Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Працэсы культурнага развіцця на беларускіх землях. Культурнае самасцвярджэнне беларусаў

 

Псіхалогія прыстасаванасці. У добраспрыяльных эканамічных умовах у імперскага кіраўніцтва ўпершыню з’явілася магчымасць русіфікацыі Беларусі з дапамогай не толькі сілавых, але і матэрыяльных рычагоў ды палітычных уступак. Доўгая царская няволя прывучыла беларусаў да пакорлівасці. Ім прыходзілася прыстасоўвацца да расійскіх парадкаў, правіл паводзін – толькі б выжыць. У нейкай ступені беларусы рабіліся нацыяй прыстасаванцаў і гэтым ратаваліся. Праваслаўныя прадпрымальнікі (фермеры, гандляры, асобныя прамыслоўцы) ў канкурэнтнай барацьбе з памешчыкамі польскай культуры дыяўрэямі шукалі заступніцтва ў рускіх улад. Службовыя інтарэсы беларускай інтэлігенцыі вымагалі і яе да лаяльнасці царскаму рэжыму.

Руска-беларускі (імперскі) варыянт самасвядомасці. Праваслаўныя беларусы прызнавалі сваёй айчынай Расію, падтрымлівалі цара, слухаліся свяшчэннікаў, і ўсё ж адрознівалі сябе ад рускіх. Вельмі паказальным ў гэтых адносінах быў лёс Лукі Саланевіча, у мінулым сельскага настаўніка, валаснога пісара, урадніка канцэлярыі гродзенскага губернатара пры Пятрэ Сталыпіне. У 1908 г. ён арганізаваў у Вільні «Белорусское общество», а з 1909 г. выдаваў на рускай мове газету «Белорусская жизнь». У яе першым нумары выдавец змясціў праграму для беларусаў. Абвяшчалася неабходнасць аб’яднання ўсіх без выключэння прадстаўнікоў беларускай народнасці на агульнай нацыянальна-культурнай платформе. Беларусы прызнаваліся самастойным народам, але адзінай культурнай мовай для яго лічылася руская. Газета крытыкавала аграрную палітыку царскага ўрада, які не прымаў належных мер супраць панавання ў Беларусі буйнага польскага землеўладання. Урад абвінавачваўся ў поўным ігнараванні жыццёвых інтарэсаў беларускага народа, які мае права на сваю нацыянальную маёмасць. Ідэалогія расійскага правінцыяналізму напаўнялася элементамі сепаратызму. Лука Саланевіч і яго паслядоўнікі адмяжоўваліся ад чарнасоценцаў, якія ўвогуле не прызнавалі самабытнасці беларусаў, развівалі ідэі заходнерусістаў, якія бачылі ў беларусах толькі этнаграфічную разнавіднасць вялікаросаў, і тым набліжаліся да беларускага нацыянальнага руху. Але скалечаны, рабскі светапогляд параджаў наіўныя надзеі ўзняць годнасць свойго народа з дапамогай царызму і рускай мовы. Дарэчы, пасля рэвалюцыі 1905 г. «згодніцкая» плынь ўзмацнілася і сярод палякаў (партыя Рамана Дмоўскага), і сярод яўрэяў. Погляды Лукі Саланевіча аказаліся нечаканымі і непрымальнымі для Пятра Сталыпіна. Нумар газеты быў канфіскаваны, а яе выданне прыпынена з 1909 г. да 1911 г. Непазбежнасць самавызначэння ўсіх славян разумелі нямногія. Да іх ліку адносіўся Аляксандр Пагодзін, гісторык, прафесар Варшаўскага (1902-1908), Харкаўскага (1910-1919) універсітэтаў, беларускага паходжання (народжаны ў Віцебску ў 1872 г.).

Польскасць. Адваяваныя рэвалюцыяй свабоды спрыялі ўздыму ў Беларусі польскай культуры, умацаванню ўплыву каталіцкай веры. Усе намаганні царскага ўрада, праваслаўнай царквы, афіцыйнай школы і друку пры ўдзеле саміх беларусаў стрымаць гэты працэс скончыліся безвынікова. З 1906 да 1914 г. колькасць польскіх газет і часопісаў узрасла ў Вільні з 11 да 28. Да 1908 г. у Вільні працавала вельмі папулярнае культурна-асветнае таварыства «Освята», якое мела свае філіялы ў Мінску, Нясвіжы і іншых месцах. Ваяўнічыя клерыкальныя сілы не прызнавалі самабытнасці беларусаў і імкнуліся да поўнай паланізацыі беларусаў-католікаў. А з другога боку, слабасць беларускага руху не рабіла беларускасць прываблівай, каб католікі да яе хінуліся.

Польска-беларускі (краёвы) варыянт самасвядомасці. Але ў той жа час фарміравалася ідэалогія «краёўцаў», прадстаўнікоў мясцовай каталіцкай інтэлігенцыі і землеўладальнікаў (Раман Скірмунт, Аляксандр Лядніцкі, Міхал Ромэр і інш.). Упершыню канцэпцыя краёвасьці была сфармуляваная ў першым нумары "Газэты Віленскай" ад 15 лютага 1906 г. У большасці выпадкаў мясцовыя патрыёты адрознівалі сябе ад палякаў, а таму і называліся краёўцамі ці ліцвінамі. Пад назвай "край" разумеліся землі былога Вялікага Княства Літоўскага, якія трактаваліся як адзінае тэрытарыяльнае, эканамічнае і культурнае цэлае. Краёвы рух -- з’ява выключна мясцовага паходжання. Ён быў адказам беларускай і літоўскай інтэлігенцыі польскай культуры на рускі шавінізм з аднаго боку і польскі нацыяналізм з другога і абумоўліваўся захаваннем агульных польска-беларуска-літоўскіх культурных традыцый на Віленшчыне. Канцэпцыя краёвасьці прадугледжвала роўнапраўе польскага, літоўскага і беларускага народаў. Адзін з лідэраў віленскіх краёўцаўцаў Міхал Ромэр прапагандаваў лёзунг незалежнага ад Польшчы Вялікага Княства Літоўскага, якое б функцыянавала на ўзор Злучаных Штатаў, або сыстэмы кантонаў, як у Швайцарыі, дзе быў бы польскі кантон з цэнтрам у Вільні, літоўскі з цэнтрам у Коўне, беларускі з цэнтрам у Менску ды, магчыма, латвійскі з Рыгай. Аднак гэтыя ідэі ня мелі сур'ёзнай падтрымкі ні ў польскім асяродку, ні ў літоўскім. Краёўцы паступова эвалюцыяніравалі ў бок польскай нацыянальнай ідэі і толькі адзінкі – у бок беларускай або літоўскай. Аўтар кнігі «Палякі і беларусы» (Вільня.1907) Вітольд Жукоўскі прапаноўваў для мясцовай эліты такую праграму. 1.Барацьба за незалежную і вольную Беларусь. 2.Нейтралізацыя «ўсяпольскіх аб’яднальнікаў». 3.Вызваленне з царскай няволі Беларусі, Літвы і Кароны і стварэнне імі маналітнага палітычнага лагеру для абароны ад Германіі і Расіі.

Пашырэнне кола прыхільнікаў адраджэння. Пасля рэвалюцыі 1905 г. інтэлігенцыя пачала шырока папаўняцца за лік сялянства. Яна лягчэй далучалася да нацыянальнага руху, бо стаяла бліжэй да патрэб пераважна сялянскай нацыі. Нацыянальны рух мог разлічваць у пачатку ХХ ст. хоць на нейкае спачуванне беларускіх прадпрымальнікаў. За 1897-1916 гг. іх удзельная вага ў беларускай вёсцы ўзнялася з9 да 12%. Некаторыя землеўладальнікі каталіцкай веры пад уздзеяннем нацыянальна-культурнагаруху ўспаміналі пра сваё беларускае паходжанне. Так, фундатарамі «Нашай нівы», іншых беларускіх выданняў выступалі Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт, Магдалена Радзівіл. У 1917 г. колькасць нацыянальых заможных гаспадароў была не менш чым мільённай.Яны станавіліся ўплывовай сілай і ў перспектыве маглі аказваць уздзеянне на культурнае жыццё беларусаў.

