ліку – Алелькавічы, Валовічы, Гальшанскія, Гаштольды, Глябовічы, Ільінічы, Кішкі, Радзівілы, Пацы, Сангушкі, Тышкевічы, Хадкевічы, Чартарыйскія. Кожнаму з іх належалі велізарныя латыфундыі і не менш 1000 сялянскіх дымоў. Магнаты карысталіся ўсёй паўнатой маёмасных, асабістых і палітычных правоў. Іх маёнткі-вотчыны ўяўлялі сабой «дзяржавы ў дзяржаве». Яны мелі ўласныя ўзброеныя сілы, якія камплектаваліся з васальна-залежнай ад іх дробнай шляхты (баяр) і часткова сялян (панцырных баяр). Атрады такіх феадалаў, як князі Слуцкія, Радзівілы, Хадкевічы, складаліся з некалькі тысяч чалавек. Буйныя феадалы займалі ўсе найбольш важныя дзяржаўныя або прыдворныя пасады, якія прыносілі ім велізарныя прыбыткі.

Другую, сярэднюю групу складалі сярэднія феадалы, якія называ-ліся ў XVI ст. зямянамі-шляхтай і валодалі «добрай аселасцю», г. зн. добрым іменем, усяго каля 650 шляхцічаў, якія валодалі ад 21 да 500 сялянскімі дымамі. Незадоўга да падпісання Люблінскай уніі разам з магнатамі ім належала 48, 4 % сялянскіх гаспадарак. Зямянам-шляхце ў феадальнай іерархіі адводзілася больш сціплае становішча. Яны займалі другарадныя пасады ў дзяржаўным апараце і знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад князёў і паноў.

Да трэцяй, ніжэйшай групы шляхецкага саслоўя адносілася служылая шляхта – баяры, зямяне, якія за службу вялікаму князю або магнату атрымоўвалі невялікі надзел зямлі і самі працавалі на ім. Дробныя феадалы маглі займаць мясцовыя нязначныя дзяржаўныя пасады, знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад багацейшых феадалаў.

Прававое становішча шляхты, у параўнанні з іншымі саслоўямі, было абаронена найлепшым чынам. Толькі шляхціч меў права займаць пасады ў дзяржаўным апараце і судзе, свабодна купляць і прадаваць маёнткі, валодаць феадальна залежнымі сялянамі, без аплаты пошліны (мыта) вывозіць на продаж за мяжу прадукты, вырабленыя ў сваёй гаспадарцы, удзельнічаць у павятовых сойміках і быць абраным у дэпутаты на вальны сойм. Шляхцічу гарантавалася асабістая свабода, ён быў вызвалены ад падаткаў і павіннасцей, за выключэннем ваеннай службы і падаткаў на вайну.

Па рашэнні вялікага князя з Радай і асобных магнатаў для мяшчан і сялян, якія неслі ваенную (баярскую) службу быў магчымы пераход у шляхецкае саслоўе. Прыналежнасць да вышэйшага саслоўя можна было страціць у сувязі з учыненым шляхцічам злачынствам, але па рашэнні суда. Тое ж магло адбыцца, калі шляхціч пачаў здабываць сабе сродкі да існавання, займаючыся рамяством або гандлем.

Да вышэйшага саслоўя адносілася духавенства хрысціянскага веравызнання, за выключэннем манаства. Акрамя таго, царква ператварылася ў буйнога феадала, якому належалі значныя зямельныя ўладанні і залежнае сялянства.

 

4. У канцы ХУ-пачатку ХУІ стст. асноўнымі вытворчымі адзінкамі былі сялянскія гаспадаркі – «дымы», маёнткі феадалаў – двары, а таксама фальваркі. Аснову гаспадаркі складала зямляробства. Сялянскае землекарыстанне было надзельным і абшчынным. Сяляне адной вёскі сумесна з феадалам карысталіся лясамі, сенажацямі, пашай, вадаёмамі.

