Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 9. Фарміраванне беларускай нацыі




 

Умовы ўтварэння беларускай нацыі. Нацыя (ад лац. паtіo – племя, народ) – гістарычная супольнасць людзей, якая характарызуецца ўстойлівымі эканамічнымі і тэрытарыяльнымі сувязямі, агульнасцю мовы, культуры, характару, побыту, традыцый, звычаяў, самасвядомасці. Нацыі ўзнікаюць на базе феадальных народнасцей у перыяд станаўлення капіталістычнага спосабу вытворчасці. Рашаючую ролю ў пераўтварэнні народнасцей у нацыі адыгрываюць капіталістычныя эканамічныя сувязі, фарміраванне ўнутранага рынку. Рэформа 1861 г., вызваліўшы сялян ад прыгоннай залежнасці, стварыла ўмовы для капіталістычнай перабудовы памешчыцкай і сялянскай гаспадарак. Рабочая сіла стала таварам, пашырыліся магчымасці яе міграцыі.

У працэсе станаўлення капіталістычнай рыначнай эканомікі адбывалася разлажэнне саслоўяў феадальнага грамадства – дваран, сялян, рамеснікаў, гандляроў, купцоў і фарміраванне асноўных класаў капіталістычнага грамадства – пралетарыяту і буржуазіі. Сацыяльнай базай для фарміравання пралетарыяту з’яўляліся сялянская бедната, якой у Беларусі ў канцы ХІХ ст. налічвалася 2,8 млн. чалавек, дробныя рамеснікі і гандляры, збяднелыя мяшчане і шляхта. На рубяжы ХІХ–ХХ стст. у прамысловасці Беларусі працавала 237 тыс. рабочых, на чыгунцы – каля 25 тыс., у іншых сферах гаспадаркі (рачны і гужавы транспарт, будаўніцтва, гандаль, сельская і лясная гаспадарка і г.д.) – каля 200 тыс., усяго колькасць наёмных рабочых перавышала 460 тыс. чалавек. Прамысловы пралетарыят Беларусі характарызаваўся шматнацыянальнасцю і адносна невысокай канцэнтрацыяй.

Гандлёва-прамысловая буржуазія Беларусі была таксама шматнацыянальнай, прычым большую яе частку складалі прадстаўнікі небеларускага этнічнага насельніцтва (яўрэйскія, польскія і рускія прамыслоўцы і купцы). Паводле перапісу насельніцтва 1897 г., 84,5% купцоў 5 заходніх губерняў складалі яўрэі, 10,7% – рускія і толькі 1,7% былі беларусамі. Больш чым палова фабрык і заводаў (51%) з’яўлялася ўласнасцю яўрэйскай буржуазіі.

Беларуская нацыянальная буржуазія амаль цалкам складалася з заможных сялян і выхадцаў з дробнай шляхты. Яна была нешматлікай (у канцы ХІХ ст. у беларускай вёсцы налічвалася толькі каля 50 тыс. заможных гаспадароў), асноўныя капіталы краю – прамысловы, зямельны, гандлёвы, банкаўскі – знаходзіліся не ў яе руках, а ва ўласнасці яўрэйскіх, польскіх і рускіх прамыслоўцаў, памешчыкаў і купцоў. Раскіданая па вёсках, расколатая паводле канфесійнай прыналежнасці (праваслаўныя і католікі), беларуская нацыянальная буржуазія не ўсведамляла сваёй ролі ў нацыянальна-культурным адраджэнні і абыякава, іншы раз варожа, ставілася да яго.

Слабасць нацыянальнай буржуазіі ў пэўнай ступені замаруджвала працэс кансалідацыі беларускай нацыі. Адмоўнае ўздзеянне на гэты працэс аказвала і тое, што ў шматгранным жыцці беларускага горада ў ХІХ ст. не выкарыстоўвалася, за нязначнымі выключэннямі, беларуская мова.

