Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Палітычнае жыццё краін Паўночнай Еўропы ў другой палове 1970-х – 2010-х гг




Эканамічнае развіццё краін Паўночнай Еўропы ў 1980-х - 2000-х гг. Станаўленне і развіццё постіндустрыяльнай эканомікі. Удзел у еўрапейскай інтэграцыі. Эканамічныя крызіс 2008-2009 гг.

Пасля пераадолення структурных крызісаў 1970-х - пачатку 1980-х гг. эканоміка краін Паўночнай Еўропы перажывала зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту, паскорыліся інфляцыйныя працэсы, абвастрыліся бюджэтныя праблемы. Тым не менш, прырост ВУП усё роўна перавышаў сярэднееўрапейскі паказчык. У адрозненне ад астатняй Заходняй Еўропы па-ранейшаму на нізкім узроўні трымалася беспрацоўе.

Напачатку 1990-х гг. краіны рэгіёну зведалі эканамічны крызіс. Для Швецыі ён аказаўся самым балючы пасля дэпрэсіі пачатку 1930-х гг. У прамежак часу паміж 1990 і 1993 гг. ВВП Швецыі знізіўся на 5%, а колькасць працоўных месцаў на 10%. Для экспартна-арыентаванай краіны сітуацыя ўскладнялася тым, што і ў свеце назіраўся эканамічны спад. У 1992-1993 гг. па Швецыі ўдарыў фінансавы крызіс.

Да гэтага часу шведская эканамічная мадэль забяспечвала ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Аднак новыя ўмовы сусветнага развіцця, паскарэнне працэсаў глабалізацыі міжнароднай канкурэнцыі спарадзілі напрыканцы ХХ ст. шэраг прынцыповых праблемаў: немагчымасць спалучэння поўнай занятасці насельніцтва і падтрымання стабільнасці цэн, захавання ў нязменным выглядзе сацыяльных гарантыяў і г.д. Карэннае абнаўленне патрабавалася і ў святле ўступлення Швецыі ў постіндустрыяльную стадыю развіцця.

Сацыял-дэмакраты ў 1990-я гг. пайшлі на маштабную мадэрнізацыю краіны. У выніку сацыяльная палітыка дзяржавы пачынае губляць чыста пераразмеркавальны характар. Дзяржаўная манаполія ў сферы сацыяльных паслуг змянілася шматукладнасцю. Быў узяты курс на прыватызацыю дзяржаўнай уласнасці, развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы і канкурэнцыі, скарачэнне падатковага цяжару для вытворцаў. Прыярытэтнымі сталі: стварэнне развітой транспартнай ды інфармацыйнай інфраструктуры; пераўтварэнне сістэмы адукацыі для забеспячэння мэтаў постіндустрыяльнага інавацыйнага развіцця; стымуляванне навукова-тэхнічных распрацовак дзеля правядзенне бесперапыннай палітыкі мадэрнізацыі..

У выніку ўжо з канца 1993 г. Швецыя ўступае ў фазу росту: да 2000 г. яе ВВП штогод прырастала ў сярэднім на 3,2%. Акрамя таго, назіралася павелічэнне аб'ёму экспарту, а, значыць, і ўмацаванне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Быў наведзены парадак у дзяржаўных фінансах, палепшаныя ўмовы прадпрымальніцкай і адукацыйнай дзейнасці, створаныя магутныя галіны інфармацыйных тэхналогіяў і тэлекамунікацый.

Яшчэ горшым пачатак 1990-х гг. аказаўся для Фінляндыі. Пасля структурных крызісаў 1970-х – пачатку 1980х- гг. назіраўся значны рост грамадскіх выдаткаў. Ішлі яны не на інвестыцыі ў вытворчасць, а галоўным чынам на спажыванне, у тым ліку праз танныя крэдыты – на адукацыю, сацыяльныя патрэбы і г.д. Рэальная вытворчасць не паспявала за выдаткамі: яны ў 1980-я гг. удвая перавышалі рост ВНП. Вельмі прывабнымі становяцца біржавыя спекуляцыі – у краіне настае росквіт г.зв. "казіно-эканомікі".

