Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 4. Фарміраванне беларускага этнасу і яго культуры ў перыяд сярэднявечча 8 страница




Значна павольней барока ўздзейнічала на іканапісны жанр, дзе, як і раней, выявы святых доўгі час захоўвалі кананічны выгляд. Тым не менш ў іканапісе з’яўляюцца элементы зямнога жыцця. У абразах “Праабражэнне” 1648 г., “Пакроў” 1650 г., “Успенне” 1652 г.) “Нараджэнне Маці Боскай” (1649 г.) прысутнічаюць мясцовыя пейзажы і ўласцівыя эпосе прадметы побыту. Адыход ад канону назіраецца і ў абразах “Маці Боская Адзігітрыя” з Жыткавіч і “Ілья” з Крычава (першая палова XVII ст.), якія аздоблены арнаментам і дэкаратыўнымі накладкам. У другой палове XVII ст. гэтыя тэндэнцыі ўзмацняюцца яшчэ больш і прысутнасць на іконах “Маці Боская Адзігітрыя Баркалабаўская” з Быхава (1659 г.), “Уваскрэсенне – Сашэсце ў пекла” з Чачэрска (1678 г.) выяў сучасных мастакам архітэктурнах кампазіцый, сельскіх пейзажаў, узораў адзення і г. д., як гэта робіцца звычайнай з’явай.

Нягледзячы на пэўны ўплыў заходнееўрапейскага мастацтва, нацыянальныя рысы беларускага іканапісу – моцны ўплыў фальклору, народнага мастацтва, простанародным тыпаж святых – не гублялі сваёй перавагі. Да ліку найлепшых узораў беларускага іканапісу ХУІІ ст. варта аднесці «Тройцу Запаветную» з Берасцейшчыны, «Нараджэнне Маці Божай» работы П. Яўсеевіча з Галынца. У ХУІІІ ст. барока ў іканапісе характарызуецца большай прысутнасцю народных матываў (абраз «Ушэсце» П. Клачковіча з Бера-сцейшчыны), павелічэнне элементаў свецкага жывапісу і інш.

У ХVІІІ ст. у іканапісе склаліся пэўныя – магілёўская, палеская, полацка-віцебская, гарадзенская, слуцка-мінская плыні, якія стварылі аснову для фарміравання адзінай беларускай школы.

Партрэтны жанр стаў з’яўляцца на Беларусі ў канцы ХУІ ст. і нават у больш познія часы ў ім адчуваўся ўплыў заходнееўрапейскага рэнесансу. Лепшыя працы беларускіх майстроў адбіліся ў партрэтах Януша Радзівіла, Аляксанра Астрожскага, Альбрэхта Радзівіла і інш. Узнікненне стылю барока ў партрэтным жывапісе супала з росквітам так званага “сарматызму” – ідэалогіі, якая падкрэслівала старадаўняе паходжанне, саслоўную і грамадскую выключнасць шляхты. Значным сродкам умацавання асобнымі яе прадстаўнікамі свайго высокага статусу лічыўся прыжыццёвы жывапісны і партрэт, а таксама трунны пасля смерці. Па жаданні заказчыка, мастакі маглі напісаць яго ў парадным або старадаўнім (рыцарскім) адзенні. Буйнымі цэнтрам партрэтнага жывапісу ў ВКЛ былі Вільня, Гародня, Нясвіж, Ружаны, Свіслач, Слонім, Слуцк.

Неўзабаве ў магнатаў і паноў сталі з’яўляцца цэлыя галерэі з выявамі іх саміх, блізкіх родзічаў, славутых продкаў. Сармацкаму партрэту былі ўласцівы такія рысы, як знешняе падабенства, наяўнасць пэўных атрыбутаў (герб, надпіс) ці прадметаў, якія адлюстроўвалі прыналежнасць персоны да групы “абраных”. Такія рысы ўласцівы “рыцарскім” партрэтам К. Весялоўскага, М. Паца, А. Завішы, К. Сапегі, літоўскага “Геркулеса” Ю. Радзівіла і інш. Свае парадныя партрэты пакінулі К. Астрожскі, Г.Ф. і М. Радзівілы, М.К. Агінскі, С. Панятоўскі.

У другой палове ХVІІІ ст. з распаўсюджаннем Асветніцтва барока паступова саступае месца новаму стылю – класіцызму з уласцівымі яму напускной урачыстасцю ў выглядзе і позах персон, вытанчанасцю дэталяў, прысутнасцю дэкаратыўных элементаў антычнасці. У ліку першых мастакоў Беларусі, хто засноўваў айчынную класічную школу, быў прафесар Віленскай Галоўнай школы Францішак Смуглевіч (1745-1807). Яго жывапісныя працы прысвячаліся гістарычным (“Прысяга Касцюшкі) і міфалагічным сюжэтам.

Далейшае развіццё жывапісу ў стылі класіцызму Беларусі адбывалася ўжо пасля яе далучэння да Расійскай імперыі.

