Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Вялікім княстве Літоўскім. 3 страница




Галоўным героем паэмы выступае зубр, які сімвалізуе сабой беларускую зямлю і яе жыхароў. Ён адначасна і пераможца і пераможаны, забойца і забіты. Ён - увасабленне пушчаў і долаў, рэк і балотаў, ён смерд і ён князь. Ён – «буй тур» Вітаўт. Звер набывае чалавечыя рысы: ён здольны быць пяшчотным і лагодным, лютым і неўтаймавальным. Ён – князь пушчы і яе валадар, аднак ён жа і яе спараджэнне. Ніводная жывёліна не можа параўнацца моцай, трываласцю і веліччу з зубрам. Ён вялікадушна адпускае з мірам таго, хто не падымае на яго зброю, і люта помсціць таму, хто ідзе на яго з мечам.

Цудоўным і непасціжным чынам у паэме пераплятаюцца зубр, князь і народ. “Песня пра зубра” – гэта гімн Беларусі, яе прыродзе, мужнай і прыгожай душы яе народа, вялікаму князю Вітаўту, які ўсе свае сілы аддаваў узмацненню магутнасці, незалежнасці і міжнароднаму аўтарытэту ВКЛ.

Пасля нечаканай смерці Вітэлія і Льва Х ад эпідэміі чумы ў 1522 годзе, Гусоўскі страціў магчымасць надрукаваць сваю паэму ў Вечным горадзе. Ён едзе ў Кракаў, дзе на сродкі вялікай княгіні Літоўскай і каралевы Польскай італьянкі Боны Сфорца ў 1523 годзе выдае адзіную прыжыццёвую кнігу, куды ўвайшлі “Песня пра зубра” і напісаныя ў Рыме вершы “Суцяшэнне”, “Да св.Себасцьяна”, а таксама паэмы “Новая і славутая перамога над туркамі”, “Жыццё і подзвіг св. Гіяцынта”.

Напісаная каля 500 год таму назад “Песня пра зубра” і сёння служыць каштоўнай крыніцай ведаў аб жыцці нашых продкаў і вучыць нашчадкаў патрыятызму, любові да Бацькаўшчыны.

Духу эпохі Адраджэння і Рэфармацыі цалкам адпавядае дзейнасць Сымона Буднага – выдатнага беларускага асветніка гуманіста, філосафа, сацыёлага, гісторыка, кнігадрукара і рэфарматара наступнага пакалення, які дастойна прадоўжыў і памножыў скарынінскія традыцыі. Нарадзіўся каля 1530 года, адукацыю атрымаў ў Кракаўскім універсітэце. Разам з Мікалаем Радзівілам Чорным адным з першых прыняў ідэі Рэфармацыі і стаў буйнейшым дзеячам гэтага руху на Беларусі. З 1558 г. выкладаў на беларускай мове катэхізіс – асновы рэфармацыйнага вучэння – для дзяцей і дарослых у пратэстанцкай школе Вільні, а ў 1560 годзе быў прызначаны прапаведнікам кальвінізму ў Клецку.

Разам з нясвіжскім старастам Мацеем Кавячынскім і кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнам Крышкоўскім пры фінансавай падтрымцы беларускіх магнатаў і дзяржаўных дзеячаў Астафея Валовіча і Мікалая Радзівіла Чорнага, Сымон Будны ў 1562 г. заснаваў у Нясвіжы адну з першых пасля Ф.Скарыны беларускую друкарню. Першым творам, што выйшаў тут, быў “Катэхізіс”, у якім Будны выклаў свае рэлігійна-філасофскія, палітычныя і педагагічныя погляды. Бачачы пагрозу паланізацыі, рашуча выступіў у абарону беларускай мовы: у прысвячэнні да “Катэхізісу” С.Будны звярнуўся да князёў Радзівілаў з пажаданнем не адмаўляцца ад яе, а захоўваць і шанаваць, як гэта рабілі іх продкі. У тым жа годзе тут быў надрукаваны яшчэ адзін беларускамоўны твор Буднага “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” і інш.

Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, Будны ў хуткім часе становіцца адным з ідэйных правадыроў беларускай Рэфармацыі і ўзначальвае яе радыкальную плынь – антытрынітарызм. Вядомыя яшчэ пад назвай як “літоўскія браты”, арыяне, яны выступалі супраць бальшыні царкоўных абрадаў і дагматаў, адмаўлялі Святую Троіцу, замагільнае жыццё і неўміручасць душы. І што вельмі важна, яны не абмяжоўвалі рэфармацыйны рух рэлігійна-палітычнымі лозунгамі, а патрабавалі сацыяльных пераўтварэнняў у грамадстве.

У другой палове 60-х гадоў С.Будны прыступае да перакладу Бібліі на польскую мову. Па прызнанню спецыялістаў, гэта быў адзін з самых дакладных перакладаў Бібліі ў свеце, бо ажыццяўляўся ён з арыгіналу, з старажытнаіўдзейскай мовы, якой Будны валодаў дасканала.