Прычым, адбывалася ўсё гэта на фоне не самага спрыяльнага фону. У другой палове 1980-х гг. у СССР адбывалася імклівае падзенне тэмпаў вытворчасці, пагаршаўся дабрабыт савецкага насельніцтва, а значыць скарачаўся фінляндска-савецкі двухбаковы гандаль. У 1985 г. экспарт у СССР складаў 20% сукупнага экспарту Фінляндыі, але ў 1988 г. – ужо 15%, а ў 1991 г. – толькі 10%. Гэта скране негатыўна ўплывала на фінляндскую эканоміку: быў парушаны знешнегандлёвы баланс, узрасла знешняя запазычанасць, пачалося скарачэнне прамысловай вытворчасці. Узрастальныя фінансавыя цяжкасці Фінляндыі пагаршаліся з-за значнага росту экспарту капіталу, які напрыканцы 1980-х гг. у чатыры разы перавышаў замежныя капіталаўкладанні ў эканоміку Фінляндыі.

Дзяржава рабіла даўгі гэткімі тэмпамі, што неўзабаве яе фінансавых магчымасцяў аказалася недастаткова, каб утрымліваць дзяржаву "ўсеагульнага дабрабыту" паўночнаеўрапейскіх стандартаў. Напачатку 1990-х гг. "казіно-эканоміка" рухнула, пачаўся эканамічны спад. У 1991 г. ВНП скараціўся на 6,5%, а аб'ём прамысловай вытворчасці – нават на 10%. Наступіў банкаўскі крызіс, па краіне пракацілася хваля банкруцтваў. Адбываецца рост беспрацоўя: у 1993 г. яна дасягнула паўмільённага рубяжу або 20% працоўнай сілы краіны. Эканамічны спад у Фінляндыі працягваўся ўсю першую палову 1990-х гг.

Эканамічныя праблемы, з якімі напачатку 1990-х гг. сутыкнуліся Швецыя і Фінляндыя, а таксама глабальныя геапалітычныя зрухі мяжы 1980-1990-х гг. абумовілі новы рост іх зацікаўленасці ва ўдзеле ў еўрапейскай эканамічнай і палітычнай інтэграцыі. У 1995 г. гэтыя краіны далучыліся да ЕС. Нарвежцы у другі раз сказалі інтэграцыі "не". Удзел у ЕС у цэлым станоўча адбіўся на эканамічным развіцці краін-членаў з паўночнаеўрапейскага рэгіёну.

Пасля не надта ўдалага пачатку новага тысячагоддзя з 2004 па 2007 гг. эканоміка краін Паўночнай Еўропы стала ізноў развівацца хуткімі тэмпамі. У асабліва спрыяльных умовах апынулася Нарвегія. Высокія кошты на нафту сталі важнейшым стымулам для агульнага эканамічнага росту і выдатнай базай для далейшага росту дабрабыту яе насельніцтва. Хутка – ад 10% да 13% у год – рос шведскі экспарт. Дынамічнае развіццё дацкай эканомікі дазволіла да 2005 г. збіць беспрацоўе да ўзроўню ніжэй за 5%, чаго не назіралася з сярэдзіны 1970-х гг. Не горшай была і сітуацыя ў эканоміцы Фінляндыі. Хуткімі тэмпамі павялічваўся экспарт (каля 5% у год). Асабліва высокім попытам карысталася прадукцыя фінскай тэлекамунікацыйнай і электроннай галінаў. На гэтыя галіны на чале з кампаніяй Nokia прыпадала каля чвэрці ўсёй вартасці экспарту краіны.

Становішча рэзка пагоршылася восенню 2008 г. Эканамічны крызіс 2008-2009 гг. стаў для большасці краін рэгіёну нашмат горшым, чым структурны крызіс 1970-х – пачатку 1980-х гг. альбо спад пачатку 1990-х гг. Напрыклад, у шведскі экспарт упаў у 2009 г. на 12,5%, да небывалага ўзроўню (8%) падскочыла беспрацоўе. У яшчэ горшым становішчы апынулася эканоміка Фінляндыі. У 2009 г. яе экспарт і прамысловая вытворчасць скараціліся адпаведна на 20 і 21%, прычым скарачэнне экспарту аказалася самым буйным у еўразоне.

Аднак сапраўды катастрафічныя маштабы гэты эканамічны крызіс набывае ў Ісландыі. Да 2008 г. яна знаходзілася ўліку самых эканамічна развітых дзяржаў свету. Нездарма ў 2007 г Ісландыя была прызнаная ААН найлепшай краінай для жыцця ў свеце. Глабальнае значэнне набывае банкаўскі сектар краіны: толькі чатыры банкі гэтай краіны акумулявалі каля $140 млрд. (пры ВНП Ісландыі на 2007 г. на ўзроўні $7,5 млрд.) Аднак фінансавы крах трох буйнейшых ісландскіх банкаў паставіў Ісландыю на мяжу банкруцтва і закрануў усе сферы яе эканомікі. Адносна памераў эканомікі краіны гэты крызіс лічыцца адной з буйнейшых эканамічных катастрофаў у гісторыі. Не пераадолены ён і да сённяшняга дня. Крызіс як ніколі раней востра паставіў пытанне пра самадастатковасць Ісландыі і яе эканомікі ў свеце і ў ліпені 2009 г. урад краіны накіраваў заяўку на ўступленне ў ЕС.

