Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 8. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ ст




Пытанні

1. Скасаванне прыгоннага права. Шляхі развіцця капіталістычных

адносін.

2. Прамысловы пераварот на Беларусі і яго асаблівасці. Месца

эканомікі Беларусі ў агульнарасійскім рынку.

3. Сацыяльная палітыка самадзяржаўя

4. Фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі. Узнікненне індустры-

яльнага грамадства

 

1. У ХІХ стагоддзі патрэбу ў скасаванні прыгону ўсведамлялі не толькі прагрэсіўныя дваране і разначынцы, але і самі расійскія манархі. Поўнае юрыдычнае бяспраўе рускага селяніна, яго фактычнае рабскае становішча, гвалт і здзек над ім гаспадара і г. д. выклікала крытыку ўсёй заходнееўрапейскай цывілізацыі. Як вобразна казаў шэф жандараў граф Бенкендорф, прыгоннае права з’яўлялася парахавым пограбам пад дзяржавай, маючы на ўвазе магчымасць новага сялянскага паўстання. Тым не менш Павел І, Аляксандр І і Мікалай І як выразнікі волі памешчыкаў абмежаваліся касметычным рамонтам прыгонніцкай сістэмы замест таго, каб зламаць яе.

Шэраг канкрэтных захадаў у гэтым напрамку стаў магчымым з прыходам на трон Аляксандра II (1855-1881) – чалавека еўрапейскай адукацыі і лiберальных поглядаў. У сакавiку 1856 г. ён выступiў перад маскоўскiм дваранствам з прапановай аб скасаваннi прыгоннага права. Асноўныя спрэчкi павялiся адносна спосабаў вызвалення сялян – з зямлёй цi без яе. Важнае месца ў спрэчках займалі пытанні – ад чыйго iмя, калi i дзе пачынаць рэформу.

Напярэдаднi сялянскай рэформы цар цесна супрацоўнiчаў з вiленскiм генерал-губернатарам У. Назiмавым. Створаны ў 1857 г. Сакрэтны камiтэт «для обсуждения мер по устройству быта помещичьих крестьян» вырашыў распачаць яе менавiта тут, у Заходнiм краi таму, што, па-першае, праведзеная тут iнвентарная рэформа пэўным чынам падрыхтавала адпаведную глебу; па-другое, пачатак рэформы мог зменшыць уздзеянне польскага нацыянальна-вызваленчага руху на беларускiх сялян; нарэшце, менавiта мясцовыя памешчыкi раней за ўсiх распрацавалi праекты рэформы.

Да гэтага часу на Беларусі пражывала каля 3,3 млн чал., з якіх да 90% з’яўляліся сялянамі. Вядома ж мясцовыя памешчыкі праз праз створаныя ў лiстападзе 1857 г. з дазволу цара губернскiя камiтэты (20 чал.) уключыліся ў падрыхтоўку па скасаванні прыгону. Пры гэтым Вiленскi, Гродзенскi, Ковенскi камiтэты выказалiся за вызваленне сялян без зямлi. Зразумела, што там, дзе землi былi лепшымi i яны давалi большы прыбытак, памешчыкi iмкнулiся захаваць іх за сабой. Калі царскія ўлады прызналі неабходным вызваленне сялян менавiта з зямлёй, адразу ж узнiкла тэндэнцыя да згону сялян на горшую зямлю, пераводу іх у стан дваровых, агароднікаў, кутнікаў. Так, прыкладна 30% прыгонных сялян з’яўляліся дваровымі і пры ўмове вызвалення із без зямлі гублялі сродкі да існавання.

Нарэшце, 19 лютага 1861 г. закон аб скасаваннi прыгоннага права быў надрукаваны ў выглядзе Манiфеста i “Палажэнняў 19 лютага”, дзе асвятлялiся ўсе правы i абавязкi сялян. У манiфесце асобна падкрэслiвалася, што адмена прыгоннага права адбылася па iнiцыятыве “высакароднага дваранства”. Тут жа ўказвалася, што на працягу 2 год (да 1863) сяляне павiнны былi выконваць асноўныя павiннасцi на карысць паноў, каб даць iм магчымасць кампенсаваць страту работнікаў i часткi маёмасцi.

У агульных палажэннях указвалася сiстэма кiравання вёскай, збору падаткаў, адносiн сялян з уладамi. Аграрная рэформа адбывалася на аснове 17 заканадаўчых актаў, агульных i мясцовых палажэнняў i правiлаў, апублiкаваных у сакавiку-траўні 1861 г. Паводле Агульнага палажэння, уласнiкам зямлi заставаўся памешчык i частка яе адводзiлася для надзялення сялянства, але за выкуп. На працягу 10 год селянiн абавязаўся апрацоўваць свой надзел i, акрамя таго, выконваць пэўныя павiннасцi на карысць пана: у Вiцебскай i Магiлёўскай губ. - 40 мужчынскiх i 30 жаночых дзён у год або 8 рублёў чыншу. Да часу поўнага выкупу яны лiчылiся часова абавязанымi i маглi пакiнуць пана толькi з яго дазволу.

У Магiлёўскай i Вiцебскай губернях памер надзелаў вагаўся ад 4 да 5 дзесяцiн (па вышэйшай норме) на 1 душу да 2-1 (па нiжэйшай норме) дзесяцін. У выніку ў адной сялянскай гаспадарцы было 7-12 дзесяцін зямлі, конь або два валы. Тут жа захоўвалася абшчыннае землекарыстанне i “кругавая парука”. У Мiнскай, Вiленскай i Гродзенскай, дзе пераважала падворнае землекарыстанне, зямля (10-12 дес.) засталася за сялянамi, хаця памешчык меў права абрэзаць iх надзелы, калi зямлі ў яго заставалася менш, чым раней. Павiннасцi скарачалiся на 10% – не болей 3 руб. чыншу і 23 дзён адпрацоўкi з дзесяцiны. Уводзілася калектыўная адказнасць, так званая, “кругавая парука” для выплаты дзяржпадаткаў i падушнай подацi. Лес пераходзiў ва ўласнасць пана; выганы, сенажаць, паша – заставалася у агульным карыстанні.

Выкупная сума вызначалася праз шасціпрацэнтную капiталiзацыю гадавога чыншу. Калi чынш з сялянскага надзела за год складаў 6 руб. у год, то агульная сума, якую селялiну трэба было заплацiць, складала 100 рублёў (6 р. – 6%, 100 р. – 100%). Калi селянiн атрымоўваў поўны надзел, то мусiў адразу выплацiць 25%, калi няпоўны, то 20%. Астатняе плацiла дзяржава, а выкупныя плацяжы збіралася спагнаць на працягу 49 гадоў па цэнам, часам утрая вышэй за рынкавыя.

Рэакцыя сялян Беларусі на “Маніфест” і “Палажэнні 19 лютага”, як і паўсюдна ў краіне, была адмоўнай, галоўным чынам, з-за выкупных плацяжоў на зямлю. Атрыманая свабода без зямлі імі не ўспрымалася як вышэйшая каштоўнасць. Яны былі схільныя верыць чуткам, што сапраўдную свабоду ад іх схавалі. На глебе агульнага незадавальнення ўмовамі вызвалення ад прыгону да ліпеня 1861 г. на Беларусi адбылося 370 выступленняў.

Шляхі развіцця капіталістычных адносін у аграрным сектары.

Ліквідацыя прыгоннага права нанесла магутны ўдар на феадальнай сістэме, але не знішчыла яе да канца, паколькі непахісным заставался яе аснова – памешчыцкае землеўладанне. Сялянам належала толькі 33, 4% зямель, прычым, не ў якасці прыватнай уласнасці, а на ўмовах абшчыннага ці надзельнага карыстання да яе поўнага выкупу. Па сутнасці, у тых умовах развіццё капіталістычных адносін на вёсцы павінна было пайсці не па амерыканскім (прыватная уласнасць на зямлю, магчымасць наёмнай працы, фермерская гаспадарка), а прускім (абшчыннае ці цямельнае карыстанне, феадальныя перажыткі) шляху.

Пасля скасавання прыгону i аграрнай рэформы сялянства некаторы час заставалася ў становiшчы часоваабавязаных i выконвалi тыя ж павiннасцi, што i раней. Пры гэтым больш заможная яго частка працавала на пана, скарыстоўваючы ўласны iнвентар i рабочую жывёлу. Тыя хто не меў сельскагаспадарчых прылад працы, выконвалi працу на млынах, у панскiм двары i г.д. Незацiкаўленасць сялян у вынiках сваёй працы, нiзкая культура землеапрацоўкi не спрыялі ўздыму памешчыцкiх гаспадарак. Тыя з паноў, хто не здолеў прыстасавацца да новых ўмоў, паступова трапляў у залежнасць ад банкаў, прадаваў зямельныя ўчасткi, у тым лiку заможным сялянам.