«Наша ніва» -- шчаслівы выпадак. Самае галоўнае -- беларусы займелі сваю газету «Наша ніва», якаявыходзіла з лістапада 1906 г. да жніўня 1915 г. Абапіраючыся на яе, беларускія лідэры на чале з братамі Луцкевічамі ўзяліся за культурна-асветніцкую працу дзеля нацыянальнага гуртавання беларусаў і падрыхтоўкі іх да новага змагання за волю.Газета прапагандавала нацыянальную самасвядомасць і адзінства беларусаў незалежна ад іх веравызнання, настойліва патрабавала ўвядзення беларускай мовы ў цэрквах, касцёлах, школе. Яна ўзнімала гэтую мову на ўзровень літаратурнай і навуковай, каб папярэдзіць беларусаў ад пераходу на рускую ці польскую. «Наша ніва» ператварылася ў своеасаблівую лінгвіністычную акадэмію, збіральніцу літаратурных талентаў. Не маючы мажлівасці плаціць ганарары, рэдакцыя газеты часам ратавала пісьменнікаў хоць тым, што запрашала іх на працу. Сярод супрацоўнікаў газетыбылі Якуб Колас, якому забаранілівыкладаць у школе, Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч), Змітрок Бядуля. А калі рэдактара-выдаўца газеты Аляксандра Уласава забралі ў расійскае войска, яго месца ў 1914-1915 гг. займаў Янка Купала. Сакратаром рэдакцыі з 1909 г. быў Вацлаў Ластоўскі. Менавіта ён адкрыў для беларусаў Максіма Багдановіча і пачаўдрукавацьяго творы. Вацлаў Ластоўскі быў жанаты з літоўскай пісьменніцай Марыяй Іваноўскай (Іванаўскайце).Іх віленская кватэра сталасвоеасаблівым клубам, дзе збіраліся беларускія і літоўскія пісьменнікі Янка Купала, Людас Гіра, Цётка, Змітрок Бядуля,Ядвігін Ш., Канстанцыя Буйло. Таленавіты пісьменнік Максім Гарэцкі і паэт Алесь Гарун таксама пачалі друкавацца ў «Нашай ніве».

Выдавецкая дзейнасць нашаніўцаў. Пры рэдакцыі існавала выдавецтва. З 1910 г. пачаў выходзіць вельмі папулярны тады сярод сялян «Беларускі каляндар», дзе друкаваліся не толькі даведачныя матэрыялы, але і лепшыя мастацкія творы беларускіх песняроў. У 1912 г. у Вільні пачаў выдавацца сатырычны часопіс “Крапіва”, сельскагаспадарчы аддзел «Нашай нівы» перарос у самастойны часопіс «Саха». З канца 1913 г. ён выдаваўся ў Мінску. Тут жа з’явіўся яшчэ адзін гадаванец нашаніўцаў -- літаратурны месячнік для моладзі «Лучынка», які рэдагавала Цётка. Буйнейшае беларускае выдавецтва было заснавана Вацлавам Іваноўскім у Пецярбургу пад назвай «Загляне сонца і ў наша ваконца» адразу ж пасля скасавання ў снежні 1904 г. абмежавання для нярускіх моў. Менавіта ў гэтым выдавецтве ў 1905 г. выйшлі першыя буквары для беларускіх дзяцей на лацінцы (укладальнік Вацлаў Іваноўскі) і кірыліцы (Карусь Каганец). А ў 1913 г. Вацлаў Іваноўскі з дапамогай Янкі Купалы і Івана Луцкевіча перанёс сваю справу ў Вільню, дзе арганізаваў Беларускае выдавецкае таварыства і адчыніў першую беларускую кнігарню. Акрамя таго, беларускія выдавецтвы дзейнічалі ў Мінску («Мінчук») і Вільні («Наша хата», «Палачанін», «А.Грыневіч»). Дзякуючы намаганням нашаніўцаў практычна ўсе беларускія пісьменнікі друкавалі свае творы. Усяго з 1906 г. да 1915 г. было выдадзена каля 160 беларускіх кніжак, з іх палова – Вацлавам Іваноўскім.

Беларуская літаратура. У мастацкай літаратуры найбольш яскрава выяўляўся нацыянальны характар беларуса. Іх традыцыйная любоў да песен паспрыяла з’яўленню цэлай плеяды таленавітых паэтаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна. Прыродны гумар народа абумоўліваў пашырэнне камедыйных твораў. Вялікай папулярнасцю карысталіся на сцэне камедыі «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Паўлінка» і «Прымакі» Янкі Купалы. Першымі яркімі публіцыстамі і літаратурнымі крытыкамі сталі Максім Багдановіч, Сяргей Палуян, Лявон Гмырак (сапр. Бабровіч Мячыслаў). Беларуская літаратура ў нашаніўскі перыяд выходзіла на ўзровень класічнай і ўключалася ў еўрапейскі культурны працэс.

Першы дапаможнік па гісторыі Беларусі. Выхад дапаможніка адбыўся ў 1910 г. у Вільні. Кніжка называлася «Кароткая гісторыя Беларусі». Яе напісаў на беларускай мове Вацлаў Ластоўскі. І гэта стала важнейшай падзеяй у летапісе беларускага нацыянальнага руху.

Навуковая дзейнасць. На старонках «Нашай нівы» распрацоўвалася тэорыя беларускай культуры, выкрываліся сумніцельныя погляды аб зліцці меншых народаў з большымі. Газета даводзіла, што асіміляцыя наносіць велізарную шкоду не толькі беларускай, але і сусветнай культуры. Рэдактары прыходзілі да вельмі важнай высновы: тварыць культурныя рэчы сусветнай вартасці можна толькі ў сваёй роднай мове. Адзін з заснавальнікаў «Нашай нівы» Іван Луцкевіч, этнограф і археолаг па прафесіі, збіраў пры рэдакцыі калекцыі для будучага беларускага нацыянальнага музея. У 1914 г. ён знайшоў у вёсцы Сорак Татар пад Вільняй кнігу Аль-Кітаб, на якой маліліся татары Вялікага Княства Літоўскага. Яна была напісана арабскімі літарамі па-беларуску.У тыя часы ў Расіі не існавала амаль ніводнага ўніверсітэцкага горада, дзе б пад уплывам «Нашай нівы» беларускія студэнцкія гурткі не пераходзілі да тэарэтычнага абгрунтавання самасцвярджэння беларускай нацыі. Вылучаўся Пецярбург. Там выходзіў літаратурна-мастацкі альманах «Маладая Беларусь» (1912-1913), які, па сутнасці, быў першым выданнем беларускай навуковай публіцыстыкі, працаваў Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў (1912-1917). Яго арганізатарам быў Браніслаў Тарашкевіч, пазнейшы аўтар першага падручніка па беларускай граматыцы. Пад кіраўніцтвам Яўхіма Карскага, Еўдакіма Раманава, Браніслава Эпімах-Шыпілы гурткоўцы распрацавалі комплексную праграму даследавання беларускай мовы, фальклору, этнаграфіі, народнага мастацтва. Тут упершыню загаварылі аб беларусазнаўстве як сістэме ведаў пра Беларусь.

Асветніцтва. «Наша ніва» змагла зацікавіць беларускую моладзь народнай культурай, літаратурнымі творамі сваіх суайчыннікаў. Па гарадах, мястэчках і вёсках ствараліся аматарскія гурткі, якія ладзілі беларускія вечарынкі з песнямі, танцамі, дэкламаваннем твораў народных пісьменнікаў, а потым і тэатральныя паказы. З 1907 г. пачалі ўзнікаць першыя прыватныя беларускія школы. Восенню таго ж года прайшоў з’езд настаўнікаў гэтых школ, на якім быў заснаваны нелегальны Беларускі настаўніцкі саюз.