Этнічная тэрыторыя беларусаў. У канцы ХІХ ст. паступова стабілізавалася этнічная тэрыторыя беларусаў. Асновай утварэння этнічнай тэрыторыі беларусаў з’яўляецца наладжванне і развіццё гаспадарчых сувязей, якія пераадольваюць эканамічную замкнёнасць асобных раёнаў і звязваюць іх у адно кампактнае цэлае. Этнічная тэрыторыя беларусаў уваходзіла ў межы 5 заходніх губерняў Расійскай імперыі. Яна ўключала поўнасцю Магілёўскую і Мінскую губерні; Лідскі, Ашмянскі, Вілейскі, Дзісненскі, Лідскі і паўднёвую частку Свянцянскага павета ў Віленскай губерні; Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі і Полацкі паветы Віцебскай губерні; Брэсцкі, Ваўкавыскі, Пружанскі, Гродзенскі, Кобрынскі і Слонімскі паветы Гродзенскай губерні.

Галоўным арэалам кансалідацыі беларускай нацыі былі цэнтральная і паўночна-заходняя часткі Беларусі, найбольш развітыя ў эканамічных, сацыяльных, палітычных і культурных адносінах у параўнанні з іншымі раёнамі. Тут пражывала амаль палова пісьменных беларусаў, адсюль выйшла большасць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і культуры таго перыяду. Сярэднебеларускія гаворкі склалі дыялектную аснову беларускай літаратурнай мовы.

Працэс фарміравання беларускай нацыі закрануў і насельніцтва Палесся, якое, аднак, захоўвала моўныя і культурныя асаблівасці. На тэрыторыі ўсходняй часткі Беларусі працэсы нацыянальнай кансалідацыі ішлі больш замаруджана, тут адчуваўся больш моцны расійскі ўплыў.

Нацыянальны склад насельніцтва Беларусі. Паводле перапісу 1897 г., на тэрыторыі 5 заходніх губерняў пражывала 5 млн. 408 тыс. беларусаў, 3,1 млн. рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў, літоўцаў, латышоў. Польскае і літоўскае насельніцтва канцэнтравалася ў асноўным у заходніх паветах Гродзенскай і Віленскай губерняў, рускае і латышскае – у паўночных паветах Віцебскай губерні, украінскае – у Кобрынскім і Брэсцкім паветах Гродзенскай губерні. Яўрэйскае насельніцтва пражывала на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у гарадах і мястэчках. Сярод гараджан 5 заходніх губерняў яўрэі складалі 53,5%, а ва ўсім насельніцтве – 13,8%.

Абсалютная большасць беларусаў жыла ў сельскай мясцовасці (больш за 90%). Доля тых беларусаў-гараджан, якія гаварылі на роднай мове, складала ў сярэднім толькі 14,5%. Асаблівасцю беларусаў як этнасу быў падзел паводле канфесійнай прыналежнасці на праваслаўных і католікаў. Праваслаўная царква і каталіцкі касцёл не прызнавалі існавання беларускага этнасу, зыходзячы з таго, што праваслаўныя беларусы ёсць рускія, а беларусы-католікі – палякі. У 1897 г. праваслаўныя сярод беларусаў складалі 81,2%.

За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў Беларусі падвоілася. У пачатку ХХ ст. прырост насельніцтва некалькі паменшыўся. Гэта было звязана з развіццём міграцыйных працэсаў у выніку класавай дыферэнцыяцыі і аграрнай перанаселенасці беларускай вёскі.

Станаўленне беларускай літаратурнай мовы. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. працягваўся працэс фарміравання мовы беларускай нацыі. Значныя змены адбыліся ў гутарковай мове. Ішло паступовае змешванне мясцовых дыялектаў, з’яўляліся новыя словы і тэрміны, паланізмы замяняліся русізмамі. Асабліва моцны ўплыў рускай мовы адчуваўся ў фанетычным складзе паўночна-ўсходніх беларускіх гаворак.

На аснове жывой гутарковай народнай мовы фарміравалася новая беларуская літаратурная мова. Яна не магла развівацца на базе старабеларускай мовы, якая з ХVІІІ ст. фактычна стала мёртвай. Таму ў новых гістарычных абставінах крыніцай развіцця беларускай літаратурнай мовы з’явілася вусная народная творчасць. Беларускія пісьменнікі і паэты ў сваіх літаратурных творах шырока выкарыстоўвалі народныя песні, казкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі.

Беларуская літаратурная мова развівалася галоўным чынам як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. У ёй пераважала бытавая лексіка, слаба была прадстаўлена вытворчая, юрыдычная, адміністрацыйна-канцылярская тэрміналогія. Істотнай перашкодай развіццю беларускай пісьмовай мовы з’яўлялася адсутнасць яе нарматыўнай граматыкі. Але паступова ішоў працэс складвання графічнай сістэмы, правапісных і граматычных норм, узбагачэння лексікі беларускай літаратурнай мовы.

