Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 12. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці 3 страница




Беларускія настаўнікі разумелі важнасць навучання дзяцей на іх роднай мове. Паводле Закона Расійскай імперыі (1906), па прычыне прыналежнасці беларусаў і ўкраінцаў да адзінага рускага народа ім забаранялася мець іншамоўныя навучальныя ўстановы, а католікам-беларусам належала вывучаць Закон Божы не на польскай, як раней, а на рускай мове.

Украінскія і беларускія дзеячы няспынна выступалі за адкрыццё нацыянальных школ. У Пецярбургу з выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», у 1905 г. выйшлі першыя буквары для беларускіх дзяцей на лацінцы (укладальнік В. Іваноўскі) і кірыліцы (К. Каганец). А. Пашкевіч (Цётка) выдала кнігі – “Гасцінец для малых дзяцей”, “Беларускі лемантар", "Першае чытанне для дзетак беларусаў". Тым не менш ні ўрадавая палітыка, ні пануючая грамадская думка аб беларусах не пакідала перспектыў на хуткае ўтварэнне пачатковай беларускай школы. Беларуская мова па-ранейшаму ігнаравалася як свецкімі, так і духоўнымі (каталіцкімі і праваслаўнымі) структурамі.

Што датычыць устаноў сярэдняй адукацыі, то ў 1905 г. на Беларусі дзейнічала 10 мужчынскіх і 12 жаночых гімназій, адно камерцыйнае, пяць рэальных вучылішч, адна мужчынская прагімназія і каля 60 прыватных навучальных устаноў з агульнай колькасцю 22 810 навучэнцаў. Да пачатку сусветнай вайны колькасць устаноў адукацыі гэтага кшталту перавышала 120 адзінак, а навучэнцаў – 31 000.

Развіццё буржуазнага грамадства і капіталістычных адносін запатрабавала пашырэння сеткі спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Да пачатку XX ст. яна ўключала школы і вучылішчы па падрыхтоўцы спецыялістаў ніжэйшага звяна для харчовай, лесагаспадарчай і лёгкай прамысловасці, чыгункі і інш. У пачатку XX ст. у прыватных і дзяржаўных навучальных установах Ма-гілёве, Гродна, Мінску, Віцебску можна было атрымаць прафесію фельчара-акушэра. З 1909 г. і да пачатку вайны зубалячэбную школу ў Мінску скончылі 420 чал.

Павелічэнне колькасці школ запатрабавала ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі настаўнікаў. Так, для патрэб ніжэйшай пачатковай школы былі адкрыты новыя настаўніцкія семінарыі – дзве мужчынскія – Рагачоўская і Гомельская, а таксама тры жаночыя – Аршанская, Барысаўская і Бабруйская. Пэўную колькасць настаўнікаў выпускалі праваслаўныя духоўныя семінарыі Віцебска, Магілёва, Мінска. Для навучальных устаноў больш высокага ўзроўню прызначаліся адкрытыя гэтых жа гарадах настаўніцкія інстытуты. У 1911 г. пачало дзейнічаць Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, якое давала студэнтам няпоўную вышэйшую адукацыю.

Такім чынам, напярэдадні вайны ў сярэднеспецыяльных навучальных установах вучылася каля 1 400 чал.

Адсутнасць на Беларусі вышэйшых навучальных устаноў прымушала выпускнікоў гімназій, рэальных вучылішч, настаўніцкіх інстытутаў набываць вышэйшую адукацыю ў іншых рэгіёнах імперыі. І далёка не ўсе, хто атрымліваў яе, вяртаўся ў родныя мясціны. У сваю чаргу выпускнікі расійскіх вну, якія накіроўваліся ў беларускія губерні, складалі асноўны касцяк мясцовай інтэлігенцыі і безумоўна звязвалі сябе з рускай культурай. Па сваім стаўленні да нацыянальнага пытання большая яе частка стаяла на вялікадзяржаўных пазіцыях.

Уласна беларуская інтэлігенцыя Беларусі, якая да сярэдзіны ХІХ ст. пачала складвацца з прадстаўнікоў збяднелай шляхты, у пачатку ХХ ст. стала папаўняцца за кошт выхадцаў з вёскі, якія здолелі атрымаць дастаткова грунтоўную адукацыю, каб свядома ўстаць на барацьбу за нацыянальныя ідэалы.