Скульптура мела культавае прызначэнне і выраблялася для каталіцкіх і уніяцкіх храмаў як элемент алтароў. Выявы Бога і святых вырабляліся з дрэва с выкарыстаннем фарбаў і пазалоты. Найбольш выразныя ўзоры стылю барока адбіліся ў алтары будслаўскага касцёла (1643-1651). Своеасаблівыя свецкія матывы ў скульптуры адбіліся ў надмагільных партрэтах знатных нябожчыкаў, але самі майстры былі небеларускага паходжання.

Дэкаратыўнае мастацтва найлепшым чынам увасоблена ў культавай архітэктуры. У ХУІІ ст. баларускія разбяры і іншыя майстры па дрэве ўвасобілі стыль барока ў шмат’ярусных кампазіцыях іканастасаў Новадзявочага (1683-1686) і іншых манастыроў у Маскве. Беларускія дойліды ўнеслі вялікі ўклад у пабудову палаца Аляксея Міхайлавіча ў с. Каломенскае.

Тэатралізаваныя відовішчы адбываліся ў час рэлігійных святаў, на Каляды, Купалле, іншыя народныя гулянні. З цягам часу сталі з’яўляцца вандруючыя прафесійныя артысты, якія ігрой на музычных інструментах, песнямі, танцамі, інтэрмедыямі і г. д. забаўлялі публіку і тым зараблялі сабе на жыццё. Вялікім поспехам карысталіся артысты з прыручанымі медведзямі. ХУІ ст. – час зараджэння беларускага тэатральнага мастацтва. Яго пачатак звязваюць з народным лялечным тэатрам – “батлейка” (ад паланізаванай назвы горада Вiфлеем, дзе, нарадзiўся Iсус) або “Вяртэп”, “Яселка” ці “Жлоб”. Арганізатарамі відовішчаў напачатку былі вандруючыя манахі, студэнты ці іншыя адукаваныя людзі. Сцэнай для выступлення лялечных артыстаў служыла трох- ці двух’ярусная скрыня. Кожны ўзровень мусіў сімвалізаваць “высокі” і “нізкі” ўзровень рэпертуару. Так, на верхнім ярусе батлейкі паказвалі дзеі на рэлігійныя сюжэты, на ніжэйшых – з народнага жыцця. Як правіла, апошнія складалі народную драму “Цар Максіміліян”, жанравыя сцэнкі –“Антон з казой і Антоніха”, “Вольскі – купец польскі”, “Бэрка-карчмар”, “Цыган і цыганка” і інш. Дзеі суправаджаліся музыкай, спевамі псалмоў і песень, народнымі танцамі. З цягам часу свецкая частка праграмы павялічвалася, і каб дагадзіць гледачам, набывала сацыяльна-сатырычны змест.

У эпоху Асветніцтва цэнтрамі мастацкай культуры Беларусі зрабіліся магнацкія рэзідэнцыі ў Гародні, Нясвіжы, Ружанах, Слоніме і інш. гарадах. Самі магнаты шмат часу праводзілі за межамі РП – набывалі адукацыю, падарожнічалі, запрашаліся на свецкія сходы, забаўляльныя мерапрыемствы. Лепшыя, на іх думку, узоры заходнееўрапейскай культуры – адзення, інтэр’ераў і знешняга выгляду палацаў, жывапісу, музыкі, танцаў, тэатральнага рэпертуару, запазычваліся і ўкараняліся ва ўласных маёнтках. Выпісанымі з-за мяжы музыкантамі, сцэнографамі, балетмайстрамі ў магнацкіх замках ствараліся школы для падрыхтоўкі артыстаў. Навучэнцамі гэтых школ былі прыгонныя юнакі і дзяўчаты.

Каласальныя даходы ад эксплуатацыі прыгонных сялян і жыхароў прыватных гарадоў і мястэчак давалі магнатам магчымасць ажыццявіць любую задуму, каб ні ў чым не адставаць ад арыстакратаў Італіі, Францыі і іншых краін. Намаганнямі замежных майстроў асобныя магнацкія палацы па сваёй раскошы не саступалі лепшым узорам еўрапейскіх палацаў, а па багацці - калекцыях карцін, зброі, манускрыптаў іх гаспадары не саступалі манархам.

Каралю Станіславу Радзівілу, па мянушцы “Пане Каханку”, належала 16 гарадоў і больш 600 вёсак, што дазволіла яму ператварыць свой замак у Нясвіжы ў сапраўдны музей, з багацейшай у РП бібліятэкай і архівам ВКЛ. Частка замка адводзілася пад тэатр, музычную і балетную школы. Ягоная жонка Уршуля Францішка Радзівіл асабіста рыхтавала рэпертуар для прыгонных артыстаў. У 1746 г. была пастаўлена яе першая камедыя «Дасціпнае каханне».

Неўзабаве ўласныя тэатры, музычныя капэлы, нават балетныя школы зрабіліся ўласцівай прыкметай магнацкіх родавых гнёздаў. Струннай капэлай, музычнай і балетнай школай, адмысловым “Новым домам оперы” славілася рэзідэнцыя гетмана М. К. Агінскага ў Слоніме. Музычная капэла, а таксама школа па падрыхтоўцы прыдворных артыстаў была наладжана старостам А. Тызенгаузам. Яго тэатр па майстэрству і славе пераўзышоў астатнія ва ўсёй РП. 60 гродзенскіх і слонімскіх танцоўшчыкаў, адпраўленых у Варшаву, склалі аснову балетнай трупы каралеўскага тэатра. Магнаты Тышкевічы таксама заснавалі тэатры з прыгоннымі артыстамі ў Свіслачы і Плешчаніцах і інш. Усяго да канца існавання РП на Беларусі мелася 26 тэатраў і каля 30 аркестраў.

