Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 4. Фарміраванне беларускага этнасу і яго культуры ў перыяд сярэднявечча 7 страница




 

2. Важнай падзеяй у рэлігійным жыцці ВКЛ стала падпісанне Берасцейскай уніі, у адпаведнасці з якой адбылося аб’яднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у адзіную – грэка-рымскую або уніяцкую царкву. Прычыны гэтай акцыі мелі доўгую гісторыю, але зрабіліся вельмі надзённымі менавіта ў ХУІ стагоддзі, калі абвастрыліся адносіны паміж Масквой і ВКЛ, а затым і з РП.

Як вядома, на працягу свайго iснавання ВКЛ з’яўлялася дзяржавай, асноўная маса насельнiцтва якога вызнавала галоўным чынам праваслаўе i каталiцызм. Па меры ўзрастання супернiцтва памiж ВКЛ i Маскоўскай дзяржавай у ХУ-ХУІ стст. узрастала заклапочанасць вялiкакняскай (у большасцi сваёй – каталiцкай) адмiнiстрацыi той акалічнасцю, што мясцовае праваслаўнае святарства, а разам з iм i вернiкi, знаходзяцца пад пэўным рэлiгiйна-палiтычным уплывам праваслаўнай Масквы. Са стварэннем у ёй самастойнага і не залежнага ад Канстанцінопаля патрыярхату (1589) мясцовыя праваслаўныя iерархi, у тым лiку мiтрапалiт кiеўскi, трапiлi ў прамое яму падпарадкаванне, што яшчэ больш занепакоiла элiту РП. З гэтай нагоды новы кароль Жыгімонт ІІІ Ваза (1587-1632 гг.) падтрымаў намаганні мясцовай праваслаўнай і каталіцкай эліты ў па заключэнні паміж сабой адпаведнага дагавору.

На той час праваслаўная царква ВКЛ перажывала не лепшыя часы. Па сутнасці, асноўнай яе сацыяльнай апорай з’яўлялася бяспраўнае сялянства і гарадскія нізы. Асобныя праваслаўныя іерархі выказвалi цікавасць да уніі, спадзеючыся атрымаць роўнае з каталiцкiмi бiскупамi прадстаўнiцтва ў Сенаце, або для таго, каб зусім не застацца без паствы. Сярод iнiцыятараў унii знаходзiлiся мiтрапалiт кiеўскi Рагоза, епiскап уладзiмiрскi i берасцейскi Iпаці Пацей i многiя iншыя.

У 1595-1596 гг. Пацей i Цярлецкi наведалi Папу Клiмента VIII і атрымалі яго блаславенне на ўмовы унii. Для яе канчатковага зацвярджэння ў Брэсце быў скліканы царкоўны сабор. 9 кастрычнiка прыхiльнiкi унii абвясцiлi аб стварэннi грэка-каталiцкай царквы, а назаўтра абвясцiлi аб пазбаўленнi санаў яе працiўнiкаў (Балабана, Капысценскага i iнш.). Жыгiмонт III Ваза унiверсалам ад 15 лістапада 1596 года зацвердзiў акт Берасцейскай унii i заклiкаў жыхароў Беларусi i Украiны прызнаць унiяцкiх бiскупаў.

Новая канфесiя прызнавала вяршэнства Папы рымскага, запазычвала каталiцкiя дагматы, крыж і распяцце, унутранае ўбранства храмаў, але захоўвала ранейшую абраднасць, богаслужэннi на царкоўна-славянскай (пазней, на беларускай i украiнскай мовах). Акрамя таго, уніяцкім святарам дазвалялася мець сям’ю.

Укараненне унiяцтва на Беларусi адбывалася з пэўнымі цяжкасцямі. Па-першае, пэўная частка заможных пластоў насельніцтва ўбачыла ў ім каталіцкую экспансію. Так, у 1599 г. 168 беларускiх i лiтоўскiх праваслаўных i пратэстанцкiх магнатаў i шляхцiцаў падпісалі акт аб уземадапамозе супраць ваяўнiчага каталiцызму. Па-другое, не ўсе праваслаўныя прыходы далучыліся да уніі. І калі ў 1620 г. на Украіне была адноўлена праваслаўная царква, то ёй падпарадкавалася ўсё праваслаўнае насельнiцтва Беларусi. Па-трэцяе, у шэрагу выпадкаў актыўнасць святароў па неадкладным пераўтварэнні праваслаўных прыходаў ва уніяцкія выклiкала процiдзеянне вернікаў. Так, 12 лістапада 1623 г. у Вiцебску быў забiты полацкi уніяцкі арцыбiскуп Iясафат Кунцэвіч. Як высветлiлася, у падрыхтоўцы выступлення бралi ўдзел вернiкi праваслаўных прыходаў не толькi Вiцебска, але i Вiльнi, Оршы, Магiлёва. Па даручэннi Папы Урбана Жыгiмонт III Ваза накiраваў войскi з мэтай пакарання паўстанцаў. У вынiку Вiцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права, ратуша разбурана, з праваслаўных храмаў зняты званы i адлiты адзiн вялiкi – у памяць Кунцэвiча. Па прыгавору суда два бурмістры і 17 жыхароў былі пакараны смерцю. Кароль РП загадаў уніяцкаму святарству надалей больш памяркоўна, без гвалту распаўсюджваць веру. Нават пісьменнік-палеміст М. Сматрыцкі, які з першых крокаў сваёй грамадска-палітычнай дзейнасці (1596) шчыра выступаў супраць уніяцтва (кніга “Трэнас” і інш. творы) і востра палемізаваў з каталікамі і уніятамі, у сваіх апошніх творах канца 1620-х гг. ён усё ж далучыўся да уніі, асудзіў праваслаўе і сваю ранейшую літаратурную дзейнасць у яго абарону.