Пачатак ХХ ст. выявіў узрастанне цікавасці грамадства да асветы, навукі і культуры. Існуючыя на той час навуковыя ўстановы – Беняконская сельскагаспадарчая (Віленская губ.) і Балотная станцыя ў Мінску – не маглі задаволіць яго патрэб. Менавіта таму інтэлігенцыя, чыноўніцтва, прафесійныя навукоўцы, проста энтузіясты губернскіх і буйных павятовых (Гомель, Брэст, Бабруйск) гарадоў гуртаваліся ў культурна-асветныя таварыствы педагагічнага, медыцынскага, прыродазнаўчага і інш. кшталту. Сваё прызначэнне яны бачылі не толькі ў прапагандзе ведаў, але і ў агульным павышэнні маральнага ўзроўню грамадства. Намаганнямі інтэлігенцыі ў Мінску была створана першая публічная бібліятэка імя А. Пушкіна (1900). Да 1917 г. на Беларусі выходзіла каля 20 прыродазнаўчых выданняў – па медыцыне, балотазнаўстве, лесаводстве, чыгуначным транспарце і г.д.

Не зніжалася ўвага да вывучэння Беларусі. У Віцебску і Смаленску працавалі вучоныя архіўныя камісіі, у Вільні – Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, у Магілёве – Таварыства вывучэння Беларускага краю. У губернскіх гарадах былі адкрыты краязнаўчыя музеі. У 1912 г. узнікла Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі.

Адной з прычын павышэння цікавасці грамадства да культуры беларускага народа і яго мінуўшчыны стала развіццё этнаграфія і краязнаўства. Па-ранейшаму вялікі ўклад у вывучэнне і папулярызацыю духоўнай культуры беларускага народа ўносілі навукоўцы, якія яшчэ ў мінулым стагоддзі набылі вялікую вядомасць. У 1912 г Е. Раманаў завяршыў 9-томнаге выданне "Беларускага зборніка" – свайго кшталту энцыклапедыі жыцця і побыту беларускага сялянства. Узбагацілі беларускую фалькларыстыку і этнаграфію М. Доўнар-Запольскі і І. Сербаў.

Сусветную вядомасць прынесла Я. Карскаму фундаментальнае выданне пад назвай «Беларусы» (тры тамы ў сямі частках). Даследуючы беларускую вусную народную творчасць, прасачыў яе эвалюцыю з паганскіх часоў да ХХ стагоддзя. На багацейшым фактычным матэрыяле Я. Карскаму ўдалося пераканаўча даказаць этнічную самабытнасць беларускага народа.

Нарэшце важнейшым дасягненнем навукі стала выданне В. Ластоўскім у 1910 г. “Кароткай гісторыі Беларусі” – першага твора аб беларускай мінуўшчыне. У выніку з’яўлення ў друку азначаных твораў Е. Раманава, М. Доўнар-Запольскага, Я. Карскага, В. Ластоўскага грамадская цікавасць да беларускай культуры і гісторыі і да самога народа значна ўзрасла. Разам з тым расстаноўка сіл у ідэйнай барацьбе па беларускім пытанні істотна змянілася на карысць шчырых прыхільнікаў ідэі самастойнага шляху развіцця беларусаў. Такім чынам, дасягненні этнаграфіі, фалькларыстыкі, гісторыі як сістэма навуковых поглядаў спрыялі ўмацаванню нацыянальнай свядомасці, асэнсаванню свайго месца паміж іншымі народамі і перспектывы далейшага развіцця.

Ва ўмовах фарміравання беларускай нацыі здабыткі беларусазнаўства, жывая энергія членаў навуковых таварыстваў і асобных энтузіястаў з’яўляліся каталізатарам гэтага працэсу, значным сродкам абуджэння самога народа на шляху да барацьбы за нацыянальную школу, сацыяльную свабоду і палітычную самастойнасць.

Дэмакратычныя заваёвы рэвалюцыі 1905 г. далі магчымасць беларускім дзеячам распачаць барацьбу за нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа, яго афіцыйнае і грамадскае прызнанне, сацыяльнае і палітычнае вызваленне. У ліку самых істотных перашкод на шляху да рэалізацыі азначаных мэтаў з’яўлялася нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці большасці беларускага народа; забарона беларускай мовы як сродка навучання і прадмета вывучэння ў школах, незапатрабаванасць яе ў міжнацыянальных стасунках; незамацаванасць беларускай літаратурнай мовы.

У тых умовах памяняць моўнае становішча да лепшага маглі толькі су-месныя намаганні патрыятычнай інтэлігенцыі, аб’яднанай вакол адзінага каардынуючага нацыянальнага цэнтра. Яго функцыі ўзяла на сябе рэдакцыя газета “Наша Ніва”. Выкарыстаўшы павучальны вопыт першай легальнай беларускай газеты “Наша Доля” (1 верасня-1 снежня 1906 г.) зачыненай царызмам за антыўрадавыя выступленні, нашаніўцы пазбягалі рэвалюцыйных мэтаў і засяродзілі сваю энергію на збіранне нацыянальных сіл беларускага народа, на адраджэнне яго былой славы і годнасці.