Тэатральная дзейнасць. Адна са шматлікіх тэатральных труп склалася ў фальварку Палівачы Дзісненскага павета на чале зІгнатам Буйніцкім. Былы землямер аказаўся таленавітым артыстам, пастаноўшчыкам танцаў і рэжысёрам. У 1910 г. яго трупа перарасла ў прафесійны тэатр. Ёнстаў першым нацыянальным. Не маючы свайго будынку, тэатральны калектыў вандраваў па гарадах і мястэчках Беларусі. Гледачам прапаноўваліся спевы, танцавальныя праграмы і тэатральныя пастаноўкі. Зборы ад сялянскай публікі былі невялікія, і трупа трымалася ў значнай ступені на сродкі Ігната Буйніцкага пакуль ён у рэшце рэшт не абанкруціўся. У 1913 г. тэатр закрыўся. Але за час сваёй дзейнасці ён аб’ехаў амаль усю Беларусь, выступаў у Пецярбургу і Варшаве і тым самым узнімаў нацыянальны дух беларусаў. Па прыкладу Ігната Буйніцкага ў 1911 г. у Вільні адзін з пачынальнікаў БСГ Алесь Бурбіс стварыўБеларускі музычна-драматычны гурток. 27 студзеня 1912 г. калектыўупершыню паказаў «Паўлінку» Янкі Купалы. Прысутнічаў аўтар, які быў зачараваны Паўлінай Мядзёлкай, што выконвала галоўную ролю. Пры падтрымцы тэатральнага дзеяча, музыканта і этнографа Аркадзя Смоліча і Аляксандра Уласава летам 1913 г. узнік беларускі артыстычны гурток і ў Мінску.Яго кіраўнікФларыян Ждановіч таксама рыхтаваў для паказу ў горадзе купалаўскую «Паўлінку», але ўлады не дазволілі. Прадстаўленне адбылося ў Радашковічах.

Выяўленчае і музычнае мастацтва. Сталым ілюстратарамбеларускіх выданняў быў Карусь Каганец, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры новага часу, відны дзеяч БСГ. У нашаніўскі перыяд пачыналася творчае жыццё гадаванца Віленскай мастацкай школы Язэпа Драздовіча (1888-1954), таленавітага беларускага графіка, мастака і скульптара, беларускага кампазітараЛюдаміра Рагоўскага, які ў сваіх «Беларускай сюіце» і кантаце «А хто там ідзе?» (на верш Янкі Купалы) вельмі дакладна выявіў пачуцціі настроі беларускага народа. І ўсё ж у пачатку ХХ ст. беларускае выяўленчае і музычнае мастацтва як самастойная культурная з’ява яшчэ не сфарміраваліся.

Уклад «Нашай нівы» у нацыянальнае адраджэнне. Штотыднёвая беларуская газета мела памер у адзін друкаваны аркуш,а наклад да 4,5 тыс. асобнікаў. Колькасць – нязначная для шматмільённага беларускага насельніцтва. На большае не хапала сродкаў. Але газета перадавалася з рук у рукі. Яе чакалі ў вёсках: «хамская» мова, ды раптам стала газетнай! Толькі ў 1910 г. «Наша ніва» змясціла 666 карэспандэнцый з 320 населеных пунктаў. Газету чыталі ва ўсіх кутках імперыі, а таксама ў Празе, Парыжы, Лондане, Нью-Йорку. Пры адсутнасці сваёй дзяржаўнасці, нацыянальная культура, якую прапагандавала і падтрымлівала газета, была для беларусаў адзіным аб’яднаўчым фактарам. Выконваць такую місію было не проста. Існавала забарона выпісываць і чытаць «Нашу ніву» ўсім настаўнікам Віленскай навучальнай акругі, усім дзяржаўным ураднікам і вучням сельскагаспадарчых школ.

Абарона сацыяльнай справядлівасці і гуманізму. Беларускі рухне абмяжоўваўся пытаннямі нацыянальнага вызвалення. Пакуль існавала сялянскае беззямелле і захоўваліся памешчыцкія латыфундыі, ідэя сацыяльнай роўнасці заўсёды ішла побач з ідэямі нацыянальнай незалежнасці. БСГ, што дзейнічала ўпадполлі, мела вялікі ўплыў на ідэалагічную накіраванасць «Нашай нівы». Раз-пораз наяе старонках з’яўляліся адкрытыя выказванні аб неабходнасці працоўнай салідарнасці. «Наша ніва» быласапраўды народнай газетай, адной з самых дэмакратычных у тагачаснай Расіі.Яна ніколі не дазваляла сабе зняважлівых выказванняў наконт іншых нацый. Больш таго, яна нястомна згадвала аб неабходнасці шанаваць правы кожнага народа, шырока выкарыстоўваць здабыткі рускай, польскай і ўкраінскай культур.

Клерыкальна-нацыянальная плынь. У студзені 1913 г. у Вільні пры фінансавай падтрымцы княгіні Магдалены Радзівіл пачала выходзіць на беларускай мове лацінкай каталіцкая штотыднёвая газета «Беларус». Яе рэдактары-выдаўцы Адам Бычкоўскі і Баляслаў Пачобка, сяляне па паходжанню, браліся працаваць выключна для каталіцкіх беларусаў, але пад уплывам «Нашай нівы» перайшлі да абароны агульнабеларускіх інтарэсаў. За нацыянальную справу браліся ксяндзы Вінцэнт Гадлеўскі, Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля). Зараджалася клерыкальна-нацыянальная плынь беларускага руху.

Міжнацыянальнае культурнае ўзаемадзеянне. Культурны працэсy шматнацыянальнайімперыі набываўспецыфічны характар. У Беларусі духоўныя каштоўнасці ствараліся мясцовымі сіламі пераважна на беларускім матэрыяле, але пад вялікім уплывам рускай, польскай, украінскай і літоўскай культур. Іх творцамі выступалі часам людзі, далёкія ад беларускага руху. І ўсё ж іх культурныя здабыткі служылі і на карысць духоўнага ўзвышэння беларусаў. У той час яны мелі сваё інтэлектуальнае нацыянальнае ядро, якое могло выкарыстаць і вытлумачыць культуру любога паходжання ў сваіх інтарэсах. А з другога боку, пад уплывам беларускага руху шматкультурная мясцовая творчая інтэлігенцыя набліжалася да культурных патрэб карэнных жыхароў краю. А таму на пачатку ХХ ст. можна гаварыць аб феномене культуры сумежжа, якая з’яўляецца такой жа неад’емнай спадчынай беларускага народа, як і культурныя здабыткі нашаніўцаў.

Навука. Вывучэннем Беларусі займаліся Віцебская вучоная архіўная камісія (1909), Смаленская вучоная архіўная камісія, Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт (1908), узноўлены ў 1910 г. у Вільні Паўночна-заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, польскае Таварыства сяброў навукі ў Вільні (1907), «Таварыства вывучэння Беларускага краю» ў Магілёве. Друкаваліся зборнікі дакументаў, навуковыя працы. Пры садзеянні названых навуковых устаноў у пачатку ХХ ст. краязнаўчыя музеі былі створаны ў Віцебску, Магілёве, Гродне, Мінску і Вільні. Працягвалася дзейнасць акадэміка Яўхіма Карскага, этнографа Еўдакіма Раманава, гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага, іншых навукоўцаў. Гуманітарныя навуковыя даследаванні мінуўшчыны Беларусі спрыялі абуджэнню ў яе жыхароў патрыятычных пачуццяў і сілкавалі працэс беларускага нацыянальнага самасцвярджэння. Значнай з’явай навуковага жыцця Беларускага краю ў пачатку ХХ ст. стала дзейнасць Таварыства ўрачоў Мінска. Першымі навуковымі ўстановамі прыродазнаўчага профілю сталі доследныя станцыі -- Беняконская сельскагаспадарчая ў Віленскай губерні (1910) і Мінская балотная (1913). Пытаннямі навуковай агранаміі і ветэрынарыі займаліся асобныя памешчыкі пад апекай сельскагаспадарчых таварыстваў. У Мінску ў 1912-1916 гг. выдаваўся першы ў Расіі часопіс па культуры балот -- «Болотоведение». Усяго ж у Беларусі з 1901 да 1917 г. выходзіла каля 20 прыродазнаўчых перыядычных выданняў, у тым ліку восем сельскагаспадарчых, астатнія -- па медыцыне, балотазнаўству, лесаводству, чыгуначнаму транспарту і агульных праблемах. Іх рэдакцыі знаходзіліся ў Вільні, Мінску, Віцебску, Гродне, Магілёве, Бабруйску, Лепелі. Гэтыя выданні мелі навукова-папулярны характар і забяспечвалі інфармацыйныя патрэбы тагачасных жыхароў краю.