У памешчыцкiх маёнтках назiралiся 2 сiстэмы гаспадарання – адпрацовачная i капiталiстычная (з выкарыстаннем наёмнай – гадавой i падзённай працы і панскага iнвентару). Гэта былi гаспадаркi з высокай канкурэнтаздольнасцю i з’арыентаваныя на рынак.

У канцы 70- х – пачатку 80 гг. ХІХ ст. з-за паступлення з Заходнюю Еўропу вялікіх партый збожжа з Паўночнай i Паўднёвай Амерыкі цэны на яго істотна знізіліся. Гэта стала прычынай пераарыентацыi памешчыцкiх гаспадарак Беларусі на малочную жывёлагадоўлю. Такiм чынам, з’явiлася малочна-таварная спецыялiзацыя, а разам з ёй – новыя пароды жывёл, павелічэнне пагалоўя ў 2 разы i больш. Другiм напрамкам развiцця панcкiх гаспадарак стала пашырэнне плошчаў бульбы i выраб з яе спiрту. Калі ў канцы ХIХ cт. на Беларусi дзейнiчала 404 вiнакурнi (бровары), то на пач. ХХ ст. – больш за 500.

З iншых спецыялiзацый варта адзначыць iльнаводства (Вiцебскай i Вiленскай губ, а таксама (на некаторы час) авечкагадоўля - на Гродзеншчыне i Мiншчыне. Беларускія памешчыкі лепш за суседзяў прыстасоўваліся да рыначных умоў. Па-ранейшаму, агульная эканамічная тэндэнцыя развіцця іх гаспадарак – арыентацыя на рынак, пашырэнне вытворчасці і яе спецыялізацыя. У ліку ўзорных памешчыцкіх гаспадарак капіталістычнага тыпу канца ХІХ-пачатку ХХ стст. называліся маёнткі Г. Э. Чапскага, Л. Ф. Наркевіча-Іодкі, К. І. Свяціцкага, О. Ю. Свіды, Р. А. Скірмунта, Б. К. Залескага, М. В. Ястржэмб-кага, С. А., П. С. і П. Л. Ваньковічаў.

Аграрная рэформа 1861 года не зняла сацыяльнай напружанасцi на вёсцы. 1 сакавіка 1863 г. царскі ўрад, усведамляючы небяспеку пашырэння сацыяльнай базы паўстання К. Каліноўскага, выдаў указ аб лiквiдацыi становiшча “часоваабавязаных”, са знiжэннем выкупных плацяжоў на 20%. У жнiўнi 1863 г. беларускаму сялянству вярнулi землi, страчаныя iм да рэформы. Гэтая акцыя не знiшчыла сялянскае малазямелле, а разам з ім праблему занятасці. Так, да канца ХІХ ст. у 5 заходнiх беларускіх губернях налiчвалася 182, 2 тыс. парабкаў, з якiх 80, 6 тыс. былі заняты ў земляробстве, i 18, 4 – у жывёлагадоўлi, а астатнія – працавалі на лесанарыхтоўках, будоўлях, рамонтных і іншых работах.

Са скасаваннем прыгоннага права развіццё капіталізма ў сельскай гаспадарцы адбывалася больш імкліва, чым у Расіі. Экстэнсіўныя метады гаспадарання набывалі тэндэнцыю да прагрэсу. Паводле А. Луцкевіча, частка сялян пачынае скарыстоўваць чытырохполле, удасканаленыя прылады працы, нават штучныя ўгнаенні. З другога боку, узрастала незадаволенасць той часткі вясковых працоўных, які не маглі пракарміцца са свайго надзелу. Чарговы ўздым сялянскага руху адбываўся ў 80-гг ХIХ cт. У форме захопаў зямель, парубак лесу, барацьбе за сервiтутныя землi, супрацiўлення уладам, але і ён не падштурхнуў урад да вырашэння аграрнага пытання.

Рэформа 1861 паскорыла развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы, аднак пераход да капіталістычнай сістэмы гаспадарання адбыўся не адразу. Набытая сялянамі асабістая свабода без зямлі мала што значыла. Тых, невялікіх надзелаў зямлі, якія атрымалі сяляне па рэформе, не хапала для існавання іх сем’яў. Выхадам са становішча з’яўлялася арэнда ў пана пэўнай яе колькасці на ўмовах адработкі, гэта значыць працы арандатара са сваім інвентаром і цяглавай сілай на полі гаспадара. Такім чынам, замест скасаванай паншчыны ўзнікала новая адработачная сістэма, па сутнасці, тая ж феадальная павіннасць з тым толькі адрозненнем, што ў новых умовах селянін быў вымушаны сам, па эканамічных прычынах, звяртацца да пана. Аднак гэтая сістэма не магла быць устойлівай з-за нізкай прадукцыйнасці працы такога работніка на панскім полі.

Другая сістэма – капіталістычная, больш адпавядала часу, бо ў яе аснове ляжала праца работніка (падзённага, сезоннага, пастаяннага), нанятага гаспадаром на ўмовах аплаты па якасці і колькасці зробленага з прадастаўленнем жывога і мёртвага інвентару. Памеры гэтай аплаты, як правіла, дыктаваў не работадаўца, а рынак.

Капіталістычная сістэма замацавалася ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, а на астатняй тэрыторыі Беларусі распаўсюдзілася змешаная – адработачна-капіталістычная сістэма.

Як і планавалі землеўладальнікі, за імі засталася асноўная маса зямель, у сярэднім больш за 1000 дзесяцін, у той час як на 1 сялянскі двор прыпадала 12-13 дзес. Характэрная рыса землеўладання на Беларусі, асабліва ў Мінскай губерні, – наяўнасць магнацкіх латыфундый Вітгенштэйна, Радзівіла, Патоц-кіх і інш. Разам з тым землеўладанне перастае быць строга саслоўным, паколькі з разарэннем не здолеўшых прыстасавацца да капіталістычнага ладу памешчыкаў іх землі шляхам продажу (у тым ліку “з малатка”) сталі пераходзіць да купцоў, мяшчан і нават сялян.

Царскі ўрад як апора і выразнік інтарэсаў, найперш, рускага праваслаўнага дваранства імкнуўся падтрымаць яго, прадаючы яму па ільготных цэнах землі на Беларусі пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага. Такім чынам мясцовае рускае дваранства, без уліку Магілёўскай губ., удвая (з 1,8 да 3, 6 млн дзесяцін) павялічыла свае ўладанні. Адначасова ўрад забараніў продаж зямлі ў значных памерах памешчыкам- і сялянам-католікам (больш 60 дзес.), а таксама яўрэям, з тым зменшыць іх эканамічную апору і палітычную актыўнасць.

Прыстасаванне памешчыцкіх гаспадарак да рыначных умоў адбывалася не толькі праз пошук новых форм узаемаадносін з сялянамі, а і праз удасканаленне тэхнікі і тэхналогіі землеапрацоўкі. Асаблівая ўвага надавалася вырошчванню збожжавых культур, якія карысталіся вялікім попытам у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы і за межамі імперыі. Невыпадкова ў 60-80-я гг. ХІХ ст. продаж збожжа жыта, аўса, ячменю зрабіўся асноўнай крыніцай даходаў беларускіх памешчыкаў.

Беларускія сяляне ўключаліся ў капіталістычны рынак вельмі марудна і з вялікімі цяжкасцямі. Каб пражыць толькі за кошт уласнай гаспадаркі сялянскай сям’і патрабавалася не менш 20 дзес. зямлі. Але большасць сялянства такіх участкаў не мела. І без таго невялікія надзелы зямлі (у сярэднім 8-12 дзес.) скарачаліся пасля таго, як жанатыя сыны ладзілі асобную ад бацькоў гаспадарку. Зямля павінна была выкарыстоўвацца сялянамі як мага больш прадукцыйна, каб мець магчымасць пражыць самім і атрымаць сродкі для выплаты падаткаў, удасканалення прылад працы, утрымання жывёлы. У выніку да канца ХІХ ст. на сялянскіх участках на 23,9 % павялічыліся пасевы збожжавых, тэхнічных і кармавых культур, а іх ураджайнасць узрасла напалову. Рэзка павялічыліся зборы бульбы (у 4,6 раза) і ільну (на 82,5%). З агульнага аб’ёму сельска-гаспадарчых прадуктаў, якія ішлі на рынак, сяляне пастаўлялі 25% збожжа, 75% ільну, значную частку бульбы і інш.

Як правіла, больш паспяхова развіваліся гаспадаркі з надзельным землекарыстаннем, якія менш залежалі ад абшчыны і мелі больш свабоды ў арганізацыі вытворчасці. Менавіта ў іх межах адбываўся рост (на 50%) пагалоўя буйнарагатай жывёлы, выкарыстаўвалася элітнае насенне і ўдасканаленыя прылады працы. Асноўная ж маса хлебаробаў Магілёўшчыны і Віцебшчыны, дзе існавала абшчыннае землекарыстанне, не мела такіх магчымасцяў і не мела перспектыў выбіцца з галечы. Цераспалосіца, калектыўная адказнасць за выкананне павінннасцяў і падаткаў (“кругавая парука”), канфлікты з панамі з-за сервітутаў і г.д. згуртоўвалі паміж сабою членаў абшчыны і тармазілі развіццё капіталістычных адносін. У вёсках, населеных сялянамі-абшчыннікамі, захаваўся ўвесь колішні гаспадарчы ўклад: традыцыйныя метады землеапрацоўкі, руцінныя прылады, вытворчасць прадукцыі для яе спажывання, а не на продаж.