На ўсім працягу свайго існавання з 1906 па 1915 гг., ад першага і да апошняга нумара важнейшая ўвага надавалася абароне права беларускага народа на выкарыстанне і развіццё сваёй мовы і нацыянальнай культуры. Змястоўныя тэарэтычныя доказы беларускай самабытнасці, прапаганда гістарычных звестак і дасягненняў беларусазнаўства, масавая падтрымка суайчыннікаў з усіх куткоў Расійскай імперыі, далёкага і блізкага замежжа, усё гэта і іншае выклікала шалёную нянавісць рускіх і польскіх шавіністаў, а таксама мясцовых беларусаў, апантаных заходнерусізмам або польскай ідэяй.

Пазіцыя “Нашай Нівы” выклікала незадавальненне і царскіх улад, якія забаранілі настаўнікам і вучням Віленскай акругі, святарам, а таксама дзяржаўным служачым, яе выпіску. Вялікарускія і “вялікапольскія” шавіністычныя выданні, кожнае са сваімі абвінавачаннямі, таксама ўсімі сіламі імкнуліся дыскрэдыдатаваць яе і пазбавіць народнай падтрымкі. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы сваёй дзейнасці, газета да сваіх чытачоў думку аб еднасці ўсіх беларусаў – і праваслаўных, і католікаў, незалежна ад веравызнання, і з гэтай нагоды метадычна прапагандавала ідэю ўтварэння беларускай школы, увядзення роднай мовы ў навучальныя ўстановы, царкву і касцёл.

Выступленні “нашаніўцаў” падтрымалі тыя, хто падзяляў яе погляды на мову як вышэйшую нацыянальную каштоўнасць. У выніку старонкі газеты сталі запаўняцца не толькі карэспандэнцыяй з месцаў, а натхнёнымі вершамі і апавяданнямі. Так, з 1906 па 1909 гг. "Наша ніва" надрукавала творы 61 паэта і 36 празаікаў. Нашаніўцы пастаянна пашыралі сферу выкарыстання друкаванага беларускага слова. Так, з 1910 г. яны сталі выдаваць "Беларускі каляндар", з вясны 1912 г. – сельскагаспадарчы часопіс “Саха” (рэдактар А. Уласаў), са снежня 1913 – штомесячнік для моладзі “Лучынка” (рэдактар А. Пашкевіч)

За амаль 9-гадовы час існавання “Наша Ніва” здзейсніла велізарную культурна-асветніцкую, ідэйную, інтэграцыйна-кансалідуючую працу. Змагаючыся за пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, газета значна ўзняла яе статус як мовы новай беларускай літаратуры. На яе старонках раскрылі свой талент Я. Купала, Я. Колас, Цётка, М. Гарэцкі, М. Багдановіч і інш.

Менавіта ў надрукаваных тут у 1907 г. радках Я. Купалы ў паэтычнай форма выкрышталізавалася нацыянальная ідэя. І менавіта “Наша Ніва” выкрывала антыбеларускія захады “заходнерусістаў” і польскіх шавіністаў, заклікала беларусаў розных канфесій да яднання.

Газета з’яўлялася адзіным цэнтрам прапаганды беларускай культуры, фарміравання сістэмы духоўных каштоўнасцяў беларусаў, агітацыі за стварэнне беларускай школы мастацтваў.Змешчаныя ў “Нашай Ніве” матэрыялы па гісторыі Беларусі спрыялі абуджэнню гістарычный памяці беларусаў і ўмацаванню нацыянальнай свядомасці, натхнялі да збірання і умацавання традыцый і звычаяў. У практычным сэнсе “Наша Ніва” у многім паспрыяла заснаванню нацыянальнага прафесійнага тэатра, школы беларускай музыкі, танца.

“Наша Ніва” як ніякая іншая – па мове, зместу, прызначэнні – была народнай газетай. Яна вяртала народу гістарычную памяць, узняла яго мову да ўзроўню паэзіі, наблізіла час, каб ён мог “людзьмі звацца”.

Пачатак ХХ стагоддзя – час канчатковага фарміравання беларускай літаратурнай мовы. Беларускія літаратары абапіралася на здабыткі сваіх папярэднікаў – В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча і інш. Яны перанялі і развілі ідэі сацыяльнага вызвалення народа, сцвярджэння яго годнасці, прызнання яго мовы і заваёвы права на вольнае развіццё. Гэтыя ідэі, адбітыя ў паэзіі, прозе, крытыцы і публіцыстыцы, азнаменавалі пачатак нацыянальнага адраджэння.

