Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 4. Фарміраванне беларускага этнасу і яго культуры ў перыяд сярэднявечча 9 страница




Так, падпісанне рускімі Віленскага перамір'я (1656) быў расцэнены Б. Хмяльніцкім як здрада інтарэсам Украіны, таму ў мэтах працягу барацьбы з РП у пачатку 1657 года ён заключыў саюзны даговор з Карлам X. Натуральна, што гэты акт пагоршыў адносіны Расіі і ўкраінскага казацтва. Так, гетман Нячай, які з 1656 г. замест загінуўшага пры штурме Старога Быхава Залатарэнкі ўзначаліў казакоў, цяпер стаў на бок мясцовага насельніцтва і пачаў нападаць на тую шляхту, якая прысягнула цару, і нават на рускія войскі. Пасля смерці Хмяльніцкага (27 ліпеня 1657) новае казацкае кiраўнiцтва пайшло на зблiжэнне з РП i нават з Турцыяй. Казацкае кiраўнiцтва на чале з Нячаем ад iмя Украiны падпiсала з Каронай Гадзяцкi (Палтаўшчына) дагавор, паводле якога Кiеўскае, Брацлаўскае i Чар-нiгаўскае ваяводствы павiнны былi аб’яднацца з Польшчай на прынцыпах федэрацыi, у якой былi Польшча i ВКЛ.

Пасля гэтага ў верасні 1659 года Нячай прысягнуў на вернасць каралю Яну-Казіміру i заняў значную частку ўсходняй Беларусi. Толькі 4 лютага 1659 г. рускiя штурмам узялi яго апорны пункт у Быхаве i расправiлiся з мяцежнiкамi.

1659 год быў апошнім паспяховым для Расіі годам у яе працяглай вайне з Рэччу Паспалітай. Увосень войска ваяводы Хаванскага заваявала Бярэсце i iншыя паўднёвыя гарады Беларусі. Толькi пасля падпiсання мiру са Швецыяй (май 1660) РП здолела мабілізаваць сілы на барацьбу за вызваленне акупіраваных тэрыторый ВКЛ. Так, 18 чэрвеня аб’яднанае войска польскай i лiтоўска-беларускай шляхты на чале з П. Сапегам разбiла войска ваяводы Хаванскага каля в. Палонка, Слонiмскага павета. Такiм чынам, у лiпенi ўся Беларусь на захад ад Бярэзiны была вызвалена. У кастрычнiку 1660 г. войска ваяводы Ю. Далгарукага было адкiнута да Смаленска.

23 кастрычніка на Валыні войска В. Шарамецьева ў выніку здрады казакоў Ю. Хмяльніцкага было вымушана капітуляваць перад аб’яднанымі сіламі палякаў і татар. Казацтва правабярэжнай Украіны прысягнула каралю, а Левабярэжжа і Запарожжа па-ранейшаму захоўвалі вернасць цару.

У пачатку 1661 г. узмацняецца антырускае супрацiўленне на акупiраванай тэрыторыi. Так, у лютым 1661 г. адбылося паўстанне мяшчан Магiлёва, якiя за ноч знiшчылi 2 000 стральцоў. Такiя ж паўстаннi адбылiся ў Гомелi i iншых гарадах. Восенню войска РП вызваліла Гародню і Вільню, але з-за затрымкі жалавання наёмнікі не хацелі ваяваць. Характэрна, што ў 1662 г. у царскіх палках пачалося масавае дэзерцірства, выкліканае абясцэньваннем медных грошай. На буйнамаштабныя акцыi нi ў аднаго з бакоў ужо не было сiл, таму баявыя дзеяннi перапынiлiся на 2 гады.

Апошняе за час ваенных дзеянняў на Беларусі буйное сутыкненне адбылося летам 1664 г. пад Віцебскам, якое скончылася чарговым разгромам войск ваяводы І. Хаванскага. Асноўныя падзеі вайны з пераменным поспехам для іх удзельнікаў адбываліся на Украіне.