Гледачамі тэатральных прадстаўленняў і слухачамі музычнага мастацтва і г. д. была ў сваёй большасці мясцовая шляхта. Яна ж імкнулася па ўзору магнатаў надаваць сваім маёнткам і інтэр’ерам адпаведны выгляд, насіць еўрапейскую вопратку, чытаць літаратуру. На Беларусі пачалося разбурэнне сармацкай культурнай традыцыі і адначасова ўмацаванне новай, заходнееўрапейскай. К выніку культура Беларусі XVIII ст. набывала больш выразны свецкі характар свецкай культуры, росквіту музычнага і прыкладнога мастацтваў, якое мела элітарны шляхецкі характар. Развіццё яго асноўных накірункаў вызначалася “заканадаўцамі мод” – уладальнікамі родавых уладанняў у Гародні, Дзярэчыне, Нясвіжы, Ружанах і іншых гарадах і мястэчках.

 

4. У вынiку аб’яднання Польшчы з ВКЛ суадносiны сiл ва Усходняй Еўропе паступова змянялiся на карысць РП. Таму спрыяла аслабленне царскай улады ў Маскоўскай дзяржаве пасля смерці Івана Жахлівага (1584). Яго сын Фёдар Іванавіч памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. Такім чынам дынастыя Рурыкавічаў перасеклася, і рускі трон зрабіўся аб’ектам міжусобных баярскіх груповак. У выніку ў краіне пачаўся так званы “смутны час”, які суправаджаўся масавымі народнымі рухамі, усобіцамі, уварваннем у межы дзяржавы інтэрвентаў. Абранне новым царом баярына Барыса Гадунова (1598-1605) сітуацыі не палепшыла: на ускраінах хваляваліся казакі, паўставалі сяляне, нават дваране выказвалі незадавальненне палітыкай новага цара. У выніку неўраджаю ад голаду (1601-1603) загінула шмат простага люду, у тым ліку жахароў Масквы. Істотны ўрон прэстыжу Гадунова наносілі чуткі аб яго асабістай віне ў смерці сына Івана Жахлівага – Дзмітрыя (1591).

У гэтых умовах становішча царскай улады рабілася яшчэ больш хісткім. У гэты самы час у РП з’явiўся чалавек, якi абвясцiў сябе тым самым царэвiчам Дзмiтрыем, законным спадкаемцам трона. Яго падтрымаў сандамiрскi ваявода Юры Мнiшак і нават сам Жыгiмонт III. У адказ на просьбу самазванца аб дапамозе ў вяртаннi “законнага” царскага трону кароль РП блаславіў яго ў паход на Маскву ў складзе шляхецкага войска.

Са свайго боку двор Барыса Гадунова абвясцiў, што Дзмітрыем назваўся дыякан Рыгор Атрэп’еў, які ўцёк (1601) з Чудава манастыра. Тым не менш, папулярнасць самазванца не змяншалася i ў канцы лета 1604 г ён разам з 4-тысячным войскам ужо з’явiўся на на тэрыторыi Расii. У маi 1605 г пасля нечаканай смерцi Гадунова царскае войска перайшло на бок Ілжэдзмітрыя Ужо ў чэрвенi 1605 г. ён уступiў у Маскву i каранаваўся на царства пад іменем Дзмітрыя І. 18 ліпеня ў Маскву прыбыла ўдава Івана Грознага Марыя Нагая, якая прызнала Ілжэдзмітрыя I сваім сынам. 8 мая 1606 г. ён абвянчаўся з Марынай Мнішак, якая каранавалася як руская царыца.

Але палiтыка “законнага” цара не магла задаволiць адразу ўсiх – сялян i дваран, баяр i шляхту. Акрамя таго, прысутнасць у Маскве чужых (польскiх, лiтоўска-беларускiх) войск выклiкала незадавальненне масквiчоў. 17 мая 1606 г. у вынiку змовы баяр i паўстання гараджан Iлжэдзмiтрый быў забіты і выкрыты як самазванец. Марыя Нагая адмовілася ад ранейшага прызнання і 3 чэрвеня 1606 г. публічна пакланілася мошчам свайго сына Дзмітрыя, дастаўленым у Маскву з Угліча.