У найменшай ступені сусветны эканамічны крызіс 2008-2009 гг. закрануў Нарвегію. Адбылося некаторая зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту, а па выніках 2009 г. на 1,4% скараціўся ВНП. Немалаважным фактарам, што абумовіў трываласць нарвежскай эканомікі стаў прыкметны рост экспарту нафты і газу, а таксама буйныя інвестыцыі ў гэты сектар. І хаця небывалага за апошнія 20 гадоў ўзроўню дасягнула беспрацоўе, яго нарвежскія лічбы – 3-3,5% ад эканамічна актыўнага насельніцтва – і для рэгіёну, і тым больш для ўсяго кантыненту выглядалі проста зайздросна.

Швецыя пацярпела ад эканамічнага крызісу мацней, чым многія іншыя краіны. Ізноў праявілася моцная залежнасць Швецыі ад знешніх рынкаў. Падзенне экспарту аказалася нават большым, чым напачатку 1990-х гг. і склала каля 12,5%. У 2009 г. ВУП краіны знізілася на 5%. Адбыўся небывалы рост беспрацоўя, якое да канца 2010 г. дасягнула 8,5%. Тым не менш, ужо ў 2010 г. адбылося яўнае ажыўленне эканомікі. Яе рост за гэты год склаў каля 5% - адзін з найлепшых паказчыкаў сярод заходнееўрапейскіх краін.

Унутрыпалітычнае развіццё краін Паўночнай Еўропы ў апошняй чвэрці ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя характарызавалася значнай пераемнасцю з папярэднім перыядам. Гэта датычылася і рэгіёну ў цэлым, і яго асобных дзяржаў. Па-ранейшаму дамінавалі нязначная палярызаванасць палітычных сіл, іх схільнасць да кампрамісаў; стабільнасць палітычных сістэмаў і адносная ўстойлівасць урадаў.

Аднак складванне і развіццё постіндустрыяльнага грамадства не маглі не абумовіць некаторых істотных зрухаў. Індустрыяльная эпоха з колькаснай перавагай рабочага класу ва ўмовах усеагульнага выбарчага права і дэмакратычнай палітычнай сістэмы стваралі ідэальныя ўмовы для палітычнага панавання сацыял-дэмакратычных партыяў. Змены сацыяльнай структуры насельніцтва, змяншэнне актуальнасці традыцыйных ідэалогіяў, рост экалагічнай свядомасці, наступленне эры інфармацыйных тэхналогіяў ды Інтэрнэту, актывізацыя міграцыйных працэсаў, інтэграцыя і глабалізацыі, а, галоўнае, агульнае паскарэнне тэмпаў гістарычнага развіцця абумоўліваюць значныя змены палітычных перавагаў і прыхільнасцяў насельніцтва краін Паўночнай Еўропы.

Напрыклад, сацыял-дэмакраты Швецыі, Даніі, Нарвегіі і па-ранейшаму ўтрымліваюць лідарскія пазіцыі ў палітычным жыцці сваіх краінаў, аднак апошнім часам пра дзесяцігоддзі бесперапыннага знаходжання пры ўладзе, як у папярэдні гістарычны адрэзак часу, яны могуць толькі марыць.

У Швецыі з 1976 г. адбываецца пастаяннае чаргаванне пры ўладзе СДРПШ і правацэнтрысцкіх кааліцыяў. Сацыял-дэмакраты мелі ўрады меншасці ў 1982-1991 і 1994-2006 гг. Першы з гэтых урадаў узначальваў адзін з найбольш яркіх палітыкаў Швецыі ўсяго пасляваеннага часу, выдатны дзеяч міжнароднага сацыялістычнага руху Улаф Пальмэ (1982-1986). Яго жыццё трагічна абарвалася ў 1986 г. у выніку тэрарыстычнага акту, здзейсненага дагэтуль дакладна не выяўленымі замежнымі сіламі. Гэтае палітычнае забойства стала ў мірнай і спакойнай Швецыі першым за амаль два стагоддзі (у далёкім 1792 г. змоўшчыкамі быў забіты кароль Густаў ІІІ).