Толькi 30 студзеня 1667 г. у в. Андрусава (паміж Смаленскам і Мсціславам) РП і Расія падпiсалі перамiр’е (на 13 гадоў i 6 месяцаў), паводле якога:

1. да Расii канчаткова адыходзiлi Смаленскае i Чарнiгаўскае ваяводствы, Старадубскі павет і левабярэжная Украiна.

2. Часова (на 2 гады) пераходзiў Кiеў з прыгарадамi ў радыусе 1 мiлi.

3. Запарожская Сеч пераходзiла пад агульнае кiраўнiцтва 2 краiн.

4. Расія абавязалася дапамагаць РП у барацьбе супраць татар і правабярэжных казакоў, выплаціць беларускай і украінскай шляхце кампенсацыю ў памеры дзвесці тыс. руб. за страчаные маёнткі. Прадугледжвалася вяртанне палонных беларусаў i вывезеных культурных каштоўнасцяў.

6 мая 1686 г. умовы Андрусаўскага перамір’я былі замацаваны двума бакамі так званым «Вечным мірам», і дапоўнены перадачай Рэччу Паспалітай Запарожжа і (за грашовую кампенсацыю) Кіева.

Беларусь у Паўночнай вайне (1700-1721). У чарговай, так званай Паўночнай вайне Расія і РП ўдзельнічалі галоўным чынам як саюзнікі. Іх сумесная дзейнасць была абумоўлена імкненнем падарваць гегемонію Швецыі на чале з 18-гадовым каралём Карлам ХІІ ў балтыйскім рэгіёне. Акрамя таго, цар Расіі Пётр І спадзяваўся вярнуць страчаныя па Сталбоўскаму міру (1617) землі на ўзбярэжжы Балтыкі, а РП на чале з Аўгустам ІІ прэтэндавала на Ліфляндыю. Палітычныя або тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Швецыі мелі Данія, Шлезвіг-Гальштэйн і іншыя дробныя германскія дзяржавы.

Першая антышведская кааліцыя стала фарміравацца ў пачатку 1699 г. у складзе Расіі і Даніі. Восенню негалосна да саюзнікаў далучылася РП. 12 лютага 1700 года саксонскія войскі, пасланыя Аўгустам ІІ, асадзілі Рыгу. У сакавіку распачала ваенную актыўнасць Данія, але ўжо ў чэрвені шведскія войскі прымусілі яе пайсці на замірэнне. У жніўні 1700 г. Расія аб’явіла вайну Швецыі. Нягледзячы на тое, што руская армія пад Нарвай пацярпела паражэнне, яно толькі ўмацавала рашучасць Пятра І на дасягненне пастаўленых мэтаў.

Карл ХІІ не лічыў Расію моцным праціўнікам і таму скіраваў асноўныя сілы супраць РП. У 1701 яны захапілі Варшаву, у 1702 – перамаглі каралеўскія войскі пад Торунем і Кракавам. Пасля разгрому саксонцаў пад Рыгай шведы ўварваліся ў межы ВКЛ і ў 1702 г. захапілі Гародню. У далейшай барацьбе супраць саюзнікаў Карл ХІІ заручыўся падтрымкай буйнейшага магната Сапегі.

Шляхта адрэзанага ад Польшчы ВКЛ стварыла канфедэрацыю i вясной 1703 г. падпiсала дагавор з Пятром I аб сумеснай барацьбе супраць шведаў.

14 студзеня 1704 г. Карл ХІІ прымусіў сейм адхіліць Аўгуста ІІ ад трона і замест яго абраць каралём Станіслава Ляшчынскага. Гэтыя перамены раскалолі шляхту на два лагеры – прыхільнікаў і праціўнікаў новага караля. У тым жа 1704 г. частка яе адмовілася прызнаваць новага караля і з мэтай арганiзацыi ўзброенай барацьбы са Швецыяй стварыла так званую Сандамiрскую канфедэрацыю. Але Аўгуст II заключыў тайнае пагадненне з Карлам ХІІ, у адпаведнасці з якім адмаўляўся ад трона на карысць С. Ляшчынскага, разрываў саюз з Расіяй і абавязаўся выплаціць кантрыбуцыю на карысць Швецыі. Новага караля прызналi Радзiвiлы, Пацы, Вiшнявецкiя, але не прызналi члены Сандамiрскай i Вялiкакняжацкай канфедэрацый.