Беларускае нацыянальнае мастацтва. У сувязі са слабым развіццём прафесійнага мастацтва галоўную сферу духоўнай культуры беларускай нацыі перыяду фарміравання капіталізму складалі народныя формы мастацтва, традыцыйныя абрады і звычаі. Працягвалі існаваць такія віды фальклору, як абрадавая паэзія каляндарна-вытворчага і сямейна-абрадавага цыклаў, апавядальны жанр, лірычная паэзія. Фальклор адлюстроўваў становішча ў грамадстве, надаючы сацыяльную вастрыню прыпеўкам, песням, казкам і апавяданням. Узнікаў так званы рабочы рэвалюцыйны фальклор. Развівалася народнае тэатральнае мастацтва, захоўваючы традыцыі батлейкі. Працоўная дзейнасць народа знайшла сваё адлюстраванне ў танцах “Лянок”, “Бульба”, “Бычок”, “Крыжачок” і інш. У тэатралізаваных прадстаўленнях і на абрадавых святах народныя музыкі на дудках, свірэлях, дудах, гуслях, цымбалах, скрыпках, бубнах выконвалі шматлікія песні і прыпеўкі.

Адметнасць беларускага этнасу адлюстроўвалася ў своеасаблівым народным выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Па-мастацку аздобленыя рэчы з глыбокай даўніны шырока ўкараніліся ў побыт народа. Мелі распаўсюджанне ўзорыстае ткацтва, вышыўка, вязанне, пляценне з лазы, саломкі і карэнняў. Своеасаблівай рысай беларускіх тканін было выкарыстанне ў арнаменце пераважна геаметрычных форм – чатырохвугольніка, ромба, квадрата і іх частак. Выдатныя ўзоры беларускага мастацкага ткацтва ўяўлялі паясы. У афармленні жылых памяшканняў таксама выкарыстоўвалася мастацкае аздабленне: набылі распаўсюджанне разныя і размаляваныя ліштвы, фрызы, франтоны, канькі.

Этнічная і нацыянальная самасвядомасць. Кансалідацыя беларускага этнасу ў нацыю суправаджалася ростам нацыянальнай самасвядомасці. З другой паловы ХІХ ст. усё больш актыўна ўжываюцца назва “Беларусь” і этнонім “беларусы”. Паводле перапісу 1897 г., беларускую мову роднай лічыла 74% насельніцтва Беларусі. Этнонім “беларусы” паступова выцясняў лакальныя тэрміны тыпу “ліцвіны”, “чарнарусы”. Аднак ён не меў яшчэ агульнаэтнічнага зместу. Існавалі рэгіянальныя назвы (палешукі), канфесіянізмы (рускія і палякі). Фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці садзейнічалі публікацыі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. фундаментальных навуковых прац, прысвечаных беларускаму народу, яго мове, культуры і гістарычнаму мінуламу. Працы І.І. Насовіча, М.А. Дзмітрыева, Ю.Ф. Крачкоўскага, А.М. Семянтоўскага, М.Я. Нікіфароўскага, Я.Ф. Карскага, Е.Р. Раманава і іншых аўтараў аб’ектыўна засведчылі факт існавання самастойнага беларускага этнасу. Важнае значэнне на шляху абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў адыгралі працы В. Ластоўскага, асабліва яго “Кароткая гісторыя Беларусі”, дзе ўпершыню беларускі этнас разглядаецца як суб’ект гістарычнага працэсу.

Такім чынам, у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. працягваўся і ў асноўным завяршыўся працэс фарміравання беларускай нацыі як сялянскай у сваёй аснове. Адмоўнае ўздзеянне на гэты працэс аказвалі слабасць нацыянальнай буржуазіі, беднасць і непісьменнасць большасці беларусаў, рэлігійны раскол і антыбеларуская накіраванасць праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла, школы, друку, дзяржаўных устаноў, якія адмаўлялі існаванне беларускага этнасу і ўсіх беларусаў лічылі альбо рускімі, альбо палякамі. Да пачатку ХХ ст. цалкам не завяршыліся складванне нацыянальнай літаратурнай мовы і фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Гэтыя працэсы працягваліся ў наступныя дзесяцігоддзі ХХ ст.