Тэатральнае мастацтва. На сцэнах беларускіх губернскіх гарадоў выступалі практычна ўсе лепшыя тэатральныя калектывы Расіі. Сваё майстэрства дэманстравалі рускія, украінскія, польскія, яўрэйскія трупы. Мінчане былі сведкамі творчых пошукаў рэжысёра-наватара Усевалада Мейерхольда, які ў 1908 г. паставіў у гарадскім тэатры п’есу Аляксандра Блока «Балаганчык». У Беларусь прыязджалі знакамітыя кампазітары і выканаўцы Сяргей Рахманінаў (1873-1943) і Аляксандр Скрабін.На беларускай зямлі тварыў вядомы польскі кампазітар Мячыслаў Карловіч (1876-1909).Звычайнай з’явай былі гастролі славутых замежных музыкантаў і спевакоў,такіх яксусветнавядомы «шведскі салавей» Альма Форстрэм. Мясцовыя ўлады заахвочвалі стварэнне рускіх аматарскіх труп. Яны дзейнічалі ў Мінску, Картуз-Бярозе, Магілёве. У пачатку ХХ ст. у асобных гарадах сталі ўзнікаць прыватныя музычныя вучылішчы. У Мінску арганізаваўся сімфанічны аркестр.

Выяўленчае мастацтва. У Мінску, Віцебску, Магілёве працавалі прыватныя рысавальныя школы. Самым распаўсюджаным жанрам жывапісу станавіўся партрэт і пейзаж. Вялікую вядомасць заваяваў мастак Фердынанд Рушчыц (1870-1936), які пасля заканчэння Пецярбургскай акадэміі мастацтваў працяглы час жыў на радзіме, у маёнтку Багданава Ашмянскага павета (вядомая карціна «Зямля»). Другі знакаміты мастак-пейзажыст і гадаванец Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Генрых Вейсенгоф (1859-1922) з сярэдзіны 70-х гадоў стала жыў ў маёнтку Русаковічы Ігуменскага павета (вядомая карціна «Снег»). Паступова яго маёнтак ператварыўся ў музей мастацкіх твораў, напісаных ураджэнцамі Беларусі. Найбольш яркім прадстаўніком бытавога жанру ў мясцовым жывапісе быў Юдаль Пэн (1854-1937). Пасля заканчэння Пецярбургскай акадэміі мастацтваў ён пасяліўся ў Віцебску. Карціны Юдаля Пэна -- гэта старонкі з яўрэйскага жыцця: партрэты рамеснікаў, равінаў, жабракоў. Пасля 1905 г. у творчасці мастака адчуваліся матывы авангардызму. Пэн меў славу добрага педагога. Яго вучнем быў сусветнавядомы Марк Шагал.

Зараджэнне ідэалаў незалежнасці. У пачатку ХХ ст. адны беларусы бачылі свой край рускім і праваслаўным, другія -- польскім і каталіцкім. А нашаніўцы і іх паслядоўнікі бачылі сваю Айчыну беларускай і хрысціянскай, гэта значыць вольнай і непадзельнай, ды хацелі прымірыць варожыя бакі на аснове інтарэсаў беларускай зямлі. Але ўсе без выключэння бралі за палітычны ідэал аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, праўда, на розных культурна-этнічных падмурках. І толькі асобныя інтэлектуалы пачыналі думаць аб здабыцці волі па-за межамі Расійскай імперыі. Іван Луцкевіч, які меў кантакты з украінскімі дзеячамі з Галіцыі і немцамі, прапагандаваў ідэю беларуска-украінскай федэрацыі.

На цярністым шляху адраджэння. Пасля рэвалюцыі 1905 г. паскаралася самасцвярджэнне беларускай нацыі. Аднак нацыянальнае самаўсведамленне не стала ўсеагульнай з’явай. А поспехі нашаніўцаў, у параўнанні з культурнымі дзеячамі Польшчы, Украіны, Літвы, былі даволі сціплымі. Вось некаторыя прычыны. 1. Царская шавіністычная палітыка і ідэалогія змаглі паралізаваць нацыянальную самасвядомасць большасці праваслаўных беларусаў, і яны спачатку даволі слаба прымалі ўдзел ў нацыянальным руху. 2. Беларусы-католікі(пераважна шляхецка-сялянская інтэлігенцыя) хутчэй далучаліся да беларускага руху, бо заставаліся спадкаемцамі заходнееўрапейскіх традыцый, закладзеных у былым Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле перапісу насельніцтва 1897 г., 43,3% каталіцкай шляхты Беларусі сваёй роднай мовай назвалі беларускую. Каталіцкая інтэлігенцыя тварыла ядро нацыі. Аднак нацыянальнай кансалідацыі шкодзіў бар’ер недаверу паміж праваслаўнымі масамі і каталіцкімі лідэрамі. 3. Беларускі рух не меў трывалай эканамічнай базы. Гандлёва-прамысловыя эліты былі мізэрнымі. А ў асяродку памешчыкаў каталіцкай веры існаваў пастаянны страх, што ўзмацненне беларускага руху пераважна сацыялістычнай арыентацыі можа зруйнаваць іх зямельную ўласнасць у Беларусі. 4. Беларусы не мелі абшараў адноснай вольнасці, як літоўцы ў Прусіі ці ўкраінцы ў Галіцыі, адкуль можна было б выпраменьваць нацыянальную культуру. Тым не менш, адраджэнcкі рух набіраў такую імклівасць, што захопліваў як зрусіфікаваных, так і спаланізаваных беларусаў. Для беларускага руху адкрывалася новая перспектыва.

* * *

Такім чынам, рэвалюцыя 1905-1907 гг. паскорыла мадэрнізацыю Расіі. Але гэтая мадэрнізацыя закранула пераважна эканамічную сферу і вельмі слаба – грамадскае жыццё. Па-ранейшаму стаўка рабілася на адзіную і непадзельную імперыю, якая стала, па вызначэнню Уладзіміра Леніна, “турмой народаў”. Таму набіраў моц і беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, які адбываўся ў мірных формах. Эканамічнае добраспрыянне і некаторая лібералізацыя ў галіне нацыянальнай палітыкі дазволіла беларусам сцвердзіць сябе ў духоўнай сферы. З’явілася беларуская прафесійная культура – літаратура і мастацтва. Нацыятворчыя працэсы, што ахапілі Расійскую імперыю, былі складовай часткай яе мадэрнізацыі.

 

3. Становішча Беларусі ў гады першай сусветнай вайны. Звяржэнне самаўладдзя.

Вайна ў планах беларускіх патрыётаў. Беларускія дзеячы адносіліся да вайны па-рознаму. Адны сталі абаронцамі, бо меркавалі, што перамога знітуе паднявольныя народы і ім будзе лягчэй потым перабудаваць імперыю на федэратыўных пачатках. Іншыя жадалі паражэння Расіі. На іх думку, гэта прывяло б да ўсенароднага паўстання супраць царызму.