Развіццю беларускай літаратуры істотна паспрыяла скасаванне абмежаванняў на друк іншамоўных твораў, заснаванне беларускіх выдавецтваў, накшталт «Загляне сонца і ў наша ваконца», а таксама агульнарасійскі рэвалюцыйны рух. У ліку першых свае зборнікі вершаў "Скрыпка беларуская" і "Хрэст на свабоду" выдала А. Пашкевіч (Цётка).

У маі 1905 г. вершам “Мужык” абвясціў аб сабе адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры Я. Купала (І. Д. Луцэвіч) (1882-1942). У 1908 г. ён выдаў свой першы зборнік вершаў “Жалейка”, а ў 1913 г. самы значны паэтычны зборнік – “Шляхам жыцця”. Сваімі паэмамі “Курган”, “Бандароўна” Я. Купала заклаў падмурак нацыянальнага эпасу, а яго п’есы “Паўлінка” і "Раскіданае гняздо" значна ўзбагацілі беларускую драматургію. Дзякуючы намаганням Я. Купалы, новая беларуская літаратура набыла выразна народны характар і выступіла магутным сродкам нацыянальна-культурнага адраджэння.

Таксама заснавальнікам новай беларускай літаратуры па праву лічыцца Я. Колас (К. М. Міцкевіч) (1882-1856). У 1906 г. быў надрукаваны яго першы верш “Наш родны край”, у 1910 г. – першы вершаваны зборнік “Песні жальбы”, у 1912 і 1914 гг. – зборнікі прозы “Апавяданні” і “Родныя з’явы”. Разам з Я. Купалам Я. Колас лічыцца заснавальнікам беларускай літаратурнай мовы.

М. Багдановіч (1891-1917) паспеў выдаць толькі адзін зборнік вершаў “Вянок” (1914), але па іх лірычнасці, вобразнасці, патрыятычнасці яны не мелі сабе роўных. Акрамя таго, у творах «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця» (1911), «Новый период в истории белорусской литературы» (1912), «Белорусское возрождение» (1914). М. Багдановіч даследаваў гісторыю беларускага пісьменства і заклаў трывалыя асновы нацыянальнага літаратуразнаўства і прафесійнай крытыкі.

Акрамя Цёткі, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, на пачатку стагоддзя выявілася кагорта такіх паэтаў і празаікаў як К. Буйло, 3. Бядуля, Ц. Гартны, А. Гарун, М. Гарэцкі, Я. Журба, К. Каганец, С. Палуян, Ядвігін Ш. і інш. Амаль усе яны згуртаваліся вакол “Нашай Нівы”. Усіх іх яднала любоў да Айчыны, жаданне праз нацыянальнае адраджэнне прывесці беларускі народ да сацыяльнага вызвалення, зрабіць яго роўным сярод роўных. Сваёй творчасцю літаратары імкнуліся абудзіць нацыянальную свядомасць і сацыяльную годнасць беларусаў, скіраваць іх у рэчышча барацьбы за лепшую долю. Лейтматывам твораў гучыць заклік любіць свабоду, родны край і мову. Сялянам пастаянна даводзілася, што яны – беларусы, іх Бацькаўшчына – Беларусь са славутым мінулым, а іх мова не толькі “мужыцкая” і калісьці была дзяржаўнай. Пры гэтым мастацкі ўзровень беларускіх твораў дасягае высокага ўзроўню. Яны набываюць паўнавартую сілу, перакладаюцца на іншыя мовы, узбагачаюць агульначалавечую культуру. Адначасова беларускія літаратары – Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч і інш. актыўна і шмат перакладаюць на сваю мову лепшыя мастацкія творы сучаснасці.

Станоўчыя зрухі ў нацыянальна-культурным адраджэнні абумовілі попыт на беларускую літаратуру. Таму спрыялі кніжныя выдавецтвы ў Пецярбургу (“Загляне сонца і ў наша ваконца”), Вільні ("Наша Ніва", "Наша хата" і "Палачанін" “Беларускае выдавецкае таварыства”), Мінску (“Мінчук”) і інш. У выніку ў 1908 - 1914 гг. выйшлі 77 назваў беларускіх кніг агульным накладам 226 600 экз.