Побыт, абрады, звычаі, лад жыцця гарадскога і сельскага насельніцтва Беларусі ў ХІХ ст. Побыт, абрады і звычаі беларусаў у першай палове ХІХ ст. Характэрныя рысы побыту беларусаў знайшлі найбольш поўнае адлюстраванне ў сельскай абшчыне, якая сфарміравалася гістарычна. У некаторых мясцовасцях Беларусі (Палессе) існавала абшчына, якая называлася дворышчам. Яна ўяўляла сабой невялікае пасяленне галоўным чынам з сем’яў сваякоў. Абшчыне належала ворная зямля, сенажаці, выганы, лес, месцы рыбнай лоўлі.

Ва Усходняй Беларусі амаль да калектывізацыі сельскай гаспадаркі існавала больш даўгавечная абшчына, якая называлася грамадой. У яе склад уваходзілі адна ці некалькі невялікіх вёсак. Вышэйшым органам грамады быў сельскі сход, які выбіраў старасту і яго памочнікаў. Грамада калектыўна плаціла дзяржаве падаткі, што звязвала сем’і кругавой парукай (адменена толькі ў пачатку ХХ ст.), калектыўна адказвала за выкананне павіннасцей (пабудова і рамонт мастоў, дарог і г.д.), назірала за становішчам сялянскіх гаспадарак, своечасовым выкананнем сельскагаспадарчых работ, рэгулявала карыстанне выганамі і лесам, вырашала спрэчкі паміж абшчыннікамі, іншы раз дапамагала бедным, асабліва ў неўраджайныя (галодныя) гады.

У феадальную эпоху грамада з’яўлялася калектыўным землекарыстальнікам. Яна размяркоўвала паміж сялянамі зямлю і паншчыну, кантралявала выкананне імі дзяржаўных законаў, павіннасцей, ажыццяўляла назіранне за іх паводзінамі, наведваннем царквы і г.д. Калі хтосьці з абшчыннікаў не плаціў падаткаў, якія размяркоўваліся па гаспадарках, грамада мела права прадаць іх маёмасць, пазбавіць зямельнага надзелу і нават выселіць з абшчыны.

У цэнтральнай і заходняй Беларусі абшчыннае карыстанне зямлёй было заменена падворным у выніку правядзення аграрнай рэформы 1557 г. (“Устава на валокі”).

Сельская абшчына аказала ўплыў на многія звычаі і абрады беларусаў. Сярод іх – талака, сябрына, бонда, вячоркі, калядаванне, валачобны абрад і інш. Талака – калектыўныя бязвыплатныя работы аднасяльчан. Іх арганізоўвалі пры ўборцы ўраджаю ў сем’ях удоў, пабудове дамоў пагарэльцам. Іншы раз багатыя людзі аб’яўлялі талаку для ўборкі ўраджаю ў сваіх гаспадарках і замест платы, згодна звычаю, толькі частавалі ўдзельнікаў калектыўнай працы.

Сябрына – сумеснае долевае валоданне некалькімі асобамі вуллем пчол ці прыплодам падараванай скаціны. Тыя, хто быў звязаны сумесным валоданнем, называліся сябрамі.

Бонда – звычай, згодна з якім першае зерне, фрукты, мёд новага ўраджаю, частку свежага сала і мяса валадары павінны былі дзяліць з родзічамі і суседзямі.

Абшчынны характар мелі і вячоркі – зборы моладзі, звычайна восенню і зімой, якія праводзіліся ў вялікім доме, куды прыходзілі дзяўчаты з калаўротамі (самапрадкамі) і кудзеляй, сваю працу яны суправаджалі песнямі. Хлопцы на вячорках звычайна плялі лапці.

Праяўленнем абшчыннага побыту з’яўляліся ігрышчы – зборы моладзі ў каляндарныя святы. Зімой у час каляд запрашалі музыкаў, арганізоўвалі ў складчыну калектыўную вячэру, спявалі, танцавалі, праводзілі гульні “Ката ў печ”, “Рэдзька”, у час якіх моладзь праходзіла розныя выпрабаванні, і гульню “Жаніцьба Цярэшкі” (жартоўная “жаніцьба” ў адзін вечар на трох ці чатырох дзяўчынах). Пры выкананні звычаю калядавання пераапранутыя (“каза”, “мядзведзь”, “кабыла”, “цыган” і г.д.) абходзілі па чарзе дамы, віншавалі гаспадароў з Новым годам, жадалі багацця, шчасця, добрага ўраджаю, за што атрымлівалі прадукты для калектыўнай вячэры.