Новым царом быў абраны Васіль ІV Шуйскі (1606-1610), але змена ўлады не стабiлiзавала жыцця. У Расii распаўсюдзiлiся шматлiкiя выступленнi сялянства, казакоў, нават дваран, незадаволеных Шуйскiм. Распаўсюдзіліся чуткі, нібыта Дзмітрый І не загінуў, а ізноў збіраецца змагацца за свой трон супраць “ліхіх баяр”. У 1607 г. аб’явіўся чарговы самазванец – Міхаіл Малчанаў. Месцам канцэнтрацыі яго войск зрабіўся Старадуб (што на Браншчыне), куды сталі прыбываць рэшткі колішняга каралеўскага войска, дваране, казакі, сяляне. Праз год, 1 мая 1608 г. войскі Ілжэдзмітрыя ІІ разграмілі стральцоў Васіля Шуйскага, і ў пачатку чэрвеня падыйшлі да вёскі Тушына, стварыўшы непасрэдную пагрозу Маскве. Неўзабаве “цара Дзмітрыя прызналі” Юрый і Марына Мнішакі, а ўслед за імі многія рускія гарады – Пскоў, Растоў, Уладзімір. Тыя ж хто, захаваў вернасць сапраўднаму цару, называлі Ілжэдзмітрыя “тушынскім злодзеем”.

Каб перамагчы яго, паслы Шуйскага звярнуліся (1608) за дапамогай да Швецыі, абяцаючы саступіць ёй прыбалтыйскія землі. Сумесныя ваенныя дзеянні на чале з ваяводам Скопіным-Шуйскім прынеслі ім поспех і ў сакавіку 1610 г. блакада з Масквы была знята.

Але як толькі на баку Васіля Шуйскага выступіла Швецыя, РП ўспрыняла гэта як недружалюбны акт і прыступілася да адкрытай інтэрвенцыі. У вераснi 1609 г. яе войскi асадзiлi Смаленск, а ў чэрвені 1610 г. разбілі царскіх стральцоў пад Клушыным. Калі аб тым стала вядома ў Маскве, то група дваран начале з П. Ляпуновым зверглі В. Шуйскага з трону і пастрыглі яго ў манахі. Улада перайшла да “сямібаяршчыны”, групы ў складзе 7 баяр на чале з Мсціслаўскім. Сітуацыя магла ў любы час памяняцца, бо на яе маглі паўплываць войскі на чале з гетманам Жалкеўскім, а з другога боку – войскам Ілжэдзмітрыя сумесна з атрадам Сапегі. Баярская групоўка аддала перавагу саюзу з РП. Паводле падпісанай 17 жніўня 1610 г. “сямібаяршчынай” і Жалкеўскім дамовы, на рускі трон запрашаўся сын Жыгімонта ІІІ каралевіч Уладзіслаў пры ўмове пераходу яго ў праваслаўе. Аднак кароль не адпусціў 15-гадовага сына ў Расію. Каб прадухіліць напад на Маскву Ілжэдзмітрыя, баяры аддалі загад аб здачы Крамля пад ахову польска-літоўскага гарнізона на чале з гетманам С. Жалкеўскім.

У тых умовах крызіс улады здаваўся вырашаным, невыпадкова таму Ілжэдзмітрый быў вымушаны ўцякаць пад Калугу, дзе i быў забiты (снежань 1610) сваiмi былымi прыхiльнiкамi.

Але, нягледзячы на тое, што “сямiбаяршчына” прысягнула Уладзiславу, у Расii распачаўся вызваленчы рух. У 1611 г. яго ўзначаліў дваранін П. Ляпуноў. Апалчэнне служылых людзей Разані, Тулы, Калугі, казакоў, рэшткі былых войск Ілжэдзмітрыя ІІ рушыла на Маскву і ў сакавіку (1611) акружыла інтэрвентаў. Сілы патрыётаў значна павялічыліся пасля прыходу войск з Ніжняга Ноўгарада, у тым ліку атрада ваяводы Дз. Пажарскага. 19 мая масквічы паўсталі супраць захопнікаў. На дапамогу землякам выступілі апалчэнцы. Але палякі падпалілі горад, разбілі паўстанцаў і прымусілі апалчэнцаў адступіць. Дз. Пажарскі быў цяжка паранены. Няўдача выклікала раскол у апалчэнскіх сілах. Асабліва моцныя рознагалоссі выявіліся паміж дваранамі, якіх узначальваў П. Ляпуноў, і былымі “тушынцамі” – казакамі на чале з І. Заруцкім. Акрамя таго, сярод казакоў бы-ло шмат беглых сялян і халопаў), якім дваране абяцалі свабоду і грашовыя “жалаванні”. У выніку канфлікту 18 ліпеня 1611 г. П. Ляпуноў быў забіты, а апалчэнне фактычна распалася.

У снежні 1611 г. вялікі гетман ВКЛ Ян Хадкевіч здзейсніў паход на Маскву з мэтай дапамогі гарнізону, які ўтрымліваў Крэмль і цярпеў страшэнную нястачу. Чарговы паход (жнівень-верасень 1612) гетмана Хадкевіча з мэтай падтрымкі суайчыннікаў, якія былі акружаны ў Маскве, скончыўся паражэннем, нанесеным апалчэннем на чале з Дз. Пажарскім і К. Мініным. 6 снежня 1612 г. крамлёўскі гарнізон быў вымушаны капітуляваць. Каралеўскае войска, што рухалася на Маскву ўслед за Хадкевічам, не здолела прадухіліць катастрофы і мусіла вяртацца назад. Акрамя таго, каралевіч Уладзіслаў, які ехаў у суправаджэнні бацькі Жыгімонта ІІІ і канцлера ВКЛ Л. Сапегі з афіцыйнай місіяй, каб у адпаведнасці з пагадненнем заняць расійскі трон, быў вымушаны вярнуцца ні з чым.