Становішча сялянскіх гаспадарак ускладнялася падаткамі (грашовымі зборамі) і павіннасцямі на рамонтныя, дарожныя, адміністрацыйныя, ветэрынарныя і многія іншыя патрэбы. Акрамя земскіх грашовых збораў, сяляне выконвалі дарожную, падводную (фурманачную) і паліцэйскую павіннасці.

З ператварэннем зямлі ў аб’ект куплі-продажу ўзнікла і ўзмацнілася тэндэнцыя да істотнага павелічэння (часам, на дзесяткі дзесяцін) сялянскіх уладанняў. Так, у Мінскай губ. з 1861 па 1876 г. 110 сялян набылі ўчасткі па 50-100 дзесяцін, а 66 – купілі маёнткі.

У далейшым гэтаму працэсу, а разам з ім і станаўленню ўсесаслоўнага землеўладання паспрыяў заснаваны царскім урадам у 1882 г. Сялянскі банк. Характэрна, што сялянскае землеўладанне з 1882 па 1902 гг. узрасло за кошт былога памешчыцкага на 1,7 млн дзес. (у 3,3 раза). Такім чынам, група заможнага сялянства (з надзелам звыш 20 дзес.) павялічылася на 17%, склаўшы прыкладна дзесятую частку ад усіх вясковых працоўных. Менавіта з яе асяроддзя стала ўзнікаць так званая сельская (або дробная) буржуазія, гэта значыць клас, які эксплуатаваў працу наёмных рабочых – батракоў (парабкаў). У 1880-я гг. у гаспадарцы сельскай буржуазіі працавала ўжо не менш 55 тыс. батракоў. Дадатковы прыбытак давала здача зямлі ў арэнду, трыманне млыноў, кузняў, а таксама ліхвярства – пазыка грошай або хлеба пад працэнты.

Тыя, хто браў у сельскай буржуазіі зямлю ў арэнду, або пазыку пад працэнты, як правіла, займаў ніжэйшую прыступку ў сялянскай сацыяльнай лесвіцы і належаў да беднаты. Гэтая група была самай шматлікай: у параўнанні з заможным (або сельскай буржуазіяй) (8-10%) і сярэднім (30-32%) сялянствам яна складала каля 60% усіх дробных вытворцаў, у сваёй большасці абшчыннікаў. Варта адзначыць, што ў найбольш складаным становішчы знаходзіліся тыя сяляне, якія пазбавіліся не толькі зямлі, а і гаспадаркі (хаты, жывёлы, птушкі і г. д.), і былі вымушаны наймацца на працу да больш заможных суседзяў або памешчыкаў да любых умовах.

Крызісная сітуацыя, выкліканая паніжэннем рыначных цэн на збожжа, з цягам часу прывяла да пэўных перамен у спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі. Так, на змену вытворчасці збожжа прыйшлі малочная жывёлагадоўля. Асноўным рэгіёнам вырошчвання ільну зрабіліся Віленская, Віцебская і Магілёўская губерні, а ільно валакно ішло на патрэбы ўнутраных губерняў, а таксама прадавалася за мяжой – у Германіі і Аўстра-Венгрыі. Вытворчасць пянькі была наладжана ў Магілёўскай губерні, а асноўнымі замежнымі яе пакупнікамі з’яўляліся Германія і Англія. Шырокае распаўсюджанне атрымала бульба як сыравіна для вінакурнай прамысловасці.

Такім чынам, у паслярэформенны перыяд у грамадстве і аграрным сектары эканомікі Беларусі адбыліся значныя змены, звязаныя з развіццём капіталістычных адносін, фарміраваннем бессаслоўнага землеўладання, спецыялізацыяй рэгіёнаў, сацыяльнай дыферэнцыяцыяй сялянства. У цэлым жыццё беларускага народа, у сваёй падаўляючай большасці – сялянства, значна палепшылася, але не настолькі, каб зніклі пакінутыя ў спадчыну ад прыгону малазямелле, беднасць, культурная адсталасць і іншыя сацыяльныя праблемы класавага грамадства.

 

2. З канца ХУІІІ ст. і па 60-я гг. ХІХ ст. колькасць насельніцтва гарадоў і мястэчак павялічылася ў 4 разы і склада 320 тыс чал. (10%), але гэта было звязана ў першую чаргу не з развіццём прамысловасці, а з царскай палітыкай па ажыццяўленні мяжы яўрэйскай аселасці.

У пачатку ХІХ ст. у прамысловасці Беларусі яшчэ пераважала дробная рамесная вытворчасць. Мясцовыя майстры займаліся традыцыйнымі відамі рамяства – апрацоўкай металу і скур, пашывам адзення і абутку. У гарадах і мястэчках існавала цэхавая арганізацыя. Але з цягам часу яна ўваходзіла ў супярэчнасць з развіццём рыначных адносін і сама адчувала неабходнасць перамен. Змяншалася карпаратыўная замкнёнасць і манапалізм. Калектывы рамесных майстэрань пашыраліся за кошт наёмных рабочых і вучняў. Частка рамеснікаў пашырала сваю вытворчасць да памераў мануфактуры, накшталт той, як суконная каля Гродна (1795) і шкляная ў Рагачоўскім павеце (1797), на кожнай з якіх іх працавала па 40 чал.

Мануфактуры па панаванні ручной тэхнікі набліжаліся да дробнатаварнай вытворчасці. У той самы час мануфактура — гэта прадпрыемства, заснаванае на эксплуатацыі наёмных, асабіста свабодных рабочых, і менавіта гэта ставіць яе ў адзін рад з капіталістычным прадпрыемствамі – мануфактурай або фабрыкай.

У 20-я гг. ХІХ ст., у адрозненне ад капіталістычных прадпрыемстваў, дзе працавалі выключна наёмныя рабочыя, на Беларусі назіраецца імклівае развіццё вотчынных мануфактур. Так, у Крычаўскім графстве працавалі канатная і парусінавая, а ў Дубровенскім старостве – суконная і гадзіннікавая мануфактуры, якія належалі графу Р. Пацёмкіну. У шклоўскім маёнтку працавалі гарбарная, канатная, парусінавая, суконная і шоўкаткацкая мануфактуры, якія належалі графу С. Зорычу. У гомельскай эканоміі граф М. Румянцаў валодаў шматлікімі мануфактурамі (заводамі) па выпуску тэкстыльнай, металічнай, скураной, сілікатнай, харчовай і іншай прадукцыі.

Тэкстыльная прамысловасць у к. XVIII – пач. XIX ст. развівалася найбольш стабільна: да 20-х гг. XIX ст. пераважала вытворчасць палатна, а пазней – сукна. У ліку лепшых мануфактур Беларусі былі Альбярцінская суконная фабрыка В. Пуслоўскага (Слонімскі павет) і Парэцкая суконная фабрыка памешчыка А. Скірмунта (Пінскі павет).

З 20-х гг. XIX ст. менавіта ў тэкстыльнай прамысловасці пачынаецца выкарыстанне паравых машын і ўзнікае фабрыка як якасна новы тып прадпрыемства, дзе асноўныя вытворчыя аперацыі забяспечваліся не ручной працай, а механічнымі станкамі. Першае такая фабрыка па выпуску сукна з’явіліся на пачатку 20-х гг. ХІХ ст. у мястэчку Хомск (Кобрынскі па-вет) і належала слонімскаму памешчыку В. Пуслоўскаму. У 1823 г. на ёй размяшчаліся 44 ткацкія станы, паравы, вадзяны і конскі рухавікі, а таксама працавалі трое майстроў-іншаземцаў і 481 рабочы з прыгонных сялян. У той жа час у Косаве (Слонімскі пав.) працавала яшчэ адна суконная фабрыка В. Пуслоўскага, забяспечаная паравым рухавіком.

Высокія цэны на вырабы з жалеза і попыт на металічныя вырабы стымулявалі развіццё мясцовай металургіі. За час з 1828 па 1860 г. аб’ём яе прадукцыі ўзрос з 5,3 тыс. да 245 тыс. пудоў. Лепшыя прадпрыемствы гэтай галіны размяшчаліся ў Ашмянскім (маёнтак Храптовіча ў Вішневе), Барысаўскім, Чэрыкаўскім (завод Бенкендорфа ў Старынках) паветах.

Варта адзначыць, што галоўнай галіной ўсёй прамысловасці дарэформеннай Беларусі было вінакурства. Па меры асваення вырабу гарэлкі з цукру і бульбы, тэхнічныя ўдасканаленні (паравыя машыны) закраналі і гэту галіну.

