Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Як фактар развіцця культуры ў рэгіёнах Беларусі




Фестываль народнай творчасці

У сучасным грамадстве ўзрастае роля культурнай дзейнасці ў далучэнні чалавека да соцыума, у сацыялізацыі і сацыяльнай адаптацыі асобы, ва ўмацаванні грамадскіх сувязяў паміж людзьмі, вырашэнні праблем іх сумеснага існавання [1, с. 25–30].

Адной з эфектыўных тэхналогій, якая набывае мастацка-эстэтычныя, сацыяльна-педагагічныя і эканамічныя вартасці, рэалізуе асобасна-развіваючую, сацыяльна-арганізуючую, крэатыўную функцыі культуры [11, с. 16–35], з’яўляецца фестывальная дзейнасць. Яна яскрава ілюструе працэсы развіцця беларускай культуры на мяжы ХХ―ХХІ стст. [8, с. 82–86]. У дадзеным артыкуле мы паспрабуем прааналізаваць ролю фестывальнай дзейнасці ў захаванні і развіцці культуры ў рэгіёнах Беларусі, высветлім фактары, якія звязаны з фарміраваннем іх культурнай адметнасці.

На аснове аналізу сучаснай сацыякультурнай практыкі намі адзначалася, што ў аналізуемы перыяд [9, с. 44–48]. Менавіта на рэгіянальным узроўні пачала складваецца сапраўдная фестывальная “палітыка”. Для прыкладу, культурнае жыццё Віцебскай вобласці не абмяжоўваецца славутым “Славянскім базарам”. Сярод раённых імпрэз – рэгіянальнае свята “Браслаўскія зарніцы”, мэта якога — адраджэнне народных традыцый у новых сацыякульурных умовах; Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, дзе папулярызуецца народна-інструментальная творчасць; Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя Расіі, Беларусі і Украіны “Дняпроўскія галасы ў Дуброўна”, які праз гістарычныя культурныя і духоўныя сувязі мацуе дружбу нашых народаў; рэгіянальнае свята “Квітней, Глыбоччына”, што прапагандуе і развівае традыцыі народнай творчасці і рамёстваў; абласны фестываль нацыянальных культур “Нас аб’яднала зямля Беларусі” ў Міёрах, які збірае прадстаўнікоў 13 нацыянальнасцей, пражываючых на тэрыторыі вобласці; Рэгіянальнае свята “Дзвіна — Двина — Даугава” ў Верхнядзвінску, якое ўзнікла як лагічны плён супрацоўніцтва Беларусі, Расіі і Літвы ў сферы культуры і мастацтва; Рэгіянальнае свята на Кургане Дружбы ў Верхнядзвінскім раёне, на мяжы Латвіі, Расіі і Беларусі [4, с. 5].

У Мінскай вобласці праводзяцца абласныя фестывалі тэатральнай творчасці “Бярэзінская рампа” (Беразіно, з 1997), дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак” (Любанскі раён, з 1997); духавой музыкі “Майскі вальс” (з 1981) і многія іншыя. Штогадова з 2001 года аматарскія мастацкія калектывы Мінскай вобласці, якія маюць званні “народны”, “узорны”, а такіх у вобласці ў 2006 годзе было каля 360-ці, бяруць удзел у фестывалі народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”.

У сталіцы традыцыйна праводзяцца фестывалі народнай творчасці “Сузор’е”, “Не старэюць душой ветэраны”, “Мінскі гармонік”, фестываль эстраднага мастацтва моладзі горада, хароў хлопчыкаў і іншыя мерапрыемствы. Яны не толькі ствараюць свята для гараджан, але і з’яўляюцца творчай майстэрняй для кіраўнікоў і арганізатараў народнай мастацкай творчасці. Маюць свае “фестывальныя візітоўкі” і іншыя рэгіёны.

Для горада Гомеля гэта фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” і тэатральны “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Брэст і Брэсцкая вобласть увасобілі фестывальную актыўнасць у правядзенні міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Белая вежа”, народнага мастацтва “Палескі карагод”. Фестываль нацыянальных культур вызначае творчае аблічча Гродна, фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа” ― Магілёва.

Большасць фестываляў народнай творчасці ўзнікалі і “прыжываліся” там, дзе склаліся пэўныя гістарычна-культурныя традыцыі і было сфарміравана адпаведнае сацыякультурнае асяроддзе. Прыймальнасць і прыцягальнасць мастацкіх ідэй, закладзеных у аснову фестывальных акцый, з’яўляецца ўмовай іх укаранення ў тым ці іншым месцы.