Пасля нечаканай смерці Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1565 г. С.Будны знаходзіць сабе новага апекуна і мецэната для сваёй дзейнасці, адзінаверца па рэлігійных поглядах беларускага магната Яна Кішку. Той ў сваім замку ў Лоску (каля Валожына) стварае друкарню і робіць Сымона Буднага яе паўнапраўным гаспадаром. Лоскі перыяд дзейнасці быў вельмі плённым: Будны тут выдаваў адну кнігу за другой. У 1574 г. ён надрукаваў свой пераклад новага запавету Бібліі з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, якія з’явіліся першай у сусветнай літаратуры спробай радыкальнай, рацыяналістычнай крытыкі евангельскіх кніг.

У лоскай друкарні былі выдадзены іншыя творы С.Буднага “ Аб дзвюх прыродах Хрыста”, “Супраць хрышчэння дзяцей”, “Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як бацька”, “Аб асновах хрысціянскай веры”, у якіх абагульніў свае рэлігійна – філософскія і сацыяльна – палітычныя погляды. Ён быў адным з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі, папярэднікам галанскага філосафа Б.Спінозы і ліберцінаў XVII – XVIII ст.ст.

Пяру С.Буднага належыць шмат палемічных трактатаў, самы значны з іх “Пра свецкую ўладу”, выдадзены ў 1583 г. У гэтым творы Будны выклаў сутнасць спрэчак паміж прадстаўнікамі дзвюх плыняў антытрынітарызму аб адносінах да феадальнага грамадства і дзяржавы.

Сымон Будны быў ідэолагам прагрэсіўна настроенай беларускай шляхты і гараджан. Не адмаўляючы тагачасныя грамадскія і дзяржаўныя асновы і саслоўна – класавую няроўнасць, Сымон Будны патрабаваў абмежавання феадальнага самавольства, указваў на неабходнасць пэўных зменаў і рэформ у жыцці грамадства, крытыкаваў безаконне, выступаў за справядлівасць правасуддзя і роўнасць усіх саслоўяў перад законам. Асновай закону ён лічыў хрысціянскую мараль у яе дэмакратычнай інтэрпрэтацыі, ён быў заступнікам верацярпімасці і інтэлектуальнай свабоды.

С.Будны абгрунтаваў свой палітычны ідэал – асветніцкую манархію, абмежаваную саслоўным прадстаўніцтвам на чале з асветным манархам, які павінен клапаціцца аб адукацыі простага народа і не шкадаваць сродкаў на будаўніцтва школ.

Цікавасць выклікаюць разважанні С.Буднага па праблемах вайны і міру. Ён асуджаў агрэсіўную палітыку феадалаў і лічыў, што для простага народа, для развіцця рамёстваў і гандлю, распаўсюджвання асветы патрэбен мір. Упершыню С.Будны выказаў адносіны да войнаў, падзяліўшы іх на справядлівыя і несправядлівыя.

С.Будны вёў барацьбу за асвету і пашырэнне ведаў у грамадстве, сцвярджаў нацыянальную годнасць славян, у тым ліку беларусаў, адзначаў іх багатыя і разнастайныя духоўныя традыцыі, неабходнасць развіцця беларускай культуры на роднай мове. Гэтыя ідэі сталі адным з фактараў станаўлення нацыянальнай свядомасці.

С.Будны быў адным з самых адукаваных філолагаў – гуманістаў, імя якога было шырока вядома ў многіх краінах Заходняй Еўропы. Апрача роднай беларускай мовы, ён выдатна валодаў лацінай, грэцкай, іўрытам, французкай, польскай, стараславянскай і інш., вёў перапіску з многімі еўрапейскімі дзеячамі. Ён быў прыхільнікам засваення культуры розных народаў, выступаў за супрацоўніцтва паміж славянамі і рэзка крытыкаваў праваслаўных дзеячаў, якія адмяжоўваліся ад здабыткаў заходнееўрапейскай навукі і асветы.

У гісторыі развіцця айчыннай грамадска-палітычнай думкі эпохі Адраджэння і Рэфармацыі побач з Будным значыцца і імя Васіля Цяпінскага (Амельяновіча), беларускага гуманіста і асветніка, пісьменніка, перакладчыка і кнігавыдаўца. Нарадзіўся каля 1540 года на полацкай зямлі ў сям’і дробнага гаспадарскага баярына. Ён меў некалькі радавых і набытых маёнткаў у Ашмянскім, Віленскім, Лідскім і Мінскім паветах. Прымаў удзел у Лівонскай вайне, служыў у падканцлера ВКЛ Астафея Валовіча.

В.Цяпінкі прадоўжыў гуманістычныя і культурна-асветніцкія традыцыі Ф.Скарыны, ідэйна і асабіста быў звязаны з Будным, падзяляў яго грамадска-палітычныя і рэлігійныя погляды, ад кальвінізму перайшоў да антытрынітарызму.