1914-ты. Беларускія губерні знаходзіліся на ваенным становішчы. Усякае грамадска-палітычнае жыццё замерла. Запанаваў жорсткі ваенна-паліцэйскі рэжым. Дазваляліся толькі патрыятычныя маніфестацыі, малебны і сходы. Урад разгарнуў шырокую ідэалагічную кампанію пад сцягам абароны самаўладства і Расіі. Квазіпатрыятызм ахапіў тады шмат каго і ў Беларусі, не кажучы ўжо пра ўласна Расію. «Наша ніва» пазбягала гучных слоў пра вайну і, наколькі гэта было магчыма, гаварыла пра бядоты, якія яна з сабою несла. І ўсё спраўджвалася. Тэрыторыя Беларусі знаходзілася ў непасрэднай блізкасці да раёна баявых дзеянняў. Тут маршыравалі расійскія войскі, а інтэнданты абіралі мясцовых гараджан і вяскоўцаў. Сялян Беласточчыны і Гродзеншчыны першых пачалі зганяць на абарончыя работы.

Наступленне немцаў. Летам 1915 г. вайна перакінулася на беларускія землі. Жнівеньскае наступленне немцаў разгортвалася ў накірунку Коўна--Вільня-- Мінск. 3-га верасня акупанты ўварваліся ў старадаўнюю сталіцу Літвы, а праз два тыдні кайзераўская кавалерыя перарэзала чыгуначную лінію Мінск--Масква ў раёне Смалявіч. І толькі цаной вялікіх намаганняў расійкай арміі ўдалося спыніць немцаў і адкінуць іх у раён азёраў Свір і Нарач. Але германскае войска працягвала ўтрымліваць заходнюю Беларусь. У жніўні сядзіба галоўнакамандуючага была перанесена з Баранавіч у Магілёў.

Разарваная Беларусь. У кастрычніку 1915 г. нямецка-расійскі фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск--Браслаў--Паставы--Смаргонь--Баранавічы--Пінск. На працягу двух гадоў і пяці месяцаў (да лютага 1918 г.) ён заставаўся нязменным і дзяліў Беларусь на дзве часткі. Тут канцэнтравалася звыш 1,5 млн. рускіх салдат і афіцэраў і каля 1,0 млн. нямецкіх. Штаб Паўночнага фронта месціўся ў Дзвінску, а штаб Заходняга – у Мінску. У ліпені 1916 г. руская армія спрабавала прарваць фронт у раёне Баранавіч, але толькі аплаціла няўдалую спробу стратай 80 тыс. салдат. Лілася людская кроў, руйнаваўся дабрабыт гарадоў і вёсак. Зямля пакрывалася акопамі, абцягвалася калючым дротам. Людзі ўпершыню зведалі жахі авіяцыйных налётаў і газавых атак.

Намеры захопнікаў. Урадавыя колынямецкага рэйха (імперыі), як лічыць беларускі і польскі гісторык Юры Туронак, не збіраліся разбураць Расійскую імперыю. Па яе неабсяжных прасторах маглі добра разыходзіцца вырабы германскай прамысловасці. Галоўным для Вільгельма ІІ было эканамічна прывязаць Расію да Германіі. А таму тэрытарыяльныя дамаганні заваёўнікаў вызначаліся адноснай памяркоўнасцю. Яны спадзяваліся толькі адсунуць рускіх ад сваіх усходніх межаў, а для таго стварыць буферную польскую дзяржаву ды анексаваць Літву і Курляндыю. Беларусь разглядалася як гаспадарча і культурна адсталая частка Расіі са сваёй этнічнай спецыфікай.

Акупацыйная адміністрацыя. Захопленыя Германіяй беларускія землі дзяліліся паміж вайсковым адміністрацыйным абшарам Обэр Ост, які быў створаны ўвосень 1915 г., і вайскова-аперацыйнай паласой, якая прылягала да нямецка-расійскіх акопаў. Усходняя мяжа Обэр Ост праходзіла прыкладна па лініі Браслаў--Ліда--Зэльва--Брэст. Яна супадала з тэрытарыяльнымі дамаганнямі немцаў да Расіі. Землі вайскова-аперацыйнай паласы ўрадавыя колы рэйха збіраліся вярнуць рускаму цару за яго адмову ад прэтэнзій на астатнія акупіраваныя тэрыторыі. Вясной 1917 г. у склад Обэр Оста ўваходзілі Літва, Курляндыя і Беластоцка-Гродзенская акруга. На чале акупацыйнай адміністрацыі стаяў генерал Эрых Людэндорф. Ён падпарадкоўваўся камандуючаму ўсходнім фронтам фельдмаршалу Паўлю фон Гіндэнбургу.

Акупацыйная палітыка. Улады Обер Оста былі зацікаўлены ў захаванні ў прыфрантавой паласе стабільных эканамічных структур, якія працавалі б на патрэбы вайны. Таму ніякіх перашкод у гаспадарчай дзейнасці яны імкнуліся не чыніць. Больш таго, акупанты садзейнічалі забяспяпячэнню маёнткаў і прадпрыемстваў рабочай сілай. Шмат хто зведаў тады і нямецкіх цялесных пакаранняў. А мясцовыя землеўладальнікі і гандлёва-прамысловыя прадпрымальнікі адразу ж трапілі пад прэс ваенных падаткаў. Перад акупацыйнай адміністрацыяй паўстала праблема кіравання шматнацыянальным краем, дзе дамінавалі польская і нямецкая (у Курляндыі) культуры. Але для ўмацавання свайго становішча ў краі акупацыйныя ўлады прынялі правіла аднолькава адносіцца да ўсіх нацый. І толькі да палякаў Э.Людэндорф часам адносіўся прадузята. У адпаведнасці з загадам Гіндэнбурга (ліпень 1915), усялякая палітычная дзейнасць на акупіраваных тэрыторыях забаранялася. Немцы распусцілі нават Саюз беларускіх настаўнікаў. Права на функцыяніраванне атрымалі камітэты дапамогі ахвярам вайны, якія ўзніклі яшчэ да акупацыі па ўсёй прыфрантавой паласе расійскіх войск. Яны былі ўпаўнаважаныя выказваць уладам прапановы ад кожнай нацыі ў сацыяльнай, асветнай і культурнай галінах. У кастрычніку 1915 г. нямецкія ўлады прызналі таксама дзейнасць дазволенага яшчэ царскай уладай Грамадзянскага камітэту, у склад якога ўваходзілі 12 палякаў (у тым ліку Юзеф Пілсудскі), 5 літоўцаў, 2 яўрэі. Беларусаў прадстаўлялі Антон. Луцкевіч, Іван Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі і паляк А. Заштаўт. Аднак ужо ў лістападзе дзейнасць камітэта згарнулася з-за польскіх амбіцый і свавольства акупантаў. У снежні 1915 г. Гіндэнбург выдаў дырэктывы, а ў студзені 1916 г. інструкцыі, якія тычыліся арганізацыі школьніцтва. Нямецкія ўлады забаранялі навучанне па-руску і ўводзілі ў пачатковых школах абавязковае выкладанне на роднай мове для ўсіх карэнных нацый Обэр Оста, але толькі на аснове лацінскага алфавіта. Такі ж ліберальны падыход захоўваўся і пры выкладанні рэлігійных законаў. Вывучэнне нямецкай мовы таксама было абавязковым. Але ніхто не прымушаў бацькоў пасылаць сваіх дзяцей у школы, калі яны лічылі, што мова выкладання непрымальная для іх. Усім нацыянальнасцям Обэр Оста дазвалялася культурная дзейнасць і выданне газет на роднай мове.