У адных выпадках яна можа развіцца на рэальна існуючых рэгіянальных народных традыцыях і атрымаць сучаснае ўвасабленне ў форме фестывалю альбо свята. Прыкладам можа служыць фестываль народнага танца “Беларуская полька”, які атрымаў “прапіску” у Чачэрску Гомельскай вобласці, дзе гістарычна развіты жанр народна-побытавага танца.

Прычанай таго, што з 1991 года ў г. Паставы Віцебскай вобласці трывала ўкараніўся фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, з’яўляецца лакалізацыя традыцый народна-інструментальнай творчасці. Да цяперашняга часу тут захавалася традыцыя вырабу і ігры на дыятанічных цымбалах, а гісторыя існавання Груздаўскага цымбальнага аркестра сягае аж у 1939 год. Фестываль народнага гумару ўсталяваўся “у месцы кампактнага пражывання беларускіх жартаўнікоў” — в. Аўцюкі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці [6, с. 204–218].

Фестываль як сродак актуалізацыі гістарычна-культурных традыцый выкарыстоўваецца ў тых выпадках, калі повязь часоў была парушана, але на пэўным этапе гістарычнага развіцця мясцовасць вызначылася значнымі падзеямі ў культуры і мастацтве альбо была звязана з жыццём і дзейнасцю яркіх гістарычных асоб. Гэта відавочна на прыкладзе фестываляў тэатральнага мастацтва. 23–25 красавіка 1993 года ў г. Мазыры Гомельскай вобласці адбыўся рэспубліканскі фестываль самадзейнага тэатральнага мастацтва, прысвечаны А. Макаёнку. Рэспубліканскі фестываль аматарскіх тэатраў“Гасціны ў Галубка” ладзіўся ў снежні 1995 года ў Баранавічах. Ён быў прысвечаны памяці пісьменніка, драматурга, аднаго з заснавальнікаў беларускага тэатра, першага народнага артыста БССР Ул. Галубка. Праграма свята была насычана паказамі спектакляў, гульнямі, спевамі, танцамі. Ул. Галубку была прысвечана выстава, адкрыццё якой адбылося ў межах праграмы фестывалю.

У студзені 2000 года ў горадзе Слуцку Мінскай вобласці праводзіўся Рэспубліканскі фестываль тэатральнага аматарскага мастацтва “Тэатральныя скрыжаванні”. Слуцк быў абраны месцам сустрэчы тэатралаў-аматараў Беларусі не выпадкова. Гісторыя тэатральнага мастацтва на Случчыне бярэ пачатак з часоў далёкай старажытнасці. У 80-х гадах 17 ст. тут дзейнічалі школьныя тэатры, у сярэдзіне 18 ст. у Слуцку пры двары князя Іераніма Радзівіла адкрыўся прафесійны тэатр, дзе выступалі акцёры з Італіі і Вены, а педагогам быў Максімільян Дзюпрэ. У той час тут дзейнічалі тэатры ценяў і марыянетак, балет, была адкрыта балетная школа. Ёсць звесткі пра народны тэатр “Батлейка”, які дзейнічаў на Случчынне з 16 стагоддзя.

Апошні паказ батлейкі адбыўся ў 1963 годзе ў вёсцы Бялевічы Слуцкага раёна. У 1917 годзе ў Слуцку было створана культурна-асветніцкае аб’яднанне “Папараць кветка”, членамі драматычнай секцыі якога была ўпершыню пастаўлена купалаўская “Паўлінка”. Знамянальнай вехай у тэатральным жыцці горада быў калгасна-саўгасны тэатр (1936―1941 гг.), створаны ў асноўным з ліку ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Ім ставіліся спектаклі па творах М. Горкага, М. Астроўскага, К. Крапівы. Такім чынам, фестывальныя мерапрыемства закліканыя актуалізаваць наяўныя гістарычна-культурныя традыцыі ў рэгіёнах Беларусі.

Найбольшы станоўчы сацыякультурны эфект дасягаецца ў тых выпадках, калі адбываецца ўключэнне ў сучасныя кантэксты сакральных для соцыума падзей, асоб, месцаў, помнікаў архітэктуры і мастацтва. Так, па ўсёй Еўропе фестывалі прыстасавалі для свайго правядзення аб’екты культурнай спадчыны ― цэрквы, замкі, крэпасці, каб “змяшаўшы на іх фундаменце традыцыйнае і сучаснае мастацтва, прадставіць іх як месцы калектыўнай памяці” [3, c. 6].