Гэты ўчынак значна аслабіў шэрагі абаронцаў праваслаўя. Але асобныя праваслаўныя шляхцічы і святары працягвалі барацьбу за аднаўленне самастойнасці і правоў аднаверцаў. Пасля смерці Жыгімонта III Вазы (1632) новы кароль Уладзіслаў ІУ быў вымушаны аднавіць праваслаўную іерархію і ў наступным годзе зацвердзіў мітрапалітам Пятра Магілу. Сейм, скліканы ў 1635 г. пацвердзіў свабоду дзейнасці дзвюх “рускіх” цэркваў – праваслаўнай і уніяцкай і замацаваў за кожнай з іх (адпаведна) 4 і 5 епархій.

Аднаўленне самастойнасці праваслаўнай іерархіі не было падмацавана вяртаннем ёй былой маёмасці, а таксама падначаленай ёй брацтваў і храмаў. Пры гэтым пад уздзеяннем касцёла пад час контррэфармацыі паступова большая частка праваслаўнай шляхты прымала унiю. Так, у 1660 г. ва ўсёй РП католiкi складалi ўжо 43%, унiяты - 33, праваслаўныя - 10, iўдзеi - 9, людзі ўсіх іншых вер - 5 ад колькасцi ўсiх жыхароў дзяржавы. Тым не менш, расiйскi царызм i праваслаўны клiр не прызнаў унii, лiчыў уніятаў ахвярамi каталiцызму і выступаў у абарону праваслаўнага насельніцтва.

Зноў створаная уніяцкая царква ўтварала Кіеўскую мітраполію (з цэнтрам у Вільні) у складзе 9 епархій, з якіх 5 прыпадала на беларускія землі. Пры гэтым Полацкая епархія мела асобы статус: яна размяшчалася на тэрыторыі 2 ваяводстваў і ўзначальвалася архіепіскапам. У сяр. XVIII ст. тут дзейнічала не менш 536 храмаў.

Папа Рымскі прызначаў кіраўніка уніяцкай царквы – мітрапаліта, які, у сваю чаргу, мог прызначаць кіраўнікоў епархій. У адрозненне ад каталікоў, адзіным манаскім ордэнам уніятаў з’яўляўся ордэн базыльянаў (св. Васілія Вялікага), у 1631 г зацверджаны Папам Ур-банам VІІІ. Да першага падзелу Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Беларусі існавала 55 базыльянскіх кляштараў, буйнейшымі з якіх былі Полацкі, Жыровіцкі, Мінскі, Віцебскі, Беразавецкі і інш..

Базыльяне мелі свае навучальныя ўстановы, друкарні і сярод іншых уніятаў вызначаліся высокай адукаванасцю. Аберагаючы сваю паству ад каталіцкага ўплыву, яны выдавалі на блізкай да беларускай мове набажэнскую літаратуру, чым дапамагалі беларусам зберагчы сваю культурную ідэнтычнасць у найбольш неспрыяльны ў іх гісторыі час – з к. XVII па першую палову XVIII ст.

Уніяты рашуча змагаліся за душы аднаверцаў, вытрымліваючы моцную канкурэнцыю з праваслаўем і каталіцызмам. Ім удалося стварыць сваю сістэму адукацыі, асвоіць храмабудаўніцтва і вынайсці арыгінальныя дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, своеасаблівы іканапіс і разьбу па дрэве. Уніяцкім майстрам удалося спалучаць заходнія і ўсходнія мастацкія традыцыі і істотна ўзбагаціць беларускую культуру.

 

3. Пад уздзеяннем ідэй Рэнесансу і Рэфармацыі, а таксама асветнікаў-гуманістаў, стан адукацыі ў ВКЛ працягваў развівацца. Патрэба ў адукаваных людзях узрастала ва ўладных структурах. Адукацыя заставалася пад поўным наглядам праваслаўнай царквы. Колькасць каталіцкіх школ у першай палове ХУІ ст. была невялікай і складала 259, у той час як на Беларусі і Украіне было каля 2000 праваслаўных цэркваў, большасць якіх мела прыходскія школы. У іх навучалі чытанню па Псалтыру, Азбуцы, іншым кнігам, а таксама пісьму. Пры саборах дзейнічалі буйныя школы з мноствам настаўнікаў і таму тут узровень адукацыі быў значна большым.