У веснавое свята Вялікадня адбываўся валачобны абрад. Валачобнікі абходзілі ўсе дамы і спявалі абрадавыя песні, праслаўлялі гаспадароў і членаў іх сем’яў, жадалі добрага ўраджаю. У час свята Івана Купалы, які адзначалі ў ноч з 23 на 24 чэрвеня па старому стылю, хлопцы і дзяўчаты збіраліся ў лесе, распальвалі вогнішча, спявалі купальскія песні, танцавалі, шукалі папараць-кветку, якая, па паданню, у гэтую ноч цвіце, і той, хто яе знойдзе, будзе багатым і шчаслівым. Дзяўчаты ў купальскую ноч плялі вяночкі з палявых кветак і кідалі іх у рэчку.

Цікавы абрад быў звязаны са зборам ураджаю – дажынкі і зажынкі. У жніўных песнях магічная сіла “садзейнічаць павышэнню ўраджаю” прыпісвалася першаму і апошняму снапу, а таксама спарышу (сцябло з дзвюма каласамі), сімвалу ўрадлівасці і дастатку. У гэтых песнях ушаноўвалася праца жней, выражаліся надзеі і мары аб лепшай долі, пратэст супраць прыгонніцкага ўціску.

Сельская абшчына аказвала ўплыў на сямейны побыт сялян. У Беларусі былі распаўсюджаны вялікая і малая сем’і. Вялікая сям’я складалася з некалькіх шлюбных пар, жыла ў адным доме і вяла агульную гаспадарку. Распараджаўся ўсёй калектыўнай маёмасцю такой сям’і яе галава, які разам з сямейным саветам вырашаў усе пытанні яе жыццядзейнасці. У вялікіх сем’ях строга выконваўся падзел працы паміж мужчынамі і жанчынамі. Адной з асаблівасцей такой сям’і была павага да старэйшых.

Пануючай формай сям’і ў беларускіх сялян у першай палове ХІХ ст. з’яўлялася малая сям’я, якая не была поўнасцю свабоднай ад патрыярхальных рыс вялікай сям’і, асабліва там, дзе муж і жонка жылі разам з бацькамі мужа. У гэтых сем’ях улада знаходзілася пераважна ў руках бацькоў мужа. Жонка часта цярпела прыдзіркі з боку свёкра і свякрухі. Не была жонка раўнапраўнай і з мужам.

Характэрнай асаблівасцю сялянскай сям’і з’яўлялася даволі ранняе далучэнне дзяцей да працы. З 7–8 гадоў хлопчыкі дапамагалі пасвіць скаціну, грэблі сена, баранавалі, выконвалі іншыя дапаможныя работы. Прыкладна з 15 гадоў падлеткаў вучылі араць, касіць, малаціць, рабіць саху, барану, сані, колы, бочкі, вёдры, міскі і г.д. Дзяўчынкі з 5 гадоў няньчылі малодшых дзяцей, некалькі пазней іх вучылі прасці, гатаваць ежу, выконваць розныя дамашнія работы. У 16 гадоў дзяўчаты ўмелі жаць, шыць, ткаць. Іх у гэтым узросце лічылі нявестамі, а выходзілі замуж звычайна ў 16–20 гадоў. Хлопец лічыўся жаніхом з 18 гадоў, а жаніўся ў 18–20 гадоў.

Большасць вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак у школе не вучыліся, яны заставаліся непісьменнымі людзьмі, якія не ўмелі чытаць і пісаць.

Характэрныя рысы побыту і ладу жыцця гарадскога і сельскага насельніцтва ў другой палове ХІХ ст. Развіццё капіталізму выклікала змены ў грамадскім і сямейным побыце беларускага народа. Аднак беднасць пераважнай часткі сялянства і захаванне феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў кансервавалі многія асаблівасці побыту, якія сфарміраваліся яшчэ ў дарэформенную эпоху.