У Беларусі месцам правядзення фестываляў і турніраў сярэдневяковай культуры сталі гарады з багатай гісторыяй ― Навагрудак, Нясвіж, Ліда, Заслаўе, Лошыцкі парк у Мінску. Маштабным і відовішчным дзействам стаў фестываль сярэдневяковай культуры “Наваградскі замак”, які ўпершыню адбыўся ў старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — горадзе Навагрудку ў 2000 годзе.

Яркая мінуўшчына гэтага горада натхніла арганізатараў на ўвасабленне слаўных старонак у гістарычным “інтэр’еры”. Асноўныя падзеі адбываліся на замчышчы, каля руін старой крэпасці. Гледачы размясціліся на правым схіле крапаснога вала, а на супрацьлеглым баку разгортвалася маляўнічая дзея — штурм воінамі спецыяльна пабудаванага ўмацавання. Праграма фестывалю была насычанай рыцарскімі турнірамі, бугуртам, канцэртамі сярэдневяковай музыкі і іншымі мерапрыемствамі.

На фестывальных пляцоўках Нясвіжа падчас фестывалю “Старадаўні Нясвіж” 3–5 чэрвеня 2003 года можна было назіраць рэканструкцыю бою славянскіх воінаў з татарамі, паказальныя рыцарскія ратныя турніры. Група каскадзёраў дэманстравала конныя паядынкі, якія нагадвалі пра часы воінскіх рысталішчаў. Гасцям фестывалю прапанавалася магчымасць прымераць на сябе воінскую амуніцыю і памерацца сілай з пешым рыцарам, узяць удзел у старажытных сілавых дужанках. Як у даўнейшыя часы, на гарадскіх вуліцах публіку пацяшалі вандроўныя артысты. Госці з Чэхіі захапілі гледачоў віртуозным фехтавальным майстэрствам, паказалі відовішчнае шоу з агнём.

“Жывой” экспазіцыяй гістарычнай дзеі стаў падворак, разгорнуты Браслаўскім раённым аб’яднаннем музеяў. Апранутыя ў сроі ранняга сярэдневечча яны ўвасаблялі старажытныя спосабы прагатавання ежы, вырабу прылад працы, прадметаў побыту, аздаблення адзення па тэхналогіях, які існавалі ў той час. У старажытнасці вялікае значэнне мела кузнечнае рамяство, таму дарэчы было бачыць на фестывалі сучасных майстроў кузнечнай справы. Віртуозны каваль каваў перад цікаўнымі позіркамі гледачоў не толькі меч, але і маленькую шпільку [7, с. 3].

Слушнае спалучэнне традыцый і навацый у фестывальнай дзейнасці выклікае ў жыхароў рэгіёна цікавасць і станоўчы рэзананс. Прыймальнасць і прыцягальнасць мастацкіх ідэй, пакладзеных у аснову фестывальных акцый, з’яўляецца ўмовай іх укаранення у тым ці іншым рэгіёне. У гэтых мясцовасцях фестывальныя мерапрыемствы атрымліваюць моцную грамадскую падтрымку.

Да такіх культурных ініцыятыў з прыхільнасцю ставіцца мясцовая адміністрацыя, знаходзіцца падтрымка з боку вытворчых прадпрыемстваў і прадпрыймальніцкіх структур. Такая комплексная методыка арганізацыі фестывальнай дзейнасці, безумоўна, спрыяе аб’яднанню намаганняў розных грамадскіх структур і скіраванню інтэлектуальных, фінансавых, арганізацыйных і кадравых рэсурсаў на вырашэнне асабліва важных праблем культуры ў рэгіёнах.

Фестывалі дазваляюць ажывіць культурнае жыццё мясцовай супольнасці. Яны значна ўзбагачаюць палітру сацыяльна-культурнага жыцця рэгіёнаў, якія знаходзяцца ў геаграфічнай аддаленасці ад цэнтраў. Практыка фестывальнай дзейнасці апошніх дзесяцігоддзяў паказвае, што найбольш стала фестывалі ўкараняюцца ў невялікіх гарадах. Так, сапраўднымі цэнтрамі фестывальнай актыўнасці сталі гг. Пінск Брэсцкай вобласці, Мядзель Мінскай вобласці, Паставы Віцебскай вобласці, г.п. Акцябрскі і гг. Калінкавічы, Чачэрск Гомельскай вобласці, г. Навагрудак Гродзенскай вобласці, г. Клімавічы Магілёўскай вобласці і інш.