Мукамольная прамысловасць таксама адчувала ўздзеянне тэхнічнага прагрэсу. Першыя паравыя млыны з’явіліся ў 1841 г. спачатку ў Магілёве, затым у Пінску і Віцебску. І калі ў 1796 г. на Беларусі 1184 млыны перамалолі 843 тыс. пудоў збожжа, то ў 1860 г. іх колькасць узрасла да 1834, а гадавы перамол да 2 956 тыс. пудоў.

Такім чынам, развіццё буйной прамысловасці Беларусі ў дарэформенны перыяд адбывалася вельмі марудна. Па-першае, існавала цэхавая сістэма і пераважала дробная рамесная вытворчасць. У 1858 г. у гарадах налічвалася 15,6 тыс. рамеснікаў, а з улікам мястэчак – прыкладна 32-33 тыс., у сваёй масе (да 65%) яўрэяў. У 1860 г. у Беларусі налічвалася 7,8 тыс. дробных капіталістычных прадпрыемстваў, на якіх працавала 23,4 тыс. наёмных рабочых.

У ліку іншых прадпрыемстваў існавалі мануфактуры, пераважна, вотчынныя. У 1860 г. капіталістычныя мануфактуры Беларусі склалі 0,5% колькасці прамысловых прадпрыемстваў, канцэнтравалі 7,7 % рабочых і давалі 7,4% прадукцыі ўсёй прамысловасці. У ліку мануфактур гэтага часу (капіталістычных і вотчынных) было 54 тэкстыльных, 35 харчовых, 28 сілікатных, 15 гарбарных, 8 металаапрацоўчых, якія ўсе разам давалі 48% аб'ёму прамысловай прадукцыі. На іх працавала 4,7 тыс. рабочых.

Першыя капіталістычныя фабрыкі былі пабудаваны ў 1845 г. у Магілёве (мукамольна-крупяная) і ў Беліцы, пад Гомелем (цукровая). Са з’яўленнем фабрык доля мануфактур у прамысловай вытворчасці пачынае зніжацца. Так, у 1860 г. на фабрыках працавала ўдвая менш рабочых, затое аб’ём вырабленай імі прадукцыі на 20% пераўзыходзіў мануфактурную.

Як і ў іншых краінах Еўропы, прамысловасць Расіі перажыла якасна новую перамену – так званы прамысловы пераварот, сутнасць якога заключалася ў выцясненні ручной працы комплексам машын і механізмаў. Гэты працэс прыпадае на 1850-я гг. і пачынаецца ў цэнтральных губернях у тэкстыльнай прамысловасці на аснове перапрацоўкі прывазной (з Сярэдняй Азіі) бавоўны. На Беларусі гэты працэс узнік у суконнай і харчовай прамысловасці, якія развіваліся на мясцовай сыравіне. У 1860 г. паравыя машыны працавалі на 76 прадпрыемствах амаль ва ўсіх галінах прамысловасці Беларусі, але але некаторыя прадпрыемствы яшчэ заставаліся прыгоннымі.

Прыкметны рост фабрычна-заводскай вытворчасці стаў назірацца толькі пасля скасавання прыгоннага права.

У сілу гістарычных і эканамічных прычын, на Беларусі не не магло адбыцца хуткага выцяснення дробнай прамысловасці буйною. Па-першае, яўрэйскія рамеснікі не мелі сродкаў да заснавання мануфактур і абсталявання іх паравымі рухавікамі. Па-другое, на Беларусі не было карысных выкапняў (жалеза, вугалю, нафты) для развіцця машыннай індустрыі. Невыпадкова тут пераважалі прадпрыемствы па пераапрацоўцы мясцовай сыравіны (харчовай, тэкстыльнай, гарбарнай, драўлянай і інш.). Тым не менш і на Беларусі ў 90-х гг. ХІХ ст. меў месца інтэнсіўны ўздым мануфактурнай і фабрычнай прамысловасці, які, акрамя іншага, абумовіў зніжэнне ролі дробных прадпрыемстваў народнай гаспадарцы. У дынаміцы росту новых прадпрыемстваў рамесныя майстэрні хоць і раслі колькасна (з 20 тыс. у 1860 г. да 58 тыс. у канцы ХІХ ст.), але саступалі мануфактурам (рост са 140 да 760) і яшчэ больш імкліва (у 15 разоў) капіталістычным фабрыкам і заводам (рост з 76 па 1137).

Характэрнай рысай 1870-1880-х гг. стала актыўнае ўключэнне расійскага і замежнага капіталу ў гаспадарку беларускіх губерняў, у прыватнасці, у будаўніцтва чыгунак, што, акрамя іншага, паспрыяла будаўніцтву новых прадпрыемстваў. Нягледзячы на тое, што палову ўсіх прамысловых прадуктаў давалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы з колькасцю рабочых на кожным менш 50 чал., у 90-я гг. ХІХ ст. вызначылася тэндэнцыя да павышэння ролі буйных капіталістычных прадпрыемстваў.

У 1889 г. дала першы ток электрастанцыя ў Добрушы. Пад уплывам прамысловага перавароту адбывалася пераабсталяванне прадпрыемстваў: замест паравых рухавікоў сталі ўсталёўвацца рухавікі электрычныя. У 1898 г. на сродкі руска-бельгійскага акцыянернага таварыства ў Віцебску быў пушчаны трамвай, адзін першых у імперыі. Германскі капітал актыўна ўдзельнічаў ў заснаванні большасці леса- і льнагандлёвых фірм. Актыўнае пранікненне расійскага фінансавага капіталу, заснаванне ім крэдытна-банкаўскіх устаноў – усё гэта і іншае спрыяла развіццю капіталізма ў прамысловасці. Неўзабаве і на Беларусі сталі з’яўляцца буйныя фабрычна-заводскія прадпрыемствы, якія да пачатку 1890 г. далі амаль палову ўсёй прамысловай прадукцыі. Сярод іх дзейнічала 9 буйных з больш чым 500 рабочымі на кожным. У іх ліку – iльнопрадзiльная фабрыка “Дзвiна” (Вiцебск), тытунёвая фабрыка Шарашэўскага (Гродна). У Мінску да буйных прадпрыемстваў адносіліся: машынабудаўнічы і чыгунаметалургічны завод Якабсана, Ліфшыца і К°, машынабудаўнічы завод “Тэхнолаг”; у Пінску — дрэваапрацоўча-фанерная, запалкавая і тытунёвая фабрыка; у Гомелі — запалкавая фабрыка; у Брэсце — чыгуналіцейны і механічны заводы; у Магілёве — піваварныя заводы Лекерта.

Такім чынам, прамысловы пераварот на Беларусі завяршыўся ў канцы 90-х гг., аб чым, у прыватнасці, сведчыў велізарнае (у 37 разоў) павелічэнне аб’ёму фабрычнай прадукцыі. Найбольш імкліва развівалася на Беларусі развіваліся традыцыйныя віды прамысловасці – харчовая (+вінакурэнне), дрэваапрацоўчая (+запалкі і папера), тэкстыльная, маталаапрацоўчая, будаўнічая (+цэгла і шкло) і гарбарная прамысловасць. Менавіта таму па прычыне пераважаўшай спецыялізацыі беларускай прамысловасці па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны тут не сфарміравалася такіх буйных цэнтраў як Пецярбург і Масква і інш., а прамысловы пераварот адбыўся на 10 гадоў пазней, чым у Расіі.

Месца эканомікі Беларусі ў агульнарасійскім рынку.

Як вядома, “збіральнікі Русі”, у тым ліку ўсе Раманавы, ніколі не разглядалі Беларусь як тэрыторыю іншаземнай дзяржавы, а выключна як сваю “исконную”, таму ніколі не ставіліся да яе з пункту гледжання заваёўнікаў. Па меры падзелаў РП і ўключэння Беларусі ў склад Расійскай імперыі на далучаных землях адбываліся пэўныя пераўтварэнні, якія закранулі і эканамічную сферу жыццядзейнасці мясцовага насельніцтва. Як вядома, новыя ўлады правялі перапіс насельніцтва, улік зямель, маёнткаў і інш. Неўзабаве адбыліся скасаванне ўнутраных мытаў, уніфікацыя мер вагі і грашовай сістэмы. Канфіскацыя маёмасці шляхты, якая не жадала прысягаць на вернасць Кацярыне ІІ, мела хутчэй палітычны падтэкст, чым эканамічны інтарэс. Тая ж шляхта, якая выканала гэтае патрабаванне, захоўвала ўсе свае ранейшыя званні, тытулы, маёмасць, а таксама набывала правы расійскіх дваран. Імкнучыся ўлагодзіць шляхту і прыцягнуць яе да супрацоўніцтва, царызм захаваў за ёй ранейшыя саслоўныя ільготы, у тым ліку, права на выраб і продаж гарэлкі. Акрамя таго, з узнікненнем Царства Польскага (1822-1850) на мяжы з ім быў заснаваны мытны кантроль, што надавала польскай шляхце і буржуазіі значную эканамічную самастойнасць.