З творчай спадчыны Цяпінскага, на жаль, захавалася няшмат, але яна мела акрэслена патрыятычны, культурна -асветніцкі накірунак. Ахвяруючы ўласнымі сродкамі, ён распачаў пераклад Апостальскага Пісьма на беларускую мову, заклаў друкарню і пачаў выдаваць у ёй новы запавет. Яму належыць першы пераклад на беларускую мову Евангелля (ад Матфея, ад Марка і, часткова, ад Лукі). Прадмову да гэтага выдання напісаў Цяпінскі, у якой ён піша аб сваім высокім прызначэнні служыць беларускаму народу. З абурэннем згадвае пра занядбанне беларускім духавенствам роднай мовы, яго абыякавасць да надзённых патрэб краіны. Ён на поўны голас заявіў пра неабходнасць развіцця навукі, літаратуры, культуры на матчынай мове, заклікаў пашыраць на ёй слова Божае. Цяпінскі лічыў неабходным адкрываць новыя школы не на латыні ці польскай, а на беларускай мове, дастаткова багатай для выкарыстання яе ў навучальных установах. Такія школы, на яго думку, павінны адпавядаць усебаковаму развіццю чалавека, “для лепшого разсудку”.

Акрамя вышэй названых дзеячаў Адраджэння і Рэфармацыі, асветай і адукацыяй на Беларусі займаліся Андрэй Волан, Міхалон Ліцвін, ФаўстСоцын і іншыя, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай грамадскай думкі. Як вядома, цяга да ведаў здаўна была ўласціва нашым продкам. Акрамя манастырскай адукацыі, у XV–XVI ст. ст. пачалі стварацца свецкія школы ў маёнтках буйных феадалаў, дзе вучыліся не толькі дзеці магнатаў, але і найбольш здольныя сярод залежных сялян. Пашыралася навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавучкамі, якіх тады называлі “майстрамі граматы” або “дырэктарамі”. Курс навучання абмяжоўваўся элементарнымі ведамі.

Як згадвалася вышэй, значныя змены ва ўсіх сферах жыцця адбыліся на Беларусі пад уплывам гуманістычнага і рэфармацыйнага руху. У гэты час важную ролю ў развіцці асветы і адукацыі адыгралі так званыя брацкія школы. Іх адкрывалі брацтвы – рэлігійныя і культурныя дабрачынныя аб’яднанні гарадскога насельніцтва якой-небудзь канфесіі – пратэстанцкія, праваслаўныя, каталіцкія, пазней уніяцкія. Найбольш распаўсюджанай была дзейнасць пратэстанцкіх і праваслаўных брацкіх школ. Яны існавалі ў многіх гарадах і мястэчках Беларусі.

Дзейнасць гэтых школ кантралявалі прызначаныя брацтвамі “дазорцы школьныя”. На чале школы стаяў рэктар, які прызначаўся брацтвам. Настаўнікі (дыдаскалы ці бакаляры) выбіраліся на сходзе брацтва. Агульнасаслоўныя школы мелі 3-5 класаў. Для пачатковага навучэння карысталіся Псалтыром, азбукай і букваром. Пасля гэтага вучні пераходзілі да вывучання сямі вольных навук: “трывіўма”(граматыка, рыторыка, дыялекцыя) і “квадрывіўма” (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). Апрача старажытных, вывучаліся беларуская і польская мовы. У пратэстанцкіх школах выкладалася багаслоўе, царкоўныя спевы, латынь, старагрэчаская, родная мова, рыторыка, гісторыя, матэматыка.

Выкарыстоўвалася групавая, або класная, урочная сістэма вучобы, у якой існаваў катэхізісны метад навучання, пабудаваны на пытаннях і адказах. У кожнай школе існаваў хор. Кожная школа мела свой статут, які вызначаў змест і арганізацыю навучання, рэгламентаваў паводзіны настаўнікаў, як у школе, так і па-за школай. Настаўнікамі у брацкіх шкалах былі многія вучоныя, грамадскія дзеячы, асветнікі, аўтары школьных падручнікаў – Сымон Будны, Стэфан і Лаўрэнцій Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі, пазней – Сімяон Полацкі і іншыя.

Развіццё брацкіх школ прывяло да неабходнасці стварэння адпаведных падручнікаў для навучання грамаце, пісьму, чытанню, якімі сталі працы братоў Зізаніяў, М.Сматрыцкага, буквары С.Собаля, У.Турцэвіча і інш. Беларускія друкарні масавым тыражом выпускалі школьныя падручнікі. Такім чынам, значны ўплыў на развіццё адукацыі і асветы ў XVI ст. аказвалі брацкія школы.

Абагульняючы вышэй сказанае, можна прыйсці да высновы, што ў эпоху Вялікага княства Літоўскага беларускі народ па ўзроўні развіцця культуры ніколькі не саступаў сваім суседзям. Запазычваючы штосьці каштоўнае ад іх, ён і сам быў у стане падзяліцца не менш вартым духоўным скарбам. Творча пераймаючы чужое, ён высока цаніў сваё, таму ўсялякія кантакты не пахіснулі самабытнасці беларускай культуры.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 737; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.014 сек.