Важнай урадавай пастановай, накіраванай на павелічэнне даходнасці і таварнасці феадальных гаспадарак, была «Устава на валокі» 1557 г. У гэтым законе ўсе землі прызнаваліся ўласнасцю дзяржавы або феадала, у тым ліку і тыя, якія належалі сялянам па звычаёваму праву “отчыны”, “дзедзіны” і інш. Статут 1566 г. пацвердзіў новае палажэнне і, акрамя таго, забараніў сялянам яе куплю-продаж. Такім чынам, усе сяляне пазбаўляліся зямельнай уласнасці, а ў выніку “валочнай памеры” атрымалі зямлю – надзелы і ўчасткі (на абшчынным полі) у карыстанне разам з комплексам абавязковых павіннасцяў.

Дробная шляхта абавязана была даказаць сваю прыналежнасць да вышэйшага саслоўя і свае правы на зямельнае ўладанне. Пры адсутнасці адпаведных дакументаў яна пазбаўляліся азначаных правоў і разглядалася як арандатар зямлі або пераводзілася ў разрад падатковага насельніцтва. У некаторых выпадках дробнаму шляхцічу ўзамен ранейшага ўладання выдзяляўся іншы ўчастак, як правіла, горшай якасці і за межамі зноў створаных фальваркаў – “за сцяной”, і такіх уладальнікаў сталі называць засцянковай шляхтай.

Аграрная рэформа, распачатая Жыгімонтам ІІ Аўгустам у 1557 г. у вялікакняскіх уладаннях Літвы, Заходняй Беларусі і часткова Украіны, завяршылася каля 1570 г. У Цэнтральнай і Усходняй Беларусі яна праводзілася да канца ХУІІ ст.

Разам з панскім дваром, гаспадарка якога забяспечвала ўнутраныя патрэбы землеўладальніка, пашырыліся фальваркі, зарыентаваныя на вытворчасць сельскагаспадарчых прадуктаў і іх продаж на рынку. Замацаванне за кожнай фальваркавай валокай 7 сялянскіх забяспечвала высокую даходнасць гаспадарак. Іншая справа, што самі сяляне неахвотна бралі адведзеную ім валоку зямлі, паколькі памер падаткаў у параўнанні з ранейшай сістэмай (“са службы”, “з дыму” і інш.) рэзка павялічваўся. За карыстанне зямлёй у эканоміях і прыватных ўладаннях для сялян ўсталёўваліся тыя павіннасці, якія больш адпавядалі эканамічным інтарэсам іх гаспадароў. У сваёй большасці від гэтых павіннасцяў абумовіў падзел сялянства на цяглых і асадных (аброчных). Паводле Статутаў 1566 і 1588 гг. пражыванне “пахожых” у аднаго гаспадара на працягу 10 гадоў ператварала іх у тых жа прыгонных, а час пошуку ўцекачоў павялічваўся з 10 да 20 г.

На ўсходзе краіны, дзе аграрная рэформа завяршылася пазней, фальваркава-паншчынная сістэма не зрабілася дамінуючай. Таму тут асноўнымі павіннасцямі сялян заставаліся грашовая (чынш) і прадуктовая рэнта. Тут жа захавалася абшчыннае землекарыстанне.