Мiж тым, актыўныя ваенныя i iншыя рэформы ў Расii далi прыкметны плён у павышэннi баяздольнасцi яе ўзброеных сiл. Восенню 1704-1705 гг. руская армiя аднавiла баявыя дзеяннi на Беларусi. На баку шведаў актыўна змагалiся ўзброеныя атрады Сапегi. Маёнткi i вёскi, якiя належалi саюзнiкам Пятра I, бязлiтасна знiшчалiся. Былі спалены Карэлічы, Мір, разрабаваны Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, Нясвіж. У сваю чаргу рускiя войскi жорстка каралi насельнiцтва беларускiх гарадоў, якiя былi вымушаны забяспечваць шведаў правiянтам i фуражом. Так, па загаду Пятра быў ушчэнт спалены горад Магiлёў. Па сутнасці, і рускія, і шведскія войскі разглядалі Беларусь як варожую тэрыторыю і адпаведна ставіліся да яе насельніцтва.

У студзенi 1708 г. Карл ХII паставiў на мэце перанесцi баявыя дзеяннi на тэрыторыю Расii. Сваю дапамогу ў гэтым абяцаў украiнскi гетман Мазепа. На Беларусi шведы iзноў занялi Гародню i iншыя гарады. У лiпенi таго ж 1708 г каля м. Галоўчын, Аршанскага павета яны ўшчэнт разбiлi корпус Рэпнiна. Затое 28 верасня каля в. Лясная, што пад Прапойскам, рускіх салдат, якімі камандаваў сам Пётр, напаткаў поспех. У выніку ўпартага бою ім удалося разграмiць шведскi корпус генерала Левенгаупта, якi з абозам рухаўся з Рыгі на Украіну, дзе размяшчаліся асноўныя сілы непрыяцеля на чале з каралём. Справа ў тым, што да восені войскі Карла ХІІ адчулі востры недахоп правізіі і абралі для зімоўкі хлебныя раёны Украіны.

Перамога пад Лясной ў многiм абумовiла шчаслiвы для рускiх войск вынiк генеральнага сражэння пад Палтавай 27 чэрвеня 1709 г. Невыпадкова, перамогу пад Лясной Пётр І назваў “маці Палтаўскай вікторыі”. Карл ХІІ разам з Мазепам ледзь уратаваліся ад палону і знайшлі знайшлі часовы прытулак у турэцкага султана.

Аўгуст II iзноў пацвердзiў свае каралеўскiя паўнамоцтвы i заключыў новы саюз з Пятром I, і надалей ваенныя дзеяннi адбывалiся толькi памiж войскамi канфедэратаў i “марыянеткi” Ляшчынскага. У ВКЛ барацьбу супраць прыхiльнiкаў Ляшчынскага ўзначальваў Людвiк Пацей. У 1717 г. яна скончылася агульным прымiрэннем, а ў 1719 г. Швецыя адмовілася от падтрымкі Станіслава Ляшчынскага. Але калі ў 1733 г пасля смерцi Аўгуста II новым каралём быў абраны Ляшчынcкi, Расія пад пагрозай выкарыстання ўзброеных сіл дамаглася скасавання гэтага рашэння. 5 кастрычнiка 1733 г. адбылiся выбары новага караля, якiм стаў сын Аўгуста II Аўгуст III (1733-1763).