Беларуская справа. Такія шырокія правы беларусы атрымалі ўпершыню. Улады Расіі, як вядома, не падтрымлівалі адкрыццё беларускіх школ. Цар пачаў абяцаць увод беларускай мовы ў школьніцтве толькі ў 1915 г. А таму нямецкімі ільготамі не маглі не скарыстацца беларускія дзеячы дзеля нацыянальнага самасцвярджэння, хоць ва ўмовах вайны іх ажыццявіць было цяжка. Не хапала нацыянальнай інтэлігенцыі. Народ пакутаваў ад рэквізіцый, прымусовай працы на ваенных збудаваннях. Было не да адукацыі. Ды і акупацыйныя ўлады больш займаліся рабаваннем беларускіх земляў, чым павышэннем культуры іх жыхароў. Асабліва гэта тычылася вайскова-аперацыйнай паласы, насельніцтва якой увогуле ніякіх правоў ад немцаў не атрымала. А таму адзіным больш менш значным востравам беларускай культуры пад нямецкай акупацыяй стала Вільня. Яшчэ ў лістападзе 1915 г., тут адчынілася першая ў гісторыі беларуская публічная школа (дагэтуль навучанне на беларускай мове вялося патаемна). У той жа перыяд намаганнямі польскай інтэлігенцыі ў Вільні былі адчынены чатыры польскія гімназіі, восем прагімназій і 30 пачатковых школ. Сотні польскіх школ узнікалі ў правінцыі. Яны прызначаліся і для беларускіх дзяцей. Перавага палякаў у інтэлектуальных і матэрыяльных сілах з непазбежнасцю вяла да паланізацыі беларусаў ва ўмовах, калі рускае супрацьстаянне здымалася. Культурна-асветная беларуская праца магла паспяхова разгортвацца толькі пры падтрымцы акупацыйных улад. Шмат намаганняў паклалі нешматлікія беларускія дзеячы, каб давесці да кіраўніцтва Обэр Оста, што за плячыма беларускага народа багатая гісторыя і культура, і што ён ў роўнай меры з іншымі народамі мае права на незалежнасць. Прызнанне немцамі нацыянальнай адметнасці беларусаў у рэшце рэшт адбылося, і іх нацыянальны рух адразу ажывіўся.

Віленскі цэнтр нацыянальнай дзейнасці. Беларускікамітэтдапамогі ахвярам вайны ў старадаўняй сталіцы Літвы пачаў дзейнічаць яшчэ з сакавіка 1915 г. пад старшынствам Вацлава Іваноўскага. З прыходам жа немцаў камітэт узначальваў Антон Луцкевіч, бо Вацлаў Іваноўскі эвакуіраваўся ў глыб Расіі. Новы старшыня згуртаваў вакол сябе амаль усіх беларускіх дзеячаў, што засталіся пад нямецкай акупацыяй. Сярод іх вылучаліся Францішак Аляхновіч, Алаіза Пашкевіч-Кейрыс (Цётка), Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, немка Юліана Менке. Ужо ў снежні 1915 г. камітэт арганізаваў у Вільні настаўніцкія курсы, дзе выкладаў Іван Луцкевіч. 15 лютага 1916 г. у Вільні пад рэдакцыяй Вацлава Ластоўскага пачала выходзіць беларуская газета «Гоман», якая праіснавала да канца 1918 г. З лета 1916 г. у Вільні працаваў Беларускі клуб, у рамках якога Францішак Аляхновіч арганізаваў аматарскі тэатр. Там жа адчыніліся беларуская бібліятэка, навуковае таварыства, кааперацыйнае аб’яднанне «Раніца», дзіцячы прытулак «Золак», выдаваліся падручнікі і школьная літаратура. З 1 студзеня 1919 г. пачала працаваць беларуская гімназія.

Школьніцтва. Найважнейшай праблемай быў недахоп настаўнікаў, якіх мабілізавалі ці эвакуавалі ў Расію. І нямецкая адміністрацыя пайшла на адкрыццё беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы (Гродзеншчына). Доўга шукалі выкладчыкаў. У Свіслачы нават часова працаваў немец-прафесар Рудольф Абіхт з Брэслаўскага (Вроцлаўскага) універсітэта. Семінарыя адчынілася толькі 15 кастрычніка 1916 г. і працавала да 15 лістапада 1918 г. За гэты час яна падрыхтавала 144 настаўнікі беларускіх школ. У кастрычніку 1916 г. такіх школ налічвалася на тэрыторыі Обэр Оста ўсяго восем, а пад канец нямецкай акупацыі -- 89. Большасць іх знаходзілася ў Беластоцка-Гродзенскай акрузе. Намаганні нямецкіх улад пашырыць сетку беларускіх школ сустракалі супраціўленне большасці ксяндзоў, асабліва ў каталіцкіх асяродках, дзе ўсе беларусы каталіцкага веравызначэння традыцыйна лічыліся палякамі. У паводзінах кліру знаходзіла адлюстраванне імкненне большасці палітычных груповак Польшчы да федэралізацыі або анексіі беларускіх зямель. У аперацыйнай вайсковай паласе беларускі рух немцамі бадай што не падтрымліваўся, але і тут да канца 1918 г. узнікла каля 60 беларускіх школ. Значыць, усяго іх пад нямецкай акупацыяй існавала каля 150 (па іншых звестках – да 350).

Праблема палітычнага самавызначэння. Германская акупацыйная палітыка не давала падстаў для надзеі на стварэнне асобнай беларускай дзяржавы з дапамогай немцаў. Яны абмяжоўвалі беларусаў культурна-асветнымі справамі. Але ўжо ў 1915 г. у Вільні ўтварыўся агульнанацыянальны канспіратыўны орган -- Беларускі Народны Камітэт, які займаўся не толькі культурнымі, але і палітычнымі пытаннямі беларускага руху. Членамі яго былі браты Луцкевічы, браты Станкевічы, паэтэса Канстанцыя Буйло, пісьменнік Максім Гарэцкі. Усведамляючы нерэальнасць ажыццяўлення ідэі беларускай дзяржаўнасці, група сацыял-дэмакратычнай арыентацыі на чале з братамі Луцкевічамі звярнулася да ідэі ўзнаўлення Вялікага Княства Літоўскага, дзе беларускія і літоўскія землі злучаліся б па прынцыпу аўтаноміі і мелі б свой сойм у Вільні. Беларуская палітычная ініцыятыва знайшла падтрымку. Для ажыццяўлення пастаўленай мэты ў снежні 1915 г. была ўтворана Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага з прадстаўнікоў адпаведных арганізацый беларусаў, літоўцаў, палякаў і яўрэяў. Тады ж Канфедэрацыя выдала на чатырох мовах Універсал, у якім заклікала розныя арганізацыі далучыцца да яе, і вылучыла прынцып поўнай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі і Літвы.

Гэты Універсал сведчыць, што погляды віленскіх беларускіх дзеячаў у параўнанні з 1905 г. істотна змяніліся. Тады сябры БСГ і не ўяўлялі сабе Беларусь па-за складам будучай дэмакратычнай федэратыўнай Расіі. А зараз, больш таго, ліберальная групоўка на чале з Вацлавам Ластоўскім, якая мела назву «Сувязь (Саюз) незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», ўвогуле адмаўлялася ад усялякіх саюзаў, у тым ліку і з літоўцамі. Яна выступала за поўную дзяржаўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласць Беларусі ў яе этнаграфічных межах. З усіх суседніх народаў «Сувязь» давярала толькі ўкраінцам. Тагачасовы ліберал Вацлаў Ластоўскі быў першым сярод беларускіх палітычных лідараў, хто выказаў ідэю поўнай незалежнасці Беларусі. Але беларускія лібералы, князь Вінцэнт Святаполк-Мірскі, барон Казімір Шафнагель, ксёндз Уладзіслаў Талочка, якія падтрымлівалі праграму Вацлава Ластоўскага, не маглі паразумецца з беларускімі сацыялістамі на чале з братамі Луцкевічамі. Не заціхалі і міжнацыянальныя спрэчкі. Палякі навязвалі ідэю ўзнаўлення Рэчы Паспалітай. Літоўцы прэтэндавалі на ўласную нацыянальную дзяржаву. Канфедэрацыя не знайшла падтрымкі і ў немцаў, а таму хутка распалася. Агорнутая рамантызмам ідэя аказалася не жыццёвай.