Аграрная рэформа, у цэлым, выклікала нездавальненне сялян. Пэўная іх колькасць, каб зменшыць аб’ём падаткаў, брала толькі палову валокі, а астатнія, патрэбныя для існавання гаспадаркі землі, шукала далей ад вачэй панскіх служак. Іншыя сяляне ў тых жа мэтах пісалі просьбы аб пераводзе іх у іншыя катэгорыі падатковага насельніцтва. Нарэшце, у адказ на ўзмацненне эканамічнага прыгнёту і асабістай свабоды сяляне ўцякалі ад сваіх гаспадароў. Так, толькі з 1590 па 1647 гг. у адмін-страцыі Радзівілаў было заведзена больш 200 спраў на ўцекачоў. Але сістэма дзяржаўнага кіравання і феадальнага гаспадарання ў Рэчы Паспалітай была дастаткова моцнай, каб прымусіць падатковае насельніцтва выконваць павіннасці на карысць уладальнікаў зямлі. У выніку “валочнай памеры”, удасканалення арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, упарадкавання сістэмы падаткаабкладання і інш. мерапрыемстваў адбылося пашырэнне плошчы ворных зямель і росту прадукцыйнасці працы. У сельскай гаспадарцы стаў назірацца пэўны ўздым. Фальваркі, створаныя на захадзе і ў цэнтры краіны, давалі ўстойлівы прыбытак.

Такім чынам, ў выніку ажыццяўлення аграрнай рэформы 1557 г. у сельскагаспадарчым сектары, па-першае адбылося ўсталяванне фальваркава-паншчыннай сістэмы. Па-другое, змянілася сістэма падаткаабкладання: замест падворнага (дым, служба) прынцыпу ўводзіўся пазямельны (ад валокі). Па-трэцяе, укаранілася тэхналогія трохпольнага севазвароту, у выніку чаго павысілася прадукцыйнасць працы, даходнасць гаспадарак істотна ўзрасла, узмацнілася іх сувязь з рынкам. Па-чацвёртае, на захадзе і ў цэнтры Беларусі назіраліся разбурэнне сялянскага абшчыннага і пераход да падворнага землекарыстання. Па-пятае, адбылося канчатковае запрыгоньванне сялянства.

У выніку разбуральных войн з сяр. ХVII-20-х гг. ХУІІІ ст. Беларусь трапіла ў паласу эканамiчнага заняпаду. Ён быў абумоўлены найперш рэзкім скарачэннем (забойствы, палон, смерць ад голаду і хвароб) сялянскага насельніцтва – непасрэдных вытворцаў харчовых прадуктаў і сыравіны. Так, у 1672 г. у маёнтку Паставы загінулі амаль усе сяляне, а ў самім мястэчку і трох навакольных вёсках ацалела толькі пяць сем’яў. Многія дзяржаўныя, панскія, царкоўныя землеўладанні Гародзенскага, Ашмянскага, Браслаўскага паветаў і нават цэлых ваяводстваў – Менскага, Полацкага, Мсціслаўскае, Берасцейскае былі цалкам разбураны і пазбавіліся большасці работнікаў. Яшчэ большае спусташэнне спасцігла беларускія гарады. У выніку толькі з 1650 па 1673 гг. колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася з 2, 9 млн чал. да 1, 4.

Наступная, Паўночная вайна прынесла чарговыя людскія страты: было забіта, загінула ад голаду і хвароб трэць насельніцтва з 2, 1 млн чал. Сялянства і мяшчане былі абавязаны пастаўляць шведскім і рускім войскам правіянт, фураж, жывёлу. Акрамя таго, іх знаходжанне на тэрыторыі Беларусі суправаджалася рабаўніцтвам маёнткаў, знішчэннем усяго каштоўнага, што магло спатрэбіцца праціўніку. У выніку цэлыя рэгіёны трапілі ў запусценне. Сялянскія надзелы істотна скараціліся. Мноства дзяржаўных ворыўных зямель заставалася неапрацаваным. Так, у пачатку ХУІІІ ст. пуставала 41% валок у Брэсцкай, 71,5 % - у Гародзенскай эканоміях.