Такiм чынам, Беларусь, ператвораная ў арэну вайны памiж рускiм i шведскiм войскамi, панесла велiзарныя людскiя i матэрыяльныя страты. Пры гэтым у мiжусобнай барацьбе гiнула i шляхта, i рэкрутаваныя ёй сяляне, нiшчылiся велiзарныя матэрыяльныя каштоўнасцi. Усяго на Беларусi загiнула, памерла ад ран, хваробы i голаду каля 700 тыс чал. з яе 2, 2 мiльённага насельнiцтва. Як шведы, так i рускiя, разглядалi беларускую зямлю як чужую тэрыторыю, а яе багаццi як звычайную ваенную здабычу. Невыпадкова таму перасоўваннi ўзброеных атрадаў суправаджалiся рабаўнiцтвам i забойствамi мiрнага насельнiцтва.

 

5. Праз 100 год пасля заключэння Люблiнскай унii ўнутрыпалiтычнае становiшча РП стала выяўляць прыкметы крызiсу і найперш у вышэйшых колах дзяржаўнай улады. Так, паўнамоцтвы двухпалатнага сейма пераўзыходзiлi каралеўскiя. Без яго санкцыi манарх, які дзейнічаў пад наглядам савета з 16 сенатараў-рэзідэнтаў, не меў права самастойна праводзіць знешнюю палітыку, склiкаць “паспалiтае рушанне”, усталёўваць новыя падаткi, затое як “першы сярод роўных” быў абавязаны сачыць за захаваннем “залатых вольнасцяў” шляхты.

Выбарнасць каралеўскай улады i яе залежнасць ад шляхецкай волi мела свае недахопы. Ва ўмовах шматканфесiйнай i шматнацыянальнай дзяржавы цяжка было аб’яднаць iнтарэсы ўсёй шляхты. У тых умовах узмацняецца ўплыў таго ці іншага магната, які з апораю на мясцовы сеймік і канфедэрацыю імкнецца выйсці з-пад кантролю караля і стварыць уласную “дзяржаву ў дзяржаве”. У такiх умовах нават вышэйшы заканадаўчы орган даваў збоі. Так, за час з 1652 па 1764 гг. у вынiку дэструктыўных захадаў магнатаў і іншых зацікаўленых асоб 48 пасяджэнняў сейма з 55 было сарвана ў выніку выкарыстання дэпутатамі права “лiберум вета” (патлумачыць, што гэта). Адпаведна, не была прынята пэўная колькасць дзяржаўных пастаноў.

Пачынаючы з 1648 і да 1717 г. РП знаходзіцца ў стане амаль бесперапынных войнаў з Расіяй, Швецыяй, Асманскай імперыяй, крымскімі татарамі. Далёка не ўсе яны заканчваліся пераможна для яе. Суседзi РП – Прусія, Аўстрыя і Расія адкрыта выказвалi да яе тэрытарыяльныя прэтэнзii, спасылаючыся на факты колiшняй прыналежнасцi iх продкам асобных зямель, якiя зараз уваходзiлi ў склад Польшчы i ВКЛ. Так, у гады Паўночнай вайны (1700–1721) прускі кароль планаваў аддзяліць ад РП узбярэжжа Балтыкі. Аўстрыя прэтэндавала на Заходнюю Украіну. Расія як “збіральніца рускіх зямель” будавала планы адносна далучэння ўсёй Украіны і Беларусі. Суседзі РП свайго стаўлення да яе адзін ад аднаго не хавалі. Варта адзначыць у гэтай сувязi, што расiйска-прускi саюзны дагавор 1764 г. меў сакрэтны артыкул, паводле якога саюзнiкi абавязвалiся захоўваць у гэтай краіне шляхецкую рэспубліку, вольныя выбары караля i liberum veto.