Тэатральнае мастацтва Беларусі вырастала з народнай творчасці. На пачатку XX ст. у Мінску, Гродне, Полацку, Слуцку, Дзісне, Давід-Гарадку, Радашковічах, Карэлічах і інш. дзейнічалі аматарскія тэатры. У многіх населеных пунктах інтэлігенцыя ладзіла “беларускія вечарыны”, на якіх выконваліся народныя песні і танцы, дэкламаваліся вершы Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, ставіліся невялічкія п'есы. Адным з ініцыятараў "беларускіх вечарынак" быў І. Буйніцкі (1861-1917), землямер па прафесіі. У 1907 г. на свае сродкі ён арганізаваў у Палевічах (Дзісенскі павет) аматарскі тэатр пад назвай «Першая беларуская трупа Ігнація Буйніцкага». У 1910 г. яна ўжо складалася з хору, танцавальнага калектыву і драматычнай групы і пачала выступаць на прафесійнай аснове, гастралюючы па Беларусі і іншых рэгіёнах імперыі. У рэпертуары артыстаў былі беларускія песні, танцы, п’есы рускіх, польскіх, украінскіх, беларускіх аўтараў. Іх прафесійная пастаноўка і выкананне, акрамя эстэтычнага задавальнення, выклікала ў гледачоў Пецярбурга, Варшавы і іншых гарадоў цікавасць да беларускіх выканаўцаў і пераконвала ў існаванні нацыянальнай культуры. Іншая справа, што царскія ўлады непрыхільна ставіліся да беларускіх артыстаў і часам чынілі ім перашкоды, што ў сукупнасці з фінансавымі цяжкасцямі прымусіла І. Буйніцкага ў 1913 г. распусціць трупу.

Да ліку заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра адносіцца А. Бурбіс (1885-1922), які арганізаваў у 1910 г. у Вільні музычна-драматычны гурток. Рэпертуар складаўся з драматычных твораў рускіх, украінскіх і беларускіх аўтараў з фальклорна-этнаграфічнымі элементамі. На Купалле гурток ладзіў нацыянальныя тэатралізаваныя прадстаўленні. У 1912 г. артысты ўпершыню паставілі п’есу Я. Купалы “Паўлінка”. Але творчасць трупы была непрацяглай.

Наступная, удалая спроба стварэння прафесійнага беларускага тэатра была прадпрынята ў Мінску неўзабаве пасля звяржэння самаўладдзя, калі акцёр і рэжысёр Ф. Ждановіч арганізаваў тут Першае таварыства беларускай драмы і камедыі.

Дзейнасць калектываў І. Буйніцкага і А. Бурбіса, аматарскіх гурткоў, “беларускіх вечарын” прыносіла іх удзельнікам і гледачам не толькі эстэтычна-духоўнае задавальненне. Аб’ектыўна яны адпавядалі адраджэнцкім за-дачам беларускага руху, скіраваным на абуджэнне нацыянальнай свядомасці і годнасці народа, яго кансалідацыю і барацьбу за нацыянальныя ідэалы. Вялікі ўплыў на фарміраванне беларускага тэатра аказвала драматычнае мастацтва іншых народаў, з якім знаёмілі беларускіх гледачоў рускія, украінскія, польскія артысты. Ідэю стварэння нацыянальнага тэатра падтрымлівала "Наша ніва". Усведамленне яго неабходнасці спрыяла з’яўленню арыгінальных беларускіх п’ес Я. Купалы, Я. Коласа, К. Каганца і інш.

Знаёмства беларускай публікі з тэатральным мастацтвам было неаддзельным ад мастацтва музычнага. У беларускіх гарадах выступалі харавыя капэлы з Расіі і Украіны, кампазітары і піяністы С. Рахманінаў, А. Скрабін, спевакі Л. Собінаў і Ф. Шаляпін.

Пад іх уплывам адбывалася далучэнне да мастацтва мясцовай інтэлігенцыі. Дзейнасць аматарскіх тэатральных гурткоў, “беларускіх вечарын” стымулявала збор і мастацкую апрацоўку народных песень. Па іх матывах у 1910 г. кампазітар і дырыжор Л. Рагоўскі напісаў "Беларускую сюіту для сімфанічнага аркестра". У тым самым годзе ён паклаў верш Я. Купалы “А хто там ідзе?” на музыку, і яго разам з нотамі народа надрукавала “Наша ніва” ў якасці гімна беларускага народа. А І. Буйніцкі ўключыў гэты твор у рэпертуар свайго тэатра. Песенныя матывы беларускага народа выкарыстала К. Кімант (Янычоўская) у сваёй музыцы да спектакля "Залёты" В. Дуніна-Марцінкевіча, а таксама С. Шымкус – аўтар музыкі для першай пастаноўкі "Паўлінкі".

Цікавасць да беларускага песеннага мастацтва адбілася ў стварэнні харавых калектываў у многіх гарадах і мястэчках. Адзін з такіх быў арганізаваны ў 1914 г. у Мінску настаўнікам спеваў прыходскай школы В. Тэраўскім (1871-1938). Па меры развіцця стала з’яўляцца адпаведная літаратура ("Беларускія песні з нотамі" А. Грыневіча, "Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хораў" Л. Рагоўскага, апрацоўкі беларускіх песень для фартэпіяна М. Чуркіна).