Выхад на міжнародную арэну. У 1916 г. віленскія нацыянальныя дзеячы прадстаўлялі Беларусь (як заходнюю, так і ўсходнюю) на канферэнцыях народаў Расіі ў Стакгольме (красавік) і Лазане (чэрвень). Упершыню на міжнародным узроўні беларусы ставілі пытанне аб сваей будучай палітычнай самастойнасці і выказалі разам з іншымі народамі рашучае жаданне пазбавіцца ад прыгнёту расійскіх улад. Дэлегаты Стакгольмскай канферэнцыі ў тэлеграме да прэзідэнта ЗША Вудро Вільсана прасілі аб дапамозе. Іх імкненні аднак не ўзбудзілі зацікаўленасці ні ў Амерыцы, ні ў Еўропе.

Беларусь і Літва: пачатак палітычнай канкурэнцыі. Прыход у Беларусь акупацыйных войск Германіі (1915) прынёс новыя беды, але ў той жа час крыху аслабіў духоўны ўціск рускіх і палякаў. Беларускі і літоўскі народы рабілі важныя крокі ў сваім нацыянальным самасцвярджэнні. Прагерманская арыентацыя збліжала суседзяў. Тым больш, што гэтаму садзейнічалі немцы дзеля супрацьвагі польскаму нацыяналізму. Праўда, шлях да паразумення беларускіх палітыкаў з літоўскімі быў цяжкім і складаным. Акупанты мелі намер стварэння асобнай дзяржавы толькі для літоўцаў. А гэта паспрыяла ўзнікненню ў студзені 1917 г. Літоўскай тарыбы (савета) і прыдало смеласці літоўцам выказаць прэтэнзію на беларускія землі, што знаходзіліся ў складзе Обэр Оста. Магчымасць стварэння супольнайбеларуска-літоўскай дзяржавы знікала. Беларускі клуб вынес рэзалюцыюпратэсту супраць тэрытарыяльных дамаганняў Тарыбы і патрабаваў, каб нямецкія ўлады дазволілі правядзенне ў Вільні беларускай нацыянальнай канферэнцыі для ўтварэння свайго прадстаўнічага органа па прыкладу літоўцаў, але безвынікова. Вільня рабілася своеасаблівай беларускай Меккай, дзе пад нямецкай акупацыяй нараджаліся першыя незалежніцкія ідэалы беларускага народа. Такую ж вядучую ролю займала Вільня і ў літоўскім руху. Горад станавіўся для двух народаў агульным святым месцам і побач з агульнай гістарычнай спадчынай (Вялікае Княства Літоўскае) ператвараўся ў дадатковы фактар палітычнай канкурэнцыі пры змаганні за дзяржаўнае самасцвярджэнне. Літоўцы апераджалі беларусаў. Ідэю незалежнасці яны вылучылі яшчэ ў 1896 г.

Бежанства - трагедыя народа. Адступленне рускіх войск у 1915 г. суправаджалася перамяшчэннем на ўсход соцен тысяч людзей, пераважна жанчын, дзяцей і старых. Па прыблізных падліках з тэрыторыі Беларусі выехала і выйшла ў глыб Расіі каля двух мільёнаў чалавек (пераважна праваслаўных). Людзі ратаваліся ад ваеннага тэрору ў прыфрантавой паласе. Вайскоўцы наўмысна распускалі чуткі аб здзеках немцаў над мірным праваслаўным насельніцтвам, а то і прымусова высялялі. У некаторых месцах казакі, што адступалі апошнімі, палілі вёскі і мястэчкі ды гналі беларусаў і яўрэяў на ўсход амаль што з пустымі рукамі. Для вядзення вайны расійскім ўладам патрабаваліся людзкія рэсурсы. Па трактах цягнуліся велізарныя абозы, якія часам абстрэліваліся і бамбардзіраваліся немцамі. У дарозе здараліся эпідэміі. Бежанскі шлях лёгка можна было распазнаць па тых капцах-могілках, што насыпаліся з двух бакоў дарогі.

Табары бежанцаў асядалі вакол маёнткаў, чыгуначных станцый і ў гарадах прыфрантавой паласы. Царскія ўлады спрабавалі выкарыстаць танныя рабочыя рукі бежанцаў на пабудове ваенных аб’ектаў, на ваенных прадпрыемствах і ў памешчыцкіх маёнтках. Працаздольныя яшчэ маглі зарабіць нейкую капейку. А слабыя і хворыя галадалі, паміралі. Становішча бежанцаў у прыфрантавой паласе мала чым адрознівалася ад ваеннапалонных. Гэтая галодная і абяздоленая маса была пагрозлівай для мясцовых улад, і яны стараліся размеркаваць заходніх беларусаў па ўсёй імперыі. У розных гарадах Расіі закладваліся бежанскія камітэты дапамогі ахвярам вайны. Будаваліся баракі, харчавальныя пункты, раздаваліся пайкі і грашовая дапамога.

Ваенная мабілізацыі. Дэмаграфічная сітуцыя ў Беларусі дэфарміравалася не толькі бежанствам, але і татальнымі мабілізацыямі ў расійскае войска. З падуладных цару тэрыторый (Мінская, Магілёўская і Віцебская губерні) у армію было забрана 633,6 тыс. чалавек -- больш паловы працаздольных мужчын. Сялянскія сем’і заставаліся без кармільцаў. Некаму было засеяць поле. Асобныя надзелы пуставалі, што даўно ўжо не здаралася на беларускай зямлі.

Вынікі дэмаграфічных зрухаў. Сярод вайскоўцаў і бежанцаў апынуліся найбольш актыўныя, адукаваныя і нацыянальна свядомыя людзі.Вайна выштурхоўвала іх з самага сэрца Беларусі -- цэнтра кансалідацыі беларускай нацыі -- і раскідвала па ўсяму свету. Затое месца беларусаў займалірасійцы. Яны зганяліся ў беларускую прыфрантавую паласуў якасці вайскоўцаў, рабочых ваенных прадпрыемстваў, усемагчымых ураднікаў. Гэтыя дэмаграфічныя змены вызначылі потым у значнай ступені далейшы лёс беларускага народа, бо аслабілі яго нацыянальна-вызваленчы рух і ўзмацнілі тут прарускія настроі.

Жыццё прыфрантавой вёскі. 1915 год паклаўпачатактатальнамуруйнаванню гаспадарчагажыцця ў Беларусі, невыносным пакутам яе жыхароў. Восенню на працы па капанню акопаў, рамонту дарог і мастоў было прыцягнута практычна ўсё працаздольнае насельніцтва прыфрантавых Мінскай і Віцебскай губерняў. Людзей бралі, не зважаючы на пільныя сельскагаспадарчыя работы. З пачаткам дажджоў і халадоў мабілізаваным рабочым недзе было прытуліцца, абагрэцца. Дрэннае харчаванне і невыносныя ўмовы працы прыводзілі да эпідэмічных захворванняў. Летам 1916 г. працоўная мабілізацыя паўтарылася. Магілёўшчына, дзе месцілася Стаўка Вярхўнага галоўнакамандуючага, поўнілася вайсковымі рэзервамі, інтэнданцкімі службамі, рознымі спекулянтамі. Як і нямецкія, расійскія вайсковыя ўлады бязлітасна аббіралі беларускіх сялян. У выніку бясконцых рэквізіцый вяскоўцы пазбаўляліся коней, кароў, збожжа, фуражу, а самі галадалі.

Абвастрэнне аграрных адносін. У буйных землеўладаннях не хапала рабочых рук. Вайсковая адміністрацыя зганяла сялян на памешчыцкія палі як на вайсковую павіннасць.Землеўласнікі нажываліся на ваенных пастаўках і на спекуляцыі прадуктамі харчавання. Гэта абвастрала сацыяльную напружанасць у вёсцы. На правах асноўных абаронцаў цара і Расіі сяляне адкрыта рабавалі панскае дабро -- рабілі парубкі і патравы, а часам і прамыя захопы ды грабяжы.Вайна не давала мажлівасці зарабіць ды пракарміць сябе.