З’яўленне ў дзяржаве друкаванай (рэлігійнай, палемічнай, свецкай і інш.) літаратуры павялічыла самастойнасць асобных сацыяльных і канфе-сійных груп у справе адукацыі. Акрамя таго, палепшылася магчымасць хатняга навучання. Як правіла, праваслаўныя, пратэстанцкія і уніяцкія святары, а таксама ураднікі, занятыя канцылярскімі, судовымі і інш. справамі, самі вучылі сваіх дзяцей грамаце. Дробная шляхта аддавала на службу панам і магнатам сваіх сыноў з тым разлікам, што яны атрымаюць адукацыю. І невыпадкова, з к. ХV – сяр. ХVI стст. у магнацкіх і панскіх дварах, у дамах заможных мяшчан з’яўляюцца прафесійныя настаўнікі, выпускнікі універсітэтаў ці іншых навучальных устаноў.

З пачаткам Рэфармацыі ў 1539 г. у Вільні была адкрыта евангелісцкая школа, але праз тры гады яна была закрыта па патрабаванні каталіцкага біскупа. Але пасля ўмацавання пратэстанцкага руху ў ВКЛ у ХVI ст. тут сталі ўзнікаць кальвінісцкія і (зрэдку) лютэранскія школы. Некаторыя з іх (кальвінісцкая гімназія і лютэранская школа ў Слуцку, арыянская школа ў Іўі) па зместу і методыцы выкладання былі сярод лепшых у Еўропе.

З пачаткам Рэфармацыі адметнай асаблівасцю адукацыйных устаноў ВКЛ ХУІ ст. зрабілася перавага ў іх так званых брацкіх (адкрытых пад дабрачынных аб’яднанняў – “брацтваў”) школ, дзе на працягу 3-5 год навучаліся дзеці розных саслоўяў, як правіла, пратэстанцкага і праваслаўнага веравызнання.

Кожная школа мела свае статут, змест і арганізацыю навучання. Пасля набыцця пачатковай адукацыі ў выглядзе элементарных навыкаў чытання і пісьма дзеці мусілі вувучаць “сем вольных навук” “трывіўм” (граматыка, рыторыка, дыялекцыя) і “квадрывіўма” (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У пратэстанцкіх школах выкладаліся багаслоўе і царкоўныя спевы, лацінская, грэчаская і родная мова, рыторыка, гісторыя, матэматыка. Выкарыстоўвалася групавая ўрочная сістэма вучобы, у якой існаваў катэхізісны метад навучання, пабудаваны на пытаннях і адказах.

Пасля Берасцейскай уніі сталі ўзнікаць ўніяцкія навучальныя установы. Так, у пачатку 1620-х гг. у межах уніяцкай мітраполіі налічвалася 2169 уніяцкіх і 1089 праваслаўных храмаў, дзе былі адкрыты школы. Найбольшых поспехаў на ніве адукацыі дасягнуў Ордэн Базыльянаў.

У далейшым развіццё брацкіх школ у ХУІІ ст. прывяло да неабходнасці стварэння адпаведных падручнікаў для навучання грамаце. Так, у Брэсце праваслаўны святар Л. Зізаній разам з братам Стэфанам падрыхтавалі да выдання “Азбуку з Лексісам”. А 12 лютага 1596 у друкарні Віленскага Святадухаўскага брацтва ён выдаў “Граматыку словенску совершенного искуства осми частій слова..." і лічыў яе тым падмуркам, на якім можа трымацца далейшае вывучэнне розных навук. Такім чынам, гэтыя працы спрыялі ўкараненню свецкай адукацыі.

На хвалі барацьбы каталіцызма з Рэфармацыяй у Рэчы Паспалітай, у тым ліку ў ВКЛ, распачаў сваю дзейнасць Ордэн езуітаў. Адным з яе напрамкаў стала сфера адукацыі, якая была скіравана на задавальненне патрэб асоб, скончыўшых пачатковую школу, у далейшым навучанні. З гэтай нагоды ў 1570 г. у Вільні езуітамі быў створаны так званы “калегіум” – навучальная установа сярэдняга звяна. З цягам часу калегіумы былі заснаваны ў Берасці, Віцебску, Гародні, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Полацку. Набытыя навучэнцамі веды можна было паглыбіць і ўдасканаліць ва універсітэтах Польшчы, Чэхіі, Германіі і іншых краінах.

У 1579 г. езуітам удалося пераўтварыць Віленскі калегіум у Almae Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu – акадэмію і універсітэт з тэрмінам навучання 7 год і набыць статус вышэйшай навучальнай установы. Універсітэт складаўся з двух факультэтаў – філасофскага і тэалагічнага. Разам з латынню, вывучаліся таксама грэчаская, “руская”, нямецкая, яўрэйская, а таксама выкарыстоўвалася польская мовы. У ХVII ст. былі адчынены яшчэ два факультэты – права і медыцыны. З 1599 г. езуіты ўкаранілі ва універсітэце агульнаеўрапейскую праграму, якую самі ж і распрацавалі. З цягам часу папулярнасць універсітэта, а таксама колькасць яго навучэнцаў ўзраслі з 60 студэнтаў (1569) да 800 штогод (у першай пал. ХVII ст.).