Такім чынам, у пачатку ХХ ст. ствараўся падмурак прафесійнага музычнага мастацтва Беларусі. Развіццё нацыянальнага музычна-песеннага мастацтва адбывалася ў рэчышчы агульнабеларускага культурна-нацыянальнага адраджэння і ўжо з самага пачатку выявіла велізарны маральны патэнцыял у плане абуджэння нацыянальнай свядомасці і кансалідацыі народа.

Напачатку ХХ ст. у беларускім жывапісе працягваюць сваю творчасць прадстаўнікі партрэтна-бытавога жанру Ю. Пэн і Я. Кругер, пейзажнага жанру В. Бялыніцкі-Біруля і Ф. Рушчыц, Г. Вейсенгоф, К. Стаброўскі і інш. Па розных прычынах рэдкія мастакі акцэнтавалі ўвагу на беларускіх матывах. Пэўнае выключэнне ўяўляе творчасць К. Каганца, які адбіў рэалістычныя тыпажы беларусаў і маляўнічыя віды роднай прыроды.

Творчасць Я. Драздовіча (1888—1954) як графіка і жывапісца ў яшчэ большай ступені захавала імкненне беларускай інтэлігенцыі ўзняць на п’едэстал свае нацыянальныя каштоўнасці. Аб гэтым у поўнай ступені сведчаць жывапісныя замалёўкі старажытных замкаў, партрэт Ф. Скарыны, а таксама афармленне кнігі К. Буйло “Курганная кветка”.

Такім чынам, выяўленчае мастацтва Беларусі таксама ўвабрала ў сабе прыкметы нацыянальна-культурнага адраджэння, але ў параўнанні з літаратурай, тэатрам, музыкай гэта з’ява была менш характэрнай. Тым не менш уклад яго прадстаўнікоў у агульную справу беларускай інтэлігенцыі быў істотным і таксама па вартасці ацэненым.

У пачатку ХХ ст. гарады набылі рысы індустрыяльна-тэхнічнага прагрэсу: у іх з’явіліся чыгуначныя вакзалы ў стылі мадэрн або неакласіцызму, шматпавярховыя дамы, адміністрацыйныя будынкі заводаў і фабрык. Беларускую архітэктуру адрознівала стрыманасць, выкарыстанне традыцыйных кампазіцый, будаўнічых матэрыялаў: дэкаратыўнай керамікі, камянёў-валуноў, каванага металу, дрэва. Найбольш поўна гэтыя рысы ўвасоблены ў культавым (у большасці, каталіцкай прыналежнасці) дойлідстве.

Па меры папулярызацыі новых архітэктурных стыляў – эклектыкі і мадэрну выкарыстанне дэкаратыўных матэрыялаў значна пашырылася. Так, паліхромнай керамікай упрыгожаны Успенская царква ў в. Пірэвічы (1902), пазямельна-сялянскі банк у Віцебску (1917), банк у Магілёве (1913), гатэль "Еўропа" ў Мінску (1913). Багатае дэкаратыўнае афармленне, уласцівае адразу неагатычнаму і неараманскаму стылям (вялікае акно-ружа, арнаментальныя паясы, выцягнутыя вежы і вокны), выкарыстана пры пабудове касцёла св. Сымона і Алены ў Мінску (1910 г.).

Пабудаваны ў гонар 200-годдзя перамогі рускіх войскаў над шведамі мемарыяльны храм у вёсцы Лясная (1908–1912) захоўвае рысы архітэктуры, уласцівыя неарускаму або псеўдарускаму стылю.

У пачатку ХХ беларускае дойлідства ўвабрала ў сабе традыцыйныя і новыя элементы, уласцівыя тым дзяржавам, якія перажывалі этап мадэрнізацыі, эканамічнага і культурнага ўздыму, а таксама адбіла ўздзеянне рускай і польскай мастацкіх культур. Самабытныя рысы беларускага дойлідства ўвасобіліся галоўным чынам у архітэктурных кампазіцыях і будаўнічых матэрыялаў.

 

1. Абвастрэнне сацыяльна-эканамічнага, палітычнага крызісу

ў Расіі і расстаноўка палітычных сіл на Заходнім фронце

і на Беларусі восенню 1917 г.

2. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе.

3. Устанаўленне Савецкай улады на Беларусі.

4. Скліканне і вынікі працы Усебеларускага з'езда.

5. Барацьба Савецкай улады супраць І Польскага корпуса

і германскага наступлення ў студзені-лютым 1918 г.

6. Спроба фарміравання беларускай дзяржаўнасці на нацыяналь-

на-дэмакратычнай аснове. Абвяшчэнне БНР

7. Фарміраванне беларускай дзяржаўнасці на рэвалюцыйна-

класавай аснове. Утварэнне БССР.