Апаненты СДРПШ трымалі ўладу з 1976 па 1982 (кааліцыя ПЦ-УКП-НКП і аднапартыйны ўрад меншасці НКП), з 1991 па 1994 (УКП-ПЦ-НКП-ХДП). Апошнія два ўрады фармуе гэтая ж чатырохпартыйная кааліцыя, што выступае пад назвай "Альянс за Швецыю", на чале з дзеючым прэм'ер-міністрам гэтай краіны Фрэдрыкам Райнфельтам (2006 –).

Сярод новых палітычных сілаў апошнім часам гучна заявіла аб сабе Пірацкая партыя (ПП) (заснавана ў 2006 г.), якая выступае супраць існуючага заканадаўства ў галіне інтэлектуальнай уласнасці, патэнтаў, копірайта і за няўдзел Швецыі ў міжнародных арганізацыях па абароне аўтарскіх правоў. Прычым, ПП не выступае супраць аўтарскіх правоў увогуле, а толькі хоча дазволіць неабмежаваны некамерцыйны абмен аб'ектамі аўтарскіх правоў, захоўваючы пры гэтым забарону на камерцыйны. Акрамя таго, партыя адстойвае прыватнасць ў сетцы Інтэрнэт і ў штодзённым жыцці. На выбарах 2009 г. у Еўрапарламент Пірацкая партыя здабыла 7,1% галасоў шведскіх выбаршчыкаў і заваявала ганаровае 4-е месца! Поспех гэтай партыі выклікаў да жыцця цэлы шэраг падобных арганізацыяў па ўсёй Еўропе і за яе межамі. Неўзабаве ПП стала адной з сузаснавальніц "Пірацкага інтэрнацыяналу".

Чаргаванне пры ўладзе сацыял-дэмакратаў і правацэнтрысцкіх кааліцыяў таксама было характэрнае і для Нарвегіі. Тут урадавая ратацыя здаралася часцей, чым у Швецыі. У Нарвежская рабочая партыя (НРП) аказвалася ў апазіцыі 4 разы: у 1981-1986, 1989-1990, 1997-2000, 2001-2005 гг. Звяртае на сябе той факт, што найбольш паспяховым палітыкам гэтага перыяду стала жанчына, лідар сацыял-дэмакратаў Гру Харлем Брунтланд. Яна тройчы ўзначальвала ўрад – у 1981, 1986-1989 і 1990-1996 гг. Як і раней, галоўнымі канкурэнтамі на нацыянальнай палітычнай арэне заставаліся хёйрэ (кансерватары), венстрэ (лібералы) і хрысціянскія дэмакраты.

У 2005 г. да ўлады прыйшоў "чырвона-зялёны" кааліцыйны ўрад на чале з Енсам Столтэнбергам (2005 –) у складзе НРП, ПЦ (аграрыі) і Сацыялістычнай левай партыі. Яго адметнасць палягае ў тым, што ўпершыню з 1945 г. для атрымання ўлады НРП была вымушаная пайсці на стварэнне кааліцыі.

У Даніі пазіцыі сацыял-дэмакратаў аказаліся адносна слабейшымі. Таму ў гэтай краіне ўрадавая ратацыя як правіла адбывалася не паміж правацэнтрысцкімі кааліцыямі і СДПД, а паміж правацэнтрыстамі і левацэнтрысцкімі кааліцыямі на чале з сацыял-дэмакратамі. З 1975 па 1982 і з 1993 па 2001 гг. пасаду прэм'ер-міністра займалі лідары СДПД, з 1982 па 1993 гг. - кансерватар, а з 2001 г. - прадстаўнікі партыі венстрэ. З 1982 г., калі сацыял-дэмакратам пашчасціла ўтварыць аднапартыйны ўрад меншасці, усе дацкія ўрады – кааліцыйныя.

Спецыфіка палітычнай барацьбы ў Фінляндыі заключаецца ў тым, што акрамя парламенцкіх выбараў арэнай актыўнай палітычнай барацьбы з'яўляюцца прэзідэнцкія выбары. У 1982 г. скончылася фенаменальна працяглае для дэмакратычнай краіны 26-гадовае прэзідэнцтва У.К. Кеканена. Новым прэзідэнтам быў абраны сацыял-дэмакрат (упершыню ў гісторыі) Маўна Хенрык Койвіста (1982-1994).