У Акадэміі навучаліся студэнты розных хрысціянскіх вераванняў. У тым і заключалася адна з асноўных стратэгічных задумак езуітаў, каб праз адукацыю ўсе гэтыя людзі ператвараліся ў шчырых прыхільнікаў каталіцызма.

Пра прычыне моцнай інтэграванасці пратэстанцкіх і тым больш каталіцкіх прафесараў і настаўнікаў у лацінскую і польскую культуру адукацыя ў ВКЛ не выкарыстала магчымасці выкарыстання рэфармацыі для навучання моладзі на беларускай мове. Нават выкладанне самой мовы ў кальвінісцкіх, арыянскіх, лютэранскіх школах, езуіцкіх калегіумах, Віленскай акадэміі адбывалася ў малодшых узроставых групах студэнтаў. Далёка за межы ВКЛ распаўсюджвалася слава “Слуцкіх Афін” - кальвінісцкай гімназіі, заснаванай у 1617 г., але не сваёй беларускасцю. Да канца стагоддзя становішча, калі асноўнымі мовамі навучання ў ВКЛ былі лацінская і польская, зрабілася тыповым. Што датычыць зместу навучання, то яно рабілася ўсё больш свецкім і на пач. ХУІІІ ст. гэтая тэндэнцыя зрабілася вызначальнай ва ўсёй сістэме асветы РП.

Гэтыя змены былі абумоўлены важнейшымі падзеямі, якія адбыліся ў Заходняй Еўропе, найперш, у рэлігійным і сацыяльна-палітычным жыцці. Так, у адрозненне ад РП, у некаторых краінах (Англія, Аўстрыя, Галандыя, Германія, Данія, Швецыя і інш.) Рэфармацыя перамагла, у асобных – улада Папы значна аслабла. У самых перадавых на той час краінах Галандыі і Англіі адбыліся буржуазныя рэвалюцыі, у большасці астатніх краін узмацняўся новы сацыяльны пласт – буржуазія, а разам з ёй – новая духоўная, свецкая культура і ідэалогія (індывідуалізм).

Навуковыя адкрыцці ў фізіцы, матэматыцы, біялогіі, медыцыне і інш. пахіснулі манаполію царквы ў фарміраванні светапогляду людзей, надаўшы ім веру ў магчымасць удасканалення грамадскага ладу на разумных пачатках, праз распаўсюджанне навукі, ведаў і свецкай культуры. Само ХУІІІ стагоддзе, калі пачаліся і ўзмацніліся канкрэтныя станоўчыя зрухі ў гэтым напрамку, пачалі называць эпохай Асветніцтва, а прагрэсіўных дзеячаў навукі і культуры – асветнікамі.

На Беларусі, дзе пазіцыі каталіцызму і падпарадкаванага яму уніяцтва заставаліся дастаткова моцнымі, распаўсюджанне асветніцкіх ідэй хоць і замарудзілася ў часе, але ўсё ж такі стала заканамернай з’явай і найперш у сістэме адукацыі. Сапраўды на пачатку ХУІІІ стст., яна не складала адзінага цэлага, падзялялася па канфесійнай прыкмеце і не адпавядала патрабаванням новага часу. Па-ранейшаму Віленская акадэмія заставалася адзінай у ВКЛ вышэйшай навучальнай установай. З мноства сярэдніх навучальных устаноў большым поспехам карысталіся калегіумы каталіцкага ордэна піяраў у Віцебску, Дуброўне, Лідзе, Шчучыне і інш., якія ў 1740-я гг. удасканалі свае вучэбныя праграмы ўвядзеннем новых прадметаў – матэматыкі, фізікі, усеагульнай і польскай гісторыі і тым наблізіліся да свецкай адукацыі. Пры гэтым 6-гадовае навучанне было бясплатным і было даступным усім пластам хрысціянскага насельніцтва, нават сялянам. У гэты час мовай навучання (за выключэннем школ ордэна базыльянаў) з’яўлялася польская. Базыльяне валодалі навучальнымі ўстановамі ў Віцебску, Жыровічах, Мінску, Навагрудку, Пінску і іншых месцах. У іх прымаліся дзеці дробнай уніяцкай шляхты і мяшчан.

Асэнсаванне правядзення адукацыйнай рэформы на дзяржаўным узроўні прычынілася да стварэння ў 1773 годзе Адукацыйнай камісіі, якая, па сутнасці, з’яўлялася першым у Еўропе Міністэрствам адукацыі. Пры ўдзеле вядомых дзеячаў – Г. Калантая, Я. Снядэцкага, Храптовіча, I. Страйноўскі, К. Нарбута, М. Агінскага яна яшчэ больш узмацніла свецкі змест школьных праграм. Акрамя іншых, у лік абавязковых прадметаў былі ўключаны геаграфія, права, логіка, рыторыка, эканоміка. Пасля забароны (1773) дзейнасці ў РП Ордэна езуітаў Віленская Акадэмія ў 1780 г. была ператворана ў Галоўную школу ВКЛ і пад яе пачатак перадаваліся ўсе навучальныя ўстановы. Крыху пазней на яе базе ў мэтах уніфікацыі навучання была створана настаўніцкая семінарыя.