Кожны раз, пасля чарговай ваеннай навалы дзяржаўная і ўладальніцкая адміністрацыя прыкладалі намаганні да аднаўлення сваіх і сялянскіх гаспадарак. У мэтах аднаўлення фальваркаў дзяржаўныя эканоміі і асобныя ўладальнікі ішлі на часовую перадачу пасяўных плошчаў сялянам у карыстанне, абмежаваўшы іх павіннасці чыншам і аброкам. Па-другое, сялянам дазвалялася распрацоўваць новыя ўчасткі ў мясцовасці, занятай лесам. У выніку сяляне мелі магчымасць не толькі падрыхтаваць урадлівую глебу, але і скарыстаць ссечаную драўніну для будаўніцтва, паліва і іншых мэтаў. Па-трэцяе, асобныя паны запрашалі ў свае ўладанні на ільготных умовах (нават бясплатна) сялян, якім дазвалялі ўзяць столькі зямлі, колькі тыя маглі апрацаваць. Вядома ж, з паляпшэннем гаспадарчых спраў уладальнік ізноў аднаўляў павіннасці ў поўным аб’ёме.

Вядома, кожны з землеўладальнікаў імкнуўся палепшыць свой дабрабыт. Больш заможныя i дальнабачныя з іх не спяшалiся рабiць гэта за кошт сваiх прыгонных, даючы iм магчымасць аднавiць разбураную гаспадарку, i толькi потым у поўнай меры ўзмацнялi павiннасцi. Большасць жа дробнай шляхты, якая не мела шмат зямлі, выкарыстоўвала традыцыйны спосаб атрымання даходу - праз ўзмацненне эксплуатацыi прыгонных сялян, што, далёка не заўсёды давала станоўчы вынік. Менавіта на іх землях з-за крайняга збяднення сялян і страты імі надзелаў з’яўляліся агароднікі, халупнікі, кутнікі, якія не маглі плаціць падаткі ў поўным аб’ёме на карысць уладальнікаў зямлі.

Ва ўмовах развіцця фальваркаў і не звязаных з рынкам панскіх двароў асноўнымi павiннасцямi сялян заставалiся паншчына, чынш, прадуктовы падатак і інш. Як правiла, сярэднi памер сялянскага надзелу складаўся з паўвалокi.

Да сярэдзіны ХУІІІ ст. на захадзе Беларусі паншчына займала галоўнае месца сярод iншых павiннасцей і стала складаць да 8–12 i нават 16 дзён на тыдзень з цяглавай валокi. Да адпрацовачных павiннасцей таксама адносiлiся гвалты (усёй сям’ёй 12 разоў на год: лесапавал, стагаванне, жнiво), шарваркi (рамонтныя i будаўнiчыя работы); падводная павiннасць (1-2 разы на год або 15 злотых), старажоўшчына (2-4 чал. ад вёскi штодня на двор гаспадара); начная варта. Штогод сяляне плацiлi падымнае, прадуктовы аброк (дзякла).

Буйныя феадальныя ўладаннi належалi дзяржаве, асабiста каралю (эканомii), магнатам і царкве. Акрамя таго, феадальнай знацi ў другой палове ХVIII ст. належала 58 гарадоў i мястэчак. У канцы ХVIII ст. 16-цi магнацкiм родам належала 30% усiх сялян Беларусi. Маёнтак сярэдняга шляхцiча складаўся з некалькiх вёсак. Ва ўладаннi дробнага шляхцiча (зямянiна або панцырнага баярына) знаходзiлася ад 1 вёскi да некалькiх cялян.

Да сяр. ХVIII ст. фальваркавая гаспадарка трывала замацавалася на захадзе Беларусi. Асноўнай культурай, якая вырошчвалася на продаж, з’яўлялася азiмае жыта. Акрамя таго, вырошчваліся ячмень, авёс, проса, пшаніца, грэчка, тэхнічныя культуры, садавіна і гародніна.