Негатыўнае ўздзеянне на ўнутрыпалітычнае жыццё РП працягвала аказваць так званае пытанне аб дысідэнтах або іншаверцах. Як вядома, адным з абавязкаў караля з’яўляўся нагляд за пануючым становішчам у краіне каталіцтва. З другога боку, нераўнапраўе насельніцтва ў справах веры выклікала ўмяшальніцтва з боку суседніх дзяржаў, асабліва лютэранскай Прусіі і праваслаўнай Расіі. Так, Аляксей Мiхайлавiч, а затым і Пётр І бралі на сябе ролю абаронцы iнтарэсаў сваіх аднаверцаў у Рэчы Паспалітай, а па сутнасці, умешваліся ў яе ўнутраныя справы. Невыпадкова, што з дапамогай рускай арміі ў 1733 г. трон заняў Аўгуст III (1733-1763), як дзяржаўны дзеяч – асоба зусім нікчэмная. За 30 год свайго каралявання ён так і не асвоіў дзяржаўнай мовы і правёў у РП толькi 2 гады, а астатні час жыў у Саксоніі. Невыпадкова, што ў гэты час магнацкая міжусобіца ў краіне дасягнула свайго апагею.

Калі пасля смерцi Аўгуста ІІІ кожная групоўка магнатаў выставіла ўласнага прэтэндэнта за трон, то расійская імператрыца Кацярына ІІ (1762-1796) падтрымала партыю Чартарыйскіх і іх прадстаўніка. У выніку ў верасні 1764 г. на элекцыйным сейме каралём РП быў абраны ўраджэнец маёнтка Волчын Берасцейскага павета, стольнiк ВКЛ Cтанiслаў Панятоўскi, якi пры каранацыi набыў iмя Аўгуст IV. Але ўсеўладным каралём у сваёй дзяржаве ён так і не зрабіўся, бо быў вымушаны лічыцца з воляй расійскай імператрыцы, якую прадстаўляў пасол Рэпнін.

Пэўныя шляхецкiя пласты грамадства РП усведамлялi патрэбу рэформ, пагрозу крызiсу дзяржаўнасці краiны, свавольства магнатаў i г. д. Менавiта таму сейм прадпрымаў захады па эканамiчнай стабiлiзацыi РП, у тым лiку за кошт абмежавання права liberum veto пад час галасаванняў па гаспадарчых пытаннях. Можна меркаваць, што менавiта стабiлiзацыйныя тэндэнцыi выклiкалi трывогу Расii i Прусii i абумовiлi iх умяшанне ва ўзнiкшую праблему аб дысiдэнтах. Так, карыстаючыся сітуацыяй, праваслаўная шляхта ВКЛ утварыла канфедэрацыю з цэнтрам у Слуцку і запатрабавала заканадаўчага ўраўнання ў правах усіх вернікаў РП. У 1767 г. на дапамогу прыбыла 40-тысячнае рускае войска, а праз год пасол Рэпнін дамогся ад сейма пастановы аб ураўнанні дысідэнтаў у правах з католікамі. Так, каталіцтва перастала быць дзяржаўнай рэлігіяй і ўраўноўвалася з іншымі. Праваслаўным і пратэстантам дазвалялася займаць дзяржаўныя пасады і iнш.

У сваю чаргу частка каталiцкай шляхты ўбачыла ў гэтай пастанове парушэнне “старыны”, а разам з ёй – i “залатых вольнасцей”, i стварыўшы ў 1768 г. у г. Бар канфедэрацыю на чале з Ю. Пуласкiм, распачала ўзброеную барацьбу за адмену пастановы. Ваенныя дзеяннi на Беларусi адбывалiся да восенi 1771 г. і закончыліся поўным разгромам канфедэратаў. У апошнiм баі пад Сталавiчамi Баранавіцкага павета рускi генерал А. Сувораў разбiў атрад гетмана ВКЛ М. Агiнскага.

Скарыстаўшы палiтычны крызiс, 5 жнiўня 1772 г. Расiя, Прусiя i Аўстрыя падпiсалi ў Пецярбургу канвенцыю аб частковым падзеле памiж сабой тэрыторыi РП, каб тым самым “прадухiлiць дзяржаву ад поўнага разлажэння”. Да Расii адыйшлi: Iнфлянцкае, большая частка Полацкага, амаль усё Вiцебскае, Мсцiслаўскае ваяводствы i ўсходняя частка Рэчыцкага павета, Мiнскага ваяводства з гарадамi Рагачоў, Прапойск, Чачэрск i Гомель. Гэтыя землi ўключалiся ў склад Пскоўскай i Магiлёўскай губерняў i аб’ядноўвалiся ў генерал-губернатарства. 1776 г. беларускiя i латышскiя паветы вылучылiся з Пскоўскай у Полацкую губерні. Магiлёўская i Полацкая губернi перайменаваны ў намеснiцтвы.