Сярэднія школы новага тыпу ўзніклі ў Гародні, Ваўкавыску, Барунах, Нясвіжы, Слуцку, усяго 20 населеных пунктах.

Пачатковая адукацыя была набліжана да простага народа. З 2500 вучняў, якія вучыліся ў 200 школах Беларусі ў 1780-х гг., 30 % складалі дзеці сялян.

У гэты ж час узнікае і пашыраецца прафесійная школа. Так, у Гародні, дзякуючы намаганням магната і мецэната Антонія Тызенгауза (1738-1785 гг.), рыхтаваліся медыкі, ветэрынары, аўдытары, мастакі, чарцёжнікі і іншыя. Навучэнцамі былі, як правіла, здольныя юнакі з яго маёнткаў, а настаўнікамі – майстры сваёй справы з Германіі, Італіі, Францыі. Сярод апошніх – Ж. Жылібер, які заснаваў гродзенскую вышэйшую медыцынскую школу, а пры ёй – аптэку, прыродазнаўчы кабінет, анатамічны «тэатр» і батанічны сад. За час сваёй працы (1775-1781 гг.) вышэйшая школа здзейсніла тры выпускі ўрачоў. Ж. Жылібер выдаў два тамы фундаментальнай працы «Літоўская флора» і заснаваў багатую бібліятэку.

Навукоўцам сусветнага маштабу варта лічыць нашага земляка, навучэнца Віленскай Акадэміі Казіміра Семяновіча (1600-пасля 1651), генерала войск Рэчы Паспалітай, які атрымаў вядомасць дзякуючы тэарэтычным распрацоўкам у сферы артылерыі і піратэхнікі. Акрамя таго, у яго працы "Вялікае мастацтва артылерыі, частка першая", выдадзенай у Галандыі (1650), быў змешчаны праект шматступенчатай ракеты.

Нягледзячы на адносную рэлігійную талерантнасць і плюралізм думак, што, у прыватнасці, увасобілася ў шматлікай палемічнай (паміж пратэстантамі і каталікамі, уніятамі і праваслаўнымі і г. д.) ідэя бога з’яўлялася непахіснай. Мала таго, любое вальнадумства бязлітасна каралася. Так, 30 сакавіка 1689 г. у Варшаве быў пакараны смерцю брэсцкі падсудак Казімір Лышчынскі, выпускнік Віленскай акадэміі, за напісаную працу “Аб неіснаванні бога”.

Iлля Капіевіч (1651-1714), навучэнец Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, а пасля – яе выкладчык, з-за пераследу езуітаў і абвінавачвання ў здрадзе каралю, быў вымушаны з’ехаць у Галандыю. У 1697 г. у Амстэрдаме пазнаёміўся з Пятром І і па яго замове стаў друкаваць рускія кнігі. Ён стварыў сучасны варыянт кірылічнага друкаванага шрыфту. За 1699-1706 гг. выдаў больш за 20 кніг па арыфметыцы, гісторыі, граматыцы, марской справе і інш. Затым пераехаў у Расію і працаваў перакладчыкам у Пасольскім прыказе.

ВКЛ не толькі ўзбагачала навуку і культуру суседніх дзяржаў, але і сама карысталася іх дасягненнямі ў гэтых галінах. Дасягненні заходнееўрапейскай філасофскай навукі ХУІІ- ХУІІІ стст. (Ф. Бэкан, Т. Гобс, Д.Лок, Р. Дэкарт, Ш. Мантэск’е) рабіліся вядомымі ў ВКЛ і актыўна ўключаліся ў курсы лекцый прафесараў Віленскага універсітэта. Састарэлыя тэорыі Арыстотэля і Фамы Аквінскага паступова саступалі месца наватарскаму рацыяналізму (А. Скарульскі, Б. Дабшэвіч, К. Нарбут). Фізік Ю. Міцкевіч паступова адмовіўся ад тэалагічнай традыцыі і ўстаў на платформу ньютанаўскай механікі. М. Пачобут-Адляніцкі з’явіўся заснавальнікам айчыннай астраноміі і арганізатарам абсерваторыі (1764). Гісторыкі А. Нарушэвіч і Ю. Нямцэвіч разглядалі свой прадмет як комплекс палітычных, эканамічных і культурных дасягненняў папярэдніх пакаленняў, у тым ліку жыхароў Рэчы Паспалітай і ВКЛ.