Кожны ўладальнiк у меру сваiх патрэб скарыстоўваў розныя спосабы павышэння сваiх даходаў. У ХVIII ст. распаўсюдзiлася практыка перадачы маёнткаў з сялянамi або нават цэлых населеных пунктаў i тэрыторый у арэнду купцам за пэўную суму грошай. У такiх выпадках самi арандатары бралi на сябе клопат збору падаткаў, у вынiку чаго рэзка пагаршалася становiшча падаткаплацельшчыкаў i ў той цi iншай мясцовасцi рэзка ўзрастала сацыяльная напружанасць. Так, у вынiку шматлiкiх злоўжыванняў арандатараў у Крычаўскiм старостве з 1740 па 1744 г. адбывалася паўстанне на чале з Васiлём Вашчылам. Крыху пазней, у 1750-ыя гады такое ж паўстанне адбылося на Каменшчыне. Абодва паўстанні былі жорстка падаўлены рэгулярнымi войскамi. Тым, не менш уладальнікі тамтэйшых зямель (Радзівіл і віленскі капітул) былі вымушаны пайсці на змяншэнне сялянскіх павіннасцей.

Такая сістэма феадальнага гаспадарання і сялянскіх павіннасцей існавала да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Усе сяляне падзяляліся на людзей гаспадарскіх, (залежных непасрэдна ад вялікакняскай гаспадарчай адміністрацыі), людзей панскіх (уладальніцкіх, залежных ад асобных феадалаў), і царкоўных (залежных ад цэркваў, манастыроў і вышэйшага духавенства). Асноўную масу феадальна залежных сялян складалі людзі цяглыя, асадныя, агароднікі і даннікі. Цяглы сялянскі двор мог карыстацца адной валокай зямлі і абавязаны быў несці наступныя павіннасці: адпрацоўваць баршчыну па два дні на тыдзень са сваімі прыладамі працы (дадаткова летам яшчэ чатыры дні талок), рамантаваць і будаваць масты, дарогі, замкі, несці вартавую службу, касіць сена для маёнтка, выконваць падводную навіннасць, плаціць грашовы (чынш) і натуральны падаткі.

Асадныя сяляне баршчыны не выконвалі, а абавязаны былі плаціць 30 грошаў і адпрацоўваць 12 дзён талок, або ўзамен іх уносіць 12 грошаў. Акрамя таго, яны павінны былі несці і іншыя павіннасці: плаціць сярэбшчыну, касіць сена і інш.

У найбольш цяжкім становішчы знаходзіліся сяляне-агароднікі. Іх зямельныя надзелы былі роўныя тром маргам зямлі (1,6–1,8 га). Асноўнай іх павіннасцю была паншчына па адным дні на тыдзень і дадаткова на працягу лета шэсць дзён на жніве або праполцы. У сувязі з тым, што адна валока зямлі дзялілася на 10— 12 сем'яў агароднікаў, яны адбывалі 10—12 дзён баршчыны з адной валокі на тыдзень.

Асаблівае становішча сярод сельскага насельніцтва займалі сяляне-даннікі. Размер іх ворных зямель не быў вызначаны і залежаў ад колькасці працаздольных асоб у гаспадарцы, наяўнасці прылад вытворчасці і жывёлы, а таксама ад магчымасці асваення цалінных земляў у дадзенай мясцовасці. Павіннасці даннікаў вызначаліся ў залежнасці ад агульных абавязкаў, якія накладаліся на вёску або воласць у цэлым. Самі сяляне на агульнай сходцы выбіралі сабе старца, які з’яўляўся мясцовай службовай асобай, размяркоўвалі павіннасці па сялянскіх гаспадарках-«дымах». Сабраныя з даннікаў грашовыя і натуральныя падаткі старцы абавязаны былі здаваць мясцовым прадстаўнікам дзяржаўнай адміністрацыі. Падаткі, якія збіраліся з сялян-даннікаў, захоўвалі старадаўнія назвы, такія, як палюддзе, дзякла (падатак натурай: аўсом, сенам), куніца (прыкладна ад 6 да 12 грошаў), сярэбшчына (грашовы падатак, які ішоў на ваенныя патрэбы), стацыя (прадукты харчавання вялікаму князю або яго прадстаўнікам у час іх знаходжання ў дадзенай мясцовасці). Акрамя таго, з сялян-даннікаў даніна бралася мёдам, шкурамі баброў, куніц і іншых жывёл. Сяляне-даннікі былі абавязаны выконваць работы па ўтрыманні і будаўніцтву замкаў, мастоў, дарог, несці вартавую службу, прымаць удзел у ваенных паходах. Яны не былі падпарадкаваны непасрэдна якому-небудзь феадалу, выконвалі павіннасці толькі на карысць вялікага князя або дзяржавы. Стварэнне новых фальваркаў і прыпіска да іх былых свабодных сялян-даннікаў, а таксама падараванні цэлых вёсак і валасцей асобным феадалам прывялі да таго, што колькасць сялян-даннікаў рэзка скарац-лася, а за іх кошт узрасла колькасць цяглых сялян.