У студзенi 1613 г. на Земскiм Саборы ў Маскве быў абраны новы цар – 16-гадовы Мiхаiл Раманаў, а 11 ліпені ён “вянчаўся на царства”.

Такім чынам, “смутны час” скончыўся. Усе “злодзеі”, “ліхія баяры”, прыхільнікі самазванцаў і г. д. былі сурова пакараны. Так, у ліпені 1614 г. 4-х гадовы сын Ілжэдзмітрыя І і Марыны Мнішак – Іван быў павешаны, а сама Марына, быццам памерла ў зняволенні ад тугі.

Між тым каралевіч Уладзіслаў не пакідаў спроб завалодаць расійскім тронам. У 1617 г., заручыўшыся падтрымкай сейма, ён рушыў у паход на Маскву. Да канца года войска РП на чале з гетманам Хадкевічам захапіла шэраг рускіх гарадоў, у тым ліку Вязьму, і адсюль вясной-летам 1618 г. захопнікі рушылі ў напрамку сталіцы, у кастрычніку (1618) занялі сяло Тушына. Пад час штурму Масквы да іх далучылася 20-ці–тысячнае войска запарожскіх казакаў гетмана П. Сагайдачнага, але абаронцы вытрымалі асаду. Каралевіч Уладзіслаў быў вымушаны пайсці на перагаворы. У выніку, у снежні 1618 г., паводле пера-мір’я, падпісанага у с. Дзявуліна (паблізу ад Троіца-Сергіева манастыра), тэрмінам 14 з паловай год да РП адыходзілі Смаленскія і Чарнігава-Северскія землі, а Уладзіслаў адмаўляўся ад правоў на расійскі трон.

Тым не менш, з абраннем свайго ўласнага цара “смутны час” паступова змяняецца перыядам уздыму эканомiкi i ўладных структур. У час знаходжання на троне Мiхаiла Фёдаравiча (1613-1646 гг.) фактычным кiраўнiком Расii з тытулам “вялiкi государь” працяглы час (з моманту вяртання з палону у 1619 i па 1633 г) з’яўляўся яго бацька – патрыярх Фiларэт. У многiм па яго iнiцыятыве пасля смерцi Жыгiмона III (1632) была здзейснена няўдалая спроба вяртання Смаленска, якая выклiкала чарговую, так званую Смаленскую вайну з Рэччу Паспалітай (1632-1634). А зваротнае імкненне новага караля Уладзiслава IV Вазы (1632-1648) яшчэ раз захапіць Маскву поспеха таксама не прынесла. У адпаведнасці з Палянаўскім мірам ад 17 мая 1634 г., пацвярджалася непарушнасць граніц паміж Расіяй і РП: Чарнігаўская зямля заставалася ў складзе Польшчы, а Смаленская – у складзе ВКЛ. Акрамя таго, Расія абавязалася выплаціць 20 000 руб., а кароль канчаткова адмаўляўся ад прэтэнзій на рускі трон.

Сацыяльна-эканамічнае становішча ВКЛ канца XVI – першай паловы XVII стст. характарызавалася ўсталяваннем фальварачна-паншчыннай сістэмы, умацаваннем зямельнай уласнасці свецкіх і духоўных феадалаў, якія імкнуліся павялічыць свой прыбытак шляхам павелічэння эксплуатацыі залежных сялян. Да гэтага ж часу, асабліва пасля правядзення валочнай памеры, асноўныя іх масы трапілі ў асабістую залежнасць ад феадалаў. Адпаведна колькасць уцёкаў сялян ад сваіх гаспадароў рэзка ўзрасла, і аўтары трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588) павялічылі тэрмін пошуку беглых з 10 да 20 год.

Умацаванне феадальнага прыгнёту адчуваў працоўны люд гарадоў і мястэчак ВКЛ, асабліва тых, якія належалі свецкім і духоўным асобам. У пач. ХVІІ cт. павялічылася колькасць скаргаў гараджан на падатковы прыгнёт, новыя павіннасці, злоўжыванні і інш.

Адным са спосабаў пазбаўлення сялян і гарадскіх працаўнікоў ад феадальнага прыгнёту з’яўляліся ўцёкі на поўдзень ВКЛ. Там, за “парогамі” Дняпра, у Запарожскай Сечы ў канцы XVI ст. узнікла своеасаблівае напалову ваеннае, этнічна неоднароднае саслоўе - запарожскае казацтва. Частка яго – так званае рэестравае казацтва – знаходзілася на службе ў караля РП, мела устойлівы прыбытак і высокі грамадскі статус.

Узмацненне эксплуатацыі прыгонных сялян, бяднейшых пластоў гараджан і нерэестравага казацтва з’явілася асноўнай прычыной іх масавага руху супраць прыгнятальнікаў у канцы 90-х гадоў XVI – пач. XVII в., накшталт паўстання Налівайкі ў 1594-1596 гг., якое ахапіла тэрыторыю Украіны і Беларусі. Існаванне “казацкай вольнiцы”, дзе не было нi прыгону, нi панскага бязладдзя, з’яўлялася важным фактарам, якi ўзмацняў свабодалюбівыя настроi сялянства i гарадскiх нiзоў.