Такім чынам, за працяглы час свайго існавання – з ХVІ па ХVІІІ стст. беларуская адукацыя прайшла доўгі шлях ад царкоўнай падпарадкаванасці і рэлігійнага зместу да рознаўзроўневай сістэмы свецкіх навучальных устаноў. У вучэбных праграмах павялічылася доля прыродазнаўчых дысцыплін, а філасофія перастала быць “служанкай багаслоўя” і ператварылася ў самастойную навуку.

Рэнесансныя традыцыі беларускага кнігадрукавання, заснаванага Скарынам, пераняла і прадоўжыла плеяда дзеячаў Рэфармацыі і Асветніцтва. Ідэі гуманізму, высокай духоўнасці, народнай асветы ўласцівы дзейнасці Сымона Буднага (каля 1530 —?) выпускніка Кракаўскага універсітэ-та, заснавальніка друкарняў у Нясвіжы (1562), (разам з Я. Кішкам) Лоску Як прадстаўнік пратэстанцкай плыні ён выдаў асновы рэфармацыйнага вучэння на беларускай мове “Катэхізіс”, твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», пераклад Новага Запавету. Гэтыя і іншыя працы С. Буднага, скі-раваныя на духоўнае вызваленне асобы і спрыянне яе творчаму асэнсаванню рэлігійнага вучэння, мелі моцны гуманістычны патэнцыял. У прыватнасці, іх ўздзеянне адчувайцца на поглядах еўрапейскіх філосафаў Б. Спінозы і інш.

Пяру С. Буднага належаць палемічныя трактаты ў абарону вяршэнства закона, верацярпімасці, асветы народа, роднай мовы. Ён заклікаў да культур-нага ўзбагачэння народаў, да супрацоўніцтва ўсіх славян, крытыкаваў права-слаўных святароў, якія адмяжоўваліся ад заходнееўрапейскай культуры. Такім чынам, намаганнямі С. Буднага беларуская мова набывала шанец зрабіцца мовай слова божага, філасофіі і асветы, фактарам этнічнай кансалі-дацыі падаўляючай большасці насельніцтва ВКЛ. Але, на жаль, ён не быў выкарыстаны, бо ў 1563 г. друкарня перайшла да выдання кніг на польскай і лацінскай мовах. Актыўна выдавала творы на гэтых мовах і арыянская друкарня ў Лоску (паблізу ад Валожына).

Творчасць Васіля Цяпінскага (Амельяновіча) (каля 1540–?) як асветніка, пісьменніка і кнігавыдаўца таксама звязана з часам Рэфармацыі на Беларусі. Яму належыць першы пераклад і выданне на беларускую мову Евангелля (каля 1570) ва ўласнай друкарні. Як шчыры патрыёт сваёй зямлі, Васіль Ця-пінскі выступаў за выкарыстанне роднай мовы ў набажэнстве, навуцы, літа-ратуры, за навучанне на ёй дзяцей і г. д. На жаль гэта было яго адзінае і ня-поўнае (ад Мацвея, Марка і часткова ад Лукі) выданне.

Так склалася гістарычна, што беларускія пратэстанты не поўнасцю выкарыстоўвалі магчымасці Рэфармацыі і ў палеміцы з езуітамі або паміж сабою рэдка звярталіся да інтарэсаў свайго народа, яго культуры і традыцый. Бадай лепш за ўсіх у гэтым сэнсе выказаліся складальнікі Статута ўзору 1566 і 1588 гг. А. Валовіч і інш., па веравызнанні кальвіністы, якія адхілілі прапановы езуітаў і выдалі яго на беларускай мове.

Наогул удзельнікі і прыхільнікі Рэфармацыі – ураджэнцы Беларусі, за-нятыя ў сваёй творчай дзейнасці не звярталіся да роднай мовы. Да прыкладу, кальвініст Андрэй Волан (1530–1610) напісаў каля 40 прац, у тым ліку «Rozmowa polaka z litwinem» і ніводнага па-беларуску. Пры кальвінісцкім зборы ў Любчы з 1612 па 1655 г. дзейнічала буйнейшая ў Беларусі рэфармацыйная друкарня, адкуль выйшла больш за 100 выданняў у асноўным свецкага зме-сту: гістарычныя творы (“Гісторыя Іудзейскай вайны”, “Генеалогія, або Ка-роткае апісанне гістарычных дзеянняў вялікіх князёў літоўскіх”), кнігі па геаграфіі, медыцыне, ветэрынарыі і інш.

Такім чынам, нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, поўная яе адсутнасць ці ідэнтыфікацыя сябе з іншымі этнасамі рабілі асобных ураджэнцаў ВКЛ донарамі іншых культур.

Варта адзначыць, што не ўсе кнігавыдаўцы адчулі на сабе ўздзеянне рэфармацыйных ідэй, а разглядалі сваё рамяство як сродак да існавання і занятак, патрэбны богу і людзям. Так, Пётр Мсціславец і Іван Фёдараў надрукавалі (1564) у Маскве «Апостал», два выданні «Часоўніка» (1565), а ў 1566 г пераехалі ў ВКЛ. Тут, у 1568-1569 у друкарні, заснаванай у маёнтку Р. Хадкевіча Заблудаве, імі было выдадзена «Евангелле Вучыцельнае». Летам 1569 г. П. Мсціславец пераехаў у Вільню, дзе ў друкарні, пабудаванай на сродкі братоў Мамонічаў, выдаў «Евангелле Напрастольнае» (1575) і «Псалтыр» (1576), які карыстаўся вялікім попытам не толькі ў ВКЛ, але і Маскоўскай дзяржаве.