8. Утварэнне СССР. Месца БССР у складзе СССР.

1. Восенню 1917 г. сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча ў Расіі, з 1 верасня абвешчанай рэспублікай працягвала абвастрацца. Часовы ўрад не здолеў забяспечыць бесперабойнае функцыянаванне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту, гандлю і г. д. Ваенныя выдаткі і выплата працэнтаў па замежных пазыках падрывалі курс рубля. Скарачэнне выпуску прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі павышала іх кошт, але нават дарагоўля не не ўстараняла дэфіцыту тавараў першай неабходнасці. У выніку насельніцтва, асабліва працоўныя масы, арганізаваныя ў прафсаюзы, фабрычна-заводскія камітэты і Саветы, выказвалі вострае незадавальненне існуючым рэжымам улады і патрабавалі павышэння заработнай платы, спынення дарагоўлі, барацьбы са спекуляцыяй і г. д. Асноўная маса насельніцтва – сяляне ўзмацнілі захопы памешчыцкай і нават дзяржаўнай маёмасці, чым яшчэ больш абвастрылі сацыяльна-эканамічны крызіс у краіне.

Як і раней, цяжкое становішча ў краіне складвалася галоўным чынам па прычыне няўмелага кіравання Часовага ўрада. У верасні 1917 г. энергія расійскай грамадскасці скіроўвалася на чарговае пераадоленне ўрадавага крызісу. Канчаткова лёс Дырэкторыі (калегіі з 5 міністраў) на чале з А. Керанскім і пытанне аб уладзе павінна была вырашыць Дэмакратычная нарада, скліканая 14 верасня ў Петраградзе. Асноўны час пасля яе адкрыцця занялі спрэчкі паміж дэлегатамі аб партыйнай прыналежнасці членаў будучага ўрада. Так, правыя эсэры і правыя меншавікі, энэсы і кадэты стаялі за кааліцыйны (сацыялістаў з буржуазіяй) кабінет. Бальшавікі, меншавікі-інтэрнацыяналісты і левыя эсэры выступалі супраць так званага “згодніцтва з буржуазіяй”.

У выніку створаны Часовы Савет Рэспублікі або Перадпарламент 23 верасня зацвердзіў склад новага, чацвёртага кабінета міністраў з удзелам як сацыялістаў, так і кадэтаў. Старшынёй урада заставаўся ўсё той жа Керанскі. Грамадскасць успрыняла гэтыя прызначэнні без спадзяванняў на перамены да лепшага. У складзе партый раскол на “правых” і “левых” толькі паглыбіўся. Усе цяжкасці ў краіне па-ранейшаму звязваліся з дзейнасцю Часовага ўрада: папулярнасці і падтрымкі ён так і не набыў. І наадварот, ідэя перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў рабілася больш папулярнай, асабліва на фронце. Менавіта тут, дзе ў выніку няспыннай вайны працягвала ліцца людская кроў, салдаты ўважліва прыслухоўваліся да слоў агітатараў ад розных партый. Так, бальшавікі сталі адкрыта звязваць праблему спынення вайны з неабходнасцю прыходу Саветаў да ўлады. Большасць "рэвалюцыйнай дэмакратыі" па-ранейшаму спадзявалася на дапамогу сацыялістаў краін-удзельніц вайны. Меншавікі, паслядоўнікі Г. Пляханава,а таксама энэсы ў сваёй тактыцы па дасягненні міру ваенным шляхам, па сутнаеці, змыкаліся з кадэтамі. Некаторая частка грамадства прыходзіла да думкі, што наблізіць мір можа толькі Устаноўчы сход. Такім чынам, лозунг "рэвалюцыйнага абаронніцтва" напаткаў поўны крах. Гатоўнасць абараняць свой край выказвалі толькі беларускія арганізацыі, але пытанне аб фарміраванні іх нацыянальных часцей яшчэ знаходзіўся ў стадыі абмеркавання. Складвалася так, што на пачатку кастрычніка франтавікі, у сваёй падаўляючай большасці мабілізаваныя з вёскі, больш разважалі аб будучым падзеле панскай зямлі, чым аб бягучых воінскіх абавязках.