Фестывальныя мерапрыемствы ўносяць разнастайнасць у побыт гараджан, жыхароў аддаленых вёсак і мястэчак, куды пад час святочных і фестывальных мерапрыемстваў наведваюцца артысты. “Жывы” кантакт мясцовай публікі з лепшымі мастацкімі прафесійнымі і аматарскімі калектывамі спрыяе мастацкаму выхаванню і развіццю эстэтычнага густу.

Так, за час правядзення фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” жыхары Пастаў пазнаёміліся творчасцю лепшых прафесійнных калектываў Беларусі: Дзяржаўным акадэмічным народным хорам Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча, заслужанага Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкi”, Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”, рок-гуртоў “Палац”, “Крама” і іншых, соцень цікавых аматарскіх калектываў і выканаўцаў з розных куткоў нашай краіны, такіх як “Крупіцкія музыкі” з Мінскага раёна, “Рагнеда” з Заслаўя, “Траецкія музыкі” з Барысава, ансамблі народнай музыкі “Лявоны”, “Музыкі”, “Грымата”, “Калі ласка” з Гродзенскай, “Палешукі”, “Фэст”, “Кантраданс” з Брэсцкай, “Радуніца”, “Рэчыцкія музыкі”, “Скарбонка” з Гомельскай, “Магілёўцы”, “Бялыніцкія музыкі”, “Мілавіца” з Магілёўскай абласцей.

Высокі творчы ўзровень на фестывалі прадэманстравалі сталічныя мастацкія калектывы “Шчодрыца”, “Баламуты”, “Мінскія музыкі” і іншых, калектывамі з Расіі, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Венгрыі, Італіі. У многім дзякуючы фестывалю сярод пастаўчан была сфарміравана цікавасць да сур’ёзнай інструментальнай музыкі.

Акрамя традыцыйных канцэртных выступленняў, у ходзе фестывальных мерапрыемстваў арганізуюцца выяздныя канцэрты ў сельскія населеныя пункты, што спрыяе больш шырокаму ахопу іх жыхароў канцэртным абслугоўваннем і далучэнню да каштоўнасцей нацыянальнай і сусветнай культуры.

Пэўны эстэтычны фон ствараюць пазафестывальныя мерапрыемствы. Так, праграма фестывалю ў 2003 года ўключала наведванне ўдзельнікамі і гасцямі фестывалю памятных мясцін Пастаўшчыны, касцюміраванае музычна-карнавальнае шэсце з удзелам пастаўскіх прыгажунь. У гарадскім парку, на сцэне якога адбываецца заключны гала-канцэрт фестывалю, традыцыйна разгортваецца кірмаш народных рамёстваў Паазер’я над назвай “Горад майстроў”. Гледачы і госці свята маюць магчымасць пазнаёміцца з вырабамі ганчароў, кавалёў, вышывальшчыц, ткачых, рэзчыкаў па дрэве, саломапляцельшчыкаў і майстроў іншых відаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паназіраць за вытворчым працэсам і нават паўдзельнічаць у ім.

Уключаныя ў праграму фестывальныя імпрэзы ўспрымаюцца насельніцтвам з вялікай эмацыянальнасцю, і, у рэшце рэшт, становяцца для рэгіёнаў важнай культурнай падзеяй. Свята ўспрымаецца як унікальны культурны рэсурс горада. “Святочныя мерапрыемствы садзейнічаюць развіццю культуры гараджан, іх эстэтычнаму і патрыятычнаму выхаванню, стварэнню новых культурных каштоўнасцей края” [2, с. 40–44].

“Прыцягненне ў праграму мясцовых калектываў (хароў, дзіцячых танцавальных ансамбляў, духавых аркестраў, тэатраў мод, ваенна-гістарычных клубаў), а таксама вялікіх груп валанцёраў дапамагае стварыць атмасферу судачынення і зацікаўленасці жыхароў малога горада, а незвычайнасць відовішча абавязкова запомніцца гледачам” [10, с. 9].

Фестываль як прэстыжная з’ява ў культурным жыцці, як і іншыя ўстановы культуры і мастацтва, уключаецца ў складаныя працэсы функцыяніравання мя­сцовай эканомікі, з’яўляецца важным фактарам яе развіцця. Дзяржаўныя і мясцовыя органы ўлады на ўзроўні сваёй кампетэнцыі ствараюць адпаведныя ўмовы для дэманстрацыі творчых дасягненняў.