РП не дазвалялася мець войска, большае за 30 тыс., заключаць саюзы ці весці войны без узгаднення з Кацярынай ІІ. Кіраванне краінай фактычна перайшло да Пастаяннай Рады – савету міністраў з удзелам расійскага пасла М. Рэпніна.

Патрыятычна настроеная шляхта спрабавала прадухiлiць далейшы палiтычны заняпад дзяржавы. 3 мая 1791 г. група дэпутатаў сейма (Г. Калантай, С. Малахоўскi, К. Сапега і інш.) дамаглася прыняцця ім канстытуцыi. У яе аснову быў пакладзены буржуазны прынцып падзелу ўлад (заканадаўчая, выканаўчая і судовая). Заканадаўчая ўлада надавалася двухпалатнаму сейму, якi выбiраўся на 2 гады i быў павiнен прымаць рашэннi большасцю галасоў, без выкарыстання “лiберум вета”. Выканаўчая ўлада даручалася каралю i радзе, якая складалася з прымаса i 5 мiнiстраў. Выбарнасць каралёў забаранялася. Судовая арганізацыя ў асноўным захоўвала свой саслоўны характар. Канстытуцыя гарантавала захаванне за шляхтай правоў i яе вызначальнай ролi ў грамадскiм жыццi. Значна ўздымаўся статус маёмнага мяшчанства: яму дазвалялася набываць зямельныя ўладаннi, займаць кiруючыя пасады ў дзяржаўным апараце i войску. Перад ім адкрывалася магчымасць далучэння да вышэйшага саслоўя. Сялянскае саслоўе абвяшчалася пад заступнiцтвам закону. Абвяшчалася свабода веры, але каталiцтва захоўвала статус дзяржаўнай рэлiгii. Канстытуцыя вызначыла адзіныя органы дзяржаўнай улады і кіравання для ўсёй тэрыторыі краіны, і абвяшчала аб утварэннi ўнiтарнай дзяржавы – Рэчы Паспалiтай Польскай. ВКЛ перапыняла сваё існаванне.

Канстытуцыя 3 мая 1791 г. была першым у Еўропе законам такога кшталту. Нягледзячы на яе абмежаваны характар, яна мела прагрэсіўны характар: лiквiдоўвала феадальную анархiю, стрымлівала свавольства магнатаў, пашырала правы маёмнага мяшчанства, спрыяла развіццю буржуазных адносін.

У ліпені 1791 дэпутаты сейма здзейснiлi спробу пазбавiць Расiю падставы для ўмяшання ва ўнутраныя справы РП пад выглядам абароны правоў праваслаўных вернiкаў. З гэтай нагоды ў Пiнску быў склiканы вышэйшы сход – “Генеральная кангрэгацыя” праваслаўных дзеячаў (святароў, манахаў, мяшчан, шляхты), якiя ў сваiм праекце ад 2 лiпеня пастанавiлi: замест расiйскага Сiнода прызнаць вяршэнства Канстанцiнопальскага патрыярха i абраць аўтакефальнае кiраванне ў Рэчы Паспалітай. Старшынёй “генеральнай кангрэгацыi” быў абраны iгумен Бельскага манастыра Пальмоўскi. Праект вырашэння быў прыняты 123 галасамi дэпутатаў сейма супраць 13.