Аграрнае пытанне прыцягвала ўвагу не толькі франтавікоў. Па сутнасці, яго нявызначанасць з’яўлялася адной з прычын хранічнай палітычнай няўстойлівасці ва ўсёй краіне. Яшчэ ў жніўні-верасні сялянскія Саветы на чале з партыяй эсэраў сталі адкрыта патрабаваць перадачы памешчыцкіх зямель у веданне зямельных камітэтаў яшчэ да склікання Ўстаноўчага сходу. Сяляне адмаўляліся прадаваць дзяржаве хлеб па так званых “цвёрдых”, нявыгадных ім цэнах. Тым самым дзяржаўная хлебная манаполія падрывалася, і харчовае забеспячэнне гарадскога насельніцтва і салдат фронта стала рэзка пагаршацца. Нягледзячы на ўзмацненне гэтай тэндэнцыі, сітуацыя яшчэ знаходзілася пад кантролем органаў Часовага ўрада, яго зямельных камітэтаў, а таксама Саветаў сялянскіх дэпутатаў. З пачаткам перадвыбарчай кампаніі ва Устаноўчы сход аграрнае пытанне зрабілася важнейшым полем міжпартыйнай барацьбы за галасы сялян.

У параўнанні з аграрным рабочае пытанне не набыло такой вастрыні. Няздольнасць Часовага ўрада ліквідаваць эканамічны крызіс, спыніць інфляцыю, дарагоўлю прадуктаў і г.д. выклікала натуральнае незадавальненне гарадскіх працоўных, але масавага антыўрадавага руху ў краіне не назіралася. Выйсце з цяжкога становішча яны бачылі ў выданні законаў аб абмежаванні свавольства фабрыкантаў і ўсталяванні дзяржаўнага кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем. Па-ранейшаму найбольшым уплывам у рабочым асяроддзі карысталіся меншавікі і бундаўцы, але ў верасні-кастрычніку ўсё актыўней сталі выяўляць сябе бальшавікі, якія звязвалі змены да лепшага толькі з перадачай улады Саветам.

Пэўны ўплыў на пагаршэнне палітычнага становішча ў краіне аказвала дзейнасць нацыянальных сіл, скіраваная на дзяржаўнае самавызначэнне іх народаў. Найбольшых поспехаў у гэтым пытанні дасягнулі палякі і ўкраінцы, якія лічылі справу ўтварэння сваіх дзяржаў вырашанай і пачалі ўтвараць свае нацыянальныя часці для іх абароны. Што датычыць астатняй масы народаў Расіі, якія дамагаліся самавызначэння, то ўсе іх патрабаванні на гэты конт адкладваліся Часовым ўрадам да склікання Устаноўчага схода. Такім чынам, замест неадкладнага вырашэння злабадзённых праблем урад А. Керанскага перакладаў іх на будучы парламент. Невыпадкова аўтарытэт кабiнета мiнiстраў няўхiльна знiжаўся таму, што грамадства спадзявалася на яго замену пастаянным урадам, сфармiраваным Устаноўчым сходам.

У кастрычнiку у Расiйскай рэспублiцы ўжо поўным ходам iшла перадвыбарчая кампанiя ва Устаноўчы сход. Па Заходнефрантавой, Мiнскай, Магiлёўскай i Вiцебскай акругах у барацьбу за дэпутацкiя мандаты ўступiла 50 груповак, у тым лiку бальшавiцкiх. Але ленiнская партыя не абмяжоўвался парламенцкiм щляхам прыходу да ўлады. У той самы час лозунг бальшавікоў “Уся ўлада Саветам” рабіўся ўсё больш папулярным. Па іх закліку Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў сталі пасылаць сваіх дэлегатаў у Петраград на ІІ Усерасійскі з’езд з даручэннямі пакласці канец вайне, разрусе і пагрозе буржуазнай дыктатуры. Як стала вядома з прэсы, пад час яго адкрыцця, 20 кастрычніка бальшавiкi рыхтавалі ўзброенае паўстанне.

Сваіх дэпутатаў на з’езд накіравалі асобныя Саветы Беларусі і часці Заходняга фронту. У верасні-кастрычніку ў гэтым рэгіёне назіраліся тыя ж крызісныя з’явы, як і ў цэлым па краіне: слабасць органаў Часовага ўрада, цяжкое эканамічнае становішча, нястача прадуктаў у горадзе і на фронце, аграрныя правапарушэнні, масавае дэзерцірства і інш. Ужо пад час выбарчай кампаніі ва Устаноўчы сход панаваўшыя на Беларусі партыі "рэвалюцыйнай дэмакратыі" – эсэраў, меншавікаў, бундаўцаў, энэсаў – сталі імкліва губляць сваіх прыхільнікаў. Гэта адбывалася на фоне актывізацыі бальшавікоў Заходняга фронта, якім удалося ўтварыць (разам са спачуваўшымі) больш чым 50-тысячную арганізацыю (старшыня Абласнога камітэта РСДРП(б) – А. Мяснікоў). Мінскі Савет стаў моцным цэнтрам па падрыхтоўцы ўзброенага паўстання. Вялікі ўклад у гэтым накірунку ўнеслі М. Фрунзе, В. Кнорын, І. Любімаў і інш.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 491; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.048 сек.