Беларускія сёлы і вёскі ў ХІХ ст., як і раней, размяшчаліся ў цэнтры палявой тэрыторыі. Звычайна ў вёсцы была адна вуліца, паабапал якой размяшчаліся хаты і гаспадарчыя пабудовы.

У Віцебскай і Магілёўскай губернях была распаўсюджана вяночная забудова – тып сядзібы квадратнай або ўкарочана прамавугольнай формы. Бакі гэтага квадрата (прамавугольніка) забудоўваліся жыллёвымі і гаспадарчымі пабудовамі, прамежкі паміж якімі загароджваліся шчыльным плотам з бярвёнаў. У цэнтральнай і паўднёва-заходняй Беларусі пераважала так званая пагонная забудова, пры якой на вуліцу выходзіла жылая хата, а за ёю ў глыбіню сядзібы на дзесяткі метраў выцягваліся гаспадарчыя пабудовы. Сядзібы заможных гаспадароў перагароджваліся і ўнутры – на чысты двор і падворак для жывёлы.

Асноўным будаўнічым матэрыялам было дрэва. Пераважала рубка бярвёнаў у “просты” вугал, дах будавалі “закотам” (на бярвёны франтона ўкладвалі тоўстыя жэрдкі ўздоўж будынка або на “ключах”, калі жэрдкі абрашоткі навешваліся на верхняе падоўжанае бервяно даху). Разам з жылой хатай пад адным з ёй дахам ставіліся сенцы – неацепленае памяшканне.

У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. змяняецца тэхніка будаўніцтва. Пачынае ўжывацца замест “закота” кроквенная канструкцыя даху, бэлькавая канструкцыя столі, будуюцца драўляныя і мураваныя падмуркі, знікаюць вокны, у якіх замест шыб былі драўляныя засоўкі, курная печ змяняецца печчу з комінам, замест лучыны выкарыстоўваецца лямпа, узнікае драўляная падлога замест земляной. Дахі пабудоў па-ранейшаму пакрываюцца саломай.

Большасць сялянскага насельніцтва насіла саматканае адзенне з палатна (кашулі, фартухі і інш.), сукна і паўсукна (спадніцы – “андаракі”, штаны, верхняе адзенне). Толькі безрукаўку шылі звычайна з крамных тканін (атласу, бархату, шэрсці). Традыцыйнае адзенне з саматканага сукна, палатна, аўчыны захоўвала вядомыя ўсім усходнеславянскім народам старыя назвы – “світа”, “сярмяга”, “армяк”, “кажух”. Для мужчынскага і жаночага гарнітураў быў характэрны плецены або тканы пояс, адзенне ўпрыгожвалася вышыўкай. Ва ўсходняй частцы Беларусі насілі валяныя канічныя шапкі – “магеркі”. Для зімы рабіліся футравыя шапкі – “аблавухі” або высокія, цыліндрычнай формы “капузы”. У летні час у заходніх абласцях насілі шыракаполыя “капелюшы”, плеценыя з саломы. Пераважаў абутак, плецены з лыка (лапці) або пашыты з сырамятнай шкуры (пасталы).

Асноўнымі прадуктамі харчавання насельніцтва былі мука і крупы. Значнае месца займалі гародніна, грыбы, ягады. Мяса і малако ў асноўнай масы сялян у штодзённым харчаванні ўжываліся як прыправы і толькі па святах – як самастойныя стравы. З другой паловы ХІХ ст. у народнае харчаванне шырока ўводзіцца бульба, якая становіцца ў сялян другім хлебам. Звычайны чысты хлеб выпякаўся з прасеянай мукі без дамешак. У хаце бедняка ён быў рэдкі госць. Бедныя людзі ўжывалі хлеб з непрасеянай мукі і з мукі, якая малолася з зерня ўперамешку з мякінай. У галодныя гады да хлеба, акрамя бульбы (калі яна была), дадавалі кару, лісце раслін, тоўчаныя жалуды і г.д. Бедныя сяляне пастаянна недаядалі і ўжывалі ў ежу розныя сурагаты.

Развіццё капіталістычных адносін садзейнічала ломцы старых патрыярхальных асноў сямейнага побыту беларусаў. Разбуралася вялікая патрыярхальная сям’я. Асноўнай формай сялянскай сям’і станавілася малая сям’я ў складзе бацькоў, іх нежанатых дзяцей, аднаго жанатага сына ці замужняй дачкі, іх дзяцей.