Разам з тым, у мэтах прадухілення канкурэнцыі з боку яўрэйскіх купцоў і рамеснікаў іх магчымасці гандлю ў Расіі былі абмежаваны адпаведным указам 1791 г. У далейшым мяжа яўрэйскай аселасці зрабілася даволі празрыстай. Яна перастала распаўсюджвацца на купцоў першай гільдыі, асоб з вышэйшай адукацыяй, былых іўдзеяў, якія прынялі хрысціянства. Што датычыць паступлення на расійскі рынак беларускіх рамесных і сельскагаспадарчых вырабаў, то ніякіх абмежаванняў з расійскага боку на гэты конт не існавала. У выніку, беларускія тавары – скуры, лён, каноплі, смала, палатно, сукно, гарэлка бесперашкодна траплялі рухаліся ў Расію, а ў зваротным напрамку паступалі вырабы з жалеза, сельскагаспадарчыя машыны, паркаль, пшаніца, селядцы.

Беларусь, размешчаная паміж Пецярбургам – Рыгай – Дынабургам – Масквой – Украінай – Царствам Польскім, уяўляла сабой важны ў геапалітычным плане рэгіён, здольны зрабіцца не толькі ваенным фарпостам імперыі, але і плацдармам прасоўвання яе эканамічных інтарэсаў на заходнееўрапейскі рынак. У гэтым сэнсе царызм разглядаў Беларусь не калоніяй, а арганічнай часткай сваёй дзяржавы. З гэтай нагоды на заходніх межах будаваліся крэпасці, у гарадах засноўваліся гарнізоны, у шэрагу месцаў ладзіліся ваенныя пасяленні. Менавіта дзяржаўныя органы ўзяліся за ўдасканаленне існаваўшых і пабудову новых сродкаў зносін, найперш, Агінскага, Аўгустоўскага і Днепра-Бугскага каналаў.

Пры гэтым інтарэсы ўлад перасякаліся з інтарэсамі прадпрымальнікаў. У 1824 г. на р. Сож быў апрабаваны першы параход, пабудаваны на грошы графа Румянцава, а да 1860 г. на беларускіх рэках іх ужо было 20. У 1830-х гг. параходная кампанія Бабруйска атрымала дзяржаўны прывілей на 10 год, абавязуючыся наладзіць перавозку пасажыраў па Бярэзіне і Дняпры.

У першай палове XIX ст. гандаль ажыццяўляўся ў асноўным па водных шляхах. Большасць грузаў па-ранейшаму перамяшчалася на парусных суднах і плытах і яго аб’ёмы пастаянна раслі. Так, калі ў 1844 г. іх было правезена на суму 8, 8 млн руб., то ў 1860 г. – ужо на 18 млн руб. Асноўным экспартным таварам з’яўляўся лес, які звычайна сплаўляўся ў порты Балтыкі.

У 1823 г. праз Беларусь працягнуліся шашэйныя дарогі: Брэст-Варшава, у 1849 – Масква-Брэст, у 1855 г. – Віцебск-Смаленск, Пецярбург-Кіеў, Масква-Рыга. У 1850 г. была пабудавана шаша Магілёў-Бабруйск.

Наяўнасць камунікацый спрыяла гандлёвым сувязям паміж рэгіёнамі Расійскай імперыі. Да скасавання прыгону лавачны гандаль на Беларусі толькі зараджаўся, а асноўнай арганізацыйнай формай гандлёвых адносін з’яўляўся кірмаш. Самымі вядомымі зяўляліся Бешанковіцкі, Гомельскі, Зельвенскі, Мінскі, Прыбораўскі і Свіслацкі кірмашы. Кошт прывезеных тавараў у 1845 г. на буйнейшы з іх – Зельвенскі склаў 1 млн руб., а ў 1851 г. – нават 1 598 237 руб. Расійскія купцы прывозілі паркаль, шоўк, галантарэю, фабрычнае абсталяванне; украінскія – соль, цукар, іншыя прадукты харчавання.

Да сярэдзіны ХІХ ст. значна змяніўся спажывецкі і вытворчы рынак Беларусі, у прыватнасці, удвая ўзрасла колькасць гандлёва-прамысловага насельніцтва, значна павялічылася колькасць дзяржаўных сялян і памешчыкаў-прадпрымальнікаў. Усе гэтыя катэгорыі насельніцтва былі больш сацыяльна мабільнымі, чуйна рэагавалі на патрэбы рынку, актыўней уцягваліся ў таварнаграшовыя адносіны, імкнуліся атрымаць выгоду ад палітыкі новых улад.

Унутраны гандаль сканцэнтраваны не толькі ў гарадах, але і ў масе дробных мястэчак, населеных пераважна яўрэямі. Менавіта яўрэі былі

асноўнымі пасрэднікамі як паміж памешчыкамі і аптовымі купцамі, так паміж сялянамі і жыхарамі гарадоў. У любым выпадку аграрнае насельніцтва мела магчымасць збываць на мясцовых рынках усё, што толькі давала сельская гаспадарка, і набываць патрэбныя яму прадукты.

Да часу рэформ эканоміка Беларуси забяспечвала ўласны ўнутраны рынак і займала пэўны сектар усерасійскага рынку. Яна мела экспартна-арыентаваную вытворчасць, валодала дастаткова дасканалай для свайго часу рынкавай інфраструктурай і дастаткова развітай сеткай шляхоў зносін. Патрэбы ўнутранага беларускага рынку часткова пакрываліся за кошт увозу тавараў з Польшчы, Украіны, Расіі.

У паслярэформенны перыяд Беларусь як эканамічны рэгіён прыцягвае большую ўвагу расійскага ўрада і прыватнага прадпрымальніцтва. Пад час рэзкага зніжэння кошту хлеба на заходнееўрапейскіх рынках урад праводзіў пратэкцыянісцкую палітыку з мэтай абароны гандлёвых інтарэсаў рускіх памешчыкаў, а таксама прыняў шэраг захадаў супраць умацавання польска-каталіцкага землеўладання на Беларусі.

Паляпшэнне стану транспартных камунікацый спрыяла міжрэгіянальнаму гандлю. Па-ранейшаму вялiкую значнасць захоўвалi водныя артэрыi, па якiх хадзiла да 700 судоў, у тым ліку каля 200 параходаў. Але ў 60-70 гг. ХІХ ст. рэзка ўзрастае значнасць чыгуначных камунікацый. Пры гэтым з ініцыя-тываю іх будаўніцтва, у тым ліку на Беларусі, выступае дзяржава. Першая чыгуначная лінія, якая ў 1862 г. перасекла тэрыторыю Беларусі, звязала Пецярбург і Варшаву, але з-за малой працягласці (50 вёрст) яна не адыгрывала прыкметнай ролі ў эканоміцы края. У 1866 г. на Дзвінска-Полацка-Віцебскім участку пачала дзейнічаць Рыга-Арлоўская чыгунка і г. д. Усе яны будаваліся прыватнымі акцыянернымі кампаніямі, з удзелам замежнага, у тым ліку англійскага капіталу, і да канца ХІХ ст. былі выкуплены дзяржавай. У ліку самых значных магістраляў на Беларусi былі Рыга-Арлоўская, Маскоўска-Брэсцкая, Лiбава-Роменская, Палеская, Пецярбургска-Адэская і інш. У выніку ў 1870 г. працягласць чыгуначных ліній складала ўжо 302 км, у 1902 г. – 2752 км., а напярэдадні І сусветнай вайны – каля 3 800 км. Па гэтым паказчыку беларускія губерні займалі першыя месцы ў Расійскай імперыі.

Пранікненне расійскага капіталу назіралася таксама ў банкаўска-крэдытнай сферы і сродках сувязі (тэлеграф, тэлефон). Мясцовыя прадпрымальнікі фарміраваліся з купецкага асяроддзя і адкрывалі запалкавыя, мэблевыя, фанерныя, шпалерныя фабрыкі, а таксама друкарні. У далейшым беларускія купцы (у сваёй падаўляючай большасці яўрэі) заняліся і прамысловым бізнесам.

Такім чынам, скасаванне прыгоннага права паскорыла развіццё мясцовай прамысловасці, транспарту і гандлю, узмацніла таварнасць сельскай гаспадаркі, паспрыяла большай інтэграцыі беларускай эканомікі ва ўсерасійскі рынак.

Беларускія тавары актыўна спажываліся цэнтральнымі расійскімі губернямі. Прадукцыя запалкавых фабрык Пінска, Мазыра, Барысава, Навабеліцы, Койданава, Вішнева, Рэчыцы, Слоніма, Бабруйска знаходзіла збыт у Ромнах, Растове, Палтаве, Адэсе, Харкаве, Варшаве, Баку, Кішынёве. Папера і кардон – ў Кіеве, Екацерынаславе, Рызе, Беластоку. Вырабы шкляной і керамічнай прамысловасці — у Маскве, Кіеве, Адэсе.