Вызначальную ролю ва ўздыме на Беларусi антыфеадальнага руху i ператварэннi яго ў антыфеадальную вайну адыграла паўстанне запарожскiх казакоў, якое пачалося ў красавіку 1648 г. Яго прычынай з’яўлялася пазбаўленне самакіравання Запарожскай Сечы, скарачэнне колькасці рэестравых казакаў, вяртанне выключаных з рэестра казакоў у стан прыгонных сялян, уціск польскай шляхты і яўрэйскіх арандатараў на праваслаўнае насельніцтва. Гетман Багдан Хмяльніцкі вырашыў сілай выдаліць палякаў з Украіны і аднавіць казацкую вольніцу. Каб узмацніць сваё войска, ён заключыў ваенны саюз з крымскім ханам Ісламам-Гірэем III. У першай буйной бітве з каралеўскім войскам пад Жоўтымі Водамі, якая адбывалася з 29 красавіка па 16 мая 1648 г., выявілася перавага саюзнікаў. 20-тысячная татарская конніца на чале з Тугай-беем пераўзыйшла польскую, а казацкая пяхота хутка зламала супраціўленне.

Чарговая бітва пад Корсунем (15-16 мая) была яшчэ больш удалай для паўстанцаў і іх саюзнікаў. У палон да іх трапілі 80 вяльможаў, у тым ліку 2 гетманы, 127 афіцэраў, 8 520 жаўнераў. Пераможцам дасталіся багатыя трафеі. Ад пагібелі і палону ўратавалася толькі 1,5 тыс. чал. з усёй каралеўскай арміі.

20 мая Кароль Уладзіслаў ІУ, пачуўшы, што казакам удалося разграміць шляхецкае войска на чале з С. Патоцкім, памёр. Са смерцю манарха РП страціла кантроль над Украінай. Безуладдзе падштурхнула прыгонных сялян і бедных мяшчан да нападаў на свецкіх і духоўных феадалаў, заможных гараджан, яўрэйскіх арандатараў. Гэтыя акцыі суправаджаліся захопамі маёмасці, падпаламі маёнткаў і іншых пабудоў.

Час бескаралеўя, які зацягнуўся да лістапада 1648 г., толькі спрыяў пашырэнню маштабаў народнай барацьбы супраць прыгнятальнікаў. Ужо першыя звесткi аб перамогах паўстанцаў пад Жоўтымi Водамi i Корсунем выклiкалi ўзброеныя выступленнi беларускiх сялян i гараджан, асаблiва ў суседнiх з Украiнай раёнах. Для падтрымкi народнага руху Хмяльнiцкi накiраваў на Беларусь казацкiя “загоны” (атрады) на чале з Галавацкiм, Крывашапкам, Нябабам, Хвясько i iнш.

Адначасова ад Гомеля да Барысава, Быхава i Магiлёва рассылалiся гетманскiя унiверсалы з заклiкам да паўстання. Са з’яўленнем казакоў пачалася ўзброеная барацьба сялян і гарадскіх нізоў галоўным чынам супраць шляхты і каталіцкага духавенства. Як і на Украіне, маёнткі і гаспадарчыя пабудовы рабаваліся і знішчаліся. У вынiку ўжо да восенi 1648 г. жыхары Мазыра, Турава, Гомеля, Рэчыцы i iх наваколляў “усе паказачылiся i паклялiся адзiн другому стаяць да апошняга”.

Летам-восенню казацка-сялянскiя атрады, карыстаючыся слабасцю i неарганiзаванасцю шляхецкiх ciл, авалодалi многiмi гарадамi паўднёва-усходняй Беларусі – Чачэрскам, Брагiнам, Бабруйскам, Мазыром, Чэрыкавым, Пінскам і іншымі. Асобныя фарміраванні шляхты былі разбіты пад Кобрынам, Мазыром, Чэрыкавым і інш. Але не заўсёды шанцавала і паўстанцам: слуцкая і стара-быхаўская крэпасці так і не былі імі ўзяты.

Чарговая перамога Б. Хмяльніцкага над польскім апалчэннем (да 80 000 вершнікаў і пехацінцаў пры 100 гарматах), якая адбылася пад Піляўцамі 21 верасня 1648 г., актывізавала паўстанцкі рух на Беларусі. У адказ мясцовая шляхта пачала фармiраваць свае апалчэннi і вербаваць наёмнiкаў. Агульнае кiраўнiцтва шляхецкім войскам было ўскладзена на вялікага гетмана літоўскага Януша Радзiвiла. У кастрычніку 1648 г. года значныя сілы шляхецкае войска на чале са стражнікам Мірскім пасля ўпартай барацьбы авалодалі Пінскам i жорстка пакаралі яго абаронцаў, забіўшы больш за 3000 мяшчан, у тым лiкi жанчын i дзяцей. Такi ж лёс спасцiг абаронцаў Чэрыкава.