Правядзенне фестывальных мерапрыемстваў патрабуе адпаведнага ўзроўню развіцця гарадской інфраструктуры, стымулюе яе ўдасканальванне і пашырэнне. Напярэдадні іх праводзіцца рамонт і рэканструкцыя аб’ектаў камунальнай уласнасці ― гатэляў, інтэрнатаў, прадпрыемстваў грамадскага харчавання, добраўпарадкуюцца вуліцы, паркі, скверы, прыводзяцца ў належны выгляд іншыя месцы масавага знаходжання гасцей.

У план падрыхтоўкі святочных і фестывальных мерапрыемстваў уключаецца рамонт жыллёвага фонду малых гарадоў, асфальтуюцца і добраўпарадкуюцца вуліцы, паркі, скверы, будуюцца новыя пункты грамадскага харчавання, рэстаўруюцца помнікі гісторыі і культуры, уводзяцца ў строй сацыяльна-культурныя аб’екты (музеі, канцэртныя залы, карцінныя галерэі і інш.).

Належная ўвага надаецца матэрыяльна-тэхнічнаму абсталяванню канцэртных пляцовак, удасканальваецца транспартны парк. Абноўленая матэрыяльная база не толькі запраграмавана на доўгатэрміновую службу на карысць мясцовых жыхароў, яна таксама стымулюе развіццё унутранага і ўязнога турызму, што дабратворна ўплывае на эканамічнае развіццё рэгіёнаў Беларусі.

Так, напрыклад, у час падрыхтоўкі да правядзення фестывалю-кірмашу “Дажынкі―2005” у г. Слуцку на добраўпарадкаванне горада было выкарыстана 120,5 млрд. беларускіх рублёў. На гэтыя сродкі было адрамантавана больш за 30 аб’ектаў камунальнай уласнасці, пераабсталяваны будынак пад галерэю мастацтваў. Яе адкрыццё прымеркавалі да фестывалю. Да ўдзелу ў мастацкай праграме было запрошана 150 калектываў аматарскай творчасці.

Фестывальныя акцыі прадастаўляюць магчымасці для развіцця турыстычнага бізнэса і становяцца эфектыўным сродкам далучэння ў рэгіёны фінансавых сродкаў. Развіццё культурнага турызму дапамагае мясцовай уладзе эфектыўна вырашаць праблему занятасці насельніцтва. У галінах, якія абслугоўваюць шматлікіх турыстаў, ствараецца вялікая колькасць рабочых месцаў.

Сэнс канцэпцыі культурнага турызму ў дачыненні буйных міжнародных фестываляў сфармуліраваў Перыль Б. у рабоце “Фестывальная практыка: Вопыт саse-study”. Яна грунтуецца на наступных прынцыпах, якія фарміруюць нацыя­нальную і рэгіянальную культурную палітыку:

1. Фінансаванне устаноў культуры і мастацтва, работ па захаванню і рэстаўрацыі шматлікіх архітэктурных і гістарычных помнікаў, буйных фесты­вальных праектаў садзейнічае сварэнню станоўчага іміджу краіны, рэгіёна, горада як аб’екта зацікаўленасці туры­стаў.

2. Развіццё нацыянальнай і мясцовай індустрыі ту­рызму з’яўляецца важным стымулам павышэння дзелавой ак­тыўнасці ў такіх сумежных сектарах эканомікі, як гасці­нічны бізнэс, грамадскае харчаванне, сфера паслуг, грамадскі транспарт. Чым больш высокімі будуць тэмпы іх эканамічнага росту, тым больш значныя сумы бу­дуць адлічвацца ў выглядзе налогаў у дзяржаўны і мясцовы бюджэты [5, с. 20].

Такім чынам, практыка фестывальнай дзейнасці апошніх дзесяцігоддзяў у сферы народнай мастацкай творчасці сведчыць аб перамяшчэнні акцэнтаў фестывальнай актыўнасці з цэнтра на перыферыю [8, с. 85]. Ацэньваючы рознабаковыя магчымасці, якія прадастаўляюцца ў ходзе правядзення фестывальных мерапрыемстваў для развіцця культуры і эканомікі тэрыторыі, умацавання іх прэстыжу, актывізацыі міжрэгіянальных кантактаў, дзяржаўныя арганізацыі і прыватныя асобы канцэнтруюць намаганні на падтрыманні і пашырэнні фестывальнай дзейнасці ў сваіх рэгіёнах.