У канцы XIX ст. у Беларусі ўжо склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі з цэнтрамі ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Гродне, Брэсце і Пінску. Галоўным гандлёвым цэнтрам Беларусі ў гэты час стаў Мінск. Сюды паступалі прамысловыя тавары з Маскоўскага і Пецярбургскага раёнаў, з Польшчы. Тут жа гандлявалі збожжам, малочнымі прадуктамі, мясам, рыбай і г.д. Асаблівую вядомасць і папулярнасць у меў буйнейшы ў імперыі мінскі спецыялізаваны кірмаш па продажы лесаматэрыялаў з абаротам 20 млн руб.

Тавары, якія вырабляліся ў Гомельскім раёне — папера, запалкі, цэгла, кафля, аконнае шкло, вяроўкі, канаты і г.д., — вывозіліся нават за межы Беларусі. З Гомеля частка лесаматэрыялаў і дроў адпраўлялася воднымі шляхамі ў Адэсу, Екацерынаслаўскую і Кіеўскую губерні, а частка – па чыгунцы у Рыгу, Лібаву, Пецярбург. З сельскагаспадарчых прадуктаў, якія прыбывалі на гомельскі рынак, пераважала ўкраінскае збожжа.

Магілёў з’яўляўся цэнтрам рэгіянальнага гандлю сельскагаспадарчымі і ляснымі матэрыяламі. Праз Оршу ў Мінскую і Смаленскую губерні паступалі лес, збожжа, пянька, яблыкі і іншыя тавары. На аршанскім рынку прадаваліся хлебныя прадукты, соль, газа, нафта, будаўнічыя матэрыялы.

Лес і прадукты льнаводства, якія вырабляліся ў Віцебскім раёне, вывозіліся большай часткай за мяжу. Прывозілі ж сюды пшанічную муку і цукар з Украіны.

Праз Гродна ажыццяўляўся гандаль з Польшчай, Літвой і замежнымі краінамі. Тавары гродзенскага рынку – лесаматэрыялы, аржаная і бульбяная мука, спірт, малочныя прадукты – ішлі ў Мінск, Вільню, Маскву, Пецярбург.

Пінск служыў размеркавальным цэнтрам збыту прамысловых тавараў і лясных грузаў, якія перапраўляліся з басейнаў Дняпра і Прыпяці ў сістэмы Нёмана і Віслы.

Такім чынам, Беларусь з’яўлялася часткай усерасійскага рынку. Яе гандлю была характэрна перавага вывазу сельскагаспадарчых прадуктаў, драўніны і іншых матэрыялаў. У той жа час яна служыла рынкам збыту прамысловых тавараў (інструментаў, машын) збожжа (пшаніцы) і цукру, якія ўвозіліся з іншых раёнаў Расіі.

Нягледзячы на буйныя перамены ў эканоміцы, звязаныя з завяршэннем прамысловага перавароту і пачаткам утварэння індустрыяльнага грамадства, Беларусь яшчэ заставалася пераважна аграрным рэгіёнам Расійскай імперыі. Гэта, аднак, не можа служыць паказчыкам яе адсталасці і залежнасці ад больш развітых рэгіёнаў.

 

3. З часоў Кацярыны ІІ ў расійскім заканадаўстве ўсе насельніцтва краіны падзялялася «па адрозненні правоў» на чатыры «станы» (саслоўі): дваран­ства, духавенства, гарадскія і сельскія абывацелі. У сваю чаргу гарад­скія абывацелі падзяляліся на саслоўі ганаровых грамадзян, купцоў, мяшчан, цэхавых рамеснікаў, а сельскія – уключалі саслоўі сялян, казакоў і іншародцаў.

Саслоўны пачатак быў пакладзены ў ас­нову ўсяго мясцовага кіравання і судовай справы і тым самым ён атрымаў агульнадзяржаўную значнасць. У першай трэці XIX ст. склаліся тры новыя саслоўі: ганаровыя грамадзяне, каза­цтва і іншародцы, у якое, акрамя іншых, уключылі і яўрэяў. Саслоўнае грамадства ўяўляла сабой іерархічную сістэму ўзаемадзеяння розных груп насельніцтва іх падпарадкаванасці манархічнай дзяржаве.

Саслоўі падзяляліся на прывілеяваныя (дваранства, духавенства, ганаровыя грамадзяне, куп­цы) і непрывілеяваныя (сяляне, мяшчане, рамеснікі, казакі, іншародцы). Першые вызваляліся ад уплаты асабістых падаткаў, рэкруц­кай павіннасці, цялесных пакаранняў. Выхаваныя на прывілеях вышэйшыя класы грамадства вельмі непрыхільна сустрэлі царскі рэскрыпт ад 11 студзеня 1874 г. аб усеагульнай ваеннай павіннасці. Узамен яе купцы нават абавязваліся за свой кошт утрымліваць інвалідаў.

З часоў ВКЛ на працягу стагоддзяў дваранства (шляхта) было галоўным прывілеяваным саслоўем, якое займала большасць пасад у орга­нах дзяржаўнага і мясцовага кіравання, у войску. Да 70-х гг. ХІХ ст. захоўвалася выдадзеная Кацярынай ІІ дваранам «вольнасць і свабода». І толькі рэформы Аляк-сандра ІІ істотна пахіснулі іх саслоўныя перавагі ў судовай, ваеннай, адукацыйнай і інш. галінах. Разам з тым роля дваранства ў дзяржаўным, грамадска-палітычным і духоўным жыцці істотна не зменшылася. Зацікаўлены ў падтрыманні яго высокага статусу і эканамічнай моцы царскі ўрад выдаў указ ад 25 мая 1899 г. аб праве дваран усталёўваць часовазапаведныя (?ГЭТА ЯК) маёнткі, якія не маглі адчужацца, драбіцца, а павінны былі перадавацца ў спадчыну аднаму з дзяцей.

Саслоўе дваран не было аднародным. Яно складалася як з патомных дваран, так і асабістых, гэта значыць тых, хто атрымаў дваранскае званне за вайсковую або цывільную службу ў адпаведнасці з “Табеллю аб рангах”. На Беларусі пытанне аб прыналежнасці да патомных дваран часткі шляхты ставілася пад сумненне яшчэ з часу падзелаў РП і мела працяг у другой палове ХІХ ст.:пасля чарговага “разбору шляхты”, выкліканага паўстаннем 1863 г., колькасць польскіх і беларускіх дваран рэзка скарацілася (з 5,1 да 2,4%).

Духавенства таксама з’яўлялася неаднародным, але больш закрытым саслоўем, прычым, нехрысціянскія святары ў яго не ўваходзілі. Прававое становішча духавенства ўсіх хрысціянскіх вызнанняў у пэўнай ступені адрознівалася. Асабліва важнае становішча займала праваслаўнае святарства, якое, акрамя рэлігійных, выконвала ідэа­лагічную, адміністрацыйную (вядзенне метрычных кніг) функ­цыі і здзяйсняла пэўны кантроль за маральнасцю і ладам мыслення сваіх прыхажан. Духоўнае саслоўе, (белае і чорнае духавенства) у 60—70-х гг. XIX в. было вызвалена ад абявязковай спадчыннай службы: дзеці святароў атрымалі права патомных і асабістых ганаровых грамадзян, доступ да свецкай адукацыі, магчымасць паступлення на дзяржаўную службу. Устойлівасці гэтага саслоўя і ў к. XIX - пач. XX ст. спрыяла захаванне прывілеяў (вызваленне ад ваеннай службы, шэрагу падаткаў і павіннасцей) і адначасова рэгламентацыя іх правоў (забарона абрання прамысловых заняткаў і г. д.).

Купцы ўваходзілі ў склад з трох, затым (1863) дзвюх гільдый. Для заможных сялян і мя­шчан пераход у купецкае саслоўе не толькі вызваляў ад цялесных пакаранняў, але і даваў права на пашпарт і свабоду перасоўвання. Да канца ХІХ ст. колькасць асоб купецкага звання павялічылася, асабліва ў заходніх і паўднёвых гу­бернях. Пры гэтым асноўная маса складалася з яўрэяў. Атрыманне купецкіх пасведчанняў давала ім права на жыхарства па-за мяжой аседласці. Паводле перапісу 1897 г., сярод купцоў пяці беларускіх губерняў было 84,5 % яўрэяў, 10,7 - рускіх і толькі 1,7 % беларусаў (усяго 317, з якіх 9 належала да ІІ гільдыі, а да І – ніводнага).

Тыя купцы, хто плаціў гільдзейскі падатак, набывалі выключныя правы на буйны гандаль і прамысловасць. Асобы, якія захоўвалі купецкае званне на працягу 10–12 год, а так­сама іх дзеці, пераходзілі ў саслоўе ганаровых грамадзян. Сюды ж траплялі дзеці асабістых дваран, духавенства, выпускнікі вышэй­шых навучальных устаноў, а таксама прадстаўнікі свабодных прафесій – вучоные, мастакі і г.д.