Ужо з 1988 г. фіны пачалі адмаўляцца ад абрання галавы дзяржавы калегіяй выбаршчыкаў: да яе можна было звярнуцца толькі ў тым выпадку, калі ў першым туры ніводны з кандыдатаў не набіраў абсалютную большасць галасоў выбаршчыкаў (50%+1 голас). З 1994 г. сталі праводзіцца прамыя прэзідэнцкія выбары. Першым прэзідэнтам абраным гэтым самым дэмакратычным спосабам стаў выбітны прафесійны дыпламат з сусветнай вядомасцю, член СДПФ з 1993 г.(!) Марці Ахцісаары (1994-2000). У 2000 г. галавой рэспублікі быў абраны яшчэ адзін сацыял-дэмакрат – першая жанчына на пасадзе прэзідэнта Фінляндыі – Тар'я Халанен (2000 –).

Поўная перавага кандыдатаў ад сацыял-дэмакратычнай партыі на прэзідэнцкіх выбарах у Фінляндыі апошніх дзесяцігоддзяў зусім не сведчыць пра дамінаванне СДПФ на нацыянальнай палітычнай арэне. Толькі на парламенцкіх выбарах 1983 і 1995 гг. партыя набірала больш чвэрці галасоў выбаршчыкаў. У пачатку ХХІ ст. сацыял-дэмакраты страцілі нацыянальнае лідэрства: у 2003 і 2007 гг. адносную большасць галасоў выбаршчыкаў атрымала Партыя цэнтру (адпаведна 24,7 і 23%), а ў 2011 г. – Нацыянальна-кааліцыйная партыя (20,5%).

Апошнія парламенцкія выбары прынеслі агульнаеўрапейскую сенсацыю. Першае і другое месца дасталася традыцыйным фаварытам – НКП і СДПФ (20,1%). Але трэцяй стала маладая (заснавана ў 1995 г.) партыя "Сапраўдныя фіны" – 20,1% і толькі на паўтысячы галасоў меней за сацыял-дэмакратаў (на папярэдніх выбарах было толькі 4%). Падобны зыход стаў адказам амаль пятай часткі фінскіх выбаршчыкаў на пашырэнне ЕС і крах палітыкі мультыкультуралізму ў Заходняй Еўропе.

Гэтая нацыяналістычная і папулісцкая партыя крытычна ставіцца да ЕС і НАТО, паколькі лічыць, што фіны маюць усе магчымасці для таго, каб не залежаць ад вонкавых уплываў і самастойна забяспечваць свой дабрабыт (пры гэтым не забяспечваючы чужы – дабрабыт жыхароў бедных краін Еўрасаюзу). "Сапраўдныя фіны" лічаць неабходным скараціць прыток мігрантаў у краіну і абмежаваць іміграцыю, а для дапушчаных у краіну прадугледжваецца паскораная адаптацыя праз пазбаўленне фінансавай падтрымкі на захаванне іх культуры.

Спакойнае і даволі прадказальнае палітычнае жыццё Ісландыі з больш як паўвекавым дамінаваннем Партыі незалежнасці скончылася ў 2009 г. у выніку разбуральнага сусветнага фінансавага крызісу 2008-2009 гг. Фінансавая і эканамічная катастрофа прывяла да ўнутрыпалітычнага крызісу і адстаўкі ўраду. Галоўныя палітычныя спрэчкі паміж асноўнымі палітычнымі сіламі зараз разгортваюцца вакол магчымасці і самой неабходнасці кампенсацыі Ісландыяй замежным укладчыкам грошай, якія яны страцілі ў выніку краху вядучых банкаў краіны. Ісландцы ўжо двойчы выказваліся супраць гэтага на рэферэндумах 2010 і 2011 гг.

Адметнай рысай грамадска-палітычнага жыцця краін Паўночнай Еўропы з'яўляецца актыўны ўдзел у ім жанчын. У Нарвегіі, Ісландыі і Фінляндыі жанчыны ўжо ўзначальвалі ўрады, а ў апошняй у 2003 і з 2010 г. у прадстаўніц "слабага" полу – абедзве вышэйшыя пасады ў рэспубліцы – прэзідэнцкая і прэм'ер-міністра. Нямала жанчын уваходзіла і ўваходзіць ва ўрад, засядае ў парламентах. Па долі жанчын у дэпутацкім корпусе Швецыя, Данія, Нарвегія і Фінляндыя займаюць 4 першыя месцы ў свеце. Напрыклад, у рыксдагу 2002 г. абрання жанчыны складалі 47%, а ў фінляндскай эдускунце ўзору 2011 г. - 42,5%.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 635; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.022 сек.