Цэнтрам праваслаўнага кірылічнага кнігадрукавання быў маёнтак Куцейна пад Оршай, дзе ў 1631 і 1636 гг. славутым беларускі і украінскі асветнікам Спірыдонам Собалем быў надрукаваны “Буквар”

На думку навукоўцаў (Т. 4), “амаль не захавалася беларускіх літаратурных твораў перыяду барока”

Пэўным чынам мастацкае слова, філасофская думка і гістарычная падзея адбілася ў асабістых запісах жыхароў ВКЛ – лістах аршанскага старасты Ф. Кміты-Чарнабыльскага (1530-1587) на адрас паны-рады, “Дзённіка” наваградскага падсудка Фёдара Еўлашоўскага (1546-1616), «Дыярыуш, або Апісанне праўдзівых падзей» ігумена А. Філіповіча (1597-1648), дзённік “Авантуры майго жыцця” наваградскай лекаркі Саламеі Русецкай (1718-1760).

Акрамя рэлігійна-палемічнай літаратуры, у ВКЛ у рэчышчы барочнага мастацтва ніжэйшага ўзроўню развіваліся і іншыя яе жанры – лірыка, п’есы для батлейкі, а таксама сатыра. Апошняя найлепш прадстаўлена ў ананімным творы «Ліст да Абуховіча» (1655), дзе ў асобе ваяводы высмейваецца амаральнасць і прадажнасць шляхты. Тая ж праблема ёсць і ў другім ананімным творы «Прамова Мялешкі»: ні кароль, ні апалячаная шляхта не дбаюць пра ВКЛ.

Прадстаўніком «высокага» літаратурнага стылю барока быў Сімяон Полацкі (С. Г. Пятроўскі-Сітніяновіч(1629-1680 гг.). Скончыў Кіева-Магілянскую калегію і працаваў дыдаскалам у брацкай школе ў Полацку, затым вучыўся ў Віленскай акадэміі. У 1664 годзе пераехаў у Маскву, стаў прыдворным паэтам. У 1667 быў прызначаны выхавацелем царскіх дзяцей. У канцы 1670-х у Крамлі адкрыў друкарню, якая выдала «Букварь языка словеньска» (1679).

Сімяон Полацкі – адзін з першых рускіх паэтаў, аўтар сілабічных вершаў на царкоўнаславянскай і польскай мовах. Акрамя вершаванага перакладу “Псалтыры” (1680), ім напісана мноства вершаў і выдадзены зборнік «Рыфмалогіі» пра жыцццё царскага двара, шмат паэм маральна-дыдактычнага характару, якія ўвайшлі ў «Вертаград Шматкаляровы», а таксама дзве тэатральныя камедыі. У асобных творах сустракаюцца рысы барока.

За нядоўгі час свайго жыцця асветнік выявіў свой багаты талент духоўнага дзеяча – святара і багаслова, педагога, паэта, драматурга, перакладчыка. Як адзін з прыхільнікаў ідэі кансалідацыі славян распрацаваў праект (“Прывілей”) заснавання ў Расіі славяна-грэка-лацінскай акадэміі.

Варта адзначыць, што ХУІІІ ст., час поўнага заняпаду беларускай літаратурнай мовы, быў абумоўлены многімі прычынамі. У іх ліку зварот шляхты ВКЛ (1696) да караля Рэчы Паспалітай с просьбаю аб забароне выкарыстання ў справаводстве беларускай мовы і яе замене мовай польскай. Таму фактычна да сярэдзіны ХІХ ст. у ВКЛ беларускамоўная літаратура практычна адсутнічае, за выключэннем асобных базыльянскіх выданняў рэлігійнага зместу. Эпоха Асветніцтва не закранула асноўнай масы насельніцтва – сялян. Асноўным спажыўцом яго ідэй з’яўлялася прагрэсіўная шляхта і мяшчанства, якіх турбаваў лёс краіны, стан духоўнага жыцця грамадства і г. д. Менавіта гэтыя аспекты адбівала ў сабе першае на Беларусі перыядычнае выданьне “Gazeta Grodzienska», якую заснаваў у 1776 годзе А. Тызенгаўз. Акрамя таго, з адкрытай ім друкарні выходзілі мастацкая, навуковая і рэлігійная літаратура, падручнікі, «Каляндар гаспадарчы», часопіс «Літоўскія газеты» і іншая прадукцыя. У цэлым ідэі Асветніцтва, скіраваныя на гарманізацыю сацыяльных адносін, умацаванне грамадства і дзяржавы, укараненне прававых нормаў, узвышэнне навуковых і духоўных каштоўнасцяў не зрабіліся для РП кансалідуючым фактарам перад пагрозай яе падзелу.