Мяшчане існавалі за кошт гандлю, промыслаў, рамяства. Пры гэтым толькі за­пісаныя ў цэхі рамеснікі маглі прадаваць свае вырабы. Такім чынам, купцы, рамеснікі, мяшчане былі ў боль­шай або меншай ступені залежнымі людзьмі, прадпрымальніцкая дзейнасць якіх рэгламентавалася законам. Але ў канцы XIX в. пад уздзеяннем капіталістычных адносін мяшчанскае саслоўе губляла былыя асаблівасці, якія адрознівалі яго ад звычайных гарадскіх жыхароў.

Як вядома, да 1861 г. найбольш бяспраўным было становішча прыгонных сялян. Да канца XIX ст. гэтае саслоўе сярод насельніцтва Беларусі ў 6 387 тыс. чал. заставалася самым шматлікім (92, 1%) і ў прававых адносінах рабі-лася больш аднародным. Паступоваму сціранню саслоўных адрозненняў спрыялі скасаванне прыгоннага права; скасаванне падушнай подаці і ўвядзенне дзяржаўнага пазямельнага падатку і падатку з нерухомасці ў гарадах, пасадах і мястэчках; увядзенне ўсеагульнай вайсковай павіннасці ў 1874 г., якой падлягала зараз усе мужчынскае насельніцтва з 20-гадовага ўзросту, у тым ліку дваран (за выключэннем асоб духоўнага зва­ння і іншародцаў); законы 1863 і 1865 г. аб свабодзе гандлёва-прамысловай дзейнасці, і асабліва «Палажэнне аб дзяржаўным промыславым падатку» 1898 г., якое дазваляла ўсім асобам, незалежна ад саслоўнай прыналежнасці, займацца гандлем і прамысловасцю.

Акрамя таго, па закону ад 12 сакавіка 1903 г. была скасавана кругавая парука для большай часткі сялян, а паводле маніфесту ад 11 жніўня 1904 г. канчаткова скасаваны цялесные пакаранні. Абвяшчэнне маніфестам 17 кастрычніка 1905 г. «грамадзянскай свабоды на пачатках сапраўднай недатыкальнасці­ асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў», стварэнне заканадаўчай Дзяржаўнай Думы і прадастаўлення выбарчых правоў усім «класам насельніцтва» было значным крокам ад саслоўнай да грамадзянскай супольнасці. Згодна Найвышэйшаму Указу ад 5 кастрычніка 1906г., былі зніжаны цяжкасці, звязаныя з выхадам з сельскага грамадства (хоць сама прыпіска да грамадства, як адзін з паказчыкаў саслоўнасці, яшчэ заставалася), зняты пашпартныя абмежаванні для сялян і мяшчан (хоць у рэальным жыцці яны працягвалі існаваць).

Саслоўны лад, абумоўлены шэрагам заканадаўча аформленых правоў і абавязкаў асобных груп насельніцтва, замацаваных за імі сацыяльных функцый, працягваў існаваць: захоўваліся саслоўныя арганізацыі і саслоўнае самакіраванне, саслоўны пачатак у мясцовым кіраванні ў адносінах сялян г. д таксама працягвалі існаваць. Нават пры выбарах у Дзяржаўную Думу маёмасны прынцып спалучаўся з саслоўным.

Такім чынам, у другой палове XIX – пач. XX стст. у саслоўным ладзе расійскага, у тым ліку беларускага грамадства, адбываліся два рознанакіраваных­ працэсы: з аднаго боку, ішла уніфікацыя (падабенства ў правах і абавязках) саслоўяў, з другога – працэс яго разла­жэння. Саслоўная структура грамадства як рудымент аджытога феадальнага ладу паступова саступала месца новай, класавай, з уласцівымі ёй катэгорыямі прыватнай уласнасці, наёмнай працы, ролі ў вытворчасці і размеркаванні грамадскага прадукту. Асноўныя грамадскія супольнасці новага, капіталістычнага ладу ўвасобіліся ў класах буржуазі і пралетарыту.

Развіццё капіталістычных адносін ламала саслоўныя перагародкі Расійскай імперыі. Для буйной буржуазіі, большасць якой на Беларусі складалася з яўрэяў, дасягненне фінансавай свабоды стварала своеасаблівы трамплін да свабоды палітычнай. Яшчэ больш небяспечным для фактарам зрабілася фарміраванне рэвалюцыйнага класа – пралетарыяту, які пагражаў не толькі старой феадальна-саслоўнай сістэме, але і існаванню самаўладдзя.

4. Фарміраванне буржуазіі і пралетарыяту. Узнікненне індустрыяльнага грамадства.

Па меры развіцця капіталістычных адносін у прамысловасці і сельскай гаспадарцы фарміраваліся два новыя грамадскія класы: буржуазія і пралетарыят. Слова “буржуазія” паходзіць з французскага “bourgeoisie”, запазычанага з позднелацінскага burgus – “умацаваны горад”, і азначае пануючы клас капіталістычнага грамадства, які валодае ўласнасцю на сродкі вытворчасці і існуе за кошт эксплуатацыі наёмнай працы.

Як вядома, пераход ад мануфактуры да фабрыкі быў вырашальным этапам у фарміраванні класа буржуазіі. У ходзе прамысловага перавароту склаўся і стаў пануючым пласт буйных прадпрымальнікаў, які выцесніў на другі план панаваўшых раней прадстаўнікоў гандлёвага капітала. У Расіі гэтаму працэсу спрыяла самадзяржаўе праз пратэкцыянісцкую мытную палітыку, казённые заказы, гарантаваныя прыбыткі і г. д.

У ліку арганізатараў першых на Беларусі капіталістычных прадпрыемстваў былі прадстаўнікі дваранскага і купецкага, і ў меншай ступені – мяшчанскага і сялянскага саслоўяў. Пасля скасавання прыгоннага права памешчыкі прыстасоўвалі свае маёнткі да умоў капіталістычнага гаспадарання або здавалі сваю зямельную ўласнасць у арэнду (наём) і набывалі якасці (прыкметы), уласцівыя буржуазіі. Тыя ж прыкметы новага ў сацыяльным абліччы дваран-памешчыкаў назіраліся ў выпадках, калі яны арганізовалі ў сваіх маёнтках або ў населеных пунктах прадпрыемствы с выкарыстаннем наёмнай рабочай сілы. Так, у 90-я гг. ХІХ ст. ім належала 343 мануфактуры і фабрыкі, або 46% з існаваўшых на Беларусі. Да пачатку XX ст. налічвалася 495 вінакурных і піваварных заводаў не менш за 3 тыс. млыноў, асноўная маса якіх належала памешчыкам. Яны ж валодалі і сотнямі масларобчых, сыраварных і іншых прадпрыемстваў.

На Беларусі дваранства, як правіла, не парывала са сваім класам і цаніла сваю прыналежнасць да вышэйшага саслоўя. Таму асноўнай крыніцай фарміравання буржуазіі з’яўлялася купецтва і разбагацеўшыя рамеснікі. У паслярэформенный перыяд да гэтага класа сталі далучацца заможныя сяляне, якія выкупалі ў збяднеўшых памешчыкаў іх землі і прамысловыя аб’екты. Самай шматлікай часткай буржуазнага класу з’яўляліся яўрэйскія купцы і мяшчане. З цягам часу менавіта яўрэйскай буржуазіі належаў 51% фабрык і заводаў, большасць прыватных газет і крэдытна-фінансавых устаноў. Доля беларускай буржуазіі сярод гарадскога (местачковага) насельніцтва складала 15% (50,5 тыс. чал. з 335,3 тыс. усёй прамыслова-гандлёвай буржуазіі).

У межах адзінага буржуазнага класа адрозніваюць сельскую буржуазію. Яе ўзнікненне адбылося ў парэформенны перыяд у асяроддзі заможнага сялянства, якое здолела скарыстаць у сваіх мэтах рынак працоўнай сілы былых прыгонных сялян. Да 1897 г. сельская буржуазія складала каля 9 % усяго сялянскага саслоўя (463,5 тыс. чал. з 5 073,1 тыс). Па памерах уласнасці, формах гаспадарання сельская буржуазія падзяляецца на дробную, сярэднюю і буйную.