Фестывальная дзейнасць з’яўляецца моцным фактарам станоўчага ўздзеяння на сацыяльна-культурнае асяроддзе рэгіёнаў. Пры належнай арганізацыі грамадска-культурнага жыцця і кіравання мастацка-культурнай дзейнасцю фестывалі могуць стаць эфектыўнай формай захавання і развіцця рэгіянальнай святочна-абрадавай культуры, гісторыка-культурнай спадчыны, моцным рэсурсам развіцця рэгіёна.

Гісторыя і культура ― важнейшыя складовыя часткі іміджа рэгіёна, якія прыцягваюць дзелавых людзей і інвестыцыі ў развіццё перспектыўных галін эканомікі. “Фестывалі прыносяць тэрыторыі дадатковыя сродкі і з’яўляюцца цудоўным спосабам яе прэзентацыі”, ― зазначае Драган Клаіч [3, c. 2]. “Апошнія трыццаць гадоў ад фестываляў усё больш чакаюць, каб яны служылі некалькім мэтам: узбагачэнню мастацкай праграмы, прасоўванню іміджа горада і развіццю турызму, паляпшэнню магчымасцей занятасці на тэрыторыі, дзе праводзіцца фестываль, заахвочванню партнёрства” [3, с. 3].

Сацыяльная значнасць фестывальнай дзейнасці ў сферы народнай мастацкай творчасці і мэтазгоднасць яе пашырэння і паглыблення выражаецца ў тым, што фестывальныя мерапрыемствы адраджаюць забытыя пласты нацыянальнай і сусветнай культуры, стымулююць усе віды творчай актыўнасці, павышаюць прэстыж і імідж мясцовасці, садзейнічаюць ажыўленню сувязяў паміж рэгіёнамі, спрыяючы тым самым фарміраванню адзінай культурнай прасторы.

Такім чынам, сацыяльна-арганізуючы патэнцыял фестывальнай дзейнасці ў рэгіёнах Беларусі выражаецца ва: уцягненні ў культуратворчы працэс шырокіх колаў насельніцтва, далучэнні прадстаўнікоў розных сацыяльнах груп да культурных каштоўнасцей, іх сацыялізацыі, інкультурацыі, культурнай камунікацыі; фарміраванні якасна новага сацыяльнага асяроддзя; стварэнні, асваенні, распаўсюджванні і далейшым развіцці культурных каштоўнасцей.

Крыніцы:

1. Ариарский М.А. Прикладная культурология. – 2-е изд., испр. и доп. – СПБ.: Изд-во «ЭГО», 2001. – 288 с.

2. Ешина Т. 1100-летие Пскова: подготовка и организация юбилея города Арт-менеджер /Журнал для профессионалов. ― М.: ЗАО «Холдинговая Компания «Блиц-Информ», 2004. ― № 2. ― С. 40–44.

3. Клаич Драган. Будущее фестивальной формулы: быстрое увеличение // Экология культуры. ― 2002. ― № 3.

4. Пашынскі У. Фестывалі выбіраюць Віцебск.– Культура.–№ 41.– С. 5.

5. Периль Б. Фестивальная практика: Опыт саse-study //Экология культуры. ― 2002. ― № 3.

6. Сівурава Л.П. Аматарская мастацкая творчасць //Беларуская культура сёння. Гадавы агляд – 2003. Навук.-аналітычнае выданне. Навук. рэд. У.П. Скараходаў. ― Мінск: БелДІПК, 2004. ― С. 204–218.

 

 

7. Сівурава Л. Школьнікі ў кальчугах і шлемах. ― Настаўніцкая газета. — 2005. — 19 лютага. — С. 3.

8. Сівурава Л.П. Фестывальная дзейнасць у галіне народнай мастацкай творчасці ў Беларусі на мяжы ХХ–ХХІ стст. Вып. 4. //Веснік БДУКіМ. — Мінск, 2005. — С. 82–86.

9. Сівурава Л.П. Фестывальны менеджмент у сферы народнай мастацкай творчасці. Праграма курса. ― Мінск, 2005. ― 48 с.

10. Скворцов Б.Н. Праздник как фактор реализации социально-культурной политики и развития территорий // http://www.ecovast.ru/

11. Стрельцов Ю.А. Культурология досуга: Учебное пособие. – Изд. 2-е. – М.: МГУКИ, 2003. – С. 16–35.

 

А.А.Макарава




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-12-25; Просмотров: 984; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.034 сек.