У выніку ўзаемадзяння многіх сацыяльна-эканамічных, палітычных, рэлігійных і іншых працэсаў, якія мелі месца ў ХУІ ст. у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе ўзнік новы мастацкі стыль – барока.

Краінай яго нараджэння лічыцца Італія і непасрэдны адтуль ён трапляў на Беларусь праз падарожнікаў, дыпламатаў, духоўных дзеячаў. Вядома, што ў Падуанскім універсітэце з 1592 г. да сярэдзіны XVII ст. вучылася каля 170 нашых землякоў – “літвінаў”. Выпускнікі, якія вярталіся на Радзіму, здолелі адаптаваць заходнюю духоўную культуру да мясцовых патрэб і ў шэрагу выпадкаў з выкарыстаннем візантыйскай традыцыі сінтэзаваць новую, своеасаблівую, якая была ўласціва толькі Беларусі.

Новы стыль найперш ўвасобіўся ў архітэктуры і абапіраўся на традыцыі антычнасці з уласцівым ёй пышным, пампезным дэкорам, вытанчанасцю форм і ліній, выкарыстаннем светлацені і іншымі рысамі мастацтва. Першым яго ўзорам у Рэчы Паспалітай і наогул, на ўсходнеславянскіх землях стаў езуіцкі касцёл Божага цела ў Нясвіжы (1584-1593 гг.), пабудаваны архітэктарам Яна Бернардоні па кананічнаму праекту царквы Іль Джэзу ў Рыме.

У далейшым асноўнай базай беларускага барока з’яўлялася культавая архітэктура першай паловы XVII ст. Найбольш характэрная яго праява (базілікавы тып храма з двухвежавым галоўным фасадам) адбіта ў касцёлах езуітаў у Гародні і Мінска, дамініканцаў у Стоўбцах і ў Княжыцах пад Магілёвам, бернардзінак у Мінску.

Працэс развіцця мураванай архітэктуры меў тры этапы і ў адпаведнасці з імі беларускае барока стала ўмоўна падзяляцца на ранняе, сталае і позняе. Апошняе, позняе (1730-1780-я гг. XVIII ст.) барока з уласцівым яму ўменнем мясцовых дойлідаў па стварэнні шмат’ярусных вежаў, фігурных франтонаў, па дасягненні гармоніі вертыкалізму ліній і плаўнасці сілуэтаў было названа віленскім. Гэты стыль характэрны касцёлу кармелітаў у Глыбокім, сабору св. Сафіі ў Полацку, Андрэеўскаму касцёлу ў Слоніме і інш.

З цягам часу элементы барока з’яўляюцца і ў свецкай архітэктуры. Зноў створаныя палацавыя ансамблі ў Нясвіжы, Ружанах, Шчорсах ужо пазбаўлены абарончых элементаў, уласцівых готыцы, і дэманструюць раскошу і пампезнасць. Аналагічны выгляд – з пілястрамі і ляпнінай, плаўнымі контурамі франтонаў, набываюць будынкі гарадскіх магістратаў – ратушы Віцебска, Магілёва, Мінска.

З моманту ўзнікнення ў сярэдзіне XVIII ст. новага архітэктурнага стылю класіцызму барока адразу не знікае, а некаторы час існуе паралельна з першым. Толькі пасля таго, як Беларусь была цалкам далучана да Расійскай імперыі, барока саступае месца класіцызму.

Прыкметы барока ў выяўленчым мастацтве ўзніклі ў сяр. XVII ст., пазней, чым у архітэктуры. У манументальным і станковым жывапісе традыцыйная візантыйска-старажытнаруская тэхніка ўзбагацілася заходнееўрапейскай, што паўплывала на фарміраванне своеасаблівай мясцовай тэхнікі. Стыль барока ў манументальным рэлігійным жывапісе выяўляе сябе ў насценных роспісах каталіцкіх храмаў – францысканцаў у Гальшанах, езуітаў у Нясвіжы (XVII ст.), св. Станіслава ў Магілёве (1765 г.), дзе скарыстаны сюжэты кампазіцыі мастакоў Заходняй Еўропы. Новы стыль знайшоў адбітак у выкарыстанні тэхнікі светлацені, элементаў антычнай арнаментацыі, знеш-няй эфектнасці, пампезнасці.

Роспісам культавых будынкаў іншых хрысціянскіх канфесій – праваслаўнай і уніяцкай – доўгі час была ўласціва традыцыйная тэхніка. Так, у ХУІІ ст. у тэхніцы фрэскі былі аздоблены сцены праваслаўных (Віцебск, Магілёў, Мінск, Орша, Прапойск, Чачэрск) і уніяцкіх – (Жыровічы, Полацк) храмаў. У сваіх выявах жанравых біблейскіх і евангельскіх сюжэтаў майстры фіксавалі сучасныя элементы дэкору, тым самым фарміравалі новы мастацкі стыль.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 500; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.098 сек.