Прадстаўнікі дробнай буржуазіі складалі 8% ад усяго сельскага саслоўя (418 тыс. чал.) У гаспадарцы дробнага буржуа плошча ворнай зямлі складала ад 20 да 60 дзес., колькасць коней – не менш 3. У яго ж гаспадарцы мела месца выкарыстанне простых сельскагаспадарчых машын і механізмаў. Доля сярэдняй буржуазіі набліжалася да 1% (каля 44,5 тыс. чал). Гаспадарка сярэдняга буржуа складалася з ворнай зямлі плошчай ад 60 да 500 дзесяцін, не менш 6 коней, а таксама сельскагаспадарчых машын. Ва ўладанні 140 сямей (каля 1000 чал.), якіх адносяць да буйной сельскай буржуазіі, знаходзілася 675, 4 тыс. дзес. зямлі, у тым ліку 315 латыфундый. Сярэдняя і буйная аграрная буржуазія фарміравалася з заможнага сялянства, купцоў, ганаровых грамадзян. Уся вытворчасць і перапрацоўка сельскагаспадарчых прадуктаў забяспечваліся выкарыстаннем наёмнай працы парабкаў.

Такім чынам, агульная колькасць прадстаўнікоў прамысловай (335,3 тыс) і аграрнай (463,5 тыс. чал.) буржуазіі дасягала 800 тыс.

4. Зараджэнне капіталістычных адносін у прамысловасці адбілася ў з’яўленні новага грамадскага класа – пралетарыяту. Гэтым тэрмінам прынята называць асабіста свабодных людзей, якія існавалі ў эпоху капіталізму выключна за кошт продажу сваёй рабочай сілы. Да пралетарыяў адносяць як гарадскіх, так і сельскіх рабочых (парабкаў). Больш шырокая назва пралетарыяту – рабочы клас.

Яшчэ да аграрнай рэформы, у 1860 г. у прамысловасці Беларусі налічвалася каля 41,5 тыс. наёмных рабочых, з якіх 3,1 тыс. працавалі на фабрыках і 4,7 – на мануфактурах. Пасля скасавання прыгону ў 1861 г. працэс фарміравання пралетарыяту значна паскорыўся і асабліва ў гарадах. Асноўнай яго крыніцай з’яўляліся мяшчане і ў меншай ступені – збяднелыя вяскоўцы. З цягам часу пралетарыят стаў папаўняцца патомнымі рабочымі, колькасць якіх у 1897 г., складала ў яго агульнай масе каля 20%. Усяго ж на мяжы ХІХ і ХХ стст. у прамысловасці, на чыгуначным транспарце і ў дэпо было занята каля 260 тыс. рабочых, па ўсіх прыкметах пралетарыяў.

Становішча (заробак, умовы працы, сацыяльныя выплаты) прамысловага пралетарыяту залежала ад многіх акалічнасцяў: ад кваліфікацыі работніка, тыпу прадпрыемства, месца яго размяшчэння, галіны вытворчасці, рыначнай кан’юнктуры і інш. Адпаведна лепшым яно было ў рабочых буйных прадпрыемстваў, якія знаходзіліся пад наглядам фабрычнай інспекцыі. Ёй падпарадкоўваліся так званыя цэнзавыя прадпрыемствы ­­– тыя, што мелі не менш чым 16 рабочых пры наяўнасці механічнага рухавіка або не менш за 30 рабочых пры яго адсутнасці.

Паводле закона ад 29 чэрвеня 1882 г., на фабрыках і заводах забаранялася выкарыстанне працы дзяцей ва ўзросце менш за 12 гадоў, начной работы непаўналетніх (да 17 гадоў) і жанчын. Працоўны дзень для 12-15-гадовых падлеткаў абмяжоўваўся 8 гадзінамі. Закон ад 3 чэрвеня 1886 г. забараніў фабрыкантам прымаць на працу рабочых без пашпартоў. Рабочыя не мелі права баставаць, патрабаваць скарачэння працоўнага дня і павелічэння заработнай платы. За парушэнне закона прадугледжвалася сістэма пакаранняў, у тым ліку турэмнае зняволенне.

Паводле закона ад 2 чэрвеня 1897 г. з 1 студзеня 1898 г. для дарослых мужчын усталёўваліся максімальны працоўны дзень (11,5 гадзін), нядзельныя (52 дні) і святочныя (17 дзён) адпачынкі на працягу года. Характэрна, што на Добрушскай папяровай фабрыцы з мая 1894 г. існаваў упершыню ў Расійскай імперыі ўсталяваны 8-гадзінны працоўны дзень.

Гасападары няцэнзавых прадпрыемстваў, мануфактур, рамесных майстэрань у мэтай атрымання найбольшых прыбыткаў жорстка эксплуатавалі рабочых, выкарыстоўвалі жаночую і дзіцячую працу.

Рабочыя ўсіх прадпрыемстваў адчувалі аднолькавыя цяжкасці ў час эканамічных крызісаў, якія суправаджаліся масавымі звальненнямі, беспрацоўем. Дзейсным сродкам выхаду са складанага становішча рабілася эканамічная і палітычная барацьба.

У агульнай 460-тысячнай арміі пастаянных наёмных рабочых асобае месца займалі сельскія пралетарыі. Першымі іх прадстаўнікамі сталі былыя дарэформенныя парабкі, якія набылі асабістую свабоду і ў новых умовах атрымалі магчымасць з большай для сябе карысцю прадаваць сваю рабочую сілу. Другой крыніцай сельскіх пралетарыяў сталі дваровыя людзі – былыя прыгонныя, якія пасля вызвалення не атрымалі зямлі і, як правіла, былі вымушаны шукаць сродкі для існавання, прадаючы рабочую сілу ў гаспадарскім маёнтку або ў заможных сялян. Група сельскіх пралетарыяў узрастала і за кошт членаў іх сем’яў. Так, у 1897 г. у маёнтках і заможных сялянскіх гаспадарках Беларусі было занята 22 300 дзяцей да 15 гадоў.

Развіццё капіталістычных адносін на вёсцы значна пашырала сацыяльную базу для фарміравання сельскага пралетарыяту. Самай масавай яе крыніцай былі бедныя (беззямельныя і малазямельныя) сяляне. Так, з 1877 па 1905 гг. колькасць гаспадарак з надзелам да 15 дзесяцін узрасла ў два разы і склала 487,2 тысячы або 84,5% ад усіх. Такім жа няспынным быў працэс узрастання бясконных і малаконных сялянскіх гаспадарак: з 1888 па 1900 гг. – на 33,7% да 399,9 тысяч або 60,9% ад усіх.

У асяроддзі збяднелага сялянства ўзніклі парабкі на пастаяннай аснове і падзённыя (ад слова “дзень”) рабочыя. Першыя, як правіла, рэкрутаваліся з беззямельных, другія – з малазямельных, мала- і бясконных сялян. Такім чынам, у 1897 г. у беларускіх губернях налічвалася 182,2 тыс. пастаянных парабкаў, што складала 37% агульнай колькасці наёмных рабочых і слуг. Іх было адносна няшмат, крыху больш за 5% працаздольнага сельскага насельніцтва, але менавіта яны складалі аснову сельскагаспадарчага пралетарыяту.

Сельскімі пралетарыямі або паўпралетарыямі з’яўляліся сямейныя рабочыя, якія ў абмен на прададзеную рабочую сілу атрымоўвалі ардынарыю (прадукты харчавання) і карысталіся гаспадарскім участкам зямлі,

Менш распаўсюджаная, зато больш прагрэсіўная форма капіталістычных адносін на вёсцы, увасобілася ў куплі-продажы працы бессямейных рабочых, якія наймаліся гаспадаром на ўмовах харчовага ўтрымання і грашовай аплаты.

Акрамя пастаянных парабкаў, існавала катэгорыя сезонных і падзённых рабочых (да пачатку ХХ ст. каля 400 тыс. чал.), паслугі якіх выкарыстоўваліся ў час найбольш напружаных сельскагаспадарчых работ (сяўба, касьба, жніво і г.д.). Часцей за ўсё гэтыя работы з’яўляліся для іх дадатковым сродкам падтрымання сваіх бедных гаспадарак. З класавага пункту гледжання гэтыя сяляне ўяўлялі сабой паўпралетарыяў, бо ў іх асобах спалучаліся рысы як наёмных работнікаў, так і дробных гаспадароў.

Такім чынам, пастаянны, сезонны і падзённы наём адбіў прагрэсіўныя тэндэнцыі ў развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Разам з тым працэс фарміравання на вёсцы пралетарыяту ў часе, колькасна і якасна саступаў адпаведнаму працэсу ў прамысловасці.

Па прычыне адсутнасці заканадаўчай базы, прававое і эканамічнае становішча сельскагаспадарчых наёмных рабочых (заработная плата, працягласць працоўнага дня, жыллёвыя ўмовы, медыцынскі нагляд) было цяжэйшым за становішча іх гарадскіх братоў па класу.

Характэрнай рысай пралетарыяту Беларусі парэформеннага перыяду з’яўляўся шматнацыянальны склад прамысловых пралетарыяў. 60% іх складалi яўрэi, 17% – беларусы, 10% – палякi, 10% – рускiя, каля 4% – латышы, лiтоўцы i ўкраiнцы. Пры гэтым яўрэі не дапускаліся да работы на чыгунках і казённых прадпрыемствах. Сельскія пралетарыі вызначаліся падаўляючай перавагай беларусаў.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 1184; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.109 сек.