Тым не менш, ні канстытуцыя, ні кангрэгацыя не абаранiлі краіну ад далейшага крызісу дзяржаўнасці. Для суседзяў РП, а таксама для пэўнай часткі шляхты, якая паразітавала на анархіі, умацаванне дзяржаўнага кіравання было нявыгодным. Пасля звароту польскiх магнатаў да Кацярыны ІІ у Пецярбурзе быў складзены i 14 мая 1792 г. абвешчаны акт канфедэрацыi. Працiўнiкi Канстытуцыi на чале з С. Ржэвускiм, К. Бранiцкiм рушылі на Варшаву з г. Таргавіцы (Падолле) пры падтрымцы 100-тысячнага расійскага войска пад сцягам абароны старога, самабытнага дзяржаўнага парадку і падтрымкі шляхецкіх вольнасцей, знішчаных канстытуцыяй. На тэрыторыі Заходняй Беларусi пачаліся баі паміж каралеўскімі войскамі і канфедэратамі. Але 24 ліпеня Аўгуст ІV саступіў патрабаванню Кацярыны ІІ і далучыўся да канфедэрацыі. У выніку кароннае войска перайшло ў падпарадкаванне Браніцкага і Ржэвускага, а войска ВКЛ – прызначанага гетмана Касакоўскага. Пры гэтым патрыятычна настроеныя генералы Касцюшка, Панятоўскі і інш. падалі ў адстаўку.

У вынiку прыхільнікі рэформ пацярпелі паражэнне, Канстытуцыя 3 мая была скасавана. Але таргавiцкiя канфедэраты падрыхтавалi новы падзел РП. 12 студзеня 1793 з гэтай нагоды ў Пецярбургу была падпiсана канвенцыя памiж Расiяй i Прусiяй, паводле якой да Расii адыйшлi землi Цэнтральнай Беларусi па лiнii Друя–Пiнск (Барысаў, Менск, Бабруйск, Бабруйск, Слуцк, Пiнск, Мазыр), а таксама правабярэжная Украiна. Дэпутаты сейма, які засядаў у Гародні, моўчкi зацвердзiлі рашэнне аб чарговым падзеле сваёй дзяржавы.

Асноўная частка магнатаў, шляхты, духавенства, выхаваная ў духу “шляхецкiх вольнасцяў”, пагадзілася з вынiкамi Пецярбургскай канвенцыі. Пэўныя ж колы грамадства былі гатовыя змагацца за аднаўленне дзяржавы ў межах 1772 г. Цэнтр па падрыхтоўцы паўстання размяшчаўся ў Лейпцыгу. У Вiльнi дзейнiчала тайная арганiзацыя на чале з палкоўнікам Якубам Ясiнскiм.

Патрыёты РП звязвалі свае спадзяваннi на поспех з адстаўным генерал-лейтэнантам Тадэвушам Касцюшкам, які 24 сакавiка 1794 г. абвясціў у Кракаве “Акт паўстання грамадзян” і выказаў гатоўнасць змагацца за непарушнасць тэрыторыi дзяржавы, пазбаўленне яе ад акупацыi, вяртанне Канстытуцыi 3 мая 1791 г. і інш. Усе жыхары заклiкалiся да ўдзелу ў вызваленнi краiны. Cфармiраваныя часцi паўстанцаў рушылi на Варшаву.

У ноч з 22 на 23 красавiка ў падтрымку паўстання выступiлi жыхары Вiльнi на чале з палкоўнiкам Ясiнскiм. Ён жа ўзначаліў часовы ўрад – Найвышэйшую Лiтоўскую Раду. 24 красавiка быў абвешчаны “Вiленскi Акт паўстання народа Лiтоўскага”. Гетман ВКЛ Касакоўскi, якi здрадзіў Канстытуцыі, быў публічна павешаны.

На працягу красавiка-мая ўлада паўстанцаў усталявалася ў Ашмянах, Берасцi, Браславе, Ваўкавыску, Кобрыне, Лiдзе, Наваградку, Слонiме, Пiнску. Каб пашырыць шэрагі паўстанцаў за кошт сялян, Найвышэйшая Рада абяцала ім вызваленне ад прыгону.