У лістападзе на трон караля РП быў абраны брат памерлага Уладзіслава ІУ Ян ІІ Казімір Ваза (1649-1668), справа арганізацыі падаўлення паўстання ў ВКЛ значна палепшылася. У студзені 1649 г. Я. Радзівіл на чале 10-тысячнага войска прайшоў рэйдам па паўстаўшых гарадах паўднёвай Беларусі – Тураве, Петрыкаве, Мазыры, Бабруйску, Рэчыцы і жорстка караў як “чаркасаў” (казакоў) так і “гульцяйства” (гарадскія нізы). На працягу зімы гетман падавіў усе лакальныя выступленні сялян. Толькі пасля таго, як вясной 1649 г. з Украіны прыбыў 3-тысячны загон палкоўніка Галоты, паўстанне ізноў стала разгарацца па ўсім Палессі. Неўзабаве казацка-сялянскае войска дасягнула 30-тысячнага складу, але ў чэрвені ў бітве са шляхтай і наёмнікамі на Прыпяці яно было разбіта. Тым не менш Хмяльніцкі працягваў накіроўваць казакоў на Беларусь, бо тым хацеў скаваць сілы Радзівіла і не дапусціць іх злучэння з каралеўскімі войскамі. Так, неўзабаве тут з’явіліся загоны Гаркушы, Пабадайлы, Крычэўскага i iнш., да якiх далучалiся сяляне i такiм чынам барацьба супраць шляхты, каталіцкай і уніяцкай цэркваў, яўрэяў, заможных гараджан працягвалася. Але перавага была на баку рэгулярнага войска Радзівіла, якому 21 чэрвеня 1649 г. удалося разграміць групоўку сялянска-казацкіх паўстанцаў на чале з Крычэўскім, а затым лагер Пабадайлы каля Лоева. У выніку паўстанцкі рух рассеяўся на асобныя плыні, страціў масавасць і набыў формы партызанскай барацьбы.

Тым часам, 27 чэрвеня–10 ліпеня на каля с. Берасцечка (Заходняя Украіна) адбылася бітва паміж асноўнымі сіламі паўстанцаў (100 тыс. казакоў і 25 тыс. крымскіх татар) на чале з Багданам Хмяльніцкім і палякамі (27 тыс. войска Кароны і 30 тыс. паспалітага рушання) на чале з каралём Янам ІІ Казімірам. З-за здрады крымцаў польскаму войску ўдалося перамагчы.

Януш Радзівіл пасля разгрому паўстанцаў на Беларусі прыняў рашэнне рухацца супраць іх асноўных сіл на Украіне. Спроба казацкага палкоўніка Нябабы стрымаць праціўніка на пераправе праз Дняпро скончылася няўдала. Ужо 6 жніўня шляхецкае войска ВКЛ захапіла Кіеў і пад Белай Царквой аб’ядналася з каралеўскім.

Менавіта тут, пад Белай Царквой 28 верасня 1651 г. Б. Хмяльнiцкі быў вымушаны падпісаць не выгадны казакам мір, у адпаведнасці з якім колькасць рэестравага войска зменшалася да 20 000, казацкая тэрыторыя абмяжоўвалася Кіеўскім ваяводствам, а польскай шляхце вярталася яе маёмасць. Яўрэям дазвалялася жыць і арандаваць землі толькі ў каралеўскіх і шляхецкіх маёнтках. Хмяльніцкі абавязваўся парваць адносіны з татарамі і не ладзіць знешніх сувязей з замежнымі краінамі (Расіяй, Трансільваніяй, Малдавіяй, Турцыяй і інш.)

Застаўшыся без казацкай падтрымкi, беларускiя паўстанцы не здолелi працягваць адкрытую барацьбу, некаторы час дзейнiчалi паасобку, але ў далейшым былi вымушаны спынiць супрацiўленне. Відавочна, што ў ліку прычын паражэння паўстання на Беларусі з’яўлялася адсутнасць такой арганізаванай сілы як казацтва і адзінага цэнтра кіравання паўстанцамі. Усе іх выступленні, як сялян так і мяшчан, мелі лакальны характар і не скіроўваліся на дасягненне адзінай мэты. Выступленні беларускіх паўстанцаў з’яўляліся часткай вялікай вызваленчай вайны, якая адбывалася на Украіне на чале з Багданам Хмяльніцкім, тым не менш, па сваім характары, маштабах і мясцовых асаблівасцях мелі характар антыфеадальнай вайны.

Адным з вынікаў вызваленчай вайны на Украіне з’явілася ўваходжанне яе левабярэжнай часткі (Гецьманшчыны) у Расійскую дзяржаву, пад пратэктарат маскоўскага цара. Пераяслаўскі дагавор ператварыў канфлікт паміж казацтвам і польскай шляхтай у вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй.

Карыстаючыся цяжкім становішчам Рэчы Паспалітай, цар Аляксей Міхайлавіч (1645-1676) вырашыў замацаваць поспех захопам суседніх з Расіяй зямель ВКЛ. Яго разлік на пераможную кампанію будаваўся не толькі на рускае 80-ці-тысячнае войска (супраць 10-тысячнага шляхецкага), але і на дапамогу беларускага насельнiцтва, якое цярпела пакуты ад палякаў. У красавiку 1654 г. ён паведамляў Хмяльнiцкаму, што беларускiя мяшчане “бити челом присылают... их от неволи ляхские освободить, а они все под нашею государскою рукою быти желают радостными сердцами”. З гэтай жа нагоды на Беларусi распаўсюджваліся царскiя граматы з заклiкам да праваслаўных аб дапамозе ў барацьбе супраць “ляхаў”.