Прыфрантавы горад. У гарадскіх цэнтрах ваеннай Беларусі пачалося няведамае раней жыццё. За кошт вайскоўцаў і бежанцаў колькасць гарадскога насельніцтва павялічвалася ўдвая, а то і болей. Калі ў 1914 г. у Мінску жыло 100 тыс., то ў 1915 г. ужо 250 тыс.чалавек. Адпаведна гэтаму амаль удвая ўзрастала і квартплата. Чыгунка ледзь спраўлялася з ваеннымі перавозкамі. Забяспячэнне таварамі цывільнага насельніцтва рэгулярна зрывалася. Гараджане першымі зведалі, што такое голад, спекулятыўныя цэны, бясконцыя чэргі. Сярэдняя намінальная зарплата тут была ў 1915 г. ніжэй агульнарасійскага ўзроўню амаль напалову. Ваеннае становішча спрыяла панаванню органаў палітычнай бяспекі і мілітарнай контрразведкі. Штодённа праходзілі пахаванні.

Другі цэнтр нацыянальнага руху. У гады першай сусветнай вайны ў Мінску пачаў фарміравацца другі пасля Вільні цэнтр беларускай нацыянальнай дзейнасці. Бежанцы адразу ж павялічылі ўдзельную вагу беларусаў сярод мінчан ды і жыхароў іншых гарадоў Беларусі.Яшчэ летам 1915 г. у Мінску адчынілася Беларускае таварыства па аказанню дапамогі пацярпелым ад вайны, якое аб’ядноўвала 50 чалавек. Яно арганізоўваладля бежанцаў начлежныя прытулкі, платныя і бясплатныя сталоўкі, дапамагала ў працаўладкаванні. Усе супрацоўнікі таварыства на чале з адвакатам В.Чаусавым харчаваліся ў платнай сталоўцы, што месцілася каля Чырвонага касцёла і атрымала назву «Беларуская хатка». Сюды часта прыходзілі беларускія пісьменнікі Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш., Альберт Паўловіч, Язэп Фарботка, Фабіян Шантыр, Зоська Верас (Людзвіка Сівіцкая), тэатральныя дзеячы Уладзіслаў Галубок, Усевалад Фальскі, архітэктар Лявон Дубяйкаўскі. Фактычна гэта быў мінскі клуб творчай беларускай інтэлігенцыі, якая нелегальна ладзіла для бежанцаў вечарыны. Збіраліся маладыя хлопцы, дзяўчаты, перад якімі з лекцыямі і сваімі вершамі выступаўМаксім Багдановіч, які прыехаў у Мінск восенню 1916 г. Менавіта тут, у «Хатцы», упершыню прагучаў і яго знакаміты верш «Пагоня».

Беларуская справа. Умовы для беларускага руху пад царскім ярмом былі непараўнальна горшымі, чым пад нямецкай акупацыяй. Царскі ўрад дазваляў толькі беларускія камітэты дапамогі бежанцам ды і то з вялікай неахвотай. Лічылася, што беларусы нічым не адрозніваліся ад жыхароў Тульскай ці Пензенскай губерні, і таму ніякіх сваіх нацыянальных арганізацый ім не патрэбна. Аж да 1917 г. на тэрыторыі Беларусі, не занятай немцамі, не выходзіла ніводная беларуская газета. Толькі ў Петраградзе восенню 1916 г. з’явіліся невялічкія штотыднёвікі «Дзяньніца» (рэдактары Зміцер Жылуновіч, Эдзюк Будзька) і «Swietаc» («Светач»), ды і тыя выходзілі толькі да пачатку 1917 г.

Рэвалюцыйныя падзеі ў Петраградзе. Лютаўская рэвалюцыя1917 г. скінула з трона апошнягарасійскага самадзержцаМікалая ІІ. Царская хэўра настолькі самаізалявала сябе, што дастаткова было 23 лютага выйсці на вуліцы Петраграда галодным жанчынам-работніцам, каб потым да іх далучыўся ўвесь працоўны люд сталіцы і вайскоўцы петраградскага гарнізона. Ні адно буйнае вайсковае злучэнне, ні адна палітычная партыя не ўстала на абарону Мікалая ІІ. 27 лютага Петраград ужо быў у руках паўстанцаў. Неўзабаве Мікалай ІІ (1894-1917) адрокся ад трону.

Звяржэнне царызму ў Беларусі. У лічаныя дні царская адміністрацыя была знішчана па ўсёй краіне. Рэвалюцыя ў Беларусі разгортвалася па агульнарасійскаму сцэнарыю. Тэлеграфныя весткі аб падзеях у Петраградзе выклікалі ўсеагульную радасць. Ва ўсіх буйных гарадах прайшлі мітынгі і дэманстрацыі ў падтрымку Часовага ўрада. Функцыю разбурэння і вынішчэння старых парадкаў узялі на сябе саветы салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якія ствараліся ў Беларусі ўпершыню і пераважна па ініцыятыве вайскоўцаў. Яны жвыступалі і абаронцамі сацыяльных правоў. Разбройвалася паліцыя і жандары, вызваляліся палітычныя вязні, стваралася народная міліцыя з дабраахвотнікаў. Рэвалюцыйныя перамены дасягнулі і вёскі. Сяляне праганялі ўраднікаў і земскіх начальнікаў, перавыбіралі валасных старшынь. У асобных месцах Магілёўскай губерні рабаваліся панскія маёнткі. Узнікалі саветы сялянскіх дэпутатаў. Стварэннем новай адміністрацыі, падпарадкаванай Часоваму ўраду Расіі, займаліся грамадскія камітэты парадку. Яны фарміраваліся з дзеячаў былых земскіх і гарадскіх упраў, а таксама прадстаўнікоў ад саветаў. Кіраўніцтва камітэтамі парадку паступова перайшло да губернскіх і павятовых камісараў, якія назначаліся з ліку мясцовых ураднікаў ад імя Часовага ўрада. Мясцовыя саветы звычайна падпарадкоўваліся новаму кіраўніцтву і новаму ўраду ў Петраградзе.

Некаторыя вынікі царскага панавання. 300-гадовае самаўладдзе Раманавых, якое амаль паўтара стагоддзя трымала ў падпарадкаванні і беларускі народ, -- рухнула. Расійскі царызм пакінуў пасля сябе цяжкую спадчыну. Край раздзіраўся непрымірымай варожасцю паміж беларускімі землеўладальнікамі, якіх адштурхвалі да польскасці, і беларускімі сялянамі, якіх прыцягвалі да рускасці па рэлігійнай адзнацы. Эканоміка заставалася слабаразвітай. За гады царскага панавання беларускія землі пазбавіліся навыкаў палітычнага самакіравання, нацыянальна перспектыўнага уніяцтва, пабудаванага на мясцовых традыцыях прафесійнага мастацтва, узрастаючага на шляхецка-сялянскай глебе трэццяга саслоўя. Беларускі народ служыў сцяной ва ўсіх асноўных ваенных канфліктах, у якіх удзельнічала царская Расія. Толькі ў гады Першай сусветнай вайны ён страціў 1200 тыс. чалавек. Рускае самаўладдзе метадычна вынішчала мясцовую эліту (1830, 1863, 1905 гг.). Тым не менш, беларускі рух не спыняўся. А з канца ХІХ ст. ён ужо набыў устойлівую тэндэнцыю да нарастання і актыўна ўплываў на вырашэнне лёсу пасляцарскай Расіі. Беларусаў ратавала ад дэнацыяналізацыі іх даволі высокая этнічная маса, польска-рускае супрацьстаянне, наяўнасць уласнай гісторыка-культурнай традыцыі і непрываблівасць імперскіх ідэалаў.

 

 

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Рэвалюцыя 1905—1907 гг. Беларусь ва ўмовах паскарэння мадэрнізацыі Расійскай імперыі | Літаратура
Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 694; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.054 сек.