Для сямейнага побыту характэрным было захаванне шматлікіх традыцый, звычаяў і абрадаў феадальнай эпохі. У іх ліку сямейныя святы і абрады – вяселле, радзіны, пахаванне. Вяселле спраўлялі восенню, пасля заканчэння палявых работ, і ў больш вольны зімовы час або да пачатку палявых работ вясной. Вясельны рытуал уключаў у сябе сватанне (“злюбіны”), заручыны (“змовіны”), вызначэнне “дружкоў” жаніха і “дружак” нявесты, “дзявочнік” у доме нявесты напярэдадні вяселля (дзяўчаты плялі вянкі і ставілі “елку”) і “парнішнік” у доме жаніха, “пасад” жаніха перад ад’ездам у дом нявесты (з яго пераадзяваннем, стрыжкай і прыпальваннем валасоў), “пасад” нявесты перад ад’ездам у дом жаніха (з расплятаннем касы нявесты і адзяваннем ёю чапца), сумесны “пасад” жаніха і нявесты ў доме нявесты, раздачу вясельнага каравая, пераадоленне перашкод, выплату сімвалічных выкупаў, абмен падарункамі, узаемныя жарты.

Асноўны сэнс абрада радзін быў звязаны з захаваннем здароўя дзіцяці, абаронай яго ад злых духаў. Пасля нараджэння дзіцяці адбываліся “адведкі”: у дом маці прыходзілі суседкі і прыносілі розныя пачастункі. Пасля выконваўся абрад хрышчэння дзіцяці ў царкве. “Кум” і “кума” неслі дзіця ў царкву, прымалі яго з рук бацюшкі і пасля выканання ім абраду хрышчэння вярталіся ў дом і перадавалі дзіця бацькам. “Кума” называлі “хрышчоным бацькам”, а “куму” – “хрышчонай маці”. У сям’і ўрачыста адзначаліся радзіны (“хрэсьбіны”). Бацькі запрашалі сваякоў, суседзяў, частавалі. Самымі ганаровымі гасцямі на хрэсьбінах былі бабка-павітуха, “кум” і “кума”. У час абрадавага пачастунку яны сядзелі ў чырвоным куце, на “покуці”.

Пахавальны абрад выконваўся з удзелам бацюшкі і царкоўным адпяваннем памёршага. Памінкі па нябожчыку наладжваліся ў дзень яго пахавання, а таксама на дзевяты і саракавы дзень пасля смерці і ў гадавіну смерці. Акрамя памінак па кожнаму нябожчыку, асобна былі агульныя памінкі па ўсіх памёршых сваяках – “дзяды”.

Разам з сямейнымі святамі і абрадамі ў беларускай вёсцы спраўлялі рэлігійныя святы – каляды, вялікдзень, сёмуху і іншыя, а таксама святы вытворча-аграрнага накірунку – першы выган жывёлы ў поле, зажынкі і дажынкі, збор садавіны (яблычны спас), заканчэнне меданоснага сезона (мядовы спас) і інш.

Некалькі іншым быў лад жыцця рабочых. Характэрным для іх грамадскага побыту з’яўляліся маёўкі, мітынгі, дэманстрацыі, а таксама стачкі і забастоўкі. У сямейным побыце рабочых было менш патрыярхальных традыцый, цыкл сямейных абрадаў быў значна прасцейшым. Для рабочага класа была характэрна толькі адна форма сям’і – малая сям’я. Ад малой сялянскай яна адрознівалася тым, што не з’яўлялася вытворчай ячэйкай, не была заснавана на прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці і амаль не зведвала ўздзеяння маёмасных адносін. Рабочыя юнакі і дзяўчаты мелі больш самастойнасці ў выбары мужа і жонкі. Траціў значэнне пасаг, які быў абавязковым для сельскай нявесты і які з’яўляўся сімвалам яе адноснай самастойнасці. Прымацтва, пашыранае ў вёсцы, у горадзе амаль не сустракалася. У рабочай сям’і назіралася больш раўнапраўя паміж яе членамі і перш-наперш паміж мужам і жонкай.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-13; Просмотров: 642; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.007 сек.