З пачаткам лета 1654 г. рускiя стральцы перайшлі мяжу ВКЛ і павялі наступ у двух напрамках – паўночным і паўднёвым. 5 ліпеня Аляксей Міхайлавіч са світай стаў лагерам непадалёк ад Смаленска. Нешматлікае войска ВКЛ не магло аказаць істотнага супраціўлення. Ужо летам стральцы ўзялі Полацк, Мсціслаў, Оршау і іншыя гарады. У жніўні частковы поспех мелі харугвы Януша Радзівіла пад Шкловам, а таксама абаронцы Смаленска. Але ўжо праз месяц гэтыя гарады капітулявалі. 22 лістапада пасля доўгай асады стральцамі Шарамецьева паў Віцебск.

На поўднi з дапамогай 20-тысячнага войска ўкраiнскiх казакоў на чале з гетманам Залатарэнка стральцы захапiлi Гомель, Чачэрск, Прапойск, Быхаў. Некаторыя гарады, да прыкладу, Магілёў, здаваліся без супраціўлення.

Летам 1655 г. пачалося новае наступленне рускiх войск пад старшынствам ваяводы Трубяцкога, у вынiку якога былi захоплены цэнтральная i заходняя частка Беларусi разам з Вiльняй. Пры гэтым, iм так i не ўдалося захапiць Слуцк, Ляхавiчы i Стары Быхаў. У ліпені 1655 г. шведскі кароль Карл Х Густаў, успрыняўшы старыя дынастычныя спрэчкі як пагрозу свайму трону, рушыў вайной на Рэч Паспалітую і захапіў большую частку Польшчы разам з Варшавай. У тых умовах лёс федэрацыі “двух народаў” здаваўся вырашаным. З гэтай нагоды ў жніўні шляхецкая групоўка на чале з вялiкiм гетманам Янушам Радзiвiлам пайшла на заключэнне саюза ВКЛ са Швецыяй. У кастрычнiку 1655 г. акт так званай Кейданскай унii, якi фактычна скасоўваў Люблiнскую, падпiсала больш за тысячу шляхціцаў ВКЛ, але большасць іх захавала вернасць каралю РП.

Кароль Карл Х Густаў таксама лічыў лёс РП перадвызначаным, таму звярнуўся да Аляксея Мiхайлавiча з прапановай аб сумесным яе падзеле. Але перспектыва ўмацавання Швецыі не вабіла рускіх. Спроба шведаў выцясніць рускіх з Падзвіння прымусілі цара пры пасрэдніцтве Аўстрыі пайсці на мірныя перагаворы з РП. Пры гэтым Аляксей Міхайлавіч нават не параіўся на гэты конт з Хмяльніцкім.

У выніку 24 кастрычніка 1656 г. паміж імі было падпісана так званае Віленскае перамір’е тэрмінам на адзін год. Па яго ўмовах на акупiраванай тэрыторыi Беларусi ўлада заставалася за рускімі ваяводамі, а дзейнасць магістратаў адбывалася пад іх кантролем. У Маскве ствараўся адмысловы прыказ ВКЛ. Дзейнасць магістратаў захоўвалася пад кантролем ваявод. Тым шляхціцам, хто прысягаў цару i “цалаваў крыж”, надавалiся правы рускіх дваран, а хто адмаўляўся, той губляў маёмасць. Акрамя таго загадвалася, “жидам в Белой Руси не быть и жития никакого не имети”, “униатам не быть”, “костёлам не быть, а петь в домех”.

Такiм чынам, на Беларусi зачынялiся каталiцкiя i унiяцкiя храмы, маёмасць пакiдалася толькi праваслаўнай царкве, насельнiцтва i палонныя павінны былі ахрысціцца ў праваслаўную веру. Становішча яўрэяў зрабілася невыносным.

Разам з тым паводзiны рускiх стральцоў на Беларусi выклiкалi моцнае незадавальненне мясцовага жыхарства. Нават тыя, хто “цалаваў крыж”, цярпелi з іх боку рабаўнiцтва i здзекi. Акрамя таго, цэлыя сялянскiя i рамеснiцкiя сем’i вывозiлiся ў палон, у Маскву i Сiбiр. Да цара няспынна паступалi скаргi ад “белорусцев” на гвалт стральцоў. Пры гэтым, як сведчыў Нiкан, сам цар планаваў пасялiць у сваiх землях не менш за 300 тыс. беларусаў. Таму забранне ў палон людзей набыў характар дзяржаўнай праграмы. Гвалт акупантаў выклiкаў адпаведны рух супрацiўлення. Людзі адмаўляліся ад прысягі на вернасць цару і браліся за зброю. У 1658 годзе, калі баявыя дзеянні па-між РП і Расіяй аднавіліся, выступленні супраць стральцоў пачалі прымаць характар народнай вайны. Асобую ролю ў новых умовах стала адыгрываць украінскае казацтва.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 459; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.038 сек.