Сяляне-слугі па сваім сацыяльна-эканамічным і юрыдычным становішчы адрозніваліся ад асноўнай масы сялянства. У дзяржаўных уладаннях на захадзе Беларусі былі шматліка прадстаўлены сяляне-прамыславікі – стральцы, асочнікі. Сяляне-рамеснікі былі больш колькасна прадстаўлены ў часы інтэнсіўнага развіцця фальварачнай гаспадаркі.

З сярэдзіны XVI ст. тэрмінам “баярын” (“баярын панцырны”, “баярын путны”) сталі абазначаць і асоб сялянскага саслоўя, асноўнай павіннасцю якіх была ваенная ці кур’ерская служба. У другой палове XVI ст. яшчэ выступаў ранейшы тэрмін “слуга”, “чалавек”, “служка”, але з канца XVI ст. ён саступіў месца тэрміну “баярын”. Сяляне-слугі ў 60-я гады XVI – 20-я гады XVII ст. мелі на 0,15 – 0,2 валокі больш, чым у цяглыя і чыншавыя сялян. Але ў 30-я гады XVII – пачатку 60-х гадоў XVIII ст. забяспечанасць зямлёй слуг-сялян з цяглымі і чыншавымі амаль зраўнялася.

Акрамя ўказаных катэгорый сялян, у сёлах пражывалі беззямельныя асобы — халупнікі, якія мелі толькі сваё жыллё — хату (халупу), і кутнікі, што туліліся па чужых кутах. Не маючы сваіх сродкаў вытворчасці, яны вымушаны былі наймацца ў работнікі да феадалаў, багатых гараджан і сялян або займацца рамяством. Гаротны маёмасным стан агароднікаў, халупнікаў, кутнікаў быў выкліканы, як правіла, ваенным часам, свавольствам уладальніка і іншымі абставінамі. У першай палове ХУІІІ ст. гэтыя катэгорыі складалі 1/10 ўсяго сялянства. Але іх роля ў працэсе сельскагаспадарчай вытворчасці, роўна як і доля ў суме агульных павіннасцей усіх сялян была нязначнай.

Самай бяспраўнай часткай насельніцтва працягвала заставацца чэлядзь нявольная. Колькасць яе значна скарацілася з-за пераводу феадаламі ў стан агароднікаў. Азінай крыніцай з’яўлення чэлядзі нявольнай быў ваенны палон.

Пасля рэформы сялянскае саслоўе зрабілася больш сацыяльна аднародным. Характэрным адрозненнем яго маёмаснага стану пасля рэформы 1557 г. і ўступлення ў сілу Статута 1588 г. зрабілася поўнае пазбаўленне ўласных зямель і такая ж поўная асабістая залежнасць ад уладальніка (дзяржавы, пана, царквы). Такім чынам, залежнасці ад ускладзеных павіннасцей і маёмаснага стану сялянскае саслоўе складалася з цяглых, асадных сялян, агароднікаў, халупнікаў, кутнікаў і сялян-слуг. Асноўная павіннасць цяглых сялян заключалася ў выкананні паншчыны са сваім інвентаром на зямлі ўладальніка, выкананні гвалтаў, талок, падводнай, старажовай і інш. відаў прац. Акрамя таго, цяглыя мусілі плаціць натуральны аброк. Асадныя (чыншавыя, аброчныя) сяляне не выконвалі паншчыны, іх павіннасць заключалася ў выплаце грашовага (чыншу) і прадуктовага аброку і былі заняты тымі ж працамі, што і цяглыя.

