Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Уключэнне Заходняй Беларусі ў склад БССР




Другая сусветная вайна (1939-1945 гг.).

ТЭМА. БЕЛАРУСЬ У ГАДЫ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

У верасні 1939 г. знешнепалітычнае становішча Польшчы рэзка змянілася. Згубнымі для яе сталі: адмова Лондана і Парыжа ад практычнай рэалізацыі дагавора з Варшавай 1938 г. аб узаемадапамозе; нязгода польскага ўрада ў час англа-франка-савецкіх перагавораў у Маскве на пропуск Чырвонай Арміі праз тэрыторыю краіны, калі агрэсія супраць Польшчы ўзнікне з Захаду; слабая матэрыяльна-тэхнічная забяспечанасць польскай арміі, нераспрацаванасць плана на выпадак вайны з Германіяй. Але яе канчатковы лёс вырашыла заключэнне Сталіным і Молатавым 23 жніўня 1939 г. пакта аб ненападзе з Гітлерам і Рыбентропам. Усё гэта фактычна пакідала Польшчу сам-насам з германскім рэйхам.

Пакт з Германіяй быў дапоўнены сакрэтным пратаколам, па якому тэрыторыя Польшчы і шэрагу іншых краін падзялялася на сферы ўплыву СССР і Германіі. Устанаўлівалася, што мяжа гэтых сфер павінна праходзіць па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна прызнавалася сферай інтарэсаў СССР. Пратакол, як і заключаны праз месяц (28 верасня) дагавор аб дружбе і граніцы, з’яўляўся грубым парушэннем правоў польскага народа на самавызначэнне, новым падзелам Польшчы, хоць аб’ктыўна і аднаўляў нацыянальныя правы беларускага і ўкраінскага народаў, парушаныя ўмовамі Рыжскага дагавора 1921 г. Ён з’яўляўся праяўленнем імперскіх амбіцый Масквы. Пакт ад 23 жніўня 1939 г. развязаў рукі Германіі на Усходзе.

1 верасня 1939 г. яна напала на Польшчу, распачаўшы тым самым Другую сусветную вайну (1939–1945 гг.) – самую вялікую і крывапралітную ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнуты 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва планеты. Ваенныя дзеянні ішлі на тэрыторыі 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія. Агульныя чалавечыя страты Другой сусветнай вайны склалі 50–55 млн. чалавек.

Мужна абараняючыся ад фашысцкага нашэсця, польскі народ вёў справядлівую вайну. Маючы велізарную ваенную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, фашысцкія войскі хутка рухаліся ў напрамку да граніцы СССР. Праз два тыдні нямецкія войскі занялі ўсю Польшчу, 14 верасня – Брэст.

17 верасня, у адпаведнасці з раней дасягнутай дагаворанасцю з Германіяй аб дэмаркацыйнай лініі паміж савецкімі і германскімі войскамі, Савецкі ўрад аддаў загад Чырвонай Арміі перайсці савецка-польскую мяжу і “вызваліць Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь”. Гэтае рашэнне з адабрэннем было сустрэта савецкімі людзьмі.

Працоўныя гарадоў і вёсак Заходняй Беларусі з надзеяй сустрэлі Чырвоную Армію. У шэрагу месц яшчэ да прыходу савецкіх войскаў імі раззбройваліся паліцыя і асаднікі. У гарадах узніклі часовыя ўпраўленні, у склад якіх увайшлі і прадстаўнікі Чырвонай Арміі. Яны бралі ў свае рукі кіраўніцтва ўсім палітычным, гаспадарчым і культурным жыццём, у вызваленых раёнах, разгортвалі шырокую кампанію ў падтрымку Савецкай улады. У вёсках з’явіліся сялянскія камітэты, якія прыступілі да размеркавання памешчыцкіх зямель і інвентару сярод насельніцтва.

Для ўстанаўлення і падтрымання парадку арганізоўвалася рабочая гвардыя, якая стала апорай новай улады. Вялікую ролю ў яе фарміраванні і дзейнасці адыгралі былыя члены КПЗБ і КСМЗБ, якія выйшлі з падполля і турмы. Да 25 верасня савецкія войскі поўнасцю занялі Заходнюю Беларусь. Па дамоўленасці з Германіяй Чырвоная Армія спынілася на лініі Гродна–Ялаўка–Няміраў–Брэст і далей на поўдзень. Новая мяжа была замацавана дагаворам аб дружбе і граніцы ад 28 верасня 1939 г. паміж СССР і Германіяй.

Пасля заняцця Чырвонай Арміяй Заходняй Беларусі на шматлікіх мітынгах і сходах праводзіліся рашэнні аб устанаўленні Савецкай улады і ўз'яднанні гэтай тэрыторыі з БССР і СССР. Гэтую задачу вырашыў Народны сход Заходняй Беларусі, які адбыўся 28–30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку.

Нечарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР 2 лістапада 1939 г. прыняла Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза ССР і ўз’яднанні яе з БССР. Нечарговая ІІІ сесія Вярхоўнага Савета БССР вітала рашэнне Вярхоўнага Савета СССР і прыняла Заходнюю Беларусь у слад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У выніку яе тэрыторыя павялічылася з 125,5 тыс. кв.км. да 225,7 тыс., насельніцтва вырасла прыкладна ў два разы і ў канцы 1940 г. склала больш як 10 млн. чалавек. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі было ліквіда-вана ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і створаны пяць абласцей – Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая.

19 верасня Чырвоная Армія заняла Вільню. Віленшчына згодна з умовамі Рыжскага дагавора знаходзілася пад уладай Польшчы. У пачатку кастрычніка 1939 г. Віленская ўправа прыняла рашэнне ўдзельнічаць у выбарах Народнага Схода Заходняй Беларусі. 8 кастрычніка 1939 г. быў абвешчаны парадак выбараў. Аднак насельніцтву Вільні і Віленшчыны ўдзельнічаць у іх не прыйшлося. Справа ў тым, што 3 кастрычніка 1939 г. у Маскве пачаліся перагаворы паміж урадамі СССР і Літоўскай Рэспублікі (сталіца г. Коўна) адносна лёсу Вілен-шчыны, а 10 кастрычніка 1939 г. быў падпісаны Дагавор аб далучэнні Вільні і Віленшчыны да Літвы. Тое, што Віленшчына была далучана да Літвы без уліку нацыянальнага складу насельніцтва, прызнаваў нават наркам замежных спраў СССР В. Молатаў 1 жніўня 1940 г.

У заходнебеларускага насельніцтва пачалося новае жыццё. Ліквідацыя польскай сістэмы кіравання і ўстанаўленне савецкай сістэмы суправаджаліся масавымі беззаконнасцямі новых улад – высылкай у глыб краіны былых дзяржаўных служачых, гандляроў і рамеснікаў. На кіруючыя пасады прызначаліся, як правіла, работнікі, якія прыбылі з усходніх абласцей краіны. На працягу доўгага часу ў адносінах да беларускіх грамадзян захоўвалася дзяленне іх на “заходнікаў” і “усходнікаў”.

16 лістапада 1939 г. паміж урадамі СССР і Германіі было заключана пагадненне аб перасяленні, у прыватнасці асоб беларускай нацыянальнасці з польскіх тэрыторый, акупіраваных трэцім рэйхам. На беларускія землі, што адышлі да СССР, перасялілася шмат беларусаў, большасць якіх напаткаў трагічны лёс: яны сталі ахвярамі НКУС.

У заходніх абласцях Беларусі разгарнуліся сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Было ліквідавана беспрацоўе. 30 тыс. сялянскіх двароў “аб’яднаны ў калгасы”. Гэты працэс, як і ва ўсходніх абласцях, быў гвалтоўным. Узрасла колькасць агульнаадукацыйных школ, было адкрыта 12 тэхнікумаў, 4 інстытуты, 5 драматычных тэатраў, 100 кінатэатраў.

Неабходна адзначыць, што факт уключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР яшчэ недастаткова ацэнены гістарычнай навукай. Безумоўна толькі тое, што ў тых канкрэтных умовах як знешняга, так і ўнутранага характару, пры ўсіх жахах сталінскага рэжыму, ён меў станоўчае значэнне для беларускага народа.

Асноўныя тэрміны і паняцці

КПП – Камуністычная партыя Польшчы.

КПЗБ – Камуністычная партыя Заходняй Беларусі.

Храналогія падзей

1 верасня 1939 г. – пачатак Другой сусветнай вайны.

17 верасня 1939 г. – Чырвоная Армія пачала паход у Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну.

25 верасня 1939 г. – савецкія войскі поўнасцю занялі тэрыторыю Заходняй Беларусі.

28 верасня 1939 г. – падпісаны Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй.

28 кастрычніка 1939 г. – у Заходняй Беларусі прайшлі выбары ў Народны сход, які вырашыў пытанне аб уладзе.

28–30 кастрычніка 1939 г. – адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі ў Беластоку. Была прынята Дэкларацыя аб устанаўленні ў Заходняй Беларусі Савецкай улады і рэзалюцыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, канфіскацыі памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыі банкаў і прамысловасці.

2 лістапада 1939 г. – нечарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза ССР і ўз’яднанні яе з БССР.

12 лістапада 1939 г. – нечарговая ІІІ сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

19 верасня 1939 г. – Чырвоная Армія заняла Вільню.

10 кастрычніка 1939 г. – падпісаны Дагавор аб далучэнні Вільні і Віленшчыны да Літвы.

1939 г. – адноўлена дзейнасць КПЗБ і КПЗУ. Добрае імя КПЗБ, яе кіруючага саставу і дзеячоў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху было адноўлена ў 1956 г.

1940 г. – перадача Друскенік, Саленік і Свянцянаў на карысць Літвы.

Пытанні для самаправеркі

1.Уклад КПЗБ у развіццё нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.

2. У чым заключалася злачынства Сталіна і яго акружэння ў адносінах да нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі?

3. Як адбылося ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад БССР?

4. Якія палітычныя і сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні адбыліся ў Заходняй Беларусі пасля яе ўваходжання ў БССР?




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-03; Просмотров: 836; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.008 сек.