У гэты час у самой Польшчы адбывалiся не менш важныя падзеi. 4 красавiка пад Варшавай паўстанцы Т. Касцюшкi разбiлi атрад генерала Тармасава, а 17-18 красавiка ўзброенае паўстанне перамагло i ў сталiцы. У маi ўлада ў краiне перайшла да Найвышэйшай Нацыянальнай рады ў складзе 40 чал. Т. Касцюшка як член рады і камандуючы ўзброенымі сіламі прадпрыняў шэраг захадаў з мэтай пашырэння i ўзмацнення паўстання: абвясціў агульную мабілізацыю; накiраваў сваiх эмiсараў у раёны, не ахопленыя супрацiўленнем; разаслаў звароты да насельніцтва. У абвешчаным ім 7 мая “Паланец- кiм унiверсале” сялянам гарантавалася апека ўрада; усе яны абвяшчалiся асабiста свабоднымi. Тым не менш сяляне заставалiся абыякавымi да паўстання.

Большасць шляхты ВКЛ была незадаволена дзейнасцю Найвышэйшай Лiтоўскай Рады, якая быццам “не спрыяла унii брацкiх народаў”, таму яна была распушчана. Замест яе Касцюшка ўтварыў больш памяркоўную Цэнтральную Дэпутацыю ВКЛ пры Найвышэйшай Нацыянальнай Радзе, а замест генерала Ясiнскага кiраўнiком паўстання ў ВКЛ быў назначаны польскі генерал М. Вяльгорскі.

У канцы чэрвеня 1794 г. ваенная iнiцыятыва перайшла да рускiх войск. Ахопленая паўстаннем тэрыторыя стала няўхільна звужацца. 12 жнiўня абаронцы Вільні склалі зброю. 17 верасня 1794 г. пад Крупчыцамi каля Кобрына адбылася буйнейшая на Беларусі бітва, дзе генерал А. Сувораў разбiў корпус Серакоўскага, 19 верасня рэшткі корпуса былі канчаткова знішчаны пад Брэстам. Усе ацалелыя паўстанцы адступілі на тэрыторыю Польшчы.

10 кастрычнiка на падыходах да Варшавы, пад Мацяёвіцамі адбылася другая буйнейшая бiтва паўстанцаў з рускiм войскам, якая скончылася іх разгромам. Паранены Т. Касцюшка трапіў у палон, а новым галоўнакамандуючым быў прызначаны Т. Ваўжэцкi. Але ваенная ініцыятыва па-ранейшаму належала рускім войскам. Генерал А. Сувораў узяў штурмам Варшаву. Сярод загiнуўшых – 10 тыс. паўстанцаў, 4 тыс. дабрахвотнiкаў, 2 тыс. патанулых у Вiсле. У лiку ахвяр – 5 тыс. ураджэнцаў ВКЛ, а таксама Я. Ясiнскi. Пасля капітуляцыі Варшавы і аб'яўленай Суворавым амністыі паўстанцы паўсюдна на працягу тыдня склалі зброю.

Такiм чынам, першая спроба аднавiць РП у межах 1772 г. была няўдалай. Асноўныя прычыны паражэння – у значнай перавазе ўзброеных сiл Расii, разам з якой, супраць паўстанцаў змагалася i Прусiя. Не спраўдзiлiся спадзяваннi паўстанцаў на дапамогу рэвалюцыйнай Францыi. Разам з тым iдэя незалежнай дзяржаўнасцi палякаў i лiтоўцаў засталася непарушнай.

13 кастрычнiка 1795 г. у Пецярбургу памiж Аўстрыяй, Прусiяй i Расiяй была падпiсана новая канвенцыя аб канчатковым падзеле РП. У ліку іншых зямель да Расiйскай iмперыi адыйшла Заходняя Беларусь. 25 лiстапада Аўгуст ІУ адрокся ад трона і свае апошнія гады дажываў у Пецярбургу.

Рэч Паспалітая перастала існаваць, галоўным чынам, з-за нястрыманага свавольства магнатаў, недасканаласці сістэмы дзяржаўнага кіравання і мэтанакіраванай падрыўной палітыкі суседніх дзяржаў.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 531; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.04 сек.