Прававое становішча ўсіх катэгорый сялян характарызавалася іх палітычным бяспраўем, абмежаванай праваздольнасцю, павышанай крымінальнай адказнасцю. Ім забаранялася займаць пасады ў дзяржаўным апараце. Яны не дапускаліся на соймы. Іх удзел у палітычным жыцці абмяжоўваўся толькі мясцовымі валаснымі справамі, правам на падачу ўраду чалабітных на незаконныя дзеянні адміністрацыі, правам голаса ў абшчыне. Асноўнае абмежаванне правоў сялян заключалася ў адмаўленні права ўласнасці на зямлю і ў забароне набываць ва ўласнасць маёнткі і землі. Селянін меў пэўную свабоду ў здзяйсненні грашова-гандлёвых аперацый.За рознага кшталту правіннасці селянін падлягаў суду гаспадара, які караў у адпаведнасці з існаваўшым заканадаўствам. За забойства селяніна гаспадар нёс крымінальную адказнасць. Прыгонных сялян дазвалялася прадаваць іншаму ўладальніку, але выключна з зямлёй і сумесна з астатнімі членамі сям’і.

У Канстытуцыі 3 мая 1791 г. была прадпрынята спроба юрыдычнага і сацыяльна-экнамічнага паляпшэння становішча сялянства, але яна не прынесла станоўчага выніку. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі іх становішча зрабілася яшчэ горшым.

 

5. У прамой i непасрэднай залежнасцi ад сельскай гаспадаркi знаходзiлiся гарадскiя рамёствы i гандаль. Дзякуючы аграрнай рэформе, уздыму сельскагаспадарчай вытворчасці і актывізацыі таварна-грашовых адносін назіраўся рост гарадоў і мястэчак. З другой паловы ХУІ да сярэдзіны ХУІІ ст. на Беларусі іх колькасць павялічылася з 382 да 462. Гарады з’яўляліся цэнтрамі вытворчасці рамесных вырабаў і гандлю, выконвалі адміністрацыйную, абарончую, культурную і іншыя функцыі. Мястэчкам гэта не было ўласцівыя. Гэтых паселішчы (да 300 дамоў) размяшчаліся ў аграрных раёнах, фарміруючы жыхарства з сельскіх рамеснікаў, дробных гандляроў, сялян, беглых прыгонных і інш., а разам з імі – своеасаблівае, блізкае да народа культурнае асяроддзе.

У кожным з буйнейшых гарадоў – Полацку, Магілёве, Віцебску, Берасці, Пінску пражывала каля 10 тыс. чал. Менавіта там вызначыўся імклівы рост рамяства. Так, у другой палове ХУІІ ст. у Магілёве існавала 80 рамесніцкіх прафесій, Берасці – да 68, Менску – 50 і г.д.

Да гэтага часу ўзраслі і ўзмацніліся рамесныя аб’яднанні – цэхі. Вядома, што ў 16 гарадах існавала 112 цэхаў. На тым этапе свайго развіцця яны адыгрывалі прагрэсіўную ролю, выпрацоўваючы адзіныя прынцыпы і правілы вырабу і продажу сваіх вырабаў.

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Лекцыя 4. Фарміраванне беларускага этнасу і яго культуры ў перыяд сярэднявечча 4 страница | Лекцыя 4. Фарміраванне беларускага этнасу і яго культуры ў перыяд сярэднявечча 6 страница
Